МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларуская iнтэлiгенцыя ў вяцкай ссылцы (1930-я гады) // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Мальцаў Уладзiмiр
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Расія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Уладзімір Мальцаў (Мінск)

Беларуская інтэлігенцыя ў вяцкай ссылцы (1930-я гады)

З 106 чалавек, прыцягнутых АДПУ ў 1930-1931 гг. да следства па справе "Саюза вызвалення Беларусі", было асуджана 86 чалавек. Амаль трэць з іх адбывалі палітычную ссылку ў Кіраўскай вобласці РСФСР. Да рэвалюцыі яна называлася Вяцкай губерняй1, якая стала надзейным месцам ссылкі яшчэ ў першай палове XIX ст. Да пачатку цяперашняга стагоддзя тут, у дзесяці калоніях, ссыльных штогод прабывала ад 250 да 300 чалавек. За нядобранадзейны лад думак і антыўрадавую дзейнасць у вяцкую ссылку траплялі людзі розных палітычных перакананняў і прафесійных заняткаў. Былі сярод іх і вельмі вядомыя пісьменнікі, грамадскія дзеячы: А.Герцэн і М.Салтыкоў-Шчадрын, У.Караленка, выдавец Ф.Паўленкаў, латышскі паэт Я.Райніс, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. О.Авэйдэ, аўтар рэвалюцыйнай песні "Смело, товаршцл, в ногу" Л.Радзін, кіраўнік будучага ЧК "жалезны" Ф.Дзяржынскі.

Здаўна вяцкай глухмені была наканавана роля глушыць усялякае іншадумства і палітычную актыўнасць. Гэта адбілася і на фармаванні масавай грамадскай псіхалогіі ў краі. Да зменлівай чарады ссыльных мясцовыя жыхары прызвычаіліся, не цураліся іх, як пакутнікам маглі нават паспачуваць, але ў прычыны ссылкі глыбока не ўдаваліся і, вядома, "вызваленчымі ідэямі" асабліва не натхняліся.

Можна меркаваць, што першы масавы струмень беларусаў Вяцкі край прыняў пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг.: тады ў губерню было саслана звыш за 300 яго ўдзельнікаў. Інтэлігенцыя, асуджаная па справе СВБ, была першым беларускім струменем савецкіх гадоў. У 1930-1940-я гады ён разрастаўся коштам іншых сацыяльных груп — студэнцтва (рэпрэсіі па справе "Саюза моладзі"), сялянства (раскулачаныя сем'і, перасяленцы-асаднікі, г.зн. тыя, хто атрымаў хутарскія надзелы ў Заходняй Беларусі ад польскай улады), але ў маштабах іншых нацыянальных струменяў — эстонскага, польскага, украінскага — паводле назіранняў супрацоўнікаў камісіі па рэабілітацыі Кіраўскага МУС, быў не самы магутны. Карэннае населыгіцтва краю (рускія, марыйцы, татары), якое закранулі рэпрэсіі 1930-х гадоў, накіроўвалася далей на поўнач.

Амаль усе людзі, што праходзілі па справе СВБ, згодна з 58 арт. крымінальнага кодэкса атрымалі па пяць гадоў высылкі і абвінавачваліся ў супрацьзаконных дзеяннях па рэстаўрацыі капіталізму, імкненні стварыць буржуазна-дэмакратычную, незалежную дзяржаву Беларусь.

Ці існаваў у сапраўднасці "Саюз вызвалення Беларусі" або гэта толькі міфічная, сфабрыкаваная ў кабінетах АДПУ арганізацыя? I першае, і другое можна сцвярджаць з вялікай доляй верагоднасці. Перш, чым зняць з людзей абвінавачванні ў контррэвалюцыйных дзеяннях і палічыць няслушнымі рэпрэсіі 1930-х гадоў, гісторыкам давялося папрацаваць — знайсці аргументы, каб укараніць у грамадскай свядомасці думку, што "Саюз вызвалення Беларусі" — плён уяўлення і палітычных містыфікацый часоў масавага тэрору: пад катаваннямі людзі гатовыя былі падпісаць усё, што патрабавалася. Але, з другога боку, згортванне беларусізацыі, прымусовая калектывізацыя, у выніку якой стыхійна ўзнікалі сялянскія бунты, перастаноўка кіруючых кадраў, выкліканая рэзкай зменай агульнага палітычнага курсу, не маглі не фармаваць апазіцыю — нават у асяроддзі нацыянальных дзеячаў, якія шчыра падтрымлівалі бальшавікоў. Стварэнне і ўмацаванне апазіцыйных палітычных арганізацый было справай часу — яны проста не паспелі аформіцца, хаця ўсе перадумовы для іх узнікнення былі. Ва ўсякім разе беларускія ссыльныя ўжо на допытах у Кіраўскім ПНКУС пагаджаліся з існаваннем такой арганізацыі на глебе нацыянал-дэмакратызму, хаця ад сваёй прыналежнасці да яе адмаўляліся, казалі, што пра яе існаванне не ведалі. У размовах вяцкіх ссыльных, паводле сведчання Г.Багдановіча, "асуджаліся тыя сябры арганізацыі, якія ў працэсе следства пагадзіліся з тым, што яны з'яўляюцца сябрамі нацыяналістычнай арганізацыі, асабліва падвяргаліся асуджэнню Лёсік і Красінскі, якія не толькі прызнавалі сябе сябрамі арганізацыі, але быццам бы нагаварылі і на іншых"2.

Ссыльныя дзяліліся паміж сабой падрабязнасцямі допытаў, ведалі, хто са знаёмых і якую ролю адыграў у працэсе следства; імёны тых, хто "шмат лішняга нагаварыў", ведалі і блізкія сваякі, сябры. Так што выяўленне "здраднікаў" (а менавіта гэтым часцей за ўсё была заклапочана айчынная гістарычная публіцыстыка 1980-х гадоў) па вялікім рахунку не заўсёды было адкрыццём таямніцы. Сумленнай, з прагай толькі праўды, якой бы непрывабнай яна ні была, з імкненнем назваць усё сваімі імёнамі, публіцыстыцы гэтых гадоў не ставала канкрэтнага разумення псіхалогіі чалавека 1930-х гадоў. 3 свайго і чужога асабістага вопыту многія ссыльныя атрымлівалі ўрок: менш уцягваць людзей, менш лішняй інфармацыі, бо яе можна тлумачыць і выкарыстоўваць па-іншаму. Пры наступных допытах у ссылцы яны імкнуліся выбіраць больш абцякальныя або адназначныя формы адказаў. Нават пры перапісцы людзі паводзілі сябе асцярожна, захоўвалі стрыманасць, таму што перапіску праглядалі. Больш раскрываліся яны ў прыватных размовах сярод сваіх, калі разуменне наступала з паўслова. Таму канкрэтных дакументальных сведчанняў пра жыццё і ссылку засталося мала. Лісты беларускага пісьменніка М.Гарэцкага да жонкі, мемуарныя артыкулы Я.Кіпеля, Л.Чарняўскай, Г.Гарэцкай, невялікія доследы вяцкіх краязнаўцаў — вось і ўсё з апублікаванага, што ўдалося адшукаць. Асноўнай крыніцай для роздуму пра жыццё ссыльных у Вятцы застаюцца матэрыялы следчых спраў КДБ. 3 тымі, што захоўваюцца ў цяперашнім Упраўленні па контрразведцы Кіраўскай вобласці РСФСР, мне ўдалося пазнаёміцца.

Вятка для беларускіх ссыльных, раскіданых па розных кутках вобласці, была, відаць, адзіна магчымым месцам сустрэчы: як перасыльны пункт і буйны чыгуначны вузел яе цяжка было абмінуць пры ўсіх пераездах, сюды прыязджалі і па выкліках ДПУ.

У Вятку ссыльныя пачалі прыязджаць улетку 1931 г. У канцы чэрвеня пад канвоем прывезлі сюды вядомага пісьменніка і вучонага Максіма Гарэцкага і паэта, слухача вышэйшых курсаў пры МДУ Нічыпара Чарнушэвіча. Навуковы спецыяліст АН БССР Іван Кіслякоў, што ехаў з імі ў адной партыі, быў накіраваны далей, за Перм, у Омутнае, дзе адбываў ссылку разам з выкладчыкам Слуцкага педтэхнікума Юліянам Цаляніковічам. У гэты ж час з-за каранціну ў Вятцы затрымаліся і чакалі свайго размеркавання інструктар Белгасцэнтра Аляксандр Аніхоўскі, асуджаны па справе "Саюза моладзі", літаратуразнавец, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх аб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша", асістэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ Адам Бабарэка, юрыст, грамадскі дзеяч, які займаў у 1916— 1919 гг. важныя пасады ў беларускіх петраградскім і маскоўскім камісарыятах, потым — выкладчык Віцебскага педтэхнікума і Ветінстытута Генадзь Багдановіч. Усе яны разам з выкладчыкам Віцебскага Белпедтэхнікума Міхаілам Маркевічам былі накіраваны ў Слабодскае. Малады выкладчык, які ледзь паспеў закончыць педфак БДУ, Адам Корань, былы дырэктар Белдзяржтэатра, потым стылістычны рэдактар АН БССР Міхаіл Гурскі і фізік-матэматык, асістэнт кафедры фізікі БДУ Адам Міцкевіч, на якога былі вялікія спадзяванні, трапілі ў г.Малмыж. Туды ж у 1932 г. быў сасланы і бухгалтар з Мазыра Сяргей Пушкін. На долю пісьменніка, паэта, аднаго з стваральнікаў літаратурнага аб'яднання "Узвышша", рэдактара беларускага тэксту законаў СНК БССР Уладзіміра Дубоўкі вьшаў г.Аранск. Старшыня мінскага камітэта беларускай партыі эсэраў Мікалай Пашковіч, навуковы супрацоўнік Белдзяржмузея Андрэй Бурдэйка і гісторык, старшы архівіст Магілёўскага архіва, старшыня культурна-гістарычнай секцыі Магілёўскага краязнаўчага таварыства Фёдар Забела пасяліліся ў Елабузе. Вядомы ў будучым вучоны-саветолаг, літаратуразнавец, які ўдзельнічаў у стварэнні Мюнхенскага інстытута па вывучэнні СССР, а тады студэнт БДУ і літаратурны крытык-узвышэнец Антон Адамовіч, студэнт педфака БДУ Дзмітрый Дунько, загадчык Бабруйскага архіва Павел Тараймовіч адбывалі ссылку ў Глазаве. Тройку гісторыкаў прыняў г.Налінск: сакратара аддзела прыроды і народнай гаспадаркі АН БССР, а пазней кіраўніка навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і старшыню Другога усебеларускага кангрэса Яўхіма Кіпеля, вучонага-географа, аднаго з арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі, навуковага супрацоўніка АН БССР Мікалая Азбукіна і Мікалая Улашчыка, тады беспрацоўнага, але пазней вядомага гісторыка, даследчыка эпохі феадалізму. У г. Кацельніч былі размеркаваны выкладчык 2-й школы-сямігодкі г.Слуцка Павел Кацярыніч і Ігнат Савіч, студэнт факультэта права і гаспадаркі БДУ.

I толькі для паэта Уладзіміра Жылкі, смяротна хворага на сухоты, зрабілі выключэнне: ён дабіраўся да месца ссылкі самастойна, без канвою. Я.Кіпель успамінаў, як сустрэліся яны (Кіпель, Азбукін, Улашчык, Міцкевіч, Гурскі, Корань, Кацярыніч, Савіч) з У.Жылкам у Кацельнічы, а потым плылі разам па Вятцы да прыстані Мядзведак, дзе і раз'ехаліся ў розныя бакі. Гэта была апошняя сустрэча землякоў з У.Жылкам, які разам з студэнтам педфака БДУ Іванам Сасіновічам накіраваўся ў г.Уржум3.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай Акадэміі навук, акадэмік, рэктар БДУ Уладзімір Пічэта адбываў ссылку ў Вятцы, адкуль яго потым перавялі ў Варонеж. Сюды ж, у Кіраў, у 1936 г. быў сасланы і рэдактар віцебскіх і мінскіх газет, супрацоўнік Дзяржвыда БССР Міхаіл Івашковіч4. Нямногія з іх потым у розныя гады вярталіся ў Беларусь — М.Гурскі, Я.Кіпель, І.Сасіновіч, У.Дубоўка, А.Адамовіч, М.Улашчык. У вяцкай зямлі пахаваны У.Жылка і М.Маркевіч (у Слабодскім раённым архіве да гэтага часу захоўваецца яго асабістая справа). Сляды іншых ссыльных пасля адбыцця імі тэрміну пасялення губляюцца. Сярод тых, каго па заканчэнні тэрміну высылкі, у парадку загаду адразу вызвалілі, пазначаны толькі А.Корань. Для большасці ж асуджаных вяцкая ссылка была толькі першым кругам выгнання. Адны, прайшоўшы яго, атрымалі паўторны тэрмін, а потым — наступны, пакуль не былі расстраляны або пакуль не памерлі ў канцлагерах. Іншыя — прызвычайваліся да новых мясцін і заставаліся там назаўсёды.

Наўрад ці каго цяпер здзівіць тое, наколькі трагічны быў лёс чалавека, паглынутага дзяржаўнай машынай, стальны молах якой патрабуе пастаяннай падкормкі. Рэпрэсіўны механізм быў заведзены яшчэ на пачатку 1920-х гадоў, да 1930-х гадоў яго колы толькі набіралі хуткасць і патрабавалі чарговай сыравіны. Здавалася, людзі, што адбывалі вымушанае пасяленне, былі ўжо "адпрацаваным матэрыялам", выкінутым з чэрава рэпрэсіўнай машыны. Аднак яны зноў траплялі ў яе жорны. У ссылцы працягваў дзейнічаць той жа няхітры, элементарны механізм уціску жывой думкі і разбурэння асобы.

Пасля разгрому нацыянальна-дэмакратычнага руху і вытручвання любых зародкаў арганізаванага супраціўлення дзейнасць рэпрэсіўнага дзяржаўнага апарата скіравалася на тое, каб спыніць любыя магчымасці "былых членаў контррэвалюцыйнай арганізацыі" для стварэння асобных ініцыятыўных груп і ўсталявання паміж імі сувязей. Барацьба вялася ўжо не з напаўфіктыўнымі палітычнымі арганізацыямі, а з самой магчымасцю іх узнікнення. Гэта было змаганне за поўнае падпарадкаванне свядомасці чалавека дзяржаўнай уладзе. Пра тое ж, што думаюць ссыльныя нацыяналы, з кім яны падтрымліваюць зносіны, можна было дакладна даведацца толькі праз адладжаную агентуру і вярбоўку новых інфарматараў. Фактычна дзеянні органаў па наглядзе за ссыльнымі зводзіліся да таго, што ссыльныя нацыяналы павінны былі даносіць адзін на аднаго і сваімі ж рукамі давяршаць пачатае савецкім кіраўніцтвам выкараненне нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіі.

Царская ссылка па сваёй ліберальнасці здавалася беларускім патрыётам нейкім дзіцячым пакараннем за свавольства. Бо дарэвалюцыйныя пасяленцы мелі ўсе магчымасці для грамадскай самарэалізацыі, заўсёды пакідалі прыкметныя сляды свайго знаходжання ў краі: друкаваліся ў мясцовых выданнях, адшуквалі карысныя выкапні, вялі навуковыя доследы, служылі на адказных пасадах у дзяржаўных ведамствах. Самую ссылку яны ўспрымалі як часовае знаходжанне ў краі, якое не паўплывае на іх далейшую кар'еру і асабістыя планы. Дзеці стабільнага мінулага стагоддзя, яны верылі ў паступовы грамадскі прагрэс, будучыня для іх была адкрытай.

Зусім іначай адчувалі сябе беларускія патрыёты. "Наша жыццё скончана", "мы асуджаны" — вось тая інтанацыя, з якой успрымалі ўласнае становішча беларускія ссыльныя — тыя, хто быў старэй і хто вучыў пры сустрэчах маладых не апускацца, не падаць духам — "выходзіць з гэтага паднагляднага становішча з тым, каб можна было працаваць і жыць"5. Самаму маладому ссыльнаму, А.Адамовічу, споўнілася ўсяго толькі 22 гады, а большасці ссыльных — толькі больш за 30. Але яны не мелі ілюзій, што кляймо контррэвалю-цыянераў з іх здымуць. "Адзіная надзея, — жартаваў А.Бабарэка, — на сацыялістычную сусветную рэвалюцыю, калі ўжо нарэшце тыя, каго лічаць цяпер ворагамі, — перастануць быць небяспечнымі"6.

Позірку чалавека, што ведае гісторыю і культуру Беларусі, адкрываецца цэлае суквецце розумаў і талентаў, якія апынуліся ў тыя гады ў Вяцкім краі, — У.Пічэта, М.Гарэцкі, У.Жылка, М.Улашчык, А.Адамовіч, М.Азбукін, У.Дубоўка, Ф.Забела, А.Міцкевіч... Аднак здольнасці гэтых людзей аказаліся там незапатрабаваныя. Беларускія ссыльныя не мелі магчымасці вылучыцца, прафесійна рэалізаваць сябе праз друк, удзел у дзейнасці літаратурных і культурна-асветніцкіх арганізацый і, па зразумелых прычынах, да гэтага не імкнуліся. Таму сёння ў Кіраўскай вобласці, дзе здаўна вядзецца вельмі сур'ёзная краязнаўчая праца, нават сам факт знаходжання гэтых людзей у краі застаецца невядомым. Бо свяціла айчыннай навукі, акадэмік У.Пічэта перабіраў костачкамі лічыльнікаў у "Цэрабкаапе". Пісьменнік М.Гарэцкі працаваў чарцёжнікам, тэхнікам-калькулятарам і толькі ў канцы ссылкі з вялікімі цяжкасцямі дабіўся ў АблАНА Заходняй вобласці месца выкладчыка рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе станцыі Пясочна (пад г.Рослаўлем).

"Умольны позірк прасіцеля" застаўся ў памяці Мікалая Шарсценнікава, дырэктара Уржумскага медвучылішча, ад першага знаёмства з У.Жылкам7. У 1931 г. беспрацоўны паэт прасіўся, каб яго прынялі на пасаду загадчыка гаспадаркі. Магчыма, толькі іскра асабістай сімпатыі, што ўзнікла да невядомага прасіцеля, які таптаўся ў дзвярах, вырашыла, што акрамя гэтай пасады Шарсценнікаў прапанаваў яму ўзяць некалькі "педагагічных гадзін" па літаратуры. Шарсценнікаў, пазней прафесар Башкірскага медыцынскага інстытута, стаў адным з блізкіх уржумскіх сяброў паэта, і якраз яму У.Жылка прадыктаваў перад смерцю свой апошні ліст да аднаго з братоў. Дзякуючы архіўным пошукам уржумскага краязнаўцы В.Вятлужскіх высветлілася, што з верасня 1932 г. У.Жылку прынялі на працу ў сярэднюю школу №1 выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. Разам з ім у гэтай школе выкладаў фізіку і матэматыку І.Сасіновіч. На педагагічную працу, звязаную з ідэалагічным выхаваннем моладзі, ссыльных бралі не вельмі ахвотна. Большасці з іх даводзілася асвойваць "новыя для сябе прафесіі"8.

"У поўным разбродзе я цяпер, не ведаю, якім шляхам і да якой працы ці занятку больш кіравацца", — пісаў тады М.Гарэцкі'. Сітуацыя, тьшовая для ўсіх ссыльных: выбіраць не даводзілася, ішлі туды, дзе патрабаваліся працоўныя рукі, часам — галовы. I былы рэдактар Івашковіч працаваў апальшчыкам, педагог Багдановіч — бухгалтарам гардарбуда, крытык Бабарэка — бухгалтарам прадмага, Пушкін — бухгалтарам харчгандлю, Аніхоўскі — спачатку нарміроўшчыкам піўнога завода, потым — начальнікам аддзела арганізацыі працы завода безалкагольных напіткаў.

Сёння вядомы некаторыя адрасы, па якіх жылі ссыльныя. У гады вайны Кіраўская вобласць засталася глыбокім тылам, і таму яе гарады да гэтага часу захавалі дарэвалюцыйную планіроўку. Часцей за ўсё ссыльныя здымалі пакоі ў старых мураваных дамах дарэвалюцыйнай пабудовы. Нават у раённым Уржуме невялікім пакойчыкам, якія здымаў У.Жылка ў 1930-я гады па вуліцах Ёлкіна, 33, Тургенева, 52, Чырвоная, 37, маглі б пазайздросціць савецкія сем'і Кіраўскай вобласці 1970—1980-х гадоў, якія жылі ў падвальных, цокальных памяшканнях. Да рэвалюцыі гэтыя памяшканні выкарыстоўвалі толькі пад склад, а ў савецкі час яны сталіся "жылфондам".

Куды ў горшых умовах аказваліся раскулачаныя беларускія перасяленцы, якія адбывалі свой тэрмін у шматлікіх спецпасёлках, якія губляліся ў лясах.

Беларускім ссыльным "першага прызыву" дужа пашанцавала: яны паспелі заняць больш зручныя, "верхнія", ячэйкі ў існуючай сістэме свабодных працоўных месцаў і забеспячэнні жытлом. Усе яны жылі прыблізна ў такіх жа эканамічных і побытавых умовах, што і сярэдні гарадскі жыхар краю. Ссыльным, якія прыехалі ў вобласць пазней, натуральна, і давялося цяжэй. Псіхалагічныя ж цяжкасці для многіх з іх заключаліся ў тым, што, пазбаўленыя былых заслуг і звыклага грамадскага становішча, яны былі вымушаны жыць жыццём іншага сацыяльнага слоя.

Беларускія перасяленцы жылі і працавалі ў рускамоўным асяроддзі, але пры сустрэчах адзін з адным гаварылі толькі пабеларуску. У гэтай побытавай рэаліі цяпер бачыцца акт унутранага супрацьстаяння ссыльных абставінам — непазбежнаму растварэнню ў струмені рускай культуры. На роднай мове пісьменнікі і крытыкі працягвалі сваю літаратурную дзейнасць. Пісалі ў стол, дзеля сябе, часта без надзеі на публікацыю або публічнае чытанне сваіх твораў. Так нараджалася літаратура ссылкі — сумленная ў сваёй аснове. Дыстанцыя паміж стварэннем і першай публікацыяй твораў расцягвалася на некалькі дзесяцігоддзяў. Многія з іх да нашага часу не дайшлі, загубіліся ў віхуры часу. Аднак літаратура ссылкі супрацьстаяла параднай, афіцыйнай творчасці, якая квітнела ў тыя гады ў БССР. Са знаёмства з газетнымі і часопіснымі публікацыямі складвалася ў сыльных уяўленне пра сучасныя літаратурныя працэсы (некаторыя з іх вьшісвалі беларускую прэсу). Крытэрый жа "ўнутранай" ацэнкі твораў быў перш за ўсё адзін: наколькі мастак сумленны сам перад сабой і перад чытачом. Але менавіта маралыгай стойкасці беларускай літаратуры бракавала. Гэта нараджала ў ссылцы катэгарычнасць меркаванняў. "Народныя паэты — Янка Купала, Якуб Колас, — казаў тэарэтык беларускай літаратуры А.Бабарэка, — прадалі сваё пяро савецкай уладзе, гэта не людзі, а чалавечкі"10. Больш за ўсіх даставалася Кузьме Чорнаму — былому таварышу па літаратурных аб'яднаннях: маўляў, здрадзіў свайму таленту.

Найбольш плённым для развіцця беларускай літаратуры А.Бабарэка лічыў 1923-1928 гг., калі літаратура прытрымлівалася натуральных законаў развіцця і не была так уціснута ў вузкія межы ідэалагічных нарматываў. У 1937 г. работнікі НКУС праводзілі вобыск на яго кватэры і ў складзеным пратаколе пра адабраныя рэчы пералічаны дзве папкі літаратурных запісаў. Нічога з адабранага пры вобыску пазней не вярнулі сваякам — рукапісы страчаны. У тыя ж гады М.Гарэцкі падышоў да ажыццяўлення сваёй даўняй задумы — напісання рамана-эпапеі "Камароўская хроніка". Пераломныя падзеі вялізнага адрэзку часу (з сярэдзіны XIX ст. да сярэдзіны 30-х гадоў XX ст.) прадстаўлены ў ім праз перапляценне лёсаў людзей, звязаных з гісторыяй сям'і Гарэцкіх (у рамане — Задумавых). Для адарванага ад Беларусі пісьменніка старыя лісты ад блізкіх з вёскі, якія ён беражліва захоўваў, дзённікавыя запісы, успаміны, легенды раптам сталі гучаць інакш, напаўняцца новым зместам. У сваёй "Камароўскай хроніцы" ён выкарыстоўваў матэрыял хатняга архіва і адначасова, ідучы за біяграфіяй лірычнага героя Лявона Задумы (ён жа Кузьма Батура), што апынуўся ў Вятцы, падаваў хроніку сучасных яму падзей. Раман становіцца летапісам вяцкай ссылкі. Прататьшы многіх герояў у ім узяты з рэальнага, вяцкага жыцця: ссыльныя і іх сем'і, суседзі па кватэры. Гэты твор, што застаўся незакончаным, пакуль не вывучаны краязнаўцамі з таго пункту гледжання, як у ім адлюстраваны рэаліі вяцкага жыцця. А вяцкія і беларускія рэаліі дзівосна пераплятаюцца нават у лістах М.Гарэцкага тых гадоў. Пераймаючы традыцыю М.Салтыкова-Шчадрына, які адбываў у 1848-1855 гг. тут ссылку, ён называў Вятку Крутагорскам, выкарыстоўваў гэтую назву як устойлівы і пазачасавы літаратурны вобраз губернскага горада з яго абсурднымі граданачальнікамі і трансфармаваў яго ў сучаснасць. Лісты жонцы пра сваё тамтэйшае жыццё ён падпісваў то "Лявон", то "Задумекус" — імя новага фантастычнага героя. Можна меркаваць, што яно ўзнікла з гульні слоў — беларускага "задуменны" і вяцкага размоўнага, простанароднага аналага "кумекаць". Вуха незвычайна чуйнага да фанетыкі слова пісьменніка і тут, у Вятцы, лавіла роднае, беларускае."Між іншым, — пісаў ён жонцы, — і тут сяляне кажуць: надта, абутак, лонісь, дапамагчы, прыйдзеш, ідзе і да т.п. Прыродныя мясцовыя сяляне, — мусіць, патомкі старадаўніх наўгародскіх крывічоў ці якіх прыгонных ці палонных перасяленцаў"11. М.Гарэцкі ўзнімаў тую ж тэму, якую потым незалежна ад яго пачне распрацоўваць Ян Станкевіч у артыкуле "Вяцічы і радзімічы", апублікаваным у 1950-х гадах у нью-йоркскіх "Ведах"12.

З прыродай зьліцца я гатоў, Хай прыме дол худое цела, але прашу яе вятроў Мой запавет, як плод дасьпелы, Да родных занясьці палёў, — пісаў ва ўржумскай ссылцы, паміраючы, У.Жылка13. Toe, як даходзіў яго паэтычны запавет — паэма "Тэстамент" — да родных палёў, можа быць сюжэтам дэтэктыўнага апавядання... Вестка пра смерць паэта ў 1933 г. хутка абляцела ссыльных. Рукапіс яго паэмы перапісвалі ад рукі, вывучвалі на памяць; яе перадавалі з рук у рукі толькі самым надзейным людзям. Органы НКУС апошні твор У.Жылкі прызналі "контррэвалюцыйным", каналы яго пашырэння старанна высочваліся. У сваіх успамінах Я.Кіпель пісаў, што літаральна праз два тыдні пасля смерці Жылкі ён праз знаёмых атрымаў з Уржума рукапісную копію гэтага твора і старанна схаваў яе да лепшых часоў. Але паэма разыходзілася па розных адрасатах. НКУС валодаў фактамі, што Я.Плашчынскаму (Пушчы) у г.Шадрынск гэтую паэму пераслаў А.Бабарэка, хаця той рабіў выгляд, што пра такі твор нічога не ведае.

Упершыню паэма была апублікавана ў перыяд акупацыі ў 1942 г. у "Беларускай газэце", а потым, у 1942 і 1943 гг., яе перадрукоўваў часопіс "Новы шлях". Ва ўступным артыкуле да першай публікацыі паэмы прозвішча публікатара не ўказана. У рэдакцыйным артыкуле толькі сказана: паэму ў рэдакцыю прынёс былы ссыльны, які "толькі што прыбыў з-за лініі бальшавіцкага фронту, рукапісны сьпіс гэтага твора быў захаваны ягонай жонкай"14. Гэтым ссыльным і быў Яўхім Кіпель.

Лёс уржумскай спадчыны У.Жылкі да гэтага часу застаецца невядомым. Гаспадыня яго кватэры, А.А.Кукавішнікава, сцвярджала, што пасля смерці паэта рукапісы забраў невядомы чалавек, які прадставіўся яго братам. У архівах Кіраўскай вобласці рукапісы У.Жылкі не выяўлены, гэтак жа як і публікацыі ў мясцовай прэсе 1930-х гадоў. Вершы паэта, што не разышліся па руках і не былі перапісаны шмат разоў, як "Тэстамент", аказаліся страчанымі.

У 1934-1935 гг., калі тэрмін высылкі канчаўся, многіх ссыльных перавялі з раёнаў у абласны цэнтр. Так у Кіраве апынулася разам вялікая група беларусаў, амаль "малая дыяспара". Паводле няпоўнага спіса, тут сустрэліся Г.Багдановіч, П.Тараймовіч, А.Бабарэка, С.Пушкін, Дз.Дунько, М.Івашковіч, А.Адамовіч, М.Гурскі, Я.Кіпель і інш. Паводле ўспамінаў сына Я.Кіпеля В.Кіпеля, ссыльныя часта канспіратыўна збіраліся па нядзелях у Батанічным садзе15. Перавод выклікаў нервознасць у іх асяроддзі, выказваліся розныя меркаванні. М.Гурскі выказаў версію, што сабралі іх дзеля таго, каб лягчэй было назіраць. Г.Багдановіч меркаваў: дзеля таго,каб зноў раскідаць па раёнах16. Але ўсе баяліся правакацый з боку НКУС. I не памыліліся.

Імпульс да перагляду прысудаў рэпрэсаваных нацдэмаў дало забойства С.Кірава, арганізацыю якога прьшісалі трацкісцка-зіноўеўскай змове. Пачалася масавая чыстка партыйна-савецкага апарату. Новыя струмені арыштаваных пацяклі на радзіму Сяргея Міронавіча. На гэтым вітку рэпрэсій у дэкрэтыўным парадку сталі пераглядаць і справы белнацдэмаў. Яшчэ ў 1934 г. А.Цвікевіч і С.Некрашэвіч папярэджвалі Г.Багдановіча: "Наспяваюць новыя падзеі, адкрылася новая контррэвалюцыя"17. Многія ссыльныя былі зноў асуджаны як сябры "Саюза вызвалення Беларусі", што ў ссылцы прадоўжылі антысавецкую дзейнасць: збіраліся групамі на кватэрах і па-паклёпніцку выказваліся пра палітыку партыі, а кіраўнікі гэтых малых беларускіх арганізацый усталявалі сувязь з контррэвалюцыйнымі элементамі ў Беларусі, ссыльнымі з іншых гарадоў Расіі і г.д. Калі перавесці гэтую юрыдычную казуістыку на мову чалавечых адносін, дык выходзіла: людзі былі асуджаны за тое, што імкнуліся не згубіць сувязі, хадзілі адзін да аднаго ў госці, давалі землякам начлег, гаварылі на роднай мове, дазвалялі сабе ў даволі вузкім коле сяброў і аднадумцаў быць шчырымі ў меркаваннях пра жыццё і палітыку.

Следчыя справы зноў былі груба сфабрыкаваны, і асуджаных па іх людзей у перыяд хрушчоўскай адлігі рэабілітавалі "за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства". Што абмяркоўвала на сваіх "контррэвалюцыйных сходках" беларуская інтэлігенцыя, як суадносіўся яе роздум пра эканамічныя і палітычныя працэсы ў СССР і Беларусі з рэчаіснасцю, наколькі супадалі яе ацэнкі з "народнай пагалоскай" краю, прадмет асобнай гаворкі.

Дзякуючы агентурным звесткам і пратаколам допытаў сёння можна далучыцца да свету думак і пачуццяў беларускіх ссыльных у Вяцкім краі ў 1930-я гады.

(Пераклала з рускай мовы Святлана Сачанка)

Спасылкі:

1 Да пачатку 1930-х гадоў Вяцкая губерня ўжо не існавала як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, а ўваходзіла ў склад Ніжагародскага (з кастрычніка 1932 г. — Горкаўскага) краю. Пасля забойства дзеяча камуністычнай партыі Сяргея Міронавіча Кострыкава, які нарадзіўся ў губерні, буйны эканамічны цэнтр рэгіёна — г.Вятка ў 1934 г. быў названы яго партыйным псеўданімам — Кіраў. З 37 раёнаў Горкаўскага краю, Сарапульскага, Веткаўскага раёнаў Удмурцкай аўтаномнай вобласці і ўзнікла Кіраўская вобласць.

2      Протокол допроса Богдановнча Г.В. от 2 августа 1937 г. // Архіў Упраўлення па контрразведцы Кіраўскай вобл. РСФСР (далей — АУ), с. 5437, СУ-5466, арк. 22.

3                Кіпель Я. Апошнія дні Уладзіміра Жылкі // Маладосць. 1992. № 4. С. 124- 126.

4                Аўтар выказвае падзяку доктару гістарычных навук Т.Процька за ўдзел у складанні гэтага, пакуль яшчэ няпоўнага, спіса асоб, якія адбывалі палітычную ссылку ў Кіраўскай вобласці РСФСР.

5                Протокол допроса Богдановнча Г.В. от 13 августа 1937 г. // АУ, с. 5437, СУ-5466, арк. 30.

6                Протокол допроса Адамовнча А.Е. от 26 іданя 1937 г. // Тамсама, с. 3457, СУ—5466, арк. 96.

7                Шерстенников Н.А. Судьба поэта // Кировская искра (Уржум). 1975. 17 ідаля.

8                Ветлужских В.А. Опальный поэт Беларуси // Уржумская старина. 1992. № 1-2. С. 33-37.

9                Гарэцкі М.І. Творы. Мн., 1990. С. 425.

10       Протокол допроса Ивашкович М.Н. от 20 декабря 1937 г. // АУ, с. 3457, СУ-5466, арк. 102.

11         Ліст Л.У.Гарэцкай ад 14 мая 1932 г., Вятка // Гарэцкі М. Творы. С. 450-451.

12         Радзімічы й вяцічы // Веда (Veda). 1952. № 9-10 (14—15). С. 309-313.

13              Жылка У. Творы: Да 20-х угодкаў сьмерці. Ню Ёрк, 1955. С. 101.

14              Уладзімір Жылка (1900-1933) // Бел. газэта. 1942. 1 жн.

15              Гэты факт В.Кіпель прывёў у сваім выступленні пры абмеркаванні майго даклада на кангрэсе.

16         Протокол допроса Адамовнча А.Е. от 10 января 1936 г. // АУ, с. 237379, СУ-4155, арк. 20.

17         Протокол допроса Богдановнча Г.В. от 2 августа 1937 г. // Тамсама, с. 3457, СУ-5466, арк. 22.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by