МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Пакараны вершам: Алесь Салавей // Юрэвіч Л. Камэнтары

Аўтар: Юрэвіч Лявон
Кнiга: Юрэвіч Лявон. Камэнтары. Менск 1999
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Пакараны вершам: Алесь Салавей

Нечакана парвецца жыцьцё, больш ніколі яно не ўваскрэсьне.
Колькі думак нязбытых бярэ да сябе падысподная цьма!

Алесь Салавей. Максіму Багдановічу

«Вучань Максіма Багдановіча, мастак нятускнае красы, наш салавей...» Такім зь лёгкае й разумнае рукі Антона Адамовіча, аўтара найбольш грунтоўнай і глыбокай працы пра Алеся Салаўя,[1] якая й па сёньня зьяўляецца першакрыніцай — ня толькі фактаў, але і ідэяў — для кожнага, хто б ні пісаў пра творчасьць паэта,[2] — увайшоў у беларускую літаратуру й сьвядомасьць чытача А. Салавей. Так і мы называем яго сёньня, прыўносячы ў гэтыя найменьні й сваё разуменьне паэзіі Салаўя.

Бадай што гётэўская сузіральнасьць, сьвядомая адме­жаванасьць ад віру падзей. Імкненьне да адпаведнасьці клясычнага верша клясычнасьці жыцьця...

Сапраўды, такім і паўстае паэт са старонак сваіх кніг. Але за клясычнасьцю й сузіральнасьцю паэтычных радкоў крыецца трагэдыя чалавека...

Пачынаў Алесь Салавей (сапраўдн. Альфрэд Радзюк), як усе, ці, прынамсі, як большасьць:

«Студэнты Беларускага Пэдагагічнага Тэхнікуму ў Менску прыехалі з розных куткоў Беларусі, пераважна зь вёсак. Усюды чулася беларуская гаворка, дух ува ўсіх быў чыста беларускі. І калі ў 1939 г. прайшла чутка, што хочуць замя­ніць выкладаньне прадметаў зь беларускай мовы на расейскую, усе студэнты страшэнна абурыліся. У клясах адкрыта выступалі, маўляў, як гэта так: Беларускі Тэхнікум, у цэнтры Беларусі, а выкладаць хочуць па-расейску! Я ня ведаю, ці тое дапамагло, ці што іншае, але-ж далей выкладаньне ішло выключна па-беларуску — аж да пачатку вайны.

Было ў Тэхнікуме на той час некалькі прафэсараў (як Пратасевіч, Гурыновіч, Чайко), якіх студэнты вельмі любілі, проста адчувалася штосьці роднае, беларускае ў іх.

Вось у гэтай атмасфэры знаходзіўся і Алесь Салавей. Ужо зь першага курсу ў 1938 г. яго вершы пачалі зьяўляцца ў насьценнай газэце, вядома, па-беларуску».[3]

Год першага верша быў і годам арышту бацькоў — годам духовага злому. Арышт бацькоў паэта, па сьведчаньні Зінаіды Кадняк, жонкі Салаўя, падбіў яго на ўсё жыцьцё. Было яму ўсяго 16. Наступныя гады да эміграцыі — у перадваеннай «ліхаманцы будняў», у ваенным ліха­лецьці, калі няма часу на роздум ды развагі, калі рэфлек­сіі саступаюць месца рэфлексам. І толькі на пачатку эмі­грацыі, у лягеры ДП прыходзіць час роздуму, асэнсавань­ня свайго выбару, страх за будучыню. Тузін лістоў Алеся Салаўя,[4] адрасаваных у 1946—48 гг. доктару Вітаўту Тумашу,[5] сьведчыць пра гэта.

1946 год паэт правёў у Зальцбургу. Тут ён ажаніўся, тут нарадзіўся ягоны першы сын — Міхась. Гэты час быў самы плённы ў творчым вымярэньні. Здавалася, адначасна са свабодай павінна было прыйсьці шчасьце. І разам з тым: «Маё асабістае жаданьне — выбрацца любой цаной з Аўстрыі ў Нямеччыну. Хоць і ў Нямеччыне спаткаюся зь перашкодамі на сваім жыцьцёвым шляху, але разам са сваімі людзьмі, мабыць, лягчэй будзе перамагаць гэтыя перашкоды» (4.11.1946).

Побач не было духоўна блiзкiх людзей. Пэўна, ужо ў той час зразумеў, што ажэнства было памылкаю й зрабіла няшчаснымі адразу траiх: яго самога, жонку й Аўгена Ка­валеўскага. Нараджэньне сына не абудзіла бацькоўскіх пачуцьцяў, ня зблізіла з жонкай.

Усё, што заставалася, што трымала й пераймала, было зьвязана зь беларускаю грамадою:

«Радуецца сэрца, што наша беларуская справа не замі­рае, што, паводля магчымасьцяў, робіцца ўсё добрае і кары­снае. [...] Шчыра прызнаюся: мне вельмі цяжка напісаць Вам аб беларускім жыцьці ў Аўстрыі, бо, праўдзіва кажучы, няма аб чым пісаць. Адзінае, чым можна пахваліцца, — гэта нашы такія-сякія выданьні. У Аўстрыі знаходзіцца тэарэ­тычна 5000 беларусаў, практычна — чалавек 300. Што да тэарэтычнай і практычнай колькасьці — частка з былое Польшчы, а частка — пераважна зь Віцебшчыны ды Сма­леншчыны. Праз рэгістрацыю, праведзеную летась Беларус­кім Таварыствам у Зальцбургу, прайшло 315 чалавек. У са­мым Зальцбургу пашчасьціла нам згуртаваць мала ня 200 чалавек. З такой колькасьцю асобнага беларускага лягеру стварыць не давялося. Цяпер бальшыня з гэтых людзей разьехалася і засталося трошкі больш за паўсотню. Чалавек пятнаццаць умее гаварыць па-нашаму, астатнія шчыра пры­знаюцца, што яны — беларусы, але па-беларуску гаварыць ня ўмеюць.

З нашай інтэлігенцыі ва ўсёй Аўстрыі — чалавек 6—7. З добрай інтэлігенцыі — чалавекі чатыры. Астатняя коль­касьць — работнікі і сяляне. Каб было тут больш нашай інтэлігенцыі і каб было каму арганізаваць нашых людзей, тады былі-б і нашы лягеры, а каб былі лягеры, інакш вы­глядала-б і ўся справа. Мы яшчэ летась білі трывогу і ў Мюнхэне, і ў Рэгенсбургу. Нічога не памагло. Нас, трох чалавек, сумела навязаць зь імі лучнасьць, а яны, сотні, яшчэ да гэтага часу ня сумелі зрабіць гэтага. [...]

Мне пашчасьціла адведаць ангельскую і французскую зоны Аўстрыі. У Вільляху ў польскім лягеры жыве 200 бела­русаў. Я затраціў мала ня тры дні, каб знайсьці там хоць ад­наго беларуса. Урэшце я выпадкова спаткаўся зь мянчані­нам, пабраным зь беластачанкай. Жонка мянчаніна ўзьняла крык, чаму ейны мужык гаворыць зь незнаёмым чалавекам «у кітайскай мове». Муж не паслухаў сваёй жонкі. Ён паказаў мне кватэры, у якіх жылі людзі з Баранавіччыны, са Слонімшчыны, зь Белавежы. Ніхто ня прызнаўся, што ён беларус, і ніхто ня прызнаўся, што ён умее гаварыць па-беларуску. Ня гледзячы ні на што, я пакінуў людзям адрас нашай рэдакцыі. Ніхто нічога не напісаў і не падпісаўся на газэту. Вось да чаго давялі людзей страх перад рэпатрыяцыяй і наагул палажэньне ў Аўстрыі. Калі ўспомню аб гэтым — не магу стрымаць сваёй болесьці. Людзі на вачах адракаюцца ад свайго сапраўднага нацыянальнага імя. А ў французскай зоне я спаткаў беларусаў, якія ўважаюць сябе за расей­цаў і якія страцілі ўсякую людзкасьць, і за кажную спробу пераканаць іх можна атрымаць, прабачце, па мордзе.

У нас праводзіцца запіс на выезд у Аргентыну. Першы транспарт мае адысьці праз паўтара месяца. Я не запісваюся. Вы самі добра ведаеце, як цяжка выязджаць за край сьвету з чужымі людзьмі. А можа нашы людзі з Баварыі выедуць да Аўстраліі? Дык тады мне паміраць у Аргентыне сярод чужых людзей?

Вельмі паважаны спадару доктару! Маю да Вас просьбу. Ці не маглі-б Вы мне дапамагчы пераехаць да нашых людзей у Баварыю? Я магу выехаць і ў ваш лягер, у ангельскую зону. Мяне ня цікавяць лепшыя жыцьцёвыя ўмовы, і я на іх не спадзяюся. Я падрыхтаваны да найгоршых цяжкасьцяў і ўмоваў. Я толькі хачу аднаго — трапіць да сваіх людзей. А разам са сваімі людзьмі я пайду куды хочаце, хоць і ў пекла. А з чужымі і ў рай не хачу ехаць. [...]

Будзьце ласкавыя, станаўлюся на калені і прашу Вас, не адмоўце маёй просьбы. Няхай ня дасьць Бог спаткацца Вам зь немагчымым. Дапамажыце мне — гэтым самым выратуеце маё жыцьцё. Я спадзяюся яшчэ пажыць трошкі, і колькі буду жыць, буду ўдзячны Вам і буду маліцца за Вас перад Богам» (14.12.1946).

У той самы год дваццацічатырохгадовы паэт піша верш, які называецца «Employ»:[6]

Ня жыцьцё, а пекла. На кватэры
Вось ідзе яно — сьвятло й цяпло.
А ў маіх пасьпісаных паперах
Піша й піша строгае: «Employ».
I цікавіцца: ці ёсьць я ў хаце?
Што раблю? Нічога не раблю.
Буду рад калодкам і лапаце,
Буду рад капейцы і рублю.
I старанна я на гідкіх малпаў
Буду гнуцца ў холад і ў сухмень.
Пот пральлю, ахвярай стаўшы гвалтаў.
З ног скалечаных — крыві струмень.
Напісаў-бы сотню я паэмаў,
Тысячу-б я вершаў напісаў,
Каб жыцьцёвых нудных тэарэмаў
Цень-сьцігун за мною не гайсаў.
Змог-бы, збочыўшы хаос сусьветны,
Па нязьезджаных ісьці шляхох.
Быў-бы я вялікі і славуты,
Несьмяротным нават быць-бы мог.
А цяпер — нішто. Есьць косьці шашаль.
Рад жывот вадзе — бы малаку.
Грудзі рве сухі, калючы кашаль,
А іду — ледзь ногі валаку.
Добрая сучаснасьць не ў кватэру
Жыць мяне ўсадзіла, а ў дупло.
I ў маіх нясьпісаных паперах
Запісала строгае «Еmploy».

В. Тумаш рабіў — наколькі гэта было ў ягоных сілах — адпаведныя захады, якіх, на жаль, было недастаткова. Алесь Салавей працягваў пісаць, прычым ня толькі вершы — напісаў два разьдзелы аповесьці «Пад нагамі гарыць зямля», але, як сам прызнаваўся, не было ні ўмоваў, ні крыніцы натхненьня: «Адсутнасьць магчымасьці працаваць на карысьць таго, чым жывеш, — трагедыя, ведама, ня толькі адзінкаў, але дзясяткаў і сотняў, а разам — і ўсяго народу» (12.02. 1947).

I тут жа, быццам спалохаўшыся, што сказаў зашмат, што ягоныя словы могуць быць перакручаныя, вытлумачаныя інакш, горача, нэрвова (згадаўся 1938-ы?) сам тлу­мачыцца:

«Я гавару пра ўсё, што думаю, шчыра і адчынена, не затушоўваючы нічога штучнай напышлівасьцяй і туманам фальшывай бадзёрасьці. Гэта, зразумела, не павінна быць падставай да таго, каб думаць, што я — бедны й нешчась­лівы, няздольны да жыцьця. Наадварот, я шчасьлівы, бо я жыву, змагаюся за жыцьцё, перамагаючы перашкоды, не замоўчваю іх, і гэта дае мне больш сілаў да змаганьня зь імі. І тады адчуваеш, як спадае са сьпіны цяжар, як зьяўляецца натхненьне да працы, да творства. І хоць цяпер у нас яшчэ больш пагоршала, хоць на душы пацяжэла, а ў жываце (ён, зразумела, на заднім пляне) папусьцела, я паўтараю ўсьлед за Вамі Вашыя словы: раней-пазьней спаткаемся ізноў усе разам на сьцежках-дарожках вялікага сьвету!» (12.02.1947).

Пра якія складанасьці піша Салавей, якія перашко­ды? Што напаткаў ён такое ў Аўстрыі, чаго ня зьведалi астатнія ў Нямеччыне? Так, не было працы, неставала харчаваньня, але хіба хто разьлічваў на іншае? Чаму ў наступным лісьце ён піша: «Сам я цікавых навінаў ня маю. Думкі аб самагубстве робяцца ўсё больш і больш актуальнымі» (23.02.1947). Адчуваецца, што Салавей губ­ляе веру ў рэальную магчымасьць перабрацца да сваіх. Адзінота й страта хоць нейкай надзеі на выезд — ці ня ў гэтым прычына?

«Шмат чаго зьіначылася ў нас ад таго часу, калі я атрымаў пасьведчаньні аб тым, што ў Вашым табары жывуць бацькі маёй жонкі. Калі ў той час такія паперкі з амэрыканскае зоны вельмі добра маглі дапамагчы ў выезьдзе адгэтуль, дык цяпер нішто ня можа дапамагчы. Цяпер справа ўсіх нас даволі беспасьпяхова вырашаецца ў Маскве. Ува ўсякім разе тут нас не пакінуць. Нас куды-небудзь вывезуць або выганяць. У вадваротным выпадку самі людзі рынуцца на злом галавы. Мне засталося пакінуць ранейшыя думкі, што да выезду, і падрыхтаваць сябе да ўсяго, што чакае наперадзе. Цяжка будзе, калі не давядзецца далучыцца да сваіх людзей. Гэта будзе трагедыяй для мяне.

Зь іншага боку, Нямеччына — адзіная краіна, на пася­леньне ў якой я магу разьлічваць, каб прадаўжаць сваё існа­ваньне. Трошкі надзеяў маю і на Францыю. Ні ў якую іншую краіну я не змагу выехаць, бо ніякая іншая мяне ня возьме з прычыны майго здароўя. А таму заставацца ў Аўст­рыі ўбаку ад свайго гурту я не магу і не павінен заставацца. Чакаю і буду чакаць таго, што прынясе мне мой лёс» (3.04.1947).

Жыцьцё ўскладнялася i канфліктамі, непаразумень­нямі між сваіх, у асяродзьдзі той «добрай інтэлігенцыі», якой так неставала паэту. А. Салавей разам з А. Грыцу­ком і Ўл. Дудзіцкім выдаваў часапіс «Пагоня».[7] Пасьля выхаду чацьвертага нумару паўсталі вострыя разьбежна­сьці між супрацоўнікамі, у выніку якіх улады забаранілі распаўсюджваць часапіс па-за тэрыторыяй лягеру. А тут яшчэ выявілася нястача грошай, выкліканая малой колькасьцю падпішчыкаў. Паміж Салаўём і Дудзіцкім адбылася непрыемная размова з узаемнымі абвінавачваньнямі ў спрычыненасьці да заняпаду беларускага жыцьця ў Заль­цбургу. У выніку часапіс спыніў сваё існаваньне.

У той жа час Салавей скончыў паэму «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі», у якой выявiў перажываньні Ўсяслава Чарадзея — палоньніка. Зьяўленьне паэмы супала зь пікам змаганьня «крывічоў» з «зарубежнікамі». У шэрагу беларускіх лягераў ДП прыхільнікі «крывічоў» палілі паэму, не прачытаўшы яе, не зразумеўшы, з-за аднаго толькі прысьвячэньня Віцьбічу, на той час вельмі актыўнаму ў палітыцы, аднаму зь ідэолягаў зарубежніцтва. Усё гэта паглыбляла духовы надлом паэта.

«У Койданаве жыў Радзюк Альфрэд і ня было там Салаўя Алеся», — сказаў паэт у адным зь вершаў.[8] І вось чарговы ліст да Тумаша:

«Калісьці ў маленстве, вывучаючы геаграфію, я лятуцеў аб замежных і заморскіх краінах, што паўставалі ў маіх уявах у поўнай велічы сваёй і красе, думаў пра стромыя Альпы, і найлепшым маім жаданьнем было пабачыць зманлівыя тады далёкія краіны, прыгажосьць іхнае прыроды і абвеяныя славаю помнікі іхнае мінуўшчыны. Сёньня я жыву каля тых самых, выпешчаных раней у думках, Альпаў. Але яны цяпер ня прывабліваюць маёй увагі, і ня цікавіць мяне краіна, у якой я жыву. Усё па­хмурнае, нуднае й халоднае, і да ўсяго я абыякавы... А сэрцу сьняцца аксамітныя раўніны роднае й каханае Койданаўшчыны, блакітная Вуса, каля якой працякалі найшчасьлівейшыя, хоць вельмі рэдкія й кароткія, дні маленства. Сьніцца задумна-ўважлівы і прыхільна-пры­ваблівы любы Менск, «беларускі Каўказ» — Лагойшчына зь сінявокаю Гайнаю, дзе адшумелі, хоць вельмі балюча й сурова, дні юнацтва.

Яна, адна-адзіная яна, Радзіма, стаіць у маіх вачох і ўдзень, і ўначы; я ўкленчваю штодня перад Ёю і малюся Ёй так, як умею. І ня бачу я ні асьнежаных Альпаў, і ня быў нават у тых ведамых сьвету мясьцінах, куды за вялікія грошы прыязджалі людзі з розных канцоў зямлі, каб пабачыць тое, што іх цікавіла, можа, больш, як некалі цікавіла мяне... Я не магу, паверце мне, не магу пабываць там, дзе трэба было-б пабываць. Кажная адведзіна якой-небудзь мясьціны яшчэ больш будзе распальваць мае ўспаміны... Можна закі­нуць мне празьмерную прывязанасьць да свайго грунту, якая вывела мяне з раўнавагі, пазбавіўшы і пачуцьця, і розуму. Але такое цьверджаньне было-б няправільным... Нялюдзкае існаваньне забрала ў мяне ўсё. Не змагло толькі забраць таго, на што нельга забыцца, чаго нельга забраць» (21.05.1947).

Алесь Салавей зноў шукаў працу. Прапанавалі зьбі­раць грошы зь лягернікаў (кожны з ДПістаў мусіў пла­ціць пэўную суму за сваё пражываньне). Ён адмовіўся, матывуючы тым, што лепей варочаць камяні, як займац­ца канцылярскаю працай. Наўрад ці гэта быў шчыры адказ: здароўе ягонае не дазваляла працаваць нават на зборы лекавых расьлінаў — настолькі пагоршылася. Ён спыніў свой выбар на мэблевай майстэрні, дзе выконваў розную дапаможную працу. Зарабляў 20 шылінгаў на ты­дзень. На тыдзень для ягонай сям’і, якая зноў павялічы­лася, каб выжыць, трэба было мець мінімум 23 шылінгі.

А людзі выяжджалі. Зьехаў у Вэнэцуэлю Дудзіцкі. Рыхтаваліся Грыцукі. Усё цяжэй пісаліся лісты — гэтая, па словах Салаўя, адзіная нітачка, што зьвязвала са сьветам, трымала на зямлі: настолькі мізэрным і нікчэмным бачылася ўласнае жыцьцё. Колькі лістоў было не дапі­сана, бо пачыналі душыць сьлёзы...

У 1947 г. Алесь Салавей пераехаў у другі лягер, у якім жылi пераважна летувiсы й латышы. Зь беларусаў — толькі сям’я Салаўя:

«Яшчэ раней, выязджаючы ў няведамы сьвет, я добра ведаў аб тым, што мяне чакае наперадзе. Я быў падрыхтава­ны да нямінучае й хуткае пагібелі, да пагібелі бяз катняе рукі над галавою, і гэты шлях для мяне быў выгаднейшы, чымся іншы шлях. З волі Божае жыцьцё маё склалася зусім інакш. Шлях да пагібелі не кароткі, а доўгі й вельмі складаны. Пры такім існаваньні ён разьлічаны на пэўны час. У ін­шым месцы, калі давядзецца выехаць, ён будзе яшчэ даў­жэйшы. І я часта думаю — ці ня лепш заставацца на месцы, спадзяючыся на пагібель хутчэйшую? На пагібель мізэрных астаткаў колішняга жыцьця, бо сам я, уласна кажучы, ужо загінуў, пазбаўлены магчымасьці працаваць на карысьць таго, з чым сэрца й розум.

Думкі — думкамі. Але гэныя мізэрныя астаткі — усё роўна нявольнікі свайго мізэрнага існаваньня. І хацелася-б ім хутчэй куды-небудзь паехаць, ды з малымі дзецьмі нікуды не бяруць. Нават у Чылі і ў Аўстралію» (16.11.1947).

Не, ня быў А. Салавей барацьбітом. Прызнаваўся: «Усё залежыць ад таго, што прынясе жыцьцё. Сам чалавек бязрадны нічым не дапаможа: ні ўпартаю працаю, ні заробленымі грашыма» (16.11.1947). Яму й выпрабаваньні цярпець лягчэй было ў гурце, разам, дзе адказнасьці ме­ней, дзе ня так цісьне цяжар рашэньня. Калі ж усе надзеі на пераезд у беларускі лягер зьніклі, калі ўсе навокал — добрыя знаёмыя й знаёмыя-ворагі, як Ул. Дудзіцкі, зьеха­лі, калі застаўся сам-насам, тады ўся роспач, жах, безвыходнасьць выліліся, не, хутчэй выбухнулі ў вершы, які рэдактар Ант. Адамовіч не ўключыў у зборнік «Нятускная краса» «дзеля ягонае нецэнзурнае лексыкі»:[9]

Блядзі

Тры вадаплавы адплылі
У далеч, далеч морскай гладзі.
А я застаўся на зямлі.
Паплыць хто здолеў? Хто? Вы, блядзі!
I ўноч, і ўдзень — пры ўсім, пры ўсіх —
Вы грэшным целам гандлявалі.
Народ, радзіму і сваіх
За хуй салдацкі прадавалі.
Цяпер — і гонар вам, і слава.
Вы ўсё займелі. Пакрысе
Вы дапаўзлі й да вадаплава.
Куды-ж, куды ўсе паплылі?
У цэнтр культуры, у Эўропу?
У вас жа пізды пагнілі —
Ябаць ня будуць там у жопу!

У 1948 г. Алесь Салавей атрымаў працу на будаў­ніцтве. Трэба было езьдзіць за 20 км ад дому, таму мог прыяжджаць дахаты адно на суботу-нядзелю. І хоць рада­ваўся самой працы, пісаў: «Іншым — лягчэй, яны па-за працай умеюць «камбінаваць». Мяне-ж Усявышні пакараў вершам» (19.05.1948).

Праз год паэт зь сям’ёю выехаў у Аўстралію. І на працяглы час нiбы згубіўся: не адпісваў на лісты, не да­сылаў свайго адрасу, не друкаваўся. Бадай адзіны, хто меў на той час кантакт з паэтам, быў Віцьбіч. Менавіта таму апошнi i браў на сябе справу абароны Салаўя (як некалі Салавей абараняў Віцьбіча, змагаючыся за сваю паэму «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі»), якому закідалася бязь­дзейнасьць у беларускай справе. У лісьце да С. Хмары ад 4.07.1955 г. Віцьбіч піша:

«Пераходжу да Алеся Салаўя. Перш за ўсё мушу зазна­чыць, што ён, як чалавек, бадай зусім пазбаўлены жыцьцё­вага гарту Ўладзімера Дудзіцкага. На ўсіх, хто зь ім блізка сутыкаўся, ён рабіў уражаньне кволасьці. Нават нягледзячы на свае часам вельмі гострыя памфлеты, прысьвечаныя «думніцам», да якіх ён і дагэтуль ставіцца з пэўнай засьцярогай. Салавей як паэта абраў сабе сугучны псэўдонім. [...]

Алесь Салавей шмат піша, але тымчасам для сябе, не для друку. Алесь Салавей па самай сваёй наскрозь паэтыч­най натуры ніколі ня станецца Альбэртам Кадняком вылучна. Тое-ж, што будуе для сваіх дзяцей дах над галавой, трэба ўсяляк вітаць. Мімаволі прыгадваецца, што падлетак Алесь Салавей вымаў з пятлі няжывым свайго дзеда, які забіў сябе пасьля ссылкі бальшавікамі Алесявых бацькоў. Таксама пры­гадваецца, па прыезьдзе ў Аўстралію Алесь Салавей на нейкі час псыхічна захварэў, а ў сувязі з гэтым патрабуе цяпер да­лікатнага падыходу з боку сваіх сяброў».[10]

У 1978 г. у лісьце да сям’і Найдзюкоў у ЗША Ларыса Геніюш пісала:

«Пра сьмерць сьвятой памяці Алеся Салаўя мы ведаем ад ягонай жонкі і сяброў. Жаль адносна маладога яшчэ паэ­та, адзінокага і абяздоленага Беларуса. Аўжо-ж, ня Ён адзі­ны... Некалі пісаў мне, што пакінуў Беларусь у 22 гады і на чужыне стаў ужо дзедам, гадуе ўнукаў. Няхай спакойна яму сьпіцца ў гэтай далёкай гасьціннай зямлі».[11]

Сярод папераў Алеся Салаўя застаўся накід[12] — па­чатак верша? эпітафія?

Ды можа сам, як чалавек, схіліўся,
а ў вершах быў я шчырым ад душы.
Усьцяж быцьця шляхі перасякліся —
гамонкі шлях і шлях глухой цішы.


[1]Поўны тэкст працы Ант. Адамовіча перахоўваецца ў архіве БІНІМу. Частка яе надрукаваная ў: Алесь Салавей. Нятускная краса. НЁ.—Мэльбурн, 1982.

[2]М. Мішчанчук. «Я прыйшоў ад зямлі, ад людзей...»: Нататкі пра жыццё і творчасць Алеся Салаўя // Чатыры партрэты бела­рускіх паэтаў-эмігрантаў. Мн., 1993. С. 51—65; Т. Грамадчанка. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...» // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994. С. 258—277; А. Марціновіч. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...» // Дзе ж ты, храм праўды?. Мн., 1996. С. 171—190; В. Рагойша. Беларускі санэтарый // Роднае слова. 1994. № 4. С. 25—31; Я. Бялькевіч. Жыццё і творчасць Алеся Салаўя / Магістэрская дысертацыя. Кіраўнік праф. А. Баршчэўскі. Варшаўскі універсiтэт. Кафедра беларускай фі­лалогіі. Варшава, 1996 ды інш.

[3]Валя Яцэвіч. Успаміны // Беларус. 1996. №439. С. 3.

[4]Арыгіналы лістоў Алеся Салаўя, урыўкі зь якіх прыводзяцца ў артыкуле, перахоўваюцца ў прыватным архіве Л. Юрэвіча.

[5]Вітаўт Тумаш (1910, в. Сьпягліца на Вялейшчыне — 1998, Нью Ёрк) па адукацыі лекар, доўгі час быў дырэктарам БІНІМу, дасьледнiк жыцьця й дзейнасьці Ф. Скарыны.

[6]Employ — анг. служба, наёмная праца. У зборніку «Нятускная краса» гэты верш не апублікаваны, хаця зазначаны ў біблія­графіі (пазыцыя 91).

[7]Вольга Грыцук. 1945, Аўстрыя // Беларус. 1998. №450. С. 7.

[8]Алесь Салавей. Нятускная краса. C. 224.

[9]Алесь Салавей. Нятускная краса. C. ХV.

[10]Летапіс Беларускай Эміграцыі. 1989. Лістапад. С. 131.

[11]Ліставаньне Л. Геніюш перахоўваецца ў архіве БІНІМу.

[12]Арыгінал накіду перахоўваецца ў прыватным архіве Л. Юрэ­віча.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by