МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Калі б нават ён быў аўтарам аднае песні… // Беларусь — Бэльгія

Аўтар: Мароз Уладзімір
Кнiга: Беларусь - Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. 'круглага стала'. Мінск. 18-19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. - Мн.: 'Беларускі кнігазбор'. 2002. - 240 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
Год: 2001
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Бельгія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Уладзімір Мароз

КАЛІ Б НАВАТ ЁН БЫЎ АЎТАРАМ АДНАЕ ПЕСНІ...

11 іхі беларускі нонканфармізм... Гэтае азначэнне прыйшло пад 11 час працы над дакументальным фільмам пра Міколу Равенскага. Уявілася, як ён у 1941-м стаяў са скрыпічным футаралам пад пахаю ў калідоры гарадское ўправы, куды прыйшоў наймацца за скрыпача ў арганізаваны аркестр Опернага тэатра. Прыйшоў, каб знайсці працу, каб выжыць у цяжкую гадзіну. Колькі навалаў перажыў ён, як і ўсе беларусы, але не збочыў, застаўся сапраўдным сынам сваей зямлі.

Нарадзіўся МіколаРавенскі 17 снежня 1886 г. у вёсцы Капланцы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Бярэзінскі раён). У 1913—1915 гг. вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу. Пасля працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у Навагрудку, збіраў народныя песні. У Мінск Равенскі трапіў у 1919 г. Кіраваў хорам пры Беларускім рабочым клубе, працаваў хормайстрам БДТ, цяперашняга Купалаўскага. У1921 г. браў удзел у фальклорнай экспедыцыі па Случчыне, зладжанай Інбелкультам. Мінскае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне» ў 1922 г. выпускае «Зборнік песень з нотамі» Міколы Равенскага. Цікавая гісторыя з гэтым спеўнікам. Яго не адшукаеш сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы— скралі зацікаўленыя людзі, калегі. Можа, так гэта, можа, не. Не буду сцвярджаць безапеляцыйна. Адно ведаю дакладна: пад нумарам 25 у гэтым спеўніку значыцца песня на словы Канстанцыі Буйло «Люблю наш край, старонку гэту», якую цягам дзесяцігоддзяў нам прадстаўлялі як народную.

Выпраўляючы Равенскага ў 1923-м на вучобу ў Маскву, урад БССР падараваў яму унікальную скрыпку. З ёй кампазітар не расставаўся трыццаць гадоў, да самай смерці. Яскрава ўяўляецца, як у суладдзі з сяброўкай-скрыпкай нараджалася мелодыя неўміручага гімна «Магутны Божа». Было тое вясной—летам 47-га ў далёкім Астэргофене, беларускім лагеры для перамешчаных асобаў. Равенскі жыў у адной кватэры з бацькамі Зоры Кіпель. У Астэргофене духоўны гімн і прагучаў упершыню...

У Маскве Равенскі жыў на Малой Нікіцкай вуліцы ў буцынку прадстаўніцтва БССР. Тамсама жыў і Уладзімір Дубоўка. Кампазітар быў старэйшы за паэта на 14 гадоў, але якраз маладзейшы паўплываў на творчасць старэйшага. Равенскі напісаў песні на вершы Дубоўкі «О Беларусь, мая шыпшына», «Такая ноч», «Ліпнёвы гімн», які пасля арышту Дубоўкі ў 30-м быў забаронены. Тады ж канфіксаваная была і першая беларуская гістарычная опера «Браніслава» — таксама плён супрацоўніцтва з Дубоўкам. Мікола Равенскі першым паклаў на музыку вершы Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», «Завіруха», «Не кувай ты, шэрая зязюля». У час вайны напісаў музыку да «Пагоні». З даваеннага плёну — яшчэ шматлікія апрацоўкі народных песень, гістарычная сюіта па матывах аднайменнага верша Буйло «Курган», першая беларуская аперэта «Залёты» на словы Дуніна-Марцінкевіча, песня на словы Цішкі Гартнага «Ах ты, Нёман-рака». Яна таксама лічылася народнаю, гучала на радыё, яе здаўна выконваў мікалаеўскі ансамбль «Коласаўскія землякі».

У 1930 г., пасля Маскоўскай кансерваторыі, Равенскі вяртаецца ў Мінск, выкладае ў музычным тэхнікуме, а пазней ў навастворанай Беларускай кансерваторыі. Але ўжо прыклеены да яго ярлык — «нацдэм». Найперш за сяброўства і творчае супрацоўніцтва з Уладзімірам Дубоўкам. У 1938 г. арыштаваны і расстраляны ў Курапатах ягоны старэйшы брат Антон, які настаўнічаў у Карзюках недалёка ад Мінска. Пад час вучобы Мікола летнія вакацыі праводзіў у брата, дый потым бываў неаднойчы. Загінуў у Курапатах і стрыечны брат Аляксандр. Самога Міколу Равенскага ў 1938 г. выключаюць з Саюза кампазітараў, знаёмыя пачалі адварочвацца ад яго. Творца вымушана адышоў у цень, пра якія песні тут гаварыць. Але не каяўся перад рэжымам, не прыслужваў, як ягоны калега Мікола Шчаглоў, чыя «Кантата аб Сталіне» гучала ў Мінску, Кіеве, Адэсе, Харкаве, Тбілісі. У час акупацыі Шчаглоў здаў свой ордэн Пашаны ў гарадскую ўправу, нават прозвішча змяніў, узяў матчына — Куліковіч. Потым таксама апынуўся ў эміграцыі, шмат зрабіў для беларускай музыкі.

Мікола Равенскі ж ціха і зацята трымаўся свайго. Як да вайны, так і ў вайну. Тады ў гарадской управе Антон Адамовіч запытаўся ў яго пра лес «Браніславы». «Дзе там! Нат каб і дахавалася, дык спапялела б цяпер, у гэтай пажэжы й бамбежы, у якой і нядаўна жонка маладая завілася, як дым, і не знайсці во ніяк...» «А за пару тыдняў, — піша далей Антон Адамовіч, — прыйшоў і адвітвацца — запрасілі на рэгента ў царкву ў калішні Ігумань, нядаўны Чэрвень».

Першая жонка Равенскага памерла ад родавай гарачкі, пакінуўшы дач­ку Лёлю (Лену). У час вайны дачка была ўжо дарослаю, стала падпольшчыцай (мянушка «Сініца»). Жыла з Ісаем Казінцом, сябравала з Людмілай Кашачкінай. Усе трое трапілі ў гестапа, выжыла толькі Кашачкіна. Лёлю расстралялі ў двары мінскай турмы.

Перад вайною кампазітар ажаніўся другі раз — з маладой спявачкай Янінай, ягонай вучаніцай. Ад яе нарадзіліся дзве дачкі, адна, Люда, памерла малой. Яніна Станіславаўна з Вольгай пад акупацыяй жылі гаротна, Равенскі не змог іх адшукаць, дапамагчы, забраць да сябе ў Ігумен. Кар'ера спявачкі ў Яніны Станіславаўны не склалася: жыццё пад акупацыяй, муж-эмігрант, вораг народа. З цяжкасцю выцерабілася на бацькаву сцяжыну Вольга Равенская (Аляксеенка). Скончыла кансерваторыю, спявала ў хоры Віктара Роўды. Калі ансамбль стаў выконваць «Магутны Божа», спачатку не ведала, што ўрачыстую духоўную песню напісаў яе бацька.

У 1944 г. «калабарант» Равенскі мусіў з'ехаць на чужыну. Пасля былі лагеры для перамешчаных асобаў Рэгенсбург, Астэргофен, Розенгайм. Усюды ён ствараў ансамблі, кіраваў свецкім і царкоўным хорамі, нястомна падтрымліваў агмень беларушчыны. У 1950 г. Равенскага запрашаюць у бельгійскі Лювен, дзе вучыліся ва універсітэце 30 маладых беларусаў. Там ён стварае Беларускі студэнцкі хор, які стаўся адзіным адхланнем немаладога і ўжо безнадзейна хворага майстра. Папулярнасць хору выйшла дале­ка за межы Бельгіі, беларускую песню слухалі ў Парыжы, Лондане ды іншых кутках Еўропы. 10 студзеня 1952 г. Равенскі пісаў у Англію да пляменніцы Таццяны (Тэрэзы) Руткоўскай, дачкі стрыечнага брата Аляксандра: «У сучасны момант рыхтуемся да напяяння грамафонных плітак. Маем шэсць пліткаў, на якіх будзе змешчана 12 песняў. Больш пакуль не зможам напець, бо вельмі дорага каштуе. Дагаворы з фабрыкай яшчэ не закончаны, за гэтыя пліткі яна патрабуе дзевяцьсот тысячаў, але думаю, пойдзе на ўступкі. А з 20-га бярэм удзел у шэрагу царкоўных службаў у Бруселі, дзе адбываецца кожны год так званы «тыдзень супольнай малітвы» па розных касцёлах, за пакутны хрысціянскі Народ за зялезнай завесай».

Людзі, якія ведалі Равенскага, адзначалі ягоную шчырасць, лагоднасць, сардэчнасць, гасціннасць, гатоўнасць кожнаму дапамагчы. У Немановіч (Уладзімір Цвірка) згадвае: «Бывала, пастукаеш да яго: — Гм, — адказваў глыбачэзны бас з-за дзвярэй. З-за стала, закіданага нотнай паперай, на вас глядзелі ветлыя шэрыя вочы. — А пропуск ёсць? — пытаўся ён паважна. Пропускам зваў ён жартаўліва віно, што было звычайна люксусам не па студэнцкай кішэні. Гэта ён ведаў, але хоць на жарт ад «традыцыйнае» фор­мы прывітання не адступаў».

Памёр Мікола Равенскі 3 сакавіка 1953 г., пахаваны ў Лювене. У яго-ным пакоі на стале ляжаў лісток календара, дзе побач з запісанымі тэмамі да песень была зробленая рукою кампазітара рысункавая кампазіцыя: па-мастацку накрэсленыя альфа і амега, а пасярод—слова «Беларусь». Помнік на магіле зрабіў скульптар Міхась Наўмовіч, беларус-эмігрант, які жыў у Па­рыжы. Спадчыну падзялілі паміж беларускай грамадой і пляменніцай кампазітара Таццянай Руткоўскай. Цяжка сёння сабраць усё ў адно. «Завілася, як дым», і знакамітая скрыпка, нехта прыбраў да рук. Адшукаць бы яе, вярнуць у Беларусь, каб стала нацыянальным набыткам.

З канца 80-х, калі мы ўсе жылі ўзнёслымі спадзяваннямі на новую Беларусь, у выкананні розных калектываў загучаў «Магутны Божа», неаспрэчны духоўны гімн беларусаў. Нават калі б Мікола Равенскі больш нічога і не напісаў ён бы адной гэтай урачыстай песняй застаўся ва ўдзячнай памяці нашчадкаў застаўся назаўсёды з намі. У 1993 г. на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм» створана дакументальная стужка «Успамін пра Міколу Равенскага», аўтарам сцэнару якой выпаў гонар мне быць. Гэты фільм у ліку трох рэжысёра Міхаіла Жданоўскага (яшчэ — «Дарога на Курапаты» і «Жаўрукі Беларусі») адзначаны годам пазней Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. I вось да 115-й гадавіны з дня нараджэння Беларуская музычная альтэрнатыва выдала кампакт-дыск «Магутны Божа» з найлепшымі творамі Міколы Равенскага. Стане ён рарытэтам у маёй хатняй фанатэцы, як і ў многіх беларускіх сем'ях.

Наша ніва. 2001. 17 снеж.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by