МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Дзейнасць канадскай дыяспары // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Жук-Грышкевіч Раіса
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Канада
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Р. Жук-Грышкевіч

(г. Таронта)

ДЗЕЙНАСЦЬ КАНАДСКАЙ ДЫЯСПАРЫ

Пад словам «культура» разумеем існаванне безупыннага імкнення адзінкі грамадства да вышэйшага пад кожным поглядам узроўню чалавечнасці быцця і вынікі гэтага імкнення, асягненні.

Культура для адзінкі грамадства народа ёсць вельмі важная, бо яна служыць абароне як адзінкі, так і народа. Чым меней культурны народ, тым болей, пагражае яму небяспека гібелі. Рэлігія, навука, мастацтва — усе гэтыя складнікі культуры імкнуцца захаваць грамадства, народ.

Культура народа можа развівацца нармальна толькі ў сваёй незалежнай дзяржаве, у якой урад дбае пра дабро свайго народа, пра развіццё яго культуры, пра пабольшанне шансаў яго выжыцця. Чужая ўлада не толькі тармозіць развіццё культуры, а і знішчае яе з мэтай, каб знішчыць і паняволены народ. Пры чужой уладзе і рэлігія, і навука, і мастацтва служаць знішчэнню паняволенага народа.

Ідэальна трэба, каб культура пранікала ў шырокія масы грамадства, бо ў дэмакратычным ладзе ўсё вырашаюць масы і яны без культуры пад уплывам варожых дзейнікаў могуць дзеяць на сваю гібель.

На эміграцыі беларуская культура ў моры чужой культуры, чужой мовы можа лёгка загінуць. На эміграцыі беларуская этнічная група, як і іншыя, можа захавацца і развівацца толькі ў нацыянальных арганізацыях. Канадскі ўрад не тармозіць развіцця этнічных культур, а падтрымоўвае іхняе развіццё. Ды гэтае развіццё залежыць толькі ад саміх прадстаўнікоў этнічнае групы. Канада за іх беларускую работу рабіць не будзе.

Толькі арганізаванасць этнічнай трупы, у нашым выпадку — беларускай, можа супрацьдзейнічаць дэнацыяналізацыі.

Каб арганізацыя магла выконваць сваю ролю захавання і развіцця беларускай культуры за мяжой, яна павінна будавацца на трывалай глебе. Яна павінна мець нацыянальную незалежніцкую ідэалогію, яна павінна мець сваю рэлігійную падставу — сваю беларускую царкву, яна павінна мець натарыяльную базу. Ды вельмі істотная арганізацыя павінна мець ідэю на вышэйшым культурным узроўні кіруючых людзей, якія рупіліся б, працавалі б над павышэннем узроўню культуры беларускага грамадства — над захаваннем яго ад знікнення.

Беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў Канадзе ёсць: Згуртаванне беларусаў Канады, заснаванае ў 1948 годзе, Задзіночанне беларускіх жанчын Канады (1965), Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (1966), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе (1967), Сектар рады Беларускай Народнай Рэспублікі (ад пачатку 50-х гадоў).

Беларускія нацыянальныя арганізацыі ў Канадзе базуюцца на незалежніцкай ідэалогіі, маюць сваю БАП-Царкву, маюць свой дом — Беларускі рэлігійна-грамадскі цэнтр у Таронта і лецішча — «Слуцак». Падумаўшы, у грамадстве — неабходныя ідэйныя, культурныя, дзейныя людзі.

Беларускія нацыянальныя арганізацыі ў Канадзе галоўным заданнем ставілі перад сабой нацыянальнае ўзгадаванне грамадства. Гэта: а) захаванне і развіццё роднай мовы; б) захаванне беларускіх традыцый; в) культываванне ведаў аб беларускай літаратуры; г) культываванне памяці нашай гісторыі; д) культываванне беларускага народнага мастацтва ды іншае.

Заданне гэтае выконваецца, з аднаго боку, праз штодзённую руплівасць, любоў і пашану да ўсяго сваяго, беларускага, як кіраўнічых органаў арганізацыяў, гэтак і сяброў. Адбываецца гэта ў сям'і, у царкве, дзе багаслужбы чытаюцца на беларускай мове, у сваім грамадскім беларускім доме. У доме гэтым шануецца беларуская сімволіка, шануецца памяць беларускіх палітычных грамадскіх дзеячаў, як і дзеячаў культуры ад зарання тысячагадовай гісторыі Беларусі — ад Рагвалода, Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, Францішка Скарыны да пазнейшых і нядаўніх, шануецца памяць свае гісторыі.

З другога ж боку, нацыянальнае ўзгадаванне праводзіцца праз культурную працу арганізацый.

Асвета — школы

Дзеля пашырэння ведаў аб Беларусі ў верасні 1951 года з ініцыятывы і стараннем Вінцэнта Жука-Грышкевіча пры універсітэце Таронта быў заснаваны Лектарат беларусаведаў, які трываў два акадэмічныя гады. Выкладчыкам Лектарата быў д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Курс першага 1951/52 года абымаў 20 лекцыяў з гісторыі Беларусі ад пачатку да сённяшніх дзён. У наступным 1952/53 годзе курс беларусазнаўства складаўся таксама з 20-ці лекцыяў з гісторыі беларускай літаратуры ад Царкоўнаславяншчыны (XI—XII ст.) і Падрыхтоўчай пары (XIV—XV ст.) да Узвышанцаў: Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы. Лектарат быў перарваны з прычыны выезду выкладчыка ў Мюнхен для арганізавання там беларускай секцыі рады «Вызваленне», цяпер «Свабода».

У шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады пры беларускай царкве Еўфрасінні Полацкай у Таронта існавала пад кіраўніцтвам сп-ні Валянціны Пашкевіч суботняя школа для дзяцей. Для школы былі зложаныя самой настаўніцай Валянцінай Пашкевіч падручнікі: «Чытанка» (1960-я гады) і два тамы «Беларускай мовы» (1974—1978). «Чытанка» была выдадзена ў ЗША, а англамоўны падручнік «Fundamental Buelorussian» («Беларуская мова») у двух тамах выдаў Выдавецкі камітэт пры Каардынацыйным камітэце беларусаў Канады ў Таронта ў 1974 і 1978 гадах. На пачатку 80-х гадоў Валянціна Пашкевіч пачала працаваць над складаннем англа-беларускага слоўніка, які цяпер знаходзіцца ў працэсе друку.

Нацыянальныя святы

Узгадаваўчае значэнне мае штогодняе ўрачыстае адзначанне нацыянальных святаў, як: Дзень Незалежнасці — угодкі абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Актам 25 сакавіка ў 1918 годзе ў Менску, ды Дзень герояў Беларусі, або, як кажуць, угодкі Слуцкага збройнага чыну. На праграму нацыянальных святаў складаюцца: багаслужбы ў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве парафіі св. Кірылы Тураўскага ў Таронта і ў царкве св. Еўфрасінні Полацкай, урачыстыя сходы ў зале Беларускага рэлігійна-грамадскага цэнтра ў Таронта з дакладамі, прывітаннямі і мастацкай праграмай. Да нацыянальных святаў адпаведна афармляецца зала Беларускага дома і звонку яго ўзнімаюцца нацыянальныя сцягі: бел-чырвона-белы беларускі і канадскі. Дзякуючы старанням Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады ад 1970 года бел-чырвона-белы сцяг на 25 сакавіка ўзвіваецца і ля Ратушы Таронта.

Гістарычныя ўгодкі

1. 450-я ўгодкі беларускага друку.

Невялікую скалю з грандыёзнай выстаўкай старога беларускага друку і ўрачыстым сходам 17 верасня 1967 года ў зале Беларускага рэлігійна-грамадскага цэнтра ў Таронта беларусы Канады адзначалі 450-я ўгодкі беларускага друку і стагоддзе Канады. Аддавалі пашану памяці заснавальніка беларускага кнігадрукавання, выдатнага гуманіста, асветніка, лекара, аднаго з волатаў эпохі Адраджэння д-ра Францішка Скарыны, які 6 жніўня 1517 года надрукаваў у Празе Чэшскай першую на беларускай мове кнігу Псалтыр і гэтым даў пачатак беларускаму друку. Імпрэзу ладзіла Згуртаванне беларусаў Канады.

Выстаўка складалася з сямі выставачных гнёздаў, па-мастацку размешчаных на сценах залы. Імі былі: 1. Скарына вандроўны. 2. Скарына ў Падуі. 3. Скарына сярод сучаснікаў. 4. Скарынавыя кнігі. 5. Ілюстрацыі і графічныя аздобы Скарынавых кнігаў. 6. Скарынавыя папярэднікі і паслядоўнікі. 7. Скарына ў беларускай літаратуры і прэсе.

Багатыя матэрыялы да выстаўкі ласкава пазычыў нам д-р Вітаўт Тумаш, старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, а выстаўку ў Таронта наладзілі Вінцэнт і Раіса Жук-Грышкевічы.

Урачысты сход адкрыла і вяла рэферэнт культуры Галоўнай управы ЗБК д-р Раіса Жук-Грышкевіч. Прамоўцамі былі высокі ўрадавец з Дэпартамента грамадзянства і іміграцыі сп. Глын П. Ален, які, перад тым як прыступіць да свае тэмы аб стагоддзі Канады, гаварыў аб 450-х угодках беларускага друку, аб Францішку Скарыну, старой беларускай культуры. Другім дакладчыкам на тэму «450-я ўгодкі беларускага друку» быў д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

2. Снежань, 1967 г. «50-я ўгодкі Усебеларускага кангрэсу». Дакладчык — д-р В. Жук-Грышкевіч.

3. 8 чэрвеня 1978 г. «Дзень Прадславы — Еўфрасінні Полацкай». Дакладчык д-р Р. Жук-Грышкевіч. Імпрэзу ладзіла Задзіночанне беларускіх жанчын Канады (ЗБЖК).

4. 50-я ўгодкі смерці Івана Луцкевіча і 40-я Антона Луцкевіча беларускае грамадства Канады ўрачыста адзначала акадэміяй і выстаўкай з жыцця і дзейнасці братоў Луцкевічаў у зале БР-ГЦ 29 жніўня 1969 года. Дакладчыкам быў д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які праз доўгія гады ведаў і супрацоўнічаў з Антонам Луцкевічам у Вільні. Імпрэзу ладзіла ЗБК.

5. Імпрэзу 400-х угодкаў друкарні ў Заблудаве арганізаваў 26 кастрычніка 1969 года Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе (старшыня — д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч). З ЗША быў запрошаны старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку д-р Вітаўт Тумаш, які зрабіў даклад на тэму: «Гетман Рыгор Хадкевіч — паслядоўнік Францішка Скарыны». У зале БР-ГЦ была наладжана прынагодная выстаўка.

6. З нагоды адкрыцця ў 1971 годзе Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане д-р Раіса Жук-Грышкевіч, якая была ўдзельнікам урачыстасцяў у Лондане, 31 кастрьмніка 1971 года мела ў зале БР-ГЦ у Таронта даклад на тэму: «Беларуская бібліятэка на фоне мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні». У дакладзе была і інфармацыя пра ўрачыстасці адкрыцця Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.

7. У верасні 1972 года беларусы Канады і ЗША адзначалі на 10-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта 450-я ўгодкі друку на беларускай зямлі. У 1522 годзе Францішак Скарына выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостала». Д-р Вітаўт Ту-маш, старшыня БІНіМ у Нью-Йорку, зрабіў даклад на тэму: «450-годдзе друку на беларускай зямлі. Угодкі выхаду «Малой падарожнай кніжкі» доктара Ф. Скарыны». На слаўныя ўгодкі БІНіМ у Нью-Йорку выдаў юбілейныя скарынаўскія маркі.

8. 1966, 1976 і 1986 — юбілейныя гады «Нашай Нівы». Былі адпаведна адзначаны.

9. У 1979 годзе скарэктаваная была скандалічная на нашую некарысць памылка ў дакументах Крыніц статыстыкі Канады, у якіх ад пачатку 1930-х аж да 1979 года беларуская мова фігуравала як дыялект расейскай. Перапіска ў гэтай справе вялася з галоўным статысташынам д-рам Пітэрам Кіркгамам, у выніку якое мы атрымалі ліст, які паведамляў аб скарэктаванні памылкі.

10. 1000-годдзе дзяржаўнасці Беларусі беларусы Канады адзначалі 28 і 29 лістапада 1981 года ў Беларускім рэлігійна-грамадскім цэнтры ў Таронта. Падрыхтоўка да ўрачыстасцяў вялася цэлы год. Інспірацыяй былі перавыданыя Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі дзве юбілейныя, падпольна выданыя ў БССР паштоўкі.

У праграму свята ўваходзілі: багаслужбы ў БАПЦ; урачыстыя сходы з дакладамі: «Тысячагоддзе дзяржаўнасці Беларусі» д-ра Вінцэнта Жука-Грышкевіча, «На Дзень герояў Беларусі» сп. Міколы Ганька і «Сто год нараджэння Івана Луцкевіча» д-ра Раісы Жук-Грышкевіч; мастацкая выстаўка, у якой былі прадстаўлены працы сп. Юркі Акулы, сп-рынь Валянціны Пашкевіч, Аляксандры Протас, Івонкі Сурвілы і сп. Міколы Шуста. Паэтка Наталля Арсеннева афіцыйна адкрыла выстаўку і застольныя бяседы, арганізаваныя сп-няй Марыяй Ганька.

11. 500-я ўгодкі ад нараджэння доктара Францішка Скарыны беларускае грамадства Канады ўрачыста адзначала 14 верасня 1985 года вялікай выстаўкай, прысвечанай жыццю і выдавецкай працы д-ра Францішка Скарыны, урачыстым сходам з дакладам на тэму дня д-ра Раісы Жук-Грышкевіч. У заключэнні дакладчыца сказала:

«Д-р Францішак Скарына, будучы патрыётам свайго «слаўнага града Полацка» і ўсяе Беларусі, быў адначасова і грамадзянінам усяе Еўропы і меў дачыненні з такімі асабістасцямі, як вялікім князем і каралём Жыгімонтам Казіміравічам, маскоўскім князем Васілём ІІІ Іванавічам, з Фердынандам I, каралём Аўстрыі, Чэхіі і Вугоршчыны, з каралём Даніі Гансам, з герцагам Прускім Альбрэхтам, біскупам Вільні Янам, Маскоўскім мітрапалітам Данілам. Ягоныя зацікаўленні абымалі: тэалогію, літаратуру, права, медыцыну, батаніку, друкарства, мастацтва. Ягоныя асягненні:

1. Даў пачатак беларускаму друку і ўсяе Усходняй Еўропы. Вагу Скарынавае піянерскае дзейнасці ў гісторыі беларускага друку падкрэслівае факт, што дзякуючы д-ру Скарыну беларускі друк на колькі дзесяцігоддзяў і выперадзіў друк Маскоўшчыны (1564) ды Украіны (1574).

2. Дзякуючы Скарыну беларускі народ быў другім сярод славянскіх — пасля чэшскага, які меў друкаваную Біблію ў роднай мове.

3. У гісторыі графічнага мастацтва важная Скарынавая заслуга тая, што ён першы ў кнігах славянскага кірылічнага друку ўвёў звычай багатага іх ілюстравання гравюрамі.

4. Скарына меў велізарны ўплыў на развіццё друкарства ў Беларусі ды і ўсёй Усходняй Еўропы. Да канца XVI стагоддзя пасля заснавання Скарынам першае на беларускай зямлі друкарні ў Вільні ў 1522 годзе адна за адной паўстаюць у Беларусі іншыя сем друкарняў: Нясвіжская (1562), дзе друкаваў свае кнігі Сымон Будны, Заблудаўская гетмана Рыгора Хадкевіча (1569), Віленская Мсціслаўца, Цяпінская Цяпінскага, Віленская Гарабурды, Віленская Мамонічаў і Віленская Брацкая. Калі лічыць і Скарынавую Пражскую, дык 9 беларускіх друкарняў, з якіх выйшла да канца XVI стагоддзя болей як сто кніг, друкаваных у царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Сярод іх такія выдатныя помнікі старога беларускага друку, як Біблія д-ра Францішка Скарыны (1517—1519), Мсціслаўцава Евангелле 1575 года ды Статут Вялікага княства ЛІтоўскага 1588 года, друкаваны ў друкарні Мамонічаў.

Лікам друкарняў і надрукаваных у іх кнігаў беларускія землі ў XVI стагоддзі займалі вядучае месца сярод краёў Усходняй Еўропы. З гэтага гледзішча далёка за сабой пакінулі землі Маскоўшчыны, дзе да канца XVI стагоддзя выйшла толькі 18 кніг у мове царкоўнаславянскай, кніг літургічных.

5. Скарына быў не толькі першадрукаром і перакладчыкам Бібліі на беларускую мову, ён быў і пісьменнікам. Ягоныя прадмовы да кніг — гэта серыя маральна-філасофскіх разважанняў, што сталіся класікай беларускай літаратуры.

Слаўны Палачанін першы завяшчаў нам шанаваць сваю мову, горда заяўляючы, што яго «Міласцівы Бог з таго языка на свет пусціў». (Даклад надрукаваны ў «Беларускай мінуўшчыне» (№ 6, 1995) пад загалоўкам «Па слядах Францішка Скарыны».)

12. Да 985-х угодкаў смерці Рагнеды Рагвалодавай. 1985 год — апошні год Міжнароднага дзесяцігоддзя жанчыны. З гэтае нагоды д-р Раіса Жук-Грышкевіч, старшыня Згуртавання беларусаў Канады, зрабіла 29 снежня 1985 года ў зале БР-ГЦ ў Таронта даклад на тэму: «Да 985-х угодкаў смерці Рагнеды Рагвалодавай». Быў гэта даклад і пра пачаткі гісторыі Беларусі, пра Рагвалода, Рагнеду, Ізяслава.

13. Тысячагоддзе хрысціянства ў Беларусі (1988) было слаўна і трывала адзначана ўзняццем манумента — Беларускага памятнага Крыжа ў прошчы паўночна-амерыканскіх пакутнікаў у Мідландзе (Канада), што называецца «Martus’ Shrine in Midland, Ontario».

На трэці дзень 18-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта 5 верасня 1988 года ўдзельнікі яе з Бацькаўшчыны, Аўстраліі, Еўропы, ЗША і Канады зрабілі паломніцтва ў прошчу, што каля Мідланда, якіх 200 км на поўнач ад Таронта, каб быць удзельнікамі асвячэння Крыжа — беларускага манумента, пастаўленага для адзначэння 1000 гадоў хрысціянства ў Беларусі.

Св. Літургію і багаслужбу асвячэння Крыжа адпраўляў айцец Аляксандр Надсан, апостальскі візітатар для беларусаў з Лондана, дзе ён поўніць функцыю і дырэктара Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Узняцце і асвячэнне Беларускага Крыжа было апета паэткай Наталляй Арсенневай вершам «Крыж». У наступным годзе прошча выдала беларускія малітоўныя карткі, а беларусы — паштоўку Крыжа.

У 1996 годзе да Беларускага памятнага Крыжа, з правага яго боку, быў даданы Манумент памяці пакутнікаў Беларусі, а гэта на валуне завершаным Еўфрасіннеўскім Крыжам мемарыяльная табліца «Памяці ахвяр камуністычнага тэрору ў Беларусі». Манумент памяці пакутнікаў Беларусі быў асвечаны айцом Аляксандрам Надсанам у часе 8-га паломніцтва да Беларускага Крыжа 1 чэрвеня 1996 года пры ўдзеле паломнікаў з Англіі, Беласточчыны, ЗША і Канады. Такім чынам, у Канадзе маем Беларускі памятны комплекс. Плануем выдаць яго паштоўкі.

Літаратурныя ўгодкі

1. У 1952 годзе адзначаны былі 30-я ўгодкі смерці Антона Лявіцкага — Ядвігіна Ш., 20-я ўгодкі ад смерці Уладзіміра Жылкі (Вінцэнт Жук-Грышкевіч).

2. Першая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, што адбылася 5—6 ліпеня 1952 года на канадскім баку вадаспаду Ніягара, была прысвечана Янку Купалу — 70-м угодкам ад ягонага нараджэння і дзесятым ад ягонае трагічнае смерці. Даклад меў д-р В. Жук-Грышкевіч на тэму: «Янка Купала як чалавек і грамадскі дзеяч».

3. 26 ліпеня 1952 года ва універсітэце ў Атаве ў часе летняй сесіі адбылася абарона доктарскай дысертацыі на тэму: «Лірыка Янкі Купалы». Аўтарам і абаронцам яе быў праф. В. Жук-Грышкевіч, які здаў ужо ўсе экзамены, вымаганыя універсітэтам, і дзякуючы прыняццю і абароне дысертацыі атрымаў навуковы тытул доктара філасофіі ад універсітэта ў Атаве.

4. 24 кастрычніка 1965 года ў зале БР-ГЦ у Таронта адбыўся ўрачысты сход, якім адзначалі мы 125-я ўгодкі ад нараджэння і 65-я ўгодкі ад смерці «бацькі беларускага адраджэння» Францішка Багушэвіча. Дакладчык — д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

5. Задзіночанне беларускіх жанчын Канады запрасіла д-ра В. Жука-Грышкевіча зрабіць лекцыю пра «Пачаткі беларускага адраджэння». Даклад адбыўся 14 лістапада 1965 года ў зале БР-ГЦ у Таронта.

6. 27 лютага 1966 года Задзіночанне беларускіх жанчын Канады ладзіла ў Беларускім рэлігійна-грамадскім цэнтры акадэмію ў гонар 50-х угодкаў ад смерці Цёткі — Алаізы Пашкевіч. Быў прачытаны даклад Валянціны Жукоўскай-Пашкевіч: «Цётка як чалавек і нацыянальна-грамадскі дзеяч».

А 110-я ўгодкі ад нараджэння і 70-я ад смерці беларускай паэткі і нацыянальна-грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч-Цёткі Галоўная ўправа ЗБК адзначала 28 верасня 1986. Дакладчыкам была старшыня ЗБК д-р Раіса Жук- Грышкевіч.

7. 19 студзеня 1968 года адзначаны былі 70-я ўгодкі ад нараджэння Канстанцыі Буйло. Дакладчык д-р Раіса Жук-Грышкевіч. Імпрэза Задзіночання беларускіх жанчын Канады.

8. Задзіночанне беларускіх жанчын Канады запрасіла сваю ганаровую сяброўку паэтку Наталлю Арсенневу на літаратурны вечар, што адбыўся 18 лютага 1969 года ў БР-ГЦ у Таронта. Даклад аб літаратурнай творчасці паэткі меў д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч, сябра Наталлі Арсенневай яшчэ з гімназічных гадоў. Паэтка гаварыла на тэму «Майму жыццю»; тэму «Чалавек у творчасці Наталлі Арсенневай» развіў маг. Алесь Грыцук. Чытанне яе паэзіі, выступленне ўкраінскага паэта Барыса Аляксандрава ды песня «Беларусь наша Маці-краіна» на словы паэткі дапаўнялі жывую і цікавую імпрэзу.

9. 27 верасня 1970 года Задзіночанне беларускіх жанчын Канады літаратурным вечарам адзначала 60-я ўгодкі жыцця Ларысы Геніюш. Даклад д-ра Раісы Жук-Грышкевіч. Чытанне паэзіі паэткі.

10. Святкаванне 80-х угодкаў ад нараджэння Максіма Багдановіча ладзіла Згуртаванне беларускіх жанчын Канады 27 лютага 1971 года. Даклад меў д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Выстаўка з васількамі.

11. 13 траўня 1972 года ў зале БР-ГЦ у Таронта адбыліся даклады гасцей з ЗША: «Вялікае княства Літоўскае ў святле савецкае літаратуры» — д-р Ян Запруднік; «На 90-я ўгодкі ад нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа» — праф. Антон Адамовіч.

12. 10-я сустрэча БПА ў 1972 годзе ў Таронта была прысвечана 90-м угодкам ад нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы і 450-м угодкам друку на беларускай зямлі.

13. 100 год ад нараджэння Алеся Гаруна, выдатнага беларускага паэта, палітычнага і вайсковага дзеяча, урачыста адзначалі мы паніхідай за ўпакой Ягонае Душы, застольнай бяседай і дакладам пісьменніка Кастуся Акулы. Урачыстасць адбылася 27 верасня 1987 года ў БР-ГЦу Таронта.

14. 125-я ўгодкі «Мужыцкай праўды» і Дзень герояў Беларусі адзначалі мы 29 лістапада 1987 года багаслужбай і ўрачыстым сходам у зале БР-ГЦ у Таронта. Старшыня ЗБК д-р Раіса Жук-Грышкевіч зрабіла даклад на тэму: «Мужыцкая праўда» і Кастусь Каліноўскі (Да 125-х угодкаў «Мужыцкае праўды»)».

15. Урачыстае святкаванне 100-х угодкаў ад нараджэння Максіма Багдановіча ладзіў Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады 15 снежня 1991 года ў БР-ГЦ у Таронта. Дакладчыкам была старшыня Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады д-р Раіса Жук-Грышкевіч.

16. Еўфрасіння Полацкая. Ад 1992 года кастрычнік у Канадзе ёсць «Месяцам гісторыі жанчыны». Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады адзначаў «Месяцы гісторыі жанчыны» ў 1993 і 1995 гадах. Імпрэзы складаліся з некалькіх дакладаў пра беларускіх і канадскіх жанчын, ды ключавым быў даклад пра нашую славутую асветніцу, унучку полацкага князя Усяслава Чарадзея, князёўну Прадславу — св. Еўфрасінню Полацкую.

Канферэнцыі

Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе наладзіў у красавіку 1971 года канферэнцыю ва універсітэце ў Кінгстане (Queenis University of Kingston). У часе яе прачытана было восем дакладаў. Старшынёй БІНіМ у Канадзе быў тады д-р Ян Садоўскі.

У красавіку 1975 года БІНіМ у Канадзе (старшыня сп-ня Івонка Сурвіла) у супрацоўніцтве з Славянскім аддзелам Атаўскага універсітэта і Музея чалавека арганізаваў 20—27 красавіка 1975 года Беларускі тыдзень студыяў. Музей чалавека ў супрацоўніцтве з БІНіМ у Канадзе наладзіў у зале Атаўскага універсітэта выстаўку беларускага народнага мастацтва, адкрыццём якое 20 красавіка пачаўся Беларускі тыдзень студыяў. 25 красавіка быў літаратурны вечар Наталлі Арсенневай з удзелам паэткі. На вечары было прачытана беларусамі і ўкраінцамі некалькі дакладаў і рэцытацыя паэзіі паэткі. 26—27 красавіка адбываліся даклады ў ангельскай мове. Між імі даклад на тэму: «Беларусы ў шматкультурнай Канадзе (Захаванне роднай мовы і культуры)» Раісы Жук-Грышкевіч.

Канадская асацыяцыя славістаў у супрацоўніцтве з Асацыяцыяй навукоўцаў (Learned Socety) арганізуе кож-ны год пры іншым універсітэце Канады навуковыя канферэнцыі. Пачынаючы з 1992 па 1995 штогод БІНіМ у Канадзе ўдзельнічаў у такіх канферэнцыях, творачы ў іх асобную Беларускую секцыю, якая давала кожны год па некалькі дакладаў.

З нагоды Міжнароднага года жанчыны Задзіночанне беларускіх жанчын Канады арганізавала 6 снежня 1975 года ў зале БР-ГЦ у Таронта канферэнцыю. На праграму яе складаліся даклады сябровак арганізацыі: сп-нь Вольгі Грыцук, Людмілы Рагулі, Івонкі Сурвілы і старшыні арганізацыі Раісы Жук-Грышкевіч. Яе даклад быў на тэму: «Беларускія жанчыны». З гэтай нагоды ў зале БР-ГЦ у Таронта была наладжана выстаўка кніг аўтарства беларускіх жанчын і выстаўка выяўленчага мастацтва прац Івонкі Сурвілы з Атавы.

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады пры фінансавай дапамозе Канадскага федэральнага ўрада арганізаваў у Таронта дзве, у 1989 і 1991 годзе, канферэнцыі прадстаўнікоў беларускага грамадства з усяе Канады. Мэтай абедзвюх канферэнцый было ажывіць арганізацыйнае жыццё беларускага грамадства, заангажаваць да яго малодшае пакаленне, каб беларуская культура не пераставала быць інтэгральнай часткай шматкультурнай мазаікі Канады.

На першай канферэнцыі 18—19 сакавіка 1989 года ў Таронта было прачытана 5 дакладаў, а на пленарным сходзе, на якім былі і перавыбары ўправы ККБК (старшынёй была выбрана д-р Раіса Жук-Грышкевіч), было даручана нававыбранаму рэферэнту рэпрэзентацыі сп-ні Івонцы Сурвілы даследаваць у Атаве магчымасці і эвентуальна арганізаваць фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі, што і было ёю ў гэтым жа годзе выканана.

Другая канферэнцыя 4—5 траўня 1991 года ў Таронта адзначала 25-я ўгодкі Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады. На ёй было прачытана сем дакладаў.

Удзел беларусаў у іншых канферэнцыях

10—11 чэрвеня 1967 года ў Атаўскім універсітэце адбыўся 2-гі Кангрэс канадскіх славянаў — Second National Conference on Canadian Slavs. На гэтым кангрэсе д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч зрабіў даклад на тэму: «Беларусы і канадская статыстыка» — «Belorussans and Canadian Statistics» (надрукаваны ў 2-м томе «Slavs in Canada» і ў кнізе «Жыццё Вінцэнта Жука-Грышкевіча»).У жніўні 1966 года д-р В. Жук-Грышкевіч браў удзел у канферэнцыі «Правы і абавязкі» — «Кіепіз апд Кезроп-зіЬіііеііез», што адбылася ў Порт Эльджын, Антарыё.

У 1967 годзе Канада святкавала сваё стагоддзе. Дэпартамент грамадзянства ў супрацоўніцтве з Сакратарыятам Канады рыхтавалі выданне кнігі «The Canadian Family Tree» — «Дрэва канадскай сям'і». Д-р В. Жук-Грышкевіч падрыхтаваў для кнігі матэрыял пра беларусаў Канады. За дзесяць год для наступнага выдання «The Canadian Family Tree» матэрыял пра беларусаў Канады падрыхтавала д-р Раіса Жук-Грышкевіч.

У снежні 1968 года у Таронта адбылася канферэнцыя ў справе прававога стану культураў у Канадзе, «Thinkers Conference». Ад беларусаў браў у ёй удзел старшыня Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады ад 1980 года ёсць сябрам-заснавальнікам Канадскай этнакультурнай рады — Canadian Ethnocultural Council (СЕС), і прадстаўнікі яго стала бяруць удзел у канферэнцыях СЕС.

У траўні 1995 года старшыня ККБК д-р Раіса Жук-Грышкевіч брала ўдзел у 2-м Міжнародным кангрэсе беларусістаў, на якім зрабіла даклад на тэму «Дзейнасць беларускае эміграцыі ў Канадзе».

Прэса

Ад пачатку свайго існавання (1948) да 1954 года Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК) выдавала газету «Беларускі эмігрант». Заснавальнікам і рэдактарам яе быў Кастусь Акула.

У студзені 1952 года групоўка «Авангард Беларусі» пад кіраўніцтвам Вінцэнта Жука-Грышкевіча выдала бюлетэнь «Бээнэравец». Гэта інфармацыя пра незалежніцкую бээнэраўскую ідэалогію — змаганне за яе. Ініцыятар і рэдактар «Бээнэраўца» — Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Ад 1963 да 1968 года ЗБК разам з БАЗАй выдавалі газету «Беларус», у якой была частка «Весткі з Канады».

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў па сёння (1996) выходзіць у Таронта пад рэдактарствам Кастуся Акулы квартальнік «Зважай».

У 1996 годзе ЗБК пачало выдаваць квартальнік «Інфа ЗБК». У апошнія некалькі гадоў у Манрэалі выходзіць квартальнік «Прамень».

Выдавецтва

У 1950 годзе ЗБК апублікавала брашуру старшыні Рады БНР інж. Міколы Абрамчыка ў ангельскай мове: «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» — «Я абвінавачваю Крэмль у генацыдзе майго народа».

У 50—60-х гадах аддзел ЗБК у Манрэалі выдаў апрацаваныя беларускім мастаком Пётрам Мірановічам дзве паштоўкі, прысвечаныя 25 сакавіка. У 1989 годзе пасля асвячэння Беларускага Крыжа ў Мідландзе Раіса Жук-Грышкевіч выдала паштоўку «Беларускі памятны Крыж». Рыхтуецца паштоўка «Беларускага памятнага комплексу».

У 60-х гадах быў заснаваны пад старшынствам сп. Кастуся Акулы клуб «Пагоня», які выдаў кнігі аўтарства Кастуся Акулы: «Гараватка», «Дзярлявая птушка», «Заўтра гэта ўчора» ў ангельскай мове і «За волю», 1991. «Змагарныя дарогі» выдала «Бацькаўшчына» ў 1962 годзе, калі яшчэ не было клуба «Пагоня».

З ініцыятывы старшыні Рады БНР д-ра Вінцэнта Жука-Грышкевіча ў 1973 годзе быў заснаваны «Фонд беларускіх падручнікаў», дзякуючы якому Выдавецкі камітэт пры Каардынацыйным камітэце беларусаў Канады выдаў у 1974 і 1978 гадах два тамы англамоўнага падручніка «Fundamental Byelorussian» — «Беларуская мова» аўтарства Валянціны Пашкевіч.

На 60-я ўгодкі 25 сакавіка быў заснаваны старшынёй Рады БНР д-рам Вінцэнтам Жуком-Грышкевічам «Выдавецкі фонд успамінаў з беларускага жыцця», які ў тым жа 1978 годзе выдаў брашуру «25 сакавіка» В. Жука-Грышкевіча і карту Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў 1993 годзе кнігу «Жыццё Вінцэнта Жука-Грышкевіча» Раісы Жук-Грышкевіч.

У 1981 годзе выйшла ў Канадзе кніга ў ангельскай мове «Гісторыя беларусаў у Канадзе» д-ра Яна Садоўскага.

Важная манаграфія «Canadians of Byelarussian Origin» V. J. Kaye выдана як адбітка з часопіса «Агляд універсітэта Атавы» ў 1960 годзе.

У друку знаходзяцца цяпер Ангельска-беларускі (Валянціны Пашкевіч) і Беларуска-ангельскі (Юркі Станкевіча) слоўнікі, якія мае выдаць універсітэт Таронта.

Мастацтва

Задзіночанне беларускіх жанчын Канады (старшыня д-р Раіса Жук-Грышкевіч) запрапанавала беларускай мастачцы Галіне Русак з ЗША зрабіць выстаўку ейных прац. Выстаўка, якая прадстаўляла 40 прац жывапісу і мёртвай натуры, адбылася ў зале БР-ГЦ у Таронта ў лістападзе 1969 года. Мастачка пры нагодзе дала даклад на тэму «Мастак і асяроддзе». Была гэта першая выстаўка беларускага выяўленчага мастацтва ў Канадзе. І першая выстаўка Галіны Русак.

Пасля ў чэрвені 1972 і ізноў у 1974 годзе ў беларускім павільёне Таронтаўскага Каравана «Менск» адбылася арганізаваная Асацыяцыяй беларускай моладзі Канады выстаўка прац Івонкі Сурвілы з Атавы, Пётры Мірановіча з Нью-Йорка і Віктара Жаўняровіча з Францыі.

Івонка Сурвіла, беларуская мастачка ў Канадзе, студыявала мастацтва ў Парыжы. Яна перш за ўсё партрэтыстка, малюе людскія фігуры. У сваім творстве ўжывае алейныя фарбы, акрылік, акварэлі, аловак, пяро, калаж і аплікацыю. Ды хіба найбольшым майстрам яна ёсць ужываючы аловак. Некаторыя ейныя партрэты выкананы толькі некалькімі лініямі і апісваюць не толькі вонкавы выгляд, а і персаналь мадэлі. Так як у працах алоўкам экспрэсіўным элементам ёсць лінія, гэтак у малюнках — колер.

Другі сродак ейнае экспазіцыі гэта пяро і індыя туш. Дробнымі рыскамі пяра ўздоўж і накрыж, творачы цені і святло, яна малюе архітэктуру, людскія фігуры, партрэты. Надае ім форму, жыццё цела, пачуцці духу, як у ейным творы «Жанчына», 1972.

Сваю любоў да Бацькаўшчыны-Беларусі яна выражае ў адтваранні гістарычных манументаў беларускай архітэктуры. Пяром і тушшу яна рэстаўруе руіны — а з імі і славу беларускае мінуўшчыны — да дзяржаўнае манументальнасці.

Выстаўка прац Івонкі Сурвілы, што была наладжана Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Канадзе ў часе 10-е сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта, засведчыла, што інспірацыяй мастачкі ёсць людское аблічча, людская фігура. Твары ў ейных працах паважныя, часам слёзныя, рэдка вясёлыя. Голыя фігуры поўныя чалавечай годнасці. Калі апранутыя, вопратка надае ім характар і эмацыянальны акцэнт. Пачуццё нацыянальнай прыналежнасці і любові выражанае ў працы «Беларуска». Выстаўка гэтая, што адбылася ў Беларускім рэлігійна-грамадскім цэнтры на Ст. Кларэнс у Таронта, зарэгістравана ў кнізе «Канадскія мастакі ў выстаўках 1972—1973» (1974).

Івонка Сурвіла выканала серыю партрэтаў выдатных беларускіх жанчын: князёўны Прадславы — св. Еўфрасінні Полацкай, Алаізы Пашкевіч-Цёткі, Паўліны Мядзёлкі і 16 гімнастычных фігур Вольгі Корбут для канферэнцыі Задзіночання беларускіх жанчын у Канадзе, ладжанай з нагоды Міжнароднага года жанчыны ў снежні 1975 года. На канферэнцыі была выстаўка прац Івонкі Сурвілы, аб чым мы ўжо вышэй упаміналі.

Фестывалі

Саюз беларускае моладзі Канады на працягу 70-х гадоў ладзіў беларускі павільён «Менск» у Таронтаўскім Караване. Павільён «Менск» знаходзіўся ў Беларускім рэлігійна-грамадскім цэнтры.

Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе ў 70-х і 80-х гадах дзесяць разоў арганізаваў беларускі павільён у штогоднім Атаўскім фестывалі «Бацькаўшчына».

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады кожны год, калі горад Бэры, або музей Simcoe County арганізоўвалі шматкультурныя фестывалі, а іх было пяць, браў у іх удзел, арганізуючы беларускія аддзелы, што выяўлялі беларускую культуру і гісторыю.

Матэрыяльная культура

Беларусы — народ зарадны, калі ёсць магчымасць працы, а ў Канадзе яна была і ёсць, і яны працавалі, зараблялі, ашчаджалі, куплялі сабе дамы, аўтамабілі і лецішчы. Жылі і жывуць у дастатку.

На самым пачатку 1953 года з ініцыятывы і старання Вінцэнта Жука-Грышкевіча была заснавана фінансавая пляцоўка «Byelorussian (Toronto) Credit Union Limited» — пазычковая каса, у якой можна было пазычыць грошы на ўладжванне свайго жыцця, на куплю дома, апаратуры, аўтамабіля. Гэтая каса існавала якіх дваццаць гадоў. Пасля людзі абжыліся, грошай болей не пазычалі, сяброўства ў «касе» не магло быць масавым, а вядзенне яе вымагала шмат працы людзей. Касу прыйшлося зачыніць, яна стала нерэнтабельнай.

На стагоддзе Канады, як большасць канадскіх арганізацыяў, так і беларусы рэалізавалі свой стагодні праект — купілі маёмасць — ферму, якую назвалі «Слуцак». Дом яе, што належыць да БАПЦ, намаляваны на белы колер, суседзі называюць «белы дом».

Імкненне да навукі было і ёсць. Роджаныя ў Канадзе беларусы амаль пагалоўна здабылі сярэднюю, а то і вышэйшую асвету, і гэта вельмі добра, але ў беларускім нацыянальным арганізацыйным жыцці з іх не надта вялікі толк.

У заключэнне трэба адзначыць, што ў Канаду пасля апошняй вайны прыехала вельмі мала прадстаўнікоў беларускае інтэлігенцыі. Таму ў апісанні дзейнасці паўтараюцца ўсё тыя ж прозвішчы.

На працягу амаль не паўстагоддзя рабілася шмат і нямала дасягнута. Ды напрошваецца пытанне: які след беларускае культуры ў Канадзе застанецца пасля нас за якое стагоддзе?

Застанецца Беларускі памятны комплекс у прошчы ў Мідландзе, а гэта Еўфрасіннеўскі Крыж з мемарыяльнай табліцай 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі і малітвай «Магутны Божа», а побач яго валун, завершаны Еўфрасіннеўскім Крыжам з мемарыяльнай табліцай «Памяці ахвяр камуністычнага тэрору ў Беларусі». А гэтак, як Беларускі памятны комплекс знаходзіцца ў прошчы паважнай інстытуцыі, якая дбае пра агульны выгляд прошчы, даглядае помнікі ўсіх народаў, дык і за сто год каля Беларускага памятнага комплексу, так як і цяпер, красаваць будуць кветкі.

Застануцца ў Дзяржаўнай і іншых бібліятэках Канады кнігі, напісаныя і выданыя беларусамі, а ў Дзяржаўным нацыянальным архіве — архіўныя матэрыялы Згуртавання беларусаў Канады, Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады і Задзіночання беларускіх жанчын Канады. Канадскія беларусісты могуць карыстацца англамоўным падручнікам «Беларуская мова» і англа-беларускім слоўнікам.

Застануцца ў кнігах «Canadian Family Tree» ды іншых, як «Who is Who in Ontario» даведкі-артыкулы пра беларусаў.

Застануцца нашчадкі другога пакалення, што будуць памятаць пра сваё беларускае паходжанне і, магчыма, вывучаць беларускую мову з англамоўнага падручніка «Fundamental Byelarussian» і карыстацца англа-беларускім слоўнікам.

Не выключана, што ў трэцім пакаленні адзавецца беларуская кроў, і яно будзе на свой лад прадаўжаць пачатую намі беларускую работу ў Канадзе. Нельга ж думаць, што на нас канчаецца свет.

Хвалі новае беларускае эміграцыі? Лепей каб іх не было. Беларусь патрабуе людзей. Эміграцыя — гэта спусканне крыві з народа, збядненне яго. Эканамічная эміграцыя шмат для развіцця беларускага жыцця, беларускае культуры ў Канадзе не зробіць. На гэта патрэбныя наяўнасць сярод беларускае этнічнае групы ідэйных, асвечаных, культурных і дзейсных, адданых беларушчыне павадыроў. Ды такія яшчэ болей патрэбныя ў Беларусь


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by