МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларуская эміграцыя ў Бельгіі (Сям'я Смаршчкоў) // Беларусь — Бэльгія

Аўтар: Іпатава Вольга
Кнiга: Беларусь - Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. 'круглага стала'. Мінск. 18-19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. - Мн.: 'Беларускі кнігазбор'. 2002. - 240 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
Год: 2001
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Бельгія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Вольга Іпатава (Мінск)

БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ Ў БЕЛЬГІІ (СЯМ'Я СМАРШЧКОЎ)

Славутага беларускага кампазітара Міколу Равенскага адпяваў, пры ягоным пахаванні ў Лювене, праваслаўны святар айец Аўген Смаршчок.

Гэтае імя праходзіць ва ўспамінах многіх нашых землякоў-эмігрантаў, асабліва ж тых, хто студыяваў у Лювене — невялікім гарадку ў Бельгіі, сама назва якога сталася для нашай культуры сімвалам мужнай беларускасці, калі так можна ахарактарызаваць усю тую вялікую культурна-асветніцкую работу, якую праводзілі студэнты-беларусы, што воляю лёсу апынуліся ў гэтым кутку Еўропы — кутку, які для многіх з іх стаў другой радзімай.

Многія гады газета «Голас Радзімы» расказвала пра беларусаў з Бельгіі, але ўсё ж дасюль мы не маем ні досыць поўнай картатэкі ўліку ўсіх нашых землякоў у гэтай невялікай еўрапейскай краіне, ні аб'ектыўнай, яснай карціны іхняга жыцця там, ні працы, якая б падсумавала навуковыя здабыткі нашых суайчыннікаў і іхні уклад у культуру Бельгіі. Бадай што лепей за ўсіх апісаў атмасферу беларускага жыцця 50-х гг. у Лювене Барыс Рагуля ў кнізе «Беларускае студэнцтва на чужыне» (Лёндан (Кана­да) ; Нью-Ёрк, 1996), але і там Бельгія — гэта толькі адна з краін, якія далі прытулак нашай палітычнай эміграцыі 40-х гг. Так, гэтая эміграцыя (некаторыя даследчыкі называюць лічбу каля 300 тысяч) была сапраўды палітычнай, бо яна і на чужыне захавала выразныя рысы непрымання камуністычнай, савецкай ідэі.

Па многіх сваіх параметрах той катастрафічны для Беларусі «зыход» найбольш актыўнай і нацыянальна свядомай часткі грамадства стаўся цікавым і пленным адгалінаваннем ад агульна-беларускага дрэва, дзе карані, нягледзячы ні на што, засталіся агульнымі. Вось чаму такім важным уяўляецца мне збіранне ўсіх магчымых матэрыялаў пра нашых землякоў, іхняе жыццё на чужыне і іхнія здабыткі — у плане палітычным, навуковым, этнакультурным.

Таму я паспрабую крыху расказачь пра свае ліставанне і асабістую сустрэчу са спадарыняй Зояй Жалязоўскай-Смаршчок — жонкай вельмі вядомага ў эмігранцкіх колах праваслаўнага святара Аўгена Смаршчка, магістра філалогіі, дацэнта Вышэйшай фламандскай школы ў Антверпене, які скончыў студыі ў Інстытуце філалогіі і гісторыі ўсходніх славян пры Брусельскім універсітэце, дзе напісаў працу «Гісторыя і акту­альны стан беларускай бібліяграфіі». Некалі менавіта тут ла Фантэн і Поль Отле вынайшлі сістэму картатэкі, і нездарма менавіта тут дамінуе ідэя стварыць Міжнародны бібліяграфічны цэнтр.

Першы раз пра сп. Аўгена Смаршчка я даведалася на пачатку 90-х гг., калі была разарвана «жалезная заслона» і да нас сталі прыязджаць нашыя землякі-эмігранты. У «Бацькаўшчыне» тады пачалі складаць першую картатэку, з якой вынікала, што вялікая колькасць эмігрантаў паходзіць з Навагрудчыны — Барыс Кіт, заслужаны прафесар Мэрылендскага універсітэта і на сёння ганаровы грамадзянін г. Навагрудка (мабыць, не ўсе ведаюць, што на сцяне былой беларускай гімназіі, цяпер школы № 2, прымацавана дошка ў гонар ягонага 90-годдзя, з барэльефам і надпісам «У гэтым будынку ў 1939 годзе працаваў Барыс Уладзіміравіч Кіт, асветнік, вучоны, ганаровы грамадзянін г. Навагрудка»).

З Навагрудчыны паходзяць «бельгійцы» Лявон Трусевіч, Аляксей Арэшка, Міхась Саўка, знаны рэстаўратар, Янка Жучка, Уладзімір Набагез і Язэп Сажыч, якія пазней пераехалі ў ЗША, а таксама сям'я Смаршчкоў.

Таму калі Яўген Лецка збіраўся праводзіць з'езд наваградцаў і ўвёў мяне ў падрыхтоўчы камітэт (па многіх прычынах гэты з'езд не адбыўся), я яшчэ раз пацікавілася паведамленнямі ў газетах і часопісах, што тычыліся маіх землякоў. У друку прайшлі паведамленні пра тое, што ў Беларусі не аднойчы пабывалі наваградцы, напрыклад, Зоя Смаршчок — былая студэнтка Марбургскага універсітэта, якая скончыла ў 50-м г. у Лювене фармацэўтычны факультэт і доўгія гады працавала аптэкарам, а ў 1982 г. выйшла на пенсію.

Але толькі недзе ў канцы 1998 г. нас пазнаёміла (завочна) Надзя Барт-Юрэвіч — даўняя сяброўка Зоі Смаршчок і былая вучаніца славутага Барыса Кіта. Мы пачалі перапісвацца, а калі мяне ўключылі ў спіс удзельнікаў «Літаратурнага экспрэса-2000», які павінен быў ў ліпені праехаць праз Бельгію — адну з адзінаццаці краін гэтага незвьгаайнага маршрута, — я з радасцю напісала аб тым спадарыні Зоі.

Але мы не сустрэліся: у нашым «Літаратурным экспрэсе» нечакана замянілі праграму, і ў Брусель, дзе нас у прызначаны загадзя ў лістах час чакалі бельгійскія беларусы — спадарыня Зоя, Янка Жучка і Лаўрэн Клыбік, паехалі Л. Дранько-Майсюк і перакладчыца Л. Гарбачова. Мы ж з Андре­ем Федарэнкам засталіся ў Францыі, а пасля пабачыцца не змаглі — ужо не хапала часу. Я толькі паспела з пакалечанай футбольнымі фанатамі тэлефоннай будкі (толькі што прайшоў матч паміж бельгійцамі і немцамі, у вы­шку якога былі ахвяры і разбурэнні) патэлефанаваць спадарыні Зоі ў Вільрайк — прыгарад Антверпена, куцы яна пераехала пасля смерці мужа, і пачуць яе голас — нечакана малады, з прыязнымі, ласкавымі інтанацыямі. Адчувалася, што яна сумуе па радзіме. Мы пагаварылі няшмат—скончылася тэлефонная картка, і я вярнулася ў гатэль.

Але лёс заўсёды ўсё рашае па-свойму. I мабыць, якраз няздзейсненае сустрэчнае жаданне пазнаёміцца асабіста прывяло да таго, што той жа восенню ў мяне нечакана ўзнікла магчымасць яшчэ раз паехаць ў Бельгію — на гэты раз у складзе журналістаў і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, якіх запрашалі пазнаёміцца з дзейнасцю НАТО, дзе на гэты час знаходзіўся і прадстаўнік беларускага Міністэрства абароны, які ўдзельнічаў у праграме «Партнёрства з НАТО ў імя міру».

З Антверпена ў недалёкі Вільрайк мяне везлі супрацоўнікі нашага пасольства. Машына падоўгу стаяла ў велізарнай чарзе, ішоў дождж, хлопцы-дыпламаты, нягледзячы на карту, шматкроць выскоквалі з машыны, каб запытацца пра дарогу, і калі мы нарэшце прыехалі, я была гэтак змучаная, што спачатку ледзь магла гаварыць. Але цёплыя абдымкі гаспадыні і гарачая гарбата зрабілі сваю справу, і, уладкаваўшыся ў вялікім крэсле, я ўключыла дыктафон, каб запісаць тыя жыццёвыя імгненні і дэталі, якія робяць кожнае чалавечае жыццё гэткім непаўторным.

Я праслухала запіс ужо колькі разоў — гэтае інтэрв'ю жанчыны, якая разам са сваім мужам служыла беларускай нацыянальнай ідэі так шчыра, як толькі гэта можна рабіць на чужыне, у атачэнні іншае культуры і мовы. Там шмат матэрыялу, і я ўсё ніяк не падступлюся да апрацоўкі гэтай размовы, якая доўжылася больш за дзве гадзіны.

Гаспадыня шмат расказвала пра мужа, і я прывяду тут асноўныя даты ягонага жыцця і дзейнасці.

Нарадзіўся Аўген Смаршчок 25 верасня 1914 г. у Зэльве, вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Слоніме, дыплом жа настаўніка атрымаў у Свіслачы. Як польскі афіцэр трапіў пад Варшавай у палон да немцаў. Але, ратуючыся ад балынавікоў, стаў другі раз бежанцам (першы раз гэта было ў час Першай сусветнай вайны, калі ягоная сям'я жыла пад Масквой), паступіў на псіхалагічны факультэт Філіпс універсітэта ў Марбургу, дзе пазнаёміўся са сваей будучай жонкай — студэнткай Зояй Жалязоўскай, якая нарадзілася 15(?) снежня 1920 г. на Навагрудчыне, у школьныя гады вучылася ў беларускай гімназіі, а пасля ў фінансавым тэхнікуме Навагрудка. Яны пачалі свае сумеснае сямейнае жыццё ўжо ў Белый, у Лювене, куцы Аўген Смарш­чок прыехаў рукапаложаны на святара епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Васілём Тамашчыкам.

У Бельгіі на той час набралася шмат беларусаў — не толькі студэнтаў у Лювене, якіх было каля 30 чалавек, але і працаўнікоў, якія, каб выбрацца з Нямеччыны, заключалі кантракты на работу ў капальнях Бельгіі і мелі патрэбу ў духоўнай апецы. На пачатку беларусам вельмі дапамог айцэц Робэрт ван Каюлярт, які стаў сакратаром Камітэта дапамогі беларускім студэнтам. Але пасля яны цвёрда станавіліся на ногі і самі вылучалі са свайго асяроддзя найбольш актыўных і мощных духам людзей — такіх, як сям'я Смаршчкоў. «Айцец Аўген нёс ім маральную і духоўную падтрымку, а таксама дапамагаў як дарадчык у вырашэньні сацыяльных праблем, быў заступнікам перад бельгійскімі ўладамі», — так ахарактарызаваў ягоную дзейнасць і як пастара, і як кіраўніка Саюза беларусаў Бельгіі Б. Рагуля. А Вітаўт Кіпель, апісваючы ў сваіх успамінах гэты перыяд, адзначае, што, дапамагаючы айцу Аўгену арганізоўваць царкоўныя службы ў прамысловых гарадах Монсе, Шарлеруа, Льежы, Лімбургу, ён і ягоныя сябры-студэнты «бадай ці не ўпершыню сустрэліся лоб у лоб з савецкай прапагандай, скіраванай супраць нас. Былі гэта прасавецкія «ячэйкі» розных патрыётаў (у Бельгіі па вайне асела ці мала беларускіх дзяўчат, што павыходзілі замуж за бельгійцаў), што адкрыта вялі супрацьбеларускую прапаганду».

Вядома, што такая праца не давала сродкаў для пражыцця. I ў гэтыя часы матэрыяльна трымала сям'ю спадарыня Зоя. Яе першыя крокі як аптэкаркі былі нялёгкія — скончыўшы Лювенскі універсітэт, яна мела навуковы дыплом, але каб працаваць і кіраваць аптэкай, патрэбны быў дыплом, так бы мовіць, практычны, дзеля якога трэба было здаваць дадатковыя эк­замены. Былі і іншыя цяжкасці — аптэкі ў Бельгіі тых часоў былі, па ейных словах, або каталіцкія, альбо сацыялістычныя, а яна была праваслаўнаю, хаця і скончыла каталіцкі універсітэт. Гэта дзякуючы ейнай нястомнай працы і самаахвярнасці а. Аўген Смаршчок мог аддаваць так многа часу і сіл сваім суайчыннікам. Аб гэтым сведчаць і дакументы.

З «Інфармацыйнага бюлетэня» (1952. № 14) Саюза беларусаў у Бельгіі можна даведацца, што ў лютым таго года ў Лювене адбыўся агульны з'езд сяброў Саюза, які «ўдзяліў абсалюторыюм з падзякай уступаючай управе і з асабістай падзякай а. А. Смаршчку ды сп. Кіпелю, якія ўлажылі найбольш высілкаў на карысць арганізацыі».

Вось яшчэ адно дакументальнае сцвярджэнне пастаяннага ўдзелу а. Аўгена ў справах беларусаў: у «Інфармацыйным бюлетэні» № 16 чытаем: «Ад 7 да 9 лістапада гэтага году адбыўся ў Брусэлі, у «Доме працы», сядзібе Бельгійскае канфедэрацыі Хрысціянскіх сіндыкатаў (CSC, 127, me de la Loi), з'езд дэлегатаў «Міжнароднае федэрацыі хрысьціянскіх работнікаў, уцекачоў і эмігрантаў». Гэты з'езд пачаўся малітвай, якую ўзнёс да Усявышняга а. Аўген, сьвятар БАПЦ у Бэльгіі».

Яны пражылі разам параўнаўча доўгае жыццё — трыццаць чатыры гады. Адзначыўшы 25 верасня 1984 г. сваё сямідзесяцігоддзе, айцец Аўген праз дзевяць дзён раптоўна памёр ад разрыву сэрца і пахаваны на могілках у мястэчку Гавер.

Развітваючыся са мной, спадарыня Зоя Жалязоўская-Смаршчок падарыла мне некалькі абразоў, якімі карыстаўся пры набажэнствах ейны муж. I папрасіла, каб я аддала іх ад яе імя тым людзям, якія аддана служаць Беларусі. Адзін з іх я ўручыла ў дзень ягонага 65-годдзя пісьменніку Анатолю Кудраўцу, былому галоўнаму рэдактару часопіса «Нёман» — менавіта ён стварыў, на агульную думку, найбольш «беларускія», пасля Івана Мележа, вобразы нашых суайчыннікаў, сярод іх — вясковага мудраца Вапшчэткі ў рамане «Сачыненне на вольную тэму».

Іншыя я вырашыла захаваць да заснавання Музея беларускаи эміграцыі, які, верыцца мне, будзе некалі створаны ў Беларусі, бо не павінны прапасці духоўныя і фізічныя высілкі тых, хто працаваў дзеля нашай Бацькаўшчыны, яе вольнасці і росквіту.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by