МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларусы ў Прыоб’і // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Майнічава А.
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

А. Майнічава

(г. Новасібірск)

БЕЛАРУСЫ Ў ПРЫОБ'І

Сярэдзіна XIX — пачатак XX стагоддзя

Ад характару рассялення ў значнай меры залежыць захаванне этнічных традыцый. На спецыфіку этнічнай сітуацыі ў розных рэгіёнах уплываюць розныя фактары, такія, як памеры груп, іх сацыяльны статус, час пасялення, суадносіны часовага і пастаяннага пасялення, характар рассялення і інш. Таму важна разгледзець дынаміку і колькасныя значэнні для насельніцтва Прыоб'я ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, у прыватнасці для выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, частка з якіх была этнічнымі беларусамі.

Насельніцтва рэгіёнаў Прыоб'я, напрыклад Томскай губерні, характарызавалася поліэтнічнасцю пры колькаснай перавазе ўсходніх славян. Згодна Спісу населеных месцаў Томскай губерні 1859 года, з 654 900 жыхароў усходнія славяне складалі 91,04 працэнта, сярод якіх трэцяе месца па колькасці пасля рускіх і ўкраінцаў займалі беларусы . Па дадзеных матэрыялах для вывучэння перасялення ў Сібір, якія сталі вынікам шматгадовых даследаванняў, якія праводзіліся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, у 1895 годзе ў Томскую губерню для асваення казённых земляў накіроўвалася з Віцебскай губерні 11 сем'яў (54 чалавекі), для рассялення на кабінетных землях — 5 сем'яў (21 чалавек), з Магілёўскай губерні рассельвалася на кабінетных землях 28 сем'яў (175 чалавек), з Мінскай губерні перасялілася на казённыя землі 3 сям'і (11 чалавек) .

У 1896 годзе паток перасяленцаў з беларускага эканамічнага раёна вырас. Больш за ўсё ў Томскую губерню накіроўвалася з гэтага раёна выхадцаў з Віцебскай губерні — 297 сем'яў, што складала 1833 чалавекі (на казённыя землі), і 50 сем'яў — 284 чалавекі (на кабінетныя землі). У тым жа годзе перасялілася таксама з Гродзенскай губерні 9 сем'яў (41 чалавек), з Віленскай — 9 (50 чалавек), з Магілёўскай — 139 сем'яў (803 чалавекі).

У наступным, 1897 годзе, колькасць перасяленцаў некалькі знізілася, аднак з Гродзенскай губерні перасялілася 3 сям'і (20 чалавек), з Віленскай — 10 (68 чалавек), з Магілёўскай — 82 (569 чалавек), з Віцебскай — 190 (1198 чалавек), з Мінскай — 19 сем'яў (190 чалавек).

За два гады з Томскай губерні выехала 34 сям'і беларусаў (183 чалавекі), што дае малы працэнт жадаючых памяняць новае месцажыхарства. Не ўсе, хто выязджаў з Томскай губерні, намерваліся вярнуцца на радзіму, некаторыя аселі ў іншых сібірскіх і расійскіх губернях. Прычыны ад'езду былі розныя: не ўдалося добра ўладкавацца на новым месцы, зямля аказалася неўрадлівай, дрэнна прынялі старажылы, не аказалася ў суседзях землякоў, сям'я страціла галаву сям'і, у сям'і было мала мужчын і таму цяжка было весці гаспадарку, страцілі ўсе грошы, прывезеныя на абзавядзенне гаспадаркай і г. д.

Даныя шматгадовых шырокамаштабных даследаванняў пачатку XX стагоддзя, праведзеных пад кіраўніцтвам В. Я. Нагнібяды , дазваляюць прасачыць дынаміку рассялення і ўмовы жыцця ў Томскай губерні выхадцаў з беларускага эканамічнага раёна. Большасць іх сялілася ў зоне Барабінскага стэпу, аднак немалая частка асела і ў Прыоб'і. Так, у пераходным раёне ад лесастэпавай зоны да таежнай, куцы ўваходзіла частка Томскага павета (Аляксееўская, Аяшынская, Кайлінская воласці і частка Марыінскага павета), з шасці гаспадарак беларусаў адна мела пасяўную плошчу 1—3 дзесяціны, дзве — 3—9 дзесяцін, тры — больш 9—10 дзесяцін. У таежным раёне (частка Марыінскага і Томскага паветаў) з 16 гаспадарак адна мела пасяўную плошчу да адной дзесяціны, дзве — 1—3 дзесяціны, чатыры — 3—9 дзесяцін, адна — больш 9 дзесяцін, не прыпісана было насельніцтва 8 сем'яў. У лесастэпавым раёне (Барнаульскі павет) пражывала сям'я, якая мела 3—9 дзесяцін.

Па даных 1910—1911 гадоў сярод перасяленцаў, якія перасяліліся да старажылаў, г. зн. атрымалі дазвол ад іх жыць у сёлах і надзелы зямлі для апрацоўкі, з 1904—1907 гадоў у лесастэпавым раёне жыла адна сям'я беларусаў. Для параўнання: там пражывала 54 сям'і рускіх, 24 сям'і ўкраінскіх перасяленцаў, прычым у другіх раёнах гэтыя суадносіны павышаюцца ў бок павелічэння долі беларускіх перасяленцаў. Па тых жа даных у пераходным раёне з 1893 года пражывала адна сям'я беларусаў, з 1893-1903 гадоў — дзве, з 1904-1907 гадоў — тры, з 1909—1910 гадоў (г. зн. менш трох гадоў) — адна сям'я. Больш усяго сем'яў пражывала ў таежным раёне: з 1893-1903 гадоў — дзве сям'і, з 1904-1907 гадоў — дзве, з 1908 года — адна, з 1909—1910 гадоў — тры сям'і. Можна таксама ўдакладніць, што перасяленцы з Віцебскай губерні пражывалі ў сёлах Плеса-Кудрынская (2 сям'і), Гутава (5 сем'яў), Мала-Жырава (1 сям'я), Нова-Кускова (2 сям'і), у вёсцы Караколь (12 сем'яў). Перасяленцы з Магілёўскай губерні жылі ў сяле Плеса-Кудрынская (4 сям'і), у вёсцы Новы Парос (1 сям'я), у сяле Гутава (3 сям'і). Прыехаўшыя з Віленскай губерні пасяліліся на станцыі Аяш (3 сям'і), у сяле Гутава (1 сям'я), вёсцы Тарбеева (1 сям'я). З Мінскай губерні перасялілася 1 сям'я на станцыю Аяш, 2 сям'і — у вёску Тарбеева. Неабходна таксама ўспомніць аб перасяленцах, загнаных на перасяленчыя ўчасткі, г. зн. у тыя месцы, дзе ніхто не жыў і дзе былі заснаваны новыя вёскі. У пераходным раёне Томскай губерні гэта катэгорыя перасяленцаў з беларускага эканамічнага раёна складала 34,6 працэнта ад агульнай колькасці прыехаўшых, у таежным раёне — 18,5 працэнта. Даныя аб часе пражывання ў Томскім павеце сем'яў выхадцаў з розных губерняў змешчаны ў табліцы (1 — Віленская, 2 — Віцебская, 3 — Гродзенская, 4 — Мінская, 5 — Магілёўская):

З якога года пражываюць 1 2 3 4 5

1909-1910 49 98 10 77 308

1908 63 143 13 196 563

1904-1907 98 91 29 191 314

1893-1903 114 17 2 30 22

Раней 1893 — — — — —

Пасля 1893 года перасяленцам пачалі адводзіць спецыяльныя перасяленчыя ўчасткі для асваення паселішчаў. Як відаць з табліцы, найбольш перасяленцаў прыбыло ў 1908 годзе з Магілёўскай губерні, на ранніх этапах засялення ў перыяд 1893—1903 гадоў першынствавалі выхадцы з Віленскай губерні, у 1904—1907 гадах — выхадцы з Магілёўскай губерні, захоўваючы колькасную перавагу на працягу ўсяго разглядаемага перыяду.

Даныя па этнічнай прыналежнасці сем'яў перасяленцаў, якія былі ўкаранёныя на перасяленчых участках у Томскім павеце, прыведзены ў наступнай табліцы:

З якога года пражываюць Рускія Украінцы Беларусы

1909—1910 735 209 405

1908 893 316 671

1904-1907 1023 286 527

1893-1903 283 164 116

Раней 1893 39 — —

Згодна статыстычным даным, да 1910—1911 гадоў у выніку інтэнсіўных міграцыйных працэсаў беларусы ад агульнай колькасці жыхароў у пераходным раёне Томскай губерні складалі 22 працэнты, у таежным — 19,1, а ў сярэднім па губерні — 16,6 працэнта.

Розніца, якая назіралася паміж данымі аб пражыванні беларусаў і перасяленцаў з губерняў беларускага эканамічнага раёна, звязана з тым, што гэта, разумеецца, не ідэнтычныя паняцці, сярод апошніх былі рускія і палякі і інш. Вызначэнне ж таго, якая ж сапраўдная колькасць беларусаў пражывала ў сёлах Прыоб'я, вельмі ўскладнена, таму што прамое ўказанне ў графе «Нацыянальнасць» не заўсёды дае рэальныя звесткі аб этнічнай прыналежнасці, бо этнонім «русские» ўжываўся ў двух сэнсах — у яго сучасным значэнні і як абагульненая назва трох усходніх славянскіх народаў у выпадку, калі іх прадстаўнікі размаўлялі пераважна на рускай мове. Таму ў ліку рускіх улічаны прадстаўнікі амаль усіх нацыянальнасцей, якія размаўлялі на рускай мове, хаця і не страцілі нацыянальнай самасвядомасці.

Варта таксама адзначыць, што большая частка беларусаў, якія былі праваслаўнай веры, у выніку агульнасці рэлігіі хутка інтэграваліся з рускім насельніцтвам. Перасяленцы католікі па магчымасці стараліся ствараць асобныя групы па канфесійных прыкметах з прыехаўшымі палякамі, аднак малалікасць гэтых груп прыводзіла да неабходнасці больш актыўна ўзаемадзейнічаць са старажыламі і праваслаўнымі перасяленцамі. У асноўным сяляне-беларусы лёгка сыходзіліся з рускімі, асаблівасці іх мовы ўспрымаліся імі і акаляючымі як дыялект рускай мовы. Існуючыя паміж беларусамі сувязі ўспрымаліся як зямляцкія. Усё гэта садзейнічала іх хуткай сацыяльнай адаптацыі, успрыняццю іх старажыламі на ўзроўні з рускімі перасяленцамі, а не як прадстаўнікоў другой нацыі, устанаўленню моцных гаспадарчых, а ў далейшым сваяцкіх сувязяў. Нягледзячы на адносную малалікасць беларускіх сем'яў, якія жылі ў сярэдзіне XIX — пачатку XX стагоддзяў у Прыоб'і, яны ўнеслі свой пазітыўны ўклад у фарміраванне своеасаблівай сібірскай культуры і гаспадаркі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by