|
Анатоль Корсак (Смаленск) Беларусы на Смаленшчыне
Маё даследаванне датычыцца жыцця беларусаў у Смаленскай губерні, Заходняй вобласці пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і да другой паловы 30-х гадоў.
Пытанне пра беларусаў, якія жывуць на Смаленшчыне, і сёння застаецца няясным. У грамадстве і навуковых колах бытуе тэрмін Беларуская Смаленшчына. Да нядаўняга часу многія лічылі смалянаў беларусамі.
Складанасць і заблытанасць сітуацыі ў значнай ступені абумоўлены стаўленнем уладаў да беларускай нацыянальнасці. Яшчэ да рэвалюцыі галоўным аргументам чыноўнікаў, што апраўдвалі дыскрымінацыйныя меры ў дачыненні да дзейнасці беларускіх арганізацый, быў той, што беларускі народ нічым не адрозніваецца ад жыхароў Тульскай або Пензенскай губерні.
З пачаткам Першай сусветнай вайны, асабліва ў 1917 г., тут ствараюцца беларускія бежанскія арганізацыі, зямляцтвы, саюзы, таварыствы. У Смаленску прайшоў з'езд беларускіх грамадскіх і настаўніцкіх арганізацый (1917 г.). Тады ж выкрышталізоўваюцца розныя пункты гледжання на далейшы палітычны лёс беларусаў. Пазіцыя прыхілыгікаў беларуска-нацыянальнай дзяржаўнасці, на якіх бальшавікі наклеілі ярлык "буржуазных сепаратыстаў"1, сутыкнулася з поглядамі бальшавікоў, дакладней, значнай часткі іх, якія лічылі, што аддзяленне Беларусі немэтазгоднае. Абгрунтоўвалі бальшавікі свой пункт гледжання аргументам пра хуткі наступ сусветнай рэвалюцыі, у выніку якой адбудзецца "асіміляцыя нацый і іх нацыянальных традыцый"2, пра неабходнасць падпарадкавання нацыянальных інтарэсаў класавым інтарэсам.Партыйны і дзяржаўны дзеяч В.Кнорын пісаў у газеце "Звязда": "Нацыянальныя інтарэсы павінны падначальвацца інтарэсам класавым. Беларускі рух — гэта сацыял-шавінізм, які ўваскрасае ў агідных формах"3. Прыводзіліся і прымітыўныя аргументы супраць беларускай дзяржаўнасці, падобныя на тлумачэнні царскіх чыноўнікаў4. На жаль, гэтыя погляды захаваліся надоўга, яны наклалі адбітак на лёс беларусаў ва ўсім Савецкім Саюзе, у прыватнасці ў Смаленскай губерні.
Першая праблема, з якой мы сутыкнёмся, — гэта праблема, так бы мовіць, колькасная. Колькі беларусаў жыло на Смаленшчыне? Дакументы сведчаць, што мясцовыя ўлады так і не здолелі высветліць колькасць беларусаў на Смаленшчыне, хоць спробы рабіліся шмат разоў.
У сярэдзіне XIX ст. з дванаццаці паветаў Смаленскай губерні пяць з насельніцтвам 507,6 тысячы чалавек лічыліся вялікарускімі і сем (575,6 тысячы чалавек) — беларускімі5. Працы многіх вучоных пацвярджаюць наяўнасць на Смаленшчыне ў розныя гады шматлікага беларускага насельніцтва. У прыватнасці, акадэмік Я.Карскі ў пачатку XX ст.налічваў у Смаленскай губерні каля 1 млн. беларусаў, адзначаючы, аднак, працэс іх інтэнсіўнай русіфікацыі6. У выніку перапісаў розных гадоў колькасць беларусаў паказвалася самая розная7. Непраясненасць гэтага пытання стварала праблему ў вызначэнні маштабаў культурнага будаўніцтва для беларускага населыгіцтва Смаленшчыны ў гады савецкай улады. "На жаль, ГУБАНА (Губернскі аддзел народнай адукацыі) не мае дакладных дадзеных адносна нацыянальнага складу губерні ды аб ступені патрэбы іх у абслугоўванні на роднай мове. Асабліва гэта датычыцца беларускага насельніцтва, якое паводле апошняга перапісу (1926 г.) не было поўнасцю выяўлена", — гаворыцца ў справаздачы Губернскага аддзела народнай адукацыі8.
На пасяджэнні Нацыянальнага Савета пры Прэзідыуме Заходняга аблвыканкама ў 1932 г. адзначалася: "Да гэтай пары адсутнічае дакладны ўлік беларускага насельніцтва ў Заходняй вобласці"9.
У 1925 г. пры Смаленскім ГУБАНА быў створаны Савет па асвеце беларусаў, які распрацаваў доўгатэрміновы план, куды ўваходзілі наступныя мерапрыемствы: "1) Скласці этнаграфічную карту беларускага насельніцтва Смаленскай губерні; 2) Зрабіць улік беларусаў, што як ведаюць, так і хацелі б вывучаць беларускую мову; 3) Высветліць, якія школы можна перавесці на беларускую мову; 4) Выкарыстаць студэнтаў-беларусаў з мэтамі прапаганды і для асветы [...] падрыхтоўкі населыгіцтва да пераходу на родную мову;
- Прасіць ГУБАНА паслаць настаўнікаў на курсы перападрыхтоўкі ў Мінск;
- На аснове сабранага матэрыялу Савету распрацаваць канкрэтны план па адкрыцці беларускіх школ, адначасова распрацаваць план палітыка-асветнай
працы"10.
Як бачым, план падрабязны і вычарпальны, аднак ажыццяўляўся яго абагульнена-спрошчаны варыянт. Пра тое, як гэта адбывалася, сведчаць дакументы: "...Пытанне аб пасылцы ў Мінск настаўнікаў-беларусаў на курсы па перападрыхтоўцы канчаткова высветлена: Губплан адмовіў нам адпусціць 1000 руб. [...] і мы пазбаўлены магчымасці паслаць настаўнікаў на курсы [...] ГУБАНА хадайнічае перад НКП БССР аб водпуску ў распараджэнне беларускага гарадскога зямляцтва навучэнцаў г.Смаленска сродкаў у памеры хаця б 500 руб. у месяц [...] ГУБАНА ж сродкаў для грашовай дапамогі беларускаму зямляцтву не мае"11.
Ёсць шматлікія факты запісу беларусаў як рускіх, нежадання іх вывучаць "мужыцкую" (г.зн. беларускую) мову. Вось што сказана ў дакладзе пра сетку палітасветустановаў Смаленскай губерні 1928 г.: "Стаўленне нацыяналаў да роднай мовы ў асобных нацыянальнасцей рознае. Напрыклад, латышы вельмі ахвотна пасылаюць сваіх дзяцей у латышскія школы. Усяляк падкрэсліваюць належнасць сваю да латышскай нацыянальнасці [...] Яўрэі ў гарадах, за выключэннем беднаты, ставяцца да школы на роднай мове рэзка адмоўна [...] Беларускае насельніцтва, у большасці сваёй, ставіцца індыферэнтна. Бываюць вьшадкі актыўнага процідзеяння арганізацыі школ на роднай мове"12.
У чым жа прычыны такога стаўлення беларусаў да роднай мовы? Некаторыя мы разгледзелі вышэй. Але былі і ншыя. У дакументах 20-30-х гадоў адлюстраваны шматлікія факты ўшчамлення інтарэсаў нацыянальных меншасцей на карысць карэннага населыгіцтва з боку мясцовай улады: "Абслугоўванне ўстаноў нацменаў ідзе галоўным чынам за кошт цэнтральных сродкаў, бо мясцовыя бюджэты не адлюстравалі гэтыя патрэбы [...]валвыканкамаў і гарсаветаў не адпускаюць на асветную дзейнасць сярод нацменшасцей прызначанага асігнавання [...] выкарыстоўваючы гэтыя сродкі на іншыя мэты [...] Вопыт мінулага года паказаў, што пасыланыя НКА сродкі на курсы нацменпрацаўнікоў часта выкарыстоўваюцца на агульныя курсы"13.
Калі ў галіне асветы карэннай нацыянальнасці справы ішлі, у цэлым, не бліскуча, дык "на жаль, у найцяжэйшых умовах апынуліся нацыянальныя ўстановы"14.
Праца па ажыццяўленні ўказанага вышэй плана, які быў складзены ў 1925 г., пачалася толькі ў 1927 г. у памежных з БССР раёнах, у асноўным метадамі кампанейшчыны. Мусіць, абагульнены малюнак з'явы паказвае дакладная запіска ў Смаленскае АблАНА: "У 1927 годзе ў Шумяцкім раёне адчынілі 11 беларускіх школ [...] пачалі пераводзіць заняткі на беларускую мову ды насаджаць беларускія школы, што адбывалася з вялікім супрацівам навакольнага рускага насельніцтва"15.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што фіксуюцца і іншыя прыклады, калі "навучэнцы ахвотна займаюцца на беларускай мове [...] беларуская школа мае аўтарытэт, і стаўленне населыгіцтва да тых школ, якія добра працуюць, змяняецца да лепшага"16. Такіх была меншасць, трымаліся яны на энтузіязме зацікаўленых людзей. Становішча пагаршала тое, што беларускіх настаўнікаў пасылалі на працу ў рускія школы, а рускіх — у беларускія. 3 ліста настаўніка І.Варанога ў Смаленскі AHA: "Настаўнікам у рускую школу не пайду, лепей звольніце, бо да канца хачу застацца ў беларускай школе"17.
Прыведзеныя вышэй і іншыя прыклады наводзяць на думку пра несур'ёзнасць, дакладней, безадказнасць працаўнікоў на месцах, няўменне або нежаданне прадстаўнікоў мясцовых органаў старанна ўнікаць у сутнасць складаных і далікатных праблем, звязаных з нацыянальнай працай. Дакументы пацвярджаюць гэтае меркаванне: "Нізавыя савецкія органы [...] ні клопату, ні зацікаўлення да асветнай сеткі нацменаў не выяўляюць, школьная сетка працуе выключна дзякуючы намаганням і клопату населыгіцтва і настаўнікаў [...] У той час, калі некаторыя рускія школы атрымалі ў спадчыну ад старой школы абсталяванне і памяшканне [...] беларускія школы [...] нічога гэтага не маюць"18. У рэзалюцыі I з'езда інспектараў AHA (1932) адзначаюцца наступныя недахопы: "...недаацэнка важнасці культпрацы сярод нацменшасцей з боку гаспадарчых органаў [...] вьшадкі абуральнага стаўлення раёнаў да падачы звестак і справаздач аб працы сярод нацменшасцей"19.
Дарэчы, пра справаздачнасць. З ёю звязана яшчэ адна вельмі важная праблема. Справа ў тым, што ў розных органах савецкай улады існавала градацыя сістэмы справаздачнасці. Усё залежала ад таго, адкуль і куды пасылаўся дакумент. У выніку карціна з'явы моцна скажалася, да многіх дакументаў даводзіцца ставіцца насцярожана. Вось, напрыклад, што хаваецца за справаздачным радком афіцыйнага дакумента: "Руднянская дзевяцігодка лічыцца беларускай, але ні паводле складу, ні паводле мовы выкладання такой прызнана быць не можа [...] З 16 беларускіх школ толькі 8 працуюць на беларускай мове"20.
Што ж з'явілася першапрычынай недахопаў у нацыянальнай працы — палітыка цэнтра або памылкі і скажэнні яе на месцах? Відаць, мела месца і тое, і другое.
Дзеянні слабакампетэнтных мясцовых органаў часта былі вынікам палітыкі высокіх інстанцый, якія дэкларавалі адно, на справе ж імкнуліся зусім да іншага. Агульная лінія кампартыі на карэнізацыю нацыянальных меншасцей, што была вьшрацавана і ўзята на ўзбраенне ў пачатку 20-х, у 30-я гады вычарпала сябе, паказаўшы нацыянальнай інтэлігенцыі, наколькі яна памылялася, калі лічыла "карэнізацыю" не тактыкай, а стратэгіяй партыі.
Але прычыны няправільных дзеянняў мясцовых органаў часта мелі і, так бы мовіць, унутраны характар. Дакументы дазваляюць зрабіць высновы, што меў месца разрыў паміж заканадаўствам цэнтральных органаў і яго ажыццяўленнем на розных узроўнях. Гэта прыводзіла да таго, што дырэктыўныя дакументы, часта змястоўныя, рацыянальныя па сутнасці, даходзілі да месцаў у скажоным выглядзе, а недахоп агульнай і палітычнай культуры выканаўцаў на месцах істотна змянялі як сутнасць гэтых законаў, так і рэалізацыю іх. У дакладзе аддзела нацыянальнасцей УЦВК пра стан карэнізацыі савапарату па Заходняй вобласці гаварылася: "Ёсць добрыя пастановы па працы сярод нацыянальнасцей, але выконваюць іх дрэнна"21. Да таго ж некаторыя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы розных узроўняў у прынцьше супраціўляліся (пра што прыгадвалася вышэй) карэнізацыі беларускіх органаў. Вось яшчэ адно сведчанне: "Прызнаць як недахоп адсутнасць адказнасці за нацыянальную працу партарганізацый і асобных працаўнікоў [...] Праца па культурным абслугоўванні беларусаў сустракае скептычныя адносіны з боку савецкіх працаўнікоў"22.
Невысокі быў узровень культработнікаў, якія абслугоўвалі ўстановы нацменшасцей: "Кваліфікацыя работнікаў асветы, што абслугоўваюць беларусаў, вельмі нізкая, значна ніжэй, чым па велікарускай лініі. У нацыянальных школах першай ступені амаль няма настаўнікаў, якія скончылі б педтэхнікумы або мелі спецыяльную педагагічную адукацыю [...] выкладчыцкі склад запатрабаванням ШСМ (Руднянскай беларускай школы сялянскай моладзі) не адпавядае..."23
Стан нацыянальнай працы ў значнай ступені вызначала цяжкае эканамічнае становішча краіны. I дакументы пра гэта сведчаць зусім пэўна, але нельга толькі такой прычынай вытлумачыць спад нацыянальнай працы ў пачатку 30-х гадоў, а потым і яе спыненне.
Пра вынікі гэтай працы, пра стан беларускіх органаў сацыянальнага выхавання і палітасветы ў сярэдзіне 30-х гадоў дакументы гавораць наступнае: "У выніку абследавання выяўлены выключна дрэнны стан нацыянальных школ [...] Сельсаветы, раённыя арганізацыі ды АблАНА недастаткова займаюцца гэтымі пытаннямі [...] Адзначана наяўнасць шэрагу скрыўленняў у пытаннях правядзення карэнізацыі беларускіх школ, што выяўляюцца ў штучнай і непадрыхтаванай беларусізацыі [...] Цяпер [у 1935 г.] беларускія школы фактычна заняткі праводзяць на рускай мове [...] У Бярэзінскай беларускай школе, размешчанай праз тры кіламетры ад БССР, выкладанне вядзецца на мяшанай мове; гэта тлумачыцца тым, што выкладчыкі слаба ведаюць беларускую мову [...] Насельніцтва, якое акружае беларускія школы, неаднойчы ставіла пытанне пра закрыццё гэтых школ, бо дзеці зусім не разумеюць, настаўнікі ж, за рэдкім выключэннем, літаратурнай мовы не ведаюць"24. Прыкладна такое ж становішча спраў адлюстравана ў дакладной запісцы загадчыка Гардзееўскім РайАНА: "Я лічу [...] што нам пара перастаць здзеквацца з беларускай культуры і калечыць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову толькі дзеля таго, каб у якасці пакарання дражніць беларускімі словамі таварышаў па школе. Настаўнікі па-беларуску размаўляюць толькі ў школе [...]"25.
Такім чынам, на ход і вынікі працы мясцовых органаў па карэнізацыі нацыянальных меншасцей, у прыватнасці беларускага населыгіцтва, паўплываў шэраг аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў ідэалагічнага, матэрыяльнага і культурнага парадку.
(Пераклала з рускай мовы Святлана Сачанка)
Спасылкі:
1 Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918. С. 6.
2 Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990. С. 51.
3 Тамсама. С. 30.
4 Тамсама. С. 53.
5 Соловьев Я.А. Сельскохозяйственная статистика Смоленской губернии. М., 1855. С. 93-98.
6Гл.: Карский Е.Ф. Белорусы. Варшава, 1903. С. 187; Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Смоленск, 1914.
7 Гл.: Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. СПб., 1904. Т. 40. С. 16; Статистический сборник Всесоюзной переписи. 1926. М., 1927.
8 Дзяржаўны архіў Смаленскай вобласці (далей ДАСВ), ф. Р—19, воп. 1, спр. 4515, арк. 88.
9 Тамсама, спр. 4746, арк. 278.
10 Тамсама, спр. 4289, арк. 20.
11 Тамсама, спр. 3903, арк. 12.
12 ДАСВ, ф. Р 19, воп. 1, спр. 4514, арк. 90.
13 Тамсама, ф. Р-2360, спр. 1480, арк. 12.
14 Тамсама, ф. Р 19, воп. 1, спр. 4746, арк. 80.
15 Тамсама, ф. Р-2350, воп. 4, спр. 271, арк. 257.
16 Тамсама, ф. Р 19, воп.1, спр. 4746, арк. 84-85.
17 Тамсама, ф. Р-2350, воп.2, спр. 237, арк. 167.
18 ДАСВ, ф. Р 19, воп.1, спр. 4746, арк. 82
19 Тамсама. ф. Р-2350, воп.З, спр. 136, арк. 78.
20 Тамсама, ф. Р 19, воп. 1, спр. 4748, арк. 72.
21 Тамсама, ф. Р-2360, воп. 1, спр. 1480, арк. 231
22 ДАСВ, арк. 149.
23 Тамсама, ф. Р-2360, воп. 1, спр. 1916, арк. 16.
24 Тамсама, ф. Р-2350, воп. 4, спр. 271, арк. 240.
25 Тамсама, арк. 258.

