|
Л. Юрэвіч
(г. Нью-Йорк)
МІФАЛАГІЧНЫЯ ВОБРАЗЫ
На прыкладзе творчасці Янкі Юхнаўца
У першым беларускім міфалагічным слоўніку па колькасці адведзеных яму старонак чорт займае ці не першае месца. Наогул вобраз чорта даўно цікавіць даследчыкаў нацыянальных культур. Ёсць працы пра вобраз чорта ў беларускай літаратуры, пераважна на пачатку XX стагоддзя, раскрыццё яго характару ў апісаннях М. Нікіфароўскага, Ч. Пяткевіча, Е. Ляцкага.
Як вядома, гэты персанаж паходзіць яшчэ з дахрысціянскіх часоў, пазней ён толькі ўвабраў у сябе адмоўныя рысы біблейскага д'ябла. Натуральна, змяніліся яго паводзіны, характар, нават выгляд. Якім ён прыйшоў у літаратуру нашага часу, літаратуру беларускую? Часцей за ўсё, калі маем справу з алітаратуранымі сюжэтамі, мы шукаем першапачатковы сэнс, сакральнасць тэксту. З нашым героем, здаецца, наадварот: мы больш ведаем пра яго мінулае, але ніяк не сучаснае.
Чорт першапачаткова прыйшоў у беларускую літаратуру з характарам блазна, махляра-круцяля, які ў сучаснай міфалагістыцы атрымаў назву трыкстэра. Бо якія б высокія тэмы ні закранаў міф, ён заўсёды «заземлены», нездарма ж і яго героі належаць да так званай ніжэйшай міфалогіі. І вось гэтую функцыю зазямлення якраз і выконвае трыкстэр. Усё высокае — страх перад смерцю, перад багамі можа парадзіравацца, набываць карнавальную форму. Белае становіцца чорным. Свет пярэваратняў. Антысвет. («Адзін жыў у вадзе, пасвіў шчупакоў, лінёў ды акунёў. Быў зялёны і калматы, вельмі падобны на купу твані. Звалі яго Вадзянік. Другі жыў у лесе, пасвіў аленяў і быў падобны на аброслы мохам пень. Калі сустрэнеш, то і не адрозніш. Звалі яго Лесавік. Але быў і трэці, што жыў па хатах і пасвіў цвыркуноў. Гэта быў самы шкодны. Рожкі ў яго былі, як у козкі, зубкі, як часначок, хвосцік, як памялцо» .)
Міф — гэта праекцыя чалавека, яго псіхалогіі і мыслення навонкі. Таму семіётыка міфа антрапаморфная (чалавекападобная). І чалавек тут — кропка адліку. Натуральна, што і чорт набывае чалавечыя рысы, як знешнія, так і ўнутраныя: «Чорт у іх ва ўсіх не абы-хто — не то на пана, не то на папа падобен: у капелюшы, у палітоне з струкаватым каўняром. Так рызыкоўна адзеты, што — проша бачыць!» Праўда, сістэма спрацоўвае і ў другі бок: на людзей, якія нечым не дагадзілі, сталі перашкодай, пераносяцца рысы чорта. Вось, да прыкладу, радкі з верша А. Дудара, дзе аўтар ганьбуе былых паплечнікаў:
Страшыдлы, касьцякі з магільнікаў старых,
Што ўжо, здавалася, даўно згнілі і зніклі,
Як вострыя нажы, бліснулі,
Забойства прагныя наставіліся іклы.
Часам чорт прыходзіў са сваім еўрапейскім антуражам (вопратка, час), не забываючыся нават на ўлюбёнае нямецкае: «Прымракаваты свет прыкручанай лямпы на стале дазволіў мне адразу разглядзець толькі цёмна-зялёны нямецкага крою сурдут, ёмка сядзеўшы на доўгім, жылістым тулаве, высунутыя з недазволена кароткіх рукавоў цёмныя калматыя рукі з чалавечымі пальцамі і цёмнымі, кругла астрыжанымі пазногцямі на іх канцах і голыя, але аброслыя калматай шэрсцю, так што выглядалі нібы ў футраных нагавіцах, ценкія, але, відаць, моцныя ногі з нейкімі петушынымі ці індычымі лапкамі замест ступняў нагі. Чорны фрыдрыхаўскі траярогі капялюш ляжаў на каленях, а на ім адпачываў, скруціўшыся, як вужака, канец голага, ледзь апушанага хваста. Асвойтаўшыся са светам, я разгледзеў і твар. Цёмны, але не як мурынскі, даўгавіды, але не выцягнуты, пажылы і абвеяны, але не паношаны, з цвёрдасцю, але не жорсткасцю ў міне, ён, зліваючыся ў барве з гладкімі, коратка абстрыжанымі валасамі на галаве, выглядаў пекнай рамкай для пары цёмна-нябесных з чарнаватымі зрэнкамі вачэй, з якіх свяціліся не то глыбокая думка, не то яшчэ глыбачэйшая журба і агромністы, шалёны, надлюдскі розум» .
Дзеля справядлівасці неабходна зазначыць, што воблік чорта зазнаў істотныя змены ў 20—30-х гадах XX стагоддзя, калі яму была адведзена агітацыйная антыроля. Менавіта такім ён паўстае ў «Палескіх былях»: «злы нячысцік», «чорт з рагамі, з хвастом і худы, як той хорт. Чорт — гідкі і слізкі, нібы жаба», «шальмец», «малпа дурная» .
Чаму так адбылося? Барацьба з «панскім бізуном і націскам рэлігіі»? А можа, таму, што беларускі чорт быў сапраўды беларускім? Таму, што чытаў «Беларусь», Змітрака Бядулю? Ці таму, што прадказваў незайздросную будучыню? Напэўна, там трэба шукаць падставы вобраза чорта-выгнанца, чорта-ізгоя.
Якая ж сутнасць чорта? Прасочым гэта на прыкладах з твораў паэта-эмігранта Янкі Юхнаўца, які цяпер жыве ў Амерыцы. Яго паэма «Калюмбы» — неаміфалагічны твор, дзе рэальны персанаж Скарына суіснуе з міфам. Можа, гэта казка пра выпрабаванні героя ў пошуках чароўнага прадмета, а чорт — добры памагаты? Менавіта добры, бо як інакш пасля Коласавага «Сымона-музыкі», Бядулевага «Салаўя», «Музыкі» Багдановіча, «Страшнай музыкавай песні» Гарэцкага зразумець яго словы: «І я не ведаю, ці Музыка — Чорт, ці я Чорт ад волі Боскай». Яго шчырая гутарка са Скарынам пачалася таму, што той не збянтэжыўся, пабачыўшы капыты, не адцураўся ад ізгоя, вымушанага, як у свой час хворыя на праказу, насіць адзнаку сваёй чужасці, выкінутасці з грамадства. І чорт кажа: «Па вашаму, людзкому, я адзінокі ёсць». Развагі чорта (а гаворыць ён, «усміхаючыся добрасцяй») у «Калюмбах» можна было б укласці ў вусны героям «Крывічоў» Зарэцкага ці «Дзвюх душ» Гарэцкага — настолькі яны прасякнуты замілаваннем да сваёй гісторыі, культуры і нелюбоўю да новых, прышлых: «Музыка пра радасці вясёлыя і пра балючыя нядолі граў. І я, слухаючы, падумаў, пераканаўся па-люцыпарску: добра, што Музыкі на свеце водзяцца. Яны і для Чорта добрае». «А вось пра казкі народу свайго забыліся. У іх Боскасць і праўда людзей зямлі ўсёй; кожная рэч, жыццю прычасная, названая імём сваім і месцам».
Няхай не бянтэжыць, што чорт можа быць добрым і быць беларускім. У Гарэцкага, да прыкладу, мерцвякі, духі, што таксама належаць да ніжэйшай дэманалогіі, збіраюцца на сход, заклапочаныя лёсам роднай Беларусі.
Нарэшце можна паспрабаваць сфармуляваць праблему: свае — чужыя. (У міфалагістыцы часам яна падаецца, як чалавек — не чалавек, што звужае і спрашчае праблему.)
У літаратуры, шырэй, у кантэксце культуры чалавеку супрацьстаіць нейкая сіла. Гэта можа быць таксама чалавек-дэман, смерць («Ладдзя Роспачы» У. Караткевіча), д'ябал і г. д. Уявім сабе прыкладную дэманалагічную сістэму, якая складаецца з дзвюх катэгорый персанажаў. Да першай належаць звычайныя людзі, якія валодаюць незвычайнымі здольнасцямі (доктар Фаўст), да другой — непасрэдна дэманы (гэта і вобразы рэальных памёрлых людзей, як у Гарэцкага, і ваўкалакі, і чэрці і г. д.). Першая група — больш плыткая, размаітая, бо, згодна міфалогіі, незвычайнымі здольнасцямі валодаюць акрамя ведзьмакоў і млынары, і музыкі — валадары. Звышулады. Веды. Чалавек можа трапіць у гэтую катэгорыю і не па ўласным жаданні, калі ў яго па загаду чараўніка ўваходзіць злы дэман. «Ці не чорт тут часам падлятвае? Я так і думаю, што — ніхто інакшы — ён выносіць мае дабро! Пну я праз людскія варагі. Згубіў мяне благі чалавек — наслаў чорта на невінаватую душу» (Лукаш Калюга).
Схема «свае — чужыя» не зусім супадае з дэманалагічнай сістэмай. Так, да «чужых» належаць дэманы і людзі іншых поглядаў, чужаземцы, псіхічна хворыя, нават проста адукаваныя. Інакш кажучы, «чужасць» вызначаецца не толькі паходжаннем ці прыналежнасцю да іншага свету, але і ўнутраным жыццём пэўнага грамадства. І стаць «чужым знутры», маргіналам, можа практычна любы чалавек, нават калі ён раней быў сваім сярод сваіх. Для гэтага дастаткова часам проста валодаць нейкім эзатэрычным веданнем ці ўменнем, апынуцца ў надзвычайнай сітуацыі. Адрозненне схемы «свае — чужыя» ад «чалавек — нечалавек» яшчэ і ў тым, што чалавек нясе ў сабе адначасова і Боскае, і дэманічнае. Калі падагуліць вышэйсказанае ў адносінах да чорта, можна вывесці наступнае: чорт заўсёды належыць да дэманалогіі. Але ў схеме «свае — чужыя» ён пераходзіць з адной катэгорыі ў другую ў залежнасці ад сітуацыі ці, шырэй, грамадства: ён свой і папу (у Бядулі), і Скарыне (Юхнавец), ён можа быць і «добры» і «злы».
У межах схемы «свае — чужыя» людзі і чэрці нават могуць мяняцца статусам. Так, чужынцам у сваім горадзе, у Вільні, стаўся Алхімік (імя, разам з адсутнасцю іншай характарыстыкі героя, гаворыць пра чалавека Пасведчанага) з твора Ф. Аляхновіча «Круці не круці — трэба памярці». А Чорт-1 становіцца выгнанцам у сваім, чортавым, асяроддзі.
У творы Янкі Юхнаўца «Чорт і Сталін» чорт «у суладзе неабыякавы і з людзьмі». Яму падабаецца, што людзі «раны крываточныя нясуць на суд Гісторыі пазнаць сябе... Богам створаны я. Даў крылы на зямлю зляцець постацяй несамавітай, але з голасам у казках — мяне ўсюды чуюць. З хваль жыцця падскокваю паплаўком заўважаным. Я Боскія тварэнні падцікавіў, як зло і памальнае дабро ў адну здабычу зводзіцца». А ў апавяданні, якое і называецца «Чорт», маленькі Віця пытаецца: «...а чартом і чарцякам баліць, калі іх б'юць, ці не?», нягледзячы на тое, што яго бацька, па словах маткі, «на вайне б'ецца з чарцямі, а цётка праз тых самых чарцей захварэла ды памерла».
Калі гавораць пра творчасць Янкі Юхнаўца, звычайна падкрэсліваюць яе незразумеласць, «дзікасць» (як ён сам піша: «Дзікім аставаўся я»), беручы пад увагу і змест (мова-змест, мова-сутнасць), і абалонку (мова-сувязь, мова-я). Нехта ставіцца да яго эксперыментаў як да моўнай гульні, адарванай ад рэальнай карціны моўнага свету, дзе мы знаходзім не толькі дыялектызмы, але і наватворы, неалагізмы. Гэта нібы лексічны хаос — мінулага, сучаснага, будучага, магчымага ў беларускай мове.
Спрэчкі вакол творчасці Янкі Юхнаўца пачаліся з першага зборніка — «Шорах моўкнасці». У газеце «Бацькаўшчына» за 31 ліпеня 1955 года была надрукавана рэцэнзія К. Рамановіча (псеўданім Р. Казака, больш вядомага як Рыгор Крушына), які залічыў паэта да «катэгорыі мадэрністых», голас якога гучыць «экстравагантна ненатуральным тэмбрам». І далей: «І гэтак скрозь ува ўсёй кнізе Я. Юхнаўца гучаць вершы як незразумелая замова паўночных шаманаў. У гэтым паэтычным хаосе, відаць, таксама ёсць эмацыянальная сіла ўздзейнічання на чытача. Напэўна, знойдуцца аматары і прыхільнікі такой паэзіі».
У палеміку ўступіў Мікола Панькоў, які напісаў артыкул «Пра незразумеласці ў творчасці Юхнаўца». Па невядомых сёння прычынах рэдакцыя артыкул адхіліла, і ён праляжаў у М. Панькова да 1995 года, калі, прадчуваючы сваю смерць, ён перадаў яго паэту, а Я. Юхнавец, у сваю чаргу, аддаў аўтару гэтых радкоў. Паколькі гэта артыкул-рэцэнзія, у якім раскрываюцца істотныя грані творчасці пісьменніка, прывядзём асноўныя яго палажэнні: «Неспакоем жыцця імкнуцца абняць ды здзейсніць «навакольную пустэчу». Сама «шорахнасць» — унутры-моўкнае жыццё, як вадаліў гэтага ж жыцця. Прываблівае прыгаство — мэта жыцця, з усялякімі згубамі, узнаўленнямі з зблытаных формаў існавання. Але ёсць Прамежак у самім Жыцці, бадай дзверы, мяжа, ад якой толькі «памяццю глядзяцца рэчы». Трэба ўнікнуць у гэту моц уяўлення паэта, і тады вам раскрыецца змест, не экстравагантны сэнс, а прысутнасць цэлае сям'і здарэнняў, прылукаў асноўнасці ўлады ды вялікомасці самога жыцця. Значнасць жыцця цяжка азначыць. Яно — утойна, як смерць. Таму Юхнавец стараецца знайсці момант да «вадаліва жыцця, пакіненага сярод пустэчы». І гэта: унікнуць ва ўзронь памяці, у зборнік жыццёвых досведаў, што можа і ўваскросіць «пакінутае сярод пустэчы», быццам унутрана мерыць усялякія жыццёвыя спады, каб бачыць, «як памяццю глядзяцца рэчы».
«Шорах моўкнасці» — вадаліў жыцця — гучыць жаданнем узнесціся бруненнем струменя да пералікаў звычайных і незвычайных здабыткаў жыцця...
Яно здаецца чытачу песімістычнай імпрэсіяй і адначасна адольваецца агульнай рэальна-сімвалічнай зразумеласцю ўсёй існасці людскога існавання. Усё родніцца: і крык гандляра: Не зводзь!»; і «кліч смерці: Ідзі! Не прыходзь!» Усё ў вобразе паэта Юхнаўца злучана ў тлумачэнні ўтойнага, усярэдняга жыцця на вонкавае захаванне і дбайнасць...
Паэт турбуе сваю моўкнасць. Яна знаходзіць веру і спадзеў у памяці, якая толькі і можа натхніць, узбагаціць самую рэальнасць жыцця. Ён хоча быць у сваяцтве з ёй, бо толькі адно што магчымець выявіць чалавеку ягонае мінулае і адчуць будучае. Гэтыя ўзаемаадносіны паэт Юхнавец, бадай, поўнасцю выказаў у вершы «Вобразы з Нагулу акіяну». Вось некалькі радкоў з яго:
Не позна ім ламаць уздоні!
Бы даланямі на узлонь далін
бераг уздымаць і пеніцца узроняй:
нятратай пырскаў з ухопінай жарсцін.
Або некалькімі словамі:
Жыццё ясніць нат' кроплямі малымі.
Пытаешся: Ці жыць хоць шчасцямі благімі?
Гэтак скрозь увесь зборнік «Шорах моўкнасці» паэт не ўхіляецца свайго голасу: памятнай узроні, што мусіць быць і знаходзіцца і ў «прокмеці», і ў «вокмеці», і ў «сузмені», і ў «скратках». Словы звычайныя — беларускія і выразныя ў метафарычнасці, хоць для Рамановіча чамусьці яны незразумелыя.
Янка Юхнавец адчувае ды бачыць у «шчызе» (гусціні) восеньскага подзьмуху «спакметнасць» часінаў, якія пасля, у канцы твора даводзяць чытачу: «Жыцця карцівасці само жыццё збірае». Бо жыццё гэткае, зноў прыходзіцца ўторыцца словамі паэта Юхнаўца з верша «Яму жадалася»:
Збіраюцца на выган дзеці.
У карагодзе шчодра мігацяцца пяткі.
Дзядок сівы іх радасцяй абняты,
жадае небу сказаць усё:
— Мой дзень яшчэ — бы зьніч.
У вершы «Сакратава» паэт Юхнавец любіць «ціхінь мінулую» — мінуласць. Параўноўвае яе да «разьмётаў крылаў асцярожных», не інакш толькі, ды ўбожваецца ёй: «тайніцай атулі разгаданай не імі» — інакш і не можна. У вершы «Сакратава» паэт даў арыгінальную станву сучаснасці і мінуласці. Ёсць штосьці адвечнае ў Сакратавым — нашым жыцці:
Існасці васкрос карэннямі даўгімі
забяры граніт і часлінкі душы парожняй.
І калі прыйдзецца самому паэту Юхнаўцу чытаць маю зацемку, не пачуе ад мяне рады — што і як пісаць. Я толькі хачу выказаць маю ўцешнасць, што паэт Юхнавец ухіліўся ў паэзіі сухіх фактаў рэальнай «зразумеласці», у якой, як і тут, на эміграцыі, так і там, на Беларусі, усё чытаеш пра камбайн, вечарынку, сенакос з думкай пра Сталіна або пра бярозы, крушыны. Мабыць, вельмі добра ёсць, што паэт Юхнавец не робіцца паэтам-статыстам у літаратурным Наргас-уліку. Ягоны ўзронізм вельмі карысны ў літаратуры, бо адказвае нашай беларускай нацыянальнай псіхіцы:
...дзе станьвай замкнёнай, апрычонай
цярплівасці згубленых мрой
пакінуцца вокмецяй новай,
я вечны адпуснік — жыцця няўтой.»
Шмат спрыяльнага і вялікага ў паэта ёсць, калі ён у сваёй творчасці любіць тое, што ён любіць, і што можа любіць паміж намі і жыццём напатканае. Гэтакім некалі жыў наш Максім Багдановіч, гэтакім быў і Язэп Пушча. І вядома, як сталася: Багдановіч «выратаваў» нашу родную паэзію, а Пушча «зацвердзіў» ейнае існаванне.
Нягледзячы на вонкавае адрозненне мовы Янкі Юхнаўца ад, прыкладам, Петруся Броўкі ці каго іншага, магчыма выявіць і іхнюю агульнасць. Абедзве моўныя плыні заснаваны на цэльнасці знакаў і прадугледжваюць перавагу формы над зместам. У абодвух выпадках функцыяй мовы з'яўляецца не адлюстраванне рэчаіснасці, а яе падмена, стварэнне «сюррэальнасці». Тым не менш, хаця абедзве плыні мовы аднолькава бяруць пачатак ва ўтопіі, іхнія мэты — супрацьлеглыя. Калі БССРаўская дасягаецца шляхам рэдукцыі і спрашчэння, зводзіць мову да ўзроўню мінімальнага ўсераднёвага дэнамінатара, мова Юхнаўца прэтэндуе на універсальнасць, ахоплівае ўсё шматаблічча культуры індывідуальнага вопыту ў паэтычным сінтэзе. Гэтым мова Юхнаўца стварае духоўную апазіцыю і дзяржаве з яе сістэмай, і яе песнярам. Словатворчасць Юхнаўца не стварае свой варыянт мовы, у адрозненне, скажам, ад памкненняў Янкі Станкевіча, не засяроджваецца на дыялектызмах, як у Алеся Змагара, а набліжаецца, як думаецца, да сутнасці беларускай мовы. Бадай што мова Юхнаўца — не што іншае, як адроджаная беларуская паэтычная мова, мова ва ўтопіі.
Юхнавец-мастак, Юхнавец-скульптар і ў паэзіі стварае свой утапічны свет, што можа быць зведзены да хранатопу Саду («Адам і Ева», «Урачыстасць у Садзе», «Невядомы Бог і анёл») — працягу Эдэму («О вышыні! Нябёсныя вышыні! Мяне зямны не страшыць рогат перамогаў пад вашай цёмнай або светлай зналіцай...»). Там, у Садзе,
Ёсць мір між пахучых кветак
(і смутак мо' — напэўна, здарыцца),
усмехам будзе ён,
разгледжана, праведна ад дваіх
(усё паміж дваіх)
далёкая ад вачэй іншых.
Цікавай уяўляецца сувязь паміж утопіяй Юхнаўца і той народнай традыцыяй, прадметам апісання якой з'яўляецца «будучыня», дзе знітоўваюцца ў адзінае элементы казкі і элементы рэлігійнай культуры — дзве ўлюбёныя тэмы паэтавы. Як у казках, лес у вершах Юхнаўца набывае поўную семантычную аўтаномію, атрымоўвае дадатковыя значэнні (што ідзе з міфа і народнай традыцыі):
Лес. Уваходжу ў тваю святыню.
У шчырасці людскай.
Кілімы з моху там.
Утомленыя сухадолам ногі
мякнуць моўкасцяй лясной.
Пераход прыроды ад аднаго парадку да другога моўна ствараецца, рэалізуецца ў метафары «калоны ў лесе», дзе «лес» з'яўляецца мовай, а «калоны» — прадметам апісання.
Замкавыя калоны — лес.
Ды над ім, ад пажараў, хмары
па сіняве нябёснай торуць.
Як не былі сабой уцешаныя
зводлесцяй кароткага жыцця —
днём зноў і ўночы азіраемся:
узбоччы сцежак да лясных
вядуць калон...
...Сцяной гусціліся калоны лесу.
Да іх з боем не падступіцца...
Непераможаны Чалавек у смерці
нешапотна вуснамі сцярог цішынь.
Лес ператвараецца ў іншы свет, са «званіцамі», са святарамі, а «калоны» цалкам адыходзяць у свет раслін, іншымі словамі, у семантычны абсяг «лесу» з усімі адпаведнымі канатацыямі. Тут «лес» ёсць другое царства, другая краіна — лясное царства народных казак, беларускі архетып Саду. Стаўленне да прыроды і архаічнага свету ажыццяўляецца праз моўны ўчынак — змадэляваны, выказаны словам свет з'яўляецца для аўтара рэчаіснасцю, якая, да таго ж, на цэлую вершаліну вышэй за нашую, рэальную. Натуральна з гэтым лучыцца і тэма вандроўніцтва (тэма пошуку далёкіх, бадай што недасяжных зямель — даўняя тэма беларускай літаратуры):
З'яўлюся незнаёмым я вандроўнікам,
дзе нары пераступалі людзі
ўжо багатыя, някрыху шаноўнасцей вядомыя.
І словы чутныя скажу:
— Да вас убогім заўтра, як і сёння,
не вярнуся.
І я ваўком плятуся на чужыне,
ад болю ран не чую сваіх ног.
Шэраг твораў адлюстроўвае ўплыў на Юхнаўца асобных ідэй Ніцшэ, пра цікавасць да якога паэт неаднойчы пісаў. У прыватнасці, думкі Ніцшэ пра розныя ідэалы розных народаў, што кожны імкнецца да здзяйснення сваёй ідэі дабрыні і зла, пра свой уласны, апрычоны шлях:
Ён штодня няхай дагадваецца
мальбу да Бога, ці да чорта...
Сусед, зайздросць!
Жыві, як хочаш,
але паміж маіх пракосаў
не хадзі.
Можа, таму моватворчасць-міфатворчасць мусіць разглядацца як адзін са шляхоў да разумення твораў пісьменніка? Зрэшты, нельга сказаць, што Юхнаўцу ўвесь час спадарожнічала адно непаразуменне. Вось, да прыкладу, некалькі вытрымак з лістоў Юркі Віцьбіча да Антона Адамовіча і да самога паэта, якія сведчаць пра адваротнае :
«24.7.51. Часам мяне наведвае Юхнавец. Люблю яго як паэта. Не ведаю, ці чытаў ён Апакаліпсіс, але гэтая кніга сугучна яму.
30.9.52. У мінулую нядзелю Юхнавец наведаў мяне і аж занадта хваляваўся з тае прычыны, што ёсць два Юхнаўцы — празаік і паэт. Калі першы, на ягоную думку, знойдзе сваё месца на старонках перыядычных выданняў, дык на другога рэдактары пазіраюць скоса, як на нейкага дзівоснага, як на незразумелага. Мне чамусьці здаецца, што ён мае хваляванне зусім беспадстаўнае. Сапраўды, Юхнавец як паэт не для шырокіх колаў. Між іншым, гэта трапна падкрэслена ў эпіграме:
У яго зусім другія скрыдлы,
Ён ні на кога не падобны з нас.
Руінаў моўкнасць — яго Парнас.
А куст крапівы — Азарыс.
Юхнавец з'яўляецца адзіным і разам з тым тыповым прадстаўніком сюррэалізму ў нашай эміграцыйнай паэзіі. Калі не ўсім, дык шмат каму ягоныя вобразы даюць эстэтычную насалоду.
17:4.54. А ўсё ж, нягледзячы на тыя ці іншыя недахопы, «Паэма пачатку» мацнейшая за ўсё. Можа, сам назоў штучны, аж занадта літаратарскі. Але гэткае мастацкае прозы яшчэ не бачыў ні адзін літаратурны часопіс на эміграцыі.
28.12.51. У сувязі з набіваннем на матрыцы «Шыпшыны» маю няшмат вольнага часу, але хочацца хаця б крыху напісаць наконт Вашае аповесці «Чалавек без светача». Прачытаў яе з аднаго подыху. Яна сведчыць аб тым, што як празаік стаіцё не ніжэй, а, магчыма, і вышэй за Юхнаўца-паэта. Ва ўсякім разе, гэта адзін з найлепшых празаічных твораў, які з'явіўся ў часе эміграцыі.
6.1.52. Мне спадабаліся Вашыя апавяданні «Следчы Гаевіч» і «Пасля гутаркі». Першае з іх, на маю думку, мацнейшае за другое, а разам і паасобку ўзятыя, яны лепшыя за «Карнавуха» — яны не эпізадычныя і не на анекдоце пабудаваныя. Мне асабліва спадабаўся «Следчы Гаевіч» таму, што боскае ў ім перамагло д'ябальскае. Мне падабаецца таксама, што Вы знайшлі ў Гаевіча тую боскую іскру, якая не пагасла пад попелам. Добрае апавяданне.
У мяне ёсць толькі некаторыя заўвагі наконт мовы. Мне думаецца, што цалкам захоўваючы свой своеасаблівы лексікон, Вы разам з тым мусіце пазбягаць паланізмаў, якіх усе мы тут на эміграцыі набраліся ад беларусаў-заходнікаў. Мне таксама думаецца, што, цалкам захоўваючы свае стылёвыя своеасаблівасці ў сэнсе пабудовы сказаў, Вы разам з тым мусіце пазбягаць цьмянасці».
Закранутае пра паэзію — слушнае і ў дачыненні да прозы, тым больш, як любіць паўтараць сам спадар Юхнавец, «розніцы паміж паэзіяй і прозай няма». Проза паэта — гэта не толькі нізкі апавяданняў, надрукаваныя ў часопісах «Шыпшына», «Сакавік», «Конадні», «Беларуская Думка», іншых. Проза паэта — гэта таксама вялікі, на 250 старонак, рукапіс «Яно».
Аўтар «Яно», як выглядае, пераняў у Фрэйда, нягледзячы на вельмі адмоўнае стаўленне да вучэння апошняга, тэзу пра схільнасць (цягу, памкненне) Я да самазахавання (жыцця) і да самаруйнавання (смерці), ускладненае ўзаемаадносінамі Эраса і Танатаса, а таксама ягоны пагляд на маральную функцыю Звыш-Я. Можна сказаць, што героі рамана адчуваюць варожасць ад усіх трох фрэйдавых небяспечнасцей — знешняга свету, лібідо Яно і суровасці Звыш-Я. Своеасаблівымі праявамі Эраса (любові-нянавісці) і Танатаса з'яўляюцца лініі Цярэма і Міхася, да таго ж у абодвух дамінуе «інстынкт смерці». Адзін з сюжэтаў «Яно» наследуе логіку Фрэйдавай думкі пра «зняццё засцярогаў» культуры, уседазволенасці, сутыкненне адных і тых індывідуальных схільнасцяў у абставінах зняцця гэтых засцярогаў і сітуацыі тырана-дыктатара. Канфліктная схема рамана абумоўлена гэтымі ідэямі — узаемаадносінамі Я і Звыш-Я. Згодна з Фрэйдам (у працы «Я і Яно») энергія агрэсіўнасці пераходзіць ад сферы Я ў супрацьлеглую ёй сферу Звыш-Я, выклікаючы ў Я маральныя імпульсы, пад ціскам якіх Я можа нават загінуць. У сваёй апошняй працы Фрэйд прапануе тую частку нашай псіхікі, што не супадае з нашым Я, назваць Яно — гэта тая цёмная стыхія жаданняў і памкненняў, якую мы востра адчуваем у сабе і якая актыўна супрацьстаіць розуму. Яно — страсці. Я — розум і памяркоўнасць. Для Яно існуе адзін прынцып — насалоды, Я — носьбіт прынцыпу рэальнасці. Можа, эпіграфам да рамана сталіся б словы Фрэйда: «Прырода чалавека, як у адносінах дабрыні, гэтак і ў дачыненні зла далёка пераўзыходзіць тое, што ён сам ведае ў сабе, іншымі словамі, тое, што вядома яго Я пры дапамозе свядомага ўспрыняцця».
Аўтар вызначае жанр «Яно» як «аповесць у начырках», але твор, сярод прататыпаў якога і былыя знаёмыя з вёскі, і Ермачэнка, і Сабаленка і іншыя, можна назваць і ўспамінамі. Рэальныя час, падзеі, месца. Але ж адкуль гэта: «Ніколі раней, як тады, ён адчуваў сваё адзіноцтва, адзіноцтва чалавека, якому застаецца толькі чагосьці спадзявацца або жыць ілюзіямі жыццёвых сноў, ці мо інакш: упрыгожваць самога сябе мрояй выпуклай і магчымай. У словах мрояў няма формы, але ёсць будучыня, што возьме ад іх сваяформная — праўдзівая сапраўднасць у душэўным хароме чалавека, без якой блудзіў бы або поўзаў, як чарвяк, у падзямеллі».
Чалавек XX стагоддзя стаіць на парозе духоўнага свету, і ў напаўсвядомасці, у снах, мроях бачыць-адчувае свайго «стража парогу» — той самы «Антыхрыст» Ніцшэ. Адсюль і зацікаўленне чортам — характэрная рыса перажывання на парозе як разумение ўласнай незавершанасці, недасканаласці. Перажыванне свайго двайніка — гэта як дыскусія з чортам. Хто ён будзе, чалавек ці не чалавек, свой ці чужы? Ці пераможа ён, або, як Ніцшэ, дасць авалодаць сабой Арыману?
У пошуках адказаў Юхнавец задумваецца над прыродай сноў: «Што такое сны? У астралагічныя разважанні не кінуся. Я вяртаюся да будзённага, учарашняга, да моманту магчымасці неабманнага, але яно часта прыводзіць да зусім іншага. Знаходзіцца штосьці незайменнае ў азначанай частцы думання. Яно творыцца сваёй формай мастацтва, з узмоцненымі вывадамі пазбаўлення сэнсу, або, наадварот, дадаюць сапраўдныя сцэны, выцягнутыя ўласным жыццём. Сны, хто любіць гэта чуць, — трагедыя падказная. Яна заўсёды падказвае: як ад трагедыі пачынаецца жыццё — вярнуцца да свайго бытавання». Ці ў іншым месцы: «Кожную ноч сняцца сны. Дыктуюцца нават вершы. Пакідаюцца ўрыўкі. Хвалююць раніцай. У снах я выходжу на падмосткі тэатра. Мае вобразы ўяўныя не адчуваю жывымі, а скалечаныя бязжаласлівай фррмай, а я люблю змест. З'яўляюцца дзікаабразныя асобы, не прывучаныя любіць чалавечай любоўю. Можа, гэта ад балючага жыцця. Нешта ёсць, што ў мінуласці фізічна не адолена, раптам вырашаецца ў падсвядомай сіле — снах».
Ёсць у верщах ды думцах Янкі Юхнаўца і сум, і туга. Толькі не тая туга па радзіме, што перашкаджае бачыць, адчуваць навакольнае жыццё і часам выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах — маўляў, з'ехалі, а цяпер шкадуюць. Няма ў яго паэзіі і дэкларацыйных патрыятычных вершаў:
...«событие» здарылася.
Чорт міфічны, горды,
скінены з нябёсаў у чорнай вопратцы,
але з абліччам белым, як у нас, людзей,
адчуў усё ад самага пачатку спаду
трагічнасцей снавацца ў Маўзалеях.
Вясёлку каляровую — боскае прыгоства летам
чорнай аркай над людзьмі зрабіў.
Вельмі хутка навучыўся
апускацца на зямлю,
чымся лётныя серафімы,
моўкна стоячыя перад Богам
.....................................................
(не асудзі сурова, паэзія Айчынная:
пра Чорта ўспамінаць?!).
Ледзь крыху аддзяляюся ад твае сучаснае патрэбы.
Але прывычка ў чалавека ёсць
свайго трымацца, калі не дзейнасцяй,
дык думкай урасці ў цела і душу,
можа некаму да мяне падобнага.
Усё і прасцей, і складаней, У паэзіі Янкі Юхнаўца, якую часта параўноўваюць з паэзіяй А. Разанава, выказваючы тым самым неразуменне паэтаў, — філасофія, сусветная па глыбіні і беларуская па ментальнасці. Філасофія не Ф. Ніцшэ ці Ж. П. Сартра, не Поля Элюара ці Эзры Паўнда. У паэта Янкі Юхнаўца філасофія Янкі Юхнаўца:
...сябе ніколі не прапаноўвай нат' да сціплага пінання
за няздольнасці ў жыцці.
Не люба прапаноўваць — разбі акно
ў сваім уласным доме.
І яно разбітае.
У яго паўзуць пачвары,
бы сказакі ад Яна Баршчэўскага.
На стол сядаюць, прычэпліваюцца да столі.
А ў мяне намеры волі
не палохацца.
Пазбаўляюся, сялю ў стадоле парожняй,
якую ад людзей сваіх купіў.
Падпалю! Страхоўку атрымаю.
Янка Юхнавец з Полаччыны пасяліўся ў сваёй душы
з пачварамі Баршчэўскага.
