МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ля вытокаў навуковай і літаратурнай журналістыкі // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Конан Уладзімір
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

У. Конан

(г. Мінск)

ЛЯ ВЫТОКАЎ ЛІТАРАТУРНАЙ І НАВУКОВАЙ ЖУРНАЛІСТЫКІ

Беларускае рэгулярнае кнігадрукаванне ў нашы стагоддзі адрадзілася спачатку за межамі Беларусі: першая выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца», як вядома, узнікла ў чэрвені 1906 года па ініцыятыве беларускіх студэнтаў у Пецярбургу пры падтрымцы прафесара Б. І. Эпімах-Шыпілы. Гэтае ж выдавецтва заснавала першы навукова-літаратурны альманах, або нерэгулярны часопіс «Маладая Беларусь» (1912, № 1; 1913, № 2, 3). Поруч з сёння класічнымі творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, іншых часткова «дазволеных» пісьменнікаў у былым Савецкім Саюзе часопіс друкаваў творы пазней «закрытых» бальшавікамі аўтараў — апавяданні Власта (Вацлава Ластоўскага), праграмны артыкул Антона Навіны (Луцкевіча) «На дарозе да новага жыцця», у якім абгрунтаваны нацыянальна-дэмакратычны прагноз беларускага дзяржаўнага і культурнага адраджэння.

Ні ў адным энцыклапедычным даведніку пакуль што не зафіксаваны дзве спробы аднавіць часопіс «Маладая Беларусь». У 1922 годзе Бюро беларускіх студэнцкіх арганізацый у Маскве стварыла сваё выдавецтва «Маладая Беларусь», якое за свой кошт выдала ў Менскім кааператыўным таварыстве «Адраджэнне» навукова-літаратурны зборнік «Маладая Беларусь. Сшытак першы». Ён жа, здаецца, быў і апошні. Памер — 83 старонкі. Подпіс — Рэдакцыйная калегія.

Пачынаецца зборнік зваротам «Ад выдавецтва «Маладая Беларусь», на жаль, без подпісаў і без пераліку сяброў гэтай выдавецкай суполкі. Мэта яе — развіццё культуры, навукі і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у расцярушанні, сабіранне іх у нацыянальныя арганізацыі. Між іншым, ёсць у звароце цікавая інфармацыя: «У адной толькі Маскве маецца цяпер каля 400 арганізаваных студэнтаў-беларусаў».

Зборнік складаецца з дзвюх частак — навуковай і літаратурнай. Першая частка пачынаецца артыкулам студэнта Пятроўскай (цяпер Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі ў Маскве, старшыні Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі (існавала пры гэтай акадэміі з 14 лістапада 1920 да вясны 1923 г.) Гаўрылы Гарэцкага «На новы шлях». Будучаму бацьку нашага шаноўнага прэзідэнта Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Радзіма Гарэцкага тады было 22 гады, але думаў ён па-сталаму і маштабна: абгрунтаваў праграму эканамічнага і духоўнага адраджэння Беларусі. Праўда, гісторыю Беларусі ў той час яму ўяўлялася паводле нашаніўскай публіцыстыкі, на якую ўплывала легенда афіцыйнай расійскай гістарыяграфіі пра «заваяванне» Беларусі літоўцамі. «Жывём, — пісаў Г. Гарэцкі, — як гарох пры дарозе: хто йдзе, той і скўбе [...]. Склаўшыся [ў] зусім асобную нацыю яшчэ ў XII стагоддзі, беларускія плямёны аселі на вярхоўях Заходняй Дзвіны і Дняпра [...]. Не прыспела Полаччына і іншыя княствы беларускія вытварыць формы вольнага самастойнага жыцця, як ваяцкія літоўцы захапілі іх пад сваю ўладу, прымусілі дзяліць з імі іх гістарычную долю».

Але гэтая расійская канцэпцыя пераасэнсавана на беларускі, адраджэнцкі лад. Правадырамі беларускага народа Г. Гарэцкі назваў Антона Навіну (Луцкевіча) і Язэпа Лёсіка. Аўтар прадбачыў вялікія эканамічныя магчымасці Бацькаўшчыны, верыў, што ў адроджанай Беларусі закрасуюць родная мова, навука і мастацтва. Зусім верагодна, што ініцыіраваны Г. Гарэцкім зборнік «Маладая Беларусь» прычыніўся да першага тады кароткатэрміновага арышту яго органамі АДПУ ў верасні 1922 года.

У даследаванні «Першы арышт: З жыцця Гаўрылы Гарэцкага» акадэмік Р. Гарэцкі пацвердзіў гэтае меркаванне аналізам матэрыялаў па «справе Г. Гарэцкага» 1922 года (перапіска расійскага ДПУ са сваімі аддзеламі ў Мінску і з ЦК КПБ). Г. Гарэцкі быў выдатным палемістам: яшчэ студэнтам Горы-Горацкага каморніцкага вучылішча выступаў супраць русіфікатарскай прапаганды. У Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі Г. Гарэцкі — адзін з заснавальнікаў Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі студэнтаў гэтай навучальнай установы, арганізатараў Першай канферэнцыі студэнтаў-беларусаў у Маскве, Беларускага студэнцкага клуба і выдавецкага таварыства «Маладая Беларусь». У службовых запісах чыноўнікаў ДПУ патрыёт Беларусі ў рэзкай форме характарызуецца як «вораг савецкай улады», яго абвінавацілі спадкаемцы «чорнай сотні», бальшавіцкія шавіністы ў міфічным «беларускім шавінізме» (Літ. і мастацтва. 1993. 27 жн.). У паклёпніцкай справе ёсць копія ліста Г. Гарэцкага да Ус. Ігнатоўскага. «Напэўна чулі вы, — гаворыцца ў ім, — аб усіх здарэннях у Маскве. Усё гэта звязваецца з дзейнасцю беларускай культурна-навуковай асацыяцыі студэнтаў маскоўскіх навуковых устаноў. Да гэтага далучаецца выданне «Маладой Беларусь [...]. Як ні цяжка, як ні сумна, але пакідаць ранейшае дзейнасці не можна. Асабліва важна пакінуць жывою здаровую Беларускую Асацыяцыю студэнтаў-пятроўцаў. Гэта грамада, маючая ў складзе 175 чалавек, можа даць вельмі значную па ўдзельнай вазе частку беларускай агранамічнай інтэлігенцыі, скрозь пранятую ідэямі Рэнесанса Беларусі, пабудаванымі. на фунце найвялікшых усечалавецкіх ідэй нашага веку» (Літ. і мастацтва. 1993. 3 верас).

З іншых матэрыялаў навуковага аддзела зборніка трэба адзначыць нарыс П. Любецкага (Паўла Каравайчыка, 1896—1937) «Беларуская культурна-нацыянальная справа ва ўсходняй Беларусі». Аўтар упершыню абгрунтаваў думку, што пачынальнікамі нашага нацыянальнага адраджэння былі пераважна выхадцы з Заходняй Беларусі, найбольш з каталіцкага асяроддзя. П. Любецкі адкрыта выкрываў бальшавіцкі псеўдаўніверсалізм, пад якім хаваўся прыкрыты дэмагогіяй маскоўска-расійскі шавінізм. У артыкуле прыведзены шматлікія факты, якія сведчылі, што з органаў асветы ў тагачаснай БССР выцясняліся не толькі адраджэнцы-беларусы, але і выдатныя расійскія беларусісты, напрыклад, вядомы этнограф І. А. Сербаў. Так, адзін з кіраўнікоў Гомельскага аддзела народнай адукацыі нехта Пістун на запытанне аб беларускіх школах у Гомельшчыне цынічна заявіў: «В моей губернии белорусов нет. Их выдумали интеллигенты».

Не страцілі сваёй навуковай цікавасці апублікаваныя ў «Маладой Беларусь даследаванні Алеся Функа «Стварэнне беларускай народнасці» і прафесара П. Растаргуева «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання».

У літаратурным аддзеле друкаваліся нарысы Цішкі Гартнага, якія ён прысылаў з Берліна, дзе выдаваў беларускія кніжкі («Шырэй крокі: Замест мовы на магіле А. Бурбіса», яго ж верш «Grunwald»). Друкаваліся вершы У. Дубоўкі («Вясна на чужыне», «На дзень разбурэння Ерузаліму Цітам: З «Гэбрэйскіх мелодый» Байрана, «Зданні»), вершы М. Чарота («Родныя птушкі», «На чужыне», «З выраю»), Я. Журбы («Кліч вясны», «У майскую ноч», «Гімн Сонцу»), урыўкі з паэмы З. Бядулі «Ярыла». Часопіс змяшчаў літаратурныя практыкаванні пачаткоўцаў, скрытых пад крыптонімам Т. 3., Е. С. Агульны тон гэтых твораў — узвышанскі: аўтары хацелі надаць нашай паэзіі больш жыццёвасці і аптымізму.

У зборніку змешчана інфармацыя пра дзейнасць Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі студэнтаў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі (асацыяцыя аб'яднала 160 маладых энтузіястаў-даследчыкаў) і Беларускага студэнцкага клуба ў Маскве.

Яшчэ адну спробу аднавіць «Маладую Беларусь» зрабілі беларускія адраджэнцы ў Заходняй Беларусі пад Польшчаю: у 1936 годзе яны выдалі ў Вільні першую і апошнюю кніжку пад гэтай назвай, абазначыўшы яе як літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выдаўцом быў Мікіта Шчорс, а рэдактарам — Вітаўт Тумаш. У рэдакцыйным артыкуле часопіса «Вільня, люты 1936 г.» ёсць спроба стварыць свой, заходнебеларускі маладнякізм. «Нашае старэйшае грамадзянства, — гаворыцца ў ім, — думае ў значнай меры катэгорыямі перастарэлымі і неактуальнымі, узалежняючы ад іх усю сваю дзейнасць. Усякія ж свежыя і жывыя думкі і ідэі, уношаныя маладым пакаленнем, спатыкаюцца з незразуменнем, а нават з адпорам». Заснавальнікі яшчэ адной «Маладой Беларусі» спадзяваліся, што ў часопісе «будуць узгадоўвацца новыя працаўнікі», якія наблізяць грамадскую думку і літаратуру да рэальных праблемаў жыцця. У літаратуры, на думку В. Тумаша і ягоных сяброў, будзе перанесены акцэнт «на развіццё новых мастацкіх формаў і кірункаў».

Практычна ж у часопісе друкаваліся творы паэтаў-традыцыяналістаў: вершы Міхася Машары, Максіма Танка, Хведара Ілляшэвіча, Міхася Васілька, Андрэя Александровіча, апавяданні Платона Галавача і пакуль што невядомага аўтара М. Даліні.

Пра фальклорныя традыцыі і навацыі ў беларускай літаратуры расказаў Станіслаў Станкевіч у артыкуле «На шляхах новай беларускай паэзіі». Вось што пісаў гэты пазней вядомы даследчык, літаратурны крытык і грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газеты «Беларус»: «Навейшая беларуская літаратура, асягнуўшая даволі высокую роўню артыстычную і ідэалагічную ў перыяд «нашаніўскі», пасля вайны развіваецца ізноў з вялікай непрыкмечанай дасюль сілай і размахам у кірунку далейшага росту і дасканалення».

С. Станкевіч меў на мэце ацаніць паводле крытэрыяў эстэтыкі і беларускага светапогляду паэзію Савецкай Беларусі, мінуючы прозу і драматургію, якія, на ягоную думку, «стаяць у нас на еўрапейскай вышыні».

У артыкуле «Повесці і апавяданні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў» С. Станкевіч ужо тады пачаў развіваць сваю крыўскую канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці і культуры, абнаўляў і актуалізаваў гіпотэзы Вацлава Ластоўскага 1920-х гадоў. Наватарскім уяўляецца артыкул М. Шкялёнка «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці», выкладзены ў форме лаканічных тэзісаў. Аўтар крытыкаваў безаглядны нігілізм некаторых інтэлігентаў, непрыманне імі рэаліяў штодзённага жыцця. Не прымаў аўтар, паводле ягоных слоў, «незвычайна вузкі пагляд на беларускую інтэлігенцыю і народ, каторыя трактуюцца як нейкія недаспелыя арганізмы, вымагаючыя апекі і ў дадатку прымітыўнай...»

У часопісе «Маладая Беларусь» (1936 г.) Рыгор Шырма апублікаваў артыкул «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі», які паклаў пачатак сістэматычнаму вывучэнню гэтым рупліўцам нацыянальнай культуры народнай песеннай культуры.

Сярод перыёдыкі далёкага замежжа найменш вядомы сёння ў Беларусі цікавы ілюстраваны літаратурна-мастацкі часопіс беларускіх эмігрантаў у ЗША «Конадні». Выдаваўся ён Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку на беларускай мове ў 1954—1955, 1958 і ў 1963 гадах. Галоўны рэдактар і склад рэдкалегіі не названы. Часопіс друкаваў паэзію, прозу, літаратурную крытыку і публіцыстыку беларускіх эмігранцкіх пісьменнікаў, хроніку літаратурнага і навуковага жыцця. Апублікаваў некалькі цыклаў вершаў Наталлі Арсенневай («Вясна на бруку», «Манголія», «На пажарышчы», «Вязніца», «Цвіці, вясна», «Вера», «Вясна», «Лета», «Восень», «Зіма», «Альфа і амега», «Аджытае», «Брама», «Прывіды» і інш.), творы Масея Сяднёва (нізка вершаў «Ля ціхай брамы», драматычная паэма «Сустрэча з мёртвымі», раздзелы рамана «Раман Карзюк»), фрагменты з рамана К. Акулы «Гараватка», вершы і апавяданні М. Кавыля, Ю. Віцьбіча, К. Юхневіча, Я. Юхнаўца, А. Салаўя, Р. Крушыны, Ул. Дудзіцкага, Г. Нямігі, А. Галіны, А. Саковіча, П. Сыча, Б. Грэцкага, іншых літаратараў з эміграцыі. Зрэдку публікаваліся творы пісьменнікаў Савецкай Беларусі (падборкі вершаў Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, узятыя з часопіса «Полымя»).

З іншых літаратурных жанраў часопіс «Конадні» апублікаваў успаміны пра Янку Купалу, Элаізу Пашкевіч-Цётку, Алеся Гаруна, Язэпа Лёсіка, пераклады з нямецкай («Затонуты звон» Г. Гаўптмана), украінскай (вершы Я. Славуціча, Л. Палтавы), польскай (вершы А. Міцкевіча) літаратур.

Цікавай атрымалася ў часопісе літаратурная крытыка. У нарысе пра паэзію Уладзіміра Жылкі Язэп Менскі (верагодна, псеўданім) грунтоўна даследаваў вытокі мастацкіх вобразаў паэмы «Уяўленне» ды іншых твораў выдатнага паэта трагічнага лесу. Р. Склют (Антон Адамовіч) апублікаваў цікавае эсэ пра творчасць Уладзіміра Дубоўкі «З «Яснай явы» — у «Начное царства» (1954. № 1. С. 83—104). У ім раскрываецца сімволіка твораў паэта (нізка вершаў «Пярэсты букет», паэмы «Браніслава», «Штурмуйце будучыні аванпосты»), у якой зашыфравана дасціпная крытыка савецкай рэчаіснасці напярэдадні першай хвалі масавых рэпрэсій у 1929—1930 гадах. А. Адамовіч, узвышанец, сведка і ахвяра бальшавіцкага задушэння нашай літаратуры, між іншым, адзіны пакуль што крытык, які раскрываў прататыпы Дубоўкавых гратэскавых вобразаў. У заключэнні свайго даследавання А. Адамовіч напомніў: Янка Купала і Уладзімір Дубоўка — кожны ў свой час — першымі ў «сэрцы трывожным пачулі за краіну радзімую жах» (М. Багдановіч).

Выяўленне скрытых сэнсаў літаратурных твораў А. Адамовіч працягваў у арыгінальным артыкуле «Мастацкая крыптаграфія ў беларускай літаратуры». Зашыфроўка сацыяльна-палітычнай рэальнасці пачалася ад Янкі Купалы і Якуба Коласа (алегорыя «зімы», «ночы», «вясны», «казкі жыцця»), таленавіта ўдасканальвалася У. Дубоўкам у паэмах. У гэтым жа ключы ствараліся апавяданні Міхася Зарэцкага «Максімалісты» (бальшавікі ў вобразах «юных піянераў»), паэмы Ю. Таўбіна «Таўрыда» і С. Астрэйкі «Бенгалія». Шырока выкарыстоўваўся метад «давання трыбуны»: праўду гаварыў не аўтар, а ягоны герой, найчасцей герой «адмоўны», у якога пераапранаўся пісьменнік (раман «Вязьмо» М. Зарэцкага), прыёмы стварэння двух і трох сэнсаў, «пераклічкі», двухсэнсавага размяшчэння твораў у зборніках (верш Янкі Купалы «Паўстань!» поруч з перакладам гімна «Інтэрнацыянал»).

У рэцэнзіі на паэтычныя зборнікі «Пад зорамі белымі» М. Кавыля і «Ля ціхай брамы» М. Сяднёва крытык А. Адамовіч, спасылаючыся на эстэтычныя канцэпцыі А. Бабарэкі і У. Дубоўкі, даследаваў узвышанскія традыцыі ў эмігранцкай беларускай паэзіі. Навуковую цікавасць захавала даследаванне С. Брагі (Вітаўта Тумаша) «Міцкевіч і беларуская плынь у польскай літаратуры» (1955. № 4. С. 53—74): беларускія тэмы і матывы тут прасочваюцца ад Яна Чачота і ягоных сяброў-філаматаў да сучаснага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. У часопісе «Конадні» гэты руплівы даследчык распачаў даследаванні пра спадчыну беларускага асветніка-першадрукара, апублікаваў артыкул «Партрэт доктара Скарыны».

Сёння не страціў сваёй актуальнасці нарыс Р. Максімовіча «Важнейшыя моманты культурных працэсаў Беларусі» (1955. № 3). Гутарка ідзе пра геапалітычнае становішча Беларусі паміж Заходняй Еўропай і еўраазіяцкай Расіяй, у выніку якога тут адбывалася сутыкненне разнастайных уплываў — польскіх, нямецкіх, італьянскіх, скандынаўскіх, візантыйскіх, расійскіх. Аўтар паказаў, што ў XVII—XVIII стагоддзях Беларусь інтэнсіўна ўплывала на духоўны клімат Расіі. Да XIX стагоддзя ўплывы Расіі на Беларусь, на думку Р. Максімовіча, вельмі праблематычныя. Урэшце, нават пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе да паўстання 1831 года ў Беларусі адбывалася хутчэй паланізацыя, чым русіфікацыя. На думку аўтара, да пачатку XX стагоддзя «на беларускіх землях дамінавалі заходнееўрапейскія культурныя формы».

У часопісе «Конадні» сціпла прадстаўлены выяўленчыя матэрыялы, у тым ліку рэпрадукцыі карцін М. Сеўрука, П. Мірановіча, М. Навумовіча.

У адрозненне ад акадэмічнага (па метадзе падачы матэрыялу і памеры) часопіса «Конадні» грамадска-палітычны і літаратурны часопіс «Беларуская думка» арыентуецца на адносна шырокага чытача, пачынаўся як выданне сціплае па афармленні і памеры (у бібліятэках Беларусі ёсць камплекты да 1992 года). Выдаецца ён з кастрычніка 1960 года Беларускім выдавецкім таварыствам. Першым яго галоўным рэдактарам быў Антон Даніловіч, з 1986 года — Міхась Кавыль, у рэдкалегію ўваходзілі ў розныя гады М. Касяк, І. Касяк, протаіерэй М. Лапіцкі, М. Шчорс, Л. Гляк, М. Бахар, У. Брылоўскі, протаіерэй С. Коўш, В. Цярпіцкі і інш. Гэтае выданне заслугоўвае асобнага даследавання, а пакуль што абмяжуемся сціплай інфармацыяй пра тэматыку і аўтараў «Беларускай думкі».

У праграмным звароце «Ад рэдакцыі» зазначалася, што Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ) «не залежыць ні ад якое палітычнае партыі ці групы як з ідэалагічнага, так і з матэрыяльнага (фінансавага) боку». Сябрамі яго «можа быць кожны дарослы беларус ці беларуска, сталыя жыхары ЗША, якія заплацяць складку ў памеры 10 даляраў». Мэта БВТ — «служыць беларускаму народу, беларускай нацыянальна-вызвольнай ідэі і справе дэмакратыі» (1960. № 1. С. 1). Значнае месца ў часопісе займала палітычная публіцыстыка. Тут друкаваліся вострыя рэдакцыйныя артыкулы «Тыдзень падняволеных народаў», «Бальшавізм і пытанне беларускай дзяржаўнасці», «Да гісторыі нацыянальных дачыненняў на Беларусі», «Шляхам змагання», «Сучаснае міжнароднае напружанне», артыкулы Ул. Глыбіннага (Сядуры) «Беларуская культура і таталітарызм», яго ж «Смаленшчына — адвечная зямля беларускага народа», Л. Гляка «Прыяцелі ці ворагі?» і шмат іншых матэрыялаў у абарону Беларусі і беларускай культуры.

У літаратурным аддзеле часопіс надрукаваў шмат вершаў, апавяданняў, нарысаў Янкі Золака (псеўданім першага рэдактара часопіса А. Даніловіча), У. Клішэвіча, Міхася Кавыля, Масея Сяднёва, А. Калубовіча, Л. Юхнаўца, цікавыя нарысы Юркі Віцьбіча, творы іншых аўтараў. Артыкулы навуковыя і літаратурна-крытычныя, як правіла, вызначаюцца публіцыстычнасцю, пафасам змагання за вольную і незалежную Беларусь. Сярод іх — нарысы і нататкі А. Калубовіча «Прафесар М. Доўнар-Запольскі», У. Глыбіннага «Паэт з Божай ласкі» (пра Язэпа Пушчу), «На шляху да паэтычнага мастацтва (зборнік вершаў Міхася Кавыля «Ростані» і «Пад зоркамі белымі»)», Я. Ляшчыны «Янка Золак (да саракагоддзя літаратурнай дзейнасці)», С. Коўша «Прарок беларускага адраджэння» (рэферат, прачытаны на ўрачыстай Акадэміі, прысвечанай 90-годдзю з дня народзінаў Янкі Купалы і Якуба Коласа), Б. Шчорса «Вялікая дочка Беларусі (на 800-я ўгодкі смерці святой Еўфрасінні Полацкай)», М. Кавыля «О, Беларусь, мая шыпшына...» (рэферат, прачытаны на Акадэміі, прысвечанай памяці Юркі Віцьбіча), С. Коўша «Ідэя беларускага адраджэння ў творах Янкі Купалы і Якуба Коласа».

Навуковую вартасць захавалі артыкулы Яўхіма Кіпеля «Смаленск у 1919 годзе» і Вітаўта Кіпеля «Другі Усебеларускі Кангрэс», публікацыі пра дзейнасць беларускіх грамадска-палітычных і культурна-асветніцкіх арганізацый за мяжой. У нататках «Перадачы на Беларусь» Арсень Загорны, між іншым, адзначаў: уся праца па выданні «Беларускае думкі» робіцца задарма, па грамадскім абавязку (1983. № 27-28. С. 37-38).

Часопіс «Беларуская думка» зрэдку друкаваў пісьменнікаў і сваіх карэспандэнтаў з былой БССР, у тым ліку фрагменты з даследавання Алега Бембеля «Што мы думаем пра цябе, родная мова?» з пасляслоўем Уладзіміра Караткевіча (1987. № 32) і невялікую паэму Антаніны Хатэнка «Здзічэлае рэха вясны» (1991. № 36). Публікавалася інфармацыя пра першы міжнародны Кангрэс беларусістаў 25—27 чэрвеня 1991 года.

Праблемы навукі, літаратуры, нацыянальнай культуры занялі паважнае месца ў газеце «Беларус» і часопісе «Веда» . Ім прысвечаны мае ранейшыя публікацыі, да якіх адсылаю зацікаўленага чытача.

Сёння вельмі патрэбна ўвесці беларускія літаратурна-мастацкія і навуковыя часопісы блізкага і далёкага замежжа ў кантэкст гісторыі нашай літаратуры, журналістыкі, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Бо ў змрочныя часы бальшавізму, сталінізму, «ліберальнага» таталітарызму і нават у гады гарбачоўскай перабудовы яны ратавалі гонар беларускай нацыі і нацыянальнай дэмакратыі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by