|
Я. Жучка
(г. Брусель)
ВУЧОБА Ў ЛЮВЕНСКІМ УНІВЕРСІТЭЦЕ
Не памылюся, калі сцверджу, што беларускія студэнты Лювенскага універсітэта адыгралі вялікую ролю ў культуры беларускага замежжа. Яны вельмі актыўна вялі культурную працу не толькі паміж беларускіх працоўных, якія ў той час знаходзіліся ў Бельгіі (у большасці працавалі на вугальных капальнях), але адначасна паміж студэнтамі Лювенскага універсітэта дый насельніцтвам Бельгіі, а таксама за яе межамі.
Да гэтага, думаю, не будзе лішнім падкрэсліць, што шмат выпускнікоў Лювенскага універсітэта, па сканчэнні студыяў раз'ехаўшыся па-за межамі Бельгіі, асабліва ў ЗША і Канаду, прадаўжалі і надалей прадаўжаюць працу на шляху беларускай культуры.
Беларускае студэнцкае жыццё ў Лювене пачалося дзесь у 1948 годзе. На вялікі мой жаль, я даных гэтага пачатку не маю. Таму мой кароткі агляд пачну ад пачатку майго прыбыцця ў Лювен у сакавіку 1950 года разам з іншымі 9 сябрамі з Вялікай Брытаніі.
13 сакавіка 1950 года, прыбыўшы ў Лювен, нас горача спаткалі беларускія студэнты, якія тут былі ўжо афіцыяльна залічаныя на розных факультэтах Лювенскага універсітэта. Перад намі стаяла вялікая праблема: мова. Каб слухаць лекцыі, трэба было ведаць мову, на якой яны выкладаліся. Мову, якую, па праўдзе сказаўшы, мы амаль упершыню чулі.
Вывучэнне мовы пачалося ад нуля, і то рознымі спосабамі. Найлепшы, магчыма, быў спосаб т. зв. «Асыміля», г. зн. падручнік з тэкстам, які перадаваўся для вымаўлення зарэгістраванымі кружэлкамі.
Хаця культурная праца праводзілася да самага пачатку заснавання Згуртавання беларускіх студэнтаў, але з-за малога ліку студэнтаў ды адсутнасці спецыялістаў праца гэтая, сказаў бы, была аматарская. Трэба, аднак, шчыра прызнаць, што на тых умовах — вялікае якасці.
Ужо адразу ж пасля нашага прыезду пачалася гарачая падрыхтоўка да арганізацыі імпрэзы ў гонар нашага нацыянальнага свята 25 сакавіка. Спадарыня Людміла Рагуля арганізавала гурток нацыянальных танцаў. Пасля некалькіх рэпетыцыяў мы выступілі, 28 сакавіка таго ж года, перад аўдыторыяй Лювенскага універсітэта. Акрамя танцаў у праграме было адначасна прадстаўлена некалькі беларускіх народных і нацыянальных песень, а таксама меладэкламацыя на беларускія матывы. Хаця ўсё было зроблена па-аматарску і даволі паспешна, аднак поспех быў надзвычайны.
Большы размах культурнае працы беларускіх студэнтаў Лювенскага універсітэта пачаўся пасля прыезду кампазітара Міколы Равенскага. Мікола Равенскі прыбыў у Лювен з Нямеччыны ў чэрвені 1950 года. Але так як гэта быў перыяд экзаменаў, а пасля канікулаў, Равенскі пачаў актыўна арганізоўваць студэнцкі мужчынскі хор у пачатку верасня гэтага года, г. зн. пасля павароту студэнтаў, якія былі да таго часу раскінутыя па Бельгіі ды нават за яе межамі. Ад гэтага часу прафесар Равенскі пачаў вельмі сур'ёзна працаваць з заснаваным хорам. Адначасна пачаў працаваць гурток беларускіх народных танцаў, які быў заснаваны, як сказана вышэй, у сакавіку таго ж года. Гурток складаўся з чатырох пар: чатырох дзяўчат і чатырох хлапцоў. Чатыры хлапцы належалі таксама да складу хору. Як хор, так і танцавальны гурток праводзілі рэгулярныя рэпетыцыі, што часамі вельмі моцна перашкаджала ў вучобе, асабліва ў перыяд экзаменаў.
Першы канцэрт быў наладжаны 18 снежня 1950 года ў вялікай універсітэцкай зале «Grande Rotonde». Хаця гэта быў першы канцэрт, час арганізацыі і падрыхтоўкі не надта вялікі, аднак поспех быў надзвычайны. У перапоўненай зале пасля кожнае песні і асабліва танцаў гучныя воплескі і выклікі «брава» і «біс» доўга прадаўжаліся. Змучаным танцорам амаль пасля кожнага танца прыходзілася «бісаваць». Поспех гэты быў дасягнуты толькі дзякуючы настойлівай і нястомнай працы прафесара Міколы Равенскага і сур'ёзнаму падыходу да выканання харыстаў і танцораў.
Пералічваць усе канцэрты і імпрэзы, якія выканалі беларускія студэнты Лювенскага універсітэта як у самой Бельгіі, так і за яе межамі, заняло б шмат часу, ды да гэтага ў мяне не хапае шмат даных і дэталяў. Хачу толькі зазначыць, што падрыхтоўка бесперапынна і інтэнсіўна прадаўжалася з надзвычайнымі вынікамі. Ансамбль беларускіх студэнтаў Лювенскага універсітэта праз нейкіх пяць гадоў годна рэпрэзентаваў беларускую культуру за мяжой свае радзімы, у першую чаргу ў Лювенскім універсітэце ды ў Бельгіі наогул, але таксама і за граніцамі Бельгіі, як у Францыі, Ангельшчыне і Нямеччыне.
Да гэтага вельмі важна зазначыць, што, на вялікі жаль, прафесар Мікола Равенскі пражыў паміж беларускіх студэнтаў вельмі кароткі час: 1950—1953. Але за гэты кароткі час ён рэалізаваў аграмадную працу. Акрамя кіраваных ім канцэртных выступленняў, у якія ўваходзілі як савецкія, так і рэлігійныя песні, яго ж кампазіцыі, ён таксама кіраваў царкоўным хорам у адпраўленні праваслаўных багаслужбаў для беларускіх студэнтаў у Лювене, а таксама час ад часу для працоўных беларусаў у правінцыях. І апошняе, што ён здолеў яшчэ выканаць перад самай ягонай смерцю, гэта выпуск кружэлак беларускіх народных і рэлігійных песень ягонае кампазіцыі.
Пасля смерці прафесара Міколы Равенскага кіраваннем хору займаўся рэгент Кастусь Кіслы, пры дапамозе, як піяніста, кампазітара Алеся Карповіча.
У заключэнне, уважаю, што не будзе лішнім прыпомніць асобы, якія прычыніліся да заснавання беларускага студэнцкага жыцця ў Лювенскім універсітэце ды існавання і праводжання вышэйуспомненае працы на шляху распаўсюджвання беларускае культуры за межамі Беларусі. Асобамі гэтымі, на маю думку, будуць: Мікола Абрамчык; у той час студэнт Барыс Рагуля; а. Роберт ван Каўвелярт дэ Выльс, які да канца існавання ЗБС займаўся гэтай справай; сп. Баляслаў Слосканс, апостальскі візітатар беларусаў католікоў на чужыне; а. Часлаў Сіповіч ды шмат іншых прыяцеляў нашай агульнакультурнай і нацыянальнай справы.
