|
(г. Масква)
КОЛЕРАВАЯ СІМВОЛІКА Ў ПАЭЗІІ ЗІНАІДЫ ГІПІУС I НАТАЛЛІ АРСЕННЕВАЙ
Нягледзячы на розніцу ва ўзросце — трыццаць гадоў, шмат што збліжае беларускую паэтэсу Наталлю Арсенневу са знакамітай рускай пісьменніцай Зінаідай Гіпіус (1869—1945). Дзяцінства, звязанае з Каўказам (Тыфліс — у Гіпіус, Баку — у Арсенневай), частыя пераезды ў раннія гады, сур'ёзная хатняя адукацыя і самаадукацыя, вопыт журналісцкай работы ў прэсе — расійскай, заходнебеларускай, а потым і антысавецкай («За свабоду» — у З. Гіпіус і «Менская (Беларуская) газэта» ў Н. Арсенневай). Перажыўшы пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР высылку з дзецьмі ў Казахстан у 1940 годзе, Н. Арсеннева ў 1944 годзе адважваецца на эміграцыю. З. Гіпіус уцякае за мяжу з мужам і двума сябрамі яшчэ ў 1920 годзе. У лютым 1920 года ў Вільні юная Н. Арсеннева магла наведаць лекцыю З. Гіпіус і Д. Меражкоўскага, бо ў той час сям'я Арсенневых вярнулася з эвакуацыі і ў студзені 1920 года зноў жыла ў Вільні. Зінаіда і Дзмітрый Меражкоўскія заставаліся там да сярэдзіны лютага і карысталіся вялікай папулярнасцю сярод віленскай інтэлігенцыі. «Наша агульная лекцыя, — сведчыць З. Гіпіус пра вільнюскі перыяд іх жыцця, — была прачытана ў вялізнай доўгай зале з калонамі, пры такім наплыве публікі, што выламалі шкляныя дзверы, і быў шум, і паліцмайстар прыбягаў кожную хвіліну».
Уплыў, які рабілі асоба і творчасць З. Гіпіус на сучаснікаў, прызнавалі многія. Дзевяностагадовая М. Шагінян, якая яшчэ ў дзявоцтве напісала кнігу пра паэзію З. Гіпіус, сцвярджала: «Зінаіда Гіпіус была адной з самых разумных і таленавітых жанчын, якіх я ведала ў маім доўгім жыцці». А. Блок у дзённіку адзначаў яе «адзінасць», а стрыманы на пахвалу Бальмонт лічыў, што менавіта яна «дае асноўныя формулы настрояў, якія распрацоўваем усе мы».
Колер у вершах Зінаіды Гіпіус і Наталлі Арсенневай нясе сур'ёзную сэнсавую нагрузку. Недарэмна колеравы эпітэт ужо сустракаецца ў назвах першых двух зборнікаў Н. Арсенневай — «Пад сінім небам» (1920—1927) і «Жоўтая восень» (1927—1937). У З. Гіпіус — п'есы «Зялёны пярсцёнак», «Макаў цвет» (1908), зборнік (у сааўтарстве) «Нябесныя словы» (апавяданні, перавыдадзеныя ў Парыжы, 1921), «Сіняя Кніга» (пецярбургскі дзённік, 1914—1917, Бялград, 1929), «Шэрае з чырвоным: дзённік 1940» («Новы часопіс», Нью-Йорк, № 33, 1953), «Чорная кніжка. Шэры блакнот» («Русская мысль», Сафія, 1921). П'еса «Зялёны пярсцёнак» была пастаўлена ў Александрынскім тэатры (1915) У. Меерхольдам, у галоўнай ролі выступіла М. Савіна. «Зялёнае» ў п'есе — знак маладосці, а «ліловае» (колер сукенкі, у якой Савіна іграла Алену Іванаўну) сімвалізуе старэйшае пакаленне.
Нярэдка колеравы эпітэт акцэнтаваны ў загалоўку (або ў першым радку верша: у Н. Арсенневай — «Люблю я сонца залатое...», «У небе палаюць чырвоныя хмары...», «Ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве...», «Залатое». У З. Гіпіус — «Зеленое, желтое и голубое», «Белая одежда», «Рыжее кружево», «Кто видел Утренюю, Белую...», «Черный серп», «Серое платьице», «Черненькому», «Зелёный цветок», «Белое», «Желтое окно». Многае ў творчасці і светапоглядзе З. Гіпіус было «відавочна» блізкім Н. Арсенневай. Знакамітыя ж рускія паэтэсы XX стагоддзя Г. Ахматава і М. Цвятаева не сталі, магчыма, для Н. Арсенневай сур'ёзнымі аўтарытэтамі, бо палічылі для сябе магчымым жыць пад уладай бальшавікоў, адмовіўшыся ад эміграцыі.
Лёгка выявіць улюбёны эпітэт З. Гіпіус — «бледный». Вось толькі некалькі прыкладаў: «И небо кажется пустым и бледным // Таким пустым и бледным... // Мне бледное небо чудес обещает...» («Песня», 1894), «Я буду в море бледною волною...» («Отрада», 1892), «...И вижу полох бледных облаков...» («Бессилие», 1893), «На бледном склоне дня» («Снежные хлопья», 1894), «...На бледном небе умирает день» («Сонет», 1894), «...свивая бледный лен», «...не вьется бледный лен» («Гризельда», 1895), «Вдыхаю запах бледной тины...» («К пруду», 1895), «...читаю бледные листы...», «и я смотрю с благоговеньем на побледневшие листы» («Сентиментальное стихотворение», 1896), «Полна бесстрастья, холода и света бледнеющая высь...» («Вечерняя заря», 1897), «Спускается на землю бледный мрак» («Вечер», 1897), «Что мне делать с тайной лунной? С тайной неба бледно-синей?» («Богиня», 1902), «Долгие бледные ночи...» («Баллада», 1903), «Теряет бледные листы мой сад...» («К ней», 1905), «Не бледный халкидон — заветный камень мой...» («Овен и Стрелец», 1907), «Когда, бледнея, стынут цветы дня, я жду прозрений силы благодатной» («Не будем как солнце», 1911), «Мой путь в изгнанье дальнее, где вихри бледные сплелись...» («Протяжная песня», 1911), «Морские дали — поля бледносеребристых лилий» («За что?»).
Сустракаем эпітэт «бледны» і ў ранніх вершах Н. Арсенневай: «Нашае бледнае сонца ціхое», «Нашае сіняе, бледнае неба» («Летуценні», 1921), «дзе шчаслівых няма, дзе няма горкіх, бледных» («Ты спытайся», 1922), «Косы бледнага сонца сплялісь» («Светлы дзень загараець над сумнай зямлёю...», 1921), «Кроў зары бляднее...» («Зачараваны кут», 1925).
У 1909 годзе З. Гіпіус, якая падарыла маладому тады літаратару Барысу Савенкаву адзін са сваіх псеўданімаў — В. Рапшын, параіла яму назваць свой раман «Конь бледный». У вершы «Не будем как солнце» (1911), прысвечаным Савенкаву-Рапшыну, таксама з'яўляецца гэты колер, прыхаваны ў дзеепрыслоўі «бледнеющий». Пра асаблівую ўвагу З. Гіпіус да Апакаліпсісу сведчыць эпіграф, узяты ёю да верша «Белые одежды»: «Побеждающему Я дам белые одежды». Вытокі вобраза «бледного Коня» і ўлюбёнага З. Гіпіус эпітэта, цесна звязанага з яе апакаліпсіснымі настроямі і прадчуваннямі напярэдадні рэвалюцыі (пасля 1911 года гэты эпітэт знікае з яе вершаў), трэба шукаць у Апакаліпсісе: «И я взглянул, и вот, конь бледный, и на нем всадник, которому имя Смерть, и «я следовал за ним, и дана ему власть над четвертой частью земли — умерщвлять мечом и голодом, и мором, й зверями земными». У гэтых словах — вобраз-сімвал тых выпрабаванняў голадам, холадам, гвалтам, праз якія прыйдзецца прайсці Меражкоўскім у паслярэвалюцыйным Петраградзе і Арсенневай у казахстанскай высылцы.
Мы можам гаварыць пра своеасаблівы паэтычны дыялог беларускай пісьменніцы, значная частка жыцця якой прайшла ў эміграцыі (больш чвэрці стагоддзя!). Сляды гэтага дыялогу бачны ўжо ў назвах многіх вершаў Н. Арсенневай. У З. Гіпіус сустракаем вершы, якія маюць назвы: «Зеленое, желтое и голубое» (1903), «Белое» (1915), у Н. Арсенневай — «Залатое».
У 1905 годзе З. Гіпіус піша верш з незвычайнай назвай «Между» (ён прысвечаны яе блізкаму сябру, крытыку Д. Філосафаву), які сцвярджае немагчымасць выбару ў некаторых жыццёвых сітуацыях, калі ты «земле и небу равно далек», а «внизу — страданье, вверху — забавы». «Між берагамі» назаве Н. Арсеннева свой галоўны зборнік, які выйшаў у ЗША (1979).
Верш Н. Арсенневай «Верце!» пераклікаецца з вершам З. Гіпіус «Свет!» (1915) — у кожным з іх гучыць гарачы заклік да сучаснікаў абаперціся душой на Бога: у Н. Арсенневай — «Чакайце ж, верце, прыйдзе Ён...», у З. Гіпіус — «Господи, господи, — нет! Вещее сердце верит... Мы под крылами твоими... Твой немеркнущий свет!»
Верш дзевятнаццацігадовай Н. Арсенневай «У вечары» (1922) прымушае ўспомніць «Песню» (1893), напісаную дваццацічатырохгадовай З. Гіпіус. Вечаровая зара выклікае ў душах маладых жанчын незразумелую тугу. З. Гіпіус прызнаецца: «Я вижу только небо с вечернею зарею... И небо кажется пустым и бледным». У Н. Арсенневай чытаем: «Смутак няясны зышоў на душу... Кленчыць, маліцца? Чаго я хачу? Летнія хмары плывуць спакваля, мглою чырвоны ўбіраючы шлях».
Чатыры разы пытае сябе лірычная гераіня верша Н. Арсенневай: «Чаго я хачу»? А адказ мы знаходзім у фінале ўсё таго ж верша З. Гіпіус «Песня»: «Мне нужно то, чего нет на свете». Толькі гэтым можна растлумачыць беспрычынную тугу гэтых дзвюх лірычных гераінь: у З. Гіпіус — «Увы, в печали безумной я умираю... Стремлюсь к тому, чего я не знаю...», у Н. Арсенневай: «Гукі і гоман нясуцца здалёк, быццам хто гора задзержаць не ўзмог і закрычаў, застагнаў на ўвесь свет... Ці ўзяць і заплакаць, каб сцішыць душу».
У тым, чаго яна хоча, лірычная гераіня Н. Арсенневай пераконвае чытачоў у фінале верша: «Можа, хачу я таго, што ўжо маю, можа, хачу недасяжнага раю? Не, не зямных я хацела ўцех, радасцяў дробных праз слёзы і смех... Я... я б раззорыць хацела душу».
Г. Ахматава калісьці заўважыла, што колеравыя эпітэты вельмі рэдкія ў А. Пушкіна. Уважлівая да яго творчасці З. Гіпіус (нагадаем, што і Н. Арсеннева перакладала арыі з оперы «Евгений Онегин» на беларускую мову) ставілася да гэтых эпітэтаў таксама даволі асцярожна. І ўсё ж менавіта эпітэт «белый» яна двойчы выносіць у загалоўкі вершаў: «Белая одежда» (1902) і «Белое» (1915). Па нашых падліках, эпітэт «белае» разам з утворанымі ад яго прыметнікамі сустракаюцца ў 295 вершах З. Гіпіус 38 разоў, а ў 245 вершах Н. Арсенневай — 131 раз. Цікава, што паэтэсы, мінуўшы парог трыццацігоддзя, пачынанаюць усё часцей утвараць ад улюбёнага эпітэта «белае» больш складаныя вызначэнні. У З. Гіпіус з'яўляецца «белоперыстость вешних пург» («Петрофад», 1914), «бело-перыстый туман» («Все мое», 1912), у Н. Арсенневай — «туман ручніком белатканым» («Ноч», 1933), «снежна-белы драбок аспірына» («Хворая восень», 1936), «белавокія бярозы» («Жоўтая восень», 1937), «серабрыста-белы месяца прамень» («Зорка», 1924). Безумоўна, у кожнай з паэтэс эпітэт «белы» выклікае і свае, глыбока асабістыя асацыяцыі. Для Н. Арсенневай гэта, вядома, у першую чаргу — родная Беларусь. Ледзь з'явіліся ў напісаным ужо ў ЗША вершы Н. Арсенневай «Час — не час» «белая пляма», «белы цвет», як адразу ж узнікае лірычная тэма Радзімы: «Песцяць сэрца й худыя вазоны й брукі ў белі паперкавай лускі. І ўсё чыста — бо вецер з Гудзону сяння нейкі зусім беларускі!»
Для З. Гіпіус эпітэт «белый» — напамін пра белы хітон Хрыста, белае адзенне справядліўца, псеўданім сябра, паэта Барыса Бугаёва — Андрэя Белага (яму прысвечаны верш «Шёл...» (1918). З. Гіпіус эпітэт «белый» нярэдка выкарыстоўвае ў вельмі нязвычным кантэксце: «белая звезда» (1905), «белое веселье» і «весенний ветер белый» (1907), «белое дыханье» (1918), «белый праздник» (1915), «белые пчелы» (1917), «пушистые хлопья белые, как пчел веселых рой» (1894), «белая тишь» (1918). Такое ж нечаканае выкарыстанне яго і ў Н. Арсенневай: «белых зор карагод» (1922), «скача месяц белы» (1924), «бялявы месяц», «на белых крылах летуцення», «белае захапленне» (1927), «звоняць белыя пчолы», «нехта белы».
Нельга не заўважыць, што і для рускай і беларускай паэтэс белы колер моцна звязаны з найважнейшымі для кожнай з іх хрысціянскімі матывамі. Менавіта таму ў вершах З. Гіпіус з'яўляюцца «радостные белые цветы» (а побач — прамы зварот: «Сердце наше, Господи, сердце знаешь ты»), «храма белые колонны», «белые врата», «Рождество, праздник детский, белый», «одежда белая», «белый хитон», «белые ступени», «саван белый», «белые лестницы», «белый фоб». А ў вершах Н. Арсенневай мы сустракаем «свечкі белыя», «белы вянок», «над дахамі, увыш узняўшы бель крылля, стаіць, усё ў агні, Трохкрыжае на старожы» (1943), «у белай рызе рабіны стаяць» (1921), «Высокі белы хорам» (1925), «зоркі далёкія, белыя» (1923-1924).
Відавочна, вытокі гэтых вобразаў-сімвалаў неабходна шукаць у біблейскай сімволіцы і ў традыцыйных славянскіх пейзажах з белакаменнымі храмамі на ўзгорках. Так, аналізуючы пейзажную лірыку С. Ясеніна, А. Марчанка адзначала: «Не менш, чым пластыка, злучае рускую царкву з рускай прыродай і каларыстычнае вырашэнне: белыя сцены, свінцовае пакрыццё купалаў, жалезна-залаты крыж... У сонечным святле і белакаменныя сцены трацяць сваю цяжкакаменнасць... загараюцца чыстым белым «полымем», якое ўзмацняе гучнасць пейзажу: дзякуючы беламу «акцэнту» ён здаецца больш святочным, яркім і нават эфектным».
З. Гіпіус нарадзілася 8 лістапада 1869 года, Н. Арееннева — 20 верасня 1903 года. Восень для кожнай з іх была глыбока сваім, родным часам года, асвечаным імем Пушкіна. Але калі ў З. Гіпіус мы сустракаем толькі чатыры вершы, звязаныя з восенню, — «Осень» (1895), «Осенью», «8 ноября», «Сентябрь», то Н. Арсеннева да восеньскіх матываў звяртаецца пастаянна: «Восень» (1920, Вільня), «Жоўтая восень», «Восень» (1921, Вільня), «Восень» (Хэлмна, 1935), «Увосені» (Хэлмна, 1934), «З восеньскіх настрояў» (Хэлмна, 1935), «Асенняя элегія» (Равіч, 1936). Гераіня верша Гіпіус — алегорыя восені — жанчына з «пустыми глазами», якая блукае паміж «задумчивых сосен и берез золотистых» — родная сястра асенняга дня з верша Н. Арсенневай. Але яшчэ мацней гучыць пераклічка ў фінале гэтых двух вершаў, якія сцвярджаюць непазбежнасць натуральнага канца нашых цёмных трывог. У З. Гіпіус чытаем: «Скользят, улетают — бесплотные — тают последние тени последних волнений, живых утомлений — пред отдыхом вечным... Пускай без видений, покорный покою, усну под землею я сном бесконечным». Н. Арсеннева піша: «Так і ў нас перасціхнуць калісьці, як лісце, парывы, змаганні, прамінуць усе праўды, папраўдзе пайрвуцца, як ніць, азірнёмся, назад, на бязладныя сцені, хаценні, жаданні, ляжам з восеняй слёзнай у барознах слізкіх супачыць...»
Антон Адамовіч адным з першых заўважыў, што Н. Арсеннева пачынала свой творчы шлях як паэтка «восені», а вобраз восені заставаўся адным з цэнтральных у яе даваеннай паэзіі. Відавочна, у далейшым восеньскія матывы не знікаюць з яе паэзіі, але мінорны пачатак узмацняецца па зусім зямных прычынах — расстанне з роднай Беларуссю, высылка ў Казахстан, вымушаная эміграцыя. Н. Арсеннева, перажываючы восень на чужыне, .усё часцей адчувае сябе самотным лістком, сарваным бурай з роднай галінкі («Першая восень», «Асеннія лісты»).
Паэтэса Ніна Габрыэлян нядаўна на старонках часопіса «Дружба народов» выступіла з артыкулам пра паэтаў дзённага і начнога бачання. Першы гэтую ідэю сфармуляваў Д. Меражкоўскі ў артыкуле «М. Ю. Лермонтов — поэт сверхчеловечества»: «...Сквозь вечереющий пушкинский день таинственно мерцает Лермонтов, как первая звезда. Пушкин — дневное, Лермонтов — ночное светило русской поэзии. Вся она между ними колеблется, как между двумя полюсами — созерцанием и действием». Гэтая праца Д. Меражкоўскага магла выклікаць асаблівую цікавасць Н. Арсенневай, паходжаннем з тых самых Арсенневых — генеалагічнай лініі бабулі М. Ю. Лермантава.
Ноч, вечар — улюбёная паэтычная тэма Гіпіус, у якой мы сустракаем «Стихи о луне», «Луна и туман» (1902), «Ночью» (1904), «Черный серп» (1908), «Ночь» (1919), «Последние сны» (1912), «Сны» (1901), «Мертвая заря» (1901), «Цветы ночи» (1894), «Вечерняя заря» (1897), «Вечер» (1897). Да тэмы ночы, сноў, паўзмроку пастаянна звяртаецца і Н. Арсеннева ў вершах «Сон», «І сніцца мне» (1945), «Маладзік» (1942), «Месяц» (1935), «Вечар у Вільні», «У ночы» (1924), «Асенні вецер» (1936), «Начныя гадзіны» (1936), «Калі скончыцца дзень» (1936), «Вячорная часіна» (1933), «Вечар», «Зімовая ноч» (1935), «Калі ноч запануе» (1921), «Ночы й думкі» (1921), «Увечары» (1922), «Увечары» (1925), «Перад ночай», «Шэпты ночы» (1922), «Вячорні абразок» (1924), «Вячорні абразок» (1936), «Вячорнаю парою» (1924), «Уначы» (1922), «Тае вечар» (1932), «Вячорная містэрыя» (1932). Нетрадыцыйную інтэрпрэтацыю Арсенневай матываў восені і ночы адзначае М. Мішчанчук, лічачы, што для паэтэсы ноч «уяўляецца разнаколернай — ад белай да цьмянай, з ледзяным ззяннем зор і разназычнай — то ціхай то гучнай».
У Н. Арсенневай чатыры аднайменныя вершы «Ноч», напісаныя ў 1925 годзе ў Хэлмне, у 1933 годзе там жа, у 1936 годзе ў Равічы і ў маі 1945 года ў Амбэргу. Самы першы з іх пераклікаецца з чатырохрадкоўем «Ночь», напісаным З. Гіпіус у снежні 1919 года ў Пецярбургу: «...Не рассветает, не рассветает... на брюхе плоском сна ползет. И все длиннее, все распухает... не рассветает! Не рассветает!» У фінале дваццацівасьмірадковага верша Н. Арсенневай нечакана з'яўляецца вобраз ночы-змяі, які напаўняе душы цьмянай трывогай: «Да сэрца людскога паволі вужакай слізкой падпаўзла, старыя забытыя болі з прадоння ўзноў узняла».
Інтуітыўную цягу пісьменніц да тэмы ночы па-свойму тлумачыць заходняя філасофія, якая стварыла класічныя пары, структурную дыхатамію, згодна з якой мужчына — гэта душа, культура, актыўнасць, сонца, дзень, бацька, форма, адзінства, а жанчына — цела, прырода, пасіўнасць, месяц, ноч, маці, матэрыя, мноства. Гэты спіс адлюстроўвае асноўныя апазіцыі патрыярхальнай сістэмы каштоўнасцей. У 1905 годзе, яшчэ не перажыўшы эміграцыю, З. Гіпіус піша пра сябе: «Я — черная вода, пенноморозная, меж льдяных берегов». Паміж двух берагоў адчувае сябе вось ужо болей як паўстагоддзя Н. Арсеннева, якая дала выніковаму зборніку гэтую сімвалічную назву — «Між берагамі». Асаблівая ж цяга да тэмы ночы, вечара тлумачыцца, відавочна, і тым, што вечаровыя часіны для яе — самыя творчыя: «...Люблю тварыць я ўвечары!» («Часіны творчасці», 1935).
Н. Арсеннева нярэдка звяртаецца да тэмы, якую ўжо паспрабавала сродкамі паэзіі вырашыць З. Гіпіус, спрачаючыся з пазіцыяй і ацэнкамі рускай паэтэсы. Такі своеасаблівы дыялог складаюць вершы «Тринадцать» З. Гіпіус і «Дваццаць» Н. Арсенневай, «Я» (ад чужога імя) З. Гіпіус і «Я чалавек» Н. Арсенневай. Калі лірычны герой З. Гіпіус падкрэслівае свой эгаізм: «Во мне — ко мне — большая страсть: в себя гляжу, сужу да мерю...», то лірычная гераіня Н. Арсенневай прызнаецца: «І боль людскі мне сэрца кроіць, а радасць — кроў жвавей жане». І калі герой верша Гіпіус, чарговая маска, хітруючы і баючыся, падводзіць несуцяшальны вынік уласнаму жыццю: «Людей и лжи я вечный раб и на свободу не надеюсь», то ў голасе лірычнай гераіні Н. Арсенневай усё больш чуваць спавядальныя інтанацыі самой паэтэсы: «Песні я пяяла і стоячы над кручай, і там, на цёмным дне жыцця».
Ёсць у паэзіі Н. Арсенневай некалькі вершаў, у саміх назвах якіх прыхаваны намёк на аднайменныя вершы З. Гіпіус. Вершу «Когда?», напісанаму З. Гіпіус 1 сакавіка 1824 года ў Парыжы, адпавядаюць тры аднайменныя вершы Н. Арсенневай «Калі?», створаныя адпаведна ў Хэлмне ў 1932 годзе, у Менску ў 1942 і 1946 гадах. Асабліва адчувальная эмацыянальна-вобразная пераклічка з вершам Гіпіус «Когда?» у першым вершы Арсенневай «Калі?», напісаным праз восем гадоў — у 1932 годзе. У дваццаці радках паэтычнай мініяцюры кожная з паэтэс перадала сваё трывожнае веснавое светаадчуванне, якое было шмат у чым сугучным. І хаця Н. Арсеннева апісвае лясны вясновы пейзаж, а З. Гіпіус — гарадскі, на першы план у кожнай з іх выходзіць неба. У З. Гіпіус: «Каштаны веточки тонкие в мартовское небо тянут». У Н. Арсенневай: «Калі ў небе зялёным, бяззорным маладзік залаты выплывае...» І калі ў З. Гіпіус «засмеялись рои моторов», то ў Арсенневай — «складным, залівістым хорам жабі род у лагу запявае...», у кожнай з іх з'яўляецца эпітэт «вясёлы» — «Как веселы улицы звонкие в желтой волне тумана» (Гіпіус), «расцвітае высока, вясёла светлым зданием» (Арсеннева). У кожнай з гэтых паэтычных мініяцюр заўважаецца асаблівая ўвага аўтараў да колеру і колеравых эпітэтаў: у Гіпіус — «зажемчужилась арка серая», «в желтой волне тумана», «жемчужьтесь, стены каменные», у Арсенневай — «хустка сіняя», «белая воўна авечкаў», «неба зялёнае», «маладзік залаты», «сіняе поле». Збліжае гэтыя два вершы і фінал — прамы зварот аўтараў да вобраза неба з відавочным хрысціянскім падтэкстам. У З. Гіпіус чытаем: «Господи! Иду в неизвестное, но пусть оно будет родное. Пусть мне будет небесное такое же, как земное...» Н. Арсеннева піша: «О, тады забываецца неяк свет і ўсё на зямлі, навакола, светлым зданнем — вясёлкай шугае ў нябеснае сіняе поле, дзе смяецца яна і вітае ўсё, што ёсць, а не будзе ніколі». Зноў усплывае матыў ранняй паэзіі Гіпіус: «Мне нужно то, чего нет на свете».
Н. Арсеннева часта спрачаецца з З. Гіпіус. На яе верш «Не знаю» (1901) яна адказвае вершам «Знаю», у фінале якога сцвярджае, што чалавек дужы памяццю пра сваю Радзіму, духоўнай сувяззю з ёю: «Але знаю ўжо я, што смалою сасон — захачу — і запахне мне вецер марскі, што мы скрозь панясём сон аб родным краі!»
Свае адносіны да памяці Гіпіус выказала ў артыкуле «Зямля і свабода», і яны ў многім сугучныя з паэзіяй Арсенневай: «Не есть ли основа; корень, суть культуры, проходящей сквозь ряды поколений, — память? Живая память — это залог живой культуры. Культура всегда целостность, ткань, свитая из множества нитей, которые тянутся отовсюду, от всех сторон жизни».
Лірычны дыялог з Гіпіус працягваецца і ў вершы Арсенневай «Ён дайшоў», напісаным у маі 1946 года ў Рэгенсбургу. Яго можна разглядаць як адказ Арсенневай на верш рускай паэтэсы пад назвай «Шёл» (напісаны таксама ў маі ў 1918 годзе ў Пецярбургу, і першая яго частка прысвечана А. Беламу і А. Блоку). Для кожнай з паэтэс, якім уласціва цяга да жанру мініяцюры, гэта даволі доўгі верш: 52 радкі. У вершы «Шёл» Гіпіус па начным Пецярбургу, знявечаным кастрычніцкім пераваротам, горадзе, у якім пасяліліся забойцы і злодзеі, крочыць Хрыстос (адчуваецца спрэчка з паэмай «Дванаццаць», з-за якой паэтэса спыніла сяброўскія адносіны з А. Блокам). Безыменны вандроўнік — галоўны герой верша Арсенневай «Ён дайшоў». Чытачу адкрываецца пасляваенная, разбураная, спаленая Беларусь — «Свіслач... Чорны комін... Чорнай хаты рэбры...» Таксама, як і Хрыстос у вершы Гіпіус, герой верша Арсенневай (у яго вобліку таксама праглядваюцца рысы гнанага Хрыста) ідзе па зямлі ноччу, дасягаючы мэты: «...Ночай, белай, белай, ён дайшоў». Параўнаем з вершам Гіпіус: «Но сверкает ярче молний лик идущего Христа». Лірычны герой Арсенневай «ішоў, нікому не патрэбны, з той тугой, якой ужо нічым не змыць».
У дакументалістыцы Н. Арсенневай колеравы эпітэт іграе такую ж актыўную ролю, як і ў яе паэзіі. Так, у нарысе «У Казахстанскай ссылцы» (1952) амаль няма апісанняў, звязаных з колерам. Адзін раз сустракаецца слова «чорны» («чорны год»), тры разы слова «шэры» («шэры стэп», «шэрае неба», «шэрыя... ваколіцы савецкага рая»). Да гэтай групы змрачнаватых эпітэтаў можна аднесці яшчэ два — «цёмны» і «брудны» («цёмныя, брудныя вагоны», «брудная ватоўка», «цёмная зямлянка»). Гэтаму зямному пеклу супрацьстаіць чалавек, кволы, але не зламаны. Невыпадкова апошняя колеравая пляма ў эпілогу мемуарнага фрагмента — чырвоныя ногі апавядальніцы, якая, скінуўшы прамоклую валёнкі, праз стэп, па талым снезе прабіралася да сваіх дзяцей, якія засталіся адны на доўгія два тыдні. На што можа абаперціся душой праваслаўны чалавек, каб вытрымаць такое пекла? Толькі на Бога. Так з'яўляецца ў паэзіі Арсенневай перыяду Казахстанскай высылкі матыў чыстага, сіняга неба: «Толькі вясною бывае неба такое сіняе, толькі вясною бываюць далі такія чыстыя».
У дакументальнай прозе З. Гіпіус паслярэвалюцыйных гадоў таксама з'яўляецца чорны колер. У бальшавіцкім Петраградзе Гіпіус у знак жалобы па Расіі пачынае весці дзённік у «чорных сшытках», апісваючы ў іх чорныя для яе Айчыны дні.
Асаблівая ўвага Гіпіус да сімволікі колеру ў жаночай паэзіі праявілася і ў прадмове «Вчерашнее — всегдашнее — вечное», напісанай ёю да кнігі вершаў Марыі Шкапскай «Учарашняе», якая павінна была выйсці ў Пецярбургу ў 1917 годзе: «Женское — самая таинственная из тайн мира. В женской душе горит своя радуга: семь полос, семь бездонностей — легкость, влюбленность, образность, нежность, терпение, жертвенность, материнство — все они соединены в ней божественно-непонятным соединением». Углядаючыся ў вясёлку Ахматавай, Гіпіус адзначала яркую «оранжево-алую полосу любовной страсти» і ледзь прыкметную «фиолетовую черту» мацярынства. У Шкапскай «ни одна полоса не ослепляет нас, как оранжево-алая Ахматова, в книге «Вчерашнее», однако, есть все цвета, а фиолетовая тень — материнство не бледнее, а, может быть, гуще и глубже других».
Такім чынам, Арсенневу і Гіпіус збліжаюць творчыя пазіцыі, у аснове якіх — патрыятызм (туга па Радзіме і вера ў яе будучае адраджэнне), паслядоўнае адстойванне хрысціянскіх ідэалаў (вершаваная малітва — пастаянны жанр у творчасці беларускай і рускай пісьменніц), жорсткі антыбальшавізм. У Арсенневай гэта адчуваецца і на ўзроўні яе адносін да рэвалюцыйнага чырвонага колеру, якім так захапляліся савецкія паэты, яе сучаснікі. Паэтэса ўводзіць яго ў свае тэксты вельмі рэдка, аддаючы перавагу блізкім колерам —ружоваму, ліловаму, рыжаму.
Пасля катастрофы 1917 года для Гіпіус чырвоны колер таксама набыў зласлівае — крывавае — адценне. Так, у «юбілейным» вершы, напісаным 25 кастрычніка 1917 года ў Пецярбургу, «Осенью» (са здзеклівым падзагалоўкам «Згон на рэвалюцыю»), Гіпіус піша: «Нет революции краснее нашей: на фронт — иль к стенке, одно из двух». У «Чорным сшытку» пісьменніца 16 лютага 1918 года з агідай канстатуе: «И встретила первая улыбка «свободы»: куча рвани, «красная» свора, направляющаяся в Смольный, мобилизоваться».
Сярод колеравых эпітэтаў, якімі пастаянна карыстаецца Н. Арсеннева, — «сіні», «залаты» (прычым, выкарыстоўваючы золата, як німб у іконе, паэтэса нярэдка «залоціць» ужо першыя радкі сваіх вершаў — «Сонца вяснянае ў золаце косаў», «Кроплі золата восень губляе»). «Зялёны», «жоўты» сімвалізуюць комплекс фарбаў, асабліва папулярных сярод усходнеславянскіх іканапісцаў. Невыпадкова сярод вершаў Н. Арсенневай сустракаем два вершы «Вячэрні абразок», прысвечаныя іконе. Колеравая палітра позніх вершаў З. Гіпіус значна бяднейшая. У апошнія гады праваслаўную ікону ў яе жыцці адцясніла статуэтка кананізаванай у XX стагоддзі каталіцкай святой маленькай Тэрэзы з Лізье (яна стаяла ў парыжскай кватэры Меражкоўскіх, і яны часта клалі да яе кветкі). З. Гіпіус разбіла гэтую скульптуру ў дзень смерці Д. Меражкоўскага ў гневе, што тая дазволіла мужу памерці раней за жонку.
