МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Адукацыя як фактар кансалідацыі беларускай дыяспары // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Лыч Леанід
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Л.Лыч

(г. Мінск)

АДУКАЦЫЯ ЯК ФАКТАР КАНСАЛІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ

Пасляваенная беларуская эміграцыя складалася з людзей розных узростаў, не выключаючы і самых ранніх. Тлумачылася гэта тым, што, ратуючыся ад савецкіх карных органаў, бацькі вывозілі ў чужыя краіны сваіх дзяцей. У адваротным выпадку і апошнія маглі б стаць аб'ектам пільнай увагі да сябе з боку такіх органаў.

Характэрнай своеасаблівасцю пасляваеннай беларускай эміграцыі трэба прызнаць даволі высокі працэнт сярод яе інтэлігенцыі, у тым ліку і педагагічнай.

Гэта былі асобы з высокім узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі, шчыра апантаныя ідэяй беларускага нацыянальна-кулыурнага Адраджэння. Яны выдатна разумелі, якую ролю і ў эміграцыі можа адыграць адукацыя, калі павярнуць яе тварам да беларускасці. А штосьці мэтаскіраванае ў гэтым напрамку абавязкова трэба было рабіць, бо па-за межамі Бацькаўшчыны знаходзілася шмат дзяцей школьнага ўзросту. Не было сакрэтам, што з цягам часу менавіта ад іх, а не ад тых, хто дасягнуў сталага ўзросту, будзе залежаць лёс беларускай дыяспары. А карысць ёй зможа прынесці толькі тая частка моладзі, якая пройдзе сапраўдную школу нацыянальнага навучання і выхавання. За стварэнне яе неадкладна і ўзяліся найбольш нацыянальна-свядомыя прадстаўнікі беларускай эміграцыі, не спыняючыся ні перад якімі цяжкасцямі.

Велізарную актыўнасць і зайздросныя якасці арганізатара праявіў у гэтай выключна важнай справе колішні выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Алесь Вініцкі (1891—1972). «Алесь Вініцкі, — прыгадваў той час Вітаўт Кіпель, — быў у 1945—1946 гадах у самым цэнтры беларускага паваеннага эміграцыйнага жыцця ў Заходняй Нямеччыне, у Рэгенсбургу» . У 1948/49 навучальным годзе ён стаў дырэктарам беларускай гімназіі ў невялікім старажытным нямецкім горадзе Остэргофене, дзе выкладаў матэматыку, геаграфію і маляванне. «Настаўнікі гімназіі, — паводле ўспамінаў Алеся Вініцкага, — шмат часу аддавалі падрыхтоўцы вучняў да ўрачыстых адзначэньняў Каляднай ялінкі, гістарычных гадавінаў і нацыянальных сьвятаў, сярод якіх першае месца займалі сьвяты 25 сакавіка, угодкі Слуцкага паўстаньня і дзень Каліноўскага. У праграмы адзначэньня ўваходзілі дэклямацыі, сьпевы, сцэнічныя паказы, скокі і актуальныя рэфераты» .

На пасадзе дырэктара беларускай гімназіі Алесь Вініцкі заставаўся і тады, калі яна ў пачатку 1949/50 навучальнага года пераехала ў горад Розенгайм (Баварыя) і аб'ядналася з такой жа навучальнай установай, што была пераведзена сюды з вёскі Віндышбергердорф (Баварыя). Аб'яднаная гімназія насіла імя Янкі Купалы. Усяго ў ёй было 85 вучняў. Час надышоў такі, што вельмі ўзмацніўся рух беларускіх эмігрантаў з Нямеччыны ў краіны Заходняга паўшар'я, і гімназія ў сувязі з гэтым пачала траціць кантынгент і ў чэрвені 1950 года спыніла сваю дзейнасць.

Заслуга Алеся Вініцкага перад беларускай нацыянальнай адукацыяй за мяжой не толькі ў яго практычнай педагагічнай дзейнасці. Яму належыць яшчэ і шэраг вельмі цікавых і змястоўных публікацый па данай праблеме.

Шчырым змагаром за беларускую нацыянальную асвету ў эміграцыі праявіў сябе і Аляксандр Орса, які карыстаўся вельмі вялікім аўтарытэтам сярод педагогаў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Калі ў 1945/46 навучальным годзе ў Рэгенсбургу (Амерыканская зона акупацыі) была адчынена ў ліку адной з першых у Заходняй Нямеччыне беларуская гімназія, кіраўніцтва ёю даверылі Аляксандру Орсу. Тут працавалі яго жонка Наталля Орса (выпускніца Карлавага універсітэта ў Празе), Аўген Каханоўскі (сапр. Калубовіч), доктар навук Янка Станкевіч, доктар медыцыны Аляксандр Багдановіч, кампазітар Мікола Равенскі (пазней напіша музыку на верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа»), прыхільны да беларускай нацыянальнай ідэі святар Мікалай Лапіцкі.

Зайздросную актыўнасць і багатае прафесійнае майстэрства праяўляў, працуючы ў гэтай беларускай гімназіі, Аўген Калубовіч. Выкладаў беларускую мову і літаратуру і ўвесь час дамагаўся высокай паспяховасці гімназістаў. Але, бадай, галоўным трэба прызнаць у педагагічных здабытках Аўгена Калубовіча тое, што з атрыманымі ад яго прадметаў набыткамі выхаванцы не развітваліся і па заканчэнні вучобы. Для ўсіх іх без выключэння беларуская мова стала найдаражэйшым духоўным скарбам, якому яны заставаліся вернымі да канца свайго жыцця. Шмат часу аддаваў ён і пазакласнай працы з гімназістамі, імкнучыся, каб яны раслі фізічна здаровымі, усебакова развітымі.

Бясконца абрадавалася магчымасці паступіць на працу ў гэтую гімназію выпускніца гістарычнага факультэта БДУ, а затым яго выкладчыца Іна Рытар. У беларускай гімназіі яна выкладала нямецкую і англійскую мовы.

Па-бацькоўску хваляваўся за лес дзяцей-уцекачоў з Беларусі А. Яцэвіч, які пасля прыбыцця ў жніўні 1944 года ў Вену заняўся выяўленнем і ўлікам дзяцей школьнага ўзросту з мэтай арганізацыі вучобы з імі. Вопытнаму педагогу хацелася, каб дзеці атрымлівалі не толькі адукацыю, але і раслі тут, на чужой зямлі, беларусамі. Такой мэты маглі дамагчыся толькі апантаныя беларускай ідэяй настаўнікі, для якіх школа не толькі месца, дзе вучаць дзяцей чытаць і пісаць, але дзе іх яшчэ робяць нацыянальна свядомымі людзьмі.

На адукацыю як сродак нацыянальнай кансалідацыі з належным разуменнем глядзелі і многія з бацькоў дзяцей. Дзякуючы поўнаму супадзенню пазіцый педагогаў і бацькоў на гэтую праблему адукацыя і сапраўды станавілася такой. «Заняткі ў школах, — прыгадваў той неспакойны час А. Яцэвіч, — праводзіліся кожны дзень, нават і ў суботы. На просьбу бацькоў, якія баяліся, каб у часе зімовых вакацый фабрычная адміністрацыя не змабілізавала некаторых старэйшых дзяцей на працу, некаторыя школы калядных перапынкаў не рабілі, матывуючы гэта патрэбамі навучаньня з прычыны спозьненага адчыненьня школы.

Перад Новым, 1945 годам у Вену прыехалі прадстаўнікі з нямецкага Міністэрства асьветы для інспекцыі нямецкіх школ ды наведалі Другую беларускую школу. У школе было 28 вучняў. Настаўніца Валянціна Яцэвіч займалася адначасова з дзвюма клясамі. Даведаўшыся, што вучні 1-е клясы толькі месяц як пачалі наведваць школу ды пачалі заняткі чытаньня з першае літары лемантара, прадстаўнікі камісіі былі вельмі зьдзіўлены посьпехамі вучняў і выдалі пісьмовую падзяку настаўніцы Валянціне Яцэвіч» .

Акрамя належна арганізаванага навучальнага працэсу ў гэтай школе добра клапаціліся і пра нацыянальна-патрыятычнае выхаванне дзяцей. Відаць гэта было і па тым, як тут 22 снежня 1944 года святкавалі Калядную ялінку: «Абступіўшы яе і пабраўшыся за рукі, дзеці школьнага й дашкольнага веку радасна пяялі свае родныя беларускія песьні.

[...] Маленькія вучні, якія не навучыліся ўсіх літараў, пад гучныя воплескі гледачоў бойка падыходзяць да ялінкі й бадзёра дэкламуюць вершы: «Ворагам беларушчыны», «Слуцкія ткачыхі», «Беларуская зямліца» й многа, многа іншых.

Вучаніцы ў беларускіх нацыянальных вопратках па-мастацку выконьваюць нашыя танцы. Хор удала прасьпяваў «Люблю наш край», «Мы бойкая моладзь», «Чаму ж мне ня пець» і іншыя песьні, а на заканчэньне разам з усімі прысутнымі Беларускі Нацыянальны Гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» .

Проста не верыцца, што ў спешчанай самымі выдатнымі талентамі музычнай Вене маглі загучаць і беларускія песні. Які унікальны выпадак! Ды ў такі цяжкі час ваеннага змагання дзвюх вялікіх таталітарных дзяржаў! Аднак, нягледзячы на такога неспрыяльнага характару акалічнасці, усе 28 дзетак Другой беларускай школы не раствараліся ў чужой шматаблічнай Вене, а, наадварот, кансалідоўваліся ў пэўны этнакультурны асяродак, добра адчувалі сябе часцінкай свайго роднага беларускага народа. І заслуга ў гэтым найперш за ўсё школы.

Ахвотна прыняла прапанову стаць за настаўніцу ў адчыненай у 1945/46 навучальным годзе ў нямецкім гарадку Рэгенсбургу беларускай пачатковай школе вопытны педагог Савецкай Беларусі, аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных публікацый Апалонія Савёнак. Шкада толькі, што ў гэтай школе ёй не ўдалося выкарыстаць свой багаты прафесійны вопыт на вялікай колькасці людзей, бо заняткі наведвала ўсяго толькі дванаццаць чалавек. Але і ў дадзеным выпадку праца выдатнага настаўніка давала добры плён, бо яе навучэнцы ўзгадоўваліся на лепшых традыцыях беларускай нацыянальнай адукацыі. Куды больш шырокі дыяпазон педагагічнай дзейнасці ў Апалоніі Савёнак стаў тады, калі яна пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў адчыненай у лютым 1947 года ў горадзе Остэргофене беларускай гімназіі (дырэктар Лявон Савёнак). У год адкрыцця гімназіі ў ёй навучалася 38 чалавек. Беларускую мову выкладала і тады, калі ў 1949/50 навучальным годзе гэтая навучальная ўстанова перабазавалася ў горад Розенгайм.

Вельмі важным, бясспрэчна, пазітыўным фактарам у справе наладжвання вучобы беларускіх дзяцей у эміграцыі трэба прызнаць тое, што на гэты адказны ўчастак працы прыйшло шмат педагогаў з багатым вопытам барацьбы за нацыянальную школу ў перыяд знаходжання Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы. Каму-каму, а такім педагогам добра была вядомая роля нацыянальнай школы ў лесе народа, у яго выхаванні ва ўмовах гвалтоўнай ці натуральнай асіміляцыі. Першы від асіміляцыі не пагражаў для маладых пакаленняў беларусаў, што апынуліся ў Нямеччыне, другі — станавіўся рэальнасцю ўжо на першым часе жыцця на чужыне.

Магчымасці школы служыць мэтам кансалідацыі нацыі вызначаюцца не толькі руплівасцю педагогаў, але і тым, якія дысцыпліны вывучаюцца з дзецьмі. З прыемнасцю можна адзначыць, што дадзенае пытанне вырашалася як мае быць на ўсіх этапах гісторыі беларускай асветы ў эміграцыі. Пацвердзіць гэта можна і на прыкладзе першых беларускіх школ у Нямеччыне. У іх на родную беларускую мову адводзілася больш гадзін, чым на арыфметыку (адпаведна па 9 і 6 гадзін на тыдзень у 1-м класе, 11 і 6 — у 2-м, 9 і 6 — у 3-м, гэтулькі ж — у 4-м). Нямецкую мову вывучалі толькі з трэцяга класа па 2 гадзіны на тыдзень. З гэтага ж класа дзецям выкладалі геаграфію і гісторыю Беларусь. З нацыянальна-культурнымі традыцыямі беларускага народа былі арганічна звязаны ўрокі па спевах і маляванні, якія праводзіліся пачынаючы ўжо з першага класа.

Ярка выяўленую беларускую скіраванасць мела сетка ўрокаў у беларускіх гімназіях. Ва ўсіх іх васьмі класах беларуская мова выкладалася штодзённа, а нямецкая і англійская — праз дзень.

І такое стаўленне да вывучэння моў не выклікала адмоўнай рэакцыі ні ў вучняў і іх бацькоў, ні ў саміх настаўнікаў, бо ўсе і кожны цвёрда ўсведамляў — калі не жадаеш дэнацыяналізацыі дзяцей, трэба вучыць іх па-беларуску, на матэрыялах роднай літаратуры, гісторыі, геаграфіі і культуры, гэта значыць у поўным сэнсе слова стварыць ім нацыянальную школу. І такому статусу адпавядалі ўсе створаныя на першым часе беларускія навучальныя ўстановы. Яны адыгралі выключна важную ролю ў нацыянальнай кансалідацыі школьнай беларускай моладзі, не далі ёй узгадавацца абыякавымі, раўнадушнымі да гістарычнай і духоўнай спадчыны Бацькаўшчыны, хаця жыць і вучыцца даводзілася ў прасторавым адрыве ад яе.

Настаўнікі мелі глыбокую перакананасць у тым, што ў найбольшай ступені навучэнцам дапаможа адчуць сябе неад'емнай часткай беларускага народа толькі арганізацыя навучальна-выхаваўчага працэсу на беларускай мове, што толькі дзякуючы ёй адукацыя з'явіцца магутным фактарам кансалідацыі ў адзіную беларускую этнічную супольнасць той ці іншай краіны не толькі школьнікаў, але і іх бацькоў, настаўнікаў. І сапраўды, мова, нібы цэмент, знітоўвала, змацоўвала людзей аднолькавага нацыянальнага паходжання, незалежна ад іх прафесійнага статусу, адукацыі, узросту і веравызнання, у адзіную сям'ю, імя якой — беларуская.

Зусім заканамерна, што з цягам часу многія з тых, хто прайшоў курс навучання ў беларускіх школах і гімназіях, закончылі больш высокага тыпу навучальныя ўстановы і сталі перадавымі людзьмі ў беларускай эміграцыі, чаго нельга сказаць пра іх суайчыннікаў, што атрымалі адукацыю за мяжой у традыцыях рускай, польскай, украінскай ці іншых нацыянальных школ. Беларуская нацыянальная школа на эміграцыі з поўным правам можа ганарыцца такімі выпускнікамі, як Янка Запруднік, Вітаўт і Зора Кіпелі, Ала і Галіна Орсы, Янка Жучка, Уладзімір Бакуновіч, Уладзімір Цвірка, Павел Урбан, Галіна Ганчарэнка, якія пазней сталі вядомымі грамадскімі і культурнымі дзеячамі, навукоўцамі.

Карыснымі для беларускай справы людзьмі засталася і абсалютная большасць тых навучэнцаў, хто пасля заканчэння за мяжой беларускай пачатковай школы ці гімназіі не змог далей вучыцца. А карыснымі проста таму, што не страцілі сваёй беларускасці, пастараліся прышчапіць яе сваім дзецям, а цяпер прышчапляюць унукам.

Зусім не перабольшу, калі скажу, што беларуская педагагічная інтэлігенцыя за 1944—1951 гады здзейсніла сапраўдны цуд у Заходняй Еўропе. Нягледзячы на чужое культурна-моўнае асяроддзе, створаныя там беларускія дзіцячыя сады, пачатковыя школы і гімназіі далі столькі здаровага ў нацыянальным сэнсе чалавечага матэрыялу, што вельмі ў многім гэта прадвызначыла ўвесь далейшы лёс беларускай эміграцыі, ды яшчэ і сёння працягвае пазітыўна ўплываць на ўсе бакі яе жыцця. Без усяго таго, што было здзейснена таленавітымі, нацыянальна свядомымі беларускімі настаўнікамі на ніве адукацыі, наша эміграцыя не стала б адносна моцна скансалідаванай этнічнай супольнасцю, не мела б такіх важкіх здабыткаў у самых розных сферах дзейнасці чалавека.

Нельга, каб набыты ў тыя гады ў дзейнасці беларускіх эміграцыйных школ практычны вопыт ляжаў сёння мёртвым капіталам, бо павялічваюцца патокі беларусаў з метраполіі ў далёкае і блізкае замежжа. І самае галоўнае, трэба ўплываць на бацькоў у нацыянальна-патрыятычным духу, улічваючы асіміляцыю іх з прычыны таго, што вучыцца даводзілася ў рускамоўных агульнаадукацыйных школах, тэхнікумах і ВНУ. У інтарэсах беларускай нацыі вельмі важна, каб і такія бацькі, падаўшыся на сталае жыццё на чужыну, выхоўвалі там разам з настаўнікамі сваіх дзетак не на рускіх, польскіх культурна-моўных і гістарычных традыцыях ці на традыцыях краіны, якая выбрана ў якасці другой радзімы, а на ўласных, беларускіх. Яны — і толькі яны! — не дадуць дэфармавацца, знікнуць беларускай дыяспары. Не будзем забывацца, што і сёння ступень яе кансалідацыі, як і ў пасляваенныя гады, найперш за ўсё залежыць ад таго, з якім нацыянальным зарадам у жыццё будуць уступаць маладыя пакаленні. А ён жа (нацыянальны зарад) можа быць здаровым толькі ў тых, хто валодае і карыстаецца роднай мовай, шануе і садзейнічае ўзбагачэнню духоўнай спадчыны свайго народа, вызначаецца трывалай гістарычнай памяццю. Гэтыя неацэнныя каштоўнасці, чалавечыя якасці не прыходзяць самі па сабе, яны з'яўляюцца вынікам мэтанакіраванага сямейнага і школьнага выхавання і навучання.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by