МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Лёс беларускай жанчыны (Творчасць А. Саковіч) // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Савік Лідзія
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Л. Савік

(г. Мінск)

ЛЁС БЕЛАРУСКАЙ ЖАНЧЫНЫ

Творчасць А. Саковіч

Проза Аляксандры Саковіч (Іны Рытар) — апавяданні, аповесці, успаміны — успрымаецца сёння як бясцэнны, праўдзівы дакумент нашай эпохі. Іна Рытар — амаль равесніца XX стагоддзя — была сведкай і відавочцай падзей рэвалюцыі, грамадзянскай, першай і другой сусветных войнаў, сталінскіх рэпрэсій. Вымушаная пайсці ў выгнанне, яна ўжо паўстагоддзя жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, і там пачыналася яе творчасць, цалкам прысвечаная Бацькаўшчыне, там, у Нью-Йорку, Беларускім інстытутам навукі і мастацтва была выдадзена кніга яе аповесцей і апавяданняў «У пошуках праўды» (1986), напісаны ўспаміны пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка, Пятра Бузука, Міхайлу Грамыку, Усевалада Ігнатоўскага, Аляксандра Цвікевіча, Мітрафана Доўнар-Запольскага і іншых таленавітых прадстаўнікоў беларускай нацыі, якіх яна асабіста добра ведала, з якімі сябравала, знаходзілася ў сваяцкіх і духоўна блізкіх адносінах.

Расказала яна ў сваіх успамінах і пра многіх актыўных дзеячаў беларускай эміграцыі ў ЗША: Зору і Вітаўта Кіпеляў, Янку Запрудніка, Аўгена Каханоўскага-Калубовіча, пра заснаванне беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Германіі (1945—1950), у лагеры перамешчаных асобаў, дзе пераважна жылі беларускія сем'і. А з такіх яе артыкулаў, як «Лістападаўцы», «Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэту», «Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.», «Менск у 1930—1931 гадох», паўстае яскравая карціна жыцця на Беларусі 20—30-х гадоў, раскрываецца складаны і супярэчлівы духоўны стан грамадства, якое уступала ў перыяд панавання таталітарнага рэжыму, калі надыходзіў пік сталінскіх рэпрэсій, пачыналася вынішчэнне цвету нацыі...

Пісьменніцкая актыўнасць Іны Рытар прыпадае на 50—80-я гады, а гэта ўжо той перыяд, калі на Беларусі творчыя таленты былі скаваны так званай тэорыяй бесканфліктнасці, метадам сацыялістычнага рэалізму, ідэалагічнымі догмамі і ўстаноўкамі кіруючай партыі. Непараўнальныя, вядома, жыццёвыя ўмовы, у якіх апынулася беларуская жанчына-эмігрантка і ў якіх існавалі яе землякі-творцы, як непараўнальныя творчыя і чалавечыя індывідуальнасці наогул. Аднак яе проза цікавая для нас перажытасцю матэрыялу, той праўдай чалавечых лёсаў і абставін, якую доўгі час нам забаронена было ведаць. У вольным свеце яна магла адкрыта і нязмушана пісаць пра тое, што жыло ў сэрцы — гады маладосці, незабыўныя страты, цяжкія выпрабаванні, якія выпалі жанчыне на радзіме і на складаных выгнанніцкіх шляхах.

У гэтым годзе Іне Рытар (па мужу Іна Каханоўская, літаратурны псеўданім — Аляксандра Саковіч) спаўняецца 90 гадоў. Яна жыве сярод землякоў у амерыканскім горадзе Кліўлендзе, які прытуліў многіх беларусаў і дзе заснавалася шматлікая беларуская калонія, паўстаў культурны цэнтр «Полацак», пабудавана беларуская праваслаўная царква. Не так даўно памёр яе муж Аўген Калубовіч (Каханоўскі, 1910—1987), вядомы дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты пісьменнік, аўтар многіх артыкулаў, успамінаў, кніг: «Айцы» БССР і іхны лёс», «На крыжавой дарозе», «Крокі гісторыі» і інш. У іх сям'і шчасліва спалучаліся агульныя творчыя інтарэсы, высокая нацыянальная свядомасць і гарманічныя роднасныя ўзаемадачыненні. Вышэйшую адукацыю Іна Рытар атрымала на Беларусі, хоць нарадзілася яна ў Адэсе, у сям'і беларусаў, якія паходзілі з мястэчка Ярэмічы, што на Наваградчыне. Бацька служыў на адэскай чыгунцы, маці выхоўвала дзяцей, якіх у сям'і было чацвёра. Пазней, у сваіх успамінах, Іна Рытар напіша пра Адэсу свайго дзяцінства: «У канцы XIX стагоддзя, толькі за 100 год свайго быцця, Адэса займала адно з першых месцаў сярод гарадоў Расійскай імперыі.

Было ў Адэсе лёгка знайсці работу і добра зарабіць. Добры заработак і прывілеі, якімі не карысталіся іншыя месцы, вабілі да сябе людзей. Яны наплывалі са шмат якіх краёў. Дзякуючы спецыфічным умовам свайго развою, тут было жыхарства розных нацыянальнасцяў. На вуліцах Адэсы апрача моваў украінскай і расійскай можна было пачуць і іншыя мовы. Было тут вялікае мноства грэкаў, былі татары, румыны, малдаване, жыды, караімы, немцы, палякі і інш.

Вабіла да сябе Адэса і беларусаў. Шырокай хваляй крануліся і яны туды на жыццё. Беларуская інтэлігенцыя — вучыцелі, дактары, адвакаты сяліліся ў цэнтры места. Але іх было не шмат. Бальшыня была сялян. Прыязджаючы, яны ўладкоўваліся дворнікамі, вартаўнікамі. Жанчыны — хатнімі найміткамі. Але галоўная маса ішла рабіць у чыгуначныя майстэрні або на чыгунку стрэлачнікамі, сцэпшчыкамі, канцылярыстамі і інш. Дзеля таго, блізка чыгункі на ўскраіне места, пасяліліся цэлыя калоніі беларусаў. На Бліжніх Млынох, на Малдаванцы, на Сахалінчыку, на Пярэсыпе на кожным кроку можна было пачуць беларускую мову. Беларусы нат мелі сваю вулачную мянушку — лапацены...

У 1915 годзе, у часе першае сусветнае вайны, новая вялікая хваля беларусаў нахлынула на Адэсу. Гэта былі ўцекачы з Віленшчыны, Наваградчыны, Горадзеншчыны й Меншчыны... Рэвалюцыя прынесла яшчэ адну хвалю беларусаў у Адэсу. Гэта вайскоўцы беларусы, што ў часе рэвалюцыі былі на румынскім фронце. Бальшыня з іх свядомыя адраджэнцы. Іхнія ідэалы — вольная незалежная Беларусь. Акалічнасці складаліся так, што ў той час яны не маглі звярнуцца на бацькаўшчыну. Але яны шырока разгарнулі сваю нацыянальную дзейнасць сярод беларусаў Адэсы. Адэскі беларус, асабліва чыгуначнік, ніколі не губляў сувязі з бацькаўшчынай. Кожны чыгуначнік карыстаўся для сябе і сваёй сям'і дармавымі білетамі».

Любоўю да роднага кута маці надзяліла і дзяцей, пасяліла веру ў тое, што на Бацькаўшчыне, дзе карані роду, заўсёды знойдзецца душэўны спакой і прытулак. І яшчэ — з маленства ад маці, якая здолела сабраць у доме даволі багатую бібліятэку, Іне Рытар перадавалася вялікая любоў да кнігі. У 6-гадовым узросце будучая пісьменніца пайшла вучыцца ў адэскую жаночую гімназію (1912), дзе вучылася і яе старэйшая сястра Ліда. У гэты час у Адэсе актыўна вялася беларуская грамадская праца. Беларусы мелі свой клуб, бібліятэку, дзе былі кнігі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, А. Гаруна, Ядвігіна Ш., многіх іншых пісьменнікаў, дзейнічалі тэатральная трупа і хор, ладзіліся спектаклі, канцэрты, літаратурныя вечары. Ставіліся п'есы: «Паўлінка», «Модны шляхцюк», «Чорт і баба», дэкламаваліся вершы, спявалі беларускія песні. Усё гэта звязвала з далёкай Бацькаўшчынай, аб'ядноўвала, рабіла нацыянальна свядомымі і тых беларусаў, якія нарадзіліся ў Адэсе.

Аднак у сувязі з ваеннымі, рэвалюцыйнымі падзеямі надышлі цяжкія дні і для жыхароў Адэсы. Голад, хваробы, частыя змены ўладаў прымусілі і беларусаў шукаць выйсце, ратаваць дзяцей. Былі арганізаваны дзіцячыя дамы ў прыгарадзе Адэсы Аркадыі. Выхавацелямі, настаўнікамі ў іх працавалі маладыя беларусы — студэнты і вучні старэйшых класаў гімназіі, а таксама вядомыя дзеячы беларускага адраджэння, якія на той час знаходзіліся ў гэтых краях: Пётра Ілючонак, Рыгор Козел, Сцяпан Некрашэвіч, Антон Баліцкі, кіраўніком дзіцячага дома быў прызначаны Міхайла Грамыка, беларускую літаратуру і мову для дзяцей выкладаў М. Піятуховіч, матэматыку Я. Аляхновіч, працавалі іншыя высокакваліфікаваныя выкладчыкі, выхавацелі, у тым ліку і Ліда Рытар, якая пазней стала жонкай вядомага беларускага паэта і празаіка, вучонага-геолага Міхайлы Грамыкі.

Але становішча пагаршалася з кожным днём, і многія беларусы з дзецьмі ў 1921 годзе выехалі на Беларусь. Так Іна Рытар разам з сястрой Лідай апынулася ў Мінску. Ліда ўладкавалася інспектарам дзіцячых прытулкаў, пазнаёмілася з жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Францаўнай, якая працавала загадчыцай аднаго з дзіцячых садкоў. Купалы жылі тады пры гэтым садку, там жа меў сабе пакоі і Змітрок Бядуля. Блізкай сяброўкай Ліды была Юлія Бібіла, якая стала вядомым беларускім бібліёграфам. Яна шмат дапамагала Іне Рытар у вывучэнні беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, часта расказвала маладой дзяўчыне пра Кастуся Каліноўскага, крэўнага ёй па маці. Іна была ўжо тады студэнткай Белпедтэхнікума, дзе вучыліся многія будучыя беларускія таленавітыя паэты і празаікі.

З 1925 года Іна Рытар становіцца студэнткай гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які зрабіў вялікі ўплыў на яе светапогляд, пакінуў дарагія ўспаміны. Тут яна спаткалася і пасябравала з «Раднёю» — так жартам называлі сябе свядомыя беларускія студэнты. У сваім асяроддзі «Радня» не баялася выказваць асабістыя погляды на палітычнае становішча Беларусі, нацыянальныя праблемы. Уваходзілі ў «Радню» як маладыя студэнты, так і старэйшыя — ветэраны першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, многія ўдзельнікі руху за незалежнасць Беларусі. Старэйшыя вымушаны былі, акрамя вучобы, яшчэ і працаваць, каб утрымліваць сем'і.

З успамінаў Іны Рытар «Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэту» мы даведваемся пра сапраўдную гісторыю яго заснавання, якая разыходзіцца з пазнейшай афіцыйнай версіяй. Пісьменніца падкрэслівае, што БДУ «быў пакліканы да жыцця ў 1921 годзе ахвярнаю працаю беларускіх грамадскіх працаўнікоў, а не бальшавіцкаю ўладаю, як гэта цяпер часта падаецца ў савецкім друку».

Кожнаму, хто цікавіўся пытаннем вышэйшае школы ў Беларусі, вядома, што краіну, вялікую абшарам і насельніцтвам, слаўную некалі як цэнтр высока развітай культуры і мастацтва, расійскі ўрад пазбавіў вышэйшай школы амаль на цэлае стагоддзе. Ад 1832 аж да 1921 года Беларусь не мела вышэйшых навучальных устаноў. Праз увесь гэты час расійскі ўрад праводзіў сістэматычную русіфікацыйную палітыку і, не зважаючы на неаднаразовыя захады, не даваў дазволу на адчыненне вышэйшай школы. Расійскія ўлады добра разумелі, што вышэйшая школа ў Беларусі магла стаць асяродкам апазіцыйнага нацыянальна-палітычнага і культурнага руху. Беларусь жа, пазбаўленая сваёй высокай школы, паступова ператваралася ў расійскую калонію, заняпалую культурна і эканамічна.

У 1918 годзе, адразу пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, у беларускім друку ўзнімаецца пытанне пра неабходнасць адкрыцця беларускага універсітэта ў Мінску. Былі распрацаваны і два праекты універсітэцкіх статутаў. Адзін з іх уклаў прафесар М. Доўнар-Запольскі, другі — акадэмік Карскі. Яны былі разгледжаны Сакратарыятам БНР. Хоць ніводзін з гэтых праектаў і не ўдалося тады здзейсніць, бо ўраду БНР прыйшлося хутка эмігрыраваць, аднак ідэя адкрыцця універсітэта захоўвала сваю актуальнасць сярод тых беларускіх дзеячаў, якія засталіся для грамадскай працы ў Беларусі, засталіся для яе з усёй свядомасцю, што новая акупацыйная ўлада нясе тую ж нацыянальную няволю, што і былая царская. У сваёй прамове з прычыны смерці А. Бурбіса ў 1922 годзе Язэп Лёсік гэтую думку падкрэслівае выразна і без страху словамі: «Ты не дайшоў яшчэ да Абяцанае Зямлі, не дойдзе яшчэ шмат хто з нас, бо ўсе мы ў няволі нарадзіліся і мусім памерці, як тое яўрэйства, што вадзіў Майсей па пустыні...»

І хоць універсітэт быў заснаваны ў цяжкі пасляваенны час, пры амаль цалкам разбуранай (рэвалюцыяй, грамадзянскай вайной, нямецкай і белапольскай акупацыямі) гаспадарцы Беларусі, не меў адпаведнага будынка, навуковага абсталявання, студэнтам даводзілася слухаць лекцыі ў халодных, бедных аўдыторыях, аднак панаваў у студэнцкім і прафесарскім асяроддзі вялікі энтузіязм. Жыла вера ў лепшую будучыню беларускага народа, яго незалежнасць, моцна біўся пульс свежай; навуковай думкі, скіраванай на развіццё беларускай мовы, вывучэнне гісторыі Беларусі, фарміраванне кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі. Выкладанне вялося на беларускай мове, працы многіх прафесараў БДУ друкаваліся не толькі ў Беларусі, але і ў Чэхіі, Германіі, Францыі, Аўстрыі, куды часта камандзіраваліся беларускія навукоўцы, асобнымі выданнямі выходзілі «Працы БДУ». (Дарэчы, зборнік такіх прац ад 1921—1932 гадоў ёсць у Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы, які Іна Рытар мела магчымасць перачытваць, эмігрыраваўшы ў Амерыку. — Л. С.). Студэнты слухалі лекцыі такіх прафесараў, як Мітрафан Доўнар-Запольскі, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімір Пічэта, Васіль Дружчыц, Іван Замоцін, Уладзімір Перцаў і інш.

Іне Рытар пашчасціла яшчэ і ў тым, што ў свае маладыя гады яна знаходзілася ў самым цэнтры беларускага інтэлектуальнага і творчага асяродка. Жывучы ў доме Грамыкаў, затым у Лёсікаў, будучая пісьменніца часта сустракалася на правах блізкага чалавека з Янкам Купалам і Уладзіславай Францаўнай, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, пакінула пра гэтыя сустрэчы цікавыя ўспаміны: «Мне прыгадваецца ранні цёплы вечар у садзе Грамыкаў, першае зжоўклае лісце на траве, Я. Купала, Я. Лёсік і М. Грамыка ля садовага стала... Я сядзела недалёка ад іх і чытала кніжку... Першы раз я пабачыла Я. Купалу і ягоную жонку ў 1921 годзе на каляднай ялінцы ў дзіцячым доме... Чатыры маладзенькія настаўніцы і госці, паміж якіх і я са сваёй старэйшай сястрой Лідай, зышліся ў невялікай зале. Святочна прыбраная, зала выглядала па-свойму ўтульна. Усё было гатова. Чакалі толькі Я. Купалу.

Ён прыйшоў разам са сваёй жонкай. Малыя пасаскоквалі з лаваў і цесным колам абступілі Купалу... Я глядзела на Янку Купалу ўва ўсе вочы. Бачыла светлыя мяккія валасы, акуратна расчасаныя на радок, правільныя рысы твару і ласкавую ўсмешку вачэй. Я, памятаю, падумала: «Гэта ж Купала зусім яшчэ малады». Выглядала вельмі міла і ягоная жонка. Уся нейкая ясная, яна мела тады доўгія льняныя косы, прыгожа ўкладзеныя на галаве, вельмі белую скуру твару і сінія вясёлыя вочы...

Цётка Ванда, жонка Язэпа Лёсіка, шмат апавядала мне пра свайго бацьку, нашага пісьменніка Ядвігіна Ш., і пра Янку Купалу. Гэта ейны бацька першы вычуў паэтычны талент нікому яшчэ тады невядомага юнака — Янкі Луцэвіча.

Сама Ванда Лёсік была жанчына рэдкае дабрыні. Усё, што звязана з сардэчнасцю, з людскою цеплынёю, было ў яе. Сваёй вясёласцю, жвавасцю, пачуццём гумару яна, як і Купалава жонка, адразу выклікала сімпатыю. Мо таму гэтыя дзве мілыя жанчыны вельмі сябравалі...

Я чулася вельмі шчаслівай, што такія вялікія людзі, як Янка Купала, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, былі маімі частымі гасцямі... Я. Купала падараваў мне «Жалейку». На тытульнай балонцы ён падпісаў: «Мілай дзяўчыне, Іне Рытар, на ўваходзіны. Шчыра адданы Янка Купала. 20.1.1930 г.»

Успамінае Іна Рытар і пра Якуба Коласа: «Мае студэнцкія гады праходзілі ў Менску ў 20-х гадах, калі Я. Колас быў на вяршыні свае літаратурнае славы і, як і Я. Купала, быў сапраўдным народным паэтам Беларусі. Сярод нас, моладзі, ён карыстаўся вялікай павагай. Мы былі зачараваны ягонымі творамі, асабліва «Новай зямлёй» і «Сымонам-музыкам»...»

Расказвае далей Іна Рытар, як любілі студэнты наведваць сходы Інбелкульта, які пазней быў пераўтвораны ў Акадэмію навук, дзе разгортваліся дыскусіі па мове, літаратуры, гісторыі, паслухаць выступленні Я. Купалы, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, С. Некрашэвіча, як на Канферэнцыі па рэфармаванні беларускага правапісу яны сустракаліся з А. Цвікевічам, Ф. Аляхновічам, У. Жылкам, але найбольш з Я. Лёсікам.

Ва ўспамінах пра Я. Лёсіка, лекцыі якога ёй давялося слухаць падчас вучобы ў Белпедтэхнікуме, а па яго «Правапісу» ў 20-х гадах вучылася ўся Беларусь, Іна Рытар згадвае пра падзеі ў Беларускім універсітэце, дзе на той час працавала пасля яго заканчэння (1928): «Пачалося з прыемнага. Каля дваццаці паэтаў і пісьменнікаў — студэнтаў атрымалі персанальныя стыпендыі. Імі былі М. Зарэцкі, Я. Пушча, А. Александровіч, Т. Кляшторны, П. Трус, А. Дудар, В. Маракоў, М. Лужанін, П. Глебка, Н. Вішнеўская, К. Крапіва і інш.»

Далей Іна Рытар расказвае пра «сяброўскі шарж» у насценнай газеце, абразлівы для нацыянальнага гонару беларуса, з-за якога Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч і Алесь Дудар у знак пратэсту апублікавалі «Ліст трох» і пакінулі універсітэт.

Справе гэтай афіцыйныя савецкія ўлады надалі пагрозлівую палітычную афарбоўку, склікаліся мітынгі, на якіх гучна абмяркоўвалася «антысавецкая сутнасць ліста трох», кідаліся заклікі «неабходнасці вострай барацьбы, пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі, з антыпралетарскімі ўчынкамі»...

Набліжаліся вынішчальныя 30-я гады, пачынаўся новы курс палітыкі камуністычнай партыі. З ім раскулачванні, калектывізацыя, абвінавачванні творчай інтэлігенцыі ў нацдэмаўшчыне, арышты, высылкі. «Афіцыйная прэса цвердзіла, што асабліва мовазнаўства сталася зброяй змагання ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў. У гэтай галіне галоўным чынам на асобе Я. Лёсіка канцэнтравалася ейная ўвага. Прыгадалі яму ягоную ролю на 1-м Усебеларускім кангрэсе, дзейнасць у БНР, рэдагаванне газеты «Вольная Беларусь», вострыя палітычныя выступы супроць маскоўскай палітыкі цэнтралізму і русіфікацыі. Уся навуковая праца, праробленая Я. Лёсікам, абвяшчалася шкоднай...»

Шмат піша Іна Рытар у сваіх успамінах пра трагічныя падзеі 30-х гадоў, сталінскія рэпрэсіі, арышты Я. Лёсіка, М. Грамыкі, А. Цвікевіча, В. Ластоўскага, раскулачванне Лявіцкіх (Люцыю Лявіцкую — жонку Ядвігіна Ш. і яе сыноў), высылку Купалавых маці і сясцёр, спробу самагубства самога Я. Купалы, пра апошнія сустрэчы з многімі знаёмымі пісьменнікамі, вядомымі грамадскімі дзеячамі.

«...Я ўжо працавала выкладчыцай на Рабфаку пры БДУ, калі надышоў пакутлівы 1930 год, чорны год у гісторыі Беларусь Была знішчана вялікая колькасць беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў. Сярод беларускае грамады панавала пачуццё няпэўнасці ў заўтрашнім дні. Арыштоўваўся не толькі той, хто аднойчы знаходзіўся ў апазіцыі да камунізму ці да.камуністычнай улады, але кожны, хто ўважаўся ў стане выявіць супраціў. Рыхтаваўся працэс «нацдэмаў» на Беларусі. Тых, каго пакінулі на волі, прымушалі выступаць з пакаяннымі лістамі, з асудам свае папярэдняе нацыянальнае дзейнасці, з паклёпамі на блізкіх сяброў. Відаць, пад прымусам Змітрок Бядуля напісаў раман «Язэп Крушынскі»...

Міхайлу Грамыку, майго швагра, засудзілі на ссылку. Сястра з дзецьмі паехала за ім. Абвінавачванні і пагрозы не спыняліся. Такія словы, як «ворагі СССР»,; «працэс над нацдэмамі», «суровая кара», «расстрэл», «высылка», не зыходзілі з балонак афіцыйнага савецкага друку...»

Асабістае жыццё Іны Рытар у тыя дні таксама было складаным, нялёгкім. У 1930 годзе яна выйшла замуж і пераехала ў Маскву, дзе працаваў муж, які скончыў тэхнічны інстытут. Перажыла першае мацярынскае гора, калі памёр яе першынец — сын Леанард. А неўзабаве нахлынула «яжоўшчына», арыштавалі мужа, абвінавацілі ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і вывезлі на Калыму ў канцлагер, дзе ён і загінуў.

На руках адзінокай, безабароннай жанчыны засталася двухгадовая дачка Іна. Страх, пагроза арышту як жонкі «ворага народа» прымусілі Іну Рытар ратавацца на Бацькаўшчыне. Яна пакідае Маскву і пераязджае ў Ярэмічы — дарагія з маленства мясціны. Але ўжо ішла другая сусветная вайна. У Ярэмічах яны некаторы час пражылі :больш-менш спакойна, аднак з 1942 года, калі вёска, якая знаходзілася паблізу Налібоцкай пушчы, апынулася ў зоне партызанскага дзеяння, Іне Рытар з дачкою давялося пераехаць у Наваградак і ўладкавацца выкладчыцай ў настаўніцкай семінарыі. Так не засталося на Беларусі бацькоўскага гнязда, параскідаў лёс некалі вялікую сям'ю па свеце.

Пайшла ў выгнанне і Іна Рытар з 9-гадовай дачкою. Трапіла ў французскую зону акупацыі Германіі, у горад Бібарах, каля швейцарскай мяжы. Мясціны цудоўныя, не кранутыя вайною. Беларусаў выгнанцаў было не шмат, і ўсе яны належалі да польскага лагера. Гэта ратавала іх ад савецкай рэпатрыяцыйнай камісіі, якая з'явілася ў Бібараху і, павесіўшы на адным з цэнтральных будынкаў горада агромісты партрэт Сталіна, пачала агітацыю сярод былых савецкіх грамадзян за вяртанне на радзіму. Неаднойчы Іна Рытар была сведкай, як сілаю прымушалі ўкраінцаў, літоўцаў, рускіх ехаць у СССР, дзе часцей за ўсё яны траплялі прамым ходам у Сібір. Заставацца ў Бібараху было небяспечна, і маладая жанчына шукала магчымасці далучыцца да землякоў каля Рэгенсбурга, дзе, па чутках, быў вялікі лагер беларусаў у амерыканскай зоне акупацыі. Ёй пашчасціла туды пераехаць, і ў хуткім часе яна становіцца выкладчыцай нямецкай і англійскай моваў у беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, якая была заснавана ў 1945 годзе. Дырэктарам яе і заснавальнікам (разам з Я. Станкевічам, Аўгенам Каханоўскім) стаў Аляксандр Орса — таленавіты педагог і арганізатар, які скончыў Карлаў універсітэт у Празе. У 40-я гады ў гімназіі працавалі высокакваліфікаваныя выкладчыкі-беларусы. Амерыканскія акупацыйныя ўлады, што забяспечвалі матэрыяльны бок існавання гімназіі, ніякім чынам не ўмешваліся ў яе выхаваўча-навучальны працэс, не кантралявалі праграмы, па якіх найбольшая ўвага аддавалася вывучэнню беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, замежным мовам. (Дарэчы, у 1994 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку выдаў кнігу Яна Максімюка «Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945—1950)», дзе расказваецца пра дзейнасць гэтай навучальнай установы, даюцца кароткія біяграфіі яе выкладчыкаў і выхаванцаў. Кніга ілюстравана шматлікімі фотаздымкамі з асабістых архіваў дачкі Аляксандра Орсы Алы Орса-Рамана, Зоры і Вітаўта Кіпеляў, Іны Рытар-Каханоўскай, Паўла Урбана, Юлі Андрусішынай і інш.)

У пошуках сталага і спакойнага месца жыхарства многія беларусы пераязджаюць у Амерыку, дзе на пачатку 50-х гадоў пачынаюць засноўвацца першыя беларускія зямляцтвы. Нішто не стрымлівала і Іну Рытар у Германіі, тым больш што тут загінула яе адзіная дачка і ёй невыносна цяжка было хадзіць па тых сцяжынках, дзе бегала малая Іна (дзяўчынка трапіла пад колы ваеннага грузавіка).

Іна Рытар прымае беспаваротнае рашэнне: «Я дабралася да ветлых берагоў Злучаных Штатаў Амерыкі на вайсковым транспартным караблі ў травені 1950 года. Цуда? Для мяне — безумоўна. З маленства прагла я пабачыць далёкія, нязнаныя краіны. Ды ніколі, нават у сваіх лепшых летуценнях, не ўяўляла, што аднойчы здолею апынуцца за акіянам, застануся тут назаўсёды, адчую сябе роўнай сярод роўных.

Тэй парою ў Нью-Йорку існавала ўжо ладная беларуская грамада. Мы ладзілі сустрэчы, канцэрты, святкавалі свае нацыянальныя святы. Праўда, найбольш у тыя гады спраўлялі вяселлі. Жаніліся, выходзілі замуж маладыя. Яны спяшаліся ў новым краі абзавесціся роднай сям'ёю. Ішлі да шлюбу й старэйшыя, якія шмат адпакутвалі, страцілі свае сем'і. Я таксама пабралася з Аўгенам Каханоўскім. З ім пасяліліся ў Кліўлендзе, дзе пражылі шчасліва ўжо 31 год...» Тут, у Кліўлендзе, яна пачынае пісаць свае ўспаміны, аповесці, апавяданні. Згадваючы пра гэты перыяд, пісьменніца адзначае: «Я пачала пісаць яшчэ жывучы ў Нью-Йорку. Прафесар Янка Станкевіч (рэдактар «Веды») і доктар Вітаўт Тумаш (рэдактар «Запісаў») ахвотна друкавалі мае першыя спробы пяра. Яны па-сяброўску падбадзёрвалі, падтрымлівалі, надалі мне патрэбнае перакананне, што я павінна працягваць пісаць.

Нярэдка чытачы пытаюцца пра некаторыя мае апавяданні і аповесці: «Гэта вы пра сябе расказалі? Гэта аўтабіяграфія?» Не. Хоць мушу зазначыць, што аўтабіяграфічны элемент да некаторай ступені знайшоў адбітак у маіх творах. Сюжэты, у якіх б'ецца пульс і кроў рэальнага жыцця, лягчэй тварыць тады, калі сам перажыў, сам зблізку наглядаў. Свае першыя публікацыі я не падпісвала маім сапраўдным імем і прозвішчам — Іна Рытар, а псеўданімам Аляксандра Саковіч...»

Аднак яе першая публікацыя «Менск ў 1930—1931 гадох» (газ. «Раніца» 13 снежня 1944) была падпісана псеўданімам Б. Еўтух, успаміны («Беларусы ў Адэсе», «Прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі», «Прафесар Пётра Бузук», «Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэту»), як і мастацкія творы, падпісваліся яе вядомым літаратурным псеўданімам, артыкулы («Лістападаўцы», «На суд гісторыі», успаміны пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка, Міхайлу Грамыку, Аляксандра Цвікевіча) падпісаны дзявочым прозвішчам Іна Рытар, артыкул «З беларускім сэрцам, думай» падпісаны «Іна Рытар-Каханоўская». У гэтай змене прозвішчаў ляжыць своеасаблівы падтэкст. Многія эмігранты, родныя якіх заставаліся ў СССР, вымушаны былі дзеля іх бяспекі мяняць свае імёны і прозвішчы, баючыся нават перапісваецца з імі.

Як празаік Аляксандра Саковіч пачалася з апавядання «У няведам'е», якое было надрукавана ў часопісе «Конадні» (1957). Затым яе апавяданні, аповесці пачалі рэгулярна публікавацца ў эмігранцкім друку — газетах і часопісах: «Бацькаўшчына», «Беларуская моладзь», «Беларуская думка», «Баявая ўскалось», «Беларус».

Апавяданні «На Захад», «Шчаслівая», «Сама», «Кожнаму сваё», «З кім яна?», «Асірочаныя», «У завею» аб'яднаныя агульнай тэмай — жыццё на Беларусі ў 30-я гады і на пачатку другой сусветнай вайны. І хоць у іх дзейнічаюць розныя героі, аднак лёс іх аднолькава цяжкі, небяспечны. Падзеі ў гэтых апавяданнях падаюцца праз успрыманне маладых людзей, студэнтаў, часта жанчын і нават дзяцей.

Не можа зразумець малая дзяўчынка («Сама»), чаму сярод ночы ў пакоі ярка гарыць святло, у рэчах рыюцца чужыя дзядзькі, а на канапе моўчкі сядзяць тата і мама, чаму разам з дзядзькамі пайшоў тата і мама горка плача... Не давяраюць адно аднаму закаханыя Рыма і Даніла («На Захад»), Кастусь і Марыся («З кім яна?»), бо вакол пануе падазронасць, даносы, вынішчаецца любоў да Бацькаўшчыны, яе гісторыі, славутых людзей, арыштоўваюцца нават тыя, у каго на сцяне вісіць партрэт «сярэдневяковага схаластыка Францішка Скарыны», хто цікавіцца рознымі Сапегамі — «злоснымі ворагамі пралетарыяту», «гнілой старыной», непатрэбнай камсамольцам-атэістам. Маладая дзяўчына Наталля («Шчаслівая»), арыштаваная за прыналежнасць да БНР, выпушчана з ГУЛАГу дамоў паміраць. І памірае яна шчасліваю, што пабачыла радзіму, маці і каханага чалавека, які выпадкова даведаўся, па якой прычыне яе вызвалілі з канцлагера...

Яшчэ больш складаныя, невырашальныя праблемы паўсталі перад героямі Аляксандры Саковіч, калі пачалася вайна. Многія з іх імкнуцца разабрацца ў сваім становішчы, зразумець, хто яны, якое месца належыць іх Бацькаўшчыне паміж ваюючымі Расіяй, Германіяй, Польшчай. Беларусь зноў апынулася на ваенных перакрыжаваннях моцных дзяржаў, зноў нішчыцца, руйнуецца яе гаспадарка, гінуць людзі. Паказальным у гэтых адносінах з'яўляецца дыялог паміж героямі апавядання «З кім яна?». Марыся дзеліцца з Кастусём сваім горам, выказвае набалелыя думкі, просіць парады, што рабіць, як жыць далей у гэтым складаным, супярэчлівым свеце: «Памятаеш, калі ў сорак трэцім годзе я прыйшла ў Нясвіж? Я прыйшла са змярцвелым сэрцам. На маіх вачох немцы спалілі жывымі ў хаце маю маці й чатырох братоў. Старэйшыя тры браты былі партызанамі. У той дзень яны прыйшлі з лесу наведаць нас. Відаць, хтось паведаміў немцам. Увечары яны акружылі хату. Выпадкам на той час я была ў суседзяў. Я бачыла праз вакно, як нашу хату абклалі саломаю, як падпалілі яе, як закалыхалася й шуганула полымя да страхі. Я ведала, што ў хаце гараць мае браты й маці. Я чула іхныя крыкі й не магла бегчы ім на дапамогу. А я любіла іх. Мы раслі сіротамі, без бацькі... Тады мне лягчэй было памерці, чымся жыць. Я нікога больш не мела. Нікога не любіла... Вось такою я прыйшла ў Нясвіж, у семінарыю. І там спаткала Ліду Макарэвіч. Бацька Ліды быў войтам. Ейную сям'ю выбілі партызаны. Але нашае гора было адно... У семінарыі я знайшла йзноў сваю сям'ю. Аднойчы я спытала ў дырэктара, старога Дунца: чаму ён прыняў мяне ў семінарыю? «Марыся, — сказаў ён, — памятай усё жыццё, што мы з аднэй сям'і. Досыць нас дзеляць і б'юць чужынцы. Мы, беларусы, мусім ратаваць жыццё кожнага з нас».

Дзякуючы творчасці Аляксандры Саковіч упершыню ў беларускай прозе так шырока быў паказаны лёс менавіта жанчыны на складаных выгнанніцкіх шляхах, так шчымліва загучала тэма выгнання, калі паміж беларусамі-эмігрантамі і Бацькаўшчынай пралеглі чужыя землі, пралёг акіян. Гераіні з твораў Аляксандры Саковіч паўстаюць перад намі ў розных абліччах, аднак за вобразамі дзяўчат, маладых жанчын, сямейнае мацярынскае шчасце якіх было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу, бясконцымі войнамі, рэвалюцыйнымі перабудовамі, рэпрэсіямі, яскрава праглядваецца лёс самой пісьменніцы, раскрываецца духоўны свет яе сучасніц, свядомых беларусак, апантаных любоўю да Бацькаўшчыны, ідэямі нацыянальнага адраджэння, незалежнасці. Няйздзейсненымі пакуль што засталіся гэтыя ідэі, і давялося многім беларусам разам з дзецьмі ісці ў няведам'е, у чужых краінах нанова пачынаць жыццё.

У апавяданнях «Асірочаныя», «У няведам'е», «Настачка», «Петрыкаў тата», «Вяселле», «Чортава вока» пісьменніца вядзе чытача ўслед за героямі спачатку ў Германію, затым у Амерыку, дзе знайшлі прытулак, спакойны забяспечаны побыт шматлікія беларускія сем'і. У гэтых апавяданнях ужо зусім іншая танальнасць, уражанне такое, быццам чалавек, пасля доўгіх гадоў няволі, вялікай небяспекі, пастаяннай трывогі, блуканняў па пакутах ва ўласнай краіне, спыніўся нарэшце ў вольным свеце, азірнуўся вакол і пачаў ладзіць жыццё, годнае чалавека. Аднак душу вярэдзілі водгукі былога, цяжкія ўспаміны, якія і тут нараджалі праблемы, розныя непаразуменні, спрэчкі. Спрачаліся, аналізуючы жыццё свайго краю «за палякамі» і «за саветамі», падчас вайны, калі на акупаванай Беларусі людзей, асабліва вяскоўцаў, тэрарызавалі і партызаны, і немцы, і паліцыя, суперажывалі былым вязням ГУЛАГаў, калі яны апавядалі пра бязмежныя паўночныя прасторы Расіі, калючыя драты, пакуты голаду і заўсёды настаўленыя ў спіну зняволеных стрэльбы вартавых, пра нечаканы ратунак — уцёкі праз Іран, Егіпет, Сірыю... Але за ўсім гэтым цяжкім, балючым паўставаў далёкі, затуманены гадамі воблік Бацькаўшчыны, згадвалася прыгажосць яе рэчак, азёр, лясоў, марылася пра вольную Беларусь, якая і тут, у Амерыцы, стала іх натхненнем, захавала, нягледзячы ні на што, сваё прыцягненне і заўсёды жыве ў іх апаленых бязмежнай тугою сэрцах.

Характэрна, што ў прозе Аляксандры Саковіч, як і ў паэзіі пісьменнікаў-эмігрантаў, амаль не сустракаецца грунтоўных твораў пра Амерыку, якая стала іх другой радзімай. Агульныя штрыхі, цёплыя, прыязныя словы пра вольнае, уладкаванае жыццё беларускіх зямляцтваў — у гэтым даніна ўдзячнасці і павагі да гэтай багатай краіны. Тое, што напісана беларускімі аўтарамі ў выгнанні, і ў прыватнасці А. Саковіч, прысвечана незабыўнай Бацькаўшчыне і павінна вярнуцца на Беларусь, увайсці ў духоўны набытак новых пакаленняў людзей — змагароў за нацыянальнае адраджэнне і незалежнасць.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by