МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Рыжскi мiр i эмiграцыйны ўрад БНР // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Iваноў Мiкола
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Чэхія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Мікола Іваноў (Прага)

Рыжскі мір і эміграцыйны ўрад БНР

Здавалася б, як толькі ні шкуматалася беларуская нацыянальная тэрыторыя на працягу яе гісторыі далёкімі і блізкімі суседзямі... Але нават у сумнай шматвяковай гісторыі яе фармаваньня Рыжскі мір 1921 г. займае асобае месца. Тады ў латышскай сталіцы тэрыторыя існуючай у той час "дэ-юрэ" Беларускай Народнай Рэспублікі была падзеленая Польшчай і Савецкай Расіяй на дзьве няроўныя часткі. Для Беларусі гэты падзел азначаў знішчэньне апошняй надзеі на стварэньне сваёй, незалежнай нацыянальнай дзяржавы.

Польска-савецкія перамовы, якія прывялі да Рыжскага міру, складаліся з двух этапаў: першы — з 17 жніўня да 2 верасьня 1920 г. у Мінску, і другі — з 17 лістапада з невялікімі перапынкамі да 18 сакавіка 1921 г. у Рызе1.

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, які тады знаходзіўся на выгнаньні ў Коўне (Літва), не меў рэальнай сілы; яму заставалася толькі пасіўна прыглядацца да ўсяго, што рабілася на перамовах. Члены яго, аднак, рабілі ўсё, што ў іх сілах, каб прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасьці да чарговай гістарычнай несправядлівасьці ў дачыненьні да беларускага народа.

У канчатковых дакументах Рыжскай мірнай канферэнцыі шмат гаворыцца пра павагу ўрадаў Польшчы і Савецкай Расіі да правоў народаў, што пражываюць на беларускай этнічнай тэрыторыі, у тым ліку і беларускага народа, але пра сапраўдныя адносіны гэтых урадаў да беларусаў выразна сьведчыць факт, што ні палякі, ні расійскія камуністы не парупіліся нават, каб запрасіць на канферэнцыю не толькі сапраўдных беларускіх прадстаўнікоў, але і тых прадстаўнікоў беларусаў, што прытрымліваліся пракамуністычных ці прапольскіх поглядаў2. Пагарда абедзьвюх дэлегацый да элементарных нормаў міжнароднага права выявілася таксама ў намаганьнях мець супольную граніцу паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Камуністычная партыя практычна ад самага свайго заснаваньня выключна інструментальна ставілася да праблемы самавызначэньня народаў. Імкненыгі да дзяржаўнай незалежнасьці толькі тады атрымоўвалі падтрымку бальшавікоў, калі яны адпавядалі патрэбам класавай барацьбы пралетарыяту. 1 студзеня 1919 г. партыя стала ініцыятарам стварэньня псеўданезалежнай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі галоўным чынам дзеля процідзеяньня сапраўдным імкненьням беларусаў да незалежнасьці і дзеля стварэньня ўзброенага буфера на мяжы з Польшчай. Прапагандысцкі эфект гэтай падзеі павінен быў павялічыцца фактам, што абвяшчэньне беларускай незалежнасьці пад камуністычнай шыльдай адбылося практычна на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, ахоплівала ўсю сукупнасьць беларускага на-рода на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ў 300 тыс. кв. км і амаль з 12 млн. населыгіцтва3. Пазьней гэтую рэспубліку аб'ядналі з Літоўскай Савецкай Рэспублікай у складзе так званага ЛітБела. А летам 1920 г., пасьля вызваленьня Мінска ад палякаў, зноў абвяшчаецца незалежнасьць Беларусі на савецкай аснове, але на гэты раз у мініяцюрным выглядзе — у складзе ўсяго шасьці паветаў былой Мінскай губерні з населыгіцтвам 1,5 млн. чалавек. Гомельшчына, Магілёўшчына і Віцебшчына былі перададзены ў склад Расійскай Федэрацыі4.

Падобная маніпуляцыя з лёсам беларускага народа і яго нацыянальнай тэрыторыяй — сьведчаньне, па-першае, адсутнасьці ў бальшавікоў канкрэтнай і эфектыўнай праграмы дзеяньняў у вырашэньні беларускага пытаньня, па-другое, яўнай недаацэнкі імі сілы і ўплываў беларускага нацыянальнага руху, па-трэцьцяе — пагардлівых і нават цынічных адносінаў савецкіх кіраўнікоў да гістарычнага лёсу беларускага народа. Усе гэтыя элементы палітыкі камуністычнай партыі ў беларускім пытаньні даволі выразна выявіліся ў адным мала вядомым аспекце мірнай дамоўленасьці паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у Рызе. Пасля паўторнага абвяшчэньня незалежнасьці БССР у жніўні 1920 г. некаторы час дзяржаўная тэрыторыя Беларускай ССР не была вызначана. I толькі ў выніку рыжскіх мірных перамоў была пастаўленая чарговая, негатыўная для беларусаў кропка ў гэтым пытаньні. Адной з прычын рашэньня Масквы перадаць у склад Расійскай Федэрацыі Гомельшчыну, Віцебшчыну і Магілёўшчыну была патрэба для расійскага камуністычнага ўрада мець супольную граніцу з Польшчай і такім чынам пацвердзіць легітымнасьць свайго подпісу пад тэкстам Рыжскага мірнага дагавору. Адсутнасьць супольнай граніцы магла зрабіць увесь дагавор неадпаведным нормам міжнароднага права.

Намер расійскага боку зьменьшыць тэрыторыю Беларускай ССР да сьмешных памераў выглядаў такім неверагодным, што пачаткова польская дэлегацыя проста не магла ў гэта паверыць. I толькі вострая заява расійскай дэлегацыі і нават пагроза прьшыніць перамовы змусіла палякаў згадзіцца, каб у канчатковым тэксце дамовы было запісана, што Польшча мяжуе з Украінай, Беларусьсю і Расеяй5.

На чале ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі, які ў той час знаходзіўся ў Коўне, быў Вацлаў Ластоўскі, які ў сьнежні 1919 г. замяніў на гэтай пасадзе Антона Луцкевіча, затрыманага і пасаджанага пад хатні арышт палякамі ў Варшаве ў час вяртаньня з Версальскай мірнай канферэнцыі. У складзе ўрада былі таксама Т.Грыб (міністр унутраных спраў), Я.Ладноў (замежных спраў), А.Цьвікевіч (юстыцыі), Е.Бялевіч (фінансаў), К.Душэўскі (дзяржаўны сакратар) і Л.Заяц (дзяржаўны кантралёр)6. Амаль усе члены гэтага ўрада належалі да партыі беларускіх эсэраў (сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Падобны склад тлумачыўся канфліктам у беларускім незалежніцкім руху. Частка незалежніцкіх дзеячаў на чале з Вацлавам Іваноўскім лічыла, што будучыню Беларусі магчыма засноўваць на супрацоўніцтве і саюзе з Польшчай. Большасьць, аднак, складу Рады БНР на чале з П.Крачэўскім і В.Ластоўскім выступала ў абарону цалкам незалежніцкай пазіцыі і лічыла, што шлях да беларускай незалежнасьці не можа абапірацца ні на саюз з Расіяй, ні з Польшчай.

Указаны канфлікт адбываўся ў акупаваным палякамі Мінску, дзе польскія вайсковыя ўлады пільна сачылі за ўсімі палітычнымі дыскусіямі ў беларускім лагеры і як маглі спрыялі поспеху прапольскай плыні ў беларускім руху. У рамках гэтай лініі польскія ўлады аддалі загад арыштаваць шэраг беларускіх палітычных дзеячаў, вядомых сваімі антьшольскімі настроямі. За краты тады трапілі В.Ластоўскі, П.Бадунова і інш. Пад пагрозай немінучага арышту вялікая колькасьць беларускіх дзеячаў вымушана была выехаць з Мінска на правінцыю, частка нават эмігравала ў Літву7.

Адначасова з рэпрэсіямі польская адміністрацыя пачала перамовы з прапольскай так званай Найвышэйшай Радай БНР. У склад яе ўваходзілі В.Іваноўскі, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Смоліч, А.Уласаў, Я.Серада і інш. Гэты крок палякаў тлумачыўся, між іншым, тым, што ў польскім кіраўніцтве перамагла так званая федэралістычная канцэпцыя аднаўленьня Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., дзе прадугледжвалася стварэньне аўтаномных дзяржаўных адзінак на тэрыторыі Літвы, Беларусі і Украіны. Польскі генеральны штаб адначасова рыхтаваў таксама шырокамаштабнае наступленьне на савецка-польскім фронце8. Перамовы з беларусамі адбываліся ў Варшаве, куды спецыяльна для гэтай мэты прыбыў у студзені 1920 г. Вацлаў Іваноўскі. Там, аднак, не ўдалося дасягнуць ніякага прагрэсу. Польскі бок да таго часу згубіў цікавасць да выкарыстаньня беларускай карты. Да таго ж Іваноўскі выказаў перад палякамі такія далёка ідучыя патрабаваньні, што яны не маглі быць прымальныя. У прыватнасьці, ён запатрабаваў не абмежаванай нацыянальна-культурнай аўтаноміі, а стварэньня раўнапраўнага польска-беларускага федэрацыйнага хаўрусу9.

Ад лютага 1920 г. месцам далейшых перамоваў стаў Мінск. З беларускага боку ў іх удзелыгічалі, акрамя В.Іваноўскага, ксёндз Ф.Абрантовіч, А.Смоліч, Я.Серада, С.Рак-Міхайлоўскі і інш. Перамовы адбываліся пад уплывам посьпехаў польскай арміі на савецка-польскім фронце. Паволі польскі бок набіраў упэўненасьць ў магчымасьці канчатковай перамогі ў гэтай вайне без выкарыстаньня беларускай карты. I таму з кожным новым раундам перамоваў прапановы палякаў у справе беларускай аўтаноміі рабіліся ўсё больш і больш сціплымі. У рэшце рэшт беларуская дэлегацыя была вымушана згадзіцца на вельмі абмежаваную культурную праграму на ніве беларускасьці. Палякі паабяцалі выдзеліць на развіцьцё беларускага школьніцтва на Міншчыне 10 млн. польскіх марак. Пры гэтым найбольш пільнымі былі прызнаны 3 млн. 600 тыс. марак, якія планавалася выдзеліць неадкладна. Але і з гэтай сумы беларускія прадстаўнікі змаглі атрымаць толькі невялікую частку10.

Летам 1920 г. пачалося моцнае контрнаступленьне Чырвонай Арміі ў Беларусі. Да пачатку жніўня практычна ўся тэрыторыя этнаграфічнай Беларусі аказалася пад савецкім кантролем. На пачатку ліпеня, пасля заняцьця Мінска, савецкія ўлады вырашылі зноў абвясьціць незалежнасьць БССР. Акт паўторнага абвяшчэньня беларускай незалежнасьці пад камуністычным сьцягам сімвалізаваў сабой канец няўдалага бальшавіцкага эксперыменту ў выглядзе Літоўска-Беларускай ССР".

Новая савецкая рэспубліка была патрэбна бальшавікам галоўным чынам дзеля таго, каб выкарыстаць яе ў якасьці казырнай карты на мірных перамовах з палякамі ў Мінску. Ужо на першым пасяджэньні мірнай канферэнцыі кіраўнік савецкай дэлегацыі польскі камуніст Данішэўскі заявіў, што РСФСР паранейшаму стаіць на пазіцыі самавызначэньня народаў і актыўна падтрымлівае ідэю незалежнасьці Беларусі12. На гэты раз, аднак, савецкае разуменьне незалежнасьці Беларусі распаўсюджвалася толькі на заходнюю частку беларускай этнаграфічнай тэрыторыі, якую раньняй восеньню 1920 г. паволі займалі польскія войскі, разгортваючы сваё наступленьне з-пад Варшавы. На пачатку кастрычніка 1920 г. польская армія дайшла да Мінска і захапіла яго — насуперак дасягнутай раней дамоўленасьці аб перамір'і і размежавальнай лініі паміж польскімі і савецкімі войскамі.

Сутнасьць палітыкі бальшавіцкай партыі ў беларускім пытаньні выявілася ў імкненьні не дапусьціць да ўдзелу ў перамовах нават дэлегацыі адноўленай марыянетачнай БССР, хаця мірная канферэнцыя і адбывалася ў сталіцы Беларусі Мінску, а на ёй абмяркоўваліся праблемы падзелу яе дзяржаўнай тэрыторыі.

На першым пленарным пасяджэньні расійская дэлегацыя запрапанавала, каб граніца паміж Польшчай і незалежнай Беларусьсю праходзіла ўздоўж лініі, запрапанаванай брытанскім міністрам замежных спраў лордам Керзанам з невялікімі зьменамі на карысьць Польшчы ў раёне Беластока13. Адначасова, аднак, з новымі паражэньнямі Чырвонай Арміі на польскім фронце зьмянялася і пазіцыя савецкага боку. Савецкая дэлегацыя была схільная рабіць усё новыя і новыя ўступкі Польшчы ў справе граніц. Але і Польшча пасьля таго, як армія М.Тухачэўскага амаль не захапіла Варшаву, адмовілася ад канцэпцыі аднаўленьня граніц 1772 г.14 Пачаткова польская дэлегацыя была гатова згадзіцца з граніцай, якая бегла б уздоўж лініі старых расійскіх акопаў перыяду Першай сусьветнай вайны (Лунінец - Баранавічы - Маладзечна - возера Нарач), але разам з набліжэньнем польскай арміі да Мінска апетыты ўзрасталі.

Працяг мірных перамоваў у Рызе пачаўся з намаганьняў савецкай дэлегацыі падключыць да мірных перамоваў дэлегацыю Украінскай ССР. БССР па-ранейшаму ігнаравалася расійскім бокам. У сувязі з гэтым эміграцыйны ўрад БНР паспрабаваў атрымаць згоду расійцаў і палякаў на свой удзел у перамовах. Прэм'ер-міністр урада БНР В.Ластоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі польскага ўрада ў Коўне і запрапанаваў аказаць дыпламатычную і іншую падтрымку палякам на іх перамовах з Расіяй у Рызе ўзамен за нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў у складзе польскай дзяржавы. Ад імя ўрада БНР намесыгіку кіраўніка польскай дэлегацыі ў Рызе Леану Васілеўскаму быў накіраваны мемарандум з прапановамі аб супрацоўніцтве. Ёсьць неправераныя да канца сьведчаныгі, што Рыгу наведаў міністр замежных спраў БНР Я.Ладноў, што ён сустракаўся з старшынёй Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі А.Чарвяковым, які ў якасьці эксперта па беларускіх справах быў членам расійскай дэлегацыі, і нібыта атрымаў яго згоду на далучэньне БССР да маючай паўстаць у межах Польшчы беларускай аўтаноміі15. Верагоднасьць падобных перамоваў і дамоўленасьцей даволі малаверагодная, хаця і не выключана цалкам.

Для процідзеяньня спробам урада БНР удзелыгічаць у рыжскіх мірных перамовах польскі бок накіраваў у Рыгу дэлегацыю так званай Сярэдняй Літвы, псеўданезалежнай рэспублікі, што існавала на тэрыторыі Віленшчыны ў 1920 1922 гг. У склад яе ўваходзілі толькі прадстаўнікі польскага населыгіцтва Віленшчыны: спадары Банькоўскі і Крыжаноўскі. Паўнамоцтвы іх, аднак, не былі прызнаны ў сувязі з негатыўнай пазіцыяй расійскай дэлегацыі. Востры пратэст супраць дэмаршу Сярэдняй Літвы зрабіў і ўрад БНР16.

21 кастрычніка 1920 г. у Коўне была склікана канферэнцыя беларускіх сацыялістычных партый. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі партыі Беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), сацыялістаў-дэмакратаў і сацыялістаў-федэралістаў. Удзельнікі канферэнцыі прынялі адозву да сацыялістаў Польшчы і Расіі і да сацыялістаў усяго сьвету з заклікам прьшыніць падзел Беларусі ў Рызе. "Польшча і Расія, — гаварылася ў палітычнай рэзалюцыі канферэнцыі, — не маючы супольных граніц, вялі на працягу апошняга году руйнуючую вайну на беларускай тэрыторыі і без учасця прадстаўнікоў беларускага народу 12 кастрычніка 1920 году падпісалі ў Рызе ўмову аб прэлімінарным міры... У абоймы польскага імперыялізму і шавінізму кінутая трэцьцяя часць беларускай тэрыторыі з населыгіцтвам у 4,5 млн. жыхароў, паміж каторага палякі становяць не больш як ад 2-8%. Польшча на гэтыя землі, спрадвечна беларускія, не мае ні гістарычнага, ні этнаграфічнага права.

Савецкай Расеі кінута 180 000 кв.км беларускай тэрыторыі з насяленьнем у 8 млн. жыхароў. Незалежнасьць савецкай Беларусі — гэта толькі фікцыя, прыкрываючая паняволеньне беларускага народу расейскім цэнтралізмам"17.

Але і гэтая адозва, як і іншыя намаганьні беларускага незалежніцкага лагера, засталася без адказу. Сьветам у той час кіравалі зусім іншыя прынцьшы.

Спасылкі:

1                Dabski J. Pokoj Ryski. Warszawa, 1931. S. 74.

2                Ha некалькіх пасяджэньнях камісіі па тэрытарыяльных справах у якасьці эксперта расійскага боку ўдзелыгічаў адзін з лідэраў беларускага камуністычнага кіраўніцтва Алесь Чарвякоў. Яго ўдзел меў такі мізэрны характар, што не зьвярнуў ўвагі польскага боку. Гл.: Dabski J. Pokoj Ryski. S. 98-119.

3                Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994. С. 496.

4 Турук Ф. Белорусское двнженне. М., 1921. С. 51.

5  Dabski J. PokqjRyski. S. 185.

6 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва Беларусі (далей БДАМЛІМ), ф. 3, воп. 1, спр. 202, арк. 130.

7                Archiwum Akt Nowych (далей: AAN), Akta Leona Wasilewskiego, raport 7 oddzialu 2.

8                Pobog-Malinowski W. Najnowsza Historia Polityczna Polski. Londyn, 1985. T. 2. S. 409.

9                AAN, op.cit., sygn. 39.

10AAN, op.cit, sygn. 39.

11         Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мн., 1992. С. 180.

12         Dabski J. Pokoj Ryski. S. 34-35.

13         Dokumenty i materialy do stosunkow polsko-radzieckich. Warszawa, 1961. T. 3. S. 340.

14         Kumaniecki J. Pokoj polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985. S. 35.

15         Krotki zarys zagadnienia bialoraskiego: Sztab generalny, oddzial II. Warszawa, 1928. S. 108.

16         БДАМЛІМ, ф. 3, воп. 1, cnp. 202, арк. 73.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by