МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Судакрананнi памiж Беларуссю i Швейцарыяй // грамадскакультурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучаснасць, перспектывы

Аўтар: Банькоўскi-Цюлiг Монiка
Кнiга: Беларуска-нямецкае грамадскакультурнае ўзаемадзеянне: гісторыя. сучаснасць. перспектывы / Рэд. Л. Кулажанка. А. Мальдзіс і інш. Мн.: Цэнтр імя Ф. Скарыны. 1996. - 176 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 7).
Год: 1996
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Швейцарыя
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Моніка Банькоўскі-Цюліг (Цюрых)

Судакрананні паміж Беларуссю і Швейцарыяй

 

На фоне сувязей паміж Беларуссю і нямецкамоўным светам беларуска-швейцарскія ўзаемадачыненні, безумоўна, займаюць сціплае месца. Уласна кажучы, нават нельга іх назваць сувязямі. Праўда, у ходзе гісторыі здараліся судакрананні, але з іх не ўзніклі сувязі, бо былі яны занадта эпізадычнымі і мелі свае прычыны, хутчэй, у вонкавых абставінах, чым у добраахвотных памкненнях.

Такі стан, з аднаго боку, абумоўлены стрыманасцю нашай знешняй культурнай палітыкі ўвогуле — яна, па сутнасці, вялася і вядзецца вузкім колам дыпламатычных прадстаўнікоў і заснаванай у 1939 г. канфедэральнай фундацыяй "Про Гельвецыя". Гэтая фундацыя, якая ва Усходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропе пачала ўсталёўвацца толькі пасля 1989 г., ставіць сваёй мэтай не столькі наладжванне культурнага абмену і азнаямленне нашай грамадскасці з замежнымі культурамі, колькі распаўсюджанне за мяжой швейцарскіх культурных каштоўнасцей.

З другога боку, вельмі неспрыяльныя ўмовы, у якіх існавала і надалей існуе беларуская культура, перашкаджалі і перашкаджаюць успрыняццю яе, належнай ацэнцы яе своеасаблівых і самабытных каштоўнасцей. Можна нават сцвярджаць, што не толькі беларуская культура, але і самі беларусы наўрад ці былі ў нас заўважаны. Беларусь трапіла ў швейцарскае — дый не адно нашае — поле зроку толькі пасля чарнобыльскай аварыі. У выніку яе ўпершыню ў гісторыі абедзвюх краін дайшло да ўсталявання кантактаў, якія датычацца, аднак, больш за ўсё медычна-гуманітарнай дапамогі. Паводле паведамленняў Швейцарскага каардынацыйнага цэнтра дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастро­фы, у нас дзейнічае каля 130 праектаў, якія дапамагаюць пераадоленню наступстваў аварыі. У навукова-даследчым плане ўсталявалася супрацоўніцтва паміж гэтым цэнтрам (Інстытутам сацыяльнай і прэвентыўнай медыцыны ў Берне) і эпідэміялагічным аддзелам Анкалагічнага інстытута ў Лясным1. Сёлета, у лю­тым абедзьве краіны падпісалі пагадненне, на падставе якога Швейцарыя гарантуе выдаткаванне беззваротнай сумы ў 6,1 мільёна шв. фр. для забеспячэння беларускіх радзільных і іншых клінік лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем2. Хаця кантакты ў галіне гуманітарнай дапамогі, а таксама эканамічнае супрацоўніцтва не ставяць сваёй мэтай кулыурнае збліжэнне абодвух бакоў, тым не менш яны маюць немалаважнае значэнне для фармавання ўяўлення пра Беларусь у нас, а пра Швейцарыю — у Беларусі.

Аднак, нельга сцвярджаць, што аж да Чарнобыля мы заставаліся адзін другому зусім чужымі. Toe, што намі як у звычайным словаўжытку, так і ў гістарыяграфіі акрэсліваецца паняццем "швейцарска-расійскія",  "швейцарска-польскія" ці "швейцарска-літоўскія" сувязі, уюіючае, як правіла, і швейцарска-беларускія судакрананні. Толькі яны спецыяльна не выдзяляліся, іх ніхто не адрозніваў ад іншых, не даследаваў, і таму ствараецца ўражанне, што іх не існавала. Прытым можна ўмоўна выдзеліць два ўздымы, а менавіта XVI і XIX ст., калі ў выніку гістарычных падзей ці "вонкавых абставін" дайшло і да культурных сутыкненняў. Тут, вядома, гаворка ідзе пра дачыненне да Беларусі не ўсёй Швейцарыі, а толькі яе нямецкамоўнай часткі, што складае прыкладна дзве трэці насельніцтва. Не зважаючы на рамана-швейцарскі "дэфіцыт" і пэўную аднабаковасць у маім дакладзе, выкліканую сціплай "крынічнай" базай, можна, на маю думку, адзначыць своеасаблівасць і адметнасць беларуска-швейцарскіх адносін, іх "асобы шлях" у агульным развіцці кантактаў паміж Беларуссю і нямецкамоўным абшарам Еўропы.

Сваімі вытокамі беларуска-швейцарскія (германа-швейцарскія) сувязі ўзыходзяць да часоў Гуманізму і Рэфармацыі, калі адбывалася пранікненне ў Вялікае Княства Літоўскае пратэстанцкіх вучэнняў, у тым ліку і кальвінізму. Па меры пашырэння яго ў Рэчы Паспалітай у Базельскі універсітэт (заснаваны ў 1460 г.) і ў рэфармацкія "вышэйшыя школы" ці акадэміі ў Жэневе, Лазане і Цюрыху паступалі навучэнцы "Poloni", "Rutheni" i "Lituani". Першыя ў Швейцарыі студэнты з беларускіх зямель вучыліся ў Базельскім універсітэце. Дзякуючы такім славутым выкладчыкам-гуманістам, як Эразм Ратэрдамскі і Чэліё Сэконда Курыёне, ён стаў у канцы XV і на пачатку XVI, а потым у сярэдзіне XVI ст. прыцягальным духоўным цэнтрам, які спрыяў і росквіту кнігадрукавання. У Базелі быў выдадзены (1615) сацыяльна-палітычны трактат Міхалона Літвіна "Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян", напісаны аўтарам у сярэдзіне XVI ст.3 З наступлением "рутэнаў" і "літоўцаў" у Базельскі універсітэт і Цюрыхскую рэфармацкую школу, магчыма, звязаны такі цікавы факт: надрукаваныя ў сярэдзіне XVI ст. разважанні цюрыхскага рэфармацкага вучонага Тэадора Бухмана (Бібліяндэра) аб паходжанні моваў уключалі — ці не ўпершыню для "заходняга" чытача — і звесткі пра старабеларускую мову (Ruthenicus sermo)4.

Большасць студэнтаў з Вялікага Княства Літоўскага, зразумела, была шляхецкага ці нават магнацкага паходжання. Дастаткова прыгадаць такія прозвішчы ў матрыкульных кнігах, як Тышкевіч, Кішка, Радзівіл, Нарушэвіч, Валовіч, Шуйскі, Ляшчынскі і інш. У 1564 г. Ян Кішка, сын віцебскага ваяводы і пляменнік Мікалая Радзівіла Чорнага, па рэкамендацыі базельскіх прафесараў і, мусіць, дзядзькі, перасяліўся ў Цюрых, да рэфарматара Булінгера, з якім Мікалай Чорны вёў перапіску. Булінгер прысвяціў Радзівілу свае казанні аб чыстым, не заражаным ерасямі вучэнні, тэкст якіх захоўваецца ў Цюрыху5. Аднак рэфарматару не ўдалося знайсці паплечніка ў асобе Кішкі — ён перайшоў (насуперак перасцярогам Булінгера) на бок антытрынітарыяў. Значна большы ўплыў на Рэфармацыю ў Княстве, вядома, меў жэневец Кальвін. Выпускнікі кальвінскіх школ у Беларусі паступалі ў Жэнеўскую акадэмію аж да сярэдзіны XIX ст. Найбольш выдатны з іх — слуцкі пісьменнік Альгерд Абуховіч, які вучыўся ў ёй у 1858— 1859 гг.6

Малавядомым застаецца факт, што адбывалася і вандроўка ў адваротным напрамку: прыцягальным пунктам рэлігійнай адукацыі з'яўлялася не толькі Швейцария для беларусаў, але і Беларусь для швейцарцаў. Пачынаючы з 1803 г., у Полацкі езуіцкі калегіум (пазней акадэмію) паступалі швейцарскія езуіты, якім пасля забароны одрэна, што адбылася ў Швейцарыі фактычна ў выніку французскай акупацыі 1798 г., ужо не было куцы падацца. За кароткі час існавання Полацкай акадэміі ў ёй навучалася дзевяць швейцарцаў. Былі яны і сярод выкладчыкаў. Найбольш вядомы з іх — рэтараманец Яхен Кандраў (1779—1837), выдатны матэматык і паліглот7.

Адметны след у швейцарскай культуры пакінулі гістарычная постаць і гістарычная падзея, звязаныя з Беларуссю. Змагару за вызваленне Рэчы Паспалітай Тадэвушу Касцюшку, які памёр у швейцарскім мястэчку Салатурне, швей­царцы паставілі помнік, заснавалі дом-музей, прысвяцілі літаратурныя творы, у тым ліку "памятнае прадстаўленне"8. Шырокую вядомасць набыло яго сяброўства са швейцарскім асветнікам і педагогам Шесталоці, якое разглядаецца ў асобнай манаграфіі9. Адступленне войск Напалеона праз Бярэзіну, у выніку чаго загінулі і тысячы швейцарцаў, захавалася ў памяці і знайшло адлюстраванне не толькі ў мемуарах і гістарыяграфіі, але і ў мастацкай творчасці10. Назва беларускай ракі ўвекавечана ў папулярнай у нас песні, якую швейцарскія жаўнеры тады, у 1812 г., нібыта запелі перад боем. Шырокай вядомасцю ў свой час карысталіся ўспаміны люцэрнскай грамадзянкі Кацярыны Морэль-Паер, якая суправаджала свайго мужа ў напалеонаўскім паходзе, а пасля апісала драматычныя ўцёкі з Полацка ў Вільню11.

Запісы і ўспаміны швейцарскіх падарожнікаў, чые шляхі праляглі праз Беларусь, нешматлікія. Найбольш вартыя ўвагі, на маю думку, запісы берлінскага астранома Іёгана Бернулі (1744-1807), швейцарца па паходжанню, які наведаў Беларусь у 1778 г. і згадваў, між іншым, пра Слонім Агінскага і славутыя гродзен-скія мануфактуры Тызенгауза12.

Сярод больш чым 50 тысяч швейцарцаў, якія з канца XVII ст. і да 1914 г., шукаючы лепшага жыцца, пакінулі радзіму, тады яшчэ бедную, і пераехалі ў Расійскую імперыю, толькі нешматлікія пасяліліся ў Беларусі13. Па прафесіі пераважалі сыравары, кандытары, жывёлаводы, але трапляліся і лекары, настаўнікі, прадпрымальнікі. Аднаму з апошніх, Іёгану Кандрыяну (1849—1928), пасяленцу Мінскай губерні, вельмі пашчасціла. Нажыў ён багацце саматужным про­мыслам вырабаў з ляшчынавых прутоў. Вайна і рэвалюцыя, аднак, пазбавілі "караля Нова-Барысава" ўсёй маёмасці, а ў дадатак і другой радзімы14. Вядомы ў Швейцарыі архітэктар і прадпрымальнік Бернгард Сімон (1816-1900), заснавальнік сусветнай славы курорта Бад Рагац, у 40-я і на пачатку 50-х гадоў XIX ст. працаваў не толькі ў Пецярбургу і Маскве, дзе ўзвёў замкі і палацы ў познекласіцыстычным і неагатычным стылях, але і ў Магілёўскай губерні, дзе завяршыў палац Галынскіх15. Дагэтуль не ўдалося высветліць, ці не быў гэта Крычаўскі палац, рэканструкцыя якога прайшла якраз у 40-я гады. Што ж датычыцца шматлікіх швейцарскіх гувернантак і настаўнікаў у шляхецкіх дамах, дык нельга не згадаць імя Альберта Бэхтальда (1891—1981), які за год да пачатку Першай сусветнай вайны паступіў на службу да графа Арлова, жыхара Баранавіч. Галеча беларускіх сялян, якіх ён чамусьці лічыў "украінцамі", моцна ўразіла Бэхтальда. Успаміны тых гадоў увайшлі ў аўтабіяграфічны раман "Пётр Іванавіч", напісаны ім на германа-швейцарскім дыялекце і выдадзены ў 1950 г."

У другой палове XIX ст. у Швейцарыі ратаваліся польскія і "літоўскія" паўстанцы 1863 г., палітычныя эмігранты і шматлікія прадстаўнікі перадавой ін-

тэлігенцыі царскай Расіі. Прычым паходзілі яны пераважна не з расійскіх, а з беларускіх і ўкраінскіх зямель — з "мяжы аселасці". Адным з асноўных прыцягальных пунктаў стаў Цюрых, дзе ў канцы 1860-х , на пачатку 1870-х і аж да Першай сусветнай вайны існавала сапраўдная іх "калонія". Тут пабывалі такія ўраджэнцы Беларусі і дзеячы рэвалюцыйнага руху, як Антон Трусаў, Мікалай Судзілоўскі, Уладзімір Кавалеўскі, Сяргей Кавалік, Варвара Вахоўская (Бонч-Асмалоўская), Кацярына Брэшка-Брашкоўская. Прыродазнавец Кавалеўскі наладзіў кантакты са швейцарскімі і нямецкімі вучонымі; з-пад яго пяра выйшлі шматлікія пераклады іх прац, а частку іх ён выпусціў ва ўласным пецярбургскім выдавецтве17. Сястра Каваліка, Марыя, член т.зв. Кіеўскай камуны, была першай жанчынай, якая здабыла дыплом агранома пры Федэральнай палітэхнічнай школе (1877). Зусім іншы свет, у якіх раней жылі гэтыя прышэльцы, зразумела, перашкаджаў узаемаадносінам і збліжэнню са швейцарскімі "бюргерамi". Аднак шмат хто з эмігрантаў і студэнцтва выбраў сабе не рэвалюцыйны шлях, а прафесійную кар'еру, садзейнічаў развіццю швейцарскай навукі. Беларускі элемент сярод іх, што склаўся пераважна з людзей яўрэйскага паходжання, амаль поўнасцю атаясамляўся з расійскім або польскім, не ўспрымаўся як нешта адасобленае, своеасаблівае. У гэтай сувязі варта прыгадаць уклад у развіццё швейцарскай філасофскай думкі такіх "расійскіх" вучоных, як Ганна Тумаркіна, ураджэнка Дуброўны, і Роберт Зайчык, ураджэнец Мсціслаўя. Пра іх я ўжо расказала ў сваім дакладзе на Другім кангрэсе МАБ18.

Што ж датычыцца беларуска-швейцарскіх сувязей у міжваенны час, дык цяжка скласці пра іх пэўнае ўяўленне.

У 20-30-я гады XX ст. швейцарскія выдавецтвы, здаецца, не выдалі ніводнага твора беларускага прыгожага пісьменства. Прагляд каля трыццаці важнейшых тагачасных літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных часопісаў, што праводзіўся ў рамках даследчай праграмы па швейцарска-славянскіх узаемасувязях, не даў ніякіх канкрэтных сведчанняў беларуска-швейцарскіх кантактаў. Было б пажадана яшчэ акрэсліць змест найбольш распаўсюджаных швейцарскіх газет левага і правага спектра таго часу, бо яны ў кантэксце польскіх і савецкіх падзей (асабліва ваенных), мусіць, закраналі і беларускія. Зусім недаследаваным застаецца і пытанне аб успрыняцці швейцарскай літаратуры ў міжваеннай Беларусі. Самае значнае месца тут зойме, на мой погляд, артыкул з аналізам творчасці Готфрыда Келера, апублікаваны ў 1923 г. (пасмяротна) у Мінску. Аўтарам яго з'яўляецца Іда Аксельрод, ураджэнка Дунілавіч, якая здабьша ў 1902 г. доктарскую ступень у Бернскім універсітэце19.

З увядзеннем у нашых універсітэтах у пасляваенны час славістыкі (раней існавалі толькі кафедры русістыкі і паланістыкі) былі створаны ўмовы для сістэматычнага вывучэння славянскіх моваў, літаратур і культур — значыць, здавалася б, і беларускай. Аднак, калі ўлічыць факт, што ад студэнта вымагаецца засваенне трох "рознагаліновых" славянскіх моваў, у тым ліку расійскай як абавязковай з усходнеславянскіх, нельга здзіўляцца, што ў навучальных праграмах занядбаны "лішнія" беларуская і ўкраінская мовы.

Нязначныя дасягненні нашай беларусістыкі не толькі ў вучэбным, але і ў навукова-даследчым плане. Пэўным укладам у беларусазнаўства можна лічыць, бадай, працу цюрыхскага гісторыка Карстэна Герке пра старажытную усходнеславяншчыну і даследаванні прафесара Кёльнскага універсітэта Андрэаса Капелера, швейцарца па паходжанню, аб шматнацыянальным характары царскай Расіі і Савецкага Саюза20. Вельмі адмоўна адбіваецца тое, што ў швейцарскіх славістаў і спецыялістаў па ўсходнееўрапейскай гісторыі няма ні свайго згуртавання, ні свайго часопіса. Гэта значна абмяжоўвае іх магчымасці выступаць у друку, весці навуковы дыялог ва ўласнай краіне. Такім чынам, адсутнічае сур'ёзная платформа і для ўвядзення беларусазнаўства ў межы нашай славістыкі.

Не лепш і з выхадам беларускай тэматыкі за межы навукі, з падключэннем яе да шырэйшага кантэксту кулыурнага абмену. У нашым перыядычным друку яна амаль не прысутнічае. Праўда, і ў нас ёсць свае чытачы В.Быкава, А.Адамовіча, С.Алексіевіч, але паколькі творы іх перакладаюцца з расійскай мовы, мала хто ўсведамляе беларускае паходжанне аўтараў, заўважае рысы іх беларускасці. Амаль невядомай застаецца ў нас і творчасць беларускіх мастакоў. Няшмат хто са швейцарскіх аматараў выяўленчага мастацтва ведае, што Марк Ша­гал, які стварыў, дарэчы, вітраж для аднаго з касцёлаў Цюрыха, паходзіў з Беларусі, хаця зімой 1995-1996 гг. Бернскі музей мастацтва паказаў выставу, прысвечаную якраз "віцебскаму перыяду" творчасці мастака. Вартая ўвагі ініцыятыва бернскай мастачкі Сюзанны Бауман, якая ў Мінску, Віцебску і іншых гарадах Беларусі не толькі арганізавала выстаўку швейцарскіх твораў, але і прывезла адтуль творы маладых мастакоў, каб пазнаёміць нашу публіку з сучаснымі плынямі беларускага жывапісу і графікі. Гэтай мэце служыць і пагадненне аб усталяванні культурных кантактаў паміж Рэспублікай Беларусь і швейцарскім кантонам Ар ray, заключанае ў 1991 г. Роўна праз год пасля падпісання пагаднення ў кантоне Аргау адбыўся Тыдзень беларускай культуры, які ўпершыню даў швейцарцам уяўленне пра вашыя народныя танцы і песні, сучасную музы­ку і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Прыведзеныя тут факты патрабавалі б гісторыка-тэарэтычнага падагульнення, а таксама дыяхранічнага і сінхроннага параўнальнага даследавання. Але та­кую задачу перад сабой я не ставіла. Сваю мэту я бачыла ў тым, каб сабраць такія, забытыя ці проста незаўважаныя, нідзе не разгледжаныя дэталі, паказаць, што нават на такой неўрадлівай глебе, як беларуска-швейцарскія кантакты, можна знайсці нешта вартае.

Спасылкі:

 

1 Tschernobyl-Projekte 1995, 1. Koordinationssymposium in Bern // Tages-Anzeiger (Zurich). 1995. 12 Juni.

2 Schweizer Finanzhilfe fur Russland und Weissrussland // Neue Ziircher Zeitung. 1996. 6 Febr.; Gesundheitsprojekt in Weissrassland: Ausschreibung fur medizinische Geratschaften // Тамсама. 1996. 13-14 Apr.

3 De moribus Tartarorum, Litvanorum et Moschorum, fragmina X multiplici historia referta. Basileae, 1615.

4 Bibliander Th. De ratione communi omnium linguarum et litterarum commentarius. Tiguri, 1548.

5 Bullinger Н. Festorum dierum domini et servatoris nostri Jesu Christi sennones ecclesiastici. Tiguri, 1558; Wotschke Th. Der Briefwechsel der Schweizer mit den Polen // Archiv fur Reformationsgeschichte, Erganzungsband III. Leipzig, 1908.

6 Гл. мой даклад на Другім з'ездзе МАБ, надрукаваны ў "Беларускім гістарычным часопісе" (1995. № 4).

7 Schneider H. Schweizer Theologen im Zarenreich (1700-1917): Auswanderung und russischer Alltag von Theologen und ihren Frauen. Zurich, 1994. S. 302-305.

8 Wirth J.A. Tadeusz Kosciuszko der Naczelnik: Gedenkspiel zum 150. Todestag des polnischen Nationalhelden. Solothurn, 1970

9 Liberek St. Pestalozi und Kosciuszko. Solothurn, 1946.

10  Iai'6.: Thiirer G. Beresina — Es Spyl vom Thomas Legler und siner Allmei (Glarner Mundart). Glarus, 1939; Haller A. Beresina: Eine Erzahlung von Napoleons Feldzug nach Russland. Aarau; Frankfurt a.M., 1956 (2. Aufl. 1957); Schweizer Soldner an der Beresina. Zurich, 1966; Balzli E. Beresina: Ein Liederspiel. Aarau, 1946.

11 Peyer Catharina. Aus den Erinnerangen einer Schweizer Marketenderin. Hrsg. von The­odora von der Miihll. Erlenbach, 1940.

12  Bernoulli Joh. Reisen durch Brandenburg, Pommern, Preussen, Curland, Russland und Pohlen, in den Jahren 1777 und 1778. 6 Bde (in 2). Leipzig, 1779-1780.

13УВіцебскай, Магілёўскай, МінскайіГродзенскайгуберняхяны, паводлеперапісу 1897 г., склалі 0,36 прац. агульнайколькасцішвейцарскіхперасяленцаўуРасіі. Паводле швейцарскіх даследаванняў, колькасць іх у Беларусі дасягала 1,2 прац. усяго агулу. Гл.: Schweizer im Zarenreich: Zur Geschichte der Auswanderung nach Russland. Hrsg. von R. Biihler et al. Zurich, 1985. S. 210.

14  Rauber U. Schweizer Industrie in Russland: Ein Beitrag zur Geschichte der industriellen Emigration, des Kapitalexportes und des Handels der Schweiz mit dem Zarenreich (1760-1917). Zurich, 1985; Biihler R. Biindner im Russischen Reich 18. Jahrhundert - Erster Weltkrieg. Ein Beitrag zur Wanderungsgeschichte Graubiindens. Disentis, 1991. S. 311-313.

15  Dierauer J. Bernhard Simon — Architekt: 1816-1900: Ein Lebensbild. St. Gallen, 1918.

16Гл.: Bischof P. Zum Russlandbild in den Werken von Lilli Haller und Albert Bachtold // Bild und Begegnung: Kulturelle Wechselseitigkeit zwischen der Schweiz und Osteuropa im Wandel der Zeit / Hrsg. von P. Brang et al. Basel; Frankfurt a.M., 1996. S.281-295.

17  Ковалевские А.О. и В.О. Переписка 1867-1873 гг. М., 1988. С. 330-332; Bankowski М. Russische Studierende in der Schweiz // Schweiz-Russland. Віппёў-0ааёоабёў. Beziehungen und Begegnungen. Zurich, 1989. S. 76f.

18Гл.: Банькоўскі-ЦюлігМ. СтудэнтыістудэнткізБеларусіўшвейцарскіхуніверсітэтах (XVI - пач. XX ст.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 4. С. 55-56.

19  Аксельрод И.И. Готфрид Келлер //Аксельрод И.И. Литературно-критические статьи. Мн., 1923. С. 37-81.

20 Goehrke С. Friihzeit des Ostslaventums. Dannstadt, 1992; Kappeler A. Russland als Vielvolkerreich. Entstehung. Geschichte. Zerfall. Miinchen, 1992.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by