|
Лена Глагоўска (Гданьск)
БРАТЫ СТАПОВІЧЫ
Беларусь у канцы XIX - пачатку XX стст. перажывала вялікія перамены, звязаныя з адраджэннем беларускай думкі, вайной і станаўленнем сваіх межаў. Рэвалюцыйныя працэсы не абміналі таксама гэтае зямлі. Беларусь здаўна спакваля губляла сваю самастойнасць. Яегеаграфічнае становішча і палітычныя ўмовы спрыялі перамяшчэнню і ўкараненню ўсходніх — рускіх (маскоўскіх) і заходніх (польскіх) уплываў. Пачынаючы з XVI ст. крыжаваліся тут розныя плыні, якія прывялі да знікнення беларускай самабытнасці ў шляхецкіх — найбольш пашыраных колах грамадства.
Беларускасць (мова, фальклор) захавалася практычна толькі сярод збяднелай шляхты і сялянства. У гэтых групах і сярод выхадцаў з іх і пачала адраджацца беларуская ідэя.
На такі цікавы перыяд і прыпала жыццё братоў Стаповічаў — Канстанціна (1890-1926) і Альбіна (1894-1934). Яны былі сведкамі і актыўнымі ўдзельнікамі беларускага руху ў перадваенны перыяд, у час Першай сусветнай вайны і пасля яе — у межах Другой Рэчы Паспалітай. Нарадзіліся яны ў мнагадзетнай сялянскай сям'і ў вёсцы Барані тагачаснага Свянцянскага павета Віленскай губерні. Сям'я была каталіцкага веравызнання. Бацькі, Матэвуш і Альжбета, дбалі пра адукацыю сваіх дзяцей. На той час народная школа, у якой пачыналі здабываць грамату браты, была расійскай. Як успамінаў Канстанцін: "Вучыцель быў суровы, што мерыў злосна ўдары лінейкай без дай прычыны [...], быў п'яніца горкі і маскаль наравісты"'.
Вялікі ўплыў на нацыянальную свядомасць падвіленскіх жыхароў меў касцёл, у якім служба вялася па-польску. Выразам гэтага стала атаясамленне веры каталіцкай з польскай нацыянальнасцю. Афіцыйныя ж улады, у сваю чаргу, праводзілі палітыку, скіраваную нарусіфікацыю насельніцтва.
Беларускую нацыянальную свядомасць даводзілася набываць самастойна. Таму і сам беларускі рух быў запознены. У жыцці братоў Стаповічаў, развіцці іхняй беларускай самасвядомасці, ды і не толькі іхняй, вялікую ролю адыграла бацькоўская, хатняя беларуская мова. Да гэтага далучыліся ўзнікаючыя ў гады вучобы братоў кволыя парасткі беларускага руху, якія адыгралі станоўчую ролю ў іх будучым жыцці.
Лёсы абодвух братоў склаліся па-рознаму, аднак яднала іх вялікае сяброўства і ўзаемнае дбанне пра развіццё беларускай культуры, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для яе.
Канстанцін Стаповіч пасля вучобы ў Свянцянах навучаўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. У час пабыўкі ў Вільні, яшчэ перад семінарыяй, ён пазнаёміўся з газетай "Наша ніва". У 1907 г. запісаў ва ўспамінах: "Займаюся крыху беларушчынай". Пад час вучобы ў семінарыі ён пазнаёміўся з беларускім гуртком і невялікай беларускай бібліятэкай. З гэтага гуртка выйшлі свядомыя беларускія ксяндзы: Адам Станкевіч, Язэп Рэшаць, Віктар Шутовіч і іншыя. Паказваючы ўсю складанасць сітуацыі, А. Станкевіч пісаў пра нацыянальную свядомасць семінарыстаў: "Звяртаем на гэта ўвагу, бо, быць можа, будучы гісторык, даследуючы гэтыя справы, напаткае дзе ў архівах семінарыі, ці каталіцкай кансісторыі, ці дзе ў іншым месцы, афіцыяльны запіс народнасці гэтых асоб і ў запісе гэным можа ўбачыць многіх [семінарыстаў. — Л. Г.]як палякаў. Вось жа трэба ведаць, што дзеля ўспомненых палітычных і часткова рэлігійных прычын семінарскія ўлады запісвацца беларусамі клерыкам не раілі і нават не дазвалялі. Сведчаць аб гэтым некаторыя самі клерыкі з таго часу. Дзеля гэтага, бадай, усе клерыкі-беларусы запісаліся тады палякамі" 2.
У 1913 г. К. Стаповіч надрукаваў свой першы верш у газеце "Беларус". Складанасць пазнейшых умоў не замінала дзейнасці пастырскай і паэтычнай у нацыянальным духу.
У 1915 г., пасля пасвячэння, Канстанцін Стаповіч быў вікарыем у Камаях і Клюшчанах на бацькаўшчыне. У перыяд Першай сусветнай вайны гэтыя мясцовасці апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Добрае стаўленне нямецкіх улад да беларускага школьніцтва пасадзейнічала закладанню беларускіх школ. Ксёндз Канстанцін арганізаваў у наваколлі восем беларускіх школ і сам працаваў выкладчыкам на настаўніцкіх курсах. У Клюшчанскім касцёле ён арганізаваў хор і распачаў літаратурную дзейнасць, а таксама стварыў "Хаўрус сваякоў" — культурную арганізацыю. "Справа беларушчыны зачынае прымаць зусім правідны характар, там, дзе складаецца арганізацыя, якая як-кольвечы здабывае права для сваёй мовы і звычаю", — успамінаў потым сам К. Стаповіч. Свае паэтычныя творы ён пачаў падпісваць псеўданімам Казімір Сваяк. Тады ж ксёндз Канстанцін пачаў весці набажэнствы на беларускай мове. Гэта прывяло да канфліктаў з духоўнымі ўладамі і з уласнікамі тутэйшых двароў. У выніку ён быў высланы ў Карыцін на Беласточчыну. Але і там працягваў працу на беларускай ніве.
Змагаючыся са сваёй хваробай — сухотамі, пасля Першай сусветнай вайны Канстанцін Стаповіч працаваў у Засвіры, уводзячы беларускую мову ў набажэнствы і абуджаючы ў сваіх парафіянах беларускую нацыянальную свядомасць.
У 1921 г. ксёндз К. Стаповіч пісаў: "Кожны ксёндз-беларус павінен: 1. Пільна спасцерагаць і сачыць працэс народнага даспявання беларусаў, каб не адстаць ад агульнага культурнага развітку душы народнай. 2. Старацца ўвесці ў свае парафіі калі не заўсёды, дык перыядычна ў вялікія святы навуку па-беларуску, а таксама арганізаваць па-беларуску спеў рэлігійны на хоры. 3. Прычыняцца як мага да выдавецтва рэлігійнага, каб мець гатовы матэрыял у запатрабаванні на нашу творчасць. 4. Быць у жыцці народнікам і карыстацца мовай народнай згодна з псіхалогіяй нашага народа і паводле правша "не прымушай, але пераканай" 3.
Зразумела, што сам ён жыў згодна са сваімі выказваннямі і ўстаноўкамі. Выдатна разумеючы складанасць беларускай гісторыі, К. Стаповіч бачыў будучыню Беларусі ў адраджэнні нацыі. У 1922 г. ён дапамагае правядзен-ню выбарчай кампаніі ў польскі парламент, сам з'яўляецца членам Беларускага выбарчага камітэта.
Галоўным няшчасцем Беларусі ксёндз Канстанцін Стаповіч лічыў яе рэлігійную раз'яднанасць, таму ён быў прыхільнікам уніі. У сваіх працах даў гэтаму тлумачэнне. Ён не лічыў рэлігію толькі прыватнай справай грамадзян, а надаваў ёй перш за ўсё палітычнае значэнне. Падкрэсліваў недаацэнку яе беларускімі дзеячамі. "Справа веры ў народзе беларускім такая рэч важная, што аж стыдна, як мала цэніцца яна некаторымі нашымі дзеячамі. Рэч у тым, што рэлігія наогул ёсць адным з найважнейшых твораў народнай душы. У інтэлігента, асабліва мешчаніна, ёсць і іншыя творы, і іграе там вялікую ролю святыня мастацтва, святыня навукі, у простага народа святыня рэлігіі абымае ўсе найлепшыя парывы душы, — больш скажу: святыня рэлігіі заступае яму і мастацтва, і навуку. Гісторыя нас вучыць, што сістэмы рэлігійныя маюць уплыў на жыццё больш, чым сістэмы навучныя [...]. Гісторыя мела шчасце, ці няшчасце, аддаць Беларусь пад уплывы Усходу і Захаду, гэты дух фармальных праціўнікаў у змаганні да цывілізацыі. Вось і светапогляд наш рэлігійны мусіў прыняць дзве формы: грэцкую і лацінскую"4.
Верным паплечнікам, які разумеў і падтрымліваў погляды Казіміра Сваяка, быў яго брат Альбін. Атрымаўшы музычную адукацыю ў кансерваторыі Монтвілы ў Вільні, ён працаваў спярша арганістам у касцёле ў Цеханоўцы (цяпер тэрыторыя Польшчы), затым у Казані. Хаця асяроддзе, у якім яму даводзілася знаходзіцца, было польскім па нацыянальнаму духу, Альбін да канца свайго жыцця застаўся верным беларускай ідэі. Так, як і брат Канстанцін, разумеў становішча Беларусі, асабліва яе раз'яднанне пасля Рыжскай дамовы 1921 г. У тым жа годзе Альбін вярнуўся з Казані ў Вільню. Хаця падзеі Першай сусветнай вайны ў Беларусі адбыліся без яго ўдзелу, А. Стаповіч, вярнуўшыся ў Вільню, актыўна ўключыўся ў беларускі рух, спярша студэнцкі, пасля — агульнаграмадскі і палітычны.
Пры сваёй актыўнай грамадскай дзейнасці Альбін займаўся і музыкай — кампазіцыяй, запісваннем і апрацоўкай беларускіх народных песень, выкладаў музыку ў Віленскай беларускай гімназіі. Пачынаючы з 1926 г. імя Альбіна Стаповіча пачало рэгулярна з'яўляцца ў беларускім друку, стала вядомым у беларускіх выдавецкіх колах (выдаваў "Беларускую крыніцу") і ў Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі. У час выбараў у Сойм Другой Рэчы Паспалітай у 1928 г. стаў беларускім паслом (дэпутатам). Аб заангажаванні А. Стаповіча ў беларускую справу сведчыць яго багатая публіцыстыка ў беларускай і польскай прэсе міжваеннага перыяду. Сёння яна з'яўляецца сведчаннем перамен палітыкі польскіх улад у адносінах да беларусаў у Польшчы. Публіцыстыка ў польскай прэсе, асабліва ў "Przegldzie Wilenskim" 1930-1934 гг. давала польскаму чытачу поўнае ўяўленне аб глыбіні праблем беларусаў у Другой Рэчы Паспалітай. Альбін смела адстойваў права беларусаў на годнае жыццё, на незалежнае дзяржаўнае існаванне на сваёй зямлі.
Сваімі артыкуламі і выступленнямі Альбін Стаповіч прабуджаў у суайчынніках нацыянальную беларускую свядомасць: "Hi літоўцы, ні беларусы не з'яўляюцца тут гасцямі і ў справах сваіх могуць нешта сказаць". На сустрэчах з жыхарамі Віленшчыны гаварыў: "Усе сілы кожнага польскага ўрада былі і ёсць скіраваны на тое, каб нас зрабіць палякамі. Але не даваймася і не дазваляйма, каб у польскіх установах, куды нас на службу не прымаюць, нас прыніжалі і здзекаваліся над нашай годнасцю. Мы — дужы, вялікі народ, нас болей на свеце, як жыдоў і літвінаў, латышоў, эстонцаў, фінаў, шведаў і іншых. I ўсе мы тут беларусы" 5.
А. Стаповіч прыпісваў пачатак працэсу паланізацыі беларусаў не толькі польскім палітычным і рэлігійным уплывам, але таксама ўплыву заходняй цывілізацыі ўвогуле: "Стагоддзямі паланізацыю беларуска-літоўскіх зямель трэба прыпісваць не толькі палітычным і рэлігійным плыням, але ў большай, можа, меры модзе на заходнія звычаі, якія былі пераняты з Заходняй Еўропы праз пасрэдніцтва Польшчы і аставілі на сабе трывалы нанос у постаці польскай мовы. Як толькі беларускае дзіця адарвецца ад роднай вёскі і трапіць у двор, на плябанію, у горад — сутыкаецца зараз жа з праявамі зусім невядомай матэрыяльнай еўрапейскай культуры ў польскай форме. Такому дзіцяці, вядома, імпануе не польская мова, не музыка Шапэна, але [...] наваксаваная дубовая паркетная падлога, уложаная ў прыгожы ўзор, зручная і прыгожая мэбля, вялікія вокны, чысціня, адзенне, невядомыя яму рэчы, дамы, вуліцы, словам, увесь гэты матэрыяльны, дагэтуль невядомы, новы свет"6.
А. Стаповіч на кожным кроку выкрываў паланізацыйную палітыку ўлад, а таксама паўсюдны прымус беларусаў лічыць сябе палякамі: "Вось у Баранавіцкім павеце перапісныя камісары з настаўніцтва задавалі беларусам-католікам пытанні не пра матчыну мову, а пра мову малітваў, дасканала ведаючы, што яны моляцца па-польску. У некаторых мясцовасцях Дзісенскага павета, нягледзячы на пратэсты бацькоў, запісвалі дзяцей у школьным узросце як карыстаючыхся польскай мовай, бо ходзяць у польскую школу. У Віленскім павеце патрабаваліся пры перапісе дакументы, якія пацвярджаюць беларускую нацыянальнасць. У Віленска-Троцкім павеце — сцвярджае іншы дэлегат — проста пагражалася рэпрэсіямі за выяўленне беларускай мовы"7.
Альбін Стаповіч лічыў беларускую мову цалкам самастойнай, а не такой, якой хацелі яе бачыць палякі або расійцы, — дыялектамі іх моваў: "Гаворка нашых вуліц, засценкаў, а часам і вёсак не з'яўляецца польскай мовай, сапсаванай рускасцю [...], нічога таксама не мае супольнага з генезісам сапраўды польскіх гаворак, затое гэта мова здэнацыяналізаваных беларусаў-католікаў, каторыя, пазнаўшы раней Польшчыну з пацераў, казаняў і касцельных спеваў, несвядома падганялі і падганяюць яе да сваей беларускай мовы, бо размаўляць па-польску вымагаў своеасаблівы "добры тон" і рэакцыя на русіфікацыйныя намаганні расійскіх уладаў" 8.
Гэтак жа, як і з паланізацыяй, Альбін Стаповіч змагаўся і з праявамі русіфікацыі, якія вялі да дэнацыяналізацыі беларусаў. Каб усвядоміць сапраўдную сітуацыю, А. Стаповіч у адкрытым лісце да былога сенатара і віцэ-старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта Вячаслава Багдановіча пісаў: "Для нікога не з'яўляецца сакрэтам, што адкінуўшы стараабрадцаў і невялікі лік прыезджых быўшых урадаўцаў, іх патомкаў ды эмігрантаў з глыбі Расіі — большасць уважаючых сябе за расійцаў у Заходняй Беларусі з'яўляюцца ў прошласці выхадцамі з праваслаўнай беларускай вёскі, якія калісь на службе царскаму ўраду і пад уплывам царквы паспелі грунтоўна абмасковіцца" 9.
Вядома, погляды А. Стаповіча на самастойнасць беларускай нацыі зусім не супадалі з палітыкай польскіх улад у адносінах да беларусаў. Але ён не паддаваўся і ішоў далей у напрамку радыкалізацыі сваёй думкі: "Жывём у часы, калі адзінка, якая залічвае сябе да беларускай нацыянальнасці, падвяргаецца многім непрыемнасцям. Перад усім дзякуючы памылковай, недарэчнай нацыянальнай палітыцы ў Польшчы такая асоба становіцца падазронай у падрыўных імкненнях, і што за гэтым ідзе, закрыццё доступу ў дзяржаўныя ўстановы" 10.
Далучыўшыся да беларускіх нацыянал-сацыялістаў, Альбін Стаповіч стаў адным з аўтараў "Абавязкаў беларускага нацыянал-сацыяліста" і праграмы партыі (выступаў пад псеўданімам Уладзімір Загорскі). Мэтай гэтай групы была "незалежная, бяскласавая працоўная беларуская рэспубліка ў яе этнаграфічных межах"11, а асноўным абавязкам "дабро сваёй нацыі і яе працоўных ставіць перад дабром і карысцяй асабістай"12.
Эвалюцыя поглядаў ад хрысціянска-дэмакратычных да нацыянал-сацыялістычных была вынікам шукання выхаду з сітуацыі паўсюднага прыніжэння беларусаў у Польшчы. Некаторыя беларускія дзеячы выбралі эміграцыю ў Савецкую Беларусь (Б. Тарашкевіч, I. Дварчанін, М. Рак-Міхайлоўскі і іншыя). А. Стаповіч быў супраць выезду інтэлігенцыі. Паводле яго перакананняў, яе полем дзейнасці павінна стаць Заходняя Беларусь. Многім здаваліся памылковымі яго меркаванні аб савецкай рэчаіснасці: "Нашы адносіны да балыпавізму — вядомыя. Не могуць яны быць прыхільнымі перад усім дзеля таго, што з'яўляемся шчырымі дэмакратамі, адкідаем кожную дыктатуру, з якога бы яна боку не была. Кожнаму, пэўне ж, вядома аб тым, што ў Радавым Саюзе ў практыцы не існуе свабоды слова, друку, зборышчаў і сумлення. Праца культурна-асветная там такжа скіравана перад усім на камуністычнае ўзгадоўванне грамадства" 13.
Апрача палітычнай і выдавецкай дзейнасці А. Стаповіч актыўна ўдзельнічаў у развіцці беларускай культуры ў Заходняй Беларусі, быў адным з арганізатараў Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры і хору пры ім у 1926 г. Да самай смерці ён вёў беларускі хор пры касцёле св. Мікалая ў Вільні.
Вывучэнне поглядаў і дзейнасці братоў Альбіна і Канстанціна Стаповічаў у перыяд вялікіх перамен, асабліва на беларускай зямлі, дазваляе зрабіць вывад, што яны свядома стаялі на грунце беларускай незалежнасці. Усё сваё жыццё працавалі над узбагачэннем беларускай культуры, уносілі ў яе прыкметны і важкі уклад. Адначасова браты вялі тлумачальную працу сярод беларускага народа, заблытанага ўплывамі Усходу і Захаду, каталіцызму і праваслаўя.
Абодва Стаповічы былі людзьмі, адкрытымі для кантактаў з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей, што жылі на беларускай зямлі, — літоўцамі, яўрэямі, украінцамі, а таксама палякамі.
Як жыццёвае крэда гучаць словы з ліста Канстанціна Стаповіча, адпраўленага з г. Закапанэ да брата ў Казань 17 лютага 1914 г.: "Каханы Альбіне! Даўно ўжо вельмі пісаў ты да мяне, і я непакоюся пра цябе. Пішы хаця паштоўку... Хэ! Забыўся ізноў, што пішам да сябе па-свойму, каб не распанець і не забыць аб маці Беларусі".
Літаратурныя творы Казіміра Сваяка (К. Стаповіча) і музычныя творы (тэксты, апрацоўкі народных песень, кампазіцыі), а таксама публіцыстыка Альбіна Стаповіча з'яўляюцца сведчаннем значнага укладу ў развіццё беларускай культуры.
Спасылкі:
1 Сваяк К. Дзея маёй мыслі, сэрца і волі. Лондан, 1991. С. 6.
2 Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939. С. 60.
3 Крыніца. 1921. №24.
4 Сваяк К. Царква ці касцёл // Беларускі звон. 1921. № 16. С. 2.
5 Беларуская крыніца. 1928. № 46. С 4.
6 Стаповіч А. Прычыны асіміляцыйнагапрацэсу // Przegla_dWilenski. 1931. Nr 13.S.1-2.
7 PrzegladWilenski. 1932. Nr 1-2. S. 5-7.
8 Тамсама. 1932. Nr 6. S. 2-6.
9 Новы шлях. 1934. № 5(7). С. 7.
10 Przeglad Wilenski. 1934. Nr 4 (6). S. 1.
11 Нашы тэзы // Новы шлях. 1934. № 3 (5). С. 1.
12 Абавязкі беларускага нацыянал-сацыяліста // Тамсама. 1934. № 4 (6). С. 1.
13 Стаповіч А. Наша акадэмія навук у Менску // Беларуская крыніца. 1928. № 52.C.I.

