|
Вялянцін Грыцкевіч (Санкт-Пецярбург)
ЖЫЦЦЁ I ДЗЕЙНАСЦЬ ІОСІФА ГАШКЕВІЧА
Ваш зямляк Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1814-1875) вядомы тым, што стаў адным з першых японазнаўцаў Расіі і першым "трывалым" расійскім дыпламатам у Японіі. Ён нарадзіўся ў Мінскай губерні ў сям'і праваслаўнага святара. Дакладнае месца яго нараджэння невядома. Меркаванне аднаго з біёграфаў I. Гашкевіча наконт нараджэння апошняга ў в. Ліпаў ці на станцыі Якімаўская Рагачоўскага павета1 не пацвердзіліся пошукамі ў метрычных кнігах названых мясцін, якія па нашай просьбе ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве РБ у Мінску правёў З. Яцкевіч 2. Пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі ў Слуцку 3 ў 1835 г. ён быў накіраваны ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у якой вучыўся да 1839 г. і праявіў сябе згодна з характарыстыкай сваіх педагогаў як "асабліва талковы і здольны" мовазнаўца. У час вучобы ў акадэміі I. Гашкевіч выступіў ініцыятарам перакладу Старога запавету са старажытнаяўрэйскай мовы на рускую, што ўладам здалося крамолай. У 1841 г. Сінод зрабіў у акадэміі вобыск і аддаў перакладчыка кніг Г. Паўскага пад суд4. Знойдзеныя ў час вобыску ў акадэміі кнігі былі канфіскаваны. I. Гашкевіч у пакаранне быў адпраўлены ў ганаровую ссылку і назначаны ў Рускую духоўную місію ў Пекіне, у якой правёў дзесяць год. Тут ён вывучаў кітайскую мову і вёў метэрэалагічныя назіранні, вынікі якіх адсылаў у Пецярбург у Галоўную фізічную абсерваторыю. Адначасова вывучаў побыт кітайцаў, напісаў некалькі артыкулаў пра вырошчванне бульбы, рысу, развядзенне шаўковага чарвяка, вытворчасць тушы, румянаў, бяліл 5.
Пасля вяртання з Кітая, у 1852 г., I. Гашкевіч быў прызначаны перакладчыкам і сакратаром да віцэ-адмірала Я.В. Пуцяціна, эскадра якога зрабіла паход у Японію, увекавечаны I. А. Ганчаровым у нарысах "Фрэгат Палада". Пісьменнік неаднаразова цёпла адгукаўся пра I. Гашкевіча ў гэтай кнізе.
I. Гашкевіч у значнай ступені садзейнічаў заключэнню руска-японскага трактата (1855), згодна з якім Японія, якая на працягу стагоддзяў забараняла іншаземцам набліжацца да сваіх берагоў, адкрыла для рускіх караблёў свае гавані.
У горадзе Хэдо I. Гашкевіч пазнаёміўся з манахам Тацібана Каосай, які згадзіўся вучыць яго японскай мове і захацеў адправіцца з рускімі маракамі за мяжу, каб пабачыць свет. Паколькі японцам забаранялася пад страхам смяротнай кары пакідаць сваю краіну, то манах быў схаваны ў труну і такім чынам трапіў на карабель, на якім рускія адпраўляліся дадому.
У моры судна было захоплена англічанамі6: Вялікабрытанія тады вяла Крымскую вайну супраць Расіі. Разам з часткай экіпажа "Дыяны" I. Гашкевіч і Тацібана Каосай былі інтэрнаваны і перавезены ў Ганконг, а затым у Портсмут. На працягу дзевяці месяцаў яны склалі 450 старонак першага япона-рускага слоўніка. Слоўнік выйшаў у свет у Пецярбургу ў 1857 г. і атрымаў Дзямідаўскую прэмію.
Царскі ўрад рыхтаваўся адкрыць свае консульства ў Японіі ў Хакадатэ. Міністр замежных спраў А. Л. Гарчакоў пісаў пра гэты горад: "Хакадатэ па свайму становішчу блізкі да нашых уладанняў на поўначы, дзе адзіна сканцэнтраваны ўсе нашы палітычныя інтарэсы, мае, на маю думку, бясспрэчныя для нас перавагі".
У 1857 г. I. Гашкевіч быў накіраваны першым рускім консулам у Японію і пасяліўся на востраве Хакайда ў горадзе Хакадатэ.
У інструкцыі Міністэрства замежных спраў ад 20 лютага 1858 г. першаму рускаму консулу і ўсім рускім у Японіі прапаноўвалася прытрым-лівацца строгага неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны: "Мы жадаем толькі ўмацавання і пашырэння нашага гандлю з Японіяй. Усялякія другія намеры, усялякая думка пра ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы не для нашай палітыкі. Старайцеся пераканаць у гэтым японскі ўрад і сачыце, каб непрыязныя намовы не далі яму ілжывых меркаванняў пра нашыя намеры" 7.
Першапачаткова штат консульства меркавалася ўкамплектаваць толькі двума супрацоўнікамі — консулам і сакратаром 8. Але функцыі консульства як адзінага дыпламатычнага прадстаўніцтва Расіі ў Японіі былі пашыраны. Для кулыурнай дзейнасці ў склад консульства з двух супрацоўнікаў быў уведзены марскі афіцэр, які павінен быў "паведамляць японцам карысныя звесткі па астраноміі, мараплаванню, суднабудаўніцтву і карабельнай механіцы" 9 і доктар. Доктару даручалася адкрыць шпіталь, вучыць пры ім японцаў медыцыне, вывучаць гігіену японцаў і асаблівасці характэрных для іх захворванняў 10.
5 лістапада 1858 г., пасля пераезду праз сібірскую тайгу і далёкаўсходнія сопкі, члены консульства прыбылі на кліперы "Джыгіт" у Хакадатэ11. I. Гашкевіч дабіўся, каб для консульства адвялі зямельны ўчастак Рамісіё-міцё (цяпер Манамаці)12. Тут на вяршыні сопкі былі пабудаваны двухпавярховы дом консула, дамы сакратара, марскога афіцэра, доктара 13. На другім баку бухты былі размешчаны лазня для маракоў, пякарня, склады 14. Побач месціліся дамы консулаў другіх дзяржаў. Японцы прыхільна ставіліся да рускіх. Па сведчанню жонкі доктара М. Альбрэхта, "просты народ з прычыны істотных выгод, якія мае праз адносіны з іншаземцамі і добразычлівага з ім абыходжання, не адчувае да нас недарэчных прадузятасцей японскага чыноўніцтва і, наадварот, заўсёды сустракае нас сардэчна, а ў паездках за горад у японскіх гатэлях нас заўжды прымае з радасцю" 15.
Добрым адносінам да членаў консульства спрыяла аказанне медыцынскай дапамогі ў шпіталі пры консульстве.
Доктар М. Альбрэхт пісаў 31 ліпеня 1859 г.: "3 красавіка гэтага года, калі з Эда я атрымаў дазвол займацца практыкай, мяне часта наведваюць хворыя японцы. Мне ўдалося выклікаць іх давер двума выпадкамі вылячэння вадзяной хваробы [вадзянкі. —В. Г.] у хворых, якія беспаспяхова лячыліся ў японскіх дактароў" 16.
У 1859 г. быў адкрыты часовы лазарэт, а пазней пастаянны шпіталь недалёка ад консульства. Тут лячылі да сотні японцаў штогод. Дактары Альбрэхт, а потым Залескі вучылі японскіх калег, бясплатна наведвалі хворых дома. "Шпіталь утрымліваецца досыць ахайна", — адзначыў камандуючы рускай эскадрай Ендагураў 8 верасня 1865 г. 17
Пры консульстве ў 1861 г. была адкрыта другая ў краіне руская школа18, а яе педагог I. В. Махаў склаў рускую азбуку ("Расія no ipoxa") на 20-ці старонках і выдаў яе з дапамогай рэзчыка па дрэве Дзюкіты і друкара Тайкіці19. Кнігу рассылалі ў другія гарады краіны. Пазней, у 1865 г., у Пецярбург на вучобу па прапанове I. Гашкевіча20 былі накіраваны шэсць маладых самураяў на чале з перакладчыкам Сіга Уратора. I. Гашкевіч дапамагаў ім у сталіцы (1867-1868).
У 1868 г. член консульства і адзін з яго японскіх вучняў сталі выкладаць у дзяржаўнай Хакадацкай школе рускую мову, а таксама матэматыку, геаграфію і гісторыю — усё на рускай мове. Таму школу перайменавалі ў Хакадацкую рускамоўную школу.
Практычна ўсе члены рускага консульства былі выкладчыкамі рускай мовы 21. Нічога дзіўнага не было ў тым, што з усіх замежных моваў, якія ў той час давялося чуць французу В. дэ Мару, самай распаўсюджанай была руская, а вучні рускай школы былі распаўсюджвальнікамі еўрапейскай культуры ў горадзе22.
Хакадатэ знаходзіўся далека ад сталіцы Японіі Эда (цяпер Токіо). Адзіным афіцыйным прадстаўніком Расіі ў краіне быў I. Гашкевіч. Яму прыходзілася ездзіць у рэзідэнцыю сёгуна (рэгента) для ўрэгулявання розных пытанняў.
Заходнееўрапейскія і паўночнаамерыканскія дыпламаты марна імкнуліся ўцягнуць I. Гашкевіча ў свае канфлікты з Японіяй, каб сутыкнуць з гэтай дзяржавай і Расію. Нягледзячы на іх "стараннасць", Расія ў сутыкненнях Японіі з Англіяй, Галандыяй, Францыяй не ўдзельнічала дзякуючы ўменню і такту "белавалосага рускага консула", як празвалі I. Гашкевіча па колеру валасоў японцы. Гісторык А. А. Пелікан пісаў: "У той час, як гэтыя краіны трымалі ў Эда сваіх пасланнікаў і генеральных консулаў, Расія абмежавалася пасылкай у Хакадатэ простага консула, які пастаянна жыў там толькі ў якасці назіральніка, не прымаючы ўдзелу ў замежнай палітыцы.
Увогуле, за ўвесь час зносін Расія выказвала Японіі поўную добразычлівасць, а рускія, якія там знаходзіліся, не давалі падстаў для раззлаванасці" 23.
Нягледзячы на інтрыгі прадстаўнікоў недружалюбных краін, I. Гашкевіч адхіляў усе спробы ўцягнуць рускі ўрад у сумесныя ваенныя дэманстрацыі супраць японцаў.
У пачатку красавіка 1865 г. I. Гашкевіч вярнуўся з Іакагамы і Эдаў Хака-датэ і выехаў з сям'ёй на радзіму. Высокую ацэнку яго дзейнасці ў Японіі даў міністр замежных спраў А. Л. Гарчакоў 5 кастрычніка 1865 г. у сваім лісце ў Марское міністэрства: "На працягу васьмігадовага [трэба: сямігадовага.—В.Г.] існавання рускага консульства ў Хакадатэ, яго адносіны з японскім урадам і туземнымі жыхарамі былі самымі здавальняючымі. У час перагавораў, якія неаднаразова адбываліся паміж консульствам, мясцовымі ўладамі і цэнтральным урадам (напрыклад, у сувязі з абменам грошай, пра адвод зямлі для консульскіх пабудоў і да т. п.) прадстаўленні і патрабаванні консула пастаянна задавальняліся [...]. Дастаткова заўважыць, што Хакадатэ адзіны порт, у якім не здзейснілася ні аднаго з тых жудасных злачынстваў, якія адбываліся ў еўрапейскіх факторыях іншых портаў [...]. Вядома таксама, што ў Хакадатэ еўрапейцы могуць бяспечна ажыццяўляць даволі далёкія паездкі за горад, тады як ва ўсіх іншых портах яны амаль не выходзяць з дома без значнага японскага канвою"24.
У Пецярбургу I. Гашкевіч правёў два гады, пасля чаго быў звольнены з пенсіяй у 1500 рублёў у год25. Ён набыў маёнтак Малі (цяпер у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй. Пасля смерці выйшла яго кніга "Пра карані японскай мовы" (Вільня, 1899).
Памёр I. А. Гашкевіч 3 мая (па ст. ст.) 1875 г. Пахаванне адбылося на астравецкіх парафіяльных могілках26. Яго імем былі названы апісаныя ім невядомыя віды насякомых (ён часта пасылаў свае калекцыі ў Заалагічны музей Акадэміі навук у Пецярбургу), затока Чосанман у Карэі (непадалёку ад руска-карэйскай мяжы). Цяжка пераацаніць яго уклад у справу збліжэння народаў Японіі, Расіі і Беларусі.
Спасылкі:
1 Гузанаў В. Адысей з Беларусь Мн., 1993. С 24.
2 Выказваю падзяку за гэты пошук сп. 3. Яцкевічу (Мінск).
3 Мінская духоўная семінарыя ў Слуцку існавала з 1785 да 1840 г., пакуль яе не перавялі ў Мінск. Гл. : Грицкевич А. П. Древний город на Случи. Мн., 1985. С. 131.
4 А. С. Пушкін у сваім дзённіку запісаў з гэтай нагоды: "Філарэт [мітрапаліт Маскоўскі і Каломенскі. — В. Г.] зрабіў данос на Паўскага, быццам бы той лютэранін, — Паўскі адхілены ад вялікага князя [Аляксандра Мікалаевіча, будучага АляксандраII. —В. Г.]. Мітрапаліт [усяе Русі. —В. Г.] і Сінод пацвердзілі меркаванне Філарэта. [...] Шкада разумнага вучонага і добрага святара!" Гл. : Дневник 1833— 1835 гг. // Пушкин А. С. Поли. собр. соч. М., 1954. Т. 6. С. 40.
5 Труды членов Российской духовной миссии в Пекине. СПб., 1852. Т. 1. С. 361—382; СПб., 1853. Т. 2. С. 169-194; СПб., 1857. Т. 3. С. 119-125, 411-450.
6Tilley Н. A. Japan, The Amoor and the Pacific. L., 1861. P. 119; Махов В. Е. Фрегат"Диана": Путевые заметки. СПб., 1867. С. 63.
7 Цыт. па: Файнберг Э. Я. И. А. Гошкевич—первый русский консул в Японии (1858-1865 гг.) // Историко-филологические исследования. Сборн. статей к 75-летию академика Н. И. Конрада. М., 1907. С. 506.
8 Расійскі дзяржаўны архіў Ваенна-Марскога Флоту (г. Санкт-Пецярбург), ф. 283,воп. 3, спр. 316, л. 27 (далей РДА ВМФ).
9 РДА ВМФ, ф. 410, 1858, воп. 2, спр. 1717, л. 54.
10 РДА ВМФ, ф. 283, воп. 2, спр. 3590, л. 2; воп. 3, спр. 316, л. 38.
11 РДА ВМФ, ф. 283, воп. 3, спр. 316, л. 42^7.
12 Обзор заграничных плаваний судов русского военного флота с 1850 по 1868 г.СПб., 1871. Т. 1.
13 Назимов [П. Н.]. Известия из Японии // Морской сбоник. 1859. Т. 41. № 57.С. 759-760; Lensen G. A. Report from Hokkaido: the remains of Russian culture in NothernJapan. Hakodate, 1954. P. 80.
14 РДА ВМФ, ф. 283, воп. 3, спр. 316, л. 56 адв.
15 Альбрехт М. Хакодате // Морской сборник. 1860. Т. 45. № 1. Смесь. С. 84-85.
16 Ал[ь]брехт [М. П.]. Извлечение из письма врача морского ведомства при русском консульстве в Японии // Тамсама. С. 26-27.
17 РДА ВМФ, ф. 410, воп. 2, спр. 3156, л. 189 адв.
18 Першая была адчынена ў 1860 г. у Нагасакі.
19 Махов И. [В]. Хакодате // Морской сборник. 1862. Т. 57. № 1. С. 85-86.
20 РДА ВМФ, ф. 410, воп. 2, спр. 3156, л. 263, 304.
21 Berton P., Ganger P., Swearingen R. Japanese training and research in the Russianfield // School of International relations. University of Southern California. Far Easternand Russian research series. Los-Angeles, 1956. № 1. P. 8.
22Mars V. de. La diplomatic russe dans l'extreme Orient // Revue des deux mondes.1866. Vol. 61. P. 711-713. Gensen I. A. The Russian push toward Japan. Russo-Japaneserelation. 1697-1875. Princeton, 1955. P. 453^54.
23 Пеликан А. А. Очерки Японии // Исторический вестник. 1891. Август. С. 364.
24 РДА ВМФ, ф. 410, воп. 2, спр. 3156, л. 14 адв. - 15.
25 Центральны дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу, ф. 1343, воп. 19,спр. 3755, л. 4.
26 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 605, воп. 20, спр. 484, л. 6 адв. За прадастаўленне мне гэтай крыніцы выношу падзяку Л. Д. Клоку (Мінск).

