|
А.Ліс
(г. Мінск)
ВЯРТАННЕ ДА ПЕСЕНЬ МАЛАДОСЦІ
Аб паэзіі Анатоля Бярозкі
Пачну з матыву суб'ектыўнага. Паэтам Анатолем Бярозкай зацікавіўся даўно: як першы раз убачыў яго на здымку паэтаў і арганізатараў «Вечара беларускай паэзіі і песні», змешчаным у часопісе «Беларускі летапіс» за 1936 год . Як вядома, успомненыя культурныя імпрэзы адбываліся ў перадваеннай Вільні. У першым радзе групы інтэлігенцыі адразу пазнаваліся Рыгор Шырма, Міхась Машара, Міхась Васілёк. У другім радзе побач з маладзенькім Максімам Танкам у вочы кідалася постаць гэткага ж рослага, стройнага юнака, з тонкімі інтэлігентнымі рысамі твару. Подпіс пад фотарэпрадукцыяй абазначыў толькі прозвішча без імя — «Бярозка». Пазней, дабраўшыся да заходнебеларускай перыёдыкі даваеннага часу (мы, здаецца, яшчэ не ацанілі яе як крыніцу-летапіс культурнага і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі неардынарнага перыяду нашай гісторыі), натрапіў і на вершы Анатоля Бярозкі. Пачынаючы з часу заснавання літаратурна-навуковага часопіса «Калоссе» ў 1935 годзе, ён стала друкаваўся на яго старонках, а з 1936 года быў уведзены ў склад рэдакцыі гэтага выдання. Паэтычны голас Бярозкі быў нягучны, але вылучаўся роздумнай інтанацыяй, культурай верша. Трапляліся радкі, што міжволі запаміналіся, у якіх думка была ўвасоблена зрокава-пластычна, адметна. Як, напрыклад, з верша «Поле, далёка шырокае поле»...
Гэтта, на гэтых курганах,
вякамі здабычу дзялілі чужыя багі і цары
і крывавыя іх аўтары
дыміліся доўга — нашай крывёю.
Мяне зацікавіў лёс паэта. Ведаў, што жыццё многіх з беларускіх літаратараў ды і простых інтэлігентаў крута абарвалася. Шмат хто з іх пайшоў у невядомасць. Рэжымы, што панавалі на беларускай зямлі ў суровым нашым стагоддзі, усе без выключэння, былі зацікаўлены, каб нацыянальна свядомыя адзінкі не памаглі народу асэнсаваць яго сілу і слабасць, годнасць і месца сярод іншых народаў у свеце.
Дзе дзеўся Анатоль Бярозка, як склаўся яго лёс — ніхто не мог адказаць. Дасведчаная ў жыцці нашай даўнейшай, даваеннай інтэлігенцыі Людвіка Антонаўна Войцік успомніла адно, што ў канцы 20-х гадоў, калі яна выдавала дзіцячы часопіс «Заранка», Бярозка карэспандэнтаваў з выданнем, а сапраўднае прозвішча паэта Смарчок, па прафесіі ён лекар і яшчэ падчас вайны працаваў доктарам не то ў Баранавічах, не то ў Ляхавічах — у тых краях, адкуль і быў родам.
Яўген Іванавіч, незабыўны Максім Танк, цёпла адазваўся пра Бярозку як паэта і чалавека, пашкадаваў, што Невядомасць, час забралі, скралі ад нас так многа. Успомніў, як недарэчна загінуў яшчэ адзін літаратар-медык, што друкаваўся ў заходнебеларускай перыёдыцы, доктар Ус. Шыран.
Апошнім часам, калі свет нам шырэй адкрыўся і мы яму бліжэй сталі, загаварыў я з Лявонам Казырам, ці не чуў ён што-небудзь у сваіх падарожжах па Канадзе і Амерыцы пра паэта Анатоля Бярозку. Аказваецца, чуў. Сказаў, што паэт яшчэ жывы, а праз пару дзён прынёс і падараваў невялічкі зборнік «Адзінаццаць вершаў», дзе змешчана сапраўды 11 тэкстаў паралельна на беларускай і ангельскай мовах. Выдадзены зборнічак у 1989 годзе ў Мінесоце самім аўтарам, з дапамогай Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША. Светла падумалася: новыя вершы. Ажно высветлілася, амаль усе тыя, што некалі, гадоў 60 таму, друкаваліся ў «Калоссі». З апублікаваных у «Шляху моладзі» не ўзята амаль нічога: строгі адбор. Практычна паэтава муза змоўкла даўно, хоць сам Смарчок-Бярозка жыў-здароў на дзевятым дзесятку веку і, як сведчыў «Беларускі дайджэст» М. Прускага, карыстаецца вялікай пашанай у суграмадзян і землякоў на чужыне.
Дзякуючы руплівасці светлай памяці Барыса Сачанкі, выдадзенай ім анталогіі паэзіі беларускай эміграцыі, публікацыям Анатоля Белага ў «ЛіМе» і Ірыны Багдановіч у дадатку да біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі», напісанае Анатолем Бярозкай становіцца здабыткам калі не шырэйшай чытацкай публікі, то, прынамсі, літаратуразнаўцаў, аматараў паэзіі. Тым часам пара вершатворчасць таленавітага паэта ўвесці ў кантэкст нацыянальнай беларускай мастацкай культуры. Сённяшняе маё паведамленне — адна з такіх спроб.
Вершы васемнаццацігадовага Анатоля Бярозкі ў часопісе «Шлях моладзі» навеяны перажываннямі, звязанымі з кругазваротам у прыродзе. У адрозненне ад большасці пачаткоўцаў юны вершатворца ўдала пазбягае апісальніцтва. Яму часам больш, часам менш самастойна ўдаецца асэнсаваць і перадаць у вобразах асаблівую праяву, нейкі момант жыцця прыроды: поступ вясны ў палях, зімовую стынь, задуменнасць восені. Характэрна, што прыродны матыў, нават часам разгорнуты, здавалася б, у самастойную карціну аказваецца толькі настройкай, разгорнутай экспазіцыяй для перадачы грамадзянскага перажывання маладога паэта. Так, верш «Ноч навісла над соннай зямлёй», у аснове якога абразок велікоднай ночы, заканчваецца зваротам да беларуса:
Званы ўскрасення б'юць...
Ці чуеш брат крывіч?
Гудуць званы, гудуць...
Свабоды кліч!..
Збудзісь, крывіч!
Званы ўскрасення б'юць.
У пейзажнай лірыцы Бярозка амаль скрозь выдае сваю грамадскую заангажаванасць, а пры мастацкай неспрактыкаванасці гэта іншы раз абарочваецца публіцыстычнай адкрытасцю, як у вершы «Восень», дзе плач асенняга ветру з дажджамі ў паэта асацыіруецца з плачам Маці Зямлі «на мінуўшчыны слаўнай магіле, над калыскай прадажных сыноў» . Трэба зазначыць, што ўжо на пачатку творчасці Анатоль Бярозка імкнецца разнастаіць форму верша. Сярод апублікаваных ім у 1934 годзе ў тым жа маладзёжным часопісе твораў сустракаецца дасканалая монастрафа «Бліснула зор чарада» і прыстойны санет «Жаўранак», апошнія два трохрадкоўі якога, дарэчы, нясуць сацыяльны грамадскі зарад:
Дык хай яна льецца, песня ў блакіты!..
Няхай прабудзіць родныя палі,
Пацешыць тых, хто доляю прыбіты,
Затоптаны, сагнуты да зямлі,
Каб усталі волаты ў бой адкрыты
І горкіх слёз век цэлы не лілі!..
У цэлым грамадзянская лірыка Анатоля Бярозкі развівалася ў агульным рэчышчы заходнебеларускай літаратуры 30-х гадоў, у якой аб'ектыўна акцэнтаваліся сацыяльныя матывы. Апазіцыйнасць беларускай інтэлігенцыі паноўнаму рэжыму даваеннай Польшчы вынікала з самой рэчаіснасці, стымулявалася палітыкай дзяржавы, скіраванай на дэнацыяналізацыю і сацыяльны прыгнёт асноўнай масы жыхароў краю. Элементамі палітыкі Польскай дзяржавы на заходнебеларускіх землях былі: кансервацыя статусу буйнога памешчыцкага землеўладання, насаджэнне асадніцтва як інструмента каланізацыі этнічна няпольскіх земляў, абарона беларускай асветы як падставы росту нацыянальнай свядомасці, кансалідацыі народа на грунце беларускай ідэі.
Аляксандр Уласаў, беларускі асветнік і грамадска-пілітычны дзеяч, на жаль, яшчэ як след намі не ацэнены, у сваім апошнім лісце да Антона Луцкевіча напярэдадні вераснёўскіх падзей 1939 года злачынствам польскай улады называе асветную палітыку Польскай дзяржавы ў дачыненні да маладых пакаленняў беларусаў. Аказваецца, згодна тайнаму цыркуляру міністэрства асветы і веравызнанняў, паступіць у гімназію, атрымаць сярэднюю адукацыю мела права не больш як 5 працэнтаў беларусаў. Нацыянальная беларуская школа за 20 гадоў польскага панавання на заходнебеларускіх землях была практычна знішчана. Да 1939 года датрывала адна Віленская беларуская гімназія, заснаваная ў лютым 1919 года і ахвярна датрыманая беларускай педагагічнай элітай да 1945 года.
Сярэдзіна 30-х гадоў, час прыходу ў літаратуру М. Танка, А. Бярозкі, С. Хмары, у грамадскім жыцці Заходняй Беларусі пазначана агульным пазмрачненнем палітычнага гарызонта, далейшым збядненнем вёскі, якая цярпела ад малазямелля і лішку працоўных рук. Грамадская атмасфера ўскладнялася ад фатальнай палітычнай дыферэнцыяцыі, драблення сіл некалі адзінага нацыянальна-вызваленчага руху. Элементы дэзарыентацыі, замяшання, маральнай падбітасці ўносіліся падзеямі ў Савецкай Беларусі, дзе пачалося нечаканае, нябачна жорсткае праследаванне ўсяго беларускага. Удар гэты быў тым цяжэйшы, што на Савецкую Беларусь 20-х гадоў людзі на Захад ад польска-савецкай мяжы прывыклі глядзець як на агульны Дом беларусаў, невыпадкова на зломе 20—30-х дзесяткі тысяч заходнебеларускіх хлопцаў і дзяўчат праз зялёную граніцу памкнулі на Усход у пошуках адукацыі і працы.
Да гонару прадстаўнікоў літаратуры Заходняй Беларусі трэба сказаць, што абсалютная большасць іх у той суровай рэчаіснасці не страціла галоўных грамадскіх арыенціраў, хоць, натуральна, у паасобных не абышлося без пераацэнкі некаторых каштоўнасцяў.
Анатоль Бярозка выразна абазначаных драматычных перажыванняў у сваёй паэзіі не выявіў. Аб'ектам яго паэтычнай выявы была вёска, зямля, што ўзгадавала яго як чалавека і паэта. Не схільны да патэтыкі, гучнага выразу, а хутчэй — да роздуму, медытацыі, паэт малюе вобраз вячэрняга поля, песні, што «з грудзей набалелых па струнах вечара мкне», курганоў-аўтароў, дзе «чужыя багі і цары вякамі здабычу дзялілі». І ціха выказвае сваё прызнанне, толькі на момант узвысіўшы голас:
Хаты бедныя, цёмныя... пад вашымі стрэхамі соннымі
Сэрца маё вашай доляй жыве, вашым болем сумуе...
Вечар пад стрэхамі сніць сваю думу-тугу векавую...
З думай-песняй ад хатаў шырока-разгоннаю
Вечар, сэрца, магілы і поле зліліся у адзіны псалом —
Крывія!
Вера паэта абапёрта на трывалы грунт, яна арганічна злілася ў яго свядомасці з роднай зямлёй, людзьмі, чыя «чорная доля як чорны хлеб». Начная медытацыя паэта ў вершы «Тысячай воч палымяных, распаленых цемрай начной» — адначасна малітва і сугестыя веры ў будучыню народа:
Ноч шапталася з ветрам... за полем шырока ўзараным
шэрыя хаты, бедныя стрэхі ў знямозе паснулі;
у стрэхі неба ўпілося ззяннем зор палымяных...
Ноч шапталася з ветрам... так ціха... не чулі
сонныя стрэхі пахілых хат, закарэлыя рукі,
бо цяжкі мазоль тых рук, як цяжкія скібы раллі;
чорная доля, як чорны хлеб... у ёрмы прынукі
доўгіх вякоў ланцугі волатаў моц упраглі.
Тысячай воч палымяных неба ўпілося ў барозны,
у ціхія хаты... у жорсткія рукі, у чорны іх хлеб і соль,
шэрыя хаты, цвёрдыя рукі — маўклівы і грозны:
гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.
Вобразная атрыбутыка паэта не вызначаецца асаблівай арыгінальнасцю, але ў сутнасці — свая, адметная. Энергічная, пры роздумнасці тэксту, мускулістая рытміка робіць пластыку вобразаў выяўленча асязальнай. Галоўную думку паэт умее выказаць лаканічна-вобразна, увасобіць метафарычна:
...Чуй, сырыя грудзі зямлі, напоены потам мужыцкім
доўга кроў — гарачую чырвань цадзілі ў росквіту бель;
хаты, урослыя у чорную гразь, закарэлыя ў болі
векавою тугою набраклі ды сабраці суляць жніво
там, дзе косці нямыя бацькоў парахнеюць пад мохам.
А калі над вясною замучанай зашапоча яблыні цвет —
на галіны, на май ацярушыцца беллю;
калі ветрам у твар запахне — тады ятрацца раны,
тады будзяцца песні пра сілы і гнеў, а рукі гатовы
заўтрашні дзень адчыніць сабе сталлю.
Я малюся за гэтакі дзень богу маіх патомкаў.
Сярод паэтычных здабыткаў Анатоля Бярозкі выразна дамінуюць грамадзянскія матывы, вылучаюцца вершы філасофскага зместу («Адна смерць», «Ноч пасля буры»). Ёсць у лірыцы Бярозкі і інтымныя тэксты. Асаблівай пранікнёнасцю, спавядальным настроем характарызуецца верш «Сягоння патухла тваё акно». Твор глыбока і тонка ўвасабляе суб'ектыўны свет паэта, яго інтымнае перажыванне. У ім пазначана вобразная рэалія, якая звязвае паэтычнае перажыванне лірычнага героя (аўтара) з Вільняй, горадам маладосці паэта.
З пейзажнай лірыкі ў свой адзіны зборнік паэт уключыў толькі твор «Адлёт журавоў», невыпадкова ўзяты Сачанкам у анталогію. Бярозка ў ім артыстычна карыстаецца колерамі і танамі восені, каб стварыць высокапаэтычны малюнак. У вершы дамінантны арфеічны пачатак.
Вераснёвае сонца гуляе
на іх крылах — і ціха, тужліва
крыллі йграюць у ветры моў струн пералівы
над іржышчам пустым, над гаем.
Вольны покліч далёка нясецца
ў паднябесных сініх шляхах...
там, далёка дзесь, родны астаўся парог —
асталося вернее сэрца.
I лятуць, а пад імі, з нямою малітваю,
засыпаюць палі ў адзіноце...
а іх крыллі, сінню залітыя,
вераснёвае сонца залоціць.
Адзінаццаты верш, якім завяршаецца адзіны зборнік Анатоля Бярозкі, здаецца, адзіны твор, напісаны паэтам па-за межамі Заходняй Беларусі. Па сутнасці, гэта маленькая элегія. Паэт даў ёй назву «Эпілог». Характэрна, эпіграф, узяты да твора, што пачынаецца радком «Абяздолены мой стромы шлях», пазычаны з «Узвышша». Своеасаблівай рэмінісцэнцыяй з Язэпа Пушчы і пачынаецца зборнічак Бярозкі. Такая настройка ліры паэта сведчыць аб эстэтычнай і ідэйнай арыентацыі А. Бярозкі на паэзію ўзвышанцаў з яе ўстаноўкай на культурную нацыянальную глебу, імкненне ўзняць беларускую літаратуру да ўзроўню агульначалавечых мастацкіх здабыткаў.
Сціплыя паэтычныя набыткі Анатоля Бярозкі, яго чалавечы лёс, жыццёвыя абставіны не спрыялі рэалізацыі яго паэтычнага таленту да канца. Тым не менш у паэта назбіраецца дзесятак вершаў, здольных узбагаціць уяўленне чытачоў і спецыялістаў аб беларускай паэзіі, рэпрэзентаваць яе ў анталогіях і хрэстаматыях.
