|
Аляксандр Баршчэўскі (Варшава)
Малая і вялікая айчына ва ўспрыняцці беларусаў з Усходняй Беласточчыны
Пачынаючы з 1960 г. я досыць часта праводзіў размовы — галоўным чынам з жыхарамі сваёй вёскі Бандары (але не толькі з імі) на тэму малой і вялікай айчыны. I з пэўнай прыкрасцю пераканаўся, што ўсе мае размоўцы не ўжываюць такіх тэрмінаў, як: айчына, радзіма, бацькаўшчына для абазначэння ўсходнебеластоцкага рэгіёна або ўсёй Беларусі.
Мой бацька, Андрэй Баршчэўскі (1887-1975), наступным чынам вытлумачыў тэрміналагічную спецыфіку, звязаную з акрэсленнем належнасці да роднага народа і роднай краіны: "У нас то тут ніхто не гаворыт ні айчына, ні радзіма, ні бацькаўшчына. Людзі нашы гаворат: родзіна, наш край, наша старана, родны куток, родна зямля. От, калі я адступаў з рускім фронтам праз Беларусь у 1916 року ў Першу міравую вайну, то там я чуў такія слова, як радзіма і айчына, але ў нас тут людзі такіх слоў не упатрэбляют. Ну, а што касаецца слова бацькаўшчына, то яно ў нас выступае, але касаецца не цэлаго беларускаго краю, а толькі таго, што мы дастаем ад сваіх бацькоў. Напрымер, часто аб сваім падворку гаспадар гаворыт: мая бацькаўшчына. Ну, таксамо можэ сказаці пра ўсю сваю гаспадарку, катору пераняў ад свайго бацькі. А найчасцей то пра бацькаўшчыну гаворат тыя маладзіцы, што, ідучы замуж, дасталі ад бацькі кусок поля або лонкі. Ну, то такая маладзіца да канца жыцця будзе гаварыці, што яна ідзе жаці, капаці ці грабсці на бацькаўшчыну. Значыцца, на той кусок зямлі, каторы дастала ад бацькі. А вогуле пра родны край то мы найчасцей гаворым: родзіна. А што касаецца гэтае, як ты кажэш, малое і вялікае айчыны, то ў нас мало хто гаварыў. Хоць калі так добрэ падумаці, то я панімаю, аб чым ты пытаеш. Калі разабрацца, то я не раз аб гэтым дзелі думаў, хоць ніколі мне ў голоў не прыходзіло, што гэто можно называці малою і вялікаю родзінаю. Але раз ты хочэш, скажу так, калі дзіця знаходзіцца ў жывоце мацеры і аб нічым і не думае, то гэты жывот і ест малою родзінаю. Ну, а калі дзіця ўжэ народзіцца, то для яго родзіна — мацерын прьшол і цыцка. А калі яго паложат у калыску, то для яго родзіна — гэта калыска. Як яно пачне поўзаць і хадзіці, то сотні раз за дзень абпаўзе або абыдзе ўсю хату. To для такога дзіцяці родзіна — ужэ цэла хата. Ну, а калі мае так лет чатыры-пяць, то бегае па падворку, і тады яму здаецца, што родзіна гэто — бацькавы падворок. А як крыху падрасце і пойдзе да дзяцей гуляці па вёсцы, то тады для яго родзінаю робіцца цэла вёска. А як пойдзе ў школу і пазнае калегаў з чатырох-пяці вёсак, то яму здаецца, што родзіна ўсюды там, дзе жывут яго равеснікі. Калі я быў так можэ сямілетнім хлопцом, то вельмі часто лазіў на самы верх высокае бярозы, катора ў нас расла на падворку. To, бывало, як залезу, то пагляджу на ўсход і бачу вёскі: Рыбакі, Гарбары і Боўтрыкі. Пагляджу на паўднёвы ўсход і бачу вёску Луку. Пагляджу на палудзень і бачу за Нарваю Нахімаву карчму. Пагляджу на палуднёвы захад і бачу вёску Слабодка. Пагляджу на захад, а там вёскі: Багнюкі і Танніца. Ну, і мне тады здавалася, што гэто мая родзіна, а ўсё тое, што далей, то гэто ўжэ чужая старана. А як стаў кавалером і пачаў ездзіць на рынок у Ялоўку, Нараўку, Гайнаўку, Нарву і Нізбодку, то мне пачало здавацца, што ўсе гэты меснасці то таксамо мая родзіна. А калі ўзялі мяне ў руску армію ў Модлін пад Варшаваю, то бывало, як спаткаю салдата і дазнаюся, што ён з Гродзеншчыны або з-пад Брэста, то ўжэ мне здаваласё, што ў нас тая сама родзіна. А калі ў 1917 року после бальшавіцкае рэвалюцыі мене знялі з фронту і направілі на ахрану жалезнае дарогі ў Маскву, то там калі толькі спаткаў чалавека з Беластоку, з Мінска, з Віцебска чы з Полацка, то мне ўжэ здаваласё, што гэто свой чалавек і што ў нас адна і тая сама родзіна. I адразу было нам аб чым пагаварыці і паўспамінаці, хоць часто той чалавек ніколі і не чуў пра мае Бандары, Ялоўку чы Гайнаўку. Так што сам бачыш, што родзіна як бы разрастаецца разом з тым, як расце чала-век, і з тым, куды кіне яго судзьба. Але вядомо, што найбольш трогае чалаве-чэ сэрцэ тая вёска, у каторой ты нарадзіўся, — і свая хата, і свая гаспадарка. От, таму можэ ты і маеш рацыю, калі гаворыш пра малую і вяліку родзіну. Калі разабрацца, то яно і напраўду так палучаецца, што маем як бы дзве родзіны: адну меншу, а другую большу. Ну, а катора з іх важнейша для чалавека? Вядомо, што кажды можэ думаці па-свойму, але для мене то была, ест і будзе да смерці найважнейша малая родзіна".
Амаль усе мае размоўцы старэйшага пакалення згодна падкрэслівалі, што яны ў дзяцінстве і юнацтве ніколі не сутыкаліся ў школе ці царкве з папулярызацыяй беларускага патрыятызму з боку настаўнікаў ці духоўных. Наадварот, у школе, у царкве (не гаворачы ўжо аб рускай арміі) як настаўнікі, так і духоўныя і афіцэры ўбівалі ім у галовы, што кожны праваслаўны — гэта рускі, а Гродзеншчына і ўся Беларусь — гэта спрадвечная руская зямля. Амаль ніводзін з маіх размоўцаў аж да 1917 г. не сутыкнуўся з якімі-небудзь інфармацыямі ці ідэямі, звязанымі з беларускай дзяржаўнасцю. Выключэннем было некалькі жыхароў вёскі Клейнікі Гайнаўскага павета, якія гаварылі, што ў 1906-1914 гг. сутыкнуліся з "Нашай Нівай", якая пісала пра беларускую нацыянальнасць як пра штосьці аддзельнае ад рускай нацыі.
Мой дзядзька, Пётр Баршчэўскі, які ў Першую сусветную вайну служыў у Балтыйскім флоце, а ў часе грамадзянскай вайны папаў аж у Сібір, дзе быў уключаны ў калчакоўскую армію, выказаўся на тэму радзімы наступным чынам: "Бачыш, яно выглядае так. У школу то мы тут за цара хадзілі ўсяго па пару зімаў, от так-сяк вучыліся чытаці і лічыці і гэто ўсё. Ніхто там нас ні вучыў любіць свой край. Ты ж напэўно знаеш, што ў палякаў то вельмі моцно гэтаю справаю займаюцца ксяндзы, а нашы духоўны то ні нажымают на гэто дзело. От, калісь да першае вайны то ў цэрквах маліліся і за цара, і за Расею, але я ніколі ні чуў, каб каторы там поп маліўсе за Беларусь. Ну, а бацькі дзяцей то таксамо ні вучат гэтае штукі, значыт ні аб'ясняют, што родзіна то павінна быць найважнейша ў цэлым нашым жыці. Бачыш, такая ўжэ была наша судзьба. А цяпер то ты думаеш па-другому робіцца? Цяпер то яшчэ горш, чым было. Калісь то хоць усе бацькі да малых дзяцей гаварылі па-беларуску, а цяпер паглядзі, ні толькі ў гарадах, але і ў вёсках пачалі да дзяцей ад калыскі гаварыці па-польску. А ты глянь, што робіцца ў Беларусі. Там жэ ж ніхто па-беларуску слова ні скажэ. Ездзіў мой Шурык і Жэня да сваякоў у Масты і ў Мінск, і што ты думаеш, гаворат, што там нідзе ніхто нават словам беларускім не брэнкне. Усе па-руску шчэбечут.
Ну, а што касаецца мяне, то я табе скажу так. Мяне то любіць сваю родзіну — Беларусь — навучылі рускіе. А знаеш, як навучылі? Калі мяне прызвалі ў рускую армію ў 1914 року, то аказалася, што я вельмі здаровы і сільны чалавек і таму мяне направілі ў Балційскі флот. To як я тады думаў пра родзіну? Ну, думаў, што я праваслаўны, значыцца, рускі і мая родзіна Расія і ўсё. А тут аказалася, што яно ні так. У нас на караблі на 85 чалавек каманды ўсе былі рускія і толькі нас двох беларусаў з Гродзеншчыны. To вядомо, што мы па-руску гаварыці не ўмелі і гаварылі па-своему, папросту. To значыцца, гэтыя рускія пачалі смяяцца з каждаго нашаго слова. Скажэш бывало ні солнцэ, a сонцо, а яны ўжэ на цябе крычат: "Сонцо, куда пошел!" "Сонцо, к капитану!". Скажэш ні жопа, але срака, і ўжэ цэлы карабель сракаю цябе называе. I от, такім спосабом яны нам выбілі з галавы тое, што мы рускіе. I толькі ад таго моменту я пачаў аб сабе думаці як аб беларусе, а ні аб рускім. I толькі там я паняў, што мая родзіна гэто ні Расея, але Беларусь. Ну, але вядомо, што чалавек ні меў ніякае паддзержкі. Я ж ані ў флоці, ані после ў Сібіры ні бачыў ані аднае беларускае кніжкі чы газэты. Чуў, што беларускіе дзеяцелі збіралі беларусаў па Сібіры, але сам з імі ні спаткаўсе. Так што бачыш, як яно бывае, рускіе мяне адбілі ад Расеі і папхнулі ў бок Беларусі".
Пасля вайны ў нашай вёсцы пасяліўся Піліп Карэтка. Паходзіў ён недзе з-пад Пружан. У час вайны быў мясніком у Ялоўцы. У гэты час, будучы ўдаўцом, ажаніўся ён з маёй дваюраднай сястрой Надзеяй Мядзведзь з вёскі Мядзведзі каля Нараўкі. Пасля вайны Карэтка з сям'ёй пасяліўся ў маёй вёсцы і асеў на гаспадарцы Валодзі і Аляксандра Казберукоў, якія ў час рэпатрыяцыі паехалі ў 1946 г. у БССР.
Піліп Карэтка быў крыху маладзейшы, чым мой бацька. Характарызаваўся выключнай весялосцю. Любіў жартаваць з іншых, але не абражаўся, калі іншыя жартавалі з яго.
Вельмі мяне здзівіла, калі ў 1965 г. Піліп Карэтка сказаў, што ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Мінскім гарнізоне, што спатыкаў вядомых бальшавіцкіх дзеячаў Ландэра, Мяснікова і што ўдзелыгічаў у разгоне агульнабеларускага з'езда ў 1917 г. I гэта мусіла быць праўдай, бо Піліп Карэтка газет ані кніг не чытаў і з такіх крыніц не мог чэрпаць ведаў пра тагачасныя падзеі ў Беларусі. Ва ўспамінах Піліпа Карэткі выступілі даволі доўгія разважанні пра зараджэнне яго нацыянальнай свядомасці і пра тое, як ён трактуе Радзіму. З гэтай прычыны выказванні Піліпа Карэткі маюць вельмі істотнае значэнне для маёй тэмы. Вось фрагменты ўспамінаў майго размоўцы: "Я, брацішку, быў салдатам разервнога палка ў Мінску, калі яшчэ ні пачалася бальшавіцка рэвалюцыя ў Маскве і Піцеры. Але ў гэтым часе то ўжэ ад бальшавікоў аж кішэло ў Мінску. Ваны ўсе склікалі міцінгі і гаварылі аб справядлівасці, аб роўнасці, аб зямлі для мужыкоў і фабрыках для рабочых. Крычалі таксамо, што царска Расея была цюрмою народаў і што ваны, значыцца бальшавікі, дадут свабоду ўсім народам. Я то ведомо, што лічыў сябе рускім праваслаўным чалавеком. Аж тут у наш полк пачалі прыязджаць агітатары, каторы гаварылі, што рускі народ і беларускі народ то гэто разны народы і што Беларусь павінна меці свае аддзельнэ гасударство.
Ты знаеш, брацішку, як я гэто пачуў, то пару начэй нават ні спаў, усё думаў і думаў пра гэту штуку, ну і яно так выходзіло, што гэто ж было б добрэ.
Ну, але наш полк то як бы падлягаў Ландзеру, каторы быў латышом, і Мяснікову, каторы быў арменцам. To значыцца ваны былі як бы пасланцамі ад Леніна і ваны крычалі, што пралетарыят усяго свету павінен меці адну родзіну.
А трэбо сказаці, што ў нашым палку то каля палавіны салдат то былі ўраджэнцы Беларусі. Ведомо, што быў гэто розны народ. Але ўсё ж такі для большасці то тыя беларускія агітатары, каторы былі за незалежнасцю Беларусі, падабаліся больш, чым тыя, што крычалі за Расею. Ну але глаўны начальнікі то былі Ландзер і Мяснікоў, асабліва тады, калі ўжо рэвалюцыя пабедзіла і ў Маскве, і ў Піцеры.
Я то найбольш запомніў як да нас у полк прыехаў хібо што капітан з такою якоюсь падвойнаю фаміліяю Рак Міхжэйскі або штось такое. Ну то вон вельмі шпарка і на беларускім языку гаварыў аб тым, што прыйшла, значыцца, аказія для таго, каб Беларусь узяла сваю судзьбу ў свае рукі. Харошы быў мужчына і відно разумны. To вон, брацішку, на адным міцінгу гаварыў, што беларусы з усіх куткоў краю павінны выбраць дзелегатаў і гэты дзелегаты павінны забрацца на вялікім з'ездзі і што гэты з'езд павінен выбраці дарогу, па каторай пойдзе цэлы беларускі народ. Ну, кроме яго то прыязджалі многі іншы. Так што ў канцы канцоў мы выбралі з свайго палка дзелегата. Гэто быў ефрэйтар, каторы падаўся ў бальшавікі. Ну, але вон таксамо моцно, значыцца, стаяў за незалежную Беларусь, то таму мы яго і выбралі".
Прыводжу далейшы фрагмент выказванняў жыхара Бандароў Піліпа Карэткі аб Першым агульнабеларускім з'ездзе ў 1917 г., у якім нямала разважанняў пра радзіму:
"To значыцца, брацішку, было так. Калі ўжэ дзелегаты з'ехаліся з усяе Беларусі, то нас сабраў начальнік мінскаго гарнізона, а быў гэто палкоўнік, толькі фаміліі чорта не помню, і сказаў: "Вот в этом театре собраллсь верные сыновья белорусского народа, чтобы определлть судьбу своей революцлонной родлны. Возможно, что контрреволюционные элементы хотят к ним прорваться, чтобы нм помешать в работе. Вот дело заключается в том, чтобы такой элемент отпихнуть словом, а если слово не поможет, тогда употребим приклады, а если и этого будет мало, тогда надо будет пользоваться штыком и даже пулей!"
Ты знаеш, брацішку, напалохаў ён нас такімі словамі. Але, што парадзіш. Салдат ест салдат і мусіт выпаўняць прыказ камандзіра. To мы, значыцца, зрабілі пасты кругом таго будынку, у каторым збіраліся дзелегаты. Але ты знаеш, ніхто з горада ні прарываўсе, ні нападаў, так што нам ні прышлосе ўпатрэбляці ні слоў, ні прыкладаў, ні штыкоў, ні куляў. Правяралі толькі дакументы дзелегатаў і ўсё. А трэба сказаці, што гэты дзелегаты то былі вельмі разным народом. Ішлі і панкі ў капелюшах, і вайскоўцы, і, відно, рабочыя. Ішлі таксамо мужыкі з торбачкамі за плячыма. Некаторыя то нават былі ў пасталах. Так, бачыш, моцно пераняліся, відно, гэтаю справаю незалежнае Беларусі.
I ты знаеш, брацішку, што сталасо? Думай ні думай, ні прыдумаеш! Так дзесь хібо на другую ноч после таго, калі ўжэ гэты з'езд пачаўсе, раптам паявіўсе той самы палкоўнік з добраю ротаю новых салдат. Сабраў ён нас кругом сябе і знаеш што заспіваў? Сказаў больш-менш так: "Оказалось, что в этом здании собрались белорусские предатели, враги белорусского народа, националисты. Они хотят вернуть землю помещикам и фабрики буржуям. Стараются поссорить русский рабочий революционный класс с белорусским рабочим революционным классом. Наша задача состоит в том, чтобы этих националистов разогнать на четыре стороны света. Вы оставайтесь на местах, а приведенные мною солдаты будут выгонять из театра этих сволочей. Ваша задача состоит в том, чтобы их хватать за шиворот, давать подзатыльники и гнать прочь. Если понадобится, пускать в ход кулаки, приклады, штыки н пули. Выполнять приказ со всей строгостью!"
Ты знаеш, брацішку, я поўнасцю збаранеў, пачуўшы такое. Стаю сабе і думаю: "Так тваю маць, ты ж нідаўно гаварыў, што тут сыны народа, а цяпер ужэ яны ні сыны, але ворагі народа?! Ну але, што ты будзеш гаварыці, калі ты толькі салдат радавы і больш нічого. Ну і той палкоўнік папёр у будынок. Там, відно, супраціўляліся, бо так мінут дваццаць ніхто з будынку ні выходзіў, і толькі после пачалі вывалакаці тых цэлых дзелегатоў. Але як яны выглядалі?
У аднаго нос разбіты, у другого шышка на лобі. А адзін мужычок то выбег толькі ў адным пастале на назе. Відно, у шарпаніні пастол ему з нагі сарвалі.
I што ты думаеш, брацішку, у канцы з будынку выгналі нашага ефрэйтара з расквашаным носам. А ён, халера, пастаяў, ачухаўся і зноў у будынак папёр. Але калі ему, відно, прыкладом шышку набілі на лобі, то ён і кажэ: "Братцы, гэтые б... разагналі ўсё народнае сабранне. Але гэто нішто. Мы напішэм Леніну, і ён іх перастраляе як сабак".
Ну, мы, значыцца, яшчэ цэлу ноч стаялі кругом будынку, але ніякіх ні кулакоў, ні прыкладаў, ні штыкоў, ні куляў ні ўпатраблялі, бо пабіты дзелегаты парасходзіліся, хоць кулакамі і махалі, і ругаліся моцно". Піліп Карэтка канстатаваў: "To мне, брацішку, здаецца так, што ані рускіе, ані палякі нам поўнае свабоды не дадут. Яны заўшэ Беларусь будут сябе з рук вырываці, таргавацца і за яе біцца. А чаму ім гэто Беларусь так патрэбна? Ну, бо бачыш, брацішку, у нас тут много лясоў, і мы народ працавіты. А пры гэтым мы паслушные і не бунтуемся. Значыцца, мы народ падхадзяшчы на нявольнікаў, мы ж не толькі ў чужой старане, але і ў сваёй не ўмеем чужому нахалу даць у зубы. Мы для ўсіх добры, толькі для себе кепскі. Ну, то ты мне скажы, брацішку, чы такі народ, як беларусы, даб'ецца свабоды? Hi чарта не даб'ецца. Але ўсё ж такі скажу табе, што ў часе Акцябрскае рэвалюцыі то тысячы такіх, як я, беларускіх бедалагоў дазналіся першы раз, што яны належат не да рускаго чы польскаго, а толькі да беларускаго народу.
Ты ж, брацішку, часто ездзіш у Мінск. Чы ты мог бы там прабіцца да гэтаго Ландзера і Мяснікова, каторы тады рабілі Акцябрскую рэвалюцыю? Калі б прабіўсе, а яны напэўно цяпер вялікі начальнікі, то прыпомні ім салдата Піліпа Карэтку. Можэ якую сціпендзію або эмэрытуру далі б. Гэто для іх мелач, а тут чалавекові прыдалося б".
У канцы сваіх разважанняў Карэтка расказаў пра шматлікіх беларусаў, якія пасля разгрому Грамады ўцякалі з Польшчы ў савецкую Беларусь, і там, як правіла, траплялі ў лагеры або пад расстрэл. Канец разважанняў Піліпа Карэткі меў сумны характар. Вось яго словы: "От табе, брацішку, і маеш нашу беларуску родзіну. He, Баршчэўскі, ні палякі, ні рускіе не дадут нам свабоднаго гасударства. Можам у іх толькі быць парабкамі і ўсё. Ты не думай, што калі ты закончыў свае універсітэты, то ты будзеш ужэ роўны з польскім паном чы рускім гаспадзіном. He, брацішку, раней чы пазней возьмуць за жабры. Я так думаю, а ты думай як сабе хочэш. Ну, і на заканчэнне, брацішку, яшчэ скажу табе адну штуку. Мы нічого не зробім і не даб'ёмся ніякае незалежнасці, бо не маемо сілы. От, вазьмі ты хоць бы мене. У 1917 року я моцно сачустваваў тым беларускім дзеяцелям, што засядалі ў цеатры і хацелі, каб Беларусь была вольнай. Значыцца, я думаў так, як і яны. А што я рабіў? Я, брацішку, іх разганяў, бо так прыказаў палкоўнік. От і ўсё тут. Сілы мы не мелі і не маем, а светом кіруе той, хто мае сілу. Ну, а гэты палякі і рускіе, то яны сплашные палкоўнікі. От, і ўсё, брацішку, што я хацеў сказаці пра нашу родзіну".
Усе дагэтуль цытаваныя выказванні беларусаў з усходняй Беласточчыны былі занатаваныя ў перыяд існавання БССР. Абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь унесла ў разважанні ўсходнебеластоцкіх беларусаў новыя матывы і трактоўкі. Новыя інтэрпрэтацыі беларускай рэчаіснасці не мелі і не маюць на сённяшні дзень аднароднага характару. У адных размоўцаў факт узнікнення незалежнай Беларусі выклікаў поўнае адабрэнне, у другіх — крытыцызм або скептыцызм. Ужо ў 1991 г. правёў я доўгую размову з жыхаром роднай вёскі Бандары Фёдарам Баршчэўскім (1911-1992), які досыць адмоўна аднёсся да ідэі незалежнай Беларусі: "Ну, яно вядомо, што кажды чалавек мае сваю родзіну, але не кажды мае сваё гасударство. От, калі гаварыць пра беларусоў, то яны мелі дагэтуль спулнэ гасударство з Расеяю. Ну, ты мне тут гаворыш, што вяліке шчасце меці сваё ўласнэ гасударство, і таму вельмі добрэ, што паўстае незалежна Беларусь. А я з табою не згаджаюсе. Ты ж толькі падумай: Беларусь не мае нефці, не мае газу, не мае жалеза і не мае доступу да мора. To якую яна можэ меці незалежнасць, калі яна не мае сыр'я і выхаду ў свет. To ж разом з Расеяю жылі нашы прадзеды, дзеды і бацькі. Ты ж падумай толькі: сядае сабе беларус у поезд у Свіслачы і грахочэ аж да Уладзівастока або на Камчатку. От, гэто то родзіна, на дзесяць тысяч вёрст, а не якісь там клапець беларускае зямлі. Я то думаю, што калі Беларусь астанецца без Расеі, то ёй кажды можэ каюк зрабіці. Ну, вядомо, што Сталін то быў людаед. Але ж ён адзінакаво мучыў усе народы: і беларускіх, і рускіх, і украінцоў, і навет сваіх родных грузіноў. Ну, але пры Хрушчове чы пры Брэжневе то ўжэ такого не было, што пры Сталінаві, калі за абыякі жарцік пра яго давалі дзесяць лет лагера. Значыт, гэто ўжэ быў другі Савецкі Саюз — лепшы і больш дземакратычны. Але бачыш, прыйшлі балбесы Гарбачоў і Ельцын да ўласці і развалілі ўсё к чортавай мацеры. Гэто яны давелі да нішчэты ўсіх людзей, а самі збагацелі так, што не знают, куды дзеваці багацтвоў. Яны пасварылі народы, каторы дагэтуль жылі ў згодзе. Можэ быць яшчэ такое, што тые народы, каторы ўваходзілі ў Савецкі Саюз, пачнут паміж сабою ваеваці і кроў праліваці.
Ты мне тут гаворыш, што народы павінны заплаціці за сваю незалежнасць і дземакрацію. А чаму гэто яны павінны плаціці? Калі незалежносць такая добра, то пры ёй павінно людзям жыцца лепш, а не горш. А ты паглядзі, што робіцца з гэтай Беларусяй. To ж з гэтае незалежнае Беларусі прут людзі па цэлай Польшчы і займаюцца спекуляцыяю. Ты гаворыш: незалежнасць, незалежнасць. А то ж было ў Савецкім Саюзе галасаванне, чы людзі хочут таго Савецкага Саюза чы не хочут. Ну, і больш як восемдзесят працэнтоў беларусоў, украінцоў і рускіх было за тым, каб Савецкі Саюз быў. Ну, то якім правом яго цяпер развалівают? To значыцца, гэту незалежносць аб'яўляют проціў волі народу. Ты тут гаворыш, што ў свабодной Беларусі адродзіцца беларускі язык. А як ён табе адродзіцца, калі ўсе там шчэбечут па-руску? Можэ ты і маеш рацыю, што Сталін забіў беларускі язык церором. Ну, то што, цяпер язык варочаць зноў церором, чы як? Я табе скажу, Александэр, так: каб у гэтуй незалежносці жылося людзям лепш, то людзі яе паддзержалі б. Але раз у ёй жывецца горш, то людзі цэлы час будут аглядацца за Савецкім Саюзом.
I яшчэ адно табе скажу. Ты не думай, што рускі бальшавікі такіе дурные, што яны выпусцят з рук Беларусь. He, не выпусцят. Яны знойдут у Беларусі такіх людзей, каторы гэту Беларусь на вяровачцы ў Маскву заведут. От, я так, Александэр, думаю пра гэту, як ты кажэш, вяліку родзіну".
Значную цікавасць уяўляюць сабой выказванні пра айчыну жыхара вёскі Багнюкі Сцяпана Багнюка (1912-1994). Сцяпан Багнюк, у адрозненне ад Фёдара Баршчэўскага, не аспрэчваў важнасці ідэі незалежнасці Беларусі, аднак не верыў у тое, што самі беларусы ў стане ўласціва пакіраваць лёсам незалежнай дзяржавы. Лічыў ён, што ва ўрадзе Рэспублікі Беларусь павінны знайсціся прадстаўнікі такой нацыі, якая пазволіць Беларусі выйсці з міжнароднай ізаляцыі: "Нам, беларусам, — гаварыў Сцяпан Багнюк, — то трэбо вучыцца ад жыдоў, бо яны разумны, а мы дурные. Калі жыд пралезе на добру пасаду, то ён за сабою працягне дваццэць або трыццэць жыдоў. А беларус наадварот: калі толькі зойме добры пост, то ён не толькі не пацягне за сабою іншых беларусоў, але нават тых, каторы ўжэ там працуют, павыганяе. А гэто зробіт таму, каб даказаці палякам, што ён іх верны слуга.
От, таму калі я з радзіва дазнаўсе, што аб'яўлена назалежна Беларусь, то вельмі моцно ўцешыўсе. Але зараз сабе падумоў, што самі беларусы гэту незалежнасць могут згнаіці. Паглядзі, што знайдзецца якаясь балда, катора ўсё гэто змарнуе. Я знаю, што ты часто бываеш у Мінску. Я цебе навет пару разоў з мінскага радзіва чуў. To ты як пабачыш беларускіх галавароў, то абавензково скажы ім, каб яны да беларускаго правіцельства ўзялі пару жыдоў. Много іх браці не трэбо, бо поведут поўнасцю жыдоўску паліціку, але пару трэбо ўзяці абавензково, і яны будут весці беларуску паліціку. Ты знай, што жыды трымают у сваіх руках цэлы международны капітал: гандэль у іх руках і банкі таксамо. А без капіталу то ніякае незалежнасці не збудуеш. Каб ты мене спытаў, каторы мінісцерства трэбо аддаці жыдам, то я сказаў бы, што міністэрством ад таргоўлі павінен кіраваці жыд, міністэрством ад банкоў — жыд, міністэрством ад медыцыны — жыд. Бо бачыш, у ўсіх гэтых справах то яны велікі спецыялісты.
He браў бы я ў беларуске правіцельство ні палякоў, ні літоўцоў, ні рускіх, ні ўкраінцоў. Бо бачыш, гэто суседніе страны, і гэты міністры валаклі б Беларусь хто ў Польшчу, хто ў Расею, хто ў Украіну, а хто ў Літву. А жыды ў Ізраіль Беларусі не павалакут, бо да таго Ізраэля можэ з дзесець тысяч вёрст.
Ты ж глянь на Амэрыку. Разумны там людзі, але яны жыдам пачці што ўсю ўласць аддалі. А паглядзі, усе там людзі добрэ жывут. To i Беларусі стаць на ногі жыды памогут".
Хачу тут сказаць, што адзін мой малады размоўца-студэнт рашуча выступіў супраць беларускага патрыятызму і ідэі незалежнай Беларусі, спасылаючыся на тое, што такія імкненні ідуць уразрэз з агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй да дзяржаўнай уніфікацыі і амерыканізацыі ўсіх сфераў жыцця. Паводле майго размоўцы, у варунках уніфікаванай Еўропы беларускі патрыятызм і дзяржаўнасць будуць мець архаічны, рэліктавы характар.
Падагульняючы вынікі доследу, а можа лепш сказаць уражанні, вынесеныя з шматлікіх размоў з беларусамі Усходняй Беласточчыны, якія праводзіў я на працягу апошніх трыццаці гадоў, прагну сказаць, што амаль усе мае размоўцы моцна падкрэслівалі вялікае значэнне пачуцця прывязанасці да родных мясцін і аколіц і мала цікавіліся агульнабеларускім патрыятызмам. Са сказанага, аднак, не вынікае, што беларусы з Усходняй Беласточчыны праяўляюць поўную абыякавасць да вялікай айчыны і ідэі незалежнасці Беларусі. У гэтай апошняй справе былі яны выразна падзелены. Большасць з іх лічылі, што Беларусь, як і ўсе іншыя народы, павінна мець сваю незалежную дзяржаўнасць і адну дзяржаўную мову. Аднак некаторыя з іх уважалі, што будова незалежнай беларускай дзяржавы не мае гістарычнага апраўдання і практычных шансаў.
Амаль усе размоўцы падкрэслівалі, што за эмбрыянальны стан нацыянальнай свядомасці беларусаў нясуць адказнасць суседзі: рускія і палякі, якія на працягу стагоддзяў выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў рэлігійныя канфесіі і асвету.
На маю думку, толькі моцная і незалежная Беларусь, высокі ранг у ёй нацыянальнай мовы і дамінацыя яе ва ўсіх сферах жыцця, пачуццё нацыянальнай годнасці і гордасці кіраўнікоў беларускай дзяржавы, а таксама пастаянны клопат Рэспублікі Беларусь пра беларусаў, раскіданых ва ўсім свеце, могуць прадухіліць асіміляцыйныя працэсы беларускіх асяроддзяў як у Еўропе, так і ў іншых краінах зямнога шара.

