|
Галіна Сяргеева (Мінск) Беларуская дыяспара ў гады Другой сусветнай вайны
Пасля двух масавых эміграцыйных хваляў (з канца XIX ст. да Першай сусветнай вайны, а затым паміж двумя сусветнымі войнамі) сотні тысяч выхадцаў з беларускіх зямель пасяліліся галоўным чынам у ЗША, Канадзе, Аргенціне, Бразіліі, Францыі, іншых еўрапейскіх краінах. Напярэдадні Другой сусветнай вайны беларуская дыяспара была ў асноўным працоўнай. Палітычная плынь (а гэта найперш інтэлігенцыя) канцэнтравалася галоўным чынам у Чэхаславакіі, Літве, Латвіі, а працоўная, сялянская эміграцыя асела пераважна на амерыканскім кантыненце. Такім чынам гэтыя два патокі разышліся, што не спрыяла арганізацыі нацыянальнага жыцця, захаванню традыцый, мовы. Страта цікавасці да эміграцыі ў сувязі з стабілізацыяй палітычнага становішча ў Еўропе, яе раскол пасля Берлінскай канферэнцыі 1925 г. і вяртанне на Бацькаўшчыну часткі вядомых лідэраў, якія прызналі БССР, абумовілі (сярод іншых прычын) затуханне палітычнай актыўнасці, у тым ліку і дзейнасці Рады БНР.
З пачаткам Другой сусветнай вайны прыток беларускіх эмігрантаў на амерыканскі кантынент перапыніўся; карэнным чынам змяніліся памеры, становішча беларускай дыяспары ў еўрапейскіх дзяржавах. Захоп Германіяй Польшчы і далучэнне Заходняй Беларусі да БССР выклікалі выезд на захад палітычных дзеячаў, якія не мелі даверу да савецкай улады і пакінулі Заходнюю Беларусь, калі на яе тэрыторыю ўвайшла Чырвоная армія. У Германію і на акупаваныя ёй тэрыторыі эмігравалі многія беларусы з віленскага асяродка напярэдадні інкарпарацыі прыбалтыйскіх дзяржаў у СССР. 70-80 тысяч беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска, трапілі ў нямецкі палон, a затым з канца 1939 г. і на працягу 1940 г. атрымалі права ўладкоўвацца вольнымі работнікамі, мелі за сваю працу нядрэнны заробак1. На захопленых немцамі тэрыторыях аказаліся сталыя беларускія асяродкі з арганізаваным нацыянальным жыццём (у Празе, Парыжы, Варшаве, Лодзі і інш.).
Напярэдадні вайны і ў яе пачатку павялічылася цікавасць нямецкіх уладаў да беларускага пытання. Рабіліся захады для выкарыстання ў сваіх мэтах рознагалоссяў, асабістых амбіцый, барацьбы за лідэрства сярод беларускіх эмігрантаў, уцягвання ў сферу ўплыву нямецкай палітыкі вядомых на эміграцыі дзеячаў. У лістападзе 1939 г. пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі было створана Беларускае прадстаўніцтва (Weissruthenische Vertauenstelle), якое наладзіла вьшуск штотыднёвай газеты на беларускай мове "Раніца" (снежань 1939 - сакавік 1945). Матэрыяльную падтрымку і культурна-асветную работу ажыццяўлялі грамадскія арганізацыі — Беларускі камітэт самапомачы, створаны летам 1940 г. у Берліне (меў аддзелы ў Мюнхене, Лейпцыгу, Вене, Празе, Лодзі, Торуні і інш.), а таксама Беларускі камітэт у Генеральнай губерні (дзейнічаў у Варшаве ад студзеня 1940 г. і меў аддзяленні ў Кракаве і Бялападлясцы)2.
У беларускіх асяродках Германіі і на акупаваных ёй заходнееўрапейскіх тэрыторыях было неадназначнае стаўленне да нямецкай палітыкі. Розніліся спадзяванні ў сувязі з гэтым адносна лёсу Беларусі. Адсутнасць на пачатку Другой сусветнай вайны больш-менш выяўленай пазіцыі кіраўніцтва Германіі наконт будучага статуса Беларусі, пэўная зацікаўленасць беларускім пытаннем спарадзіла разлік часткі лідэраў беларускай эміграцыі на падтрымку іх памкненняў да незалежнасці Беларусі (І.Ермачэнка, М.Шчорс, В.Гадлеўскі і інш.). Польскі гісторык-беларус Ю.Туронак так ахарактарызаваў мэты беларускіх палітыкаў, арыентаваных на Германію: "Агульнай рысай гэтых груп было жаданне выступаць у ролі прадстаўнікоў беларускага народа і патэнцыяльных палітычных партнёраў Германіі і навязаць нямецкім уладам аптымальныя, на іх погляд, рэцэпты вырашэння беларускага пытання пасля спадзяванага разгрому СССР"3. На думку аўтара, створаны 19 чэрвеня 1941 г. у Берліне Беларускі нацыянальны цэнтр (старшыня М.Шчорс) "у спрыяльных умовах збіраўся аб'явіць сябе часовым урадам па ходу заняцця немцамі Беларусі".
Але ўжо у пачатковы перыяд Другой сусветнай вайны ў беларускіх асяродках Еўропы была арыентацыя і на заходніх саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Лідэры створанай летам 1940 г. у Варшаве Партыі беларускіх нацыяналістаў (Я.Станкевіч, В.Іваноўскі) лічылі, што пераможцамі ў вайне стануць дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі і менавіта яны найперш будуць вырашаць праблемы пасляваеннага ўладкавання Еўропы, а тады можна будзе пытанне незалежнасці Беларусі вывесці на міжнародны ўзровень4. У якасці першага кроку была зроблена спроба наладзіць кантакты з польскім падполлем.
Пасля нападу Германіі на БССР Беларусь стала арэнай жорсткіх баёў і працяглай акупацыі яе тэрыторыі, што абумовіла масавае, галоўным чынам прымусовае, перамяшчэнне яе насельніцтва. Амаль 1,5 млн. жыхароў эвакуаваліся на ўсход СССР. У ліку савецкіх ваеннапалонных, якія ў СССР лічыліся здраднікамі, за мяжой аказаліся сотні тысяч беларусаў. Шмат іх загінула ад невыносна жорсткіх умоваў — непасільнай працы, холаду, голаду, хвароб у лагерах ваеннапалонных з іх прававой неабароненасцю, бо Германія не вы-конвала ў адносінах да іх міжнародных пагадненняў, спасылаючыся на тое, што СССР не падпісаў Гаагскай і Жэнеўскай канвенцый аб правах ваеннапалонных5. Нямала жыхароў Беларусі аказалася вязнямі канцлагераў у Германіі і акупаваных ёй дзяржавах. 380 тыс. чалавек (па некаторых крыніцах да 700 тыс.) былі прымусова адпраўлены з акупаванай БССР у Германію як танная працоўная сіла. Працавалі яны на прадпрыемствах (і ў гэтым вьшадку размяшчаліся ў спецыяльных лагерах) ці сельскімі работнікамі ў баўэраў. У канцы вайны ў Германіі з'явіліся лагеры прымусова вывезеных з акупаваных тэрыторый (і з БССР) дзяцей ад 6 да 12 гадоў: так ва ўмовах жорсткай дысцьшліны і паўгалоднага існавання рыхтаваліся новыя "рэзервы нявольніцкае рабочае сілы"6.
Была яшчэ адна катэгорыя паехаўшых на працу — каля 5 тыс. юнакоў і юначак Саюза беларускай моладзі, якія арганізацыйна ўтваралі працоўную групу СБМ у Германіі. Юнакі і дзяўчаты (ад 12 да 20 гадоў) працавалі на авіяцыйных заводах Юнкерса і ў асяродках Арганізацыі дапаможнай службы Люфтвафэ7. Мелі яны, як і прымусова вывезеныя, нялёгкія ўмовы жыцця і працы, але ў адрозненне ад апошніх маглі весці, хоць і абмежаваную, нацыянальную культурна-асветную працу (вечары, гурткі, азнаямленне з беларускай прэсай і інш.).
У такіх умовах палітычнае размежаванне эміграцыі, існаванне двух арыентацый працягвалася. У беларускі нацыянальны рух на акупаванай немцамі тэрыторыі, які быў па свайму характару антыбальшавіцкім, улілося некалькі дзесяткаў уплывовых прадстаўнікоў палітычнай эміграцыі, што занялі вядучыя пазіцыі ў грамадска-палітычных і культурных фармаваннях, увайшлі ў склад БЦР — дарадчага органа і цэнтральнай установы беларускай адміністрацыі на акупаванай тэрыторыі. Так, кіраўнік пражскага філіяла Беларускага камітэта самапомачы І.Ермачэнка ўзначаліў Беларускую народную самапомач, затым камандаваў Беларускай самааховай, быў дарадцам і мужам даверу пры генеральным камісары Беларусі. Цывільная беларуская адміністрацыя на акупаванай немцамі тэрыторыі мела пэўныя сувязі з эмігранцкімі асяродкамі. Удзелыгікамі 2-га Усебеларускага кангрэса, скліканага са згоды нямецкіх уладаў 27 чэрвеня 1944 г., былі прадстаўнікі і ад замежных беларускіх арганізацый з Варшавы, Кракава, Лодзі, Прагі, Берліна, Вены, Кёнігсберга8.
Трэба адзначыць, што сярод беларускіх дзеячаў на акупаваных тэрыторыях існавала плынь, якая заняла не толькі антыбальшавіцкія, але і антыгерманскія пазіцыі. Беларуская незалежніцкая партыя (1942-1944, старшыня — бургамістр Віцебска У.Родзька) імкнулася арганізаваць нацыянальны рух для адначасовага выступлення і супраць немцаў, і супраць бальшавікоў'. Вядомыя сёння і захады па рэалізацыі спадзяванняў беларускіх дзеячаў на міжнароднае пасляваеннае вырашэнне пытання аб суверэннасці Беларусі. У снежні 1943 г. В.Іваноўскі, бургамістр Мінска і старшыня Беларускай рады даверу (дарадчага органа пры генеральным камісары Беларусі, чэрвень — снежань 1943 г.), прадбачыў крах Германіі і непазбежнасць эміграцыі, а таму лічыў неабходным арганізоўваць беларускія сілы на Захадзе "для будучай барацьбы за Беларусь". Па звестках савецкай разведкі, ён падкрэсліваў, што такую работу ў Прыбалтыцы вядзе К.Езавітаў, у былой Польшчы — В.Тумаш, a "нашы прадстаўнікі зараз звязаліся з беларусамі, якія пражываюць у Англіі, і праз іх устанавілі сувязь з прадстаўнікамі англійскага ўрада, з якімі вядуць перамовы аб стварэнні ў пасляваеннай Еўропе беларускай самастойнай дзяржавы"10.
Нямецкія ўлады ізалявалі прэзідэнта БНР В.Захарку, які знаходзіўся ў акупаванай Празе і, нягледзячы на захады адпаведных устаноў, адмовіўся выступаць ад імя БНР у падтрымку германскай палітыкі11. Перад сваёй смерцю ў 1943 г. ён перадаў паўнамоцтвы М.Абрамчыку, які ў кастрычніку таго ж года наведаў акупаваныя беларускія землі, звязаўся з мясцовымі лідэрамі антынямецкай арыентацыі, але быў арыштаваны гестапа і вывезены ў Парыж.
Паспяховае наступленне савецкіх войск на тэрыторыі Беларусі выклікала значную эмігранцкую хвалю тых, хто баяўся вяртання сталінскага рэжыму. Пераважную колькасць яе складалі сяляне (патэнцыяльныя "кулакі") з Заходняй Беларусі, але большасць уцекачоў была завернута ў СССР пры хуткім прасоўванні Чырвонай арміі на захад. Тым не менш за мяжу выехалі дзесяткі тысяч беларусаў, у тым ліку арганізацыі, установы, вайсковыя фармаванні, створаныя на акупаванай немцамі тэрыторыі, — Беларуская цэнтральная рада (БЦР), Галоўны штаб Саюза беларускай моладзі, Сабор епіскапаў Беларускай праваслаўнай царквы, атрады Беларускай краёвай абароны, атрады дапаможнай паліцыі, а таксама інтэлігенцыя, якая працавала ў гады вайны ў цывільнай адміністрацыі, адукацыйнай сістэме, культурна-асветных арганізацыях. Гэтая плынь у асноўным была палітычнай — антыбальшавіцкай, апазіцыйнай савецкай уладзе.
БЦР, якая выехала ў Кёнігсберг, а затым Берлін, аказалася ў складаным становішчы. З аднаго боку, яна па-ранейшаму кантралявалася нямецкімі ўладамі, якія былі зацікаўлены, каб выкарыстаць ў сваіх інтарэсах нацыянальныя паліцэйска-вайсковыя фармаванні; а з другога, набліжалася паражэнне Германіі, і сябры БЦР разумелі неабходнасць пошуку іншай арыентацыі. Пасля першапачатковай разгубленасці БЦР зрабіла захады па афармленні сябе як урада ў выг-нанні. Былі наладжаны непасрэдныя сувязі з Міністэрствам усходніх абшараў, у складзе якога быў беларускі аддзел (і прадстаўнік БЦР). Усталяваліся кантак-ты з беларускім аддзелам нямецкай арганізацыі "Працоўны фронт". БЦР выс-тупіла з прапановай аб арганізацыі беларускага войска, але не атрымала згоды, бо германскае камандаванне падтрымлівала спробы Уласава ўлучыць усе на-цыянальныя фармаванні ў Рускую вызваленчую армію. Каб зацвердзіць сябе як "законнае беларускае палітычнае прадстаўніцтва за межамі Бацькаўшчыны", БЦР прыняла ў студзені 1945 г. новы статут і канстытуцыю. Пры гэтым напярэдадні ўжо бачнага разгрому Германіі дзеячы БЦР лавіравалі, супрацьдзейнічалі нямецкім уладам (зацягванне фармавання вайсковых адзінак, адказ далучацца да Камітэта вызвалення народаў Расіі), рабілі спробы наладзіць кантакты з заходнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, каб стварыць умовы для далейшай дзейнасці эміграцыі пасля вайны. Менавіта з улікам гэтага ў адпаведнасці з прынятай канстытуцыяй быў створаны ўрад, які ва ўмовах гітлераўскай Германіі павінен быў выступаць як калегія БЦР, а пасля яе разгрому — як кабінет Міністраў БНР12. З гэтай жа мэтай у студзені — сакавіку 1945 г. (па сведчан-ні аднаго з уплывовых лідэраў БЦР К.Езавітава) былі пасланы прадстаўнікі ў Швейцарыю, Швецыю, Францыю, Турцыю, Бельгію, Данію, Нарвегію, Аўстрыю, Італію, планавалася арганізацыя ў Парыжы Беларускага нацыянальнага камітэта і пераход беларускай брыгады на бок заходніх саюзнікаў13. Большасць членаў БЦР пераехала ў заходнія і паўднёвыя раёны Германіі і трапіла ў зоны ЗША і Вялікабрытаніі.
Няпростым быў лёс беларускіх вайсковых фармаванняў, якія пры адступленні немцаў з тэрыторыі Беларусі былі ўключаны ў германскае войска. Батальёны Беларускай краёвай абароны (да 16 тыс. чалавек) на захадзе Польшчы былі далучаны да Рускай дывізіі СС (камандаваў ёй немец Зіглінг) і адпраўлены на Заходні фронт. Нямала гэтых беларусаў, што аказаліся летам 1944 г. на тэрыторыі Францыі, уцяклі да мясцовых партызан (макі), а адзін батальён, перабіўшы немцаў, перайшоў у Швейцарыю14. Восенню 1944 г. большасць іх уступіла ў войска Андэрса і змагалася супраць Германіі на заключным этапе вайны. Значная частка беларусаў з дывізіі Зіглінга у раёне Вагезаў (Францыя) здалася ў палон англа-амерыканскім саюзнікам восенню 1944 г.15 Рэшткі дывізіі (у тым ліку некалькі тысяч беларусаў) са згоды нямецкага камандавання былі накіраваны ў Рускую вызваленчую армію (РВА) Уласава. Каля трох тысяч беларусаў, якія адмовіліся служыць у РВА ці дывізіі Зіглінга, былі раззброены і накіраваны ў працоўныя брыгады16. Сотні з тых беларусаў, што апынуліся ў Рускай вызваленчай арміі, прымалі ўдзел у вызваленні Прагі: менавіта ўласаўцы першымі (да прыходу сюды частак Чырвонай арміі) выбілі адтуль немцаў, а затым здаліся ў палон амерыканцам.
На базе рэштак дывізіі Зіглінга ў пачатку 1945 г. на поўдні Германіі (г.Гіршаў) пачалося стварэнне брыгады "Беларусь", але камплектаванне яе ў неразбярысе апошніх месяцаў вайны не было скончана. Яна не ўдзелыгічала ў ваенных дзеяннях і трапіла ў амерыканскі палон (больш тысячы беларусаў)17.
На тэрыторыі акупаваных немцамі еўрапейскіх дзяржаў, сотні беларусаў — уцекачоў з лагераў ці эшалонаў ваеннапалонных, працоўных каманд, канцлагераў, а таксама остарбайтэраў вялі антыфашысцкую барацьбу. Ураджэнец Магілёўшчыны савецкі разведчык Л.Маневіч узначальваў падпольную арганізацыю ў лагеры Маўтхаўзен. У французскім руху супраціўлення ўдзельнічалі ўраджэнцы Беларусі Ф.Варанішча, Т.Чахоўская, В.Барбук, У. і С.Ліхота-Кісель, Ф.Кажамякін (пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна)18. Мінчанцы Н.Лісавец, якая кіравала жаночым партызанскім атрадам "Радзіма", за праяўленую адвагу было прысвоена званне лейтэнанта французскай арміі. Арганізатарамі атрада "Смерць фашызму", што змагаўся ў Эльзас-Латарынгіі, сталі былыя мінскія падпольшчыкі Ф.Ліхавец, У.Руткоўскі, У.Бялько і інш. У 1944-1945 гг. у Францыі дзейнічала арганізацыя "Беларускі патрыёт".
Узброеную барацьбу супраць акупантаў жыхары Беларусі вялі ў складзе часцей нацыянальна-вызваленчай арміі Югаславіі, партызанскіх атрадаў на Балканах, у Італіі". Брыгаду імя К.Готвальда ў Чэхаславакіі ўзначальваў В.Квіцінскі, а начальнікам штаба атрада (затым брыгады) у Бельгіі быў А.Варанкоў.
У час Другой сусветнай вайны паглыбілася палярызацыя беларускай эміграцыі на амерыканскім кантыненце. Прасавецкая арыентацыя ўзмацнілася ў асяродках дарэвалюцыйных і міжваенных перасяленцаў, асабліва ў Аргенціне. На хвалі антыфашысцкага ўздыму павялічылася колькасць спачуваючых СССР, які нёс асноўны цяжар змагання з гітлераўцамі. Ствараюцца камітэты ў падтрымку СССР. Беларускі дэмакратычны камітэт дапамогі Радзіме меў 36 падкамітэтаў у Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі. Шмат выхадцаў з Беларусі ўключыліся ў агульнаславянскія акцыі маральнай і матэрыяльнай падтрымкі антыгітлераўскай кааліцыі. Створаны ў Маскве Славянскі камітэт (1941) ініцыяваў з'яўленне на амерыканскім кантыненце такіх камітэтаў у асяроддзі эміграцыі. Актывізавалася дзейнасць нацыянальных таварыстваў, з'явіліся новыя: у Аргенціне — "Мінск", імя Ф.Скарыны, імя Я.Купалы, у ЗША — Беларуска-амерыканская нацыянальная рада, у Канадзе — Федэрацыя рускіх канадцаў, большасць якой склалі выхадцы з Заходняй Беларусі20.
Аднак перавага ў кіраўніцтве славянскім рухам на эміграцыі рускіх лідэраў, найчасцей прасавецкай арыентацыі, вяла да супярэчнасцей, звужэння нацыяналыга-культурнай дзейнасці, русіфікацыі, непрымання гэтай пазіцыі асобнымі таварыствамі. Нацыянальнымі па характару дзейнасці былі нешматлікія беларускія арганізацыі. Так, у ЗША Беларуска-амерыканская нацыянальная рада заклала традыцыю святкавання 25 сакавіка як дня незалежнасці Беларусі, даводзіла да грамадскасці ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі21.
Нямала беларускіх эмігрантаў змагалася на франтах Другой сусветнай вайны у войсках дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. У Францыі былі ў 1939 г. прызваны ўпершыню імігранты, мабілізаваны ў армію больш 6 тыс. беларусаў22. У баях з германскімі войскамі праявілі мужнасць сотні амерыканскіх беларусаў. У складзе брытанскай арміі ваявалі з немцамі да 12 тыс. беларусаў Другога польскага корпуса, які вызначыўся ў вядомай бітве пры Монтэ-Касіна. Па падліках эмігранта В.Сянкевіча, у брытанскім войску служыла не менш 30 тыс. беларусаў, з іх больш за 1700 загінулі на заходніх франтах, у тым ліку пры Монтэ-Касіна (Італія), Арнгейме (Галандыя)23.
Такім чынам, у канцы Другой сусветнай вайны ў Еўропе беларуская дыяспара набліжалася да мільёна чалавек. Пры гэтым найбольш колькаснай яна была ў Германіі. Па меркаванні БЦР, у пачатку 1945 г. на яе тэрыторыі знаходзілася да 1 млн. беларусаў. Ю.Туронак вызначае лік беларускіх перамяшчэнцаў на ліпень 1945 г. у 400-500 тыс.24, але гэтая лічба выглядае заніжанай.
Спасылкі:
1 Вініцкі А. Матар'ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадах. Лос-Анджэлес, 1968. Ч. I. С. 7, 32; Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993. С. 157.
2 Працавалі яны на працягу ўсёй вайны і былі, безумоўна, пад кантролем нямецкіх органаў ды і не ахоплівалі ўсю дыяспару (напрыклад, палонных Савецкай арміі, вязняў канцлагераў і інш.).
3 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993. С. 32.
4 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 36.
5 Пэўнае ўяўленне аб колькасці савецкіх ваеннапалонных беларусаў дае лічба рэпатрыяваных гэтай катэгорыі ў СССР пасля вайны — амаль 135 тыс. // История СССР. 1990. №4. С. 35.
6 Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне: 1945—1950. Нью-Ёрк; Беласток, 1994. С. 7.
7 Тамсама. С. 6-7; Вініцкі А. Матар'ялы ... Ч. 1. С. 24-27.
8 Другі Усебеларускі кангрэс: Стэнаграма. Мюнхен, 1954. С. 9, 39.
9 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1993. Т. 1. С. 393.
10 Соловьев А.К. Онн действовалн под разнымн псевдоннмамн. Мн., 1994. С. 107.
11 Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993. С. 53; Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 256.
12 За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Лёндан, 1960. С. 83, 173—175.
13 Нёман. 1993. № 3. С. 138, 150, 152.
14 Голас часу. 1990. № 18. С. 38; 1995. № 34. С. 29-34.
15 За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. С. 21.
16 Нёман. 1993. № 3. C.156.
17 На суд гісторыі. Мн., 1994. С. 298; Беларус. 1995. Люты.
18 Нарысы гісторыі Беларусі. Мн., 1995. Ч. 2. С. 320-322.
19 Казак В.Н. Побратнмы: Советскне людн в антнфаншстской борьбе народов Балканскнх стран. 1941-1945. Мн., 1975. С. 47, 65, 135.
20 Белорусский иллюстрированный календарь на 1943 год Федерации белорусских обществ и организаций в Аргентине. Б. м. н г. С. 99—103, 118, 123, 127.
21 Кіпель В. Беларусы ў ЗША. С. 152-154.
22 Раніца. 1940. 28 студз.
23 Зважай. 1977-1978. № 8, 9. С. 6-7.
24 За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. С. 142; Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 192.

