МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Берлінскі крызіс у асвятленні «Бацькаўшчыны» // грамадскакультурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучаснасць, перспектывы

Аўтар: Баршчэўскі Аляксандр
Кнiга: Беларуска-нямецкае грамадскакультурнае ўзаемадзеянне: гісторыя. сучаснасць. перспектывы / Рэд. Л. Кулажанка. А. Мальдзіс і інш. Мн.: Цэнтр імя Ф. Скарыны. 1996. - 176 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 7).
Год: 1996
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Германія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Аляксандр Баршчэўскі (Варшава)

Берлінскі крызіс у асвятленні "Бацькаўшчыны"

 

Эміграцыйная беларуская газета "Бацькаўшчына" выдавалася з 31 кастрычніка 1947 г. да снежня 1966 г. у Заходняй Германіі. Яе заснавальнікамі былі Станіслаў Станкевіч, Антон Адамовіч і іншыя беларускія эмігранты. У разуменні заснавальнікаў "Бацькаўшчына" была носьбітам "беларускай нацыянальнай вызвольнай думкі". На яе старонках з'явіліся шматлікія публікацыі нацыянальнага, гістарычнага, літаратурнага і палітычнага характару. Газета мела рэзка антысталінскі і антыбальшавіцкі характар. "Бацькаўшчына" распаўсюджвалася не толькі ў Заходняй Германіі, але таксама ў Францыі, Бельгіі, Англіі, Амерыцы, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі і многіх іншых краінах, дзе знайшліся беларусы. Перыёдык гэты не меў доступу да Савецкага Саюза і краін народнай дэмакратыі. Выключэннем была Польшча, дзе Інстытут славяназнаўства Польскай Акадэміі навук рэгулярна яго атрымліваў.

Зразумела, што вузкія рамкі майго даклада не дазваляюць на шырокую характарыстыку ўсіх кірункаў публіцыстыкі "Бацькаўшчыны". Таму выбіраю для аналізу толькі адно пытанне, якое датычыць пасляваеннай Германіі. Пытаннем гэтым з'яўляецца так званы "берлінскі крызіс" — стан, штучна выкліканы Савецкім Саюзам у 1948—1949 гг.

Першая інфармацыя ў "Бацькаўшчыне", якая прадвяшчала ўзнікненне берлінскага пытання, з'явілася 27 чэрвеня 1948 г. У артикуле пад загалоўкам "Халодная вайна гарачэе" ананімны аўтар паведамляў пра наступнае: "Савецкае вайсковае кіраўніцтва спыніла з дзеяньнем ад 19 чэрвеня ўвесь міжзонны рух. Пад забарону руху падпадае і аўтамабільны рух. Вольны рух можа адбывацца толькі з дазволу й пад строгім кантролем Саветаў. Спыняецца й пешы pyx. Pyx таварных цягнікоў можа адбывацца толькі пад строгім кантролем"1.

Працытаваная інфармацыя аказалася злавеснай. Праз восем дзён пазней у наступным нумары "Бацькаўшчыны" з'явілася вестка пад загалоўкам "Усюды войстры крызыс". Ананімны аўтар інфармаваў аб рэзкім абвастрэнні берлінскага пытання. Публіцыст падкрэсліваў, што саветы штучна выклікаюць напружанасць, імкнучыся да ўскладнення адносін з заходнімі альянтамі. Савецкі Саюз, не лічачыся з воляй заходніх дзяржаў і інтарэсамі нямецкіх жыхароў Берліна, ставіў усіх перад фактамі: "Шэф савецкай вайсковай адміністрацыі маршал Сакалоўскі, у нададзенай праз бэрлінскае радыё адозве да жыхароў заявіў, што Саюзная камэндантура ў Бэрліне практычна спыніла існаваць, як орган кіраўніцтва гораду. Саветы, выключаючы падачу току ў заходнія сэктары Бэрліну, цяпер загадалі спыніць усе харчовыя транспарты ў Бэрлін. Разам са спыненьнем міжзоннага руху, гэта азначае татальную блякаду заходніх сэктараў Бэрліну"2.

Далей аўтар інфармаваў пра тое, што амерыканцы і англічане сцягнулі ў Берлін каля 140 транспартных самалётаў, якія маюць пастаўляць на патрэбы жыхароў горада не толькі прадукты харчавання, але і паліва. "Бацькаўшчына" інфармавала сваіх чытачоў аб рэакцыі амерыканскай і англійскай прэсы, якая савецкую блакаду Берліна расцэньвала як самы цяжкі пасля Другой сусветнай вайны крызіс, выкліканы саветамі насуперак усякай логіцы.

Да берлінскага пытання вярнулася "Бацькаўшчына" 8 жніўня 1948 г. ў артыкуле "Сьвет у палітыным нераце". Ананімны аўтар гэтай публікацыі пісаў пра патавую сітуацыю вакол Берліна. Часты абмен нотамі між амерыканцамі, англічанамі і французамі з аднаго, і саветамі з другога боку, не даваў канкрэтных вынікаў. Міністр замежных спраў СССР В.Молатаў выразна пазбягаў канструктыўнага вырашэння штучна створанай праблемы. "Тымчасам, — пісаў публіцыст "Бацькаўшчыны", — па ранейшаму заходні Бэрлін забесьпячаецца самалётамі праз "паветраны мост". Дасягнута перавожаньне такім спосабам да 2000 тонаў харчоў і 1000 тонаў вугаля штодня. Саветы выказалі гатовасьць эабясьпечыць і заходні Бэрлін з магазынаў свайго сэктару на іхнюю ўсходня-нямецкую валюту, дэкляруючы на гэту мэту аж 100 000 тонаў збожжа і іншых харчоў. Захад ставіцца да гэтага скептычна, справядліва бачачы тут толькі савецкі прапагандовы манэўр, бо тымчасам у сваім сэктары скарочваюць удвая нормы хлеба"3.

Пасля доўгага напружанага чакання вырашэнне берлінскага пытання нібы скранулася з месца. 8 верасня 1948 г. "Бацькаўшчына" змясціла артыкул пад загалоўкам "У напружаным чаканьні", дзе інфармавала, што ў Берліне пасля чатырох месяцаў нервовасці і ўзаемных абвінавачванняў сустрэліся губернатары акупаваных зон: амерыканскай, англійскай, французскай і савецкай.

"Тэмай нарадаў, — пісаў невядомы аўтар, — ёсьць спыненьне савецкай блякады Бэрліну коштам устанаўленьня супольнай валюты для цэлага Бэрліну, якой мела б быць усходне-нямецкая марка, кантраляваная акупацыйнымі ўладамі чатырох дзяржаў"4. Далей публіцыст сцвярджаў, што саветы не здолелі дабіцца галоўнай мэты, якая заключалася ў тым, каб выцясніць з Берліна заходніх альянтаў і стаць адзіным гаспадаром у гэтым трохмільённым горадзе. Пераканаўшыся ў тым, што заходнія саюзнікі бліскуча справіліся з забеспячэннем горада паветраным шляхам, Саветы пайшлі на ўступкі.

Берлінская канферэнцыя, а таксама шматлікія сустрэчы прадстаўнікоў заходніх дзяржаў у Маскве з Молатавым і самім Сталіным давялі да частковага змяншэння напружанасці, якая пагражала ваенным канфліктам. Аўтар артыкула выказаў надзею, што, праўдападобна, вайны за Берлін не будзе.

Нягледзячы на аптымістычную інтанацыю працытаванай публікацыі ўжо праз тыдзень "Бацькаўшчына" змясціла поўны трывогі артыкул пад загалоўкам "Крызіс завастраецца", у якім ананімны аўтар паведамляў аб нечаканым паглыбленні берлінскага канфлікту. Публіцыст гаварыў, што пасля трох сутрэч губернатараў, якія ўсялялі пэўную надзею, чацвёртае спатканне закончылася поўным правалам. З артыкула мы даведваемся, што Амерыка вельмі сур'ёзна трактавала ўсю сітуацыю і што прэзідэнт Трумэн склікаў у справе берлінскага канфлікту спецыяльнае пасяджэнне амерыканскай нацыянальнай Рады бяспекі з удзелам міністра абароны. Ананімны аўтар інфармаваў таксама пра розныя дэструктыўныя дзеянні савецкіх упад у заходніх частках горада. Прывёў ён вытрымку з заявы самай моцнай у заходнім Берліне Партыі сацыял-дэмакратаў, якія абвясцілі: "Toe, што адбываецца ў Бэрліне перад вачыма цэлага сьвету, зьяўляецца вялікай трагедыяй. Хаця заходнія дэмакратыі маюць усе магчымасьці шырокага ўплыву на дэмакратычныя элемэнты за зялезнай заслонай, каб такім чынам, разваліць усходні блёк, гэтага яны аднак ня робяць. Не хапае ім адвагі ўсе гэтыя магчымасьці выкарыстаць, таксама як іхнія папярэднікі не маглі адважыцца зліквідаваць гітлераўскай сыстэмы, пакуль гэта дарогай дыпляматычнай акцыі было магчыма"5.

Наступныя нумары "Бацькаўшчыны" прыносілі ўсё новыя весткі аб працягу берлінскага крызісу. Публіцысты гэтай газеты множылі факты, якія сведчылі пра тое, што Савецкі Саюз трактаваў заходні Берлін як балючую стрэмку ў сваім арганізме. У артыкуле "Захад таксама зброіцца" быў падраздзел пад загалоўкам "Савецкія жаўнеры дэзэртэруюць", дзе прыводзіліся факты, абсалютна невядомыя грамадзянам Савецкага Саюза і краін народнай дэмакратыі. Публіцыст падаў вялікія лічбы чырвонаармейцаў-дэзерціраў, сярод якіх былі не толькі радавыя салдаты, але і высокія афіцэры: "Колькасьць савецкіх грамадзянаў, што перабягаюць з савецкай у заходнія зоны апошнім часам значна павялічылася. Толькі ў амэрыканскую зону Нямеччыны — як паведамляе "Нью Ёрк Гэральд Трыбюн" — за мінулыя 12 месяцаў перабегла звыш 13 тысяч савецкіх грамадзянаў, пераважна ахвіцэраў і жаўнераў савецкай акупацыйнай арміі. Між імі знаходзіцца 4 000 тысячы ахвіцэраў з двума генэраламі на чале, з якіх адзін сябра штабу маршала Сакалоўскага, 6 000 жаўнераў і 3 000 савецкіх работнікаў і ўрадаўцаў"6.

У наступным нумары "Бацькаўшчыны" ад 21 верасня 1948 г. з'явілася кароткая інфармацыя "Пытаньне Бэрліна ўсьцяж завастраецца"7, у якой гаварылася пра інтэнсіўныя дзеянні заходніх дзяржаў дзеля разрадкі берлінскага крызісу. З інфармацыі мы даведваемся, што заходнія саюзнікі, сутыкнуўшыся з няўступнасцю Савецкага Саюза, пастанавілі скіраваць справу пра берлінскую блакаду на форум Аб'яднаных Нацый, верачы, што шырокі міжнародны націск прымусіць СССР да ўступак.

3 кастрычніка 1948 г. у "Бацькаўшчыне" быў змешчаны артыкул "Цэнтрам увагі — Парыж і Бэрлін"8. Аўтар публікацыі паведамляў пра тое, што ноты заходніх саюзнікаў у справе Берліна, накіраваныя Савецкаму Саюзу, па сутнасці не далі ніякіх вынікаў. Саветы нязменна дамагаліся права кантраляваць усе берлінскія транспартныя сродкі. У сувязі з такой пазіцыяй Савецкага Саюза заходнія краіны канчаткова вырашылі паставіць берлінскае пытанне на разгляд у Савеце Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Чытачы "Бацькаўшчыны" даведаліся аб выступленні амерыканскага генерала Клея, які заявіў, што саветам не ўдасца давесці блакадай насельніцтва Берліна да голаду таму, што ЗША ў стане забяспечыць гэты горад паветраным шляхам на працягу найбліжэйшых пяці гадоў.

Істотным для шырокага асвятлення берлінскага пытання быў артыкул "На парадку дня Бэрлін", дзе быў дадзены шырокі агляд змагання заходніх дзяржаў за ліквідацыю берлінскай блакады. Публіцыст "Бацькаўшчыны" між іншым пісаў: "У сувязі з пастановай трох заходніх гаспадарстваў перадаць справу Бэрліну на разгляд Рады Бясьпечнасьці Савецкі Саюз 3 кастрычніка зьвярнуўся з нотай да ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі й Францыі з прапановаю склікаць раду чатырох міністраў замежных справаў дзеля развязаньня Бэрлінскага пытаньня ра­зам з пытаньнямі Нямеччыны наогул. У Савецкай ноце ўся адказнасьць за палажэньне ў Бэрліне складываецца на заходнія гаспадарствы, якія правялі, незалежна ад Саветаў грашовую рэформу ў Заходняй Нямеччыне і ў заходніх сэктарах Бэрліну. Савецкі Саюз уважае, што Бэрлінскі канфлікт не загражае міру й дзеля гэтага — паводле Саветаў — не павінна яго разглядаць Рада Басьпечнасьці.

Заходнія гаспадарствы выразілі сваю згоду на разгляд Бэрлінскага пытаньня радай чатырох міністраў замежных справаў [пры ўмове], што безадкладна будзе спынена савецкая блякада Бэрліну"9.

З працытаванага артикула мы даведваемся, што саветы з такім патрабаван-нем не згадзіліся і таму берлінскае пытанне было пастаўлена на пасяджэнні Рады бяспекі. Урэшце, аднак справа Берліна не разглядалася на форуме Рады бяспекі з той прычыны, што супраць гэтага выступіў прадстаўнік СССР Вышынскі і прастаўнік Украіны Мануільскі. У выніку берлінскі крызіс працягваўся і павялічваў міжнародную напружанасць.

Артыкул пад назвай "Пропасьць між захадам і ўсходам паглыбляецца"10 інфармаваў аб далейшых намаганнях заходніх дзяржаў паставіць пытанне пра блакаду Берліна на форуме Рады бяспекі або на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Аднак Савецкі Саюз, карыстаючыся пра­вам вета, паралізаваў усе намаганні заходніх саюзнікаў і такім чынам захоўваў стан напружанасці ў Берліне і ў Еўропе.

У новай публікацыі "Бацькаўшчыны" пад загалоўкам "Справа Бэрліна не зрушылася з месца"11 паведамлялася аб бяссіллі заходніх дзяржаў пагасіць берлінскі крызіс на форуме Рады бяспекі. Міністр эамежных спраў СССР Вышынскі паслядоўна тармазіў усе прапановы заходніх саюзнікаў, карыстаючыся правам вета. Прытым віна за берлінскі крызіс ускладалася на заходнія дзяржавы.

Менавіта ў той час у абвінавачанні Захаду ўключыўся асабіста І.Сталін. "Бацькаўшчына" апублікавала інфармацыю пад загалоўкам "Беспадстаўныя закіды", дзе гаварылася пратое, што Сталін 28 кастрычніка 1948 г. даў інтэрв'ю карэспандэнту "Правды". У ім "моцна заатакаваў заходнія гаспадарствы, якія, быццам, стараюцца выклікаць новую сусьветную вайну"12. Пры нагодзе Сталін асудзіў усе тыя дзяржавы, якія не падтрымлівалі Савецкі Саюз у Радзе бяспекі, закідваючы ім агрэсіўную палітыку, што вядзе свет да вайны.

З старонак чарговых нумараў "Бацькаўшчыны" чытач даведваўся, што ў наступныя дні Савецкі Саюз не толькі не аслабляў блакады Берліна, але наадварот, ускладняў і ўмацоўваў яе. Цікавая інфармацыя на гэтую тэму ёсць у артикуле пад назвай "Паветраны калідор загрожаны", у якім паведамлялася: "Пасьля таго, калі прадстаўнік Саветаў Вышынскі налажыў сваё вэта на рэзалюцыю Рады Бясьпечнансьці ў справе Бэрліна, савецкія ўлады пачалі рабіць далейшыя перашкоды для пералёту транспартных самалётаў з заходніх зонаў у Бэрлін. Гэтак 26 кастрычніка савецкія акупацыйныя ўлады заявілі, што яны аб'яўляюць нядзейнай умову чатырох гаспадарстваў у справе г.зв. паветранага калідору ў Бэрлін. Гэная ўмова — на думку Саветаў — няважная таму, што Кантрольная Рада яе не ратыфікавала. Гэткую заяву зрабіў савецкі кантрольны афіцэр Зорчанка. Ён заявіў, што будучая віна за нешчасьлівыя выпадкі будзе ляжаць выключна на амэрыканцах і ангельцах, калі яны сваячасова ня будуць падаваць да ведама савецкім уладам аб сваіх пералётах цераз калідор.

На другі дзень пасьля гэтай заявы Зорчанкі савецкае кіраўніцтва паведамі-ла Бэрлінскую цэнтралю бясьпечнасьці паветраных лётаў, што ў паветраным калідоры пачнуцца практыкаваньні страляньня й скіданьня бомбаў. Таго самага дня па паўдні савецкі генэрал Лук'яненка злажыў амэрыканскаму й ангельскаму камандаваньню ў Бэрліне востры пратэст супраць што раз часьцейшых "нарушэньняў паветраных правілаў бясьпечнасьці брытанскімі й амэрыканскімі самалётамі", вымагаючы безадкладнага прыпыненьня гэтых зьявішчаў"13.

Аўтар наступнага артыкула пад загалоўкам "Савецкія барыкады ў Бэрліне"14 паведаміў пра тое, што савецкія ўлады ў палове лістапада 1948 г. пачалі будаваць у Берліне барыкады, каб аддзяліць падсавецкую частку горада ад заходніх сектараў. Гэта была "эмбрыянальная" форма пазнейшай славутай сцяны, якая на многія дзесяцігоддзі раздзяліла Берлін на заходні і ўсходні, вызначаючы гэтым мяжу паміж двума светамі.

У "Бацькаўшчыне" за 28 лістапада 1948 г. з'явілася малая, але вельмі красамоўная інфармацыя пад загалоўкам "Нямецкія камуністыя — гэта перад усім немцы", якая ўнесла ў берлінскае пытанне зусім новы элемент. Вось яе змест: "Як падае гэтымі днямі "Нью Ёрк Гэральд Трыбюн" абодва старшыні Нямецкай партыі сацыялістычнай еднасьці (камуністыя) Вільгельм Пік і Отто Гротэволь разам з чатырма іншымі камуністымі зьвярнуліся ў вадным пісьме да савецкага маршала Сакалоўскага з просьбаю спыніць блякаду Бэрліна. Блякада — гаворыцца ў пісьме — падміноўвае камуністычны рух у Нямеччыне. Дзякуючы гэтаму, партыя з кожным днём траціць верных у мінуўшчыне староньнікаў і дысцыпліна ўнутры што раз падае. Нямецкія кануністыя зьяўляюцца добрымі камуністымі, але яны таксама й немцы. Гэтае пісьмо было маршалам Сакалоўскім прынятае вельмі непрыхільна. Ён падчас размовы закінуў Піку й Гротэволю "вузкі нацыяналізм" і скрыўленьне лініі партыі. Сакалоўскі папярэдзіў нямецкіх камуністых перад паўторным выпадкам такой нездысцыплінаванасьці"15.

Нягледзячы на блакаду Берліна і пратэсты Савецкага Саюза 5 снежня 1948 г. у заходніх сектарах горада былі праведзены выбары ў берлінскі парламент і магістрат. Не дала ніякіх вынікаў актыўная савецкая прапаганда, скіраваная супраць выбараў, у якіх узяло ўдзел больш за 85 працэнтаў берлінцаў. Рашучую перамогу атрымала ў выбарах Сацыял-дэмакратычная партыя, значную падтрымку выбаршчыкі аказалі таксама Хрысціянскай уніі і лібералам. Вынік выбараў меў моцную антысавецкую вымову і, мабыць, аказаў значны ўплыў на далейшую блакаду горада. Пасля выбараў Савецкі Саюз не мог ужо болей карыстацца аргументам, што блакада служыць інтарэсам нямецкіх жыхароў Берліна.

Аб новым падыходзе да берлінскага пытання мы даведваемся з публікацыі пад назвай "Чарговы манэўр Крамля"16, якая датычылася інтэрв'ю Сталіна, дадзенага амерыканскаму карэспандэнту "Інтэрнэйшл Ньюс Сэрвіс". У гэтым інтэрв'ю Сталін, супрацьпастаўляючыся ініцыятыве заходніх саюзнікаў стварыць заходненямецкую дзяржаву, абяцаў, што ў выпадку адступлення Захаду ад гэтай ідэі СССР ліквідуе блакаду Берліна. I хаця заходнія краіны не пайшлі насустрач Сталіну, ўсё ж Савецкі Саюз павольна набліжаўся да рашэння адносна ліквідацыі блакады. Такі крок быў прадыктаваны інтарэсамі самога Савецкага Саюза, які пачаў усведамляць, што ўтрыманне блакады будзе выклікаць усё нарастаючую хвалю варожасці і нянавісці немцаў да саветаў, а не да заходніх дзяржаў. У сувязі з гэтым пасля многіх перыпетый Савецкі Саюз 12 мая 1949 г. адклікаў блакаду. I хаця яшчэ не раз саветы імкнуліся ўскладняць адносіны паміж усходняй і эаходнімі часткамі горада, аднак усё ж блакада канчаткова правалілася пасля адзінаццацімесячнага існавання.

Трэба сказаць, што "Бацькаўшчына" дала аўтэнтычную хроніку падзей, здарэнняў і фактаў, звязаных з блакадай Берліна. Апублікавала яна вялікую колькасць артыкулаў, у якіх дамінавала ідэя адданасці волі, свабодзе і суверэннасці славутага нямецкага горада. Цікава, што амаль усе артыкулы, прысвечаныя Берліну, былі змешчаны на першых старонках газеты і што ўсе яны мелі ананімны (рэдакцыйны) характар.

Не будзе перабольшаннем сцвярджэнне: у перыяд блакады Берліна "Бацькаўшчына" даказала, што з'яўляецца паслядоўным абаронцам свабоднага быцця сталіцы нямецкага народа.

Прыязную пазіцыю ў дачыненні да берлінцаў праявіла "Бацькаўшчына" таксама ў палове 1953 г., калі насельніцтва ўсходняга Берліна збунтавалася супраць існуючага рэжыму.

Спасылкі:

1 Халодная вайна гарачэе. Саветы спынілі міжзонны рух // Бацькаўшчына. 1948. № 22(25). С 1.

2 Усюды войстры крызіс, Савецкая блякада, Галасы пра Бэрлін // Тамсама. № 23 (26). С 1.

3 Сьвет у палітычным нераце // Тамсама. № 25 (28). С. 1.

4 У напружаным чаканьні // Тамсама. № 26 (29). С. 1.

5 Крызыс завастраецца // Тамсама. № 27 (30). С. 1.

6 Захад таксама зброіцца // Тамсама. № 28 (31). С. 1.

7 Пытаньне Бэрліна ўсьцяж завастраецца // Тамсама. № 29 (32). С. 1.

8 Цэнтрам увагі Парыж і Бэрлін // Тамсама. № 30 (33). С. 1.

9   На парадку дня Бэрлін // Тамсама. № 31 (34). С. 1.

10  Пропасьць паміж захадам і ўсходам паглыбляецца // Тамсама. № 32 (35). С. 1.

11  Справа Бэрліна не зрушылася з месца // Тамсама. № 33 (36). С. 1.

12  Беспадстаўныя закіды, заява Сталіна й рэакцыя захаду // Тамсама. № 34 (37). С. 1.

13  Паветраны калідор загрожаны // Тамсама. № 35 (38). С. 1.

14  Савецкія барыкады ў Бэрліне // Тамсама. № 36 (39). С 1.

15  Нямецкія камуністыя — гэта перад усім немцы // Тамсама. № 37 (40). С. 2.

16  Чарговы манэўр Крамля // Тамсама.1949. № 5 (49). С 1.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by