|
Н. Ляонава
(г. Новасібірск)
ПЕСЕННЫ ФАЛЬКЛОР БЕЛАРУСАЎ СІБІРЫ
Беларусы разам з украінцамі і рускімі перасяленцамі з цэнтральных чарназёмных губерняў утварылі новапасяленчы пласт усходнеславянскага насельніцтва Сібіры і Далёкага Усходу. Большую частку беларускіх перасяленцаў у Сібіры далі ўсходнія губерні Беларусі — Магілёўская, Гомельская, Віцебская. У розных раёнах рэгіёна можна сустрэць беларусаў, продкі якіх прыехалі з Чарнігаўскай губерні, якая непасрэдна суседнічае з этнаграфічнай зонай Беларускага Палесся; значна радзей у Сібіры можна сустрэцца з нашчадкамі беларускіх выхадцаў з Цэнтральнай ці Заходняй Беларусі.
Беларуская дыяспара не ўтварыла ў Сібіры вялікіх арэалаў кампактнага пражывання этнасу. Характар рассялення беларусаў хутчэй за ўсё астраўны і рассеяны. Астравы — гэта асобныя сібірскія паселішчы ці невялікія групы сёлаў і вёсак, пераважная большасць насельніцтва якіх беларусы. Гэтыя паселішчы размяшчаюцца на паўночным усходзе Омскай вобласці (Знаменскі, Сядзельнікаўскі, Тарскі раёны), у паўночных і ўсходніх раёнах Новасібірскай вобласці (Кыштоўскі, Паўночны, Машкоўскі, Балотнінскі, Тагучынскі, Маслянінскі), у цэнтральных раёнах Краснаярскага краю (Дзяржынскі, Бірылюскі і інш.) і ў некаторых прылеглых да Транссібірскай магістралі раёнах Прыморскага (Чугуеўскі, Далёкарэчанскі, Чарнігаўскі) і Хабараўскага (Лазоўскі) краёў. У адрозненне ад украінцаў, якія ад чыгункі звычайна накіроўваліся на поўдзень, у стэпавыя раёны Заходняй Сібіры і Алтая, беларусы асвойвалі тэрыторыю, рухаючыся на поўнач, і менавіта на паўночных ускраінах Омскай і Новасібірскай абласцей утварылі лакальныя паселішчы. Большая частка беларусаў, якія прыехалі на ўсходнія землі, рассялялася па шматлікіх як старадаўніх, так і новапасяленчых вёсках і сёлах. Змяшаныя паселішчы, у якіх жывуць асобныя больш-менш шматлікія групы нашчадкаў беларусаў, сустракаюцца практычна ва ўсіх краях і абласцях Сібіры і Далёкага Усходу.
Працэсы, якія адбываюцца ў духоўнай культуры і, галоўным чынам, у традыцыйным фальклоры беларускай дыяспары, неадназначныя і рознанакіраваныя. У навуковай літаратуры сібірскія спецыялісты неаднаразова прыводзілі прыклады трансфармацыі і нават поўнай замены фальклорнай традыцыі беларусаў, якія жывуць у змяшаных паселішчах, апісвалі выпадкі пасіўнага захавання роднага фальклору ў памяці асобных беларусаў, жыхароў поліэтнічных паселішчаў, разглядалі факты ізаляванага, паралельнага бытавання некалькіх фальклорных традыцый у адным сяле, а таксама выпадкі запазычання беларускіх песень прадстаўнікамі іншых культур. У лакальных беларускіх вёсках бытаванне традыцыйнага фальклору можа набываць дастаткова ўстойлівыя формы.
Цэнтральнае месца ў музычным фальклоры беларусаў займае песенная творчасць. Песенны рэпертуар сібірскіх беларусаў даволі выразна выяўляе спецыфіку фальклорнай традыцыі метраполіі. Сумарная — запісаная ў розных рэгіёнах Сібіры і Прымор'я ад пеўчых груп і асобных выканаўцаў — калекцыя беларускіх песень дэманструе грандыёзную перавагу абрадавых песень над жанравымі сферамі неабрадавага гісторыка-стылявога пласта.
У каляндарным песенным фальклоры беларускай дыяспары Сібіры можна вылучыць чатыры сезонныя цыклы, кожны з якіх прадстаўлены шэрагам музычных з'яў. Зімовы каляндарны цыкл уключае калядкі розных тыпаў, шматлікія дзіцячыя версіі шчадровак-прыгаворак, ігравыя песні і дзейства («Казу вадзіць», «Цярэшку жаніць»). Вясновы песенны цыкл ахоплівае масленічныя песні, закліканні вясны, валачобныя, вясновыя карагодныя, русальныя песні. Самымі яркімі з іх па сваім гукавым абліччы, несумненна, з'яўляюцца вясновыя заклічкі. У адрозненне ад рускіх вяснянак, якія часта выкрыкваюцца, выгукваюцца, заклічкі беларускіх дзяўчат-сібірачак спяваюцца гучна і працяжна.
Цыкл летніх каляндарных песень уключае купальскія, пятроўскія і жніўныя песні. Гэта самы багаты па колькасці запісаных песень і самы разнастайны па сюжэтным складзе і меладычных асаблівасцях цыкл беларускіх абрадавых песень у Сібіры. Асеннія («восеньскі», па вызначэнні песенніц) песні спяваюцца жанчынамі пры ўборцы і апрацоўцы розных раслінных культур: «як каноплі бяруць», «як лён мнуць». Як і жніўныя песні, «восеньскі» вылучаюцца з круга каляндарных абрадавых песень сваімі напевамі, у іх пераважае песенны пачатак. І мелодыі, і паэтычныя тэксты асенніх песень, несумненна, блізкія да песеннай лірыкі неабрадавага паходжання, сезонная дапасаванасць якой суправаджае ўсе цыклы каляндарных песень.
Сямейна-абрадавы песенны цыкл беларусаў прадстаўлены ў Сібіры, галоўным чынам, вясельнымі песнямі. Разгорнутае абрадавае дзейства ў розных рэгіёнах Сібіры найчасцей называюць па-руску свадьбой, хаця многія сібірскія беларусы ведаюць, што па-беларуску гэта трэба называць вяселлем. Рэпертуар беларускага вяселля надзвычай багаты, ён уключае мноства песень, разнастайных па функцыянальна-этнаграфічных і вобразна-змястоўных характарыстыках. Песні рытуальна-святочнага характару каардынуюцца ўзорамі лірыка-драматычнай і карыльнай сфераў. Напевы вясельных песень поліфункцыянальныя, адзначаныя значнай інтанацыйнай абагульненасцю. Яны адлюстроўваюць не столькі эмацыянальны змест асобнай вясельнай сітуацыі; колькі характар вясельнага дзейства ў цэлым. Таму сярод вясельных напеваў цэнтральнае месца займаюць політэкставыя напевы.
Акрамя вясельнага рытуала, які з'яўляецца ядром сямейна-абрадавага пласта беларусаў, у Сібіры фіксаваліся і два другія сямейныя абрады: пахавальны і радзінны. Іх фальклорная частка прадстаўлена ў сібірскіх запісах вялікай колькасцю галашэнняў з імправізаванымі, разавымі ці ўстойлівымі, традыцыйнымі паэтычнымі тэкстамі, а таксама велічальнымі, карыльнымі і бяседнымі песнямі, якія выконваліся ў час урачыстага застолля з нагоды хрышчэння нованароджанага.
Гісторыка-стылявы план неабрадавай песеннасці беларусаў найбольш поўна прадстаўлены ў Сібіры баладнымі песнямі. Старадаўняя эпічная форма выканання балад у Сібіры не зафіксавана, балады тут бытуюць у некалькіх вытворных песенных формах. Сярод іх можна вылучыць баладныя песні вясновай прымеркаванасці з міфалагічнымі сюжэтнымі матывамі, баладныя песні летняй і асенняй прымеркаванасці з сямейна-бытавымі сюжэтамі з напевамі распеўнага ці танцавальнага характару.
Неабрадавых лірычных песень у рэпертуары сібірскіх беларусаў захавалася няшмат. Нават у лакальных беларускіх паселішчах. Галоўным чынам гэта любоўныя ці сямейна-бытавыя песні. «Мужчынская» тэматыка прадстаўлена невялікай колькасцю салдацкіх песенных сюжэтаў. Многія сямейныя любоўныя песні выканаўцамі вызначаюцца як вясновыя ці зімовыя, але з ніякімі рытуальнымі сітуацыямі не звязваюцца: спяваюцца як пагулянкавыя ці «пад работу, калі прадуць». У змяшаных беларумка-рускіх паселішчах аснову неабрадавага рэпертуару не толькі змяшаных, але і беларускіх пеўчых груп складаюць рускія песні, тады як беларускія вясельныя і каляндарныя песні замацоўваюцца ў пеўчай практыцы рускіх груп.
