|
САЎКА МІХАСЬ
Саўка Міхась (19.07.1927, в. Загор'е Навагрудскага пав. і ваяв., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. -10.09.1990, Брусель, пахаваны ў Лондане), беларускі мастак, рэстаўратар.
Міхась Саўка нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. У час нямецкай акупацыі актыўна ўдзельнічаў у маладзёжным руху, быў адным з кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі. У 1944 г. выехаў у Германію, а затым, у 1947 г., пераехаў у Бельгію. Спачатку працаваў вуглякопам. Маючы мастацкія здольнасці, паступіў на вячэрнія курсы Мастацкай акадэміі. У гэты час пры Лювенскім універсітэце было арганізавана Згуртаванне беларускіх студэнтаў. Даведаўшыся пра гэта, М. Саўка ў 1951 г. паступіў на факультэт археалогіі і мастацтва гэтага універсітэта. Пасля заканчэння вучобы, атрымаўшы дыплом магістра, уладкаваўся на працу ў Каралеўскі інстытут мастацкай спадчыны. Не маючы бельгійскага грамадзянства, працаваў спачатку як часовы рэстаўратар абразоў і скульптур, спецыялізаваўся на рэстаўрацыі касцельных фрэсак. З 1963 г., атрымаўшы бельгійскае грамадзянства, М. Саўка быў залічаны ў штат сталых супрацоўнікаў, займаў пасаду адміністрацыйнага сакратара, а з 1982 г. — кіраўніка работ. Як аўтарытэтны практык быў запрошаны ў Каралеўскі палац, дзе праводзіў з каралевай заняткі па маляванню.
У рэстаўрацыі М. Саўка дасягнуў вялікіх поспехаў, распрацаваў спецыяльную тэхніку рэстаўравання, пра якую шмат пісаў у прафесійных часопісах. Асобна выдаў наступныя працы: «Фіксацыя насценнага жывапісу полівінілавым спіртам: вопыт рэстаўратара» (1978-1979); «Рэстаўрацыя насценнага пахавальнага жывапісу XIV ст. у склепе Варнятонскай царквы» (1972— 1975) і інш. Бельгійскае Міністэрства французскай культуры надало Міхасю Саўку званне доктара навук і мастацтва. Трэба падкрэсліць, што такі тытул без публічнай абароны спецыяльнай працы — вялікая рэдкасць.
У 1985 г. Міхась Саўка ад паралічу страціў працаздольнасць. Праз пяць год памёр. Пахаваны па яго жаданню на могілках у Лондане побач з трагічна загінуўшым раней сынам Маркам.
Па яго ж просьбе грошы, якія ў такіх выпадках збіраюць на кветкі, былі перададзены а. Надсану з Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф. Скарыны ў Лондане на дапамогу ахвярам Чарнобыля.
Янка Жучка (Брусель)

