|
Я. Запруднік
(г. Нью-Йорк)
БЕЛАРУСКІЯ МАСТАКІ НА ЧУЖЫНЕ — ВЯШЧАЛЬНІКІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
На пачатак — некалькі слоў агульнага парадку.
Чалавек перад тым, як навучыўся пісаць, рысаваў. Першая форма пісьменнасці — гэта рысункі. Пра тое нам кажуць і пячоры каменнага веку, і егіпецкія іерогліфы, і штрыхі на керамічных вырабах самых ранніх пасяленцаў беларускіх земляў. Мастацкі талент выявіўся першым на грамадскім форуме. Першым ён у шмат якіх выпадках і застаўся.
Мастакі дапамагаюць нам успомніць сябе як народ, нацыю ў стагоддзях: ці то праз вобраз св. Еўфрасінні, пакінуты няведамым творцам, ці то праз святаеўфрасіннеўскі крыж Лазара Богшы, ці то праз гравюры Францішка Скарыны, ці то праз мастацкія палотны нашых сучаснікаў на гістарычную тэму. І калі нашымі днямі людзі, што жывуць далёка ад Бацькаўшчыны, даведваюцца пра вехавыя падзеі ў Менску — шэсці, дэманстрацыі, юбілейныя святкаванні, — дык часта падзеі гэтыя засякаюцца ў памяці, дзякуючы мастакоўскаму таленту. Цікава, што фаза апошняга этапа беларускага нацыянальнага адраджэння пачалася ў сярэдзіне 1980-х гадоў якраз з дзейнасці мастацкае майстроўні і першага пагрому ў красавіку 1986 года вучняў мастацкага вучылішча — удзельнікаў народнага свята гукання вясны.
Хоць першымі ідэолагамі і палітыкамі беларускага нацыянальнага адраджэння былі пісьменнікі, на некаторых этапах умацоўвання беларушчыны, уключна з цяперашнім, на пярэдняй лініі знаходзіліся мастакі. Слова і выява — чым дасі знаць мацней, чым пранікнеш глыбей у душу суродзіча, чым зацікавіш больш чужынца, каб выклікаць у яго прыхільнасць да няведамай яму краіны? Кажуць: лепш раз пабачыць, як сто раз пачуць. Псіхолагі ўстанавілі, што з усяе інфармацыі, якую чалавек чэрпае з наваколля, семдзесят працэнтаў ён набывае праз зрок.
Для беларусаў на чужыне мастацтва выконвала падвойную ролю: яно служыла эмацыянальным лучнікам са страчанай Радзімай і адначасна сродкам інфармацыі пра яе ў чужамоўным асяроддзі, дзе часта не ставала ведання мовы, каб расказаць пра край свайго паходжання. Палітычны ж эмігрант нясе на сабе місію выкрывання таго гвалту, з прычыны якога ён пакінуў Бацькаўшчыну. А дзеля таго, што Бацькаўшчына ў новым свеце, як правіла, была амаль зусім няведамая, інфармаваць пра яе найлягчэй універсальнаю моваю мастацтва. Хопіць хораша раскласці на саматканых дзяружках народныя вышыўкі, паставіць вырабы з саломкі, дрэва, гліны, павесіць на сцяне карту Беларусі, Пагоню, сесці ў нацыянальным касцюме за пражай ці за вырабам паясоў або стаць за сталом у народным строі — і ўвага карэспандэнтаў, фатографаў, тэлерэпарцёраў, а часамі і прынагоднага палітыка, калі ён наведваў фестываль, была забяспечана. Гэта формула, якой дзесяцігоддзямі карысталіся беларусы Амерыкі, Канады, Аўстраліі і іншых краінаў пасялення. Апрача этнічных фестываляў, на якіх фігуравала беларускае народнае мастацтва, у Злучаных Штатах, як і ў іншых краінах пасялення беларусаў, стваралі і ствараюць свае палотны беларускія мастакі-прафесіяналы і мастакі-аматары.
Увага айчынных даследнікаў да ролі мастакоў і ролі народнага мастацтва ў дзейнасці беларусаў далёкага замежжа, упаасобку Злучаных Штатаў, магла б быць большай. З'явілася, праўда, некалькі матэрыялаў у часопісе «Мастацтва». Супрацоўніца часопіса спадарыня Валянціна Трыгубовіч апублікавала нядаўна артыкул пра Алега і Людмілу Махнюкоў, рыхтуе інтэрв'ю з Тамарай Стагановіч. У зборніках «Культура беларускага замежжа» змешчаныя два артыкулы. У першай кнізе Уладзімір Мамонька даў агляд «Праблемы культуры і мастацтва ў «Запісах». Але аўтар нічога не згадвае пра выяўленчае мастацтва (ды ён і не мог шмат сказаць, паколькі ў «Запісах» пра мастацтва пісалася мала). У другім зборніку змешчаны артыкул Людмілы Маленкі «Амерыканскія беларусы і іх жыццё ў мастацтве (па старонках газеты «Беларус»)». Аўтарка грунтоўна азнаёміла чытача з тым, што пісаў «Беларус» пра мастакоў, мастацкія выстаўкі, фестывалі. Трэба згадаць яшчэ артыкул Вячкі Целеша пад загалоўкам «Пётра Мірановіч і яго культурна-асветная праца ў Латвіі і Амерыцы» ў 5-м томе (1995) «Беларусікі» Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У ёмістых кнігах Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША» і Леаніда Пранчака «Беларуская Амерыка» беларускаму выяўленчаму мастацтву прысвечана ў першай усяго адна старонка, а ў другой — ніводнай. З менскіх газет пра беларускіх мастакоў у Амерыцы падавалі крыху «Голас Радзімы» і «Звязда». Гэтак, карэспандэнтка «Звязды» Таццяна Антонава, пішучы пра плённую прафесійную дзейнасць Тамары Стагановіч і Ірэны Рагалевіч-Дутко, адзначыла: «Іх творчасць, па сутнасці, нікім не даследаваная, як з'ява вельмі цікавая і арыгінальная... Беларускасць невынішчальная і арганічная ў творчасці кожнай з памянёных мастачак» (Звязда, 9. IV. 1993).
Будучым даследчыкам трэба ведаць, што эміграцыйны друк поўны ілюстраваных рэпартажаў пра ўдзел беларусаў у выстаўках ды фестывалях. Аднак усебаковага асэнсавання ролі мастацтва і мастакоў у дзейнасці беларускае эміграцыі на Захадзе яшчэ не было. Былі толькі падыходы да гэтае важнае тэмы. Тут назаву перш-наперш грунтоўны агляд Раісы Жук-Грышкевіч пад загалоўкам «Выяўленчае мастацтва ў беларускіх асяродках на Захадзе» (Аўстралія, Бельгія, Канада, Францыя, Зах. Нямеччына, ЗША), апублікаваны па-англійску ў 17-й кнізе «Запісаў» Беларускага інстытута навукі і мастацтва (1983). У канцы артыкула дадзена даволі шырокая бібліяграфія (48 пазіцый), а таксама пералік галоўных выставак ад 1962 да 1976 года. У той жа кнізе «Запісаў» змешчаны таксама артыкул Уладзіміра Шыманца пад загалоўкам «Мастакі з Беларусі: парыжская школа» (пра Марка Шагала, Хаіма Суціна і інш.).
Анатоль Сабалеўскі на беларусаведнай канферэнцыі ў 1994 годзе ў дакладзе «Праблемы вывучэння культуры беларускага замежжа» слушна казаў: «Стварэнне фундаментальных працаў абагульняючага характару па культуры беларусаў, дзе ўсё будзе разглядацца ў непарыўнай цэласці, у адзінай плыні, і падрыхтоўка асобных даследаванняў па літаратуры, мастацтве, побыце замежных суайчыннікаў — справа будучыні і, спадзяёмся, будучыні недалёкай» (Беларусіка. Мн., 1995. Т. 5. С. 6—7). Выконваючы гэтае велічнае заданне, трэба памятаць пра тую выдатную ролю, якую выканалі і далей выконваюць мастакі і народныя ўмельцы ў пашырэнні па свеце імя Беларусі і ейнай багатае культурнае спадчыны, а таксама ейнага змагання за свабоду і дзяржаўную незалежнасць.
Адным з важных раздзелаў у гісторыі дзейнасці беларускіх мастакоў у Злучаных Штатах сталіся традыцыйныя штогоднія выстаўкі, якія ўжо 23 гады адбываюцца ў горадзе Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрсі, у сакавіку пад угодкі Дня Незалежнасці Беларусі. Выстаўкі гэтыя сталіся выяўленнем вернасці замежных беларусаў ідэалу свабоды краю паходжання і іхнай наважанасці ўзгадоўваць сваё маладое пакаленне ў адпаведным духу, а таксама інфармаваць амерыканскае грамадства пра Беларусь, ейную гісторыю і ейныя праблемы.
Выстаўкі гэтыя складаюцца з экспанатаў ад беларускіх мастакоў (абразы, разьба па дрэве), умельцаў (вышыўка, ткацтва, розныя вырабы), фатографаў (мастацкая фатаграфія), з беларускіх народных вырабаў (дзяружкі, вопратка, вязанне), а таксама з прынагодных экспанатаў, прысланых з Беларусі (былі паказаныя, прыкладам, дзіцячыя выявы чарнобыльскай катастрофы).
З мастакоў у саўтрыверскіх выстаўках у розныя гады бралі ўдзел наступныя 20 асобаў (з іх 11 з фармальнай мастацкай асветай, поўнай або няпоўнай): а. Канстанцін Бандарук, а. Дзмітры Башко, Іда Батэруортс, Лідзія Каліноўская-Даніловіч, Віктар Жаўняровіч, Надзя Кудасава-Запруднік, Таццяна Майсіюк, Алег і Люда Махнюкі, Пётра Мірановіч, Міхась Наўмовіч, Ірэна Рагалевіч-Дутко, Уладзімір Раманоўскі, Галіна Русак, Аляксандр Стагановіч, Тамара Стагановіч-Кольба, Тумаш Ксеня, Зміцер Чайкоўскі, Івонка Шыманец-Сурвіла, Уладзімір Шыманец.
Творчая тэматыка на выстаўленых працах: краявіды (пераважна беларускія), флора і фауна Беларусі, архітэктура, партрэты (у тым ліку беларускія гістарычныя постаці, беларускія тыпы, іконы). Усё пераважна ў рэалістычным стылі, хоць некаторыя мастакі карысталіся метадам стылізацыі, рэдка — абстракту. Тэхніка: алей, акварэль, тэмпера, графіка, літаграфія, лінагравюра, туш, аловак; разьба; дызайн (тэкстыль, плакаты, камерцыйная рэклама).
Каб уявіць сабе змест, настрой і ідэйную скіраванасць саўтрыверскіх выставак (пра якія рыхтуецца да друку альбом), падам некаторыя словы саміх мастакоў або выказванні пра іх.
Бандарук Канстанцін (ЗША)
«Для беларусаў, абкрадзеных са сваёй гістарычна-культурнай спадчыны, усведамленне багацця сваёй культуры патрэбнае для адраджэння нацыянальнага гонару і паўнавартаснасці. Кожны твор мастацтва, што ствараецца раскіданымі па свеце беларускімі мастакамі, узбагачае скарбніцу нашай нацыянальнай культуры. Мабыць, у нейкім мінімальным сэнсе сціплы плён і маёй працы служыць гэтай высакароднай мэце, бо маючы, прынамсі, нейкі Божы дар, як евангельскі «талент», не цалкам закапаў яго ў зямлю».
Башко Дзмітрый (ЗША)
«Якую ролю выконвае мастацтва ў жыцці грамады, нацыі? Магу ўявіць грамадства ці цывілізацыю, ці, урэшце, нацыю без навукі, без дзяржаўнасці, без грошай ці этыкі, скажам, але не магу ўявіць без рэлігіі і мастацтва. Лічу, гэтыя дзве адрозніваюць чалавека ад бязмоўнай істоты. Таму без рэлігіі і мастацтва няма грамады, нацыі — ёсць статак».
Даніловіч Лідзія (Нямеччына, ЗША)
Д-р Вітаўт Кіпель пра мастачку, першая выстаўка абразоў якое адбылася ў лагеры для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу ў Заходняй Нямеччыне, напрыканцы 1945 года: «Выстаўка Даніловіч-Каліноўскай зрабіла вялікае ўражанне на беларускіх юнакоў, якія арганізаваліся тады ў свае першыя скаўцкія дружыны».
Жаўняровіч Віктар (Францыя)
Уладзімір Шыманец: «У Парыжы ў ваколіцах не было ніводнага беларускага патрыёта, у хаце якога на ганаровым месцы не красаваўся б краявід пэндзля Жаўняровіча, поўны хараства, багацця колераў, незраўнанай кампазіцыі, а перадусім беларускі не толькі з тэматыкі, але і душы».
Сам мастак: «Рэлігія дала культуру і цывілізацыю, а таксама законы жыцця і працы людзей. Мастацтва дае лучнасць народу. Праз мастацтва мы пазнаём нацыю, дзяржаву, рэлігію і культуру народа. А пазнанне натуры — мэта нашага быту».
Махнюк Алег (ЗША)
Валянціна Трыгубовіч: «Пяць іканастасаў у праваслаўных цэрквах Амерыкі зрабіў гэты слынны майстар (чатыры ў беларускіх і адзін — у расейскай). І нароўні з традыцыйным матывам вінаграднай лазы ён па-мастэрску ўводзіць у разьбяны арнамент васілёк — сімвалічную кветку роднага краю» (Мастацтва. № 5. 1996).
Мастак пра сябе: «Калі пачалі будаваць у Саўт-Рыверы царкву св. Еўфрасінні Полацкай, я рабіў праекты, планы; сваімі рукамі выкаваў царкоўны купал, рамкі да іконаў, аналоі, іканастас... Радасна на душы, калі бачыш, што твая праца некаму патрэбная».
Махнюк Людміла (ЗША)
«Пасля пабудовы царквы і грамадскага цэнтра ў Саўт-Рыверы пачаліся рэгулярныя мастацкія выстаўкі. Хочаш не хочаш, давялося маляваць новыя абразы кожны год. Змест маіх абразоў — гэта краявіды нашых навакольных амерыканскіх мясцінаў, успаміны з Беларусі, нацюрморты; напісала некалькі іконаў. На мой погляд, мастацтва — гэта душа. Яна перадае гледачу супакой або трывогу, часам радасць, Смех, смутак, навейвае ўспаміны пра мінулае, пра далёкую Бацькаўшчыну, ейныя звычаі і легенды, перадае палітычныя і рэлігійныя пачуцці».
Наўмовіч Міхась (Францыя)
«Для мяне мастацтва (занятак мастацтвам) дае шмат нервовага напружання, духовы спакой і палёт думак на вышэйшыя шчыты людскіх вартасцяў. Мастацтва заўсёды выконвала і будзе выконваць вялікую ролю ў жыцці кожнага народа і кожнае нацыі. Ды, зрэшты, усё (амаль усё), што перайшло з мінулага ў бліжэйшыя пакаленні, перайшло пераважна ў форме мастацкіх твораў (архітэктуры, разьбы, малюнкаў і рукапісаў), выкананых у камені, дрэве, бронзе ды новых сінтэтычных матэрыялах, а таксама малюнках на дрэве, палатне, камені, як, прыкладам, у пячорах Альтамура ў Гішпаніі, Ласко ў Францыі ды іншых месцах, што маюць даўнасць 25 000 і больш гадоў. Усе народы, багатыя мастацкімі творамі, пераважна архітэктурай, скульптурай і малюнкамі, маюць большую пашану ў вачах іншых народаў ды чэрпаюць вялікія эканамічныя здабыткі, звязаныя з турыстычным рухам у краіну. Таму трэба вучыць шанаваць мастацкую спадчыну, каб яна ўзбагачалася ды каб асяроддзе мастакоў мацнела і ў нас на Беларусі».
Рагалевіч-Дутко Ірэна (ЗША)
Галоўны арганізатар выставак. Афармляе вокладкі выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва. Брала актыўны ўдзел у праводжанні этнічных фестываляў штата Нью-Джэрсі. Была адказная за мастацкую праграму трох вялікіх беларускіх фестываляў у Штатным мастацкім цэнтры ў Голмдэле (1976, 1977 і 1979 гг.).
Таццяна Антонава: «Зробленыя ёю праспекты, брашуры, каталогі, календары, розную рэкламную прадукцыю вызначаюць высокі прафесіяналізм аўтара, густ, арыгінальнасць» (Звязда. 9. IV.1993).
«Маё зацікаўленне індзейскім мастацтвам было тым большае, што цяжкая доля гэтага народа нагадвае мне гісторыю беларусаў, якіх таксама вынішчалі фізічна і духоўна, але якія прадэманстравалі сваю жывучасць, асабліва відавочную ў мастацтве».
Русак Галіна (ЗША)
Спадарыня Русак зацікавілася мастацтвам амерыканскіх індзейцаў пасля прыезду ў гэтую краіну ў 1949 годзе. Яна часта наведвала індзейскія пасяленні, археалагічныя мясціны і музеі. Азнаямленне з сімваламі на гаршках індзейцаў паўднёва-заходняга рэгіёна навяло ейную думку на багатыя традыцыі ейнай уласнай спадчыны. «Раней, — кажа яна, — я ніколі не звязвала гэных традыцый са сваёй мастацкай творчасцю, але пасля азнаямлення з індзейскім мастацтвам я пачала ўжываць матывы і сімволіку з беларускіх легендаў і фальклору ў сваіх творах».
Стагановіч-Кольба Тамара (ЗША)
«Прырода мне дае рэлігійнае адчуванне і становіць аснову майго мастацкага захаплення... Я шукаю настрояў у прыродзе. Вобразы ейныя застаюцца ў маёй памяці і адтуль выліваюцца на палотны. Прырода бязмежна багатая на прыгажосць — ад вялікіх панарамаў да маленечкіх дэталяў пялёсткаў і лісткоў, і я шчаслівая быць часткаю прыроды».
Чайкоўскі Змітра (Нямеччына)
«Я цікавіўся іканапісам, чытаў адпаведную літаратуру аб іканапісцах, такіх, як Андрэй Рублёў, і інш. У гэтым напрамку я дасягнуў пэўных поспехаў, малюючы людзей з натуры. Я пісаў іконы на Бацькаўшчыне, а таксама на чужыне. Мае іконы можна ўбачыць у Чыкага ў беларускай праваслаўнай царкве, а таксама іканастас у Брукліне. Я быў мастаком-аматарам і займаўся мастацтвам у вольны ад клопатаў час».
Шыманец-Сурвіла Івонка (Францыя, Канада)
«Беларускія мастакі, як і беларускія пісьменнікі, выказваюць у сваіх творах больш глыбокую любоў да сваёй краіны, чым гэта робяць мастакі і пісьменнікі ў дачыненні да сваіх краінаў там, дзе мне давялося жыць. Гэта я спасцігла ў беларускіх публікацыях з Бацькаўшчыны. Такое ўражанне пацвердзілася ў 1992 годзе, калі я была ў Менску. Гэта адчуваецца ва ўсім тым, што твораць беларускія мастакі-эмігранты. Да іх належу і я. У сваіх творах я заўсёды старалася выказаць сваю беларускасць, любоў да страчанай краіны. Брала ўдзел у выстаўках, каб уставіць у каталог слова «Беларусь», каб сказаць свету, што Беларусь яшчэ жыве».
Ужо з прыведзеных тут слоў відаць, якія разнастайныя шляхі і зацікаўленні ў беларускіх мастакоў на чужыне, але наколькі падобныя пачуцці ў дачыненні да Беларусі, дзе ляжаць вытокі іхнае творчасці і ідэйных крытэрыяў. Вывучаючы гэтую творчасць, даследчыкі на Бацькаўшчыне ўзбагацяць гісторыю беларускага мастацтва і беларускае дыяспары, пабачаць трываласць духоўных сувязяў паміж беларусамі замежжа ды родным краем, якому ўсе мы павінны служыць сваім талентам і працай.
