МІКОЛА КРАСОЎСКІ
У дарозе
Сяджу ў вагоне, еду ў госці
Да роднай хаты, да сям'і,
Да сваёй вёскі, мілай вёскі,
Што між снягоў спакойна спіць.
Даўно не быў я ў роднай хаце,
Не бачыў блізкіх мне людзей,
Не чуў, як вербы ў полі плачуць,
Як вые воўк у час завей.
Не бачыў раніц з пазалотай,
З бліскучым срэбрам на снягу,
Як вецер дыбіцца пад плотам
І свішча ў шчэлі на бягу.
Даўно пе чуў, як ноччу зорнай
Нясецца дзесьці брэх сабак,
А потым стане зноў спакойна,
Бясшумна, ціха, глуха так.
Я бачыў гэта ў снах чароўных,
Я быў там думкамі, душой,
Я зжыўся з вобразам цудоўным,
З маёй краінай дарагой.
Зоркі
Стаю адзін ля мутнага аконца
У зімовы вечар, ў шыбе зрок застыў
Гляджу, як зоркі ў цемені бясконцай
Зарабацелі роем залатым.
Можа, на нейкай зорцы сярод яркіх
Або між цёмных, ведаць не магу,
Стаяць таксама скрыўленыя хаткі,
Працуюць «людзі», сеюць і аруць...
А можа ўвечар нехта з іх таксама
Стаіць, як цень, ля мутнага акна
І бачыць у небе вогненныя плямы,
Сярод якіх калышацца Зямля.