МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Паплечнік Гашкевіча // Беларусь—Расія—Японія

Аўтар: Куль-Сяльверстава Святлана
Кнiга: Беларусь - Расія - Японія = Беларусь - Россия - Япония: Матэрыялы Першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў. прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэд. Г. Брэгер і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 130 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 8)
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Кітай
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Святлана Куль-Сяльверстава (Гродна)

ПАПЛЕЧНІК ГАШКЕВІЧА

У 60-я гады мінулага стагоддзя Пецярбургская Акадэмія мастацтваў, збіраючы звесткі аб найбольш вядомых сваіх сябрах, звярнулася да акадэміка жывапісу Кандрата Ільіча Карсаліна з прапановай адказаць на некалькі пытанняў, якія датычыліся яго жыцця і творчасці. Мастак быў вельмі сціплым чалавекам, і яго адказы вызначаліся лаканізмам. Але гэтыя скупыя радкі хавалі за сабой незвычайны лес. Здарылася так, што жыццё кідала Карсаліна з адной часціны свету ў другую, "майстэрняй" яму служылі два кантыненты, а яго творчая манера ўвабрала ў сябе цалкам непадобныя мастацкія традыцыі.

"Нарадзіўся я ў 1809 годзе 9 сакавіка ў горадзе Слуцку Мінскай губерні, бацькі мае былі мяшчане таго ж горада, праваслаўнага веравызнання, бацька— Ілья Сямёнавіч і маці Таццяна Якімаўна"1 — пісаў Карсалін. Слуцк у той час быў невялікім мястэчкам, якое налічвала каля трох тысяч чалавек. Гэта быў горад рамеснікаў і дробных гандляроў, дзе не было брукаваных вуліц, затое былі шматлікія агароды і выпасы. "Выхаваннем я абмежаваўся хатнім, якое мог атрымаць пры недастатковасці сродкаў бацькоў маіх. Па мастацтву ж, пачаўшы з 12-гадовага ўзросту самавукам пісаць абразы, я з 14-ці гадоў займаўся работай для іканастасаў у розных нязначных па майстэрству жывапісцаў, але не вучнем, а ў якасці памочніка, і не мог узяць у іх нічога для далейшага развіцця майго ў мастацтве, а дапамагалі мне ў гэтым капіраванне з больш значных па мастацтву твораў ды асабісты густ, па партрэтнаму жывапісу я карыстаўся некаторымі пара­дам! настаўнікаў малюнка пры Слуцкай гімназіі мастака Геса"2.

Не маючы пачатковай адукацыі, а таксама сродкаў на далейшае навучанне, Карсалін не мог у той час марыць не толькі аб вучобе ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, але нават пра Віленскую мастацкую школу — факультэт у Віленскім універсітэце, дзе тады можна было выхадцу з Беларусі атрымаць вышэйшую адукацыю. Тамаш Гее, парадамі якога карыстаўся малады мастак, быў выхаванцам Віленскага універсітэта і, пэўна, многа апавядаў Карсаліну пра вучобу ў Вільні. Гес быў вельмі добрым партрэцістам. Па ўспамінах сучаснікаў, ён адрозніваўся асаблівай здольнасцю дакладна перадаваць вобраз мадэлі па памяці, не робячы папярэдніх эскізаў, аднолькава добра працаваў алеем, вугалем, пяром і пастэллю. Та­маш Гес шмат чаму навучыў Карсаліна.

У 1830-я гады Карсалін пераехаў у Арол, дзе жыў за кошт свайго мастацтва, робячы іконы і партрэты мясцовых чыноўнікаў і мяшчан. У гэты час лес усміхнуўся маладому мастаку. У 1837 г. у Арле, праездам на Украіну, спыніўся канферэнц-сакратар Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Грыгаровіч. Ён, убачыўшы работы Карсаліна, даў яму рэкамендацыю для паступлення ў сталічную акадэмію. Праз год Карсалін быў ужо вольнаслухачом Акадэміі мастацтваў 3.

Жыццё ў сталіцы было надзвычай дарагім. Зямляк Карсаліна, таксама вучань акадэміі, Вікенцій Смакоўскі некалі падлічыў, што на год студэнту акадэміі патрэбна прыкладна 2800 рублёў, каб не толькі прыстойна жыць, але і набыць фарбы, палатно і іншыя матэрыялы для работы4. Стыпендыя, якую атрымлівалі студэнты, складала ўсяго 200 рублёў на год. Таму Кандрат Карсалін вымушаны быў звярнуцца за дапамогай да ўладаў. Ужо на першым курсе акадэміі ён праявіў выдатныя здольнасці: выкладчыкі адзначалі, што малады мастак "вельмі добра малюе партрэты з натуры і пры гэтым выразна схоплівае падабенства" 5. Аргументам, які б заахвоціў улады выдзеліць маладому мастаку грашовую дапамогу, павінен быў стаць партрэт Мікалая I, дакладней, мініяцюра, зробленая Карсаліным з партрэта Кругера і прапанаваная ім цару. Але, нягледзячы на станоўчыя водгукі выкладчыкаў акадэміі, мініяцюра не была куплена Мікалаем. Карсалін жа так і не атрымаў грошай.

Пра месяцы, праведзеныя мастаком у сценах Акадэміі мастацтваў, вядома мала. Як сведчаць дакументы, Кандрат Карсалін у гэты час пазнаёміўся з Шаўчэнкам, з якім яны разам дабіваліся ў мясцовай паліцыі дазволу на жыццё ў Пецярбургу 6. Мастак-беларус у гэты час многа працаваў, галоўным чынам, у жанры партрэта. У ліпені 1839 г. ён прадаставіў у Савет акадэміі дзве свае работы — "Аўтапартрэт" і "Партрэт мужчыны" — на атрыманне звання някласнага мастака. Конкурс быў пройдзены паспяхова. Званне някласнага мастака было самай ніжэйшай прыступкай на лесвіцы мастацкай іерархіі, але яно давала права мастаку з непрывілеяваных саслоўяў жыць у любым месцы Расійскай імперыі без пашпарта.

На далейшую вучобу ў Акадэміі мастацтваў у Карсаліна не было сродкаў. Трэба было шукаць работу. Савет Акадэміі мастацтваў прапанаваў маладому мастаку месца ў складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Гэтае прызначэнне вырашала самую складаную для Карсаліна праблему — праблему грошай. На працягу дванаццаці гадоў мастак павінен быў знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, атрымліваючы акрамя гэтага 500 рублёў заработку. Пасля заканчэння службы ён павінен быў атрымаць значную пенсію. Акрамя таго, з'явілася выдатная магчымасць паглядзець на далёкія краіны, спазнаць свет і новых людзей. Карсалін згадзіўся.

Руская духоўная місія ў Кітаі існавала з 1729 года, яе мэтай было распаўсюджванне хрысціянства пераважна сярод албазінцаў — патомкаў рускіх палонных з крэпасці Албазін на Амуры, паселеных некалі ў Пекіне. З 1807 па 1821 г. яе ўзначальваў Іакінф Бічурын — выдатны кітаезнаўца, гісторык і этнограф, працы якога паклалі пачатак глыбокаму і шматбаковаму вывучэнню гісторыі і культуры кітайскага народа і народаў Цэнтральнай Азіі. Пад яго кіраўніцтвам сябры місіі пачалі не толькі распаўсюджваць праваслаўе, але і заняліся сур'ёзнымі навуковымі даследаваннямі. Такая дзейнасць не спадабалася Сіноду. Бічурын быў адхілены ад кіраўніцтва місіяй і сасланы ў адзін з манастыроў Расіі. У 1826 г. ён быў пераведзены ў Аляксандраўскую лаўру і прыкамандзіраваны да Міністэрства замежных спраў у якасці перакладчыка і настаўніка кітайскай мовы. Бічурын быў нядрэнным спецыялістам у галіне кітайскага жывапісу, нават апублікаваў на гэтую тэму артыкул у адным з часопісаў. Хутчэй за ўсё, менавіта Іакінф Бічурын і быў настаўнікам Кандрата Карсаліна, які на працягу некалькіх месяцаў вывучаў пры Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства за­межных спраў кітайскую мову.

Служба пры місіі патрабавала ад мастака асаблівых уменняў. У інструкцыі, якую даў Карсаліну прэзідэнт Акадэміі мастацтваў А. Аленін, была вызначана вялікая і разнастайная праграма. Галоўнае, што патрабавалася, — рабіць дакладныя замалёўкі. "Вы павінны замалёўваць натуру та­кой, якая яна ёсць і якой яна вам сустрэнецца, а не так, як яна можа быць прыгожай і дасканалай", — пісаў Аленін 7. Акрамя таго, пасля прыезду ў Кітай мастак павінен быў авалодаць прыёмамі прыгатавання кітайскіх фарбаў і тушы, а таксама тэхнікай кітайскага жывапісу. У выкананні гэтага задания мастаку павінна была памагчы школа, пройдзеная ім у юнацтве ў мастака Геса: Карсалін таксама, як і яго настаўнік, добра валодаў роз-нымі матэрыяламі для жывапісу і малюнку. Улічваючы недаверлівыя адносіны кітайцаў да рускіх, мастак павінен быў праявіць дыпламатычныя здольнасці, каб не ўзбудзіць падазрэнняў сваімі заняткамі.

У Рускай місіі Карсалін пазнаёміўся з чалавекам, імя якога стала сёння сімвалам руска-японскай дружбы, — Іосіфам Гашкевічам, беларусам, што паехаў у Пекін як дыпламат і вучоны. Сёння невядома, ці былі ў той час блізкімі сябрамі гэтыя два беларусы, якія адкрывалі Расіі экзатычны Кітай. Усё гаворыць за тое, што Гашкевіч і Карсалін павінны былі пасябраваць. Абодва паходзілі з небагатых сем'яў і самі пракладвалі сабе шлях у жыццё. Яны былі беларусамі, што было, бадай, галоўным аргументам на карысць іх сяброўства. Гашкевіч таксама, як і Карсалін, захапляўся мастацтвам. Пазней ён надрукаваў некалькі артыкулаў аб тэхніцы кітайскага жывапісу. Акрамя таго, функцыі, якія абодва беларусы павінны былі выконваць у Пекіне, былі падобныя. Гашкевіч вёз у Кітай фатаграфічны апарат, каб рабіць здымкі найбольш цікавых архітэктурных пабудоў і краявідаў. На жаль, пакуль што не знойдзены пісьмовыя крыніцы, якія пралівалі б святло на адносіны Гашкевіча і Карсаліна ў час іх службы ў Кітаі.

Духоўная місія выехала ў Кітай у снежні 1839 г. Шлях яе праходзіў праз усю імперыю да Кяхты. А адтуль па вядомаму "гарбатнаму шляху" — да Пекіна. У дарозе Карсалін рабіў замалёўкі ў дзённіку прыстава Любімава, які ехаў разам з місіяй, малюючы людзей розных нацыянальнасцей, а так­сама прадметы быту, касцюмы, расліны і жывёл.

Якім убачыў Карсалін Кітай, адбыўшы доўгае падарожжа, можна ўбачыць, гартаючы дзённікі Восіпа Кавалеўскага, нашага земляка, навукоўца і падарожніка, які знаходзіўся у складзе місіі за некалькі год да Карсаліна. Ён так пісаў пра Пекін: "Побач з пышнымі, упрыгожанымі будынкамі стаяць халупы, логавішча бедных. За калясніцай багатага вяльможы, абкружанага шэрагам добра апранутых вершнікаў, цягнуцца натоўпы бяздольных жабракоў, абарваных, з каўтуном у валасах, пакрытых болькамі і гразёю" 8. Галеча, у якой жыў кітайскі народ, уражвала нават падарожнікаў, што прыехалі з прыгоннай Расіі.

У Пекіне Карсалін прабыў каля трох гадоў. Ён многа працаваў: пісаў партрэты кітайскіх вяльмож, прыватных асоб, рабіў накіды мясцовых краявідаў. У альбоме мастака з'явіўся ў гэты час эскіз адной з яго найбольш вядомых прац "Від на загарадны палац у ваколіцах Пекіна", якая паказвала рэзідэнцыю кітайскага багдыхана Ван Шэу Шаня.

У 1843 г. Карсалін вымушаны быў пакінуць місію. Цяжкая хвароба, хутчэй за ўсё, малярыя, якую вельмі цяжка пераносілі ў Кітаі еўрапейцы, зрабіла немагчымым далейшае знаходжанне мастака ў Пекіне. Ён накіроўваецца ў Іркуцк.

Аб дзесяцігоддзі, праведзеным Карсаліным у Сібіры, вядома няшмат. У аўтабіяграфіі сярод галоўных сваіх прац мастак называв напісаную ім у Іркуцку карціну "з 25 асоб партрэтаў паноў правазнаўцаў, якія складалі рэвізійную камісію ў Сібіры ў 1844-1845 гг. пад кіраўніцтвам сенатара I. М. Талстога"9. Мастак прарабіў тады вялікую работу, выканаўшы акрамя групавога партрэта з 25 постацей у поўны рост 21 партрэт-мініяцюру гэтых чыноўнікаў. Магчыма, Карсалін, нягледзячы на існаваўшую у той час забарону, зрабіў некалькі партрэтаў-мініяцюр дзекабрыстаў ці іх родных, якія ў той час былі пераведзены на пасяленне ў Іркуцк і яго наваколле. Дарэчы, з дзекабрыстамі ў свой час быў звязаны Іакінф Бічурын, аб якім ужо згадвалася вышэй. Магчыма, некаторыя з партрэтаў-мініяцюр, аўтарства якіх сёння не ўстаноўлена дзекабрыстазнаўцамі, належаць пэндзлю нашага земляка. Не выклікае сумненняў, што калі нават Карсалін і не маляваў дзекабрыстаў, ён павінен быў пазнаёміцца з імі ў невялікім па колькасці насельніцтва Іркуцку.

У Пецярбург Карсалін вярнуўся ў пачатку 50-х гадоў ужо сталым майстрам, які меў за плячыма тры дзесяцігоддзі напружанай творчай працы. Беларускі мастак пачаў рыхтавацца да конкурсу на званне акадэміка партрэтнага жывапісу. У якасці мадэлі для конкурснай работы яму згадзіўся пазіраваць пратапрэсвітэр расійскага флоту Кутневіч. Дарэчы, у гэты час лёс зноў звёў разам землякоў і паплечнікаў па Рускай духоўнай місіі — Іосіф Гашкевіч рыхтаваўся ў гэты час да адплыцця на фрэгаце "Палада" ў Японію. Карсалін пабываў у Азіяцкім дэпартаменце, дзе працаваў тады Гашкевіч; маглі яны сустрэцца і ў Адміралцействе, куды наведваўся мас­так. Да таго ж будынкі Акадэміі мастацтваў і Міністэрства замежных спраў стаяць насупраць адзін аднаго.

У 1854 г. за партрэт Кутневіча Карсалін атрымаў доўгачаканае званне акадэміка. Але яно не магло забяспечыць матэрыяльна. Беларускі мастак, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, вымушаны быў многа працаваць. У 1854-1867 гг. ён выконвае шматлікія заказы, перш за ўсё па напісанню ікон. Геаграфія такіх заказаў уражвае. У 1859 ці 1860 г. Карсалін напісаў два абразы для толькі што пабудаванай царквы пры рускім консульстве на востраве Хакадатэ ў Японіі, дзе консулам быў Гашкевіч. Гэта былі іконы "Дзяцінства Хрыста" і "Узнясенне Гасподне". У 1861-1862 гг. для ўпрыгожання Кафедральнага сабора ў Варшаве Карсалін напісаў "Грыгорыя Дваяслова". Акрамя таго, у розныя гады ён напісаў абразы для крапасной царквы ў Дынабургу (сёння — Даўгаўпілс, Латвія), некалькі ікон для пра-васлаўнай царквы ў малдаўскім мястэчку Ліпканы, іконы для цэркваў у Пецярбургу. Над адным з заказаў — іканастасам для Ялецкага палка, у які ўваходзіла 11 ікон — мастак працаваў тры гады, выканаўшы не толькі жывапісныя работы, але зрабіўшы ўсю пазалоту іканастаса 10.

Сярод работ Карсаліна шмат карцін на біблейскія сюжэты і ікон. Але ён быў, перш за ўсё, таленавітым партрэтыстам. Нам невядомы ўсе партрэты, зробленыя мастаком. У спісе сваіх работ ён называв толькі некаторыя, а астатнія значацца пад агульнай назвай "партрэты прыватных асоб". З беларускіх мастацтвазнаўцаў пакуль што ацэнку творчасці К. Карсаліна даў толькі М. Кацар, які адзначыў, што партрэты яго пэндзля ўражваюць глыбінёй характарыстыкі тыпаў, завершанасцю кампазіцыі, жыццёвай праўдай. Карсалін творча перапрацоўваў і паспяхова выкарыстоўваў розныя мастацкія традыцыі. У яго творчасці можна ўбачыць своеасаблівы сінтэз беларускага мастацтва XVII-XVIII стст., рускай акадэмічнай школы і лаканічнага тонкага кітайскага жывапісу.

Бесперапынная напружаная праца і цяжкія матэрыяльныя ўмовы пагоршылі стан здароўя мастака. "... Здароўе маё ўсё больш і больш сла­бее, — пісаў Карсалін у 1867 г., — асабліва зрок, так што жывапісная пра­ца для мяне становіцца немагчымай" п. Цяжка было пракарміцца і за кошт урокаў, якія на працягу некалькіх гадоў даваў мастак прыватным асобам і вучням вучылішча пры інструментальным заводзе на Аптэкарскім востраве. Не адбыўшы да канца тэрмін працы ў Рускай місіі, мастак страціў пра­ва на дзяржаўную пенсію. Не маючы сям'і, даўно згубіўшы сувязь з крэўнымі на радзіме, Карсалін не мог разлічваць на чыю-небудзь падтрымку. Ён пачаў хадайнічаць аб пенсіі за 30-гадовую працу і ўрэшце атрымаў 200 рублёў у год — суму, якая выплачвалася стыпендыяту акадэміі, што вучыўся за дзяржаўны кошт.

Памёр Кандрат Карсалін у 1872 г. у Пецярбургу.

Сціплы пры жыцці, Кандрат Карсалін і пасля смерці застаецца незаўважаным у свеце прыгожага. Імя гэтага мастака, які адкрыў японцам рускі іканапіс, першага з беларускіх жывапісцаў у Кітаі, акадэміка мастацтва не значыцца ні ў адной беларускай энцыклапедыі. Некалі ў адным са сваіх лістоў Кандрат Карсалін напісаў: "Я пакінуў сваю Бацькаўшчыну, пэўна, назаўсёды..."11Ці не спраўдзілася гэта на самой справе?

1    РДГА, ф. 789, воп. 14, 1854-1872, спр. 72-К, л. 21.

2    Тамсама.

3    Тамсама, воп. 1, ч. 2, 1838, спр. 2332, л. 1.

4    Тамсама, 1825, спр. 436, л. 1-2.

5    Тамсама, 1838, спр. 2332, л. 1.

6    Тамсама, 1839, спр. 2475, л. 3.

7    Тамсама, воп. 20 [Аленін], 1838, спр. 35, л. 15.

8    Цыт. па: Грицкевич В. П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 158.

9  РДГА, ф. 789, воп. 14., 1854-1872, спр. 72-К, л. 22.

10 Тамсама, ф. 789, воп. 2,1853, спр. 60, л. 36-39.; 1856, спр. 26, л. 57.

11 Кацер М. С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода.Мн., 1969. С. 144-145.

12 РДГА, ф. 789, воп. 14, 1854-1872, спр. 72-К, л. 7.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by