|
Віталь Зайка (Нью-Йорк)
МЕНКЕ КАЦ — ПАЭТ З МІХАЛІШАК
Менке Кац з'яўляецца адной з цэнтральных постацей амерыканскай яўрэйскай літаратуры і значнай з'явай у амерыканскай паэзіі ўвогуле.
Паэт нарадзіўся ў мястэчку Міхалішкі ў 1906 г. Яго продкі здаўна жылі на Віленшчыне — у Свіры, Міхалішках, Свянцянах, Смаргоні. Яны займаліся сплавам лесу, кавальскаи справаи, рознымі рамествамі, гандлем, вывучалі святую Тору, і за 600 гадоў зжыліся з гэтым краем, — ён стаў сапраўднай іхняй радзімай. Менавіта талерантнасць і добразычлівасць жыхароў беларускай зямлі зрабіла яе прыцягальнай для сыноў Ізраіля, што ратаваліся ад праследаванняў і ўціску ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе. Менавіта на землях Вялікага Княства Літоўскага быў рэалізаваны ідэал талмудысцкага светапогляду — свабода вывучэння Святога пісьма. Менавіта беларускія землі далі свету сотні вучоных-талмудыстаў, ешывы, і "літвацкую" гаворку мовы ідыш, кантараў, магідаў — казнадзеяў, настаўнікаў і паэтаў, сярод якіх — і Менке Кац.
Дзяцінства Менке было тыповым для дзіцяці з тагачаснай яўрэйскай незаможнай сям'і. Змалку спазнаў ён і цяжкасці вучэння ў хедары, і нялёгкую працу па гаспадарцы.
Жыццё стала яшчэ больш цяжкім у час Першай сусветнай вайны, калі раптоўны наступ фронта зрабіў гэтую частку Віленшчыны абшарам ваенных дзеянняў. На тых, хто не быў прымусова эвакуіраваны расійскім войскам, выпаў двайны цяжар пастою нямецкіх палкоў і знаходжання на пярэдняй лініі баявых дзеянняў. Людзі паміралі ад эпідэмій, пакутавалі ад нястач і голаду. У перыяд з 1916 да 1920 г. гэтыя землі некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі, што дашчэнту спустошыла некалі квітнеючы край. Усе гэтыя трагічныя падзеі не абмінулі і сям'ю Менке Каца.
З дзяцінства Кац захапляўся мілагучнасцю роднай мовы ідыш, народным фальклорам і песнямі, што, вядома, не ў апошнюю чаргу паўплывала на яго далейшы лес.
У 1920 г. Менке Кац выязджае ў Амерыку і амаль адразу пачынае дасылаць свае першыя літаратурныя спробы ў яўрэйскамоўныя амерыканскія газеты. З сярэдзіны 20-х гг. яго творы пачалі з'яўляцца ў вядучых нью-йоркскіх газетах "Форварде", "Фрайгайт" ("Морген-Фрайгайт"). Зарабляючы сабе на жыццё рознай цяжкай працай, Кац вечарамі знаходзіў адпачынак у складанні вершаў пра родныя Міхалішкі і Свір, пра раку Вілію і блакітна-шэрае, а часам і чорнае беларускае неба. Зямля, на якой прайшлі і самыя шчаслівыя, і самыя цяжкія гады яго жыцця, назаўсёды засталася ў яго творчасці.
Менавіта міхалішскія ўспаміны натхнілі Менке Каца на першую паэтычную кніжку "Тры сястры", якая выйшла ў горадзе Мілуокі ў 1932 г. Матывы кахання, прыроды, жорсткага лесу і выпрабаванняў у творчасці маладога паэта не засталіся незаўважанымі крытыкай, хаця ацэнка гэтай кнігі ў розных літаратурных выданнях была рознай. Кац быў сябрам левых літаратурных арганізацый, у тым ліку яўрэйскага рабочага клуба "Даўнтаўн", якія мелі выразна пракамуністычны і прасавецкі кірунак.
Варта сказаць, што 20-я гг. былі ў СССР перыядам, калі культуры нацыянальных меншасцей, у тым ліку яўрэйская, дасягнулі пэўнага ўзроўню развіцця. На фоне беспрацоўя і крызісу на Захадзе ў пачатку 30-х гг. у развіццё яўрэйскай літаратуры, адкрыццё навучальных і культурных устаноў, выпуск масавымі тыражамі кніг на ідыш сапраўды стваралі ўражанне росквіту яўрэйскай літаратуры ў СССР. Але фальш і няшчырасць савецкай улады не маглі доўга заставацца сакрэтам, і пад уплывам падзей другой паловы 30-х гг. — скарачэння колькасці яўрэйскіх школ, рэформы правапісу, знікнення і аб'яўлення ворагамі народа выдатных яўрэйскіх савецкіх пісьменнікаў — Кац пераглядае свае прасавецкія погляды і прыходзіць да высновы, што яўрэйская літаратура павінна адмовіцца ад класавага падыходу, палітызаванасці і празмернай увагі да так званых пралетарскіх пытанняў. Гэта ўсё знайшло адлюстраванне ў кнізе Каца "Палаючае мястэчка", напісанай у 1938 г. Яна была непрыхільна сустрэта левай літаратурнай крытыкай і некаторымі пісьменнікамі. Шмат сяброў адвярнуліся ад М. Каца. Тады ён піша адказ на крытыку ў форме кнігі (ад імя сваёй нябожчыцы-бабкі) пад назвай "Адказ маёй бабкі Баданы" (1939), у якой выкладае сваё грамадзянскае і мастацкае крэда, непрыняцце таталітарызму і маны ў літаратуры і жыцці. Знішчэнне яўрэйскай культуры Заходняй Еўропы нацыстамі, якое было праведзена балыпавікамі, паказала з цягам часу справядлівасць, правільнасць творчай пазіцыі Менке Каца. Чорны дзень у гісторыі яўрэйскай літаратуры, калі ў СССР былі расстраляны Л. Квітко, П. Маркіш і іншыя вядучыя пісьменнікі і дзеячы культуры, канчаткова вызначыў разрыў М. Каца з марксісцкай ідэалогіяй і левымі літаратурнымі коламі. Пасля вайны Менке Кац спрабуе свае сілы ў пісанні вершаў на англійскай мове, рэалізуючы свае ідэі і творчыя напрацоўкі ў больш шырокай чытацкай аўдыторыі, што адразу ж было заўважана амерыканскай літаратурнай крытыкай.
Менке Кац напісаў на ідыш і англійскай мовах у агульнай кольскасці 18 кніг, і тэма радзімы заўжды займала там належнае месца. Памёр гэты адданы ўраджэнец Астравецкай зямлі ў красавіку 1991 г.

