|
Вітаўт Кіпель (Нью Ёрк)
Дзейнасьць беларускай палітычнай эміграцыі ў Заходняй Эўропе ў пэрыядзе паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі
Падзеі 1917-1921 гг. на тэрыторыі былое Расейскае імпэрыі істотна зьмянілі палітычны клімат у Беларусі. Дзякуючы працы беларускага нацыянальнага актыву беларускі народ пачаў паступова ператварацца з этнічнае масы ў палітычную нацыю. Дзейнічалі палітычныя партыі, адбываліся грамадска-палітычныя зьезды, шырыўся беларускамоўны друк. Скаардынаваная дзейнасьць нацыянальнага актыву прывяла да скліканьня Усебеларускага Кангрэсу, абвешчаньня 25 сакавіка 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, a крыху пазьней, 1 студзеня 1919 г., у Смаленску была абвешчаная і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (раней заміж тэрміну "Савецкая" ўжываўся тэрмін "Радавая").
Беларускі палітычны рух працягваў узмацняцца і ў пасьлярэвалюцыйны пэрыяд, хоць у 1921 г. беларускаму адраджэньню быў нанесены моцны ўдар — Рыскім трактатам Беларусь была падзеленая на дзьве часткі. Тым ня менш у сярэдзіне 20-х гадоў была арганізаваная Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада — наймацнейшая й начысьленейшая беларуская партыя ў нашай гісторыі, якая сталася моцным палітычным фактарам у беларускім адраджэньні. У савецкай жа Беларусі ўздымалася беларускае дзяржаўнае жыцьцё.
Але раўналегла з нацыянальным уздымам ва ўсёй Беларусі (Усходняй і Заходняй) той жа самы пэрыяд даў пачатак беларускай палітычнай эміграцыі: зьявішча новае для нацыі і беларускага руху. Прычына, якая дала пачатак гэтай эміграцыі, — ідэалягічнасьць нацыянальнага актыву, тае часткі, якая ня прыймала ніякае іншае формы дзяржаўнасьці Беларусі, як толькі поўную яе незалежнасьць у форме Беларускай Народнай Рэспублікі. Бэсэсэраўская форма дзяржаўнасьці для незалежніцкага нацыянальнага актыву была непа-
17 БДАМЛІМ, ф. 3, воп. 1, спр. 202, арк. 84. 280
дыходзячая. I ад самага свайго пачатку (і да сёньняшняга часу) беларуская палітычная эміграцыя разгарнула шырокую палітычна-грамадскую дзейнасьць. У гэтым артыкуле коратка будзе разгледжаная дзейнасьць палітычнае эміграцыі ў Заходняй Эўропе ў міжваенным часе, хоць у тым самым часе ішла зь Беларусі хваля эміграцыі эканамічнае — як у Эўропу, так і за акіяны, у Паўдзённую і Паўночную Амэрыкі, у Аўстралію; адзінкі выехалі ў краіны Афрыкі і на Далёкі Усход. He будзе закранутая ў артыкуле беларуская прысутнасьць ў 30-я гады ў Гішпаніі, бо гэтая тэма патрабуе асобнага, шырокага аналізу1.
Палітычная эміграцыя як вынік рэвалюцыйных падзей мае некалькі, хоць і невыразна азначаных, фазаў. Першая фаза эміграцыі — гэта тыя эмігранты, якія бралі ўдзел у г.зв. "белом двнженлл", у супраціве рэвалюцыі ў складзе былога царскага войска — жаўнеры-беларусы царскае арміі, якія апынуліся ў Заходняй Эўропе.
Другая фаза тагачаснае эміграцыі — гэта значная група людзей, якія былі актыўнымі дзеячамі і прыхільнікамі ўраду БНР, які ў самым пачатку 20-х гадоў выехаў за межы Беларусі: частка тае эміграцыі выехала ў краіны Балтыі, частка засталася ў Заходняй Беларусі, а частка выэмігравала ў Заходнюю Эўропу.
Наступная хваля эміграцыі — гэта асобы, што выязджалі з Заходняй Беларусі ды затрымоўваліся ў Заходняй Эўропе. У гэтай хвалі было шмат студэнтаў, якія выязджалі з Польшчы па навуку на Захад, але потым заставаліся ў Эўропе.
I апошняя група эміграцыі ў міжваенным часе — гэта грамадаўцы, якія ратаваліся ад польскіх пагромаў беларускага руху. Гэтыя беларусы найчасьцей ехалі за акіян, але некаторыя засталіся і ў Заходняй Эўропе.
Цяжка сказаць, колькі выехала тады на эміграцыю, але, паводле ацэнаў сп. Міколы Абрамчыка і д-ра Івана Ермачэнкі, беларускіх палітычных эмігрантаў у міжваенную пару трэба аблічаць па-над дзесяць тысячаў2.
Міжваенная беларуская эміграцыя групавалася па розных адзнаках, як, прыкладам, студэнцтва, палітычныя партыі, і г.д. Якраз па структурна-арганізацыйных адзнаках і будзе ў гэтым дакладзе разглядацца іх дзейнасьць.
Цэнтрамі беларускага палітычнага жыцьця ў міжваеннай Эўропе былі спачатку Бэрлін, потым Прага, тады дзейнасьць пачала заўважацца ў Францыі, a ў канцы 30-х гадоў зноў Прага ды ў гады коратка перад Другой сусьветнай вайной — Бэрлін. Кожная з гэтых краінаў і гарадоў мелі свае падставы станавіцца цэнтрамі беларускага палітычнага жыцьця: у Празе заўсёды была самая чысьленная група эміграцыі, у Бэрліне выяўляліся дзейныя лідэры, як і ў Францыі.
Бясспрэчна, што найбольш спрыяльным месцам як для дзейнасьці эміграцыі, гэтак і для месца жыхарства была Прага. Першай большай палітычнай падзеяй ў жыцьці эміграцыі было скліканьне ў Празе 25-30 верасьня 1921 г. Беларускай палітычнай канфэрэнцыі, на якой былі абмеркава-ныя як арганізацыйныя формы эміграцыі, сувязі эміграцыі з Бацькаўшчынай, гэтак і прынятыя ідэалягічныя плятформы дзейнасьці эміграцыі3. Варта тут адзначыць, што гэтая канфэрэнцыя была, бадай, ці не адзіным супольным для ўсяе эміграцыі актам, бо далейшая дзейнасьць эміграцыі хоць і адбывалася на ідэалягічнай аснове Незалежнай Беларусі, аднак была досыць разрозьненая па формах і структурах.
Аднэй з найбольш актыўных груповак, якая пачала палітычную дзейнасьць у Заходняй Эўропе, былі Урад БНР, асобы і групы, зьвязаныя з бээнэраўскімі структурамі: былыя паслы і дьшляматы БНР, удзелыгікі Слуцкага чыну, прадстаўнікі БНР за межамі Беларусі. Прадстаўнікі БНР бралі ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях, рассылалі мэмарандумы ў розныя ўстановы, урадавым колам, інфармавалі друк пра становішча ў Беларусі. Гэтак БНР заявіла пра беларускія дамаганьні на Гэнуэзскай канфэрэнцыі; дзесяткі дакумэнтаў былі высланыя ў Лігу Нацыяў; абшырная перапіска БНР выяўляецца ў розных архівах, улучна з архівамі ЗША. Часткай палітычнай дзейнасьці БНР трэба ўважаць і Бэрлінскую канфэрэнцыю 1925 г., дзе была зробленая няўдалая спроба зьліквідаваць Урад (Раду) БНР, а гэтым нібы абезгаловіць дзейнасьць беларускае палітычнае эміграцыі.
Палітычную дзейнасьць колы БНР працягвалі да самае Другое сусьветнае вайны, тады, калі яшчэ прэзідэнту В.Захарку была зробленая прапанова супрацоўнічаць з гітлераўскай Нямеччынай, што В.Захаркам было адкінутае4. Палітычная дзейнасьць Рады БНР і колаў, зьвязаных з Радай, была прыпыненая ў часе Другое сусьветнае вайны, а паваенным спадкаемцам Рады трэба ўважаць адноўленую Раду БНР у Заходняй Нямеччыне ў 1947 г.
Іншая выразная асобная група беларускіх эмігрантаў, якая вяла інтэнсіўную палітычную працу ў Эўропе ў міжваенным часе, складалася зь беларускіх палітычных партыяў (найбольш эсэраў і сацыял-дэмакратаў). Ужо ў чэрвені 1921 г. Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў падала заяву аб прыняцьці яе ў склад Міжнароднай сацыялістычнай арганізацыі, а ў 1922 г. ад Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў быў пададзены мэмарандум Канфэрэнцыі Венскага сацыялістычнага аб'яднаньня аб палітычным становішчы ў Беларусі. Мэмарандумы ад беларускіх партыяў высылаліся эквівалентным партыям у Бэльгію, Францыю, Нямеччыну, Галяндыю5).
З пачатку 20-х гадоў пачалі ў Празе дзейнічаць беларускія студэнцкія арганізацыі і арганізацыя моладзі "Беларускі Сокал". Былі часы, калі ў Празе ў навучальным годзе зьбіралася каля 200 беларускіх студэнтаў. Справа ў тым, што на навуку сюды прыязджала беларуская моладзь з Польшчы і балтыцкіх краінаў, бо ў Празе дзякуючы стараньням БНР і такіх дзеячаў, як М.Вяршынін, Т.Грыб і інш., беларускія юнакі і юначкі атрымоўвалі стьшендыі, якія даваў чэшскі ўрад. Праз вышэйшыя навучальныя ўстановы Чэхаславаччыны ў міжваенным часе прайшлі ды атрымалі дьшлёмы некалькі сотняў беларускіх студэнтаў. I зусім зразумела, што апрача навукі студэнты вялі шырокую палітычна-прапагандовую беларускую дзейнасьць. У Празе было некалькі студэнцкіх груповак. Дзяліліся студэнты па розных прычынах: палітычных перакананьнях, прафэсійных зацікаўленьнях і г.д.
У сярэдзіне 20-х гадоў у Празе паўстала Аб'яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (скарот АБСА), якое ў 1926 г. увайшло ў Міжнародную студэнцкую канфэдэрацыю. Праўда, уваход беларускае арганізацыі ў міжнародную не абыйшоўся без напружаньня (заўзята пратэставалі супраць такога ўваходу палякі), але АБСА сталася членам міжнароднае арганізацыі і павяло шырокую дзейнасьць на эўрапэйскім форуме. Члены АБСА бралі ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях і зьездах: выступалі ў Парыжы, Брусэлі, Афінах, Бэрліне, Мюнхэне, Рыме, Белградзе і іншых большых эўрапэйскіх сталіцах і гарадох. Важна таксама, што АБСА аб'яднала ня толькі беларускія студэнцкія арганізацыі ў Празе, але і ў іншых унівэрсітэцкіх цэнтрах. А ў тыя часы беларускія студэнты вучыліся і мелі свае гурткі ў Льежы, Брусэлі і Геньце (Бэльгія), Празе, Брно (Чэхія), Белградзе, Заграбе (Югаславія), Інсбруку і Вене (Аўстрыя), Бэрліне, Мюнхэне й Ляйпцыгу (Нямеччына), Парыжы і Ліёне (Францыя). Дзейнасьць беларускіх студэнтаў у рамках АБСА прьшынілася ў сувязі з вайной, хоць беларускія студэнты былі на розных эўрапэйскіх унівэрсітэтах і ў часе вайны. Па Другой сусьветнай вайне дзейнасьць АБСА была перанятая ў другой палове 40-х гадоў новастворанай арганізацыяй — Цэнтраляй беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (ЦБСА), потым пераменаванай у Цэнтралю беларускіх акадэміцкіх арганізацыяў (ЦБАА)6.
Наступнай дзялянкай дзейнасьці беларускае эміграцыі ў Празе, Бэрліне і іншых сталіцах была дзейнасьць навукова-журналістычная. Дзейнічалі такія арганізацыі, як Літаратурнае згуртаваньне, Таварыства імя Скарыны ды колькі гурткоў літаратурна-грамадскага профілю. Беларусы ў тым часе выдрукавалі некалькі манаграфічных працаў пра Беларусь, шмат артыкулаў у розных мовах ды дапамагалі заходнім журналістам у іх працы па "раскопваньні" інфармацыі пра Беларусь. Аднак найболей навуковае працы вялося пад наглядам Беларускага замежнага архіву, якім найдаўжэйшы час кіраваў д-р Тамаш Грыб. Архіў, заснаваны ў 1928 г. пры актыўнай падтрымцы чэшскіх урадавых колаў, стаўся бадай ці не адзінай навукова-дасьледчай установай у Эўропе, якая спэцыялізавалася ў беларусаведзе. У архіве вялася таксама ўліковая праца — як беларускага друку, гэтак і друку пра Беларусь у іншых мовах. У архіве былі розныя сэкцыі, найбольшая зь іх — бібліяграфічная. Варта падкрэсьліць, што ў архіве пісаліся і працы пра Беларусь д-ра М.Ільляшэвіча, Р.Мартэля, карыстаўся архівам і ведамы скарынавед А.Флароўскі, які прачытаў аб Ф.Скарыне даклад у Швайцарыі ў 1938 г. на Міжнародным кангрэсе гісторыкаў. На жаль, пасьля 1945-1948 гг. лёс архіву няведамы, трэба прыкласьці максімум стараньняў, каб усё ж гэты архіў расшукаць7.
Вялася значная палітычная і грамадская праца і грамадскімі арганізацыямі, якія былі ў Чэхаславаччыне, а таксама ў Бэрліне, Кэнігсбэргу, Мюнхэне і Ляйпцыгу8. Найбольш дзейнай палітычна, аднак, была ў тым часе грамада ў Францыі, ведамая пад назвай "Хаўрус". Гэтая арганізацыя была масавая, складалася ў бальшыні зь беларускіх работнікаў, якія прыязджалі ў Францыю на заробкі, пераважна з Заходняе Беларусі, але шмат хто зь іх заставаўся назаўсёды. Пачаткі арганізацыі сягаюць у 1930 г., а арганізацыя была аформленая і залегалізаваная ў сакавіку 1931 г. Вяла яна працу сацыяльнага кірунку (дапамога работнікам, іх сем'ям), а таксама працу палітычную ды выдавала бюлетэнь "Рэха". Філіі гэтае арганізацыі дзейнічалі ў Лілі, Ліёне ды іншых гарадох Францыі, а галоўная кватэра была ў Парыжы. У перадваенным часе (арганізацыя засталася дзейнай і па Другой сусьветнай вайне) арганізацыя "Хаўрус" налічала некалькі тысячаў членаў. Кіравалі арганізацыяй спсп. Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, а духовым апекуном работнікаў быў айцец Франьцішак Чарняўскі'. "Хаўрус" ладзіў сустрэчы работнікаў, меў бібліятэку, прадстаўнікі "Хаўрусу" бралі ўдзел у розных міжнародных канфэрэнцыях10.
I яшчэ адна важная дзялянка беларускае дзейнасьці ў Заходняй Эўропе, можа і ня цалкам палітычная ды і ня зусім эмігранцкая, — гэта ўдзел у міжнародных кангрэсах нацыянальнасьцяў, эўхарыстычных, навуковых. У тых кангрэсах найчасьцей рэпрэзэнтавалі Беларусь і беларускі пагляд прадстаўнікі Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі, але ўдзельнічалі ў тых імпрэзах і эмігранты. Гэтак ксёндз Адам Станкевіч дасылаў на кангрэсы мяньшыняў свае даклады, а ўдзельнікамі кангрэсаў былі эмігранты з Прагі ці з Бэрліну. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя даставала стьшэндыі для студэнтаў у Рым, Інсбрук ды іншыя Заходня-эўрапэйскія унівэрсытэты. Ксяндзы Фабіян Абрантовіч (нейкі час жыў у Рыме і быў прыняты папам), Язэп Рэшаць, Вінцэнт Гадлеўскі і Адам Станкевіч хадайнічалі ў Рыме і падалі пратэстацыйны мэмарыял супраць польскага канкардату з Апостальскім пасадам. Наагул дзейнасьць беларускіх ксяндзоў у Заходняй Эўропе ў міжваенным часе была і шырокагранная, і важная з палітычнага пункту гледжаньня11.
I яшчэ аб аднэй дзялянцы беларускае дзейнасьці ў Эўропе ў міжваенным часе неабходна зазначыць — гэта друк. Беларускія эмігранты ў Празе, Бэрліне ды Парыжу выдавалі свае бюлетэні, выдрукавалі некалькі кніжак, інфармацыйных лістовак пра Беларусь.
Неабходна таксама падкрэсьліць, што якраз у замежным беларускім друку таго часу былі абгрунтаваныя ідэалягічныя асновы беларускае палітычнае эміграцыі, беларускае дзяржаўнасьці, сымболікі. Дэмаскаваньне ж бальшавіцкае палітыкі ў БССР, ейная шкоднасьць для беларускага руху і народу, як было сказана д-рам Тамашом Грыбам у часапісе "Іскры Скарыны", можа ўважацца, на мой пагляд, прыкладам палітычнае палемікі ды нацыянальнага думаньня.
Калі ідзе гаворка пра беларускі замежны друк і дзейнасьць беларусаў у міжваенную пару на Захадзе, дык нельга не ўспомніць і таго факту, што пры дапамозе Брытанскага біблейскага таварыства і дзякуючы стараньням беларусаў на Бацькаўшчыне і на эміграцыі, у 1931 г. у Лодзі (хоць пішацца, што ў Гэльсінкі!) упершыню ў беларускай мове быў выдрукаваны Новы Запавет — тое выданьне, што мы цяпер называем "Луцкевічавым перакладам", які да цяперашняга часу выйшаў некалькімі выданьнямі12.
Бясспрэчна, што да беларускай грамадска-палітычнай дзейнасьці ў Заходняй Эўропе трэба далучыць і выступленьні-канцэрты славутага беларускага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Яго выступы ў Празе, Бэрліне ды іншых гарадох Заходняй Эўропы папулярызавалі беларускую культуру ды давалі інфармацыю пра Беларусь шырокаму грамадству.
Заканчваючы свой разгляд, хачу заўважыць: на шмат якіх дзялянках тую дзейнасьць на Захадзе, якую распачала парэвалюцыйная хваля беларускае эміграцыі, працягвае эміграцыя па Другой сусьветнай вайне (студэнцкі рух, друк, арганізацыйнае жыцьцё ў Францыі). Аднак дзейнасьць эміграцыйнае хвалі па Другой сусьветнай вайне была значна шырэйшая — найперш дзеля большае колькасьці эміграцыі, хоць дзейнасьць абодвух хваляў базавалася на той самай ідэалягічнай аснове — адраджэньне незалежнае, дэмакратычнае беларускае дзяржавы ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.
Спасылкі:
1 Беларускі Сьцяг (Коўна, 1922). № 2—3. С. 48. Інтэрв'ю з а.Германовічам (ЗША, 1967), геолягам Сарачынскім з Бэльгійскага Конга (Бэльгія, 1954), Курагам-Скрагам (Бэльгія, 1951), д-рам І.Ермачэнкам (Бэлэр-Менск, 1969) — усе захоўваюцца ў архіве аўтара.
2 Рэфэрат М.Абрамчыка ў Лювэне (1950); інтэрв'ю з д-рам І.Ермачэнкам (ЗША, 1969) — захоўваюцца ў архіве аўтара; 40-ыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці БНР. Нью Ёрк, 1958. С. 40-47.
3 Замежная Беларусь (Прага). 1926. № 1. С. 63; The Byelorussian Times (New York). 1978. № 13.
4 Беларускі Сьцяг. 1922. № 1. C. 24-27; перапіска Я.Варонкі з В.Захаркам, архіў БІНіМ (Нью Ёрк, ЗША).
5 Замежная Беларусь. 1926. № 1; Інтэрв'ю зь Міколам Абрамчыкам (Лювэн, 1955) — захоўваецца ў архіве аўтара.
6Хрысьціянская думка (Вільня). 1937. 5 кастр.; 1938. 1 верас; Engelhard E.Weissruthenien... Berlin, 1944. S. 215; The Byelorussian Times. 1976. № 5-6; Успаміны Д.Касмовіча, архіў БІНіМ; Жук-Грышкевіч P. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Торонто, 1993. С. 41-49.
7 Хрысьціянская думка. 1938. 1, 10 верас. Інтэрв'ю зь Міколам Абрамчыкам (ЗША, 1963) — захоўваецца ў архіве аўтара.
8 Інтэрв'ю з айцом Львом Гарошкам (Лювэн, 1949; Парыж, 1953); Дзьмітрам Касмовічам (ЗША, 1979) — захоўваюцца ў архіве аўтара.
9 Інтэрв'ю зь Лявонам Рыдлеўскім (Лювэн, 1949), айцом Ф.Чарняўскім (Лювэн, 1954-1955, ЗША, 1965) — захоўваюцца ў архіве аўтара.
10 Божым Шляхам (Парыж). 1953. № 56. С. 27; 1956. № 70-75. С. 39; архіў а.Гарошкі (Лёндан, Б-ка Ф.Скарыны).
11 Божым Шляхам. 1957. № 76-81. С. 13; 1976. № 147-148. С. 1; Архіў айца Льва Гарошкі (Лёндан, Б-ка Ф.Скарыны), айца П.Татарыновіча (Нью Ерк, БІНіМ).
12 Божым Шляхам. 1975. № 143-144. С. 22.

