МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Iгнат Дварчанiн як драматычная постаць на скрыжаваннi палiтычных i культурных шляхоў // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Пяткевiч Аляксей
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Аляксей Пяткевіч (Гродна)

Ігнат Дварчанін як драматычная постаць на скрыжаванні палітычных і культурных шляхоў

Буйныя беларускія постаці заўсёды былі драматычнымі. Гісторыя ўчыніла з зямлі Беларусі пляцоўку для няспынных ваенна-палітычных і грамадска-культурных сутычак усходніх і заходніх суседзяў. У гэтых сутычках знішчаліся нашы нацыянальныя каштоўнасці. Тут супрацьдзейнічалі розныя ідэалагічныя інтарэсы, абгрунтоўваліся агрэсіўныя прэтэнзіі на духоўную і матэрыяльную спадчыну Беларусі. Натуральна, што людзі, якія тут узрасталі, нярэдка кіраваліся на чужыя палітычныя ці культурныя гоні, дзе ўзрасталі дзеля патрэб іншага народа, якому служылі, бывала, усё жыццё. Тыя ж з сыноў і дачок Беларускага краю, што імкнуліся працаваць на яго карысць, не маглі не быць уцягнутымі ў ідэалагічныя бойкі паміж Захадам і Усходам за права валодаць Беларуссю і ў выніку рабіліся іх ахвярамі.

Людзі культуры непазбежна фармаваліся як дзеячы палітыкі і культурныя, асветныя пачыны вымушаны былі, на жаль, выкарыстоўваць у палітычных мэтах. У новы перыяд нашай гісторыі, асабліва ў XX ст., такая роля прыходзіцца на долю ўсёй, па сутнасці, патрыятычнай інтэлігенцыі. Вельмі паказальная тут першая палова стагоддзя. Хто з людзей нацыянальнай культуры не спрычыніўся тады да дзейнасці БСГ, працы Усебеларускага кангрэса, абвяшчэння БНР і БССР, правядзення палітыкі беларусізацыі ў савецкай Беларусі, выбараў у польскі Сейм у Заходняй Беларусі, дзейнасці там КПЗБ і хрысціянскай дэмакратыі?!

Толькі ўлічыўшы названы фактар, можна зразумець трывожны свет і напружаны пульс жыцця аднаго з самых выдатных дзеячаў беларускай культуры і аднаго з самых значных беларускіх палітыкаў гэтае пары — Ігната Дварчаніна (1895-1937), зразумець яго ідэйныя пошукі, яго звілісты лёс. Беларускі філосаф, літаратуразнавец, педагог, паэт, выдавец, перакладчык, пасол Сейма, ён жыў шырокімі духоўнымі інтарэсамі, але лінію свайго жыцця вьшрацоўваў адзіную, мэтанакіраваную. Яна вывяралася беларускай нацыянальнай ідэяй, патрыятычным служэннем бацькаўшчыне. Рэалізацыя ж беларускай ідэі ў тагачасных канкрэтных умовах жыцця непазбежна вяла яго, як, зрэшты, і яго саратнікаў, аднадумцаў, да самых цяжкіх вьшрабаванняў.

І.Дварчанін вырас у тьшовай беларускай сялянскай сям'і, мнагадзетнай і працавітай. Пачуццё беларускасці было тут натуральнай праявай народнай культуры, часцінкай маральна-этычных законаў жыцця, што вьшрацоўваліся пакаленнямі. I можна з упэўненасцю меркаваць, што ранняя маладосць, калі ён настаўнічаў у пачатковай школе ў сваіх мясцінах, праходзіў курс у ваеннай вучэльні, знаходзіўся на фронце Першай сусветнай вайны, маладосць гэтая захоўвала як жыццядзейную сваю аснову пачуццё вышэйшай каштоўнасці роднага. Гэтае пачуццё і прывяло пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Мінск, дзе ўжо віраваў нацыянальны pyx i выношваліся планы ажыццяўлення дзяржаўнай незалежнасці. Характэрна, што І.Дварчанін досыць хутка вылучаецца тут як актыўная постаць беларускага руху. Тады ж у газетах "Вольная Беларусь", "Беларуская Рада" з'яўляюцца яго першыя вершы, рамантычна гарачыя, нацыянальна-прапаведніцкія. Ён працуе сярод вайскоўцаў як сябра Беларускай вайсковай Рады, удзелыгічае ў з'ездзе БСГ, у падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага кангрэса. У 1918-м становіцца сябрам Партыі беларускіх эсэраў. Апошні крок быў вельмі лагічны і разам з тым этапны для Дварчаніна: ён ступаў на дарогу палітычнай дзейнасці і звязваў свой лёс менавіта з Партыяй беларускіх эсэраў, для якой заваёва нацыянальнай дзяржаўнасці была вядучым праграмным патрабаваннем.

Неўзабаве І.Дварчанін — у Маскве, у культурна-асветным аддзеле Белнацкама, куды асабіста быў запрошаны А.Чарвяковым. Ці стаўся гэты нядоўгі, паўгадовы адрэзак яго грамадскай працы натуральным працягам ужо вызначанай лініі жыцця? Увогуле так. Белнацкам, хоць і ў кантэксце савецкай пралетарскай палітыкі, у адміністратыўным складзе савецкай Расіі, усё ж бараніў інтарэсы беларускага насельніцтва, праводзіў нацыянальную культурна-асветную работу сярод беларусаў, падтрымліваў іх нацыянальныя імкненні. I нядаўні беларускі настаўнік і афіцэр-франтавік энергічна ўзяўся за справу. Але хутка ён пакінуў Маскву, накіраваўся дамоў. Былі для гэтага і асабістыя прычыны, і спрыяльныя перамены на фронце. Але, напэўна, не ў іх галоўнае. Клікала родная зямля, праца дзеля яе адраджэння. У 1919 г. І.Дварчанін стварае ў бацькоўскіх мясцінах, на Дзятлаўшчыне, беларускія школы, культурна-асветныя гурткі, за што польскія ўлады заганяюць яго ў спецлагер у Беластоку. Адсюль удалося вырвацца, і ў 1920 г. Дварчанін зноў у Мінску, які быў ужо пад савецкай уладай. Але ў тым жа годзе, ранняй восенню, пакідае Мінск і пешшу прыходзіць у Вільню, якая ўваходзіла тады ў склад Літвы. На першы погляд — дзіўныя зігзагі лёсу. Аднак вяртанне ў савецкі Мінск было звязана з надзеямі на самавызначэнне нацый, што дэкларавалася бальшавіцкімі праграмамі. Для Дварчаніна, беларускага адраджэнца, не існавала больш актуальных пытанняў, чым пытанне нацыянальнай волі. Але ў Мінску ён вымушаны быў расчаравацца ў сваіх спадзяваннях на высакароднае вырашэнне Саветамі нацыянальнага пытання. Малады заходнебеларускі інтэлігент зразумеў, што месца яго не ў савецкай Беларусі.

З тае пары Вільня, гэты магутны кандэнсатар вызваленчага руху і нацыянальнай культуры краю, становіцца для Дварчаніна надзейным апірышчам у яго творчых і патрыятычных справах. Тут ён заканчвае экстэрнам беларускую гімназію, адсюль едзе ў Прагу, дзе вучыцца на філасофскім факультэце Карлава універсітэта.

Пражскі перыяд (1921-1926) быў той творчай светлай парой, калі духоўныя сілы былі сама на ўздыме, калі рыхтавалася і абаранялася доктарская дысертацыя, калі складалася "Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры", прызначаная для сярэдніх школ, калі выдаваўся часопіс "Перавясла", друкаваліся публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, вершы, нярэдка адрасаваныя непасрэдна моладзі Заходняй Беларусі.

Прывет вам з Залатое Прагі Пад гоман светлае вясны, Што паднялі штандар адвагі Між бруду, здзеку і маны.1

Дысертацыя І.Дварчаніна, прысвечаная Ф.Скарыне, пісалася не як акадэмічнае даследаванне, а як палемічны патрыятычна-асветніцкі трактат, скіраваны ў сучаснасць. "Аўтар бачыў у друкары, перакладчыку, пісьменніку, таксама лекары шаснаццатага стагоддзя таго чалавека і беларуса, які быў адкрыты для сусветнай культуры і ахвярна працаваў над развіццём уласнага народу", — піша Е.Тамашэўскі2. Toe ж заўважае іншы даследчык, У.Калеснік: Дварчанін "глянуў на Скарыну і яго справу вачыма ўдзелыгіка беларускага вызваленчага руху і пранікліва выявіў глыбінную пераклічку стымулаў, ідэалаў, імкненняў"3. Аўтар дысертацыі прыкмеціў у дзейнасці Скарыны перш за ўсё самасцвярджэнне самастойнасці беларускага этнасу і яго мовы, моцны патрыятызм, агульнаеўрапейскі гуманізм і дэмакратызм. Скарына ўспрымаўся як далёкі, але выразны папярэднік той ідэалогіі, якую праводзілі ў жыццё заходнебеларускія адраджэнцы. І.Дварчанін як вучоны і як грамадзянін застаўся тут проста паслядоўным у выяўленні прынцьшаў уласнага жыцця. Гэтак і ў "Хрэстаматыі", выдадзенай у Вільні ў 1927 г. Складальнік імкнуўся, каб гэтая кніжка была карыснай не толькі старшакласнікам беларускіх школ, а і шырокім масам беларускіх чытачоў. Ён падкрэсліваў, што ў яшчэ большай меры, чым школьнікі, прагнуць беларускага друкаванага слова, а праз яго пазнання свае спадчыны "цэлыя гушчы народныя". Таму даваў матэрыял па магчымасці поўна, выбіраў тэксты найбольш патрыятычна дзейсныя, шырока выкарыстоўваў каментарыі, тлумачэнні тэрмінаў і рэдкіх лексем, каб зрабіць творы лягчэйшымі для ўспрымання і разумення. Ён і тут заставаўся патрыётам-асветнікам, зарыентаваным на ідэі нацыянальнага адраджэння свайго народа.

Аднак разам з тым зведаў І.Дварчанін у пражскі перыяд балючыя сумненні і нават часіны роспачы.

Студэнцкі грамадскі рух быў у Празе вельмі складаным і рознааблічным. Гурткі — ад артадаксальна-камуністычных да хрысціянска-дэмакратычных. У гэтых абставінах І.Дварчанін паступова адышоў ад пазіцый беларускіх эсэраў і нават на пэўны час прымкнуў да марксістаў. Але хутка парваў з імі, абвінавачаны (каторы ўжо раз!) у нацыянальным ухіле. Адначасова не знаходзіў паразумення з многімі блізкімі, здавалася б, людзьмі ў студэнцкім асяроддзі. Адвечная бяда беларускага руху — яго раздробленасць, раскол на розныя групы і групкі, амбіцыёзнасць нешматлікіх лідэраў, бясконцыя ўзаемныя папрокі, супрацьлеглыя — заходнія ці ўсходнія — арыенціры. Усё гэта прыгнятала І.Дварчаніна, які жадаў кансалідацыі нацыянальных сіл, іх прымірэння на супольным грунце беларускай ідэі. Ён занадта высока цаніў духоўнасць і не мог апусціцца да эгаістычнай грызні ў палітыцы. Жаданні ж разыходзіліся з рэальнасцю, і ў гэтым драматычным становішчы ён нярэдка заставаўся адзінокім, паглыбленым толькі ў свае творчыя справы.

Пэўна, згадваецца цяпер, як кідаўся ад Мінска да Масквы і да роднага Дзятлава, шукаючы надзейную пляцоўку для нацыянальнай працы. Але нават тут, далёка ад радзімы, у ціхай і спакойнай, інтэлектуальна заангажаванай Празе не спынялася палітычная валтузня вакол беларускага пытання, пляліся інтрыгі як спадарожнікі Беларускага Шляху.

І.Дварчаніна вылучала ў такіх абставінах моцная народная закваска, стойкасць духу, што дапамагалі трымацца абранай дарогі.

Скончыўшы Карлаў універсітэт, ён едзе ў Вільню. Менавіта ў Вільню, а не ў Мінск, куды тады спяшаліся многія, спакушаныя здабыткамі савецкай беларусізацыі, — І.Красоўскі, У.Жылка, нават Ф.Аляхновіч, не гаворачы ўжо пра магутныя фігуры з урада БНР. Палітычны ж нюх І.Дварчаніна кіруе яго ў Заходнюю Беларусь і яе сталіцу, дзе ён быў вельмі патрэбны. Але...

Вільня была ўжо не тая: нацыянальна-вызваленчы рух расколваўся пад настырным націскам КПЗБ, чляніўся на класавыя плыні. I размежаванне, якога заўсёды не хацеў І.Дварчанін, адбывалася чым далей, тым болей. Таму не адразу і не проста ўваходзіў вьшускнік пражскага універсітэта, доктар філасофіі ў заходнебеларускія справы. Дапамагаў, а дакладней, падштурхоўваў Б.Тарашкевіч. У выніку І.Дварчанін усё больш уключаецца ў рух Беларускай сялянска-рабочай грамады і ўсё больш з гэтага часу зварочвае на пазіцыі КПЗБ. Драма іх абодвух — Тарашкевіча і Дварчаніна — у тым, што пайшлі яны за партыяй камуністаў, якая хутка ў гэтыя часы адварочвалася ад народа і яго нацыянальна-вызваленчых ідэй, ператвараючыся ў адасоблены гурт сектантаў. Драма Дварчаніна, мабыць, глыбейшая, ды і надта красамоўная. Яшчэ раз згадаем яго беларуска-сялянскі нацыянальны гарт, умацаваны вучобай у старажытным еўрапейскім універсітэце. Згадаем яго ўцёкі ад дагматызму камуністычнай ідэалогіі — у Мінску ў 1920 г. і ў Празе ў 1924 г. Але спрацаваў цяпер аўтарытэт Б.Тарашкевіча, а таксама С.Рака-Міхайлоўскага. І.Дварчанін пайшоў за імі, упэўнены, што лінія яго жыцця не мяняецца. Ён працуе ў ТБШ, у Беларускім выдавецкім таварыстве, але ўсё больш падключаецца да нелегальнай камуністычнай прапаганды. 3 1928 г., калі быў абраны паслом Сейма, з уласцівай яму энергіяй выступаў публічна — і ў Сейме, і асабліва на вёсцы. У гэтых выступах класавая ідэалогія выяўляе сябе ўжо досыць выразна. І.Дварчанін цяпер — у кіраўніцтве пасольскага клуба "Змаганне", дзе даверылі яму, праўда, толькі ролю намесніка старшыні. Самаадданая праца ў гэтым клубе, што дзейнічаў пад кіраўніцтвам КПЗБ, выклікала рэзкія нападкі на яго з боку партыі — найбольш за "нацыянал-апартунізм". З другога боку яго бязлітасна цкавалі польскія шавіністычныя колы. Вышуквалі камінтэрнаўскія грахі яшчэ ў пару яго працы ў Віленскай беларускай гімназіі4. Польскія судовыя ўлады зноў і зноў спрабуюць прыцягнуць яго да адказнасці за агітацыйныя выступы на вёсцы. Такім чынам, жыве і дзейнічае зараз І.Дварчанін паміж двух агнёў, усё больш набываючы амплуа рэвалюцыйнага аскета: аддае рэвалюцыйнай справе ўвесь свой час, сродкі, энергію, талент. Адыходзіць ад любімай літаратурнай творчасці. У 1930 г. ён быў арыштаваны, і ў турэмнай няволі гэтае амплуа канчаткова ўмацавалася. Таму, калі трапіў у БССР у выніку абмену палітзняволенымі ў 1932 г., быў ужо афіцыйна прыняты ў камуністычную партыю. Але не прайшло і года, як І.Дварчанін быў арыштаваны Саветамі. Развязка драмы, што тады наступіла, мела ўжо трагічны змест.

Няма сумнення, што І.Дварчанін у глыбіні душы заўсёды заставаўся шчырым і заўзятым абаронцам свае нацыі (як, зрэшты, і абсалютная большасць людзей КПЗБ). Але ён не змог ісці супраць рэальнасці, па сутнасці, супраць Беларусі, раструшчанай войнамі, разрэзанай граніцай дзвюх дзяржаў, раздзёртай палітычнымі супярэчнасцямі, якія немагчыма было нейтралізаваць. Вучоны, літаратар, палітык, ён не змог паяднаць гэтыя ролі, бо іх не яднала жыццё. Маршруты ўласнай хады — Мінск, Масква, Вільня, Прага, Варшава — не выстройваліся ў тую адзіную лінію, якую трэба было рэалізаваць для Беларусі. He ён адзін, не ён першы і не ён апошні зведаў ростані, страты і нарэшце сваю Галгофу. Такі ўжо Беларускі Шлях — праз укрыжаванні.

Спасылкі:

1                Наш шлях. 1922. № 4. С. 19.

2                Barszczewski A., Bergman A., Tomaszewski I. Ignacy Dworczanin bialoruski polityk i uczony. Warszawa, 1990. S.59.

3                Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993. С. 269.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by