МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Iосіф Гашкевiч i першыя японскiя студэнты ў Пецярбургу // Беларусь—Расія—Японія

Аўтар: Дзюн-iцi Сато
Кнiга: Беларусь - Расія - Японія = Беларусь - Россия - Япония: Матэрыялы Першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў. прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэд. Г. Брэгер і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 130 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 8)
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Японія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Дзюн-іці Сато (Токіо)

ІОСІФ ГАШКЕВІЧ I ПЕРШЫЯ ЯПОНСКІЯ СТУДЭНТЫ Ў ПЕЦЯРБУРГУ

Ужо даўно было ўстаноўлена, што Іосіф Антонавіч Гашкевіч у лютым 1865 г. (за два-тры месяцы да свайго ад'езду з Японіі) у час перамоў у Эда параіў прадстаўнікам японскага ўрада паслаць маладых людзей вучыцца ў рускую сталіцу за казённы кошт і выказаў гатоўнасць суправаджаць іх на сваім зваротным шляху ў Пецярбург.

У хуткім часе японскі бок згадзіўся з гэтай прапановай і тэрмінова падабраў шэсць чалавек з самурайскага саслоўя. У сярэдзіне жніўня ўсе шасцёра сабраліся ў Хакадатэ, адкуль і павінны былі адправіцца на рускім судне. Але I. А. Гашкевіч разам са сваім пасынкам Уладзімірам адправіўся з Хакадатэ ў Нікалаеўск-на-Амуры яшчэ ў пачатку мая, і японцам давялося плыць больш за паўгода на борце іншага судна без апекі былога консу­ла. Яны сышлі з карабля ў французскім порце Шэрбур 25 сакавіка 1866 г., адтуль паехалі па сушы праз Парыж і Берлін і нарэшце прыехалі ў Пецяр­бург 1 красавіка.

Згодна з дарожнымі нататкамі японца Ямаучы Сакудзаэмон, які займаў становішча старэйшага ў групе студэнтаў, на вакзале ў Пецярбургу іх сустрэў Уладзімір, прыёмны сын I. Гашкевіча, і прывёз да сябе на кватэру. Павячэраўшы разам з Іосіфам Антонавічам, яны адправіліся ў наняты пансіён. Так пачалося іх жыццё ў Пецярбургу.

Грунтуючыся на архіўных матэрыялах, можна сцвярджаць, што Гашкевіч у справах японскіх студэнтаў аказаў поўнае садзеянне хакадацкаму губернатару Коідэ Яматонакамі, адказнаму з японскага боку. У кнізе рускай япаністкі Г. Івановай "Рускія ў Японіі XIX - пачатку XX стагоддзяў" (1993), прыведзены пераклад лістоў губернатара Коідэ да Гашкевіча, якія перадаў яму Ямаучы ў Пецярбургу. У адным з лістоў гаворыцца: "Адсылаючы вучняў да Вас у Расію, літасціва прашу Вас не пакінуць іх Вашым апекаваннем, гэтак жа як хадайніцтвам аб іх перад Вашым урадам; а таксама прашу Вас, калі яны будуць парушаць умовы навучальных устаноў, у якіх яны будуць знаходзіцца, ці выяўляць нестараннасць да навук, або дрэнна сябе паводзіць, прымаць супраць гэтага належныя меры. Канешне, кожнаму ў набыцці ведаў многа садзейнічаюць прыродныя таленты, але я вельмі хацеў бы, каб гэтыя вучні, вярнуўшыся ў Японію, пераўзыходзілі адукаванасцю і паводзінамі тых вучняў, якія ў гэты час навучаюцца ў іншых дзяржавах, і тым заслужылі б агульную пахвалу сваіх суайчыннікаў".

Дублікат гэтага ліста быў надрукаваны яшчэ ў 1942 г. японскім гісторыкам X. Хара, і мы даведваемся, што пераклад ахопліваў менш чвэрці ўсяго тэксту. У гэтым жа лісце губернатар Коідэ падрабязна тлумачыў Гашкевічу, што ён вырашыў адаслаць студэнтаў у Расію праз Еўропу з-за сезоннай немагчымасці паездкі па сібірскаму маршруту, і канкрэтна ўказваў фінансавыя крыніцы для іх знаходжання і вучобы ў расійскай сталіцы. У артыкуле X. Хара таксама быў надрукаваны і японскі пераклад адказу Гашкевіча на гэты ліст, у якім Іосіф Антонавіч паведамляў аб прыездзе японцаў і сваім атрыманні пераводнага вэксаля на суму ў 15 тысяч мексіканскіх долараў ад Ямаучы, а таксама абяцаў заступніцтва японцам пры адабрэнні задумы навучання рускім Міністэрствам замежных спраў.

Ямаучы Сакудзаэмону, народжанаму ў 1836 г. у Эда, у той час было 30 гадоў. Ён быў сынам саветніка сярэдняга рангу сёгунскага ўрада. У 1855 г. ён пачаў свой чыноўніцкі стаж памочнікам сакратара архіўнага аддзела па востраву Эдза (цяперашні Хакайда). У 1858 г. Ямаучы назначылі выконваючым абавязкі малодшага сакратара Хакадацкага губернатарства, і ён пачаў служыць у канторы порта Кусюнкатан (цяперашні Корсакаў на Сахаліне). Праз чатыры гады ён быў пераведзены ў пасёлак Сямані на паўднёвы бераг Хакайда, далёка на ўсход ад Хакадатэ. Але, відаць, напрыканцы 1864 г. ён пачаў працаваць у аддзеле прыёму чужаземцаў губернатар­ства ў Хакадатэ. Там, мажліва, ён і мог пазнаёміцца з I. Гашкевічам і Уладзімірам перад іх ад'ездам з Хакадатэ.

Ёсць падставы меркаваць, што губернатар Коідэ выбраў са сваіх падначаленых менавіта Ямаучы, каб даручыць яму нагляд за астатнімі прэтэндэнтамі навучання за мяжой, якіх падабралі ў Эда і якія, акрамя аднаго, з'яўляліся юнымі курсантамі дзяржаўнага вучылішча "Каісэісё". Старэйшаму з іх (Агата Дзёдзіра) было 22 гады, а малодшаму (Кадзава Сэідзіра) — 13 гадоў. Астатнім адпаведна 19 (Іцікава Бункіці), 16 (Ацукі Хікагора) і 15 (Танака Дзіра) гадоў. Ніхто з іх да гэтага не вывучаў рускай мовы. Першапачаткова вырашылі, што студэнтаў будзе суправаджаць 22-гадовы Сіга Уратора, афіцыйны перакладчык губернатарства, але незадоўга да адплыцця рускай эскадры ад берага Хакадатэ (15 верасня 1865 г.) гэтае рашэнне было адменена.

Невядома, як японцы займаліся вывучэннем рускай мовы ў Хакадатэ і на борце рускага карвета "Богатырь", на якім яны плылі больш за паўгода ў Еўропу. Зусім мажліва, што перакладчык Сіга Уратора даваў ім уводны курс, і яны маглі карыстацца "Японска-рускім слоўнікам", складзеным і надрукаваным I. Гашкевічам у 1857 г. Устаноўлена, што Сіга меў экземп­ляр гэтага слоўніка, падараваны яму Гашкевічам у Хакадатэ, і што ён у 1862 г. вёў аднагадовы курс рускай мовы для службоўцаў губернатарства.

Мы ведаем толькі, што на час прыезду Ямаучы ўдалося амаль цалкам авалодаць рускай мовай і ён мог граматна пісаць па-руску. У цяперашніх яго нашчадкаў захоўваецца фатаграфія групы японскіх студэнтаў, зробленая ў Пецярбургу 29 красавіка (15 сакавіка па тагачаснаму японскаму стылю) 1866 г., амаль праз месяц пасля іх прыезду. Фатаграфія суправаджаецца даволі вялікім надпісам, уласнаручна зробленым Ямаучы. Надпіс прыводзіцца тут з нашымі выпраўленнямі нязначных памылак у арфаграфіі ды знаках прыпынку, а ў дужках адзначаюцца грубыя памылкі ў арыгінале, якія мы выправілі ў друкаваным тэксце. Нам вельмі дапамагло ў разборы тэкста прачытанне прафесара Яўгена Генрыхавіча Спальвіна (1872-1933), апублікаванае ў японскім часопісе ў 1930 г. Вось так выглядае надпіс:

"Где недостаетъ простыхъ силъ, тамъ прибегають (пробегаютъ) къ ис­кусству, когда не могуть осуществить (осуществовать) чего въ ближайшее время, то не упускають изъ виду въ будущей дали, воть въ чемъ заключается превосходство Запада, вотъ что должны стараться усвоить иностранцы.

Россія — и соседнее и дружественное нашъ(наше) государство, можно ли не чувствовать ея влияния! Но Япония, хотя съ сотворенія міра и про­шло более десяти тысяч летъ, въ первый разъ посылаетъ сюда своих уче-никовъ. При такихъ милостяхъ, имеющих весъ горы, что можемъ мы сде­лать съ нашим теломъ легкимъ, какъ листъ, — остается только въ стыде о своей неспособности выразить это на бумаге.

1866 года, 2-го года "Кеиоо" правленія Японского Государя (Японскаго Государа Кеиоо 2-й годе правления), въ марте (въ 3-й луне) въ русской столице Петербурге японецъ Ямаучи съ почтениемъ сделалъ(сделать) эту надпись".

Як вядома, нягледзячы на шчырае жаданне і намаганні абодвух бакоў, нікога з японцаў не прынялі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, і ім давялося працягваць заняткі рускай мовай з прыватнымі выкладчыкамі. Праз год, у красавіку 1867 г., спаслаўшыся на хваробу, Ямаучы першым пакінуў таварышаў і вярнуўся ў Японію. Астатнія да ліпеня 1868 г. таксама пакінулі Пецярбург па адзыўной грамаце ў сувязі з дзяржаўным пераваротам у Японіі. Толькі Іцікава Бункіці змог застацца ў Пецярбургу і, жывучы ў графа Яўфімія Васільевіча Пуцяціна, працягваў вывучаць мову, гісторыю, матэматыку пад кіраўніцтвам пісьменніка Івана Аляксандравіча Ганчарова і іншых выкладчыкаў. Ён вярнуўся нарадзіму ў верасні 1873 г. Мяркуецца, што яго веданне французскай мовы дапамагала яму ў стасунках са знатнымі кругамі Пецярбурга, а багацце і высокае званне яго бацькі (ён быў рэктарам дзяржаўнага вучылішча "Каісэісё" і знаёмы Я. Пуцяціна) давалі яму пэўную свабоду дзеянняў. Пасля вяртання ён некалькі гадоў працаваў спецыялістам у Міністэрстве замежных спраў, а потым стаў прафесарам Такійскай акадэміі замежных моваў, дзе вучыўся Футабатэі Сімэі і многія іншыя піянеры японскай русістыкі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by