МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Эвакуацыя і дзейнасць навучальных устаноў Беларусі ў Расіі ў гады першай сусветнай вайны // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Бабкоў А.
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Краiна: Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

А. Бабкоў

(г. Мінск)

ЭВАКУАЦЫЯ І ДЗЕЙНАСЦЬ

НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОЎ БЕЛАРУСІ Ў РАСІІ

Ў ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ

(1915 — пачатак 1917 года)

З пачаткам першай сусветнай вайны ў катастрафічным становішчы апынулася народная адукацыя Беларусі. У ходзе адступлення расійскіх войск і высялення насельніцтва многія школы спынілі сваю працу, а школьныя будынкі былі выкарыстаны для размяшчэння штабоў воінскіх часцей, шпіталяў і на іншыя мэты. Паводле даных справаздачы Віленскай навучальнай акругі за перыяд з пачатку 1914 па 1916 год сетка пачатковых школ на тэрыторыі Гродзенскай губерні скарацілася на 63 працэнты, Мінскай, падзеленай лініяй фронту, — на 40, Магілёўскай — на 28 і Віцебскай — на 22 працэнты . Большасць сярэдніх навучальных устаноў Беларусі была эвакуіравана ў Расію. Паводле даных Усерасійскага з'езда бежанцаў з Беларусі, які адбыўся ў ліпені 1918 года ў Маскве, агульная колькасць навучальных устаноў, вывезеных з Беларусі ў Расію, складала 201 . У першую чаргу эвакуацыі падлягалі сярэднія навучальныя ўстановы Гродзенскай губерні, якая праводзілася згодна распараджэнню гродзенскага губернатара В. Шабекі ад 5 жніўня 1915 года «Аб эвакуацыі грамадзянскіх устаноў г. Гродна і губерні». Вядучыя ўстановы адукацыі Гродзенскай губерні былі вывезены пераважна ў Калужскую губерню. Так, у жніўні 1915 года ў Калугу пераехалі Гродзенская Марыінская жаночая гімназія, Гродзенскае рэальнае вучылішча і Слонімская жаночая гімназія. У Калузе таксама размясцілася дырэкцыя народных вучылішчаў Гродзенскай губерні. Свіслацкая настаўніцкая семінарыя бьла эвакуіравана ў г. Медынь Калужскай губерні. З другога буйнога цэнтра Гродзеншчыны — Брэст-Літоўска — вывезены ў Екацярынаслаўль мужчынская і жаночая гімназіі . Прычым частка навучальных устаноў, як і адміністрацыйных, эвакуіравалася паўторна. Старшыня педсавета Гродзенскай жаночай гімназіі А. М. Святухін паведамляў, што першы раз канцылярыя гімназіі была перавезена ў жніўні 1914 года ў Маскву з-за пагрозы г. Гродна з боку германскіх войск, а будынак гімназіі быў заняты пад вайсковы шпіталь. Але ў канцы верасня па распараджэнні губернскіх улад гімназія была пераведзена ў г. Слонім Гродзенскай губерні, а ў снежні таго ж года з'явілася магчымасць вярнуцца назад у Гродна. У лютым 1915 года, калі пагоршылася ваенна-стратэгічная сітуацыя на расійска-германскім фронце, розныя ўстановы Гродзенскай губерні зноў былі эвакуіраваны ў Слонім. І, нарэшце, у ходзе агульнага адступлення расійскіх войск летам 1915 года грамадзянскія і палітычныя ўстановы Гродзенскай губерні былі эвакуіраваны ў глыбокі тыл .

Пасля акупацыі Гродзенскай губерні і набліжэння нямецкіх войск да межаў Мінскай губерні восенню 1915 года пачалася эвакуацыя навучальных устаноў Мінскай, часткова Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Яны былі раскіданы па ўсёй Расіі. У верасні ў Маскву былі эвакуіраваны старэйшая школьная ўстанова Беларусі — Мінская мужчынская гімназія, а таксама Мінская прыватная жаночая гімназія В. І. Лявіцкай. Мінская казённая жаночая гімназія вывезена ў г. Уладзімір. А Мінскі настаўніцкі інстытут, які адкрыўся перад вайною, эвакуіраваны ў г. Яраслаўль . У Смаленскую губерню былі вывезены дзве сярэднія навучальныя ўстановы Мінскай губерні: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя ў Смаленск, а Нясвіжская жаночая гімназія ў г. Гжацк Смаленскай губерні. Адразу пасля адкрыцця заняткаў у навучальных установах Слуцка ва ўмовах набліжэння фронту пачалася падрыхтоўка да эвакуацыі мужчынскай і жаночай гімназій, якія былі перамешчаны ў Пензу, а іх будынкі заняў штаб ІІІ арміі Заходняга фронту. Асобныя навучальныя ўстановы Віцебскай губерні былі таксама эвакуіраваны ў глыбіню Расіі. Напрыклад, Полацкая мужчынская гімназія размясцілася ў Яраслаўлі . У той жа час сама Віцебская губерня прымала навучальныя ўстановы з Заходняй Беларусі, як гэта адбылося з Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыяй, якая пераехала ў Невель Віцебскай губерні . Прычым нярэдка былі выпадкі пераэвакуацыі навучальных устаноў на новыя месцы размяшчэння, што рабіла карціну іх знаходжання яшчэ больш заблытанай.

Навучальныя ўстановы Беларусі аказаліся ў Расіі ў бядотным становішчы. Многія з іх не змаглі арганізаваць навучанне дзяцей бежанцаў. Эвакуацыйную дапамогу атрымалі толькі настаўнікі. Шматлікія навучэнцы не змаглі аплаціць свой пераезд да новага месца навучання. Да таго ж з цягам часу Дзяржаўнае казначэйства скараціла выдаткі на ўтрыманне эвакуіраваных навучальных устаноў, а мясцовыя ўлады не аказвалі патрэбнай ім дапамогі. Пра сумнае становішча эвакуіраваных гімназій неаднаразова паведамлялі іх кіраўнікі губернскім уладам Беларусі. Так, летам 1916 года начальнік Мінскай жаночай гімназіі ва Уладзіміры хадайнічаў перад мінскім губернатарам аб вяртанні гімназіі ў Мінск на той падставе, што яму не ўдалося пачаць паўнацэнныя заняткі ні ва Уладзіміры, ні ў якім іншым горадзе. Мінская жаночая гімназія існавала выключна за кошт збораў за навучанне і невялікую субсідыю гарадской управы. У жніўні 1916 года выдача жалавання настаўнікам была спынена, а далейшае існаванне гэтай установы стала немагчымым . Фактычна бяздзейнічала ў Калузе Гродзенская Марыінская гімназія, штат выкладчыкаў якой паступова раз'ехаўся. Патрэбы дзяцей бежанцаў у Калузе абслугоўвала эвакуіраваная сюды Слонімская жаночая гімназія . Нягледзячы на цяжкасці, асобным навучальным установам удалося арганізаваць навучанне дзяцей бежанцаў з Беларусь Так, Мінская казённая мужчынская гімназія функцыяніравала ў Маскве на працягу ўсіх гадоў эвакуацыі. У 1917 годзе яна працавала ў складзе васьмі класаў з персаналам настаўнікаў 25—30 чалавек. Праўда, колькасць навучэнцаў зменшылася з 700 чалавек перад эвакуацыяй да 130 пасля аднаўлення заняткаў у Маскве. На працягу двух гадоў грамадскасць Мінска клапацілася аб вяртанні гімназіі ў Мінск. Выконваючы абавязкі дырэктара Мінскай мужчынскай гімназіі В. А. Клімантовіч у дакладной запісцы на імя Галоўнакамандуючага армій Заходняга фронту таксама настойліва выказаўся за рээвакуацыю гімназіі. Аднак гэтае пытанне так і не было вырашана да канца вайны . У цэлым у эвакуіраваных навучальных установах захоўвалася ранейшая афіцыйная сістэма адукацыі і выхавання.

Эвакуіраваныя рамесныя школы з іх каштоўным інвентаром выконвалі армейскія заказы. Так, вывезеныя ў верасні 1915 года з Навагрудскага павета Мінскай губерні Ракаўская і Нягневіцкая рамесныя школы ў Вязнікі Уладзімірскай губерні фактычна былі далучаны да Вязнікаўскага тэхнічнага вучылішча для выканання ваенных заказаў. З-за адсутнасці сваіх вучняў педагагічны персанал Нягневіцкай школы выконваў заказы з вучнямі Вязнікаўскага тэхнічнага вучылішча. На ваенныя патрэбы працавалі Мінская рамесная школа ў Туле, Дрысенская — у Яльцы Арлоўскай губерні і інш.

Пасля эвакуацыі ў жніўні 1915 года ў Маскву Гродзенскай Духоўнай кансісторыі і Гродзенскага Епархіяльнага Вучылішчнага Савета на чале з архіепіскапам Гродзенскім і Брэсцкім, а таксама Жыровіцкага духоўнага вучылішча і іншых царкоўных устаноў там утварыўся праваслаўны цэнтр духавенства Гродзеншчыны. 27 кастрычніка 1915 года па ініцыятыве і пад старшынствам архіепіскапа Міхаіла быў створаны Камітэт Гродзенскага Сафійскага Брацтва па аказанні дапамогі бежанцам Гродзенскай губерні. У яго працы прымалі ўдзел святары і настаўнікі царкоўных школ Гродзенскай епархіі. 1 снежня 1915 года на сродкі Епархіяльнага Ведамства ў Маскве былі адкрыты двухкласная царкоўнапрыходская школа на 30 навучэнцаў, а з 1 верасня 1916 года пачатковая школа на 9 хлопчыкаў і інтэрнат для іх. Аднак фінансавыя магчымасці Камітэта Гродзенскага Сафійскага Брацтва былі абмежаваны, на што звярнуў увагу архіепіскап Міхаіл у запісцы ад 9 кастрычніка 1915 года на імя начальніка штаба забеспячэння армій Паўночна-Заходняга фронту генерала М. А. Данілава. Ён пісаў: «Немагчымасць пашырыць дзейнасць па аказанні дапамогі бежанцам з'яўляецца асабліва цяжкай... у сувязі з тым, што іншыя нацыянальныя групы (польская, літоўская, яўрэйская) стварылі свае камітэты і маюць значныя фінансавыя сродкі» .

Духоўным і культурным цэнтрам бежанцаў з Беларусі ў Расіі ў першыя гады вайны быў Яраслаўль. Тут ужо ў 1915 годзе ў асяроддзі Мінскага настаўніцкага інстытута ўзнікла суполка «Наш край» на чале з У. Ігнатоўскім, якая з'явілася своеасаблівым каталізатарам абуджэння нацыянальнай свядомасці і палітычнай актыўнасці сярод вучнёўскай моладзі. У 1916 годзе па ініцыятыве нацыянальна свядомых выкладчыкаў з удзелам навучэнцаў Мінскага настаўніцкага інстытута ў Яраслаўлі была створана беларуская нацыянальная арганізацыя — Яраслаўская беларуская рада. Яна ставіла сваёй мэтай аб'яднанне беларусаў-бежанцаў на нацыянальнай аснове, пашырэнне культурна-асветніцкай дзейнасці сярод іх. Удзельнікі рады рыхтавалі на беларускай мове лекцыі і рэфераты па гісторыі і культуры Беларусь У. Ігнатоўскі ў пазаўрочны час выкладаў беларусазнаўства ў інстытуце . Паступова і ў іншых месцах найбольшага збірання бежанцаў і ўстаноў з Беларусі, такіх, як Калуга, Пецярбург, Тамбоў і г. д., сталі складвацца асяродкі беларускай асветы і культуры. У горадзе на Няве дабрачынную і культурна-асветніцкую справу сярод бежанцаў са студзеня 1916 года ўзначаліла Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны на чале з Б. І. Эпімах-Шыпілам і інш. Таварыства адкрыла інтэрнаты для беларускіх студэнтаў і вучняў, наладжвала «Беларускія вечарыны» .

Трэба адзначыць, што новы этап у грамадска-асветніцкім жыцці бежанцаў Беларусі пачаўся пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года, якія абвясцілі ідэю нацыянальнай роўнасці і права нацый на самавызначэнне. Гэта прывяло да актывізацыі існуючых і стварэння новых беларускіх арганізацый.

У красавіку 1917 года ў г. Багародзіцку Тульскай губерні ўзнікла грамадска-асветніцкая арганізацыя Беларускі нацыянальны гурток, у кастрычніку гэтага года ў Арле — «Беларуская хатка», на пачатку 1918 года ў Арэнбургу — Арэнбургскі гурток беларусаў. Найбольш вядомай сярод бежанскай моладзі грамадскай арганізацыяй у Калузе з'яўлялася «Беларуская вучнёўская грамада», якая ўзнікла ў чэрвені 1918 года. Яна выступала за аб'яднанне вучняў-беларусаў усіх навучальных устаноў на нацыянальнай культурна-асветніцкай глебе. Пад кіраўніцтвам П. Сліжэўскага арганізоўваліся лекцыі, даклады, а таксама працавала бібліятэка і праводзіліся культурныя мерапрыемствы .

Такім чынам, у час першай сусветнай вайны народная адукацыя Беларусі панесла вялікія страты. Пачаўшыся з лета 1918 года, рээвакуацыя дзяржаўных і грамадскіх устаноў Беларусі, у тым ліку і навучальных, сутыкнулася з вялікімі палітычнымі і фінансавымі цяжкасцямі. Ліквідацыйная камісія, створаная ў гэты ж перыяд 1918 года пры Белнацкаме, мэтай якой з'яўлялася вызначэнне месцазнаходжання і прыняцце ў сваё распараджэнне дзяржаўных і грамадскіх устаноў, эвакуіраваных з Беларусі, адзначыла імкненне мясцовых улад гвалтоўна падпарадкаваць школы сабе, іншыя школы пераймяноўваліся па месцы іх размяшчэння. Інвентар рамесных вучылішчаў пераходзіў да мясцовых школ.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by