МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ажыццяўленне ідэі беларусізацыі па-за межамі БССР у 20-я - пачатку 30-х гадоў // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Лыч Леанід
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Латвія, Расія, Чэхія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Леанід Лыч (Мінск)

Ажыццяўленне ідэі беларусізацыі па-за межамі БССР у 20-я — пачатку 30-х гадоў

У ліпені 1924 г. у жыцці беларускага народа адбылася вельмі важная палітычная і культурная падзея, якая атрымала шырокую вядомасць і па-за межамі дзяржавы. Пад уплывам магутнага нацыянальна-адраджэнцкага працэсу, які ішоў пераважна ініцыятыўным шляхам, да яе не маглі не праявіць пэўнай зацікаўленасці, а то і далучыцца дзяржаўныя і партыйныя органы ўсіх звенняў. Надалей займаць пазіцыю чаканння ім ужо ніяк не вьшадала, бо і так масы, дзякуючы настойлівай мэтанакіраванай працы беларускай нацыянальна-свядомай інтэлігенцыі, значна апярэджвалі афіцыйныя структуры ў пытаннях нацыянальнага Адраджэння. Зыходзячы з такога становішча, другая сесія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) БССР прыняла 15 ліпеня 1924 г. спецыяльную пастанову "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі", якой вызначыла асноўны змест таго, што ўвайшло ў гісторыю пад тэрмінам "беларусізацыя". Яна складалася з трох асноўных кампанентаў: арганізацыя адукацыі і выданне кніг на беларускай мове, вылучэнне беларусаў на кіруючыя пасады, перавод службовага справаводства на беларускую мову.

У палітыкі беларусізацыі адразу ж з'явілася шмат праціўнікаў, у тым ліку і сярод высокіх дзяржаўных і партыйных работнікаў, але паколькі яна мела дырэктыўны характар, дык падлягала няўхільнаму правядзенню ў жыццё. I такое сапраўды адбывалася. Прыкметныя вынікі нацыянальна-культурнага Адраджэння адчуліся ўжо праз год-другі пасля абвяшчэння беларусізацыі дзяржаўнай палітыкай. А праз пяць гадоў беларусізацыі ў жыцці нашага народа адбыліся такія карэнныя пазітыўныя зрухі, што яны, з аднаго боку, прымусілі паверыць у нацыянальнае Адраджэнне нават самых закаранелых песімістаў, а з другога — запалохалі тых высокіх палітыкаў, хто ад самага пачатку не быў зацікаўлены ў давядзенні беларусізацыі да лагічнага канца. Таму няма сёння падстаў крытыкаваць беларусізацыю за сам тэрмін ці за той заняпад, да якога яна прыйшла на дзесятым годзе сваёй гісторыі. Пры яе ацэнцы трэба браць пад увагу не другое, а першае пяцігоддзе (1925-1929 гг.). А яму ж не было роўнага за ўсё XX ст.! He ідуць у параўнанне нават тыя пяць гадоў, што мінулі пасля прыняцця 26 студзеня 1990 г. Закона аб мовах, асабліва калі ўзяць пад увагу іх вынікі, бачныя сёння.

Найлепшым пацвярджэннем прагрэсіўнасці такой з'явы, як беларусізацыя, з'яўляецца яе станоўчы ўплыў на беларусаў блізкага і далёкага замежжа. На першапачатковым этапе беларусізацыі і крыху пазней наш край яшчэ не быў адгароджаны жалезнай заслонай ад іншых краін. Усё добрае і кепскае, што ў ім рабілася, было вельмі добра вядома нашым суродзічам, якія па розных прычынах апынуліся па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны. Яны шчыра радаваліся яе поспехам у нацыянальна-культурным Адраджэнні і, наколькі дазвалялі ўмовы, імкнуліся будаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з уласнымі гістарычнымі, духоўнымі і сямейна-бытавымі традыцыямі.

Зразумела, найбольшы рэзананс беларусізацыя атрымала ў суседніх краінах, асабліва ў тых, якія ўключалі ў свае дзяржаўныя межы беларускія этнічныя тэрыторыі. Пераканаўча пацвярджаецца гэта прыкладам Латвіі, дзе да таго ж яшчэ жыло і нямала людзей, апантаных беларускай нацыянальнай ідэяй. Пачатак ажыццяўлення беларусізацыі ў нашай рэспубліцы супаў з вельмі цяжкімі падзеямі ў лёсе латышскіх беларусаў. 3 мая 1924 г. да красавіка 1925 г. тут без важкіх падстаў вёўся "Беларускі судовы працэс", па якім праходзілі такія выдатныя змагары за нацыянальную ідэю, як К.Езавітаў, У.Пігулеўскі, І.Краскоўскі, П.Мядзёлка-Грыб і інш. Абвінавачванні выстаўляліся вельмі сур'ёзныя — аж да намераў далучыць да савецкай Беларусі шэраг паветаў Латвіі, дзе спрадвеку жылі беларусы. Пакуль ішоў працэс, згарнулі ці цалкам спынілі сваю дзейнасць некаторыя беларускія культурна-асветніцкія арганізацыі, у тым ліку і таварыства "Бацькаўшчына" ў Латгаліі.

На шчасце, судовыя органы Латвіі ўсё ж прыйшлі да заключэння, што беларусы не вядуць тут аніякіх антыдзяржаўных падкопаў і таму дазволілі ім аднавіць усю былую дзейнасць. Адрадзілася яна вельмі хутка і была ва ўсім сугучнай ідэям беларусізацыі. Ужо ў чэрвені 1925 г. у Рызе пачала выдавацца першая газета латышскіх беларусаў "Голас Беларуса". У наступным годзе ў сталіцы Латвіі выйшаў беларускі паэтычны зборнік "Першы крок".

Шмат энергіі, жыццёвага вопыту ўклаў у беларускую справу ў гэтай краіне Кастусь Езавітаў, які з'яўляўся ў розныя гады рэдактарам штомесячніка "Беларуская школа ў Латвіі", выдаўцом газеты "Голас Беларуса", кіраўніком Беларускага выдавецтва ў Латвіі, адным з ініцыятараў заснавання "Таварыства беларускіх вучыцеляў у Латвіі", старшынёй Беларускага навукова-краязнаўчага гурта. У розных установах ён выкладаў беларускую мову, гісторыю, методыку гісторыі, геаграфію і маляванне.

Для пашырэння ідэй беларусізацыі ў Латвіі многае зрабіў наш фалькларыст, этнограф і педагог Сяргей Сахараў. У 1921-1925 гг. ён узначальваў Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі, у 1925-1932 гг. — Дзвінскую беларускую гімназію, у сценах якой узгадавана нямала людзей, што аддана служылі нацыянальнай ідэі на працягу ўсяго свайго жыцця.

Звязанае з беларусізацыяй інтэнсіўнае нацыянальна-культурнае Адраджэнне краю шчыра радавала нашых суродзічаў, што апынуліся ў прыязнай да нас Чэхаславакіі, у сталіцы якой у той час знаходзіўся эміграцыйны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты фактар шмат у чым паспрыяў сцяканню туды прагрэсіўных сіл беларускай інтэлігенцыі, якую стала цікавілі падзеі на Радзіме. Прага дала таксама прытулак многім членам ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у тым ліку яе лідэру Тамашу Грыбу. Знаходзячыся ў самавыгнанні, ён працягваў цікавіцца станам сваёй партыі, якая дажывала апошнія дні ў савецкай Беларусі. Т.Грыб, не выключаючы сумеснай дзейнасці з камуністамі, усё ж прасіў у сваіх лістах да членаў ЦК БПС-Р, што засталіся ў БССР, не распускаць партыю і не ўваходзіць у бальшавіцкую. На практыцы ўсё атрымалася наадварот.

Апынуўшыся ў Празе, нашы эмігранты ўсёй сваёй практычнай дзейнасцю імкнуліся служыць інтарэсам роднага краю. Гэта мелі на ўвазе і тыя, хто ехаў з Беларусі вучыцца ў добра вядомы ў Еўропе Карлаў універсітэт. Вось па якіх актуальных, накіраваных на нацыянальную ідэю праблемах абаранілі тут нашы вьшускнікі доктарскія дысертацыі: Ігнат Дварчанін — "Францішак Скарына як працаўнік культуры і гуманіст на беларускім грунце", Янка Станкевіч — "Рэлігійная кніга беларускіх мусульман "Аль Кітаб". Граматычны аналіз мовы", Тамаш Грыб — "Паляне": пытанне народа і нацыянальнасць. Сацыялагічны аналіз". Сярод тых, хто пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў Прагі здабыў шырокую папулярнасць дзякуючы самаахвярнай працы на карысць беларускага народа, можна назваць Уладзіміра Жылку, Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Янку Геніюша, Міколу Гарошку, Аляксандра і Пётру Орсаў, Міколу Ілляшэвіча.

Удзячны чэхам за атрыманую вышэйшую адукацыю, доктар Мікалай Ілляшэвіч зрабіў ім у 1930 г. вельмі добры падарунак: выдаў у Празе першую на чэшскай мове кнігу пра сваю радзіму — "Беларусь і беларусы". Яе змест шмат у чым адрозніваўся ад той літаратуры, якую выдавалі тады ў БССР. Аўтар з адраджэнцкіх пазіцый паказаў ролю Беларускага вайсковага з'езда (восень 1917 г.), Усебеларускага з'езда ў Мінску ў снежні 1917 г., Слуцкага паўстання ў лістападзе 1920 г. Таму кнігу М.Ілляшэвіча ў штыкі сустрэлі ў савецкай Беларусі. А.Касаніцкі ў кароткай рэцэнзіі на яе пад назвай "Беларуская контррэвалюцыя інфармуе заграніцу аб Беларусі" асабліва востра крытыкуе аўтара за такія словы: "Граніцы чатырох дзяржаў, якія працінаюцца на этнаграфічных землях Беларусі, з'яўляюцца як крывавыя раны на жывым целе, а таму проці гэтага ненармальнага палітычнага з'явішча, якое існуе на ўсходзе Эўропы (г.зн. у СССР. — Л.Л.), беларусы пратэставалі і будуць пратэставаць".

Прывёўшы гэтую цытату, А.Касаніцкі рэзюмуе: "Тут ужо зусім выразна відаць морду беларускага контррэвалюцыянера"1. Затое інакш сустрэла кніжку М.Ілляшэвіча чэшская грамадскасць, якая дзякуючы ёй атрымала магчымасць даведацца пра гісторыю і культуру, прыродна-кліматычныя ўмовы Беларусі, жыццё беларусаў у Польшчы, Літве і Латвіі, прачытаць у перакладзе на чэшскую мову радкі з вершаў Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота, А.Дудара, А.Моркаўкі, прозы Т.Гушчы, казак А.Сержпутоўскага.

Беларусізацыя самым рашучым чынам паўплывала на ўрадаўцаў БНР. Многія з іх нават выказалі шчырае жаданне вярнуцца ў савецкую Беларусь, каб прысвяціць сябе нацыянальнаму Адраджэнню. У залішняй спешцы, не маючы на тое права, прэм'ер БНР Аляксандр Цвікевіч 4 кастрычніка 1925 г. у час сустрэчы ў Празе з старшынёй Савета Народных Камісараў БССР Язэпам Адамовічам падпісаў акт аб роспуску ўрада БНР. Да канца года з актыўных дзеячаў гэтага ўрада вярнуліся ў БССР А.Цвікевіч, Л.Заяц, У.Пракулевіч і інш. Больш разумную, глыбокаўзважаную пазіцыю ў дадзеным пытанні заняў прэзідэнт рады БНР Пятро Крачэўскі, які вырашыў працягваць аддана служыць беларускай справе ў Празе, а не на радзіме. I не памыліўся, бо ўсе тыя ўрадаўцы, што прыехалі ў БССР, сталі ахвярамі масавых рэпрэсій 30-х гадоў. Факт самароспуску ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Пятро Крачэўскі назваў "авантурызмам і падлогам", "здрадай незалежнасці". Такой жа пазіцыі прытрымліваўся і яго пераемнік (Пятро Крачэўскі памёр у 1928 г. у Празе) Васіль Захарка.

У большай ступені пад уплывам беларусізацыі, чым ад уласнага ўсведамлення, пачалі далучацца да нацыянальна-адраджэнцкай ідэі беларусы, якія жылі ў розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Зразумела, першымі прыйшлі ў рух нашы суродзічы на тых тэрыторыях, якія непасрэдна прылягалі ці недалёка знаходзіліся ад БССР. Да ліку першых адносілася Заходняя вобласць (з 1937 г. — Смаленская), у якой на перыяд перапісу населыгіцтва 1926 г. жыло 83 тыс. беларусаў. У Ленінградскай вобласці тады іх было 55 тыс, Маскоўскай — 29, у самой Маскве — 13, Іванаўскай — 7 тыс. Доўгі час, не маючы належных умоваў для прыстойнага нацыянальна-культурнага жыцця, беларусы, нават і тыя, што жылі на сваёй этнічнай тэрыторыі, няўхільна асіміляваліся, пра што сведчаць наступныя факты: калі за перыяд з 1897 да 1926 г. колькасць беларусаў у Расіі па нацыянальнасці вырасла на 33 працэнты, дык па мове, наадварот, зменшылася на 3 працэнты. Ва ўкраінцаў таксама назіраліся падобныя тэндэнцыі, але не ў такіх суадносінах: у першым і другім вьшадках быў рост: на 54 і 36 працэнтаў2. Натуральна, такія высокія тэмпы русіфікацыі беларусаў РСФСР не маглі не выклікаць занепакоенасці ў тых яе дзяржаўных, партыйных, грамадскіх і культурных дзеячаў, якія глядзелі на дадзеную з'яву з штэрнацыяналістычных пазіцый, ведалі, які нацыянальна-патрыятычны рух пачаўся сярод карэннага населыгіцтва БССР у выніку палітыкі беларусізацыі. У 1925 г. Народны камісарыят асветы РСФСР склікаў спецыяльную нараду па беларускім пытанні і прыняў пастанову, якая абавязвала карэнным чынам палепшыць задавальненне патрэб беларусаў у нацыянальнай адукацыі. У сакавіку 1927 г. калегія гэтага наркамата прыняла "Пастанову аб планавым пераводзе асветных устаноў, якія абслугоўваюць беларусаў, на іх родную мову". Пазней, у верасні таго ж года, НКА РСФСР распрацаваў спецыяльную інструкцыю аб пераводзе школ, дзе вучыліся беларускія дзеці, на беларускую мову.

Прымаючы такога роду дакументы, кіраўніцтва НКА рэгулярна сачыла за іх рэалізацыяй. Шмат негатыўных фактаў было выяўлена ў 1928 г., калі інспекцыя наркамата асветы правярала на месцах ход стварэння беларускіх школ. Для дасягнення хутчэйшага эфекту НКА РСФСР практыкаваў арганізацыю канферэнцый і нарад па пытаннях беларусізацыі3. I трэба прызнаць, што пэўныя зрухі ўсё ж тут праявіліся. У 1930 г. працэнт беларусізацыі школ першай ступені Заходняй вобласці склаў 36. У наступным годзе ў школах сялянскай моладзі працавала 29 беларускіх груп з ахопам 1205 навучэнцаў, мелася 147 беларускіх камплектаў у пачатковых школах, дзе вучылася 1058 чалавек4. 3 агульнай колькасці створаных для беларускіх дзяцей школ у больш чым 67 працэнтаў навучанне праводзілася на беларускай мове. Апошнім часам тут значна вырас лік беларускіх школ павышанага тыпу. 3 1930 г. распачалі працу Руднянскі беларускі педагагічны тэхнікум з кантынгентам навучэнцаў у 177 чалавек і беларускі рабфак у Смаленску; з восені 1932 г. планавалася адкрыццё беларускага аддзялення пры Смаленскім педагагічным тэхнікуме. У гэтых адносінах Заходнюю вобласць называлі "перадавым участкам на фронце асветы беларусаў у РСФСР"5. Для абслугоўвання беларусаў на іх нацыянальнай мове былі створаны 20 хат-чытальняў і сем бібліятэк. Такога роду ўстановы асветы і культуры ўзнікалі пры актыўнай падтрымцы мясцовага беларускага насельніцтва. Так, "беларуская Любавіцкая школа сабрала сярод сялян 360 подпісаў за перадачу царквы пад школу і дамагалася адпаведнай рэзалюцыі ад двух калгасаў"6.

На беларускіх землях Заходняй вобласці найбольш цяжкасцей з пераводам культурна-асветных устаноў на ўласны нацыянальны грунт узнікала з-за адсутнасці добра падрыхтаваных для гэтага кадраў, патрэбнай літаратуры, асабліва падручнікаў. Але былі і перашкоды іншага плана. Ёсць факты, што культурна-асветніцкую работу сярод беларусаў наўмысна зрывалі мясцовыя органы. Яны адкрылі ў 1930 г. у Руднянскім раёне беларускі педтэхнікум толькі пасля таго, як друк ускрыў "шавіністычны характар усёй валакіты" з яго арганізацыяй7. Ствараўся ж гэты тэхнікум на базе старэйшага канцэнтра — Руднянскай дзевяцігодкі.

Вялікія надзеі на ажыўленне беларускасці ўскладаліся на створаны ў другой палове 20-х гадоў Цэнтральны беларускі клуб у Маскве. У некаторыя гады ў яго ўваходзіла да 600 чалавек, сярод якіх пераважалі рабочыя. Значная колькасць сябраў клуба — гэта палітэмігранты з Заходняй Беларусі. Аднак па віне мясцовых арганізацый Масквы гэты клуб на працягу некалькіх гадоў знаходзіўся "ў цесным сырым падвале з 3 пакояў, да таго ж з няспраўнай каналізацыяй". Два гады хадайніцтва аб выдзяленні клубу адпаведных памяшканняў не далі станоўчых вынікаў8.

Рэха беларусізацыі параўнальна хутка дакацілася да шырокіх прастораў Сібіры і Далёкага Усходу, дзе ўжо не першыя дзесяцігоддзі жылі нашыя землякі. Расказаць апошнім, што робіцца на іх радзіме па лініі беларусізацыі, маглі тыя выхадцы з нашай рэспублікі, якія ехалі тады асвойваць свабодныя землі гэтых рэгіёнаў РСФСР. Такіх людзей з Беларусі штогод прыбывала нямала. У 1925-1926 гг. ад нас ва ўсходнія раёны СССР выехала 12,7 тыс. чалавек, у 1926-1927 гг. — 24,8 тыс, з іх у Сібір і на Далёкі Усход — адпаведна 76,7 і 95,4 працэнта'.

Усесаюзны перапіс насельніцтва 1926 г. зафіксаваў, што на той час у Сібіры пражывала 320 тыс. беларусаў. Пазней іх колькасць павялічылася за кошт тых, хто незаслужана панёс пакаранне за ўдзел у выдуманым нацдэмаўскім руху. Сярод іх быў і наш этнограф, мовазнавец і літаратуразнавец Мікалай Каспяровіч (1900—1945). Сібір ён наведваў яшчэ і да высылкі, бо цікавіўся жыццём беларускіх перасяленцаў. У апошнія гады знаходжання ў Беларусі (1926—1930) М.Каспяровіч працаваў навуковым сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, затым АН БССР. Апантаны нацыянальнай ідэяй, ён і ў далёкім Сібірскім краі не мог адысці ад беларускай справы, тым больш, што тут у яго ўжо меўся добры зачын. Пасля грунтоўнага даследавання культуры і быту тамтэйшых беларусаў яшчэ ў папярэднія гады ён выступіў на старонках вельмі папулярнага ў той час у СССР друкаванага органа ЦК саюза работнікаў асветы СССР "Просвещение национальностей" з цікавым і змястоўным артыкулам "Пытанні культурнага абслугоўвання сібірскіх беларусаў". Каспяровіч прыйшоў да слушнай высновы, што на дадзеным шляху існуе "цэлы шэраг перашкод, у значнай меры абумоўленых характарам спадчыны мінулага"10, калі на беларусаў было прынята глядзець, як на рускіх.

Становішчам беларусаў Сібіры цікавіліся і саюзныя органы ўлады, што вынікае з пастановы ЦВК СССР ад 9 снежня 1929 г. У ёй Сібірскі крайвыканкам абавязваўся "закончыць выдзяленне і афармленне нацыянальных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у мясцовасцях з кампактным насельніцтвам нацменшасцей, у прыватнасці ўкраінскіх і беларускіх...

У далейшым у працы сярод нацыянальных меншасцей сканцэнтраваць увагу краявых і мясцовых органаў на большым абслугоўванні ўкраінскага і беларускага насельніцтва.

Павялічыць сетку і якасць працы палітасветустаноў нацменшасцей (забеспячэнне масавай і перыядычнай літаратурай на роднай мове, у асаблівасці ўкраінскай і беларускай); узмацніць працу па ліквідацыі непісьменнасці нацменшасцей.

... Прапанаваць ураду РСФСР узмацніць падрыхтоўку кадраў для працы сярод украінскага і беларускага насельніцтва, а Сібірскаму краявому выканаўчаму камітэту ўлічыць наяўнасць у краіне ўкраінскіх і беларускіх работнікаў і спецыялістаў для выкарыстання іх у раёнах, населеных адпаведнымі нацменшасцямі"11.

У шэрагу месцаў савецкія органы, аддзелы народнай адукацыі з усёй сур'ёзнасцю паставіліся да выканання выкладзеных ва ўказанай пастанове задач і дасягнулі пэўнага поспеху. Калі ў 1930 г. у Заходнесібірскім краі была толькі адна беларуская школа павышанага тьшу, дык праз год тут ужо працавалі шэсць ШКМ, якія наведвалі 440 навучэнцаў. За гэты час колькасць беларускіх камплектаў у пачатковых школах павялічылася з 21 да 85, дзе на сваёй нацыянальнай мове ўзгадоўвалася 3,5 тыс. дзяцей12.

З усіх раёнаў Заходнесібірскага краю найлепшай працай па задавальненні нацыянальна-культурных запатрабаванняў беларусаў вызначаўся Большарэчанскі, дзе ў 30-я гады нават выходзіла на беларускай мове газета "Шляхам Ільіча". Але мелася нямала раёнаў Сібіры, дзе пастанову ЦВК СССР ад 9 снежня 1929 г. проста праігнаравалі, нічога канкрэтнага не зрабілі для арганізацыі жыцця беларусаў паводле іх нацыянальна-культурных традыцый.

На вялікі жаль, ніхто — ні ў Расіі, ні ў Беларусі — своечасова і сур'ёзна не паклапаціўся, каб беларусы, незалежна ад таго, жывуць яны ў межах РСФСР на сваіх этнічных тэрыторыях ці дзесьці ў далёкай Сібіры, адчувалі сябе беларусамі. Таму меў рацыю І.Скачкоў, калі прапанаваў і самой Беларусі выкарыстаць свой вопыт "для больш шырокага разгортвання культурнага будаўніцтва сярод беларусаў у РСФСР", арганізаваць культшэфства БССР над 300 тыс. беларусаў Заходнесібірскага краю, суайчыннікамі з Казахстана, Далёкаўсходняга краю, што "забяспечыла б больш хуткае прасоўванне каранізацыі беларускіх нацыянальна-культурных устаноў і ў іншых краях РСФСР"13. Але не будзем забываць, што пісаліся гэтыя радкі ў 1932 г., калі ў БССР прайшла ўжо першая хваля барацьбы з "нацдэмамі", калі пачала пакрысе зніжаць тэмпы беларусізацыя. Таму зварот І.Скачкова да сумлення партыйных і дзяржаўных органаў БССР дапамагчы пэўным рэгіёнам Расійскай Федэрацыі ў правядзенні беларусізацыі застаўся марным голасам у пустыні.

З усёй адказнасцю можна сцвярджаць, што пачатак 30-х гадоў стаў канцом беларусізацыі для многіх раёнаў Расійскай Федэрацыі, дзе жылі беларусы. Гэта не баяўся прызнаць і друкаваны орган ЦК саюза работнікаў асветы СССР "Просвещение национальностей". Аўтар артыкула "Барацьба за якасць — цэнтральная задача" Г.Гасілаў, закранаючы праблему нацыянальнай палітыкі ў галіне асветы, пісаў: "Асабліва моцныя тэндэнцыі велікарускага шавінізму даводзіцца назіраць у асветніцкай працы сярод украінцаў і беларусаў... ён сваімі каранямі ідзе ў русіфікатарскую палітыку царызму"14. У артыкуле прыводзіцца цытата з справаздачы Заходнесібірскага крайсавнарасветы (чэрвень 1931 г.): "Асабліва дрэнна ідзе справа каранізацыі ўкраінскіх і беларускіх школ". У Крышэінскім раёне ў 1929/30 г. працавала 8 беларускіх школ, а сёлета — толькі адна. Ва Убінскім раёне 45 % беларускага насельніцтва, а школы беларускай няма ніводнай"15. Падобнае мела месца і на Смаленшчыне. Так, настаўнікі-шавіністы беларускай Любавіцкай ШКМ Руднянскага раёна адкрыта здзекаваліся з беларускай мовы, называючы яе варварскай. Як часта здаралася з нашым народам, ён і на гэты раз вельмі моцна спазніўся з сваім нацыянальна-культурным Адраджэннем на тэрыторыях па-за межамі БССР. Кволыя парасткі беларусізацыі на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне, у Заходнесібірскім і Далёкаўсходнім краях, Казахстане не пайшлі ў рост. Асноўны масіў тамтэйшых беларусаў стаў этнічным матэрыялам для колькаснага росту пераважна рускай нацыі.

Прагрэсіўная ва ўсіх адносінах ідэя беларусізацыі не ўпісвалася ў рамкі той палітыкі, якую пачала праводзіць сталінская таталітарная сістэма. Шмат з таго, што было намечана ў самой Беларусі і па-за яе межамі ў галіне нацыянальнай культуры і мовы, засталося нерэалізаваным. Па віне праціўнікаў беларускага Адраджэння беларусізацыя не забяспечыла нашаму народу сапраўднага нацыянальнага росквіту.

Спасылкі:

1                Маладняк. 1930. № 12. С. 149.

2                Просвещение национальностей. 1931. № 3. С. 72.

3                Просвещение национальностей. 1931. № 3. С. 75.

4                Тамсама. С. 73.

5           Тамсама. 1932. № 5-6. С. 38, 39.

6          Тамсама. 1931. № 2. С. 90; № 3. С. 73.

7                Просвещение национальностей. 1931. № 3. С. 75.

8                Тамсама. С. 76.

9                Материалы к докладу Совета Народных Комиссаров БССР Совету Народных Комиссаров СССР. Мн., 1928. С. 76.

10              Просвещение национальностей. 1930. № 4-5. С. 116.

11         Просвещение национальностей. 1931. № 3. С. 75.

12         Тамсама. С. 73.

13         Тамсама. 1932. № 5-6. С. 39.

14         Просвещение национальностей. 1931. № 10. С.

15         Тамсама.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by