|
БЕЛАРУСКІЯ СТУДЭНТЫ Ў ЛЮВЕНСКІМ УНІВЕРСІТЭЦЕ
Лювенскі каталіцкі універсітэт — самы старэйшы універсітэт Бельгіі. Датай яго заснавання лічыцца 1425 г., калі брабанцкі князь Ян IV, які збанкрутаваў у час вайсковых дзеянняў, для таго, каб вярнуць гораду багацце і славу, звярнуўся да папы Марціна V за дазволам на школу—studium generale. У сваёй просьбе князь падкрэсліваў зручнасць мясцовасці і дабрату жыхароў горада, а таксама наяўнасць адпаведнага будынка для школы. Гэты гістарычны будынак з'яўляўся адміністрацыйным цэнтрам універсітэта нават у XX ст. Праз пяць гадоў пасля заснавання агульнай школы папа Яўген IV адчыніў тут багаслоўскі факультэт, які прынёс універсітэту наибольшую славу. Сярод яго прафесараў былі Адрыян Флёрэнс (пазней папа Адрыян VI), Эразм Ратэрдамскі, іншыя вядомыя вучоныя. У XIX ст. Лювенскі універсітэт стаў міжнародным цэнтрам філасофіі неатамізму. У 1888-1889 гг. тут пры дапамозе кардынала Д. Мерсье быў заснаваны Вышэйшы інстытут філасофіі (школа Фамы Аквінскага), з 1894 г. выдаваўся навуковы часопіс «Revue Neoscolastique». Універсітэт праславілі не толькі філосафы і багасловы: шырока вядомы, напрыклад, картограф, складальнік дакладных атласаў Меркатар, анатаміст А. Везалій, фізік Ж. Леметр і інш.
На працягу існавання Лююнскі універсітэт перажыў нямала і цяжкіх часоў. У канцы XVIII ст., у час Французкай рэвалюцыі і шматлікіх войнаў, ён быў зачынены і толькі з нараджэннем сучаснай бельгійскай дзяржавы, у 1831 г., адноўлены — перш у горадзе Мехелен, а адтуль перанесены зноў у Лювен. У час абодвух сусветных войнаў былі знішчаны багатыя універсітэцкія кнігазборы і частка архіваў.
Спачатку адзінай мовай універсітэта была лацінская, пасля французская. Толькі ў 1920 г. пачалі чытаць лекцыі і на фламандскай мове. У 1946 г. пад адной адміністрацыяй паўсталі дзве паралельныя секцыі універсітэта—французская і фламандская, а з 1970 г. існуюць два аўтаномныя універсітэты — французскі і фламандскі.
Першым беларусам, які скончыў вышэйшыя студыі ў Лювенскім універсітэце з тытулам доктара філасофіі, быў, як адзначаў айцец Часлаў Сіповіч, айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч, вядомы рэлігійны і культурны дзеяч, адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст.
Ён нарадзіўся ў 1884 г. на Навагрудчыне. Скончыў Духоўную каталіцкую семінарыю (1906) і Духоўную акадэмію (1909) у Пецярбургу. У час вучобы ў акадэміі пасвечаны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў навучальных установах Пецярбурга. У 1912 г. атрымаў дазвол на выезд у Бельгію на працяг студыяў у Лювенскім універсітэце. У лістах з Лювена Ф. Абрантовіч адзначаў не толькі высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў універсітэта, але таксама глыбіню і неардынарнасць навуковых праграм, выказваў задавальненне знаходжаннем у Лювене і жаданне застацца там даўжэй. Пасля атрымання ступені доктара філасофіі Ф. Абрантовіч вярнуўся ў Пецярбург, дзе атрымаў пасаду прафесара Духоўнай каталіцкай семінарыі. Айцец Фабіян быў актыўным удзельнікам руху беларускага рэлігійнага і культурнага адраджэння, адным з заснавальнікаў нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць», арганізатарам правядзення ў Мінску з'езда беларускіх каталіцкіх святароў. Сябраваў з Браніславам Эпімахам-Шыпілам, Янкам Купалам, друкаваўся ў беларускіх перыядычных рэлігійных вьщаннях «Krynica», «Chryscijanskaja Dumka». 31918г. працаваў рэктарам і выкладчыкам створанай пры падтрымцы біскупа С. Лазінскага Мінскай каталіцкай духоўнай семінарыі. З 1926 г. — у ордэне айцоў-марыянаў у Друі. У 1928 г. Ф. Абрантовіч быў накіраваны Апостальскім пасадам ў Харбін, дзе ўзначаліў каталіцкую місію ўсходняга абраду для расійскай эміграцыі. На працягу дзесяці гадоў работы ў Харбіне айцец Фабіян здолеў аформіць епархію, пабудаваць царкву, заснаваць гімназію з інтэрнатам для хлопцаў, Дом марыянаў, выдаваць часопіс «Католический вестник» (з 1931 г.). У 1938 г. архімандрыт Фабіян выехаў з Харбіна ў Рым для ўдзелу ў Генеральнай капітуле айцоў-марыянаў. З Рыма а. Фабіян паехаў у Польшчу, дзе яго заспела вайна. У верасні 1939 г. Ф. Абрантовіч быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі, некалькі гадоў правёў у зняволенні, дзе і скончыў сваё жыццё.
Асаблівае значэнне для беларусаў меў Лювенскі універсітэт пасля Другой сусветнай вайны, калі значная колькасць беларускай моладзі апынулася на тэрыторыі Германіі. Пасля капітуляцыі акупацыйныя ўлады дазвалялі тут прадстаўнікам іншых краін арганізоўваць свае нацыянальныя камітэты. У акупацыйных зонах з 1945 г. дзейнічала і інтэрнацыянальная арганізацыя — УНРРА (UNRRA — United Nations Relief and Rehabilitation Administration), якая правяла рэгістрацыю чужынцаў і пачала арганізоўваць для іх ДП-лагеры. Яны арганізоўваліся па нацыянальным прынцыпе, а шматнацыянальныя лагеры складаліся з нацыянальных частак. У ДП-лагерах арганізоўваліся дзіцячыя садкі, пачатковыя і сярэднія школы, розныя курсы і гурткі, паўставалі нацыянальныя арганізацыі і выдавецкія суполкі.
Адной з самых знакамітых навучальных устаноў Амерыканскай зоны Германіі была Беларуская гімназія імя Янкі Купалы (заснавана 22 снежня 1945 г. у Рэгенсбургу). Роля гэтай гімназіі вельмі вялікая як у атрыманні сярэдняй адукацыі тых, хто не паспеў скончыць школу на Бацькаўшчыне, так і ў выхаванні свядомай беларускай моладзі. «Вучні тае школы, — адзначаў Ян Максімюк ў кнізе, прысвечанай гэтай гімназіі, — на ўсё сваё жыцьцё засталіся беларусамі незалежна ад таго, куды пасьля кінуў іх лёс, і засталіся таксама патрыётамі Бацькаўшчыны»1. У гімназіі вучыліся Вітаўт Кіпель, Зора Савёнак, Янка Жучка, Павел Урбан, Янка Запруднік і іншыя вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі, лёс якіх быў затым звязаны з Лювенскім універсітэтам.
Лагерныя школы і гімназіі далі магчымасць беларускім дзецям прадоўжыць перапыненую вайной сярэдную адукацыю і працягваць яе затым у навучальных установах Заходняй Еўропы, Амерыкі, Аўстраліі. У той час для моладзі іншых нацыянальнасцяў у Германіі намаганнямі Міжнароднага студэнцкага аб'яднання быў створаны Універсітэт УНРРА ў Мюнхене, дзе існавала восем факультэтаў Вышэйшую адукацыю таксама магчыма было атрымаць у нямецкіх вышэйшых навучальных установах, Украінскім тэхнічна-гаспадарчым інстытуце.
Неўзабаве беларускія студэнты пачалі збірацца ў нацыянальныя арганізацыі. У 1945 г. быў праведзены першы сход беларускіх студэнтаў у Мюнхене і створана Беларускае студэнцкае згуртаванне. У 1945-1948 гг. паўсталі беларускія студэнцкія згуртаванні ў Марбургу, Рэгенсбургу, Карлсруэ, Фрайбургу, Цюбінгене. У 1946 г. была створана Цэнтраля беларускіх студэнцкіх арганізацый на чужыне (ЦБСА), галоўнай мэтай якой стала абарона правоў беларускіх студэнтаў, фінансавая дапамога пры паступленні ва універсітэты, каардынацыя студэнцкага руху. Першым старшынёй ЦБСА абралі Барыса Рагулю, студэнта медыцынскага факультэта ў Марбургу. Але ў сувязі з закрыццём Універсітэта УНРРА ў Мюнхене і грашовай рэформай у Германіі перад студэнтамі паўстала цяжкае задание — шукаць стыпендыі, работы, іншыя магчымасці для вучобы.
Лювенскі універсітэт у той час, як адзначалася ў часопісе «Божым шляхам» 2, з'яўляўся не толькі выдатным культурным асяродкам Еўропы, але і паважным міжнародным цэнтрам, дзе здабывалі асвету студэнты 45-ці нацыянальнасцяў, якія складалі амаль чацвёртую частку насельніцтва горада. Працавалі факультэты палітьганых і сацыяльных навук, гісторыі, гісторыі мастацтва, псіхалогіі, права, медыцынскі, агранамічны, хімічны, інжынерных навук, геалагічны і інш. Для замежных студэнтаў айцец Жардэн утрымліваў міжнародны Студэнцкі дом, дзе за некалькі гадзін працы магчыма было атрымаць пакой і харчаванне.
Весткі пра Лювенскі універсітэт дайшлі да беларускай моладзі ў Германіі ад Міколы Абрамчыка. Барыс Рагуля быў пасланы ў Лювен, каб здабыць месцы для беларускіх студэнтаў, вырашыць арганізацыйныя пытанні.
Пры дапамозе старшыні Саюза беларусаў Бельгіі Уладзіслава Рыжага-Рыскага і біскупа Баляслава Слосканса справу вырашылі паспяхова, і беларускія студэнты атрымалі магчымасць вучыцца ў Лювенскім універсітэце. Діш апекі над беларускімі студэнтамі ў 1949 г. у Бельгіі быў створаны Беларуска-бельгійскі камітэт, які ўзначальваў прафесар універсітэта В. Дэні. Сакратаром камітэта быў пляменнік прэзідэнта Бельгійскага парламента айцец Роберт Кавэлярт, які стаў сапраўдным сябрам і апекуном беларускіх студэнтаў.
У кастрычніку 1949 г. у Студэнцкім доме ў Лювене прайшоў трэці Агульны з'езд беларускіх студэнцкіх арганізацый, у рабоце якога ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускіх студэнцкіх згуртаванняў Англіі, Бельгіі, Германіі, Францыі і нават Аргенціны. На парадку дня стаялі справаздача старшыш ўправы Цэнтралі беларускіх студэнцкіх арганізацый, выбары новага кіраўніцтва. Па прапанове большасці сяброў была прынята пастанова за-мяніць ЦБС на ЦБ А А (Цэнтраля беларускіх акадэмічных арганізацый). У склад новага кіраўніцтва былі выбраны старшыня — Б. Рагуля, намеснік — А. Смашчок, сакратар — М. Жылік, рэферэнты — Цвірка, Вінніцкі, Набагез, старшыня стыпендыяльнага фонду — Часлаў Сіповіч, скарбнік — А. Надсан. У прыёме з нагоды з'езда прынялі ўдзел біскуп Б. Слосканс, рэктар Лювенскага універсітэта ван Ваенберг.
«У Лювене расла і мацнела беларуская студэнцкая група, — пісаў У. Немановіч ў артикуле «На службе мастацтва і ідэі». —Разам з ростам пашыраецца і поле дзейнасці. Студэнты пераймаюць кіраўніцтва рабочай арганізацыі. На універсітэцкім форуме зачытваюцца інфармацыйныя рэфераты, ладзяцца ўрачыстыя акадэміі з нагоды нацыянальных святаў. І вось тут штораз больш пачынае адчувацца патрэба адпаведнага рэпрэзентавання беларускай песні і танца. Добрая воля ёсць, не стае толькі дырыгента. А што, каб запрасіць сюды кампазітара Равенскага? — паўстае думка. Праўда, спецыяльнымі матэрыяльнымі магчымасцямі пахваліцца нельга. Але колькі студэнтаў прыязджала сюды, не маючы яшчэ стыпендыі? Салідарнасць выручала заўсёды» 3.
Урад ЦБАА прапанаваў кампазітару пераезд у Лювен. Айцец Р. Кавэлярт дапамог вырашыць усе фармальнасці з бельгійскім урадам для прыезду М. Равенскага. Улетку 1950 г., перад пачаткам новага акадэмічнага года, маэстра ўжо перабраўся ў Лювен.
«Не паспелі яшчэ з'ехацца ўсе студэнты, — пісаў У Немановіч, — а ансамбль пачаў сваю працу. Вялікага выбару не было: 30 асобаў. Некаторыя з іх спявалі пад рукой сп. Равенскага яшчэ ў Нямеччыне. Але былі і такія, што не спявалі нідзе і ніколі, хіба што сабе пад носам у хвіліны добрага настрою. Не трэба дзівіцца, што яны вельмі скептычна аднесліся да сваей новай кар'еры. Але спадар Равенскі быў няўмольны. [...] Няўтомная праца, якую не адзін лічыў блізу безнадзейнай, пачала даваць свае вынікі.[...]
Паралельна з хорам вывучаліся й танцы. I ўжо за тры месяцы працы ансамбль даваў свой першы канцэрт у Лювене. Пасля заканчэння праграмы рэктар прыйшоў асабіста прывітаць кампазітара, кажучы, што ён ужо больш за дваццаць гадоў не чуў падобнага хору...»4
Ансамбль беларускай студэнцкай групы ў Лювене часта выязджаў у розныя гарады Бельгіі, Францыі, Германіі з выступленнямі. У красавіку 1951 г. у Льежы адбыўся міжнародны канцэрт «Скарбы еўрапейскага фальклору», на якім ансамбль пад кіраўніцтвам М. Равенскага быў адзначаны як адзін з лепшых. Юлютага 1952 г. калектыўпаспяховавыступіўу Бруселі. Вялікім дасягненнем М. Равенскага стаў запіс грамафонных плітак беларускага студэнцкага хору.
Вясной 1951 г. чатыры беларускія студэнты закончылі студыі ва універсітэце, а ў верасні пяць: Аўген Смаршчок — псіхалогію, Зоя Смаршчок — фармацыю, У. Набагез, Ю. Лыслоў і М. Жылік — медыцыну. На месца закончыўшых студыі прыехалі новыя студэнты з Англіі (6) і Бельгіі (1). На пачатку новага навучальнага 1951/52 г. тут быў 31 студэнт. Моладзь прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У Саюзе беларусаў Бельгіі працавалі В. Кіпель, Вітаўт Рамук, А. Смаршчок, П. Урбан і інш. А. Смаршчок акрамя сваіх студыяў займаўся арганізацыяй душпастырства праваслаўных беларусаў у Бельгіі. Як паведамлялася ў часопісе «Божым шляхам»5, беларускія студэнты ў Лювенскім універсітэце карысталіся вялікай пашанай і даверам, нават старшынёй Міжнароднага студэнцкага аб'яднання тут быў выбраны беларус. У 1952 г. беларускія студэнты ў Лювене ўрачыста адсвяткавалі ўгодкі 25 Сакавіка. На запросіны Камітэта дапамогі беларускім студэнтам сюды прыехаў кардынал Тысеран з Рыма, які зрабіў інаўгурацыю новага Беларускага студэнцкага дома. З гэтага часу беларускія студэнты афіцыйна мелі свой дом, у якім маглі жыць усе разам і які самі адрамантавалі да гэтага ўрачыстага дня.
Увосень 1952 г. пачаўся новы навучальны год. Забурліла жыццё і ў Беларускім студэнцкім доме. З агульнага ліку беларусаў, што былі запісаны ў папярэднім навучальнымгодзе (33) пакінулі студыі 2, паспяхова здалі іспыты 24, 7 чалавек (ці інакш 22,58%) «праваліліся». На месца выехаўшых прыбылі ўжо новыя студэнты: з Англіі — 3, з Францыі — 1. Калі прааналізаваць сітуацыю, то трэба адзначыць, што першыя два гады студыяў былі самыя цяжкія, бо універсітэт быў перапоўнены і звычайна на першым годзе «зразалі» 50-70%. Таксама трэба сказаць, што беларускія студэнты былі доўгі час адарваныя ад навукі. Ім даводзілася цяжкай фізічнай працай зарабляць на штодзённы хлеб. Адной з прычын было і няведанне французскай мовы. Студэнты былі таксама загружаны грамадскай працай, але гэтыя прычыны, як адзначалася, амаль не ўплывалі на вынікі іспытаў.
Для прыкладу прывядзём расклад ліку студэнтаў па гадах навучання і факультэтах на 1953/54 н. г. (стан на 12.10.1953):
Назва факультэта |
Гады навучання |
|||||
|
1 |
2 |
3 |
4 |
5 |
6 |
Сацыяльна-палітычных навук |
2 |
5 |
3 |
|
|
|
Гістарычны |
|
|
2 |
|
|
|
Гісторыі мастацтва |
|
1 |
|
|
|
|
Псіхалагічны |
1 |
|
|
|
|
|
Юрыдычны |
1 |
|
|
|
|
|
Гандлёвы |
1 |
2 |
|
|
|
|
Медыцынскі |
1 |
|
|
|
1 |
1 |
Агранамічны |
1 |
|
|
|
|
|
Хімічны |
|
1 |
|
1 |
|
|
Геалагічны |
|
|
|
1 |
|
|
Інстытут фізічнага выхавання |
|
1 |
|
|
|
|
Інжынерных навук |
1 |
2 |
|
|
|
|
Школа лабарантак |
|
|
1 |
|
|
|
Электратэхнічны інстытуту Льежы |
|
1 |
|
|
|
|
Разам 32 |
9 |
13 |
6 |
2 |
1 |
1 |
Сярод студэнтаў былі 3 дзяўчыны і 29 хлопцаў. Студэнты, за выняткам двух, жылі ў Беларускім студэнцкім доме. Узрост большай часткі студэнтаў — ад 25 да 29 гадоў. На 1953/54 н. г. акадэмічным камітэтам было прызначана для беларусаў 29 стыпендый — 2 000 бельгійскіх франкаў у месяц (прыкладна 40 долараў), кожнаму студэнту таксама выплачваліся на рукі месячна кішэнныя грошы — 200 франкаў Камітэт дапамогі беларускім студэнтам Лювенскага універсітэта быў зацверджаны Міністэрствам юстыцыі і меў свой статут.
У 1953 г. на чарговым сходзе Беларускага студэнцкага згуртавання старшынёй арганізацыі быў абраны Я. Запруднік. Пасля трохгадовага перапынку аднавіў свой выхад часопіс «дванаццаткі» — «Наперад!», бо большая частка сяброў «дванаццаткі» прыехала на студыі ў Лювенскі універсітэт. Але ў тым жа 1953 г. беларускія студэнты панеслі і вялікую страту. Пасля хваробы памёр кампазітар і кіраўнік студэнцкага хору М. Равенскі.
У 1953 г. атрымаў ступень магістра па геалогіі В. Кіпель, А. Арэшка скончыў хімічны факультэт і ўзяўся за напісанне доктарскай працы, а В. Рамук здаў свае апошнія іспыты ў Лювенскім універсітэце і атрымаў ступень доктара медыцыны.
У 1954 г. закончылі студыі шэсць беларускіх студэнтаў:
- Леанід Вінніцкі — сацыяльна-палітычных навук са ступенню магістра;
- Анатоль Занковіч — медыцынскі са ступенню доктара;
- Янка Запруднік — гістарычны (магістр);
- Аляксандр Марговіч — сацыяльных і палітьганых навук (магістр);
- Павел Урбан — гістарычны (магістр);
- Уладзімір Цвірка — сацыяльных і палітычных навук (магістр).
Чатыры апошнія з іх атрымалі доктарскія стыпендыі на працяг студый.
Уладзімір Бакуновіч атрымаў у Лювенскім універсітэце ступень доктара эканоміі, Я. Жучка скончыў політэхнічны факультэт, Міхась Саўка-Міхальскі — факультэт археалогіі і гісторыі мастацтва, В. Кіпель абараніў доктарскую дысертацыю па мінералогіі, Зора Кіпель закончыла хімічны факультэт, Лаўрэн Клыбік — фармацэўтычны факультэт, Васіль Шчэцька — факультэт сацыяльна-палітычных навук і г. д.
Цяпер у Лювенскім універсітэце вучыцца адна беларуска — Ірына Дубянецкая.
Спасылкі:
1 Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне. Нью-Йорк; Беласток, 1994. С 111.
2 Божым шляхам. 1949. № 1-2. С. 15.
3 Наперад! № 25. С 21.
4 Наперад! № 25. С 21.
5 Божым шляхам. 1952. № 51. С. 15.

