|
Ліза Бакуновіч325.
Я нарадзілася 11 лістапада 1936 году на Палесьсі, у вёсцы Малыя Сьцяблевічы. Гэта паміж Лунінцам і Пінскам. Тата мой быў Пятро Бакуновіч, а мама Васіліса. Як прыйшлі да нас расейцы, тату забралі ў турму, ён быў у Брэсцкай крэпасьці, зямлі замнога меў, казалі — кулак. Яго адразу хацелі раскулачыць, але неяк прычыны ня мелі. А потым арыштавалі, бо ён быў солтысам у вёсцы за палякамі. Яго забралі ў Брэст, каб прызнаўся, нібыта шпіён польскі. Божа ж мой, мы ж праваслаўныя, і польскі шпіён, куды там? Нам было тое самае, ці расеец, ці паляк. Але тата быў у турме. А тады як пачалася вайна зь немцамі, немцы разбамбілі ў Брэсьце ўсё і ён прыйшоў дадому ноччу, хаваўся. Таму мы й выехалі пасьля ў Нямеччыну, бо тата не хацеў зноў з расейцамі быць. Я, праўда, ня памятаю, у якім гэта было годзе. У Нямеччыне бацькі працавалі, як мала што чорнарабочыя, але я ня ведаю таго слова, яны сапраўды рабамі былі. І там я ў школу не хадзіла, таму што ў немцаў гэта немагчыма было. А тады як скончылася вайна, мы якраз патрапілі пад амэрыканскую зону акупацыі. Пачаліся лягеры розныя: былі беларускія, украінскія, расейскія. Так што мы былі з тых самых першых арыгінальных у беларускім лягеры ў Рэгенсбургу ў Баварыі. І там адразу пачаліся беларускія школы, ад пачатковай да гімназіі. Ужо там я хадзіла ў беларускую школу, у пачатковую. А потым… мы былі ў Рэгенсбургу, а нас перавезьлі ў Міхельсдорф, а тады ў Віндышбэргердорф, гэта ўсё ў Баварыі. У Віндышбэргердорфе я ўжо ў гімназію пайшла. А тады нас увесь час перасялялі. Потым мы выехалі ў Розэнгайм, я там таксама ў гімназію хадзіла.
А хто выкладчыкі былі ў Нямеччыне памятаеце?
У пачатковай школе Міхась Міцкевіч, Якуба Коласа брат, нас вучыў. А як я ў гімназію пайшла, а яна называлася Янкі Купалы, многа было выкладчыкаў, вельмі многа, таму што яна была ад першае да восьмае клясы. Я скончыла тры клясы гімназіі, і тады ў 1950 годзе мы прыехалі ў Аўстралію. Праўда ж, было вельмі-вельмі цяжка, як прыехалі. Ніхто ангельскай мовы ня ведаў. Як я хадзіла ў школу, то толькі астатні год сталі выкладаць ангельскую мову, таму што зналі, людзі будуць разьяжджацца. Мы прыехалі ў Аўстралію якраз на каталіцкі Вялікдзень у 1950 годзе ў Сыднэй, а потым нас узялі на цягнік і завезьлі ў Бадгурст, гэта трошкі далекавата адсюль, старыя вайсковыя кашары, мы былі там у лягерах. А ўсе, каму было 16 гадоў, мелі кантракты на 2 гады, так што мы мусілі працаваць там, куды нас паслалі. І ўсё роўна, ці вы былі доктар, ці вы інжынэр, куды вас паслалі, тое вы й рабілі. Бо Аўстралія не вызнае дыплёмаў, толькі аўстралійскі й ангельскі. Мае браты мелі два гады кантракт, а я была замалая, мне было 13 з паловай гадоў, калі мы прыехалі ў Аўстралію. І я тады ў лягеры пайшла зноў у школу, але ў аўстралійскую. Сядзела шэсьць месяцаў і нічагусенькі не разумела, а не магла ніжэй пайсьці, бо я добра ведала арытмэтыку, таму што яна па ўсім сьвеце тая ж самая. І так, шэсьць месяцаў прасядзела.
Братоў забралі ў Сыднэй, яны працавалі ў фабрыках, а тата працаваў у лягеры агароднікам. Ён кантракту ня меў, і мама ня мела. Я ж хадзіла ў школу. А потым з Бадгурсту, бо яго зачынялі, мяне з мамай перавялі ў Паркс (таксама лягер. — Н.Г.), я там хадзіла яшчэ ў школу. Але тата застаўся ў Бадгурсьце, так і працаваў агароднікам. Так што мы жылі асобна. Потым мае браты вырашылі, каб уся сям’я жыла разам. Яны зьбіралі кожны пэнс, не хадзілі нікуды, каб сабраць нешта. І купілі дом у Крэнвілі, адным з раёнаў Сыднэю. Мы, я б сказала, былі першыя, хто купілі дом, бо звычайна людзі куплялі зямлю, стаўлялі гаражык і жылі там, а потым будавалі сабе дом. А мы адразу набылі дом, ён быў драўляны, і нічога там не было такога цудоўнага. Але ж мы былі ўсе разам. Тады я ўжо кінула школу й пайшла на працу. Працавала я цэлы час у далікатэснай краме.
Скажу, што ўсе, хто ваенныя дзеці, ніхто ня скончыў гімназіі. Толькі некаторыя хадзілі ў Беларусі ў школу, а тады ў Нямеччыне паканчалі. Так, мой малодшы брат Уладзімер скончыў, а тады хадзіў ва ўнівэрсытэт у Бэльгіі. Ён зьехаў з Аўстраліі, бо яму не падабалася. А зараз ўсё, што я маю з адукацыі, гэта тры клясы беларускай гімназіі.
Перш за ўсё бацькам было вельмі цяжка, бо мовы ня ведалі. Аўстралійцы страшэнна не любілі. Нас нідзе ня любяць, а асабліва яны, бо мы на сваёй мове гаварылі, інакш апраналіся, інакш елі. Але сапраўды, у Нямеччыне яшчэ горш было. А аўстралійцы так патрошкі-патрошкі прывыклі да нас. І зараз я асабіста ніякай розьніцы ня бачу ў іх стаўленьні да нас. Таго што ёсьць цяпер яшчэ навейшыя, дык мы ўжо старэйшыя аўстралійцы. І ў мяне добрыя дачыненьні, бо мая нявестка аўстралійка, таксама й будучы зяць аўстраліец, пэўна ж і мае дзеці аўстралійцы. Бо немагчыма сказаць інакш.
Памятаеце, калі сюды прыехалі, якія былі пачуцьці?
Як вы ёсьць дзіця, то вам нічога ня страшна. Да таго ж перад тым, як сталі браць сем’і, сюды бралі халастых. І адзін з маіх настаўнікаў, спадар Смаль, быў першы, хто прыехаў. Дык ён пісаў лісты ў школу й распавядаў менш-больш. Сапраўды ніякага страху. Трэба было кудысьці ехаць. Але як мы зьбіраліся ехаць, малодшы брат Уладзімер цэлы час хацеў у Амэрыку, а сярэдні казаў — у Аўстралію. І мы падалі ў Амэрыку й у Аўстралію. І тады тата сказаў, куды першае прыйдзе, туды й паедзем. І акурат на адзін дзень прыйшло ў Аўстралію, а на другі — у Амэрыку, але выйшла, што нам ехаць у Аўстралію. І мы тады сабраліся й паехалі. А як для майго малодшага брата, то гэта было страшэнна. Ён казаў, што выходзіў над мора, бо ён у Сыднэі меў кантракт, і проста плакаў, што так далёка. Ён вельмі хацеў назад у Эўропу. Тут яму зусім не падабалася й аўстралійцаў не любіў, казаў, што такія людзі некультурныя, у іх ніякай адукацыі няма. А ў Аўстраліі раней сапраўды так было: 15 гадоў і канец — трэба на працу ісьці. І вельмі мала хто яшчэ вучыўся, звычайна дактароў сыны або дочкі вучыліся далей.
І Ўладзімер страшэнна пакутваў, то напісаў у Лювэн ва ўнівэрсытэт, дастаў стыпэндыю й выехаў. Ён быў у Аўстраліі толькі пяць гадоў. А мы засталіся. Патрохі-патрохі вывучылі таксама ангельскую мову.
А што было самае цяжкае?
Не было ежы тае, што мы жадалі. Быў адзін час, я ня ведаю, ці надвор’е было, ці што, але нават цыбулі не было. Што вы ідзяце ў краму, і толькі як вы ўсяго многа возьмеце, то вам паўцыбулінкі прададуць. А так нават гэтага не было. Тады людзі пачалі купляць зямлю й рабіць агароды. А як італьянцаў многа прыехала, яны пачалі агародамі займацца. І тата таксама скоранька ўскапаў агарод і садзіў усё сваё. А так мяса бараніны было колькі хочаш, але ж бараніна ня ўсё…
Атрымоўваецца, што Вы прыстасоўваліся да аўстралійскай ежы, ці ўсё ж больш сваё елі?
Больш сваё гатавалі. Мама заўсёды варыла супы розныя, капусты, квасіла капусту, і агуркі, памідоры — усё сваё. Гэта як я ўжо, бо вырасла тут, то больш да аўстралійскага прызвычаілася цяпер.
А як успрынялі больш сьпякотны клімат?
Як мы прыехалі, то днём у Бадгурсьце было страшэнна горача, а ноччу так халодна, што колькі коўдраў не давалі, было халодна. А мы як прыехалі зь Нямеччыны, у мяне косы былі доўгія. Заплятала косы. А летам горача, а ў школу ісьці, то пакуль памыеш… Дык аднойчы паехала ў школу з даўгімі косамі за плячыма, а прыехала — з адрэзанымі валасамі. Проста пайшла да фрызэркі, яна мне адрэзала. А таго што прыгожыя косы былі, яна іх проста абрэзала. Тады рабілі парыкі з гэтых валасоў, а мне ж пэўна й не заплацілі нічога за іх. Я прыйшла такая пастрыжаная, а мама як толькі ўбачыла — самлела з гэтага ўсяго.
Але мушу сказаць, клімат мне нічога ня робіць, толькі што парка ў нас летам. Але гэта й аўстралійкі таксама пакутуюць, як парыць. Найлепшы клімат у нас і найлепшае надвор’е гэта вясна й восень, таму што зімой у нас дажджы, а летам парыць.
Вашыя бацькі тут жылі й пахаваныя?
Так, так. Мы ўся сям’я прыехалі: я й тры браты, старэйшы брат Аляксандар жанаты зь дзецьмі прыехаў. Тата памёр вельмі рана ў 65 гадоў, бо як прыехалі, ён цэлы час хварэў. А мама нашая жыла амаль да 92 гадоў і памерла ад старасьці ў 1987 годзе. А браты яшчэ жывыя: старэйшаму 84 гады, а маладзейшаму Мітрафану 82 будзе. Самы ж малодшы Ўладзімер, што зьехаў, памёр у Амэрыцы, як яму было 72.
А хто быў Ваш муж?
У мяне першы муж быў баўгарын. Мы як прыехалі, то былі хлопцы або застарыя, або замалыя, замаладыя, так што выйсьці замуж за беларуса было немагчыма. Ну й таксама раскінутыя былі, хто ў Сыднэі, хто ў Ньюкасьле, хто ў Адэляйдзе — па ўсёй Аўстраліі. І я выйшла замуж за першага мужа, ён быў баўгарын, у 1958 годзе. Мне было 22 гады. Маю двое дзяцей зь ім, сына й дачку. Але потым мы ўзялі развод, таму што гэта была зусім інакшая традыцыя, інакшая кухня, інакшае ўсё. Так што я развод узяла зь ім. Другі раз выйшла замуж у 1974 годзе за ўкраінца Якава Грыцая. Ён ужо 14 гадоў як памёр, меў рак горла.
Тут у Вас шмат было сяброў беларусаў?
У нас не так шмат беларусаў было ў маім веку. Лужынскія, гэта вось сапраўды адныя, што беларусы. А так у мяне сяброўкі ўкраінкі, расейкі, аўстралійкі. А што майго веку, яны жывуць задалёка. Ёсьць Беларускі Клюб, то мы зьбіраемся заўсёды на сьвяткаваньні розныя. Але з гэтымі жанчынамі я ня маю нічога супольнага, бо яны многа старэйшыя за мяне.
А ў Беларускі Клюб Вы адразу пачалі хадзіць, адразу калі толькі ён стварыўся?
Так. Я была цэлы час сябрам Клюбу. Мае ж браты былі вельмі актыўныя: старэйшы быў скарбнікам 25 гадоў, а сярэдні Мітрафан — быў дырэктарам і гаспадаром таксама якіх 25 гадоў. Але цяпер так адзін і другі хворыя, то яны толькі сябры Клюбу. Раней мы як зьбіраліся, то заўсёды стол мелі. І жанчыны кожная сваю чаргу мела, як варылі й прыбіралі. А цяпер старыя ўсе й задалёка ехаць, асабліва мне — 45 хвілінаў. А трэба ехаць раненька, каб усё зрабіць. То мы цяпер жанчын наймаем: хто хоча зарабіць — прыходзіць варыць, а мы плацім. Ім даюць па 50 даляраў за дзень.
Зьбіраліся мы на ўсе беларускія сьвяткаваньні. На ўсе, якія ёсьць, і нават на Новы год мы зьбіраемся, на Вялікдзень таксама. Гэта адзінае месца, дзе мы зьбярэмся, нагаворымся. І прыходзіла нас шмат. Было больш як па 70 асобаў, а цяпер штораз меней, бо, пэўна, палова ўжо памерлі, або ў шпіталях, або ўжо застарыя й ня могуць машынаю ехаць. А ў нас мусіш мець машыну, бо як будзеш ехаць аўтобусам, то ніколі не заедзеш. Вось калі б мне адсюль ехаць цягніком, то трэба яго потым зьмяняць, другі цягнік браць і ехаць у Файрфілд, дзе Клюб. Гэта зойме дзьве гадзіны. Таму мусіш машыну мець. А як чалавек старэйшы, ён ня можа сам машынай ехаць. І што ў нас шкада — вельмі многа жанчын старэйшых ня могуць машынай ехаць. І машына ёсьць, а яны не вучыліся самі на ёй езьдзіць, бо прыехалі сюды ўжо зь дзецьмі. Пакуль для дзяцей працавалі — машыны ня мелі, а як да машыны дайшло — то яны ўжо баяцца й спрабаваць. А я ж, нават муж хворы быў, а ўсё роўна магла ехаць сама, бо я адразу навучылася машынай кіраваць, як мне было 19—20 гадоў. Бо тады брат набыў машыну й мы езьдзілі ў поле вучыцца кіраваць.
Ці адчувалі Вы якую-небудзь розьніцу паміж Вамі й тымі больш сталымі беларускамі ва ўспрыманьні жыцьця?
Я больш прызвычаілася да новага жыцьця, я больш аўстралійка, чым яны. Іх жа болей цягне дадому ў Беларусь. Шмат з тых старэйшых жанчын разы па тры, па чатыры былі ўжо ў Беларусі. Таму што яны таксама маюць сем’і там, сёстры, браты. А ў мяне гэтага няма. Я ж вырасла ўжо тут, і ў Нямеччыне. І нават нікога з сваіх сваякоў у Беларусі ня ведала. Толькі што тата перапісваўся цэлы час, як ён жыў, а потым, як ён памёр, — браты перапісваліся, а тады я перабрала й фатаграфіямі мяняліся. А так не.
Але скажу, усё роўна цягне ў Беларусь, хоць была малая й раз толькі потым была, але было дзіўна ўсё пабачыць інакшае, як тут. Я там як паехала, шмат плакала, бо ўсё ж сваё… Але тут у Аўстраліі я — дома. Аўстралія — гэта ёсьць мая Радзіма. Я езьдзіла ў Беларусь, шукала свае карані. А як заехала, то адчула, што я там чужая. Неяк з стрыечнай сястрой мы былі ў Лунінцы. І вось мы чакалі на цягнік у Мікашэвічы, а я да яе гаварыла на беларускай мове, пэўна ж. І яна таксама, яна вельмі добра беларускую мову ведае, лепш за мяне, бо я ўжо забываю. А жанчына нейкая стаяла побач, слухала, а потым падышла да нас і па-расейску: “Прабачце, Вы з Польшчы?” — да мяне. Я кажу: “Не, я з Аўстраліі”. А яна неяк зусім дзіўна паглядзела й адказала: “Ну й дура”. І вельмі многа людзей мяне пыталіся: “Адкуль Вы? Чаму Вы гаворыце так?” І гэта было дзіўна. Сапраўды сэрца балела. Я паехала шукаць Беларусі, а знайшла Маскву.
Часта сучасныя жанчыны й у Аўстраліі таксама займаюцца найперш кар’ерай, а потым сям’ёй. У Вашым жыцці як было? Што для Вас было больш важнае?
Ведаеце, гімназію я ня скончыла, а ўсе мае каляжанкі, для іх галоўнае — гэта было выйсьці замуж. То й я ніякай кар’ерай не цікавілася, бо адукацыі ня мела. То й выйшла замуж. З каляжанак, што з майго году, усе гэта зрабілі. Нават некаторыя прыехалі ўжо зь Нямеччыны разам. А вось ужо дзеці нашыя іншыя... Мая дачка Сузана, ёй 39 і яна яшчэ ня замужам. Яна настаўніца, скончыла ўнівэрсытэт. У яе ёсьць хлопец, але мусіць ніколі замуж ня выйдзе, бо ўжо заручаныя два з паловай гады. Усё кажа: “Я маю час, маю час, няма куды сьпяшацца”. І для беларускіх жанчын, якія сюды прыехалі, гэта было галоўнае — сям’я.
А бацькі з Вамі па-беларуску размаўлялі?
Так. Мы заўсёды тут па-беларуску. У нас у хаце ўвесь час была беларуская мова, пакуль жылі бацькі. Нават мой сын маленькі гаварыў на беларускай мове. А тады як баба й дзед памерлі, перайшлі зусім на ангельскую мову. І цяпер я са сваімі дзецьмі гавару па-ангельску.
Вы сябе адчуваеце аўстралійкай?
Так, я сябе адчуваю аўстралійкай. Асабліва калі наведвала Беларусь, адчула сябе аўстралійкай. І цяпер паміж аўстралійцамі я сябе адчуваю аўстралійкай. Але мы заўсёды зьбіраемся асобна, усё роўна, ці ты ўкраінец, ці ты расейка, мы заўсёды трымаемся разам, бо мы ёсьць “форынэрс” — чужынцы. Мае дзеці гэта ўжо сапраўдныя аўстралійцы. І хоць я ангельскую мову цяпер ведаю вельмі добра, але акцэнт у мяне ўсё роўна інакшы, не аўстралійскі.
Спасылкі:
325 Размова запісаная 03.04.2003 у хаце спадарыні Лізы ў Сыднеі. Адметнасьць гэтага інтэрвію ў прыгожай беларускай мове, якою размаўляла жанчына, і поўных, лягічных адказах на пытаньні.
