|
Пётр Краўчанка (Мінск)
БЕЛАВАЛОСЫ КОНСУЛ
Калі б Іосіф Гашкевіч не зрабіў бліскучую дыпламатычную кар'еру, усё роўна яго імя ўвайшло б у нашу гісторыю.
Беларус. Нарадзіўся ў Мінскай губерні, усё жыццё сумленна і праведна служыў на карысць навуцы. Вучоны-энтамолаг, падарожнік-усходазнаўца, лінгвіст, дыпламат. Спіс талентаў I. Гашкевіча можна працягваць. Пералік усяго, чым займаўся гэты чалавек, дае нам падставу называць яго першапраходцам у многіх галінах грамадскай практыкі. I ўсё, што ён рабіў, рабіў з адказнасцю і грунтоўна.
Гашкевіч — адзін з першых, хто ўсебакова даследаваў Паўднёвую Афрыку. Яго называлі піянерам, "які даследаваў сельскагаспадарчыя расліны Кітая" ў канцы XIX стагоддзя. Ён быў першым, хто сабраў вялікую калекцыю флоры і фауны Індакітая, Філіпін, Карэі, Японіі. Дырэктар першага ў Расіі Заалагічнага музея Акадэміі навук прафесар Брант высока цаніў працы I. Гашкевіча па прыкладной батаніцы, хіміі, па ўдасканаленню культуры вядзення сельскай гаспадаркі. Апошнім заняткам малады вучоны асабліва захапляўся. "Мне хочацца, каб пладаносныя расліны прыжыліся і на маёй радзіме — Беларусь Маіх землякоў душыць беднасць. Зерне, якое кідаюць у зямлю, родзіць у сярэднім на адну трэць. Беспрасветнае жабрацтва". Гашкевіч сабраў унікальную калекцыю матылькоў, на якую квапіліся амерыканскія вучоныя і ацэньвалі яе значнай сумай. На здзіўленне амерыканцам гэтая калекцыя была бязвыплатна падаравана Іосіфам Антонавічам Заалагічнаму музею.
I. Гашкевіч пакінуў пасля сябе унікальныя працы: "Спосаб прыгатаван-ня тушы, бялілаў і румянаў у кітайцаў", "Імператарскае, або духмянае проса юй-дао-мі", "Аб развядзенні шаньян", "Ганконг у запісках рускага падарожніка". Гэтыя даследаванні былі надрукаваны ў "Працах членаў Расійскай духоўнай місіі ў Пекіне". У складзе вышэй названай місіі знаходзіўся I. Гашкевіч пасля заканчэння ў 1839 годзе з выдатнай адзна-кай Пецярбургскай духоўнай акадэміі.
Гашкевіч — сын вясковага уніяцкага святара. Відавочна, што ён мог стаць духоўным служыцелем. Але надзвычайны талент мовазнаўцы-арыенталіста прывёў яго на дыпламатычную службу. Ён ведаў 13 замежных моваў і меў рэпутацыю выдатнага лінгвіста. Яго галоўная праца — "Японска-рускі слоўнік", напісаная разам з доктарам Тацібана-но-Каосай, які ўпотай пакінуў Японію і стаў у далейшым пад імем Уладзіміра Яматава хросным сынам Іосіфа Антонавіча. Імператарская Акадэмія навук адзначыла гэтую працу Дзямідаўскай прэміяй з уручэннем залатога медаля. 1857 год стаў годам прызнання I. Гашкевіча як вучонага-сінолага і як дыпламата: ушанаванні, грашовыя ўзнагароды, ордэны. Яго ўзнагародзілі ордэнам св. Ганны 2-й ступені з каронай і адначасова падаравалі 500 рублёў срэбрам. Незадоўга да гэтага Іосіф Антонавіч атрымаў знак "Выдатнік беззаганнай службы". Імператарскі Казанскі універсітэт прыслаў яму запрашэнне заняць пасаду прафесара кафедры японскай мовы.
Пачынаючы сваю кар'еру ў МЗС, I. Гашкевіч не меў радавітых сувязей, багацця. Аднак дзякуючы свайму цярпенню, стараннасці і талерантнасці прайшоў усе ступені службовай лесвіцы: ад калежскага саветніка да драгамана V класа.
Пачынаў ён кар'еру перакладчыкам японскай мовы пры пасольстве графа Пуцяціна ў Японіі ў 1852 г. Гашкевіч удзельнічаў у перамовах, якія завяршыліся падпісаннем першага ў гісторыі адносін дзвюх краін руска-японскага дагавора, заключанага ў Сімодзе ў 1855 г. Кіраўніка рускай місіі графа Пуцяціна ведалі як чалавека крутога нораву, скупога на пахвалу. Тым больш высокай характарыстыкай уяўляюцца яго словы, якія былі сказаны ў адрас тады яшчэ маладога дыпламата, выхадца з Беларусі Іосіфа Гашкевіча: "Не магу нахваліцца яго здольнасцямі, шматбаковай адукаванасцю і строгай дакладнасцю выканання ўсіх даручаных яму спраў. Нельга было выбраць чыноўніка з большымі заслугамі і пры гэтым настолькі сціплага, які б да такой ступені адпавядаў свайму прызначэнню". Гашкевіч, будучы перакладчыкам, праявіў дыпламатычную тактоўнасць у зносінах з японцамі і здолеў "без усялякай ганарлівасці ўнушыць ім высокае паняцце аб Расіі". Менавіта таму граф Пуцяцін рэкамендаваў Расійскаму МЗС прызначыць Гашкевіча консулам у Японіі. 3 1858 па 1865 год Іосіф Гашкевіч быў першым консулам Расійскай імперыі ў Японіі. Японцы з любасцю называлі яго "белавалосым консулам".
Консульства пачало сваю дзейнасць тады, калі японцы вельмі насцярожана ставіліся да іншаземцаў, якім было забаронена наваг уязджаць у глыб краіны.
Расійскае консульства размясцілася ў незамярзаючай гавані горада Хакадатэ, што на поўначы Японіі, на востраве Хакайда. Прадстаўнікоў консульства японцы паважалі. У афіцыйных паперах МЗС значылася: "Расія выказвала Японіі поўную добразычлівасць, а знаходжанне там рускіх падстаў для ўзлавання не давала". Пры I. Гашкевічу японцам аказвалася бескарысная медыцынская дапамога. Пры консульстве для японскіх дзяцей была адчынена руская школа.
Марскі афіцэр у консульстве навучаў японцаў асновам мараплавання, суднабудавання і нават артылерыі. Клопат і сяброўскія адносіны Гашкевіча да японцаў праяўляліся і ў яго паўсядённым жыцці. Консульства ў Хакадатэ было па-сапраўднаму гасцінным домам для ўсіх.
I. Гашкевіч вёў мудрую палітыку, ніколі не дапускаючы ўмяшання ва ўнутранае жыццё Японіі. Ён ведаў сваю справу і рабіў яе добразычліва, абыходзячы "пасткі", якія ўзнікалі пры тых гістарычных абставінах. Расіі ўдалося папярэдзіць набліжэнне ваеннага канфлікту на востраве Цусіма толькі дзякуючы ўменню і тактоўнасці "белавалосага консула".
Калі рэскрыптам японскага імператара Камэй было аб'яўлена аб выгнанні іншаземцаў, у Хакадатэ пачалася паніка. Жыхары баяліся, што пачнецца вайна. Хтосьці пусціў чутку, што рускія ўжо рыхтуюцца да захопу. Тады Гашкевіч, не лічачыся з небяспекай, пачаў хадзіць па вуліцах і супакойваць японцаў: "Калі ласка, не панікуйце, вайны не будзе!"
Гашкевіч і яго калегі былі першымі іншаземцамі, якім японцы дазволілі ездзіць да двара сёгуна ў Эда (Токіо). Японцы нізка кланяліся перад канго, у якім неслі консула. У Эда Гашкевіч выканаў абмен ратыфікацыйнымі граматамі Эдоскага дагавора аб гандлі і мараплаванні, што для Расіі было вельмі важна.
З 50 гадоў жыцця 24 былі праведзены ў чужых краінах. У апошнія дні 1865 г. знаходжанне Гашкевіча ў Хакадатэ было цяжкім. Памерла жонка, якую ён пахаваў на японскай зямлі, згарэў консульскі дом, а ў ім найбагацейшая бібліятэка. Ён быў адзінокім і стомленым. Да таго ж і на радзіме яго ніхто не чакаў. Аднак як ніколі яго адольвала жаданне сесці за пісьмовы стол і працаваць.
I. Гашкевіч пачаў працу над сваёй кнігай "Аб каранях японскай мовы". Гэты падручнік стаў асноўнай лінгвістычнай спадчынай I. Гашкевіча, і для многіх пакаленняў японазнаўцаў з розных краін свету кніга з'яўляецца настольнай.
Пасля вяртання ў Пецярбург у 1865 г. I. Гашкевіч удзельнічае ў стварэнні інстытута саветнікаў з прадстаўнікоў японскай нацыі, якія потым працавалі дыпламатамі, выкладчыкамі рускай мовы. Гашкевіч ніколі не забываўся пра свае навуковыя інтарэсы. Фонды Заалагічнага музея значна папоўніліся калекцыямі "консула ў Японіі".
У МЗС быў аб'яўлены загад А. Гарчакова аб прызначэнні I. Гашкевіча драгаманам V класа пры Азіяцкім дэпартаменце. Аднак Іосіф Антонавіч, маючы цягу да сваёй радзімы-Беларусі, пакідае дыпламатычную службу.
Ён купляе маёнтак у вёсцы Малі (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), дзе да сканчэння сваіх дзён займаецца ўсходняй філалогіяй. Памёр у кастрычніку 1872 г. і пахаваны на прыходскіх могілках у вёсцы Астраўцы. Ужо пасля смерці, у 1899 г., у Вільні выйшла яго кніга "Аб каранях японскай мовы".
Памяць нашага земляка ўшаноўваецца ў Японіі. Яго імем названы заліў у Японскім моры, некаторыя віды апісаных ім рэдкіх насякомых. У Хакадатэ ўстаноўлены бюст нашага земляка. Ініцыятарам быў вядомы японскі дзеяч С. Судзукава, які займаўся глыбокімі гістарычнымі даследаваннямі эпохі ўстанаўлення і развіцця адносін паміж Расійскай імперыяй і Японіяй. Асаблівае месца ў сваіх вышуках С. Судзукава прысвяціў дыпламатычнай, лінгвістычнай і этнаграфічнай дзейнасці I. Гашкевіча, ставячы яго ў адзін шэраг з самымі выдатнымі даследчыкамі Японіі, яе народа, яго мовы.
Вяртаючыся да пачатку артыкула, варта падкрэсліць той факт, што і на яго радзіме, у Беларусі, імя Гашкевіча не павінна быць забыта. Цяжка пераацаніць значэнне I. Гашкевіча ў дыпламатыі, у арыенталістыцы і ў многіх іншых галінах навуковай дзейнасці. Як бы хацелася, каб, успамінаючы першага консула Расіі ў Японіі, высока ацэньваючы яго дзейнасць, талент, чалавечую сумленнасць, сціпласць, не забываліся пра яго працу ў Беларусі. Тым больш што сапраўдная радзіма I. Гашкевіча ўсталявала дыпламатычныя адносіны з Японіяй.
Вяртанне памяці аб "белавалосым консуле" важна для нас яшчэ і таму, што яго імя аб'ядноўвае нашы народы, якія ў геаграфічным плане далёкія адзін ад аднаго. Але, без сумнення, можна сцвярджаць, што, вяртаючы I. Гашкевіча народам Беларусі і Японіі, мы будзем толькі спрыяць узаемнаму ўзбагачэнню нашага нацыянальнага і духоўнага патэнцыялу.
Мы знаходзімся ля вытокаў гэтага важнага працэсу. I зараз успамінаецца люты 1991 г., калі дэлегацыя Рэспублікі Беларусь упершыню на афіцыйным узроўні ўзняла пытанне аб вяртанні і ўвекавечанні памяці I. Гашкевіча. Рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Шмат важных падзей адбылося з таго часу, і вось дзякуючы нашым агульным намаганням у Астраўцы адкрыты помнік вялікаму сыну зямлі беларускай. Яшчэ раз скажам шчырае дзякуй усім, хто як у Беларусі, так і ў Японіі пачынаў і працягвае, нягледзячы на цяжкасці, працэс вяртання на Бацькаўшчыну Іосіфа Гашкевіча, вяртання ўсім нам гістарычнай памяці, без якой немагчыма ўмацаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

