|
З. Паўлавец
(г. Гомель)
ВОБРАЗЫ-СІМВАЛЫ Ў ТРЫЛОГІІ К. АКУЛЫ «ГАРАВАТКА»
Гэты твор займае адметнае месца ў гісторыі нашае літаратуры сваёй арыгінальнасцю, нетрадыцыйнасцю поглядаў аўтара на нашу шматпакутную гісторыю, на лёс беларускага народа, нацыянальнай інтэлігенцыі ў часы ІІ Рэчы Паспалітай, у перыяд непрацяглага бальшавіцкага «раю» і новага нямецкага «парадку». Гэта значнае палатно, у якім аўтар разважае над злым наканаваннем беларусаў, кінутых на шалі зацятай барацьбы паміж Усходам і Захадам.
Гара Гараватка, што ляжыць у ваколіцах вёскі Літоўцы, — гэта не проста геаграфічнае ўзвышша, а Беларусь. Гараватка не толькі дае назву аднайменнай трылогіі К. Акулы, але і адухаўляецца. Яна жыве ў «мясцовых легендах і казках, глыбока ўрасла ў народную гісторыю». Гараватка заўсёды з людзьмі як дзень і ноч, як сонца і месяц. Яна жыве «рэальная па суседству і нерэальная, містычная». Гараватка, як і Беларусь, бачыла розных напаснікаў на нашай бацькаўшчыне. На грудзях Гараваткі знайшлі вечны спачын разнастайныя прыблуды, што прыходзілі сюды бог ведае адкуль. «Шведы ці французы, маскалі, немцы ці палякі — усім роўны прытулак дала беларуская зямля», у якой трухлеюць іх косці. Гараватка-Беларусь «маляўнічая і таямнічая, страшная і прынадная», яна параднілася з «горам», «гараваць» і іншымі з гэтага выводнымі абазначэннямі».
Магутным сынам-волатам Гараваткі-Беларусі з'яўляецца дуб, празваны людзьмі Архіпам, што горда і ўладарна ўзнёс да неба сваю карону на ўсходнім баку гары. Ён помніць Баторага і Івана Жахлівага, Карла XII і Напалеона, паўстанцаў Каліноўскага.
Сівастагодні асілак Архіп сімвалізуе моц, няскоранасць маці-Беларусі. Ён — яе памяць, сведка шматвяковай гісторыі. Родным братам Архіпа выступае дзед Якуб, які здольны перадаць іншым цяжкую і балючую праўду гісторыі свайго краю, шматпакутнай бацькаўшчыны. Без яго раман быў бы няпоўным; як зазначае пісьменнік, «дзед быў для літоўцаў такім самым завяршэннем і прыметай, як Архіп для Гараваткі». Якуб, як і дуб Архіп, шмат зведаў, пабачыў і перажыў за свой век. Ён увасабляе недасяжную часу глыбіню народнай мудрасці, жыццёвага вопыту, нянавісці да чужынцаў. Людзі, падобныя дзеду Якубу, — правадыры, што паволі, загадкавымі шляхамі ўпэўнена вядуць моладзь да сваіх вытокаў, каранёў, нагадваюць пра згубленую славу зямлі нашай, вучаць, што датуль мы не будзем гаспадарамі, пакуль чужака не прагонім, а зямля не будзе ў руках сваіх людзей. Гэты стары гаротнік-селянін упарта кідае ў глебу зерне беларускай будучыні, перадае ў спадчыну свой вялізны скарб і веру ў тое, што «доўга так быць, як цяперака во ёсць, не будзе», сцвярджаючы, што «мы тут (на Беларусь — З. П.) гаспадары ад веку. А гэтыя ўсе паны, асаднікі, папы, ксяндзы, чыноўнікі — дык гэта ж усё чужыя п'яўкі». Невыпадкова дзед Якуб адчыніў перад юнаком Януком Бахмачам таемную браму, дапамог яму зрабіць першы крок праз парог, за якім адкрылася ўсведамленне нейкага жыццёвага парадоксу вось гэтай, «крывёй і потам сваіх людзей прасякнутай зямлі», прымусіўшы задумацца і ісці наперад, шукаць адказаў на шматлікія пытанні. Злавеснымі вобразамі, што сімвалізуюць нацыянальны нігілізм, манкурцтва, з'яўляюцца «драгомішч» Лявон Шпунт і Косця Сабакевіч, якія з-за сваёй духовай паражнечы, жадання вылезці з натоўпу, узвысіцца над ім пашыраюць сярод вяскоўцаў чырвоную прапаганду. Праўда, пры гэтым названыя малойцы грашаць і сувяззю з акупацыйнымі польскімі ўладамі, дапамагаючы ім скубці сялян. Як ні дзіўна, гэтыя мясцовыя злыдні сталі апораю новай, «народнай» улады, што выклікае непаразуменне сярод вяскоўцаў: якая сама гэта ўлада, якога дабра чакаць ад басякоў-галадранцаў. І сапраўды, неўзабаве першапачатковая прынадная ўсмешка «народнае ўлады» змянілася на грымасу «цвёрдых заданняў дзяржаве». Актыўнымі выканаўцамі гэтых «заданняў» з'яўляюцца ўсялякія шпунты ды сабакевічы.
Раман «Гараватка» — гэта ўдалая спроба даць адказ на пытанне: хто ж мы ёсць? «Ці мы запраўды «хамы» і парабкі, ніжэйшыя істоты, гной для росту чужынцаў, рабы паслухмяныя без нацыянальнай прошласці, свайго собскага «я», ці, наадварот, — мы — стары ў гісторыі, слаўны народ, з вялікай і пакутлівай, цяжка пройдзенай дарогай, са старой і багатай культурай, слаўнымі традыцыямі, але часова чужой брутальнай сілай на калені пастаўлены, чужымі дзержымордамі і сваімі янычарамі аплёваны?..» Гэта твор пра пастаўлены на калені, але не зломлены беларускі народ, які захаваў у сваім сэрцы годнасць і непакору, пра яе лепшых сыноў, як Антось Дзяркач, Янук Бахмач, Падгайскі, што шукаюць сродкі і шляхі барацьбы за незалежнасць роднай Беларусі.
