МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Згадкі пра Міколу Равенскага // Беларусь — Бэльгія

Аўтар: Равенская-Аляксеенка Вольга
Кнiга: Беларусь - Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. 'круглага стала'. Мінск. 18-19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. - Мн.: 'Беларускі кнігазбор'. 2002. - 240 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
Год: 2001
Раздзел: Успаміны
Краiна: Бельгія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Вольга Равенская-Аляксеенка (Мінск)

ЗГАДКІ ПРА МІКОЛУ РАВЕНСКАГА

Калі гаварыць аб маіх уласных успамінах пра Міколу Равенскага, то гэта былі проста некалькі светлых дзіцячых момантаў. Мне было ўсяго чатыры гады, як бацька пакінуў Бе­ларусь. I толькі праз 40 гадоў пасля яго смерці я змагла паехаць у Бельгію, дзе ён пахаваны, каб пакланіцца яго магіле. Усе гэтыя гады я хавала ў глыбіні сваёй памяці тое нямногае, што помніла пра бацьку сама. Згадваецца, як я сядзела на стале, за якім ён працаваў. Гарэла настольная лямпа, ён, як заўсёды, пісаў ці чытаў, а я займалася сваімі дзіцячымі справамі. Добра помню, як чаплялася за яго штаніну. Вось і ўсе мае ўспаміны.

Пра Міколу Равенскага я ведаю пераважна з расказаў маці, цёткі, стрыечных сясцёр, з успамінаў людзей, якія былі разам з ім у Германіі, а потым у Бельгіі, дзе і праводзілі яго ў апошні жыццёвы шлях. Мая маці гаворыць пра бацьку: «Золата, а не чалавек. Сведчу, як перад Богам. Не кар'ерыст, не прайдзісвет. Такім заўсёды цяжка. Быў вельмі добры, ніколі нікога не пакрыўдзіў. Чалавек высокай культуры».

Кампазітар Анатоль Багатыроў успамінае: «Равенскі быў сціплы, сумленны. Выдатны знаўца беларускага фальклору, пісаў музыку ў беларускім нацыянальным стылі. У той час добра жылося тым, хто ўступіў у партыю. Равенскі ж быў беспартыйным, таму прабіваўся з цяжкасцю. Ён застаўся ў нашай памяці як таленавіты музыкант, што ўсё свае жыццё прысвяціў народнай музыцы. Любіў слухаць, збіраў, запісваў і апрацоўваў народныя песні. Глыбокае вывучэнне фальклору, яго гісторыі і разнастайнасці далі яму падставы высока ацаніць духоўную творчасць беларусаў. У мяне захоўваецца неапублікаваная праца Равенскага «Характэрныя асабістасці беларускай народнай песні». Ён там піша: «Надзвычайныя здольнасці бе­ларускага народа наогул, а ў прыватнасці да спеваў і музыкі настолькі вялікія ды багатыя творчасцяй, што ўсё сваё жыццё ён праводзіць у абсалютнай неразлучнасці з песняй». Народ­ную музыку Равенскі палюбіў з дзяцінства і прысвяціў ёй усё сваё жыццё.

Ён успамінаў, як да яго прыйшло сур'ёзнае захапленне народнай песняй. «Гэта адбылося, калі я працаваў дырыжорам царкоўнага хору і настаўнікам спеваў у Навагрудку перад Першай сусветнай вайной: «Аднойчы, — згадваў мне Мікола, — у час жытва я ішоў па дарозе. Хоць сонца было ўжо на заходзе, жнеі яшчэ жалі. Прысеў на прыдарожны камень, чакаючы сваю дзяўчыну. Абапал пералівалася каласамі жыта. Грамадкі жнеяў, параскіданыя па ўсім полі, увіхаліся каля снапоў. Мяне ведалі ўсе, таму, пабачыўшы мяне, найбліжэйшая група жанчын і дзяўчат завяла жніўную песню. Іншыя, далейшыя, адна за адной падхоплівалі яе. Урэшце спявала ўсё поле. Адлегласць між групамі была вялікая, і гукі неяк дзіўна змешваліся між сабою. Да гэтага далучалася рэха. А ўсё разам тварыла неапісальную, цудоўную сімфонію... Жнеі ўжо замоўклі, а рэха яшчэ доўга пералівалася, заміраючы ў далечыні. Не раз у жыцці я ўспамінаў той вечар і тую дзіўную сімфонію». З таго часу ён і зацікавіўся народнай песняй».

Лес Равенскага быў цяжкім. Незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны пачалася новая страшная паласа для свядомай беларускай інтэлігенцыі. Не абмінула яна і бацьку. Ён трапіў у спіс, дзе былі пералічаны людзі, «вінаватыя» перад савецкай уладай. Галоўная яго віна заключалася ў творчым супрацоўніцтве з так званымі «пісьменнікамі-нацдэмамі», у яго друж­бе з Уладзімірам Дубоўкам, на вершы якога ён пісаў музычныя творы. У 1938 г. быў арыштаваны родны брат Равенскага Антон, якога праз некалькі месяцаў расстралялі. Па ўсім белым свеце іх было тады толькі двое — блізкіх па духу і па крыві людзей. Ад Равенскага адварочваліся знаёмыя. Яго выключылі з Саюза кампазітараў, у кансерваторыі яму пакінулі толькі адзін прадмет — гармонію. Меліся яго выселіць з кватэры. Над яго галавой згушчаліся хмары. I, як сведчыць А. Багатыроў, прозвішча Равенскага ўжо было сярод прозвішчаў тых, каго абавязкова арыштавалі б, калі б не пачалася вайна.

Як і на мільёны людзей, ваеннае ліхалецце абрынулася на Равенскага, нібы абвал, і ён вымушаны быў выбіраць свой шлях. Жыццё бацькі ніколі не было простым. Але вайна абяздоліла яго канчаткова: адабрала дзяцей, разлучыла з радзімай. У 1944 г. ён выехаў за мяжу — гэта быў адзіны спосаб застацца ў жывых...

У акупаванай жа Беларусі Равенскі служыў Богу. Ён падаўся ў Чэрвень, дзе ў царкве быў псаломшчыкам, выконваў іншыя абавязкі, потым стаў рэгентам царкоўнага хору. Ён любіў і ведаў царкоўную музыку, сам напісаў многа цудоўных твораў, якія і цяпер гучаць у храмах. Бацька быў веруючым чалавекам. I гэтая вера, любоў да Бога дапамагла яму выстаяць у найцяжэйшых жыццёвых выпрабаваннях. Яго старэйшая дачка, Лёля Равенская, была ў час вайны партызанскай сувязной, блізкай сяброўкай Ісая Казінца, які з першых дзён акупацыі Мінска стварыў падпольную групу. Пасля катаванняў Казінца павесілі, а Лёлю расстралялі ў двары мінскай турмы. Равенскі ведаў, як яна загінула, і гэты боль застаўся ў яго сэрцы да канца жыцця.

Вось што расказвае аб ад'ездзе Равенскага за мяжу краязнаўца, настаўнік па прафесіі Уладзімір Дарагуш з г. Чэрвеня. Хлапчуком ён спяваў у царкоўным хоры, якім у той час Равенскі дырыжыраваў: «Паехаў Мікола Равенскі ў Нямеччыну ў канцы вайны, і добра зрабіў, што паехаў, бо каб застаўся ў Чэрвені, то напаткаў бы яго страшны лес. У турму забралі б ці без суда і следства расстралялі б, як гэта здарылася з царкоўным старас-там, ціхім і добрым чалавекам. Калі горад вызвалілі нашы, нейкі партызанскі інтэндант вывеў яго ў двор і расстраляў. Toe ж самае было б і з Равенскім».

Дзесяць гадоў Равенскі жыў за мяжой, дзе быў добра вядомы сярод беларускай эміграцыі, дзе шырока выконвалася яго музыка. У пасляваенны час у Германіі ў шматлікіх лагерах для перамешчаных асоб ён працягваў сваю творчую працу. У гэты складаны час ён не бяздзейнічаў, не адрокся ад музыкі, як некаторыя іншыя. Найперш ажыў і жыў у ім хормайстар, школьны настаўнік, аднак не «загінуў» і кампазітар. Вянцом усёй яго кампазітарскай творчасці эмігранцкага часу, а можа, і найбольшым помнікам яму наогул, стала патрыятычная малітва «Магутны Божа». Гэты гімн адразу стаўся і застаецца найлепшым увекапомненнем духу і імя ейнага твор­цы — «Лірніка», як яго называлі тыя, хто быў з ім побач. Малітву тую ведаюць і спяваюць у многіх краінах свету. Я чула яе ў выкананні многіх харавых калектываў, і мне вельмі шкада, што, у асноўным, выконваюць яго так «слёзна», што гэта ўжо не гімн, а нейкая жальба. А на самой справе аўтар тут выказаў павагу Уладару Сусветаў, «вялікіх сонцаў і сэрц малых». Пес­ня сапраўды павінна спявацца як гімн, што стварыўся па загаду сэрца кампазітара. У душы яго тады гучалі мелодыі пакінутай Бацькаўшчыны. Ён жадаў суайчыннікам спору ў працы, веры ў праўду.

У Бельгіі, у Лювене, дзе Равенскі многа працаваў, спяшаўся працаваць, бо ведаў, што часу засталося мала, у яго пачалі праяўляцца сімптомы невылечнай смяротнай хваробы. Прайшла аперацыя, а пасля яе доўгія месяцы лячэння. Работа ў Лювене была нялёгкай: штодзённыя спеўкі, індывідуальныя заняткі, бадай што месячныя гастролі ў розных гарадах Еўропы, творчая праца, падрыхтоўка да друку песеннага зборніка, супрацоўніцтва з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, дырыжыраванне царкоўным хорам. I гэта — не ўвесь пералік яго заняткаў. У яго пакоі гарэла святло далёка ў ноч — да трэцяй, чацвёртай, пятай гадзіны. Трэба было яшчэ столькі зрабіць, а часу заставалася няшмат.

У пачатку пяцідзесятых у друку ўсё часцей з'яўляліся выказванні аб патрэбе наспяваць у эміграцыі беларускія грамафонныя дыскі. Равенскі, разумеючы, што толькі яго ансамбль можа ажыццявіць гэту задуму, з энтузіязмам бярэцца за справу. Выйшаўшы з бальніцы, яшчэ зусім слабы, ён, аднак, не слухаў ніякіх пратэстаў: трэба, маўляў, наспяваць дыскі! Дзесяткі паездак у студыю і назад, доўгія гадзіны наспеўвання — адкуль толькі бралася энергія і сіла волі ў так слабым ужо целе?! Закончыўшы наспеўванне, Равенскі аднойчы прагаварыўся: «Дзякуй Богу, што скончылі! Я не ведаю, ці перажыў бы яшчэ колькі такіх падарожжаў». Дыскі тыя цяпер захоўваюцца ў мяне. Я іх атрымала ад Зоі Смаршчок, калі ездзіла ў Бельгію, каб пабываць на магіле бацькі. Антон Адамовіч у сваіх успамінах піша:

«У вадну сакавіковую шэрую раніцу сп. Равенскі адыйшоў ад нас — так ціха і скромна, як і жыў. Над яго магілай-курганом вянкоў — урачыста плыў ягоны ж жалобны марш: «Спі пад курганам герояў, Твой мы працягваем шлях».

Я вельмі ўдзячна ўсім тым, хто дапамагае вярнуць імя і спадчыну Ра­венскага на радзіму: кіраўніцтву Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, журналістцы Дзіяне Чаркасавай, якая адной з першых сабрала багаты матэрыял пра кампазітара, апублікавала яго ў газеце «Голас Радзімы», музычнаму дырэктару Беларускага радыё Людміле Метаковіч і многім-многім іншым людзям — усіх не пералічыць.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by