МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Асветніцкі кірунак творчай дзейнасці Сакрата Яновіча // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Пяткевіч А.
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

А. Пяткевіч

(г. Гродна)

АСВЕТНІЦКІ КІРУНАК ТВОРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ САКРАТА ЯНОВІЧА

Асветніцкая ідэя праходзіць праз усю літаратуру Беларусі апошніх двух стагоддзяў. Жорсткія рэпрэсіі, якія цярпеў беларускі рух, моцна затармазілі развіццё нацыі, і літаратурнае слова, дзякуючы сваёй грамадскай аператыўнасці, даступнасці, заўсёды было лепшым абуджальнікам народнага духу. Літаратура, акрамя сваёй непасрэдна эстэтычнай ролі, вучыла народ бачыць сябе як нацыю, бачыць і цаніць сваю гісторыю, культуру, мову, шанаваць сваю самастойнасць. Натуральна, што асабліва інтэнсіўна (не было ідэалагічнага ціску) гэтую місію выконвала беларуская літаратура за мяжою, у тым ліку і ў Польшчы.

Сакрат Яновіч, які годна прадстаўляе тут беларускую літаратуру, — мастак глыбокі, схільны да разваг, да філасофскага асэнсавання свету і чалавека ў ім. Аднак такая асаблівасць яго таленту не перашкаджае заставацца і асветнікам, быць павучальна зарыентаваным у сваім імкненні адкрываць чытачу Беларусь, тлумачыць яе лес, яе спадчыну. Проста беларускі пісьменнік, як правіла, не можа не быць асветнікам.

Трактоўка беларускай рэчаіснасці ў Сакрата Яновіча далёкая ад усякай ідылічнасці і вызначаецца суровай праўдзівасцю, нават жорсткасцю ацэнак і вывадаў. Гэта пазіцыя пісьменніка, але і мера ўздзеяння на чытача, якая мае глыбокі дыдактычны сэнс.

Сакрат Яновіч вядомы як празаік, які карыстаецца пераважна малой формай выказвання — абразок-мініяцюра, эсэ, паэтычная рэфлексія ў прозе. У творах паказваецца часцей жыццё паміж вёскаю і горадам, паміж традыцыйнай народнай культурай і сучаснай масавай субкультурай, паміж селянінам-працаўніком і цяперашнім нядаўнім гараджанінам, што вельмі спяшаецца засвоіць урбаністычныя здабыткі цывілізацыі, ды пераймае найбольш знешнія, прымітыўныя іх праявы. Гэты драматычны разлом жыцця праходзіць урэшце праз асобу чалавека, які ў Сакрата Яновіча псіхалагічна дэградуе, утвараючы дзіўны маральны гібрыд — сімбіёз «расійскага халопа» і «служанкі варшаўскае пані», акрэслены аўтарам то з жалем, то з едкім сарказмам.

Адлюстроўваючы разбурэнне традыцыйных народных асноваў жыцця, пісьменнік прымушае думаць пра сённяшні шлях беларуса. Невыпадкова адна з замалёвак называецца «Занатоўкі для памяці». Там вясковая бабуля, такая па-чалавечы натуральная і простая, памерла падчас маленства героя-апавядальніка, і гэтая сітуацыя шматзначная, таксама як і заўвага аўтара пра тое, што паэзія беларускай вёскі ніколі не стваралася ў самой вёсцы.

Вядома, павучальны пачатак у мініяцюрах Сакрата Яновіча звычайна не адкрыты. Але аўтар у многіх творах зусім не цураецца такой прапаведніцкай адкрытасці. Тым больш, што жанравая форма яго апавяданняў-замалёвак свабодная, умяшчае і рысы развагі-прытчы, і лірычнага маналога, і фабульнай дзеі, урэшце, мяжуючы з эсэ. Таму апеляцыя да чытача-суразмоўцы ў творах адчувальная. І аўтарскае абурэнне і гнеў, шкадоба і смутак, а то і замілаванне «працуюць» на пропаведзь самапавагі, шанавання роду і яго здабыткаў, мацавання тых жа народных асноваў. Бывае, прарываецца ў С. Яновіча і шчымліва-лірычная споведзь аб прыгожым і адначасна знявечаным, як у замалёўцы «Беларускаму слову», што ставіцца на ўзровень малітвы. А то загучыць у пісьменніка і публіцыстычна патрабавальная нота, хаця гэта часцей ў творах буйнога жанру. Увогуле ж апавяданні — пераважна адбіткі чалавечых гісторый, якія нясуць у сабе глыбокія маральныя ўрокі, або гэта аўтарскія рэфлексіі пра тое, як трэба жыць.

У буйных творах пісьменніка — аповесцях «Сцяна», «Самасей», — дзе вядзецца цяжкая дыскусія пра жыццё як магутную сілу, што няспынна гоніць-праследуе чалавека, пра механічную сістэму гэтага жыцця ў таталітарным грамадстве, павучальны маральна-рытарычны пачатак асабліва выяўлены ў дыялогах. Іх многа ў творах. Герой пісьменніка ўвесь час палемізуе са сваімі апанентамі, якія нярэдка — часціны яго ўласнага «я», яго двайнікі. Палеміцы спрыяюць і аўтарскія рацыянальна-дыдактычныя, часта парадаксальныя філасофскія выслоўі, што кандэнсуюць шмат якія ісціны жыцця. Увогуле ж гаворка тут вядзецца нервова-напружаная, усхваляваная, не без публіцыстычнай завостранасці і такім чынам мае немалы каэфіцыент карыснага асветніцкага дзеяння.

Арганічныя таму ў творчасці С. Яновіча кнігі пра Беларусь, яе гістарычныя шляхі, пра родны кут, дзе асветніцкая задача галоўная. У эсэ «Даліна, поўная лёсаў» (1993) яна, гэтая задача, не дэманструецца і не выглядае істотнаю. Бо перад намі падрабязная, у асноўным побытавая хроніка маленства, юнацтва аўтара, упісаная ў вобраз вяскова-местачковага асяроддзя ваенных і паваенных гадоў. Але гэтая звычайная плынь жыцця, падсветленая аўтарскім адчуваннем, добра выяўляе і светлае, маральна здаровае, і нізкае, што назіралася ва ўмовах тагачаснай польскай дзяржавы ў правінцыйным кутку Беласточчыны. Куды вядзе чалавека, асабліва маладога, сцежка з гэтай роднай даліны? Часцей за ўсё ў горад, да якога, на думку аўтара, заўсёды цягнулася вёска. У выніку там з'яўляецца, паводле саркастычнага вызначэння пісьменніка, «тып сучаснага метыса». Аўтар эсэ «Даліна, поўная лёсаў» апелюе, урэшце, да народнай маральнасці і прымушае задумацца пра перспектывы жыцця беларускага чалавека.

Кнігі С. Яновіча «Беларусь, Беларусь» (1987) і «Тэра інкогніта Беларусь» (1993), выдадзеныя на польскай мове і адрасаваныя найперш польскаму чытачу, асабліва палітычнай і навуковай інтэлігенцыі, з'яўляюцца своеасаблівымі беларусазнаўчымі трактатамі. Але гэта не столькі навуковыя распрацоўкі, колькі палемічная публіцыстыка, якая дае вельмі багатую і аргументаваную інфармацыю пра беларускую гісторыю, асабліва пра беларуска-польскія гістарычныя і культурныя адносіны і разам з тым салідна і годна сцвярджае самастойны шлях Беларусі, яе шматлікія прыярытэты, яе духоўныя набыткі. Гэтыя кнігі — рэдкі жанр у сучаснай беларусістыцы. У іх лучацца ў адзіным цэлым гістарычныя назіранні, мемуары, палітычная палеміка, культуралагічнае даследаванне, урэшце, аўтарскі голас патрыёта і інтэлігента-эрудыта, які імкнецца аднавіць ісціну пра сваю бацькаўшчыну і свой народ. Кнігі адрасаваліся і беларускаму чытачу, які на Беласточчыне чытае і па-польску, каб ён, мясцовы чытач, думаў пра свой род і свае дзяржаўныя традыцыі. С. Яновіч, заўсёды схільны да алагізмаў, парадоксаў, мудрых выслоўяў, завяршае сваю кнігу «Беларусь, Беларусь» такой сентэнцыяй: «Не намерваўся пісаць манаграфію, а толькі гаварыць пра тое, аб чым не думаем, а павінны думаць, і пра тое, чаго не ведаем, а што ведаць трэба, і пра тое, як далёкае бывае нам блізкім — а датычыць тое ўсіх у гэтай частцы зямнога шара».

Працягам згаданых кніг з'яўляецца шматлікая публіцыстыка пісьменніка, раскіданая па розных польскіх, а ў апошні час і беларускіх перыёдыках. Тут — тое ж імкненне даць недасведчанаму ці прадузятаму чытачу веды пра Беларусь, высветліць у арыгінальнай і зноў жа палемічнай аўтарскай інтэрпрэтацыі розныя сутнасці яе жыцця, перакрэсліць стэрэатыпы, якіх набралася шмат у гэтай галіне. Тут жа — рэпартажы-дзённікі С. Яновіча з паездак па Еўропе і Паўночнай Амерыцы, што друкаваліся ў тыднёвіку «Ніва». Яны, вядома ж, цікавыя пазнавальнай інфармацыяй. Але не менш цікавыя і беларусазнаўчым зместам, як гэта ні дзіўна. Бо, распавядаючы пра розныя мясціны і народы, аўтар зноў і зноў шукае там беларушчыну — беларускія традыцыі, норавы... Робіць адпаведныя аналагі, разважае, ацэньвае і такім чынам змушае чытача шукаць, думаць. Вучыць пазнаваць Беларусь.

Літаратура існуе дзеля таго, каб узбагачаць і ачышчаць душы, выхоўваць пачуццё дасканаласці. Але яна не выключак і рацыянальна-ўжытковай задачы — даваць веды, развіваць прагу да іх. Веды найперш пра вялікае і дарагое. У нашай літаратуры — пра нас саміх. Бо пытанне «Хто мы такія?» ужо больш як стагоддзе не траціць свае вастрыні. І літаратура сапраўды інтэлектуальная не можа не быць заангажаванай на гэтым пытанні. Сказанае мае прамое дачыненне да Сакрата Яновіча.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by