|
А. Ляднёва
(г. Мінск)
НАЦЫЯНАЛЬНАЕ Ў ШМАТКУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ БЕЛАРУСАЎ ДАЛЁКАГА ЗАМЕЖЖА
Гісторыя беларускай эміграцыі адзначае неаднаразовыя выпадкі і масавыя хвалі перасяленняў, калі беларусам прыходзілася пакідаць свае хаты і выпраўляцца ў далёкі свет па хлеб ці свабоду. Вырваны з нацыянальнага асяроддзя просты люд, сялянства гублялі сваю беларускую адметнасць, гінулі ў чужым людскім моры. Так званая старая перадваенная эміграцыя амаль уся для Бацькаўшчыны прапала — яна растварылася сярод карэннага насельніцтва або паланізавалася ці русіфікавалася ў адпаведных эміграцыйных арганізацыях. Сваіх культурна-нацыянальных арганізацый беларусы даваеннай пары, за выключэннем ЗША, не мелі, таму што ў большасці былі маласвядомымі. Можна сказаць, што доўгі час культурныя здабыткі, духоўнае багацце беларусаў працавалі на іншыя народы.
У пасляваенныя ўсё пачало мяняцца на лепшае. Адно тое, што на эміграцыю трапіла шмат беларускіх навукоўцаў, настаўнікаў, творчай інтэлігенцыі, многія з якіх атрымалі адукацыю ў вышэйшых навучальных установах Захаду, працавала на беларускую справу. У многіх абудзілася пачуццё агульнай і паўсюднай еднасці, адзінства па мове, крыві і долі.
У розных еўрапейскіх краінах, Аўстраліі, Канадзе, ЗША з'яўляецца шмат беларускіх нацыянальных і культурна-грамадскіх арганізацый, заснаваліся моцныя культурна-нацыянальныя асяродкі з вядомымі грамадска-культурнымі цэнтрамі. Беларусы: далёкага замежжа разгарнулі значную культурную працу ў розных накірунках: ствараюцца навуковыя інстытуты, працуюць выдавецтвы, нацыянальная школа, наладжваюцца імпрэзы, мастацкія выставы, фестывалі, выдаецца значная колькасць газет і часопісаў. З культурна-нацыянальнага пункту гледжання беларусы становяцца паўнавартаснымі прадстаўнікамі сваёй нацыі на чужыне.
Але, жывучы ў краінах, насельніцтва якіх складаюць прадстаўнікі многіх народаў, недастаткова весці культурную дзейнасць у межах свайго асяродка. Вельмі важна ўключыцца ў агульныя культурныя працэсы краіны, годна рэпрэзентаваць свой народ сярод іншых нацыянальнасцей і этнічных груп, прымаючы ўдзел у розных міжнародных і этнічных арганізацыях. Шматнацыянальнымі краінамі, у якіх жыве значная колькасць беларусаў, з'яўляюцца Аўстралія, Канада, ЗША. Трэба адзначыць, што кіраўніцтва гэтых краін не адразу прыйшло да разумення збалансаванай палітыкі, якая ўлічвае правы кожнага грамадзяніна безадносна да яго расавай (нацыянальнай) ці рэлігійнай прыналежнасці і дае роўныя магчымасці на захаванне і развіццё сваёй роднай мовы, культуры, на рознабаковыя сувязі з іншымі народамі. Тэорыя «плавільнага катла», якая прапагандавалася ў ЗША раней і паводле якой праз пэўны час і адпаведныя ўмовы нацыі і этнічныя групы павінны былі набыць аднароднасць, саступіла месца канцэпцыі так званага каляровага дывана, пры якой кожная нацыянальная культура мае сваё прызначэнне і робіць уплыў на развіццё агульнаамерыканскай культуры. Кангрэс ЗША штогод выдзяляе грашовыя сродкі на вывучэнне гісторыі эміграцыі, яе сучаснага становішча, гэтым самым робячы ўплыў на развіццё культуры.
Палітыка шматкультуралізму, абвешчаная прэм'ер-міністрам Канады П. Трудо ў 1971 годзе, вызначала, што «кожная этнічная група мае права захоўваць і развіваць сваю ўласную культуру і ўласныя вартасці ў агульнаканадскіх межах». Прынцып адзінства ў разнароднасці дае этнічным групам вялікія магчымасці для іх развіцця.
У Аўстраліі да другой сусветнай вайны насельніцтва амаль цалкам было прадстаўлена выхадцамі з Брытанскіх астравоў. Пасля вайны сітуацыя змянілася. У Аўстралію пацягнуліся жыхары многіх краін. У сувязі са змяненнем нацыянальнага складу насельніцтва мянялася і палітыка ўрада ў адносінах да дзейнасці нацыянальных груп. Да пачатку 70-х гадоў аўстралійскі ўрад упарта трымаўся лініі на асіміляцыю насельніцтва неанглійскага ці неірландскага паходжання, у тым ліку і беларусаў. Але ўжо нельга было не ўлічваць той факт, што ў краіне налічвалася больш як 2 тысячы этнічных арганізацый. Уклад перасяленцаў у пасляваеннае развіццё Аўстраліі быў вельмі значным і карысным. І далей ігнараваць існаванне многіх нацыянальных груп было немагчыма. Ды і сама краіна пад наплывам еўрапейскай эміграцыі крыху «еўрапеізавалася», у грамадскім жыцці прыжыліся некаторыя элементы еўрапейскага ладу жыцця. У 1973 годзе да ўлады прыйшла лейбарысцкая партыя, і настаў новы час для эмігрантаў, якіх пачалі называць «этнікамі». Не было ўжо і гаворкі пра абмежаванні правоў нацыянальных груп. Наадварот, пачалі шмат гаварыць пра інтэграцыю і палітыку шматкультурнасці паводле канадскага ўзору. Перад беларускімі асяродкамі адкрыліся значныя магчымасці, якіх яны перад гэтым не мелі. У 1976 годзе на агульным з'ездзе этнічных груп была заснавана Аўстралійская этнічная рада, у штатах пачалі дзейнічаць Камітэты этнічных груп.
У ЗША для скаардынаванай дзейнасці па захаванні і пашырэнні культурнай спадчыны нацыянальных груп у 1956 годзе была заснавана Нацыянальная канфедэрацыя амерыканскіх этнічных груп. Беларускія арганізацыі маюць членства ў гэтай Канфедэрацыі з 1960 года. Апрача гэтага, у многіх штатах існуюць этнічныя рады, якія займаюцца пытаннямі адукацыі, культуры, сацыяльнага развіцця груп. Першая ў ЗША штатаўская этнічная рада была створана ў Нью-Джэрсі, дзе зарэгістравана звыш ста нацыянальных груп. У розныя гады ўзначальвалі Раду В. Кіпель, У. Дутко, Л. Шурак. Беларусы выбіраліся на пасады старшыняў і дарадцаў этнічных радаў і ў іншых штатах краіны. У Канадзе амаль 40 арганізацый этнічных груп уваходзяць у Канадскую этнакультурную Раду, якая была заснавана ў 1980 годзе для абароны культурных, грамадскіх і палітычных інтарэсаў гэтых груп. Заўвагі і запыты Канадскай этнакультурнай Рады ўлічвае ўрад краіны. Інтарэсы беларускай нацыі ў гэтай арганізацыі прадстаўляе Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, які ахоплівае 6 арганізацый.
Улады ЗША і Канады плануюць стварэнне этнічных, нацыянальных арганізацый, падтрымліваюць іх, выдаткоўваюць грошы на навукова-даследчыя працы аб этнічных групах, вырашаюць пытанні нацыянальнага выхавання моладзі. У справе адукацыі этнічныя арганізацыі дапамагаюць нядзельным школам, робяць захады перад штатавымі ўладамі аб увядзенні этнічных праграм як дапаможных у сістэму амерыканскай адукацыі. Так, група беларусаў, украінцаў і славакаў заснавала ў 1973 годзе Усходнееўрапейскую акадэмічную асацыяцыю штата Мерыленд, паставіўшы перад ёю заданне рыхтаваць нацыянальныя бібліяграфіі, прапагандаваць значэнне нацыянальных супольнасцей у сродках масавай інфармацыі, развіццё этнакультурнага цэнтра. З моманту свайго ўзнікнення Усходнееўрапейская асацыяцыя зрабіла шмат па абароне інтарэсаў амерыканцаў славянскага паходжання — славянам аддаецца большая ўвага ў тэлеперадачах, у штатавым універсітэце ўведзены курс вывучэння нацыянальных груп. Беларусы, палякі, украінцы падтрымліваюць адзін аднаго ў развіцці нацыянальных культур. Лекцыі, семінары, практычныя заняткі па гісторыі Беларусі, мове, культуры, уключаючы музыку і літаратуру, перыядычна арганізуюцца ў некаторых сярэдніх школах і каледжах.
У штаце Антарыё (Канада) з 1975 года ў сярэдніх школах уведзена вывучэнне амаль 12 моў розных этнічных груп. А з восені 1977 года ўрад краіны ўвёў вывучэнне розных моў у пачатковых школах усюды, дзе знойдзецца 15 і больш дзяцей, якія захочуць іх вывучаць. На гэтую школьную праграму было асігнавана 2 мільёны долараў. Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады атрымаў ад Федэральнага ўрада і сродкі для выдання англамоўнага падручніка В. Пашкевіч «Беларуская мова». Вынікам дзейнасці Камітэтаў этнічных груп у Аўстраліі некаторыя мовы ўведзены ў навучальныя праграмы дзяржаўных школ. Урад фінансуе і працу суботніх школ, летніх лагераў для моладзі, іншыя культурныя мерапрыемствы.
У штаце Нью-Джэрсі пры дапамозе Этнічнай рады выдадзены даведнік і кніжка пра этнічныя групы. Беларусы разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў выступілі ініцыятарамі рэстаўрацыі Статуі Свабоды, разбудовы «Абтоку слёзаў» — порта, праз які прыбывала на амерыканскую зямлю асноўная маса перасяленцаў, стварэння Амерыканскага музея эміграцыі і этнічнага цэнтра культуры ў Нью-Брансвіку. Сёння назва «Беларусь» унесена ў гранітную арнаментацыю музея і нагадвае наведнікам пра беларускіх эмігрантаў і беларускую спадчыну ў Амерыцы. Сімвалам падзякі эмігрантам за іх працу на карысць Аўстраліі з'яўляецца помнік, пабудаваны ў г. Фэрвілдзе (штат Новы Паўднёвы Уэльс) у 1977 годзе. У сцяну помніка ўмураваны эмалевы бел-чырвона-белы беларускі сцяг з Пагоняй і надпісам «Беларусь» на англійскай мове. У 1979—1982 гадах у Адэлаідзе (Паўднёвая Аўстралія) быў заснаваны дзяржаўны музей этнічных груп, дзе арганізуюцца сталыя выставы па гісторыі, геаграфіі, культуры, пасяленні эмігрантаў. З 1988 года беларускі аддзел арганізаваны ў этнічным музеі ў Канберы і гістарычным музеі штата Паўднёвая Аўстралія. Этнічныя групы супольна ажыццявілі шэраг праграм культурнага і грамадска-палітычнага зместу — святкаванне 200-годдзя ЗША, 150-годдзя Аўстраліі, 100-годдзя Канады.
Беларускія нацыянальныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у агульнанацыянальных і рэлігійных святах і фестывалях, культурных праграмах, якія ладзіць грамада іншых народаў. «Фолк фэстывал каунсіл» — амерыканская арганізацыя, якая цікавіцца захаваннем культуры і нацыянальных традыцый эмігрантаў многіх народаў, ладзіць у Нью-Йорку міжнародныя фестывалі. У 1957 годзе беларускае народнае мастацтва было прадстаўлена на гэтым фестывалі ўпершыню. У рамках шырокавядомага міжнароднага фестывалю ў Чыкага, у якім прымае ўдзел каля 50 нацыянальнасцяў, штогод з 1960 года ўдзельнічаюць суполка Згуртаванне беларусаў у штаце Ілінойс і Згуртаванне беларускай моладзі ў штаце Ілінойс. Яны пазнаёмілі амерыканскае грамадства з беларускай культурай, гісторыяй, мастацтвам, народнымі танцамі, мастацкімі вырабамі. У 1967 годзе беларусы ў Чыкагскім фестывалі ўпершыню выступілі пад назвай на роднай мове — «Беларусь», каб пакончыць з рознымі неадпаведнымі перакладамі сваёй нацыянальнай назвы на чужыя мовы. Сенсацыяй сталі дзве карты: этнічнай Беларусі і тагачаснай БССР. Амерыканцы ўпершыню ўбачылі, якія часткі беларускай зямлі былі далучаны да суседніх краін.
Ад пачатку 70-х гадоў беларусы ўдзельнічаюць у папулярным славянскім фестывалі Пенсільванскага універсітэта, на якім БАЗА кожны год арганізуе выставу беларускага народнага мастацтва. Па ініцыятыве Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі з 1978 года закладзена традыцыі восеньскага фестывалю нацыянальнасцяў. Над падрыхтоўкай беларускай экспазіцыі працуюць БАЗА, Беларускі кангрэсавы камітэт, згуртаванні жанчын і моладзі, мастацкія таварыствы.
Прымае ўдзел беларуская эміграцыя ў фестывалі Свабоды ў Дэтройце, якім кожны год 4 ліпеня ўрачыста адзначаецца Дзень незалежнасці ЗША. Галоўная ідэя фестывалю — падкрэсліць святасць імкнення кожнага народа да нацыянальнай свабоды, да права на самавызначэнне. Можна адзначыць і этнічны ялінкавы фестываль, які праходзіць у Музеі навукі і індустрыі ў Чыкага і ўдзел у якім з 1973 года прымае Беларускі каардынацыйны камітэт. Беларусы актыўна ўдзельнічаюць у гадавым этнічным «Балі спадчыны» (Нью-Джэрсі), інтэрнацыянальных днях у Лос-Анжэлесе, калядных і іншых мерапрыемствах. У Нью-Йорку з 1980 года існуе Рада славянскай спадчыны ў Амерыцы, з якой супрацоўнічаюць БАЗА, Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі. Іх супольнымі намаганнямі арганізоўваліся Тыдні славянскай спадчыны з мэтай пашырэння ведаў пра славянскія культуры. У рамках Тыдня арганізоўваліся выставы, фестывалі паэзіі, канцэрты, базары, іншыя імпрэзы.
У Канадзе ў рамках шматкультурнасці праводзіцца шэраг традыцыйных фестываляў, карнавалаў, канцэртаў. Гэта — Ашаўскі народны фестываль, фестываль «Бацькаўшчына», які арганізоўвае Ашаўская рада народнага мастацтва. У праграму ўваходзіць арганізацыя нацыянальных павільёнаў, выступленні фальклорных калектываў, прыгатаванне страў нацыянальнай кухні.
У разбудове беларускага павільёна «Менск» Каравана ў Таронта прымалі ўдзел Саюз беларускай моладзі Канады, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, Згуртаванне беларускіх жанчын. Разумеючы, што лепшай трыбуны для прапаганды беларускай справы няма, каардынацыйны камітэт кожны год старанна распрацоўвае экспазіцыю павільёна. Каардынацыю міжэтнічных фестываляў у Канадзе здзяйсняе Рада народных мастацтваў.
Каб падкрэсліць шматкультурнасць аўстралійскага грамадства, штогод у Аўстраліі праводзіцца Тыдзень этнічных культур, у рамках якога розныя нацыянальнасці ладзяць імпрэзы, канцэрты, арганізоўваюць выставы традыцыйных мастацкіх вырабаў. Беларусы ўдзельнічаюць у Тыднях з сярэдзіны 70-х гадоў, і заўсёды іх стэнды, выступленні вызначаюцца адметнымі рысамі. У Новым Паўднёвым Уэльсе штогод, з 1975 года, на пачатку верасня ладзіцца карнавал з мэтай узаемнага азнаямлення грамадства з культурай, звычаямі і дасягненнямі розных этнічных груп, якія жывуць у штаце. Дзеля гэтага арганізуюцца канцэрты, выставы, паказы. У 1979 годзе выстава беларускага мастацтва была арганізавана сябрамі Беларускага аб'яднання ў адным з найбольш камерцыйных цэнтраў Сіднея, але ад імя Федэральнай Рады беларускіх арганізацый, каб гэтым самым папулярызаваць агульную беларускую арганізацыю. З 1981 года маладыя беларусы Паўночнай Аўстраліі выступаюць на канцэрце юнакоў, які арганізуе камітэт этнічных груп і фальклорнае аб'яднанне штата, удала дэманструючы сваё нацыянальнае мастацтва і народную вопратку. Супрацоўніцтва з аўстралійскай арганізацыяй па справах Аб'яднаных Нацый дазволіла беларусам прымаць удзел у штогоднім «Міжнародным дыпламатычным бале». Але відавочна, што ўдзел аўстралійскіх беларусаў у агульнанацыянальных і рэлігійных святах і фестывалях больш сціплы, чым у ЗША і Канадзе. Тлумачыцца гэта колькасцю беларусаў у Аўстраліі, іх абмежаванымі магчымасцямі.
Беларускія навукоўцы пашыраюць свае даследаванні, прымаючы ўдзел у працы арганізацый амерыканскіх і канадскіх славян. У канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў у Канадзе не раз узнікала ідэя стварэння агульнага славянскага органа для ўзаемнай інфармацыі і каардынацыі працы як вучоных-славістаў, так і славянскіх этнічных груп. Першая канферэнцыя канадскіх славян адбылася ў 1965 годзе. Быў створаны сталы міжуніверсітэцкі славянскі камітэт. Пад яго апекай кожныя два гады адбываюцца кангрэсы канадскіх славян. Асабліва ўрачыстым быў кангрэс, прысвечаны 100-годдзю Канадскай канфедэрацыі. З 1970 года канферэнцыі Канадскай асацыяцыі славістаў адбываюцца кожны год. На Атаўскай канферэнцыі (1993) працавалі дзве беларусазнаўчыя секцыі, прысвечаныя тэме «Беларуская культура і сучасная Беларусь». У 1961 годзе членам Асацыяцыі славістаў стала Згуртаванне беларусаў Канады.
Амерыканская асацыяцыя падтрымкі славяназнаўцаў заснавана ў 1948 годзе. Гэта адна з найбольш вядомых навукова-даследчых арганізацый у ЗША. Да яе належаць навуковыя ўстановы, універсітэты, інстытуты, вучоныя-славісты. Асацыяцыя засноўвалася з мэтай вывучэння славянскіх народаў, іх моў, культуры, гісторыі, эканомікі, сучаснага стану. Даклады па беларускай тэматыцы гучаць амаль на кожнай канферэнцыі. Асацыяцыя падтрымлівае вывучэнне славяназнаўства праз курсы і студыі ў вышэйшых навучальных установах, школах, прызначае стыпендыі студэнтам. Асацыяцыя мае сваё выдавецтва, дзе друкуюцца манаграфіі, падручнікі, дапаможнікі.
Прыглядаючыся да культурна-нацыянальнай працы беларускай эміграцыі, заўважаеш перадусім ахвярнасць і адданасць, з якой яна праводзіцца. Думаецца, што на чужыне людзі глыбей адчуваюць і ўсведамляюць тысячы духоўных ніцяў, якімі чалавек звязаны з родным краем, моваю і звычаямі, складам і ладам жыцця. Беларусы ЗША, Канады, Аўстраліі нясуць сваю духоўную і культурную спадчыну да іншых народаў, добра выкарыстоўваючы магчымасці шматкультурнай палітыкі гэтых краін.
