МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Нацыянальная свядомасць беларусаў Латвіі // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Карповіч А.
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Латвія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

А. Карповіч

(г. Рыга)

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СВЯДОМАСЦЬ БЕЛАРУСАЎ ЛАТВІІ

Мяне даўно здзіўляе і турбуе парадокс у нацыянальнай самасвядомасці беларусаў — гэта абыякавасць многіх з іх да сваіх гістарычных святыняў: мовы, культуры, гістарычнай сімволікі, нават самой гісторыі Бацькаўшчыны. Гэта трагедыю нацыі. Іншыя народы гэтага не могуць зразумець. Прычын гэтаму нацыянальнаму нігілізму шмат. Іх трэба, мне здаецца, даследаваць і ў сродках масавай інфармацыі абмяркоўваць.

Хачу падзяліцца думкамі, меркаваннямі аб нацыянальнай самасвядомасці беларусаў Латвіі. Па роду працы старшыні беларускай суполкі «Прамень» мне даводзілася сутыкнуцца з беларусамі, у якіх як розныя палітычныя погляды, так і розная нацыянальная свядомасць.

Беларусаў Латвіі, згодна з часам іх пражывання там, можна падзяліць на 4 групы:

1-я група — карэнныя жыхары, продкі якіх з даўніх часоў жылі ў гэтай краіне. Гэта нашчадкі даўняга насельніцтва Латгаліі.

2-я група — дзеці, якія прыехалі ў Латвію пасля вайны сумесна з бацькамі. Сюды можна аднесці і дзяцей, якія трапілі ў Саласпілскі нямецкі канцлагер з Асвейшчыны і Верхнядзвінскага раёна.

3-я група — тыя, хто прыехаў пасля вайны (у застойныя часы), скончыўшы беларускія школы, ВНУ, а таксама розныя спецыялісты па накіраваннях на камуністычныя будоўлі (Огра, Олайне, Даўгаўпілс, Рыга).

4-я група — іх дзеці, што нарадзіліся ў Латвіі, многія ад змешаных шлюбаў, якія навучаліся і навучаюцца ў рускіх школах.

Першая група — карэнныя жыхары Латвіі. У 20-я гады нашага стагоддзя ў Латвіі беларускі рух быў вельмі актыўным. Дзейнічала больш за 40 беларускіх школ, гімназія. Галоўным чынам у Латгаліі. У Рызе нават існаваў беларускі напаўпрафесійны тэатр. У той час тут працавалі слынныя беларусы, як Кастусь Езавітаў, Сяргей Сахараў, Краскоўскі, Мядзёлка. Але хутка пачаўся так званы беларускі працэс. Гэтых людзей у зняволенні доўга марылі голадам, абвінавачвалі ў тым, што яны хацелі аддзяліць Латгалію ад Латвіі, каб далучыць да БССР. Але нарэшце суд з-за адсутнасці ўлік іх апраўдаў. Хто ад'ехаў на Радзіму, трапіў у ГУЛАГ ці быў расстраляны. У 30-я гады пачалася «латышызацыя» насельніцтва, рэжым Карліса Ульманіса пазачыняў усе беларускія школы. Дзеці тых беларусаў лічаць сваёй радзімай Латвію, яны грамадзяне Латвіі. Беларускую мову не ведаюць. Нацыянальная свядомасць іх нізкая, хоць яны і лічаць сябе беларусамі — тыя, хто не захацеў «аблатышыцца» ці стаць рускімі. Веравызнанне ў іх — каталіцкае.

Другая група — дзеці, прывезеныя пасля вайны. Штосьці памятаюць пра Беларусь — ад сваіх бацькоў. На этнічную радзіму ездзілі ў госці. Яны скончылі рускія школы, ВНУ, ведаюць добра латышскую мову, культуру. Цягнуцца да беларускіх суполак, выпісваюць беларускія газеты, часопісы. Цяпер яны на Беларусь глядзяць як бы іншымі вачыма, але ж яны выхаваны ў савецкай Латвіі, і ў іх свае, асабістыя погляды. Да новага ставяцца з асцярожнасцю.

Трэцяя група — гэта розныя спецыялісты, якія прыехалі ў 70—80-я гады. Гэта самая вялікая частка беларусаў, якія гуртуюцца ў беларускіх суполках; прычым найбольш актыўная частка. Многія з вёсак, скончылі беларускія школы, тэхнікумы, ВНУ. Тыя, хто не змог ці не захацеў пераехаць на Бацькаўшчыну. У залежнасці ад таго, якія яны займалі раней пасады, складваюцца ў іх і палітычныя погляды, нацыянальная свядомасць таксама розная. Цягнуцца да культуры, цікавяцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны. Ніякія палітычныя доказы так не дзейнічаюць на беларусаў, як гістарычныя звесткі пра беларускую мінуўшчыну, песні, абрадавыя святы: Купалле, Вялікдзень, Каляды. Многія на гэтых святах плачуць.

Вось наша ТБМ «Прамень» і вырашыла дзейнічаць у гэтым напрамку. Пры таварыстве створаны фальклорны ансамбль «Надзея», з дапамогай якога і ладзяцца ўсе абрадавыя святы і канцэрты. Ужо другі год таварыства выдае газету на беларускай мове «Прамень», якая даводзіць да чытача гістарычную мінуўшчыну Беларусі, паведамляе пра знакамітых землякоў, перадае навіны з Бацькаўшчыны.

Аднак беларусы ў адрозненне ад палякаў, рускіх і ўкраінцаў, для якіх створаны і цэнтры культуры, і школы, не маюць ні цэнтраў, ні бібліятэк. Рэдакцыя газеты не мае адраса. Ансамбль рэпеціруе на чыгуначнай станцыі на ўскраіне горада. Хто з беларусаў хоча звярнуцца да землякоў, ім няма куды прыходзіць, і яны шукаюць нас праз пасольства, а яно і само ўжо змяніла трэці адрас. Ёсць выпадкі, калі беларусы прымалі грамадзянства ці Расіі, ці Польшчы.

Увогуле ж беларусы гэтай групы адносяцца да сваёй культуры, мовы, гісторыі больш паважліва, я сказаў бы, пяшчотна. Хто можа размаўляць па-беларуску, пры сустрэчы размаўляюць толькі на роднай мове.

Чацвёртая група — дзеці і ўнукі спецыялістаў, якія дзякуючы змешаным шлюбам маюць ужо і грамадзянства Латвіі. Калі адзін з бацькоў у іх не латыш, хоць і нарадзіўся ў Латвіі, то ён — не грамадзянін, а проста жыхар Латвіі. Як жартуюць у нас: неграмадзянін нарадзіў грамадзяніна.

Гэта самая складаная частка. Адны з такіх грамадзян ідуць у рускія школы, другія — у латышскія. Нацыянальна свядомыя бацькі вядуць сваіх дзетак у беларускую школу. Вось за душы гэтых маладых бацькоў, іх дзяцей нам і давядзецца пазмагацца. Гэта будучыня беларускага асяроддзя ў Латвіі. Калі мы створым ім адпаведныя ўмовы: школы, бібліятэкі, цэнтр беларускай культуры, тады справа беларускага адраджэння, справа росту нацыянальнай свядомасці будзе жыць, а беларус у Латвіі не будзе перахрышчвацца ў іншародца.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by