|
Р. Гарэцкі
(г. Мінск)
КУЛЬТУРА І АДУКАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА
Гістарычныя падзеі, агульныя абставіны і жыццёвыя ўмовы Беларусі часта складаліся так, што спрыялі эміграцыйным працэсам. Нават Францыск Скарына набываў адукацыю ў замежжы, а свае першыя выданні (23 кнігі Бібліі на старажытнабеларускай мове) надрукаваў не на Радзіме, а ў Празе. Ды і потым зноў эмігрыраваў у Прагу, дзе пражыў амаль 20 гадоў, там і пахаваны. Сімяон Полацкі таксама амаль 20 гадоў пражыў у Маскве, зрабіў вялікі ўклад у рускую культуру і адукацыю як выдатны грамадскі і царкоўны дзеяч, педагог, пісьменнік і публіцыст.
Забарона афіцыйна карыстацца беларускай мовай спачатку ў Рэчы Паспалітай, а затым у Рускай імперыі, войны, паўстанні, арышты і высылкі не спрыялі развіццю беларускай культуры. Каля трохсот гадоў беларускі народ жыў пад амаль поўным панаваннем польскай і рускай культур. Таму лепшыя прадстаўнікі ўраджэнцаў зямлі беларускай і іх продкі нярэдка станавіліся выдатнымі дзеячамі суседніх культур. Дастаткова ўспомніць такія імёны, як Фёдар Дастаеўскі і Адам Міцкевіч, Міхаіл Глінка і Станіслаў Манюшка, Мадэст Мусаргскі і Дзмітрый Шастаковіч, Восіп Кавалеўскі і Іосіф Гашкевіч, Мікалай Пржэвальскі і Іван Чэрскі, і многія-многія іншыя. Некаторыя з нашых суайчыннікаў сталі нацыянальнымі героямі іншых краін (Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка). Імёнамі многіх з іх названы гарады і пасёлкі, хрыбты і залівы, іншыя геаграфічныя аб'екты, выкапнёвыя і сучасныя расліны і г. д.
Асабліва вялікая хваля эміграцыі назіралася ў пачатку нашага стагоддзя, калі з Беларусі з'ехала каля 1 млн. Чалавек — галоўным чынам у ЗША, у Еўропу, і столькі ж — у Сібір, а потым шмат беларусаў пакінулі Радзіму ў час і пасля Другой сусветнай вайны. Калектывізацыя, сталінскія рэпрэсіі, эвакуацыя ў час вайны, «будоўлі камунізму» (БАМ, цаліна і інш.) выклікалі перасяленне больш як мільёна людзей. Многія этнічныя беларускія тэрыторыі адышлі да суседніх краін (Беласточчына, Віленшчына, заходнія вобласці Расіі, часткова Чарнігаўская вобласць Украіны). Калі ўлічыць і часовую міграцыю, эвакуацыю ў час вайны многіх жыхароў, творчай інтэлігенцыі, дык у выніку не менш за палову беларусаў пастаянна ці часова аказваліся за межамі сваёй Бацькаўшчыны. Большасць суайчыннікаў досыць хутка асімілявалася ў іншых краінах, але ў многіх яны стварылі моцнае нацыянальна свядомае ядро беларускай эміграцыі.
Найбольш вялікія і вядомыя суполкі склаліся ў ЗША і Канадзе, а таксама ў Чэхіі, Нямеччыне, Англіі, Аргенціне, Аўстраліі і інш. Першыя дзве і да гэтага часу застаюцца найбольш значнымі. Беларуская эміграцыя здзіўляе вялікай палітрай сваёй культурнай дзейнасці: мастацкая літаратура, літаратуразнаўства, фальклор, часопісы, газеты, музеі, бібліятэкі, тэатр, мастацтва, музыка, выдавецкая справа, харавыя і танцавальныя гурткі, радыёперадачы, шырокі спектр рэлігійнага жыцця і г. д.
Пасля развалу СССР мы змаглі нарэшце больш дасканала пазнаёміцца з набыткамі беларускай культуры ўсіх краін, і тады пачаўся працэс узаемнага ўздзеяння розных частак беларускай культуры — метраполіі і замежжа. Калі пра дзейнасць беларусаў на іх этнічных тэрыторыях у Польшчы, Літве і часткова Латвіі ёсць досыць значныя звесткі, дык пра беларусаў, якія пражываюць на этнічных заходніх землях Расіі і часткова Украіны (заходніх частак Бранскай, Смаленскай, Цвярской, паўднёвай частцы Пскоўскай і паўночнай Чарнігаўскай абласцей), вядома зусім мала. На жаль, многія з іх ужо і не лічаць сябе беларусамі, але яшчэ шмат дзе захавалася беларуская мова, а часцей змешаная — руская з вялікім уплывам беларускай. Жыхары гэтых абласцей у выніку кансерватыўнасці захавання культурнай спадчыны — ужо адзначаных моўных традыцый, фальклору, музычных спеваў і танцаў, мастацкіх вырабаў, быту, гаспадарчай дзейнасці і іншых асаблівасцей — маюць сваё непаўторнае аблічча. Тут захавалася значная беларускасць, якая зусім мала вывучана. У гэтых мясцінах патрэбна вялікая праца не толькі па вывучэнні, захаванні, але, магчыма, і па адраджэнні беларушчыны.
Узаемнае пранікненне здабыткаў культуры замежжа і метраполіі набыло значную моц. Гэта абмен шматлікімі кнігамі, часопісамі, газетамі, выданне многіх твораў эмігрантаў на Радзіме, выхад спецыяльных кніг пра дзейнасць эмігрантаў у ЗША, Нямеччыне, абмен мастацкімі выставамі, непасрэдныя сустрэчы на нарадах, канферэнцыях і г. д. Але, праўда, гэта робіцца галоўным чынам намаганнямі не дзяржавы, а энтузіястаў. Усё ж гэта трэба лічыць толькі пачаткам вялікай справы ўзбагачэння і аб’яднання розных плыняў у адну агульнабеларускую культуру. Узнікае многа праблем па захаванні культурнай спадчыны і развіцці культуры беларускага замежжа ў сувязі з натуральным адыходам носьбітаў гэтай культуры і амаль поўнай адсутнасцю іх маладой змены.
Зараз значная колькасць беларускіх суполак, таварыстваў стварылася ў краінах СНД і Балтыі — ад Эстоніі да Якуціі, ад Комі да Узбекістана. Ідзе актыўная культурна-асветніцкая праца. Вельмі цікавая старонка — беларусы-эмігранты пачатку стагоддзя, асабліва сібірскія і далёкаўсходнія, якія да гэтага часу захавалі многія; рысы культуры даўніх гадоў. Пакуль што гэта слаба вывучана. Добра, што самі сібіракі пачалі займацца гэтай праблемай. Узнікаюць пытанні стварэння цэнтраў беларускай культуры, школ у месцах шчыльнага пражывання беларусаў. На жаль, дапамога ў гэтым з боку Рэспублікі Беларусь вельмі слабая. Нават раней дастаткова распрацаваная дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце» цяпер амаль закінута.
Найважнейшае значэнне ў захаванні і развіцці беларускасці мае адукацыя. Шырока вядома тая вялікая роля, якую мелі ў выхаванні беларускіх грамадзян і многіх дзеячаў Першая беларуская гімназія ў Вільні, латвійскія гімназіі, беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне і інш. Вядома вялікая праца па адкрыцці часовых беларускіх школ нават у вельмі цяжкіх умовах у час вайны.
Толькі праз нацыянальную адукацыю можна захаваць прысутнасць беларусаў у свеце. Таму як у Беларусі, так і ў беларускім замежжы неабходна беларусізацыя ўсёй адукацыйнай сістэмы — ад дзіцячых садкоў да вышэйшай школы.
Хачу таксама падкрэсліць адну важную агульначалавечую праблему, якую можна вырашыць толькі праз адукацыю, навуку, культуру. У сувязі са страшэннай дэградацыяй навакольнага асяроддзя (мы на мяжы з экалагічнай катастрофай), выбухападобным узростам колькасці насельніцтва ў свеце, вялікім сацыяльным расслаеннем жыхароў свету і іншымі адмоўнымі з'явамі чалавецтва чакае катастрофа. Каб пазбегнуць гэтага, патрэбна новая парадыгма развіцця цывілізацыі — канцэпцыя ўстойлівага развіцця. Гэта вымагае неабходнасць гуманізацыі і экалагізацыі выхаваўчых і адукацыйных працэсаў на ўсіх узроўнях.
