МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Роля беларускай эмiграцыi ў Канадзе // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Жук-Грышкевiч Раiса
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Канада
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Раіса Жук-Грышкевіч (Таронта) Роля беларускай эміграцыі ў Канадзе

Беларусы пачалі прыязджаць у Канаду на пачатку XX ст. — сьпярша з царскай імпэрыі, а пасьля, паміж войнамі, з Заходняй Беларусі. У першым вьшадку паводле дакумэнтаў запісвалі іх расейцамі, у другім вьшадку — палякамі. Была гэта эміграцыя эканамічная, пераважна нацыянальна нясьве-дамая. Нацыянальных беларускіх арганізацыяў у Канадзе тады ня было. У 1958 г. прафэсар Атаўскага унівэрсітэту і ўрадавец Дэпартамэнту грамадзянства і іміграцыі Канады В.Дж. Кэйэ з гэтага поваду пісаў: "Беларуская група да якіх дзесяці год таму назад практычна была няведамай і ўтаясамлялася або з расійскай, або з польскай групай у Канадзе. I толькі пасьля прыбыцьця пасьляваеннай эміграцыі яна выявілася як зь небыцьця, хоць яшчэ і не паданая ў цэнзусе. Беларусы бязумоўна заслугоўваюць на месца паміж іншых этнічных групаў, якія твораць канадыйскую нацыю і бяруць актыўны ўдзел у эканамічным, грамадскім і палітычным жыцьці".

Склад пасьляваеннай беларускай эміграцыі. Пасьля Другой сусьветнай вайны, у 1948 г., пачалася палітычная беларуская эміграцыя. Прыязджалі пераважна маладыя людзі, у значнай меры нацыянальна сьведамыя, выхаванцы беларускіх маладзёжных арганізацыяў на Бацькаўшчыне або беларускіх лягераў у Нямеччыне. Сяліліся яны ў вялікіх гарадах — Таронта, Манрэалі на ўсходзе Канады і Вініпэгу на захадзе. У Канаду прыехала меней беларусаў, чым у ЗША, значна меней інтэлігенцыі.

Беларускія нацыянальныя арганізацыі. Ужо паміж войнамі ў Канадзе была разьвітая сетка камуністычных арганізацыяў, якія рознымі абяцанкамі ўцягвалі ў свае рады беларускіх эмігрантаў ды заадно іх русіфікавалі, рабілі зь іх "русских канадцев".

Першая беларуская нацыянальная арганізацыя — Згуртаваньне беларусаў у Канадзе — была заснаваная ў Таронта ў лістападзе 1948 г. Паўстала яна на ўзор Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Ейныя дзейсныя сябры прыехалі ў Канаду з Англіі, дзе ўжо былі сябрамі ЗБВБ. У 1949 г. першы раз у Канадзе адбылося сьвяткаваньне 25 Сакавіка — Дня незалежнасьці Беларусі.

Мэты і шляхі разьвіцьця беларускага арганізацыйнага жыцьця ў Канадзе былі адразу вызначаны нацыянальнай элітай групы так:

  1. Нам патрэбная моцная нацыянальная арганізацыя, што базуецца на ідэалах Акту 25 Сакавіка. Мэтамі і заданьнямі яе павінны быць:захаваньне і разьвіцьцё беларускіх культурных вартасьцяў — роднай мовы, культуры і гістарычных традыцыяў; інфармаваньне канадскага грамадства аб Беларусі і яе сытуацыі ды пашырэньне сярод яго беларускіх культурных вартасьцяў.

Узгадаваньне моладзі. Каб мець значэньне, трэба ўключацца ў галоўнае рэчышча канадскага жыцьця.

  1. Гэтая арганізацыя павінна мець маральную апору — сваю Беларускую Аўтакэфальную праваслаўную царкву, каб людзі трымаліся свайго, а не расцярушваліся ў цэрквах расійцаў і ўкраінцаў. БАПЦарква сьв. Кірылы Тураўскага была заснаваная ў Канадзе (Таронта) у 1954 г.
  2. Нацыянальная арганізацыя мусіць мець матэрыяльную базу: свій беларускі дом для грамадскага карыстаньня, сваю Крэдытовую суполку (пазычковую касу). Апошняя была заснаваная ў 1953 г., а дом куплены ў 1954 г.

Часам у беларускім друку сустракаецца памылковае сцьверджаньне, быццам бы на амерыканскім кантынэнце беларускія арганізацыі паўставалі каля цэркваў. Наадварот! Беларускія арганізацыі разумелі патрэбу і значэньне сваіх, беларускіх цэркваў і рупіліся пра тое, каб іх арганізаваць.

У Таронта паўстала і другая арганізацыя — Беларускае нацыянальнае аб'яднаньне (БНА), а пры ёй — царква сьв. Еўфрасіныгі Полацкай грэцкай юрысдыкцыі. Як ЗБК, так і БНА стаялі на грунце 25 Сакавіка. I каб наладжваць супольныя сьвяткаваньні 25 Сакавіка, у 1966 г. быў арганізаваны Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, сябрамі якога сьпярша былі: ЗБК, БНА і Беларуская самапомач Атавы. Пасьля, у 1971 г., да іх далучыліся новаствораныя арганізацыі: Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і Саюз беларускае моладзі Канады. ККБК быў патрэбны таксама як "парасон" беларускай этнічнай групы ў Канадзе — для рэпрэзэнтацыі яе навонкі. У 1980 г. ККБК быў адным з заснавальнікаў Канадскай этнакультурнай рады (Canadian Ethnocultural Council), арганізацыі, якая ахоплівае 38 сяброў — арганізацыяў паасобных этнічных групаў Канады. З гэтай арганізацыяй лічыцца ўрад і часткова яе фінансуе.

У 1965 г. пры ЗБК было арганізавана Згуртаваньне беларускіх жанчын Канады, якое, як падаў аднойчы канадскі друк, "спэцыялізуецца ў вечарох чытаньня паэзіі і арганізацыі выставак выяўленчага мастацтва".

У Манрэалі (правінцыя Квэбэк) сьпярша быў аддзел ЗБК, пасьля, у 1980-х гадох, узьнікла самастойная арганізацыя Згуртаваньне беларусаў правінцыі Квэбэк.

У 50-х і 60-х гадох у Вініпэгу (правінцыя Манітоба) была беларуская арганізацыя, якая ў свой час адыгрывала значную ролю.

ЗБК, ЗБЖК, Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Згуртаваньне беларусаў правінцыі Квэбэк і ККБК дзейнічаюць да сяньня.

Згуртаваньне беларусаў Канады — сябра Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", а прадстаўнікі ЗБК бралі ўдзел у Першым зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску.

Выдавецтва і прэса. Ад пачатку свайго існаваньня да 1954 г. ЗБК выдавала газэту "Беларускі эмігрант".У 1950 г. яно апублікавала брашуру інж. Міколы Абрамчыка ў ангельскай мове: "I accuse Kremlin of Genocide of My Nation". Аддзел ЗБК у Манрэалі выдаваў апрацаваныя беларускім мастаком Пётрам Мірановічам паштоўкі да 25 Сакавіка. Ад 1963 да 1968 г. ЗБК разам з БАЗай выдавала газэту "Беларус". ККБК зьмяшчае допісы з свайго жыцьця ў часапісе СЕС "Ethno Canada". Ha 10, 15, 20-я ўгодкі ЗБК выдала друкам лістоўкі з гісторыяй ЗБК, якія, як і ўсе беларускія выданьні ў Канадзе, паводле права перадаюцца ў Дзяржаўную бібліятэку Канады.

У 1973 г. быў заснаваны Фонд беларускіх падручнікаў. Выдавецкі камітэт пры ККБК выдаў у 1974-1978 гг. два тамы англямоўнага падручніка "Беларуская мова" ("Fundamental Byelorussian").

Ha 60-я ўгодкі Акту 25 Сакавіка ў Таронта быў заснаваны Фонд успамінаў з беларускага жыцьця, які ў 1978 г. выдаў брашуру "25 Сакавіка" і карту Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў 1993 г. — кнігу "Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча".

Клюб "Пагоня" выдаў чатыры кнігі беларускага пісьменыгіка Канады Кастуся Акулы. Д-р. Ян Садоўскі апрацаваў і выдаў па-ангельску кнігу "Беларусы ў Канадзе".

Важная праца — манаграфія "Canadians of Byelorussian Origin" В.Дж.Кэйэ, выдадзеная як адбітка з часопіса "Агляд унівэрсытэту Атавы" ў 1960 г.

Беларуская суботняя школка. У 60-х гадох яна існавала пры беларускай царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай грэцкай юрысдыкцыі — аж да часу, калі праваслаўны сьвятар гэтае царквы зажадаў яе спыніць.

Культурная праца ЗБК. Яна праводзілася ў двух напрамках: сярод беларускага грамадства Канады і навонкі, сярод канадыйскага. У першым вьшадку найбольшую ролю ігралі сьвяткаваньні нацыянальных, культурных і рэлігійных угодкаў — такіх, як Дзень незалежнасьці Беларусі — 25 Сакавіка, Дзень герояў Беларусі, юбілеі Кастуся Каліноўскага, 450-я ўгодкі беларускага друку (1517-1967), 450-я ўгодкі друку на беларускай зямлі (1522-1972), 500 год ад нараджэньня Франьцішка Скарыны, юбілеі Франьцішка Багушэвіча, Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, Еўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш., a таксама тысячагодзьдзе дзяржаўнасьці Беларусі. На такія сьвяткаваньні зьбіраліся ўрачыстыя сходы з дакладамі на тэму дня і прынагоднымі выстаўкамі.

Сталая экспазыцыя партрэтаў беларускіх дзеячаў ад зараньня гісторыі — Рагвалода, Рагнеды, Еўфрасіньні Полацкай, Франьцішка Скарыны да пазьнейшых волатаў беларускага духу ў зале Беларускага рэлігійна-грамадскага цэнтра таксама іграе немалую выхаваўчую ролю.

У 1951г. пры унівэрсытэце Таронта (University Extension) быў арганізаваны курс беларусаведы, які трываў два акадэмічныя гады.

Ha стагодзьдзе Канады ў 1967 г. Дэпартамэнт грамадзянства і іміграцыі выдаў кнігу "Дрэва Канадыйскай сям'і", дзе паданы артыкул пра беларусаў Канады.

а)      Канфэрэнцыі.

У 1967 г. на Другой канфэрэнцыі канадыйскіх славян прадстаўнік зрабіў даклад на тэму "Беларусы і канадская статыстыка". Падзея гэтая спрычынілася да арганізацыі БІНіМ у Канадзе, правядзеньня ККБКам падрыхтоўкі беларускага грамадства да цэнзусаў — перапісаў населыгіцтва Канады, якія адбываюцца кожныя пяць гадоў. I хіба найважнейшым з вынікаў было выяўленьне і вьшраўленьне ў 1979 г. скандалічнае памылкі ў дакумэнтах статыстыкі Канады, дзе ад пачатку 1930-х гадоў аж да 1979 г. беларуская мова фігуравала як дыялект расійскай.

Заснаваны ў 1967 г. Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе арганізаваў канфэрэнцыі пры унівэрсітэтах — у Кінгстане і Атаве. Цяпер ён стала бярэ ўдзел у навуковых канфэрэнцыях, асьветных справах.

У 1989 і 1991 гг. ККБК арганізаваў канфэрэнцыі прадстаўнікоў беларуска-га грамадства з усяе Канады. Гэтыя канфэрэнцыі, часткова фінансаваныя ўрадам Канады, апрача беларускага мелі зьмест і канадыйскі.

На заканчэньне Міжнароднага дзесяцігодзьдзя жанчыны (1975) ЗБЖК арганізавала канфэрэнцыю з выстаўкай кніг і выяўленчага мастацтва беларускіх жанчын, перадусім Канады.

Беларусы бралі ўдзел у канадыйскіх канфэрэнцыях "Правы і абавязкі" і розных іншых.

б)      Фэстывалі.

У 70-х гадох кожны год Саюз Беларускае моладзі Канады браў удзел у "Караване" Таронта, арганізаваў у БР-ГЦ павільён "Менск", які на працягу тыдня наведвалі да трох тысяч канадыйцаў. Праз некалькі гадоў БІНіМ у Канадзе браў удзел у агульнаканадыйскіх фэстывалях Атавы "Бацькаўшчына", арганізоўваў там беларускі павільён.

На 125-я ўгодкі Канады, у 1992 г. ККБК удзелыгічаў у шматкультурным фэстывалі ў Музэі Сімко Каўнты, арганізаваў там свой беларускі павільён. У 90-х гадох ККБК браў удзел ва ўсіх шматкультурных фэстах горада Бэры, арганізуючы там беларускія павільёны.

в)      Мастацкія выстаўкі.

ЗБЖК у 1969 г. арганізавала ў зале БР-ГЦ у Таронта выставу твораў Галіны Русак з ЗША, а ў 1975 г. — выставу твораў Івонкі Сурвілы з Канады.

Беларускі сьцяг ля ратушы Таронта. Кожны год, ад 1970-га па сёньня, 25 Сакавіка ля ратушы Таронта ад усходу да захаду сонца ўзьвіваецца бел-чырвона-белы сьцяг.

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Адбываюцца яны кожныя два гады. Былі запачаткаваныя ў 1952 г. з ініцыятывы ЗБК, якое арганізавала іх у Таронта сем разоў.

Пабудова Беларускага Крыжа. Узведзены на тысячагодзьдзе хрысьціянства ў Беларусі ў прошчы Паўночна-амэрыканскіх мучаньнікаў у Мідляндзе (Антарыё). Для прошчы выдадзены беларускія малітоўныя карткі і паштоўкі Беларускага Крыжа. Штогод адбываюцца беларускія паломніцтвы да яго. Як выказаўся ў час казаньня адзін канадыйскі сьвятар, яны "ўносяць у прошчу, узбагачаючы нас, канадыйцаў, беларускую веру і культуру".

Удзел у палітычным жыцьці. 17 траўня 1973 г. сяброўка беларускіх арганізацыяў была назначаная Фэдэральным Міністрам для справаў шматкультуралізму (як прадстаўнік беларускай этнічнай групы ў Канадзе) сябрам Канадыйскае кансультатыўнае рады для справаў шматкультуралізму.

Ад ЗБК былі пададзеныя ўраду Канады пасланні: у справе іміграцыі і ў справе двумоўнасьці Канады, пасланне да Канадыйскае кансультатыўнае рады для справаў шматкультуралізму як пратэст супраць таго, што ў Канадзе беларусаў часта называюць расійцамі.

Агульныя сходы ЗБК прымалі рэзалюцыі-звароты да Задзіночаных Нацыяў у справе каляніяльнай і русіфікацыйнай палітыкі СССР у Беларусі.

Прадстаўнік ККБК, што рэпрэзэнтаваў беларусаў Канады ў Канфэрэнцыі вольных беларусаў, разам з прадстаўнікамі сусьветных арганізацыяў — украінцаў і балтаў, браў удзел у рэдагаваньні мэмарандуму да Генэральнае Асамблеі Задзіночаных Нацыяў у справе дэкалянізацыі Савецкага Саюзу.

Урачысты сход у 76-я ўгодкі БНР прыняў зварот да Генэральнай Асамблеі Задзіночаных Нацыяў у справе Курапатаў — генацыду беларускага народу, дакананага над ім сталінізмам.

Беларускія арганізацыі лістамі да ўрадавых дзеячаў выступаюць у абароне беларускіх інтарэсаў і, калі трэба, рэагуюць на выступленыгі сродкаў інфармацыі.

Арганізацыя дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусй Яна сталася адной з найважнейшых справаў, якой заняўся ККБК пасьля агульнага сходу 19 сакавіка 1989 г. Стараньнем рэфэрэнта рэпрэзэнтацыі ў 1989 г. быў заснаваны Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі (Атава). Фонд гэты дзейны па сяньня.

У Лондане і Антарыё ў супрацоўніцтве з унівэрсытэтам арганізаваны праект, што мае заданьнем паправу здароў'я зубоў дзяцей у Беларусі.

Высновы. Беларуская пасьляваенная эміграцыя ў Канадзе зрабіла нямала для пашырэньня імя і ведаў пра Беларусь, яе культуру. Чаго яна не змагла зрабіць — гэта ўзгадаваць у беларускім нацыянальным духу сабе зьмену, народжанае тут пакаленьне. Гэта тлумачыцца перадусім малым лікам нацыянальна сьведамае беларускае эміграцыі. Ёсьць прадстаўнікі народжанага ў Канадзе пакаленьня, якія гутараць, чытаюць і пішуць па-беларуску і цікавяцца беларускай справай, але іх мала. Мала зрэшты тут і нас, прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня.

Дзе б мы ні знаходзіліся, усведамляем сябе часткай беларускага народу. Мы носьбіты і стваральнікі беларускай культуры, спадкаемцы беларускіх гістарычных традыцыяў. I на нас ляжыць адказнасьць за будучыню Беларусі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by