МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ураджэнец Трокенік, мастак Мар’ян Богуш-Шышка і яго спадчына // Беларусь—Расія—Японія

Аўтар: Мальдзіс Адам
Кнiга: Беларусь - Расія - Японія = Беларусь - Россия - Япония: Матэрыялы Першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў. прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэд. Г. Брэгер і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 130 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 8)
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Польшча
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Адам Мальдзіс (Мінск)

УРАДЖЭНЕЦ ТРОКЕНІК МАСТАК МАР'ЯН БОГУШ-ШЫШКА I ЯГО СПАДЧЫНА

Упершыню пра існаванне мастака, пісьменніка і падарожніка Мар'я-на Богуша-Шышкі я даведаўся восенню 1993 г., вяртаючыся з Браціславы, з чарговага Міжнароднага кангрэса славістаў, і гартаючы ў цягніку "Слоўнік польскіх пісьменнікаў на чужыне", падараваны вядомым кракаўскім беларусістам Здзіславам Нядзеляй. Там указвалася, што аўтар з такім выразна беларускім прозвішчам выдаў кнігі "Пра мастацтва", "Леанарда да Вінчы", напісаў працу "Нарыс гісторыі выяўленчага мастац­тва на землях Вялікага Княства Літоўскага". Найбольш жа мяне зацікавіла тое, што Богуш-Шышка нарадзіўся ў Трокеніках, "недалёка ад Вільні". Выходзіла, што ён мой зямляк, бо Трокенікі тыя цяпер у Астравецкім раёне, непадалёку ад полацкага тракта, што вядзе на Вільнюс, каля самай беларуска-літоўскай граніцы. Не раз мне даводзілася бываць у гэтай прыгожай мясціне, дзе захавалася мураваная сядзіба — помнік архітэктуры XIX ст., рэшткі старога парку.

Падумалася тады, што добра было б адшукаць нашага земляка. Але дата яго нараджэння, 16 лютага 1901 г., тут жа выклікала сумненні: наўрад ці жывы.

Праз колькі месяцаў, ужо знаходзячыся ў Варшаве, на вечары ў былога Генеральнага консула Польшчы ў Мінску Тадэвуша Мысьліка, я выклаў мае сумненні яго жонцы, вядомаму гісторыку мастацтва Анне Пругар-Мысьлік. На маё здзіўленне, яна паведаміла, што — жывы. Але хварэе, ляжыць у хоспісе. Таму з кантактамі трэба спяшацца.

Вярнуўшыся ў Мінск, я тут жа напісаў ліст у Лондан князю Анджэю Цеханавецкаму, ганароваму сябру Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, які ўжо нямала зрабіў дзеля вяртання на радзіму скарбаў культуры. Папрасіў яго сустрэцца з мастаком, прыгадаць яму пра Трокенікі, пра дом, у якім можна было б арганізаваць мастацкі музей, беларуска-польска-літоўскі культурны асяродак... Але ў адказ прыйшла сумная вестка: Мар'ян Бо­гуш-Шышка памёр 28 студзеня 1995 г. ў лонданскім хоспісе святога Крыстофера ва ўзросце амаль 94 гадоў. Да ліста была прыкладзена ксеракопія артыкула-некралога Войцеха Фалькоўскага "Мар'ян Богуш-Шышка — ма­стак стагоддзя" з газеты "Tydzien Polski" (Лондан, 11 сакавіка 1995 г.). Характарыстыка "мастак стагоддзя" належыць не аўтару артыкула, а славутаму англійскаму крытыку Эрыку Ньютану, які даў яе нашаму земляку ў 1959 г., пазнаёміўшыся з яго творамі.

У артыкуле В. Фалькоўскага указаны асноўныя даты жыццёвага і творчага шляху мастака. Паходзіў ён з заможнай сям'і, якая дала сыну добрую адукацыю. Атрымаўшы ў падарунак акварэлі, маляваць ён пачаў у чатыры гады. Закончыўшы гіманзію, Мар'ян Богуш-Шышка тры гады вучыўся выяўленчаму мастацтву ў Віленскім універсітэце (асабліва плённа — у Фердынанда Рушчыца) і чатыры гады — у Кракаўскай акадэміі. Потым выкладаў маляванне ў розных навучальных установах. Акрамя жывапісу займаўся таксама матэматыкай: у гэтай галіне ведаў ён нават здабыў навуковую ступень і выдаў кніжку.

У 1939 г. Мар'ян Богуш-Шышка быў мабілізаваны ў польскую армію, удзельнічаў у баях, трапіў у палон. Да канцы вайны знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах. Пасля вызвалення яго выклікаў у Італію стрыечны брат — генерал Зыгмунт Богуш-Шышка. Сярод польскіх салдат і афіцэраў, якія там апынуліся, арганізаваў курсы па гісторыі мастацтва, вучыў ахвотных маляванню. 11 лістапада 1946 г. прыбыў у Англію, дзе кіраваў Школай мальбертнага жывапісу, якую скончылі многія славутыя майстры. Сям'я ж засталася ў Кракаве: сын Анджэй цяпер там прафесар педагагічнай псіхалогіі, а ўнучкі скончылі Акадэмію мастацтва.

Аднак у артыкуле Войцеха Фалькоўскага нічога не гаварылася пра лёс мастацкай спадчыны Мар'яна Богуша-Шышкі. Зноў паляцелі лісты ў Лон­дан. На гэты раз — у два адрасы: Анджэю Цеханавецкаму і ў Пасольства Беларусь

Першым адгукнуўся факсам нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх. 16 кастрычніка 1995 г. ён паведаміў:

"Я толькі што наведаў Лэдзі Сіселі Сондэрс, удаву Мар'яна Богуша-Шышкі. Доўга гаварыў па тэлефону з яго ўнучкай (ад першага шлюбу) паняй Алай Богуш-Добаш. У прынцыпе справа выглядае добра. З паняй Добаш я пабачуся ў Кракаве 7 лістапада, перад маім прыездам у Мінск. Паведамляю табе яе адрас: вуліца Цэляровска, 17, кв. 29, 31-414, Кракаў.

Сям'я напэўна перадасць частку спадчыны Майстра музею ў Трокеніках. Павінна яна, аднак, быць упэўнена, што такі музей паўстане і што сядзіба ў Трокеніках стане сапраўдным цэнтрам польска-беларуска-літоўскага культурнага ўзаемадзеяння.

Пакуль нам удасца давесці ўсю справу да фінішу, я прапанаваў бы, каб паню Алу Богуш-Добаш (з мужам) запрасілі беларускія ўлады, каб яны змаглі пабачыць Трокенікі і ўсё абмеркаваць на месцы. Праезд яны апла-цяць самі, а гасціннасць — гэта ўжо ваша справа і прывілей. Дадам, што праектуецца Музей сям'і Шышкаў-Богушаў у Пшэгажалах каля Кракава (архітэктар Адольф — яго сын, а таксама сам Мар'ян). Таму Беларусь павінна зрабіць сваю справу хутка. Прашу гэтае пытанне паставіць на пасяджэннях Беларуска-польскай камісіі ў Мінску, дзе я павінен зноў старшынстваваць".

Аднак на пасяджэннях камісіі па абмену мастацкімі каштоўнасцямі Анджэй Цеханавецкі, ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта і ганаровы грамадзянін горада Заслаўя, на жаль, не старшынстваваў. У кастрычніку 1995 г. з ім здарыўся ў Рыме няшчасны выпадак, і ён надоўга трапіў у шпіталь. На пасяджэннях камісіі, у Мінску і ў Дудзічах пад Мінскам, мы не раз добрым словам успаміналі свайго патрабавальнага старшыню. Імя Мар'яна Богуша-Шышкі не раз згадвалася і беларускімі і польскімі дзяржаўнымі дзеячамі і вучонымі. А Трокенікі выстройваліся ў адзін шэраг з Дудзічамі Ельскіх, Бачэйкавам (на Віцебшчыне) Цеханавецкіх — у шэраг даўніх асяродкаў культуры, якія трэба аднавіць, якім трэба даць "другое дыхание". Польскі бок пагадзіўся з маёй прапановай, падтрыманай пісьмова і Цеханавецкім, што Трокенікі павінны стаць супольным, беларуска-польска-літоўскім культурным асяродкам.

Назаўтра ж пасля заканчэння работы камісіі ў Цэнтр імя Францыска Скарыны прыйшоў ліст ад Уладзіміра Шчаснага, пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі. Ліст гэты варта прывесці цалкам — як сведчанне клопатаў нашых дыпламатаў пра духоўную спадчыну, культурныя кантакты:

"Прашу прабачэння за затрымку адказу на Ваш ліст ад 19.06.95 года адносна мастацкай спадчыны Мар'яна Богуша-Шышкі, які нарадзіўся ў в. Трокенікі Астравецкага раёна і памёр на пачатку гэтага года ў Лондане.

Справа ў тым, што ліст даволі доўга блукаў, пакуль трапіў у Пасольства. Да таго ж давялося мець справу з брытанцамі, у якіх жыццё распісана на месяцы ці нават гады наперад, і таму мусіш цярпліва чакаць прызначанай сустрэчы. Вялікую дапамогу аказаў А. Цеханавецкі. [...]

30 кастрычніка я наведаў удаву Мар'яна Богуша-Шышкі пані Сіселі Сондэрс (Dame Cicely Saunders). Дарэчы, яна сама з'яўляецца выдатнай асобай, бо ў 60-я гады заснавала першы ў свеце хоспіс (установа, дзе знаходзяцца ў апошнія дні жыцця невылечна хворыя). Пасля смерці мужа за­сталася вялікая колькасць карцін. Амаль усе яны развешаны ў будынку хоспіса, бо большасць з іх і была спецыяльна для яго напісана. Таму перадаць іх для экспанавання ў музей у Трокеніках будзе, відаць, немагчыма. Але засталася таксама значная колькасць акварэляў, малюнкаў і літаграфій, якія могуць быць перададзены для экспазіцыі ў новым музеі. Засталіся таксама некаторыя фатаграфіі, з якіх можна зрабіць копіі; пэндзлі, а таксама кнігі, у тым ліку манаграфія аб яго творчасці і зборнік напісаных ім артыкулаў пра мастацтва.

Значная колькасць карцін і амаль усе фатаграфіі з ранейшага жыцця знаходзяцца ў Кракаве, дзе жыве сын ад першага шлюбу і ўнучка, якая і займаецца спадчынай мастака.

Справа ў тым, што музей, прысвечаны Мар'яну Богушу-Шышку і яго сыну, вядомаму архітэктару, які рэстаўраваў Вавельскі замак, мяркуецца стварыць і ля Кракава.

Яразмаўляў па тэлефоне з унучкай мастака пані Алай Богуш-Добаш. Яна спачатку даволі насцярожана аднеслася да ідэі. Адной з прычын гэтай насцярожанасці з'яўляецца тое, што, на яе думку, можа так здарыцца, што Мар'ян Богуш-Шышка будзе прадстаўлены не як польскі, а як беларускі мастак, што было б супраць волі нябожчыка. Пані Богуш-Добаш жадала б таксама ведаць, у якім стане будынак, ці будзе гэта толькі музей або таксама культурны цэнтр. Відаць, варта накіраваць ёй фатаграфіі будынка і месца, а таксама акрэсліць канцэпцыю музея. Калі ўсё будзе больш-менш узгоднена, яна хацела б наведаць Трокенікі. На маю думку, было б лепш, каб яна трапіла туды праз Вільнюс. Беларускае Пасольства ў Вільнюсе дапамагло б з транспартам.

Вельмі зацікаўлена і вельмі добразычліва паставілася да ідэі [музея ў Трокеніках. —А.М] удава мастака. На яе думку, сам М. Богуш-Шышка быў бы вельмі рады такой прапанове.

Наогул сама ідэя стварэння музея бачыцца вельмі рэальнай. Відаць, варта падумаць над яго канцэпцыяй. У якасці доказу таго, што польскасць мастака будзе прадстаўлена дастаткова выразна, быў прыведзены прыклад з домам-музеем А. Міцкевіча ў Навагрудку.

Такім чынам, магчымасць атрымання экспанатаў даволі рэальная. Цяпер шмат што будзе залежаць ад актыўнасці беларускага боку. Пасольства гатова аказаць любую магчымую дапамогу.

У дадатак перасылаю кнігу пра мастака і зборнік напісаных ім артыкулаў пра мастацтва, фатаграфіі, падараваныя пані Сіселі Сондэрс".

Да ліста былі прыкладзены некалькі фотаздымкаў, адзін з якіх тут рэпрадукуецца, і дзве кнігі — "Пра мастацтва" Мар'яна Богуша-Шышкі, выдадзеная ў Лондане ў 1982 г., і альбом "Мар'ян Богуш", падрыхтаваны Галерэяй Дрыяна ў 1977 г. Яны, безумоўна, патрабуюць асобнай грунтоўнай рэцэнзіі ці агляду. Тут жа выкажу некалькі беглых заўваг і меркаванняў.

Зборнік "Пра мастацтва" сведчыць аб шырыні кругагляду яго аўтара. У кнігу ўключаны артыкулы пра Я. Матэйку, П. Сезана, П. Пікасо і іншых майстроў еўрапейскага мастацтва. Як і трэба было чакаць, многа матэрыялаў пра творцаў, што нарадзіліся і жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, Віленскага краю (Ірэна Якубоўская, Галіна Сукенніцкая, Мар'ян Касцялкоўскі, Юзаф Чапскі). Побач з рэцэнзіямі-аглядамі канкрэтных выставак — філасофскі роздум аб прызначэнні мастацтва і жыцця ўвогуле.

У альбоме "Мар'ян Богуш" прадстаўлены рэпрадукцыі яго каляровых і чорна-белых твораў. Нашага земляка асабліва прываблівала біблейская праблематыка. У творах на гэтую тэму, асабліва пра ўкрыжаванне Хрыста, ён дасягнуў сапраўдных творчых вышыняў. Разглядаючы рэпрадукцыі, згадваеш словы В. Фалькоўскага пра тое, што на карцінах Мар'яна Богуша-Шышкі "вонкавае святло, што падае на палатно, адбіваецца, амаль праменіцца святлом унутраным. Матэрыял ператвараецца ў святло". Каля 60-ці такіх твораў знаходзяцца ў хоспісе святога Крыстофера.

Да альбома прыкладзены падрабязная біяграфія мастака, водгукі друку на яго творчасць, бібліяграфія. У біяграфіі ёсць звесткі пра яго бацькоў — дваран Антона Богуша-Шышку і Станіславу з Козелаў-Паклеўскіх, іх нялёгкі лес. Падрабязна гаворыцца пра дзіцячыя гады мастака, якія прайшлі ў бабуліным маёнтку Верачата над возерам Нарач. А ў 20-я гг. Богуш-Шышка разам са сваёй жонкай Зофіяй жыў у Кобрыне. Адным словам, беларускага матэрыялу ў кнізе нямала.

Ідэя пра стварэнне ў Трокеніках культурнага асяродка імя Мар'яна Богуша-Шышкі знайшла добры водгук на Астравеччыне. Уладзімір Шчасны, беларускі пасол у Лондане, у час свайго прабывання на вечары, прысвечаным памяці Іосіфа Гашкевіча, сустрэўся ў Мінску з загадчыцай аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Данутай Чарнушэвіч, абмеркаваў з ёй арганізацыйныя пытанні. Але цяжкасцей наперадзе багата. Галоўнае ж — патрэбна добрая воля на самых розных узроўнях.

А днямі ад Анджэя Цеханавецкага, які ўжо знаходзіцца дома, прыйшоў кароткі ліст: "Лэдзі Сіселі Сондэрс збіраецца ў Трокенікі, зрэшты наперакор волі сям'і. Не ведаю, як падзеі апошніх дзён паўплываюць на гэтае падарожжа".

Летам 1996 г. Сіселі Сондэрс пабывала ў Трокеніках.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by