МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ларыса Геніюш // Юрэвіч Л. Камэнтары

Аўтар: Юрэвіч Лявон
Кнiга: Юрэвіч Лявон. Камэнтары. Менск 1999
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Ларыса Генiюш

Ах, якое бывае жыцьцё часам нецікавае,
але быцьшляхотнымі людзьмі і беларусамі
ніхто ніколі нязможа нам забараніць. 
 
(Зь ліста Л. Геніюш 
Юзэфе і Чэславу Найдзюкам
ад 4 верасьня 1975 году)

Жыцьцё Ларысы Геніюш склалася незвычайна. Яна ня выехала на Захад у эміграцыю з Прагі (хаця мела та­кую магчымасьць), адбыла гады ў канцэнтрацыйных са­вецкіх лягерах — і адмовілася стаць грамадзянкай БССР (выпадак выключны для таго часу). На сваёй зямлі пад Саветамі яна была «ні госьць, ні гаспадар».

З паваеннай беларускай эміграцыяй Л. Геніюш захавала трывалыя сувязі — не на адзін год. Амаль да апош­ніх дзён жыцьця яна ліставалася з суайчыньнікамі на чужыне. Гэта Вітаўт Тумаш у Нью Ёрку, Юзэфа й Часлаў Найдзюкі ў Каліфорніі, Вера й Міхал Махначы ў штаце Іліной, спадарства Ніканаў, Зіна й Алесь Каднякі (паэт Алесь Салавей) у Аўстраліі... Дзясяткі вершаў Л. Геніюш, напісаных у 70-я гг., дасылаліся на Захад, беларусам у Брытанii й Нямеччыне, Канадзе й ЗША, і лепш за ўсе іншыя доказы даводзяць: можна было пісаць, пры любой уладзе, і нават ня толькі ў шуфляду. Адзін з такіх вершаў, напісаны 22 кастрычніка 1970 г., прысьвечаны В. Ту­машу:

Вітаю Вас, Сябра, праз тысячы вёрст,
як заўсёды ад шчырага сэрца.
— Часам пазнаеш, адчуеш кагосьць
i ўжо не забудзеш да сьмерці...
Першыя вершы мае — жураўлі,
дзякуюць Вам за апеку,
дзякуй за тое, што другам былі,
што заўсёды былі чалавекам!
Калі мой жыцьцёвы завузіўся круг,
трагічнай ліхой няўдачы,
я верыла — сьледу шукаціме друг, 
застогне, калі не заплача.
Загублены ў далях марозных, гусьляр
пад тленьне нямых спадзяваньняў,
я бачыла месяца роднага твар
ў паўночным разбрызганым зьзяньні.
Лягчэйшая ноша адчайных гадзін,
няміласьць суровага лёсу,
калі не забыты, калі не адзін,
калі ёсьць на сьвеце сяброўства!
Нічога, мой Дружа, што не маладосьць,
што не зара, а сутоньне,
што рук маіх сёньня, прамерзлых наскрозь, 
не пакласьці на Вашы далоні.
Гадоў каляровых ня вернеш назад,
ўжо восень жыцьцём нашым правіць,
— красуе няхай залаты лістапад,
як некалі сонечны травень.
I хоць ужо 60 на нашым вяку,
жывём для Радзімы аднойчы,
таму гэта толькі пачатак шляху,
калі шлях гэты дзейны і творчы!

Сёньня тыя вершы ашчадна перахоўваюцца не ў адной сям’і беларусаў на эміграцыі. Частку свайго ліста­ваньня былыя рэспандэнты перадалі ў БІНІМ.

Выняткі зь ліставаньня Ларысы Геніюш

Жывем мы ў старой хаце мужавых продкаў. Кнігі, сувэ­ніры, дываны і часам добрыя людзі і лісты ад дарагіх і далё­кіх сяброў ды ад сына. Змухлявала б, калі б сказала, што жывецца лёгка. Маё мінулае, ды і сучаснае, у многім не гар­манізуе, толькі я інакшай не магу быць! (3.08.1970)

Прывітаньні Вам ад восені нашай, ад бульбянішчаў, маладзенькіх лясоў, першай руні і ад нашых сэрцаў. Жывем мы добра, хата старая вельмі, але свая, стол не пусты, хоць кішэні то часта. Жаль толькі, што мы далёка ад унукаў і ад­ныя тут, як ваўкі [...] У нас тут няма сваякоў, і мы самыя, а сябры ня ўсе мяне любяць, бо я чалавек ня вельмі паслухмя­ны і верабей стары. Люблю, што пазытыўнае, але што не ад­павядае маёй беларускай, чалавечай душы, я ніколі не пага­джуся з тым — і тут уся бяда. (20.10.1970)

Я была ў Вільні. Хавалі А. Клімовіча. Хавалі ўрачыста літоўскія ксяндзы. Вазілі яго аж у Клюшчаны на Сьвяньцян­шчыну, бо ён хацеў быць пахаваным ля свае маці. [...] З на­шых малодшых не было нікагутка. [...] Хавалі моўчкі. Я не была прыгатаванай, каб гаварыць, і калені неяк мне дрыжа­лі, але кораценька і цьвёрда ўсё-ж сказала пару словаў. [...] Божа, я ж ня ведала, што была там я такая адна. [...] А ён аж да апошняга дня жыцьця думаў пра свой народ, нешта ўсё хацеў зрабіць для яго культуры, нешта рабіў. (7.12. 1970)

А Вільня маладзец, будуецца на дзіва, толькі яна ўжо поўнасьцю літоўская! Іх там так многа ўжо! Схапілі гэты цу­доўны горад аберуч, упіліся ў яго, як кляшчы, хоць не буда­валі яго, і ўсе там цяпер, як чужынцы, хто не літовец. Трэба прызнаць, што працуюць яны талкова, дружныя вельмі, разумныя для сябе [...] Усё наша зьліквідавалі, але ня тую праўду гістарычную, дзеля якой яны так і намагаюцца. Толь­кі праўды ня зьменіш. (7.12.1970)

У Паланзе, у бібліятэцы, муж папытаўся беларускіх кні­жак ці журналаў. Яму няветліва адказалі, што беларусы ад свае мовы адмаўляюцца. На што ён ім адмовіў: «Гэта ня­згодна з праўдай. Мы ня толькі не адмаўляемся ад сваей мовы, але не адмаўляемся і свае старой сталіцы...» Ён там ледзь не біўся зь імі і казаў, што не паедзе болей туды [...] Доля ўсё адбірае ў нашай бацькаўшчыны шчырых сыноў, увесь час, як толькі запомню. А не зрабіць нічога для свайго народу — ня варта жыць. [...]

Трэба прывучаць дзяўчатак да хатняе працы, да клопату аб сям’і, аб эстэтычным выглядзе кватэры, адзеньні і г. д. Якая б спэцыяльнасьць не была ў жанчыны, але нішто так не патрэбнае як гаспадарнасьць, мацярынства і жаночая цеплыня ў хаце. Трэба любіць і шкадаваць сваю маму, у якой столькі клопату, столькі працы. Гэта вялікая радасьць дапамагаць сваёй Маці і наагул радасьць некаму памагчы ў працы. (30.03.1971)

Апошні час мяне падводзіць здароўе. Воля мая чалаве­чая трымаецца, але здае маё сэрца. Гэта нармальна. Ста­расьць. (1.04.1971)

Моцна ў нашых людзях закаранілі тую «польскую» і «рускую» веру, паводле якой і пішуць нацыянальнасьць. Практыкуецца гэта і сяньня і амаль «благаслаўляецца». Гэтага несуразнага пытаньня нат’ парушыць нельга. Ды ўсё­роўна ў сьвятынях няма нашай мовы. Яна яшчэ па сёлах. [...]

А моладзь сёньня кудлатая і барадатая ўсюды. Гэткія і ў нас. Калі я была ў Варшаве, дык трудна было часам адрозь­ніць хлапца ад дзяўчыны і наадварот. Дэгэнэруюцца яны нейк і духова. Але ёсьць і добрая моладзь, якая і думае і ад­чувае адказнасьць за заўтрашні дзень. Яны то ўсе перабурац­ца з часам. Гэта амаль нармальна. Жыцьцё даволі сумнае, дык хоць вопратку прыдумаюць як атракцыю. [...]

Часам наглядаю, што нашая народная культура этычная — вялікая культура. Упартыя мы, дык можа што зь яе і за­хаваем. Думаюць людзі. (2.04.1971)

Бацькі мяне вучылі праўдзе, літасьці, дабраце, гасьцін­насьці, чэснасьці. А жыцьцё расшырыла гарызонты ў другім напрамку, зь якога таксама на крок не змыляю. Сказаць, што мне трудна, — гэта слаба сказаць... адным словам, я жыву, працую каля дому, і толькі вельмі мне адзінока і бес­канечна сумна. [...]

У нас малое мястэчка, як цяпер — «городской посё­лок», так што ў нас яшчэ чутно родную мову між людзьмі, якія зь сяла. З намі таксама ўсе стараюцца гутарыць па-беларуску. Іначай запануе адна мова, адна «культура». (2.11. 1971)

Працую крыху над невялікай паэмай аб Ефрасініі Пола­цкай. Так, як напісана, пэўна, не надрукуюць, а іначай ніяк нельга: не абмінуць уплыву вялікай ідэі, якая пакінула моц­ны ўплыў на гэтых усіх стагоддзях. (28.11.1971)

А «Песьняры» пяюць хораша! Яны захоўваюць да тон­касьці наш калярыт, і музыка ў іх на розных нашых і старых інструмэнтах, ёсьць нават ліра! [...] «Песьняры» кранаюць душу, беларускую душу, дык наскрозь. Яны адчуваюць песь­ню, многа працуюць над ёю, і мы ўсе іх вельмі любім. (21. 12.1971)

У нас недзе ў 68 годзе ў Зэльве быў хор Рыгора Шыр­мы, але безь яго. Я пазрывала ўсе мае тульпаны для іх, але было мне балюча, калі хацела пагутарыць зь імі, і ніхто, але то ніхто зь іх ня ўмеў па-беларуску. Муж зь некім гутарыў, а мне зрабілася да сьлёз няёмка. Нечаму здавалася, што прыгожыя салісткі, якія так хораша заводзілі нашыя народныя песьні, павінны ўмець хоць прывітацца, як наш народ. Самога Рыгора Шырму я бачыла толькі ў тэлевізары, як нядаўна яго віталі з васьмідзесяцігоддзем. Было гэта вельмі хораша і ўрачыста. Ларыса Александроўская, Генадзь Ціто­віч, Ігар Лучанок нават выступалі на роднай мове! (29.01. 1972)

Паэту, мусіць, трэба, каб яго чыталі, друкавалі, крыты­кавалі і падтрымлівалі. Калісьці ў маладосьці, за Польшчы, я пісала для сябе асабіста. Было сумна, дык усё перачытвала. Загінулі недзе тыя мае вершы. У мяне наагул многа чаго ў жыцьці загінула. (19.06.1973)

Хварабліва не пераношу няяснасьці ні ў жыцьці, ні на працы. (11.03.1974)

Што да «Вершалінскага раю», дык гэта амаль дакумэн­тальная аповесьць. Нажаль, такое было. Мы крыху гневаліся на Карпюка, што ён так рэалістычна вывалак на сьвет не­прыглядны такі момант нашай падняволенай мінуўшчыны, але пасьля згадзіліся. Мова аповесьці сочная, ды і факты сякія-такія цікавыя. Аднойчы нат’ адзін дзядзька папраўляў печ, і з гутаркі ўспомнілі Грыбава і таго Гальяша. Дзядзька шчыра закляў яго, бо некалі яго жонка так захапілася гэтым «прарокам», што пакінула пяцёра дзяцей і так і засталася ў Гальяша. Яшчэ не так даўно адна бабка прыносіла мне газэтку па-расейску і якую яна хавае як рэліквію разам зь вераю ў таго Гальяша. Сам А. Карпюк са Страшылава (сяло на Беласточчыне), але мова там, як і ў нас: «наеўса, напіў­са», ды і сапраўды тыя праклёны аднолькавыя. Мы ж з Вамі некалі блізкія суседзі. Гэты Гальяш вырас на паднявольнай духовай нішчымніцы беларусаў, калі нават яго «вучэньне» прымалася людзьмі як нешта сваё. Падсьведама хацелася людзям нейкай «праўды», аб’явы нейкае. Так, гэта рэальнасьць, нажаль, і ясныя яе вытокі. Народ мусіць мець сваіх прарокаў, а Купала і іншыя яшчэ тады да людзей нашых амаль не даходзілі. (25.06.1975)

Мы доўга жылі на чужыне, і заўсёды мілым было для нас разумнае, роднае слова. (20.03.1976)

Палякі нічога не забыліся і нічога не навучыліся за гэты час крывавай гісторыі. Ім здаецца, што нас наагул не павін­на быць на нашых землях... Чыста «славянская» палітыка «братэрства і роўнасьці»... Лінія ўраду іншая, але ня ўсе там жывуць паводле гэтай лініі. (30.08.1976)

Чалавек толькі і жыве, пакуль працуе і бачыць вынікі сваёй працы. А век, старасьць — гэта не перашкода, каб быць сапраўдным чалавекам і пакінуць добры і трывалы сьлед на зямлі. Асабліва, калі гэты «сьлед» чалавечы так па­трэбны. (27.03.1977)

Мы ведаем, як дарагая і родная кніжка сярод чужых людзей, бо самыя доўга жылі на чужыне. Часта ўспамінаюц­ца тыя часы, часам з жалем, часам з любасьцю. (5.04.1977)

Наш маральны абавязак пасылаць дарагім суродзічам роднае слова з Бацькаўшчыны. (18.07.1977)

З болем заўсёды ўспрымаем весткі аб сьмерці нашых дарагіх, харошых людзей і тут, і ў вас. Добра, што хоць ёсьць, расьце моладзь. (30.08.1977)

Мы хацелі б, каб Ядзя ня вельмі сьпяшалася замуж і выбрала сабе якога спраўнага беларуса, бо супольныя інта­рэсы і зацікаўленьні ў жыцьці — гэта палова шчасьця! Калі не, дык хоць сапраўднага дзельнага і талковага амэрыканца, каб і сваё любіў, і шанаваў чужое. (18.07.1978)

А Вам далёка ад Бацькаўшчыны хочацца паслаць хоць роднае друкаванае слова ці краявід. (11.03.1979)

Шчыры дзякуй Вам за Вашыя спачуваньні з прычыны сьмерці сьвятой памяці майго мужа. Толькі адным пішу Вам, бо боль не сьціхае, а робіцца глыбейшым, як і маё гора і лёс зусім адзінокага чалавека, бо па сьмерці Яначкі я ніко­га тут, сказаць, ня маю. Людзей шмат добрых, спагадлівых, простых нашых, з сапраўднаю яшчэ культураю нашых дзя­доў, але і яны маюць свае сем’і і свае клопаты. [...]

Галоўнае, што прыехалі дзеці і ўнукі. Усё забылася сумнае, што нясе з сабою нялёгкае жыцьцё і хвароба, і ў памяці толькі вялікая любоў, якой ня вернеш. [...] Было многа кве­так і многа людзей, бо лекар і чалавек быў ён добры. Крыху я была аслабла і раскісла, але зноў я раблюся злая, як воўк, і нікога і нічога не баюся! Неяк дам сабе рады. (30.03.1979)

Простыя нашыя людзі, суседзі і сваякі мужа часам аж узварушліва апякуюцца мною. Нават іх дзеці. Яны ведаюць, як я адна і як мне бывае цяжка. Нікога з нашай інтэлігенцыі ці даўніх нашых знаёмых за гэты час і не бачыла. Я іх разумею, не гневаюся, але прыкра ўжо нават аб іх успамінаць. Люблю ўсё жыцьцё людзей адважных і чэсных, незалежна ад іх пераконаньняў палітычных. Люблю людзей добрых. (18. 09.1979)

У нас тут няма сапраўды інтэлігентных людзей. Ёсьць людзі з асьветай, як рамесьнікі, абмежаваныя толькі вузкай галіной сваёй спэцыяльнасьці. Мне болей падабаюцца сар­дэчныя, простыя нашыя людзі, якія не пакінулі мяне ў бя­дзе. (8.11.1979)

Жыцьцё маё надта скамплікаванае, але я ўсё тая ж, простая і разам складаная беларуская душа. Найбольш не­навіджу ў сьвеце хлусьні і двулічнасьці. Яшчэ ненавіджу бес­чалавечнасьці. Люблю чэсных, ахвярных і адважных людзей, якіх бы перакананьняў яны ні былі. Праўда, у нашых тут адно ва ўсіх перакананьне, але бывае, што і цьвярозы розум часам загаворыць. Жыцьцё не стаіць на месцы, і касьмічная эра вымагае іншага маштабу думак і назіраньняў.

Жыць засталося мала, і галоўнае ёсьць тое, што ўжо было. Мала зроблена, але ўжо зроблена нешта на мілай ніве нашай народнай культуры. Ня ведаю, ці яшчэ давядзецца болей зрабіць. У мяне свае, правераныя нялёгкім жыцьцём вартасьці і сьвятасьці. Галоўнае ў іх, што людзі павінны быць людзьмі, ня толькі імі звацца. (8.11.1979)


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by