МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Чoрт, Янка Юхнавец ды беларуская літаратура // Юрэвіч Л. Камэнтары

Аўтар: Юрэвіч Лявон
Кнiга: Юрэвіч Лявон. Камэнтары. Менск 1999
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Чорт, Янка Юхнавец ды беларуская літаратура

Вобраз чорта даўно цікавіў дасьледнікаў нацыяналь­ных культураў.[1] У першым беларускім міталягічным слоўніку[2] чорт — па колькасьці адведзеных яму старонак — займае ці ня першае месца. Ёсьць працы пра вобраз чорта ў беларускай літаратуры, пераважна да пачатку ХХ ст.,[3] раскрыцьцё ягонага характару ў апісаньнях М. Нікіфароўскага, Ч. Пяткевіча, Ё. Ляцкага. Дый тое зразумела, бо, як піша А. Фядосік, «асаблівасці ўяўленняў беларусаў аб міфалагічных вобразах раскрываюцца на прыкладзе аналізу аднаго з найбольш пашыраных у міфалогіі і фальклоры славянскіх народаў вобразаў хта­нічнага свету чорта».[4] Вось толькі аўтарскае абагульнень­не наўрад ці адпавядае сапраўднасьці:

«Ва ўяўленні старажытных палешукоў і ўсіх беларусаў чорт — звышнатуральная істота, здольная нарабіць нямала бед; адначасна — гэта істота, слабая розумам. Чорт у міфа­лагічна-фальклорных творах амбівалентны: валодаючы ма­гутнай звышнатуральнай сілай, значна большай, чым чала­век, ён бяссільны ў супрацьстаянні чалавечаму розуму».[5]

Наўрад ці беларусы гэтак думалі пра таго, пра каго пісаў Памва Бярында ў сваім «Лексіконе» 1627 году: «Кудес, Кудеснїк — чорт їлї чаровнїк».

Чорт вядомы яшчэ з дахрысьціянскіх часоў, пазьней ён толькі ўвабраў у сябе адмоўныя рысы біблейскага д’яб­ла. Але яшчэ доўга ў людзкой сьвядомасьці яны стаялі асобна. Да прыкладу, у «Аповесьці пра Дракулу» знахо­дзім:

Бысть в мунтьянской земли греческыя веры христіанин воевода именем Дракула влашеским языком, а нашим діавол. Толико зломудр, яко же по имени его, тако и житіе его.[6]

Натуральна, зьмяняліся ягоныя паводзіны, характар, нават выгляд. Якім чорт прыйшоў у літаратуру нашага часу, літаратуру беларускую? Часьцей за ўсё, маючы справу з «алітаратурненымі» сюжэтамі, мы шукаем першапачатковы сэнс, сакральнасьць тэксту. З нашым героем, здаецца, наадварот: мы больш ведаем пра ягонае мінулае, але ніяк не сучаснае.

Пачаткова чорт у беларускай літаратуры быў блаз­нам, махляром-круцялём, згодна з тэрмiналёгiяй сучаснай міталягістыкi — трыкстэрам.[7] Якія б высокія тэмы ні за­кранаў міт, ён заўсёды «заземлены», нездарма ж і ягоныя героі належаць да так званай ніжэйшай міталёгіі. Вось гэтую функцыю «зазямленьня» якраз і выконвае трыкстэр. Усё высокае — страх перад сьмерцю, перад багамі — можа ператварацца ў пародыю, набываць карнавальную форму. Белае становіцца чорным. Сьвет пярэваратняў. Антысьвет. І першым жыхаром ягоным, напэўна, можна назваць кульгавага д’ябла з аднайменнага твора гішпанца Люіса Вэлеса дэ Гэвара (1641).

Цэлую галерэю чартоў знаходзiм у Караткевiча:

«Адзін жыў у вадзе, пасвіў шчупакоў, лінёў ды акунёў. Быў зялёны і калматы, вельмі падобны на купу твані. Звалі яго Вадзянік. Другі жыў у лесе, пасвіў аленяў і быў падобны на аброслы мохам пень. Калі сустрэнеш, то і не адрозніш. Звалі яго Лесавік. Але быў і трэці, што жыў па хатах і пасвіў цвыркуноў. Гэты быў самы шкодны. Рожкі ў яго былі, як у козкі, зубкі, як часначок, хвосцік, як памялцо».[8]

Міт — гэта праeкцыя чалавека навонкі ягонай псыха­лёгіі й мысьленьня. Таму сэміётыка міту антрапаморфная (чалавекападобная). І чалавек тут — пункт адліку. Натуральна, што й чорт прыпадабняецца да чалавека як зьнешне, гэтак і ўнутрана: «Чорт у іх ва ўсіх не абы-хто — ня то на пана, ня то на папа падобен: у капелюшы, у палітоне з струкаватым каўняром. Так рызыкоўна адзеты, што — проша бачыць!»[9] Праўда, сыстэма спрацоўвае і ў другі бок: на людзей, якія нечым не дагадзілі, сталі пера­шкодай, пераносяцца рысы чорта. Вось, да прыкладу, радкі зь верша А. Дудара, дзе аўтар ганьбуе былых паплечнікаў:

Страшыдлы, касьцякі з магільнікаў старых,
Што ўжо, здавалася, даўно згнілі і зьніклі,

Як вострыя нажы, бліснулі,
Забойства прагныя наставіліся іклы. [10]

Часам чорт паўстае ў змадэрнiзаваным, эўрапеiзава­ным аблiччы, не забываючыся нават на ўлюбёнае нямецкае:

«Прымракаваты сьвет прыкручанай лямпы на стале дазволіў мне адразу разглядзець толькі цёмна-зялёны нямецкага крою сурдут, ёмка сядзеўшы на доўгім, жылястым тулаве, высунутыя зь недазволена кароткіх рукавоў цёмныя калматыя рукі з чалавечымі пальцамі і цёмнымі кругла астрыжанымі пазногцямі на іх канцах і голыя, але аброслыя калматай шэрсьцю, так што выглядалі, нібы ў футраных нагавіцах, ценкія, але, відаць, моцныя ногі з нейкімі пятушынымі ці індычымі лапкамі замест ступняў. Чорны фрыдрыхаўскі траярогі капялюш ляжаў на каленях, а на ім адпачываў, скруціўшыся, як вужака, канец голага, ледзь апушанага хваста. Асвойчыўшыся са сьветам, я разглядзеў і твар. Цёмны, але не як мурынскі, даўгавіды, але не выцягнуты, пажылы і абвеяны, але не паношаны, з цьвёрдасьцю, але не жорсткасьцю ў міне, ён, зьліваючыся ў барве з гладкімі, коратка абстрыжанымі валасамі на галаве, выглядаў пекнай рамкай для пары цёмна-нябескіх з чарнаватымі зрэнкамі вачэй, зь якіх сьвяціліся ня то глыбокая думка, ня то яшчэ глыбачэйшая журба і агромністы, шалёны, надлюдзкі розум».[11]

Заўважым, што ў параўнанні з аналягічным зьяўлень­нем да Адрыяна Левэркюна[12] беларускі чорт больш лагодны, «цёплы» (што адчуваецца па тэмпэратуры ў пакоі), разумны (!). І нават не такі страшны ў параўнаньні з роднасным яму ўкраінскім чортам. (Прыгадайма, як памі­рае ад страху Хама Брут у гогалеўскім «Вію», як палохае чорт у «Чырвонай сьвітцы»[13]). Вельмі цікавым у гэтым кантэксьце падаецца назіраньне, выказанае І. Штэйне­рам:

«У цэлым у беларускай фантастыцы адсутнічаюць зла­весныя тыпы надпрыродных сіл, кардынальна супрацьстаў­леных свету чалавека, што было характэрным для ўсходняй і заходнееўрапейскай міфалогіі».[14]

Дзеля справядлівасьці неабходна зазначыць, што воблік чорта зазнаў істотныя зьмены ў 20—30-я гг. ХХ ст., калі яму была адведзена агітацыйная антыроля. Менавіта такім ён паўстае ў Бядулевых «Палескіх байках»: «злы ня­чысьцік», «чорт з рагамі, з хвастом і худы, як той хорт. Чорт — гідкі і сьлізкі, нібы жаба», «шальмец», «малпа дурная».[15] У той час, калі беларускіх пісьменьнікаў, так­сама ня вельмі выбіраючы доказы, абвінавачвалі ў шпія­нажы на карысьць Японіі, чорта вінавацілі ў патураньні царкве: «Чорт снуе, як павук. Ён усё — храк і храк. Вылез поп зь яго ляпы паганай. Поп калматы такі».[16]

Чаму гэтак адбылося? Барацьба з «панскім бізуном і націскам рэлігіі»? Ці толькі? А можа таму, што беларускі чорт быў сапраўды беларускім? Таму, што чытаў «Бела­русь», таго ж Зьмітрака Бядулю, цікавіўся дзейнасьцю Рады БНР?[17] Ці таму, што прадказваў незайздросную будучыню, «калі толькі Полацак ня стане Eрузалім або Вялікі, ня будуць дзеі Сапраўднасьцяй усяўладнай»?[18] Напэўна, там трэба шукаць падставы вобраза чорта-выгнанца, чорта-ізгоя (Ул. Караткевіч «Аповесьць пра беднага д’ябла»). І наўрад ці можна пагадзіцца зь цьвер­джаньнем, што «фігура чорта ня страчвае сваёй традыцыйнай міталягічнай сутнасьці ні ў фальклёры, ні ў літа­ратуры. Гэта па-ранейшаму ўвасабленьне ўсяго нізкага, разьліковага, практычнага і здрадлівага ў жыцьці».[19]

Якая ж сутнасьць чорта? Паэма Юхнаўца «Калюмбы» — нэаміталягічны твор, дзе рэальны пэрсанаж, Скарына, суіснуе зь мітам. Можа, гэта казка пра выпрабаваньні героя ў пошуках чароўнага прадмета, а чорт — добры па­магаты? Менавіта добры, бо як інакш, пасьля Коласавага «Сымона-Музыкі», Бядулевага «Салаўя», «Музыкі» Баг­дановіча, «Страшнай музыкавай песьні» Гарэцкага зразумець Юхнаўцовы словы: «І я ня ведаю, ці Музыка — Чорт, ці я Чорт ад волі Боскай».[20] Ягоная шчырая гутарка са Скарынам пачалася таму, што той не зьбянтэжыўся, пабачыўшы капыты, не адцураўся ад ізгоя, вымушанага, як у свой час хворыя на праказу, насіць адзнаку сваёй чужасьці, адрынутасьці ад грамадзтва. І чорт кажа: «Па вашаму, людзкому, я адзінокі ёсьць».[21] (Што ён хоча ска­заць: на вашую, людзкую, думку ці праз вас, людзі, я са­мотны? Хутчэй другое, бо «памажы ці не памажы, усё’дна вы, людзі, грэхам назавяцё»[22]). Развагі чорта (а гаворыць ён, «усьміхаючыся добрасьцяй») у «Калюмбах» можна было б укласьці ў вусны героям «Крывічоў» М. Зарэцка­га, ці «Дзьвюх душ» М. Гарэцкага, ці «Лшона Габоо Бій­рушалайм» Ю. Віцьбіча, настолькі яны прасякнутыя замі­лаваньнем да сваёй гісторыі, культуры — і нелюбоўю да новых, прышлых: «Музыка пра радасьці вясёлыя і пра балючыя нядолі граў. І я, слухаючы, падумаў, пераканаў­ся па-люцыпар­ску: добра, што Музыкі на сьвеце водзяцца. Яны і для Чорта добрае»,[23] «А вось пра казкі народу свайго забыліся. У іх Боскасьць і праўда людзей зямлі ўсёй; кожная рэч, жыцьцю прычасная, названая імём сва­ім і месцам».[24] Ці такі маналог:

Можа гэтага заўтра ня будзе.
Але любуюся будынкам стройным.
Бы зь неба апушчаныя прастакутнікі,
сьцены выпаўзьлі над ракой.
я ня думаю ў мроі кідацца,
буду тады: бядняк і бяздомнік.
Хачу таксама пасяліцца тут,
уладнасьць замець між сьцен чатырох.
Ад часу, зямля калі стала ведаць
маё імё зь імёнамі іншымі,
Жыцьцё я люблю называць ня Жыцьцём,
а сьціпла: існаваньнем.
За гэтыя сьцены яно не праб’ецца,
як трава між пустэльных пяшчынаў.
Там Новыя мніхі сабраліся
слаць жыцьцю праклёны з паклонам. [25]

Няхай не бянтэжыць, што чорт можа быць добрым і быць беларускім. У Гарэцкага, да прыкладу, мерцьвякі, духі, што таксама належаць да ніжэйшай дэманалёгіі, зьбіраюцца на сход, заклапочаныя лёсам роднай Беларусі: «з расьцерзаным да краю сэрцам» Скарына, «сьцень вуса­тай постаці» Багушэвіча, «глабаўся з-пад груд трупаў брацкай магілы ў Коўне Лявон Гмырак», «празрыста-белы Сяргей Палуян зь сінім шнурам на шыі».[26]

Нарэшце можна паспрабаваць сфармуляваць прабле­му свае/чужыя. (У міталягістыцы часам яна падаецца, як чалавек/не-чалавек, што звужае й спрашчае праблему.)

У літаратуры, шырэй, у кантэксьце культуры чалаве­ку супрацьстаіць нейкая сіла. Гэта можа быць таксама чалавек-дэман, сьмерць («Ладзьдзя Роспачы» Ўл. Карат­кевіча), д’ябал і г. д. Уявім сабе прыкладную дэманалягіч­ную сыстэму, якая складаецца зь дзьвюх катэгорый пэрсанажаў. Да першай належаць звычайныя людзі, якія ва­лодаюць незвычайнымі здольнасьцямі (доктар Фаўст), да другой — уласна дэманы (гэта і вобразы рэальных памёрлых людзей, як у Гарэцкага (гл. вышэй), і ваўкалакі, і чарты, і г. д.). Першая група — больш аморфная, размаі­тая, бо, згодна міталёгіі, незвычайнымі здольнасьцямі валодаюць, акрамя ведзьмакоў, і млынары, і кавалі, і музыкі — валадары Звышулады, Веды. Чалавек можа тра­піць у гэтую катэгорыю й не па ўласным жаданьнi, калі ў яго на загад чараўніка ўваходзіць злы дэман. «Ці ня чорт тут часам падлятвае? Я так і думаю, што — ніхто іншы — ён выносіць маё дабро! Гіну я празь людзкія варагі. Згубіў мяне благі чалавек — наслаў чорта на невінаватую душу».[27]

Схема свае/чужыя не зусім супадае з дэманалягічнай сыстэмай. Так, да «чужых» належаць дэманы й людзі ін­шых паглядаў, чужаземцы, псыхічна хворыя, часам нават проста iншыя. Інакш кажучы, «чужасьць» вызначаецца ня толькі паходжаньнем ці прыналежнасьцю да іншага сьве­ту, але й нутраным жыцьцём пэўнае супольнасьці. І стаць «чужым знутры», маргіналам, можа практычна любы ча­лавек, нават калі ён раней быў «сваім». Для гэтага дастаткова проста валодаць нейкім эзатэрычным веданьнем ці ўменьнем, апынуцца ў надзвычайнай сытуацыі. Адрозьненьне схемы свае/чужыя ад чалавек/ не-чалавек яшчэ ў тым, што чалавек нясе ў сабе адначасова і Боскае, і дэма­нічнае.

Калі падагульніць вышэйсказанае ў адносінах да чорта, можна вывесьці наступнае. Чорт заўсёды належыць да дэманалёгіі, але ў схеме свае/чужыя ён пераходзіць з адной катэгорыі ў другую ў залежнасьці ад сытуацыі ці, шырэй, грамадзтва: ён свой і папу (у Бядулі), і Скарыне (у Юхнаўца), ён можа быць і «добры», і «злы».

У межах схемы свае/чужыя людзі й чарты нават могуць мяняцца статусам. Чужынцам у сваім горадзе, у Вільні, стаўся Альхэмік (імя, разам з адсутнасьцю іншай характарыстыкі героя, гаворыць пра чалавека Пасьвечанага) з твора Ф. Аляхновіча «Круці, ня круці — трэба па­мярці».[28] А Чорт-1 стаецца выгнанцам у сваім, чортавым, асяродзьдзі. (Агульнасьць чалавека й не-чалавека падкрэсьліваецца тым, што Сыльвук і Чорта закаханыя ў Агапку, маладую ведзьму.) Апісаньне жыцьцёвага канца Альхэміка (натоўп вядзе яго на вогнішча) адсылае да хранікальных і агіяграфічных тэкстаў, дзе сьвятога забівае натоўп блізкіх яму людзей (сваякі, знаёмыя і г. д.). Забой­цы — ня людзі, пярэваратні (прынамсі, гэтак яны малююцца ў прыгаданых тэкстах), і забойства адбываецца ка­лектыўна (стадна; паленьне — нібы закланьне). Гэткім чынам, адзін (Альхэмік) застаецца «сваім», усе ж астатнія — чужымі.

Цікавую заўвагу выказаў у сваіх успамінах Л. Галяк:

«...Лютар пад апекаю мясцовага князя займаўся пера­кладам Бібліі ды змагаўся з чортам, які яму ў гэтым пера­шкаджаў. Лютар кінуў быў у чорта чарнільніцай, але, відаць, ня трапіў, бо на сьцяне засталася вялікая пляма. Я спаткаўся недзе зь цьверджаньнем, што гэтым чортам меў быць Франь­цішак Скарына».[29]

Ці ня ў творах Юхнаўца? Цалкам верагодна, бо ў кнізе «Запіскі і зацемкі, напісаныя ў працягу некаторых гадоў пeрад траўнeм 1996» ёсьць такі запіс: «Паданьне ёсьць: Лютар кінуў чарнільніцу ў сьцяну пасьля сустрэчы з Скарынам. Уявіце чалавека адукаванага, Скарыну, су­стрэцца зь Лютарам?»[30]

Чорт Юхнаўца «ў суладзе неабыякавы з людзьмі». Яму падабаецца, што людзі...

«...раны крывяточныя нясуць на суд Гісторыі пазнаць сябе... Богам створаны я. Даў крылы на зямлю зьляцець по­стацяй несамавітай, але з голасам у казках — мяне ўсюды чуюць. З хваль-жыцьця падскокваю паплаўком заўважаным. Я Боскія тварэньні падцікавіў, як зло і памальнае дабро ў адну здабычу зводзіцца».[31]

А ў апавяданьні, якое і называецца «Чорт», маленькі Віця пытаецца: «...а чартом і чарцякам баліць, калі іх б’юць, ці не?», нягледзячы на тое, што ягоны бацька, па словах маткі, на вайне б’ецца з чартамі, а цётка праз тых самых чартоў захварэла ды памерла.[32]

Незразумелы чорт, нейкі шматузроўневы, рознакаляровы. А галоўнае — незвычайны. То свой ён ці чужы?

«Як гэта наагул часта бывае, глыбіннасьць тая i ў Юх­наўца можа абарочацца цямнінёю, няяснасьцяй. І запраўды, талент Юхнаўцоў, асабліва на дадзенай ступені ягонага разь­віцьця, у вялікай меры, казаў той, «цёмны» талент, у тым сэнсе, у якім звалі калісь «Цёмным» гэткага глыбокага філё­зафа антычнасьці, як Гэракліт Эфэскі. Ды сьпяшацца на гэтай аснове з адмоўнымі ацэнамі й асудамі Юхнаўцовага таленту, ці хоць-бы дадзенага боку яго, могуць хіба судліўцы павярхоўныя, асабліва з тых, што жадаюць ад паэзіі не інды­відуальнасьці, прыватнасьці дазнаньня, а якраз наадварот — максымальнае публічнае дыскрымінабэльнасьці яго, «ясна­сьці, зразумеласьці» ўсім адразу і дарэшты, не здаўмяючыся, што гэткім падыходам ужо ў самым прынцыпе адмаўляецца якраз аснова спэцыфічнасьці паэзіі, літаратуры, супраць іншых галінаў духовае дзейнасьці як навука, публіцыстыка й г. д.»[33]

Калі кажуць пра паэзію Юхнаўца, звычайна падкрэ­сьліваюць яе незразумеласьць, «дзікасьць» (як ён сам піша: «Дзікім аставаўся я»[34]), беручы пад увагу і зьмест (мова-зьмест, мова-сутнасьць), і абалонку (мова-сувязь, мова-я). Нехта ставіцца да ягоных экспэрымэнтаў як да моўнай гульні, адарванай ад рэальнай карціны моўнага сьвету; у яго мы знаходзім ня толькі дыялектызмы, але i аўтарскiя наватворы, аказiяналізмы. Гэта нібы лексычны хаос — мінулага, сучаснага, будучага, магчымага ў бела­рускай мове.

Спрэчкі вакол творчасьці Юхнаўца пачаліся зь пер­шага зборніка — «Шорах моўкнасьці». У газэце «Баць­каўшчына»[35] была надрукаваная рэцэнзія К. Рамановіча (псэўданім Р. Казака, больш вядомага як Рыгор Крушына), які залічыў паэта да «катэгорыі мадэрністых», голас якога мае «экстравагантна ненатуральны тэмбар». І далей:

«І гэтак скрозь ува ўсёй кнізе Юхнаўца гучаць вершы, як незразумелая замова паўночных шаманаў. У гэтым паэ­тычным хаосе, відаць, таксама ёсьць эмацыянальная сіла ўзьдзейнічаньня на чытача. Напэўна, знойдуцца аматары і прыхільнікі такой паэзіі».[36]

З артыкулам «Пра незразумеласьці ў творчасьці Юхнаўца» ў палеміку ўступіў Мікола Панькоў. Па невядомых сёньня прычынах рэдакцыя «Бацькаўшчыны» артыкул адхіліла, і ён праляжаў у Панькова да 1995 г., калі той, прадчуваючы сваю сьмерць, перадаў яго паэту, а Юхнавец, у сваю чаргу, аддаў у 1996 г. аўтару гэтых радкоў. Паколькі артыкул-рэцэнзія існуе, відавочна, у адным эк­зэмпляры й мае значную цікавасьць, падамо яго цалкам.

«Неспакоем жыцьця імкнуцца абняць дый зьдзейсьніць «навакольную пустэчу». Сама «шорахнасьць» — унутрымоўк­нае жыцьцё, як вадаліў гэтага-ж жыцьця. Прываблівае пры­гаство — мэта жыцьця, з усялякімі згубамі, узнаўленьнямі із зблытаных формаў існаваньня. Але ёсьць Прамежак у самім Жыцьці, бадай дзьверы, мяжа, ад якой толькі «памяцяй гля­дзяцца рэчы». Трэба ўнікнуць у гэтую моц уяўленьня паэта, і тады вам раскрыецца зьмест, не экстравагантны сэнс, а прысутнасьць цэлае сям’і здарэньняў, прылукаў асноўнасьці ўлады дый вялікомасьці самога жыцьця. Значнасьць жыцьця цяжка азначыць. Яно — утойна, як сьмерць. Таму Юхнавец стараецца знайсьці мамэнт да «вадаліву жыцьця, пакіненага сярод пустэчы». І гэта: унікнуць ва ўзровень памяці, у зборнік жыцьцёвых досьведаў, што можа і ўваскросіць «па­кінутае сярод пустэчы», быццам унутрана мерыць усялякія жыцьцёвыя спады, каб бачыць, «як памяцьцяй глядзяцца рэчы».

«Шорах моўкнасьці» — вадаліў жыцьця — гучыць жаданьнем узьнесьціся бруеньнем струменю да пералікаў звы­чайных і нязвычайных здабыткаў жыцьця. Вось, прынамсі, у папярэдніх радках перад прыведзенымі К. Рамановічам цы­татамі Я. Юхнавец піша:

Сунімаецца млява сьпякотнае лета.
Побач песьня — кліч сьмерці:
— Iдзі! Ня прыходзь!
I абяцаны аванс ня зьвернецца,
і крык гандляра: Ня зводзь!

Яно аддаецца чытачу пэсымістычнай імпрэсіяй і адна­часна адольваецца агульнай рэальна-сымбалічнай зразуме­ласьцяй усёй існасьці людзкога існаваньня. Усё родніцца: і «крык гандляра: Ня зводзь!», і «кліч сьмерці: Ідзі! Ня пры­ходзь!». Усё ў вобразе паэта Юхнаўца злучана ў тлумачэньні ўтойнага, усярэдняга жыцьця на вонкавае захаваньне і дбайнасьць.

...азіраецца памяць — шасьцяньнем мерыць
свой спад із дрэва ліст.

Паэт турбуе сваю моўкнасьць. Яна знаходзіць веру і спадзеў у памяці, якая толькі і можа натхніць, узбагаціць са­мую рэальнасьць жыцьця. Ён хоча быць у сваяцтве зь ёй, бо толькі адно што магчымець выявіць чалавеку ягонае мінулае і адчуць будучае. Гэтыя ўзаемаадносіны паэт Юхнавец, ба­дай, поўнасьцю выказаў у вершы «Вобразы з утулу акіяну». Вось некалькі радкоў з яго:

Ня позна ім ламаць узлоні!
Бы даланямі на узлонь далін
бераг уздымаць і пеніцца узроняй:
нятратай пырскаў з ухопінай жарсьцін.

Або некалькімі словамі:

Жыцьцё ясьніць нат’ кроплямі малымі.
Пытаешся: Ці жыць хоць шчасьцямі благімі?

Гэтак скрозь увесь зборнік «Шорах моўкнасьці» паэт ня ўхіляецца свайго голасу: памятнай узроні, што мусіць быць і знаходзіцца і ў «прокмеці», і ў «вокмеці», і ў «сузьмені», і ў «скратках». Словы звычайныя — беларускія й выразныя ў мэтафарычнасьці, хоць для Рамановіча чамусьці яны незразумелыя.

Юхнавец адчувае ды бачыць у «шчызе» (гусьціні) восеньскага подзьмуху «спакметнасьць» часінаў, якія пасьля, у канцы твору, даводзяць чытачу: «Жыцьця карцівасьці само жыцьцё зьбірае». Бо жыцьцё гэткае, ізноў прыходзіцца ўто­рыцца словамі паэта Юхнаўца зь верша «Яму жадалася»:

Зьбіраюцца на выган дзеці.
У карагодзе шчодра мігацяцца пяткі.
Дзядок сівы іх радасьцяй абняты,
жадае небу сказаць усё:
— Мой дзень яшчэ — бы зьніч.

Так што цяперака, здаецца, ня трэба даводзіць спадару Рамановічу, што значаць словы ў вершы «Сакратава» або «Шорах моўкнасьці — вадаліў жыцьця».

Ціхінь мінулая — разьмёты крылаў асьцярожныя
тайніцай атулі разгаданай ня імі.

Спадар Рамановіч мусіць уцеміць: у большасьці людзей некаторыя ўтойнасьці, чыста прыродныя, зьяўляюцца часткай іхняга сьвету, часткай уяўнасьці апынёных у саміх сабе. Надвышэйшае над чалавекам за ўсё — заставалася ў паэзіі і застаецца творчай наканаванасьцяй, якая як-бы зроньвае, дапаўняе рэальную існасьць жыцьця, а можа і стварае яе. Бязь яе чалавек мог-бы згубіць бясконцасьць пачуцьця жыцьцёвае волі.

У вершы «Сакратава» паэта Юхнавец любіць «ціхінь мі­нулую» — мінуласьць. Параўноўвае яе да «разьмётаў крылаў асьцярожных», ня інакш толькі; дый убожваецца ёй: «тайні­цай атулі разгаданай ня імі» — інакш і ня можна. У вершы «Сакратава» паэт даў арыгінальную станьву сучаснасьці й мінуласьці. Ёсьць штосьці адвечнае ў Сакратавым — нашым жыцьці.

Iснасьці вускрос карэньнямі даўгімі
забяры граніт і часьлінкі душы парожняй.

І калі прыйдзецца самому паэту Юхнаўцу чытаць маю зацемку, не пачуе ад мяне рады — што і як пісаць. Я толькі хачу выказаць маю ўцешнасьць, што паэт Юхнавец ухіліўся ў паэзіі сухіх фактаў рэальнай «зразумеласьці», у якой, як тут, на эміграцыі, так і там, на Беларусі, усё чытаеш пра камбайн, вечарынку, сенакос з думкай пра Сталіна або пра бярозы, крушыны. Мабыць, вельмі добра ёсьць, што паэт Юхнавец ня робіцца паэтам-статыстам у літаратурным Hар­гас-уліку. Ягоны ўзронізм вельмі карысны ў літаратуры, бо адказвае нашай беларускай нацыянальнай псыхіцы:

...дзе станьвай замкнёнай, апрычонай
цярплівасьці згубленых мрой
пакінуцца вокмецяй новай,
я вечны адпусьнік — жыцьця няўтой.

Шмат спрыяльнага і вялікага ў паэта ёсьць, калі ён у сваёй творчасьці любіць тое, што ён любіць, і што можа лю­біць паміж намі і жыцьцём напатканае. Гэтакім некалі жыў наш Максім Багдановіч, гэтакім быў і Язэп Пушча. І вядо­ма, як сталася: Багдановіч «выратаваў» нашу родную паэзію, а Пушча «зацьвердзіў» ейнае існаваньне».[37]

Дык што, творчасьць Юхнаўца можа быць зразумелая адно крытыкам, але не «аматарам паэзіі»? Ці мы мо­жам казаць пра задаткі «геніяльнасьці», але не пра паэта як зьдзейсьненую асобу, асобу творцы-мастака, і тады міжволі аналіз скіроўваецца ў рэчышча псыхалёгіі, псыхі­ятрыі? Ці геніяльнасьць усё ж характарызуе творчасьць? Тады, да кагo б мы ні залічылі аўтара — да «клясыкаў», «авангардыстаў», «дзівакоў-дзікуноў», — пажадана зразумець зробленае адэкватна.

Нягледзячы на вонкавае адрозьненьне мовы Янкі Юхнаўца ад, прыкладам, мовы Петруся Броўкі ці каго іншага, магчыма выявіць і іхнюю агульнасьць. Абедзьве моўныя плыні заснаваны на цэльнасьці знакаў і праду­гледжваюць перавагу формы над зьместам. У абодвух вы­падках функцыяй мовы зьяўляецца не адлюстраваньне рэчаіснасьці, а яе падмена, стварэньне «сюррэальнасьці». Тым ня менш, хаця абедзьве плыні мовы аднолькава бяруць пачатак ва ўтопіі, іхнія мэты — супрацьлеглыя. Калі БССРаўская дасягаецца шляхам рэдукцыі й спра­шчэньня, зводзіць мову да ўзроўню мінімальнага ўсярэд­ненага дэнамінатара, мова Юхнаўца прэтэндуе на ўнівэр­сальнасьць, ахоплівае ўсё шматаблічча культуры індыві­дуальнага досьведу ў паэтычным сынтэзе. Гэтым мова Юхнаўца стварае духоўную апазыцыю і Дзяржаве, і ейным песьнярам. Словатворчасьць Юхнаўца не стварае свой варыянт мовы, у адрозьненьне, скажам, ад моватворчасьцi Янкі Станкевіча, не засяроджваецца на дыялектызмах, як у Алеся Змагара, а набліжаецца, як думаецца, да сутнасьці беларускай мовы. Мова Юхнаўца — бадай адроджаная беларуская паэтычная мова, мова ва ўтопіі.

Юхнавец-жывапiсец, Юхнавец-скульптар і ў паэзіі стварае ўласны ўтапічны сьвет, што можа быць зьведзены да хранатопу Саду («Адам і Ева», «Урачыстасьць у Садзе», «Невядомы Бог і анёл») — працягу Эдэму («О вышыні! Нябёсныя вышыні! Мяне зямны ня страшыць рогат пера­могаў пад вашай цёмнай або сьветлай зналіцай...»[38]). Там, у Садзе,

Ёсьць мір між пахучых кветак
(і смутак мо’ — напэўна, здарыцца),
усьмехам будзе ён,
разгледжана, праведна ад дваіх
(усё паміж дваіх)
далёкая ад вачэй іншых.
«З народнага»

Цікавай уяўляецца сувязь паміж утопіяй Юхнаўца й той народнай традыцыяй, прадметам апісаньня якой зьяўляецца «будучыня», дзе зьнітоўваюцца ў адзінае эле­мэнты казкі й элемэнты рэлігійнай культуры, дзьве ўлю­бёныя паэтавы тэмы. Як у казках, лес у вершах Юхнаўца набывае поўную сэмантычную аўтаномію, атрымлівае да­датковыя значэньні (што ідзе зь міту й народнай традыцыі):

Лес. Уваходжу ў тваю сьвятыню.
У шчырасьці людзкай.
Кілімы з моху там.
Утомленыя сухадолам ногі
мякнуць моўкнасьцяй лясной.

Пераход прыроды ад аднаго парадку да другога моў­на ствараецца, рэалізуецца ў мэтафары «калоны ў лесе», дзе «лес» зьяўляецца мовай, а «калоны» — прадметам апісаньня.

Замкавыя калоны — лес.
Ды над ім, ад пажараў, хмары
па сіняве нябёснай торуць.
Як ня былі сабой уцешаныя
зводлесьцяй кароткага жыцьця —
днём зноў і ўночы азіраемся:
узбоччы сьцежак да лясных
вядуць калон...
...Сьцяной гусьціліся калоны лесу.
Да іх з боем не падступіцца...
Непераможаны Чалавек у сьмерці
нешапотна вуснамі сьцярог цішынь [40]

Лес ператвараецца ў іншы сьвет, са «званіцамі», са сьвятарамі, а «калоны» цалкам адыходзяць у сьвет рась­лін, іншымі словамі, у сэмантычны абсяг «лесу» з усімі адпаведнымі канатацыямі. Тут «лес» ёсьць iншая краіна — лясное валадарства народных казак, беларускі архетып Саду. Стаўленьне да прыроды й архаічнага сьвету ажыцьцяўляецца праз моўны ўчынак — змадэляваны, выказаны словам сьвет зьяўляецца для аўтара рэчаіснасьцю, якая, да таго ж, на цэлую вершаліну вышэйшая за нашую, рэальную. Натуральна з гэтым лучыцца і тэма вандроўні­цтва (тэма пошуку далёкіх, бадай што недасяжных зямель — даўняя тэма беларускай літаратуры):

Зьяўлюся незнаёмым я вандроўнікам,
дзе нары пераступалі людзі
ўжо багатыя, някрыху шаноўнасьцей вядомыя.
I словы чутныя скажу:
— Да вас убогім заўтра, як і сяньня,
не вярнуся.[41]
I я ваўком плятуся на чужыне, 
ад болю ран ня чую сваіх ног.

Шэраг твораў адлюстроўвае ўплыў на Юхнаўца асоб­ных ідэяў Ніцшэ, пра цікавасьць да якога паэт неаднойчы пісаў. У прыватнасьці, думкі Ніцшэ пра розныя ідэа­лы розных народаў, што кожны імкнецца да зьдзяйсьненьня сваёй ідэі дабрыні й зла, пра свой уласны, апрычоны шлях:

Ён штодня няхай дагадваецца
мальбу да Бога, ці да чорта...
Сусед, зайздросьць!
Жыві, як хочаш,
але паміж маіх пракосаў 
не хадзі.[42]

Можа, таму моватворчасьць-мітатворчасьць мусіць разглядацца як адзін са шляхоў да разуменьня твораў пісьменьніка? Зрэшты, нельга сказаць, што Юхнаўцу ўвесь час спадарожнічала адно неразуменьне. Вось, да прыкладу, некалькі вытрымак зь лістоў Ю. Віцьбіча да Ант. Адамовіча й самога паэта, якія сьведчаць пра адва­ротнае.[43]

24.7.51. Часам мяне наведвае Юхнавец. Люблю яго як паэта. Ня ведаю, ці чытаў ён Апакаліпсіс, але гэтая кніга сугуч­на яму.

30.9.52. У мінулую нядзелю Юхнавец наведаў мяне і аж занадта хваляваўся з тае прычыны, што ёсьць два Юхнаўцы — празаік і паэт. Калі першы, на ягоную думку, знойдзе сваё месца на старонках пэрыядычных выданьняў, дык на другога рэдактары пазіраюць скоса, як на нейкага дзівоснага, як на незразумелага. Мне чамусьці здаецца, што ён мае хваляваньне зусім беспадстаўнае. Запраўды, Юхнавец як паэт не для шы­рокіх колаў. Між іншага, гэта трапна падкрэсьлена ў эпіграме:

У яго зусім другія скрыдлы,
Ён ні на кога не падобны з нас. 
Руінаў моўкнасьць — яго Парнас.
А куст крапівы — Азарыс.

Юхнавец зьяўляецца адзіным і разам з тым тыповым прадстаўніком сюррэалізму ў нашай эміграцыйнай паэзіі. Калі ня ўсім, дык шмат каму ягоныя вобразы даюць эстэтычную насалоду.

17.4.54. А ўсё-ж, нягледзячы на тыя ці іншыя недахопы, «Паэма пачаткаў» мацнейшая за ўсё. Можа, сам назоў штучны, аж занадта літаратарскі. Але гэткае мастацкае прозы яшчэ ня бачыў ні адзін літаратурны часапіс на эміграцыі.

28.12.51. У сувязі з набіваньнем на матрыцы «Шыпшыны» маю няшмат вольнага часу, але хочацца хаця-б крыху напісаць наконт Вашае аповесьці «Чалавек бяз сьветача». Прачытаў яе з аднаго подыху. Яна сьведчыць аб тым, што як празаік стаіцё ня ніжэй, а, магчыма, і вышэй за Юхнаўца-паэта. Ва ўсякім разе, гэта адзін з найлепшых празаічных твораў, які зьявіўся ў часе эміграцыі.

6.1.52. Мне спадабаліся Вашыя апавяданьні «Сьледчы Гаевіч» і «Пасьля гутаркі». Першае зь іх, на маю думку, мацнейшае за другое, а разам і паасобку ўзятыя, яны лепшыя за «Карнавуха» — яны не эпізадычныя і не на анекдоце пабудаваныя. Мне асабліва спадабаўся «Сьледчы Гаевіч» таму, што боскае ў ім перамагло д’ябальскае. Мне падабаецца таксама, што Вы знайшлі ў Гаевіча тую боскую іскру, якая не пагасла пад попелам. Добрае апавяданьне.

У мяне ёсьць толькі некаторыя заўвагі наконт мовы. Мне думаецца, што, цалкам захоўваючы свой своеасаблівы лексыкон, Вы разам з тым мусіце пазьбягаць паланізмаў, якіх усе мы тут на эміграцыі набраліся ад беларусаў-заходнікаў. Мне так­сама думаецца, што, цалкам захоўваючы свае стылёвыя свое­асаблівасьці ў сэнсе пабудовы сказаў, Вы, разам з тым, мусіце пазьбягаць цьмянасьці.

Закранутае пра паэзію — слушнае і ў дачыненьні да прозы, тым больш, як любіць паўтараць сам спадар Юхнавец, «розьніцы паміж паэзіяй і прозай няма». Проза паэта — гэта ня толькі нізкі апавяданьняў, надрукаваныя ў часапісах «Шыпшына», «Сакавік», «Конадні», «Белару­ская Думка», іншых. Проза паэта — гэта таксама вялікі, на 250 старонак, рукапіс рамана «Яно».

Выглядае, што аўтар «Яно» пазычыў у Фрoйда, ня­гледзячы на вельмі адмоўнае стаўленьне да вучэньня апошняга, тэзу пра схільнасьць (цягу, памкненьне) я да самазахаваньня (жыцьця) і да самаруйнаваньня (сьмерці), ускладненае ўзаемаадносінамі Эраса й Танатаса, а таксама ягоны пагляд на маральную функцыю Звыш-я. Можна сказаць, што героі рамана адчуваюць варожасьць ад усіх трох фрoйдавых небясьпекаў — зьнешняга сьвету, лібідо яно й суворасьці Звыш-я.

Своеасаблівымі праявамі Эраса (любові—нянавісьці) і Танатаса зьяўляюцца лініі Цярэма і Міхася, да таго ж у абодвух дамінуе «інстынкт сьмерці». Адзін зь сюжэтаў «Яно» насьледуе лёгіку Фрoйдавай думкі пра «зьняцьцё засьцярогаў» культуры, уседазволенасьці, пра сутыкненьне адных і тых індывідуальных схільнасьцяў у абставінах зьняцьця гэтых засьцярогаў і ў сытуацыі тырана-дыкта­тара. Канфліктная схема рамана абумоўленая гэтымі ідэямі — узаемаадносінамі я й Звыш-я. Згодна з Фрoйдам (у працы «Я і яно»), энэргія агрэсіўнасьці пераходзіць ад сфэры я ў супрацьлеглую ёй сфэру Звыш-я, выклікаючы ў я маральныя імпульсы, пад ціскам якіх я можа нават загі­нуць. Фрoйд прапануе тую частку нашай псыхікі, што не супадае з нашым я, назваць яно — гэта тая цёмная стыхія жаданьняў і памкненьняў, якую мы гостра адчуваем у сабе й якая актыўна супрацьстаіць розуму. Яно — жар­сьці. Я — розум і памяркоўнасьць. Для яно існуе адзін прынцып — насалоды, я — носьбіт прынцыпу рэальна­сьці. Можа, эпіграфам да рамана маглі б стаць словы Фрoйда: «Прырода чалавека як у адносінах дабрыні, гэтак і ў дачыненьні зла далёка пераўзыходзіць тое, што ён сам ведае ў сабе, іншымі словамі, тое, што вядома яго я пры дапамозе сьвядомага ўспрыняцьця».

Споведзі нябывалыя слухаеш,
ад сьвятароў, судзьдзяў ці
палічнікаў?
Споведзь лепшую і наганяй
псыхіятары нам даюць.

«Новая Элегія»

Аўтар вызначае жанр «Яно» як аповесьць у начыр­ках, але твор можна назваць і ўспамінамі, сярод прата­тыпаў якога — і былыя знаёмыя зь вёскі, і Eрмачэнка, Сабаленка ды іншыя. Рэальны час, падзеі, месца. Але ж адкуль гэта?

«Ніколі раней, як тады, ён адчуваў сваё адзіноцтва, адзіноцтва чалавека, якому застаецца толькі чагосьці спадзявацца або жыць ільлюзыямі жыцьцёвых сноў, ці мо’ інакш: упрыгожваць самога сябе мрояй выпуклай і магчымай. У словах мрояў няма формы, але ёсьць будучыня, што возь­ме ад іх сваяформная — праўдзівая сапраўднасьць у душэў­ным хароме чалавека, безь якой блудзіў-бы або поўзаў, як чарвяк, у падзямельлі».

Чалавек ХХ стагодзьдзя стаіць на парозе духовага сьвету, і ў напаўсьвядомасьці, у снах, мроях бачыць-адчу­вае свайго «вартаўнiка парога» — таго самагa «Антыхрыс­та» Ніцшэ. Адсюль і зацікаўленьне чортам — характэрная рыса перажываньня на парозе як разуменьне ўласнай незавершанасьці, недасканаласьці. Перажываньне свайго двайніка — гэта як дыскусыя з чортам. Хто ён будзе, чалавек ці не-чалавек, свой ці чужы? Ці пераможа яго, цi, як у Ніцшэ, дасьць авалодаць сабой Арыману?

У пошуках адказаў Юхнавец задумваецца над прыро­дай сноў:

«Што такое сны? У астралягічныя разважаньні ня кіну­ся. Я вяртаюся ад будзённага, учарашняга да мамэнту магчымасьці неабманнага, але яно часта прыводзіць да зусім ін­шага. Знаходзіцца штосьці незайменнае ў азначанай частцы думаньня. Яно творыцца сваёй формай мастацтва, з узмоцненымі вывадамі пазбаўленьня сэнсу, або наадварот, дадаюць сапраўдныя сцэны, выцягнутыя ўласным жыцьцём. Сны, хто любіць гэта чуць, — трагедыя падказная. Яўна заў­сёды падказвае: як ад трагедыі пачынаецца жыцьцё — вярнуцца да свайго бытаваньня».[44]

Ці ў іншым месцы:

«Кожную ноч сьняцца сны. Дыктуюцца нават вершы. Пакідаюцца ўрыўкі. Хвалююць раніцай. У снах я выходжу на падмосткі тэатру. Мае вобразы ўяўныя не адчуваю жывымі, а скалечаныя бязжаласьлівай формай, а я люблю зьмест. Зьяўляюцца дзікаабразныя асобы, ня прывучаныя любіць чалавечай любоўю. Можа, гэта ад балючага жыцьця. Нешта ёсьць, што ў мінуласьці фізычна не адолена, раптам вырашаецца ў падсьвядомай сіле — снах».[45]

Ёсьць у вершах ды думках Юхнаўца і сум, і туга. Толькі ня тая туга па радзіме, што перашкаджае бачыць, адчуваць навакольнае жыцьцё й часам выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Туга Юхнаўца ў адчуваньні, што бе­ларусы на Беларусі — таксама выгнанцы. Няма ў ягонай паэзіі й дэклярацыйных патрыятычных вершаў:

...«событiе» здарылася.
Чорт мітычны, горды,
скінены зь нябёсаў у чорнай вопратцы,
але з абліччам белым, як у нас, людзей,
адчуў усё ад самага пачатку спаду
трагічнасьцяй снавацца ў Маўзалеях.
Вясёлку каляровую — боскае прыгоства летам
чорнай аркай над людзьмі зрабіў.
Вельмі хутка навучыўся
апускацца на зямлю,
чымся лётныя сэрафімы,
моўкна стоячыя перад Богам
(не асудзі сурова, паэзія Айчынная:
пра Чорта ўспамінаць!?).
Ледзь крыху аддзяляюся ад твае сучаснае патрэбы.
Але прывычка ў чалавека ёсьць
свайго трымацца, калі ня дзейнасьцяй, 
дык думкай урасьці ў цела і душу,
можа некаму да мяне падобнага.[46]

Усё і прасьцей, і складаней. У паэзіі Юхнаўца, якую часта параўноўваюць з паэзіяй А. Разанава, выказваючы тым самым неразуменьне паэтаў, — філязофія, сусьветная па глыбіні й беларуская па мэнтальнасьці. Філязофія ня Ф. Ніцшэ ці Ж. П. Сартра, ня Поля Элюара ці Эзры Паўнда. У паэта Янкі Юхнаўца філязофія Янкі Юхнаўца:

...сябе ніколі не прапаноўвай на’т да сьціплага 
пінаньня
за няздольнасьці ў жыцьці.
Ня люба прапаноўваць — разьбі акно
ў сваім уласным доме.
I яно разьбітае.
У яго паўзуць пачвары,
бы сказакі ад Яна Баршчэўскага.
На стол сядаюць, прычэпліваюцца да столі.
А ў мяне намеры волі
не палохацца.
Пазбаўляюся, сялю ў стадоле парожняй,
якую ад людзей сваіх купіў.
Падпалю! Страхоўку атрымаю.
Янка Юхнавец з Полаччыны пасяліўся ў сваёй 
душы
з пачварамі Баршчэўскага.[47]



[1]В. Милорaдович. Укрaїнськa відьмa. Київ, 1993; B. Baranowski. Pozegnanie z diablem i czarownica. dz, 1965; J. Leonard. Pelka. Polska demonologia ludowa. Warszawa, 1987; M. Pozek. Diabel w kulturze pol­skiej. WarszawaKraków, 1993; СМaксимов. Hечистaя, неведомaя и крестнaя силa. СПб., 1994; А. Амфитеaтров. Дьявол. Тaшкент, 1993; Ф. Pязaновский. Демонология в древне-русской литерaту­ре. М., 1915.; Ф. Буслaев. Бес. СПб., 1886 ды інш.

[2]Міфы Бaцькaўшчыны. Мн., 1994.

[3]І. Штэйнер. Белaрускaя бaлaдa. Мн., 1989; В. Кaвaленкa. Міфa-пaэтычныя мaтывы ў белaрускaй літaрaтуры. Мн., 1981; М. Шaховіч. Дэмaнічныя постaці і з’явы ў нaродным верaвaнні нa стыку польскaй і белaрускaй культур // Most przez wieki. Bia­lystok, 1982. S. 127—137 ды інш.

[4]А. Фядосік. Фaльклор у фaрмірaвaнні нaцыянaльнaй свядомa­сці белaрусaў // Тэмaтычны зборнік. Белaрусікa. Hезaлежнaсць Белaрусі: aктуaльныя прaблемы — шляхі іх вырaшэння. Мн., 1993. С. 91.

[5]Тaмсaмa.

[6]Повесть о Дрaкуле. М.—Л., 1964. С. 117.

[7]К. Леви-Строс. Структурa мифов // К. Леви-Строс. Струк­турнaя aнтропология. М., 1985; Ю. Мaнин. «Мифологический плут» по дaнным психологии и теории культуры // Природa. 1987. №7.

[8]Ул. Кaрaткевіч. Збор творaў. у 8 т. Т. 2. Мн., 1988. С. 472.

[9]Лукaш Кaлюгa. Творы. Мн., 1992. С. 397.

[10]Алесь Дудaр. Ліст дa рэдaктaрa // Полымя. 1931. №10.

[11]Алесь Гaрун. Сэрцaм пaчуты звон. Мн., 1991. С. 257—258.

[12]Томaс Мaн. Доктaр Фaўстус / Перaклaд В. Сёмухі. Мн., 1989. С. 235—236.

[13]Свaё бaчaньне рaсейскaгa чортa ў С. Аверинцeвa. Ён пішa, прыгaдвaючы рaсейскія прымaўкі «где смех, тaм и грeх», «и смех и грeх»: «Сaмы звычaйны эўфэмізм для чорта (бес) — ‘шут’ ці, нa больш фрывольны мaнер, ‘шуцік’. Гэтaя пaпуляр­нaя дэмaнaлёгія сaмa пa сaбе, несумненнa, не спэцыфічнaя для Paсeі; унікaльнaя толькі энэргія, зь якой сaмa мовa зьвязвaе ‘чорта’ й ‘жaрт’, ‘грэх’ і ‘сьмех’» (С. Аверинцев. Бaхтин и рус­ское отношение к смеху // Oт мифa к литерaтуре. М., 1993. С. 341).

[14]І. Штэйнер. Белaрускaя бaлaдa. С. 27.

[15]Змітрок Бядуля. Збор творaў. у 5 т. Т. 1. Мн., 1985. С. 226, 230.

[16]Тaмсaмa. С. 232.

[17]Алесь Гaрун. Сэрцaм пaчуты звон. С. 258—259, 262.

[18]Я. Юхнaвец. Кaлюмбы. HЁ., 1967. С. 4.

[19]В. Кaвaленкa. Міфa-пaэтычныя мaтывы ў белaрускaй літaрaту­ры. Мн., 1981. С. 86.

[20]Я. Юхнaвец. Кaлюмбы. С. 5.

[21]Тaмсaмa. С. 7.

[22]Тaмсaмa.

[23]Я. Юхнaвец. Кaлюмбы. С. 7.

[24]Тaмсaмa. С. 8.

[25]Тaмсaмa. С. 13—14.

[26]Мaксім Гaрэцкі. Творы. Мн., 1995. С. 117—119.

[27]Лукaш Кaлюгa. Творы. С. 383.

[28]Сюжэт «сцэнічнaгa грaтэску», як і творaў З. Бядулі «Пaлескія былі» і «Сярэбрaнaя тaбaкеркa» (cьмерць ня можa сысьці з  лaвы, зь яблыні, з торбы, з тaбaкеркі), зaфіксaвaны ў: П. П. Андреев. Укaзaтель скaзочных сюжетов по системе Аaрне. Л., 1929. №330А. Кaзкі з aнaлягічным сюжэтaм прыводзяццa А. Афaнaсьевым (Haродные русские легенды. Кaзaнь, 1914. 16a, b, с), Д. Зелениным (Великорусскiе скaзки Пермской губернiи. Пг., 1914) ды інш. Тaму нaўрaд ці мaе рaцыю І. Haвуменкa, кaлі пішa прa aдсутнaсьць фaльклёрнaй першaкрыніцы ў З. Бядулі (І. Haвуменкa. Змітрок Бядуля. Мн., 1995. С. 131).

[29]Леанід Гaляк. Успaміны. Кн. 2. ЗША: Летaпіс, 1983. С. 10.

[30]Я. Юхнaвец. Зaпіскі і зaцемкі, нaпісaныя ў прaцягу некaторых гaдоў пeрaд трaўнeм 1996. HЁ., 1996. С. 107.

[31]Я. Юхнaвец. Чорт і Стaлін // Дaнь мaйго чaсу. HЁ., 1993. С. 167.

[32]К. Юхневіч. Чoрт // Белaрускaя молaдзь. 1962. №16. С. 20—24.

[33]П. Склют [Ант. Адамовіч]. Пaд зорaмі белымі — Шорaх моўкнaсьці — Ля ціхaй брaмы. Крытычны нaрыс // Конaдні. 1953. №3. С. 79.

[34]Я. Юхнaвец. Творы. т. 2. С. 191.

[35]Бaцькaўшчынa. 1955. №30—31 (260—261).

[36]Тaмсaмa.

[37]Pукaпіс aртыкулa перaхоўвaеццa ў прывaтным aрхіве Л. Юрэ­вічa.

[38]Я. Юхнaвец. Творы. т. 1. С. 155.

[39]Я. Юхнaвец. Дaнь... С. 62.

[40]Я. Юхнaвец. Творы. т. 1. С. 12.

[41]Тaмсaмa. т. 2. С. 20.

[42]Я. Юхнaвец. Творы. т. 1. С. 166.

[43]Лісты зaхоўвaюццa ў прывaтным aрхіве Л. Юрэвічa.

[44]Я. Юхнaвец. Зaпіскі... C. 33.

[45]Я. Юхнaвец. Зaпіскі... С. 64.

[46]Я. Юхнaвец. Дaнь мaйго чaсу. С. 163—164.

[47]Я. Юхнaвец. Зaпіскі... C. 31.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by