|
Н. Радзігіна
(г. Новасібірск)
ВОЛЬНАНАРОДНАЯ КАЛАНІЗАЦЫЯ СІБІРЫ
Другая палова XIX — пачатак XX стагоддзя
Перасяленне сялян у шматзямельныя ўскраіны Расійскай імперыі ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя — адна з самых яркіх і драматычных старонак айчыннай гісторыі. Прычыны сялянскіх перасяленняў з Беларусі хаваліся ў асаблівасцях аграрных адносін, якія склаліся ў выніку правядзення ліберальна-буржуазных рэформ 1860-х гадоў і характарызаваліся малазямеллем і абеззямельваннем значнай часткі сельскага насельніцтва, недахопам лясных і пашавых угоддзяў, сацыяльным расслаеннем сялян. Мінскі губернатар А. І. Пятроў у звароце да міністра ўнутраных спраў Д. А. Талстога ў 1884 годзе да ліку прычын сельскагаспадарчых міграцый адносіў народжанае рэформамі імкненне сялян да асабістай незалежнасці і жаданне «снискивать средства пропитания только от собственной земли», вынікам чаго з'яўляліся раздзелы зямельных надзелаў паміж членамі сялянскіх сем'яў і драбненне зямельных участкаў, якія «делались недостаточными для пропитания их владельцев».
Самі сяляне ў прашэннях аб перасяленні вельмі часта матывавалі сваё жаданне перасяліцца немагчымасцю існавання на радзіме з-за нястачы(«по тяжкой крайности нашей») і прыгнечання. «Если есть на свете правосудие, рыба ищет глуботу, а человек, где лучше», — пісаў томскаму губернатару селянін Е. I. Вілюга з вёскі Карцінічы Полацкага павета Віцебскай губерні.
Прыгнёт у сялянскай свядомасці трактаваўся больш шырока, чым недахоп зямельных надзелаў. Жаданне «уйти от утеснения», разам з магчымай гаспадарчай самастойнасцю ва ўмовах зямельнай прасторы, мела на ўвазе і пэўную сацыяльную незалежнасць ад паноў і чыноўнікаў. У асобных выпадках бясчынствы апошніх адкрыта называліся ў якасці прычыны высялення. Так, у прашэнні 45 сялянскіх сем'яў з вёсак Белі і Локуці Нячыпараўскай воласці Гродзенскага павета Віцебскай губерні падкрэслівалася, што прычынамі, якія штурхаюць «на пересел», з'яўляюцца «крайняя нястача» і «прыгнёт» мясцовага памешчыка Крывашэіна.
Да сярэдзіны 1890-х гадоў урад перашкаджаў развіццю перасяленчага руху, прызнаючы непарушнасць пазямельнага ўладкавання сялян, устаноўленага рэформай 1861 года, і рабіў стаўку на развіццё буйных памешчыцкіх гаспадарак, для нармальнага функцыянавання якіх неабходная была тайная рабочая сіла. Заходнія губерні (Мінская, Магілёўская, Віцебская, Гродзенская) былі выключаны са сфер дзеяння законаў аб перасяленні 1881 і 1889 гадоў, якія дазвалялі перасяленне сялян з малазямельных губерняў на свой страх і рызыку. У канцы 1890-х гадоў і пачатку 1900-х адбываецца пераход да палітыкі планамернага перасялення ва ўсходнія рэгіёны краіны найбольш беднага малазямельнага сялянства, у тым ліку і беларускага. На фарміраванне пазіцый урада па перасяленні сялян з заходніх губерняў уплывала барацьба дзвюх тэндэнцый: з аднаго боку, неабходнасць высялення «лішняга» сельскага насельніцтва (прычым найбольш актыўнай часткі сялянства), з другога — імкненне захаваць у краі ўсходнеславянскі элемент у сувязі з бояззю «очистить западные земли для немецкого натиска».
Такім чынам, у 1860-х — пачатку 1890-х гадоў сялянскія перасяленні з Беларусі не заахвочваліся ўрадам. За распаўсюджванне сярод сялян інфармацыі аб вольных сібірскіх землях вінаватыя караліся фізічна ці знявольваліся ў турму, а часам караліся і адміністрацыйнай ссылкай у Сібір. Напрыклад, А. Дашкевіч, жыхар вёскі Смык-Слабада Ігуменскага павета Мінскай губерні быў прысуджаны 4 мая 1884 года да пазбаўлення правоў і ссылкі ў Сібір на пасяленне «за распространение ложных слухов о льготном переселении на Амур». Чуткі «о новых местах» разам з пісьмамі ссыльных і раней пераселеных родных ці аднасяльчан былі адной з асноўных крыніц інфармацыі пра Сібір. «Царь распорядился, чтобы все переселялись, где мало земли, а начальство удерживает и желает, чтобы мы работали панам, если желают, чтобы остались, то пускай наделяют землей, сечь не имеют права и мы этого не допустим», — так тлумачылі сяляне Ігуменскага павета забарону перасяленняў і фармулявалі свае адносіны да гэтых забаронаў.
Ёсць сведчанні, што прымяняліся войскі, каб вярнуць на радзіму сялян, якія выселіліся самавольна. Так, памочнік начальніка Магілёўскага губернскага жандарскага ўпраўлення М. М. Грамыка дакладваў 21 мая 1890 года вышэйшаму начальству аб вяртанні з дапамогай войск на ранейшае месца жыхарства і пакаранні розгамі 88 сялян Палужскай, Дубровіцкай і Брацькавіцкай воласцяў Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні за тое, што яны, «распродав свое имущество, двинулись в Сибирь», аб пакаранні розгамі 135 сялян за «одно намерение переселиться». Зазначым, што ў адным з папярэдніх данясенняў (ад 23 красавіка 1890 г.) Грамыка зафіксаваў адметнае выказванне перасяленца з вёскі Крупец Клімавіцкага павета М. Ларыёнава, які характарызаваў настрой сялян-перасяленцаў: «Если нас не пустят, мы сделаем мятеж, как в 1863 г., тогда паны желали подушить нас, а теперь мы их подушим и будем жить свободнее».
Нягледзячы на рэпрэсіўныя меры, якія прадпрымаліся мясцовымі ўладамі для стрымлівання перасяленчага руху, з 1884 па 1895 год у Сібір, згодна са справаздачамі цюменскага перасяленчага чыноўніка, перасялілася 3 605 чалавек у складзе 612 сем'яў з Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Па сведчаннях дзяржаўнага сакратара А. Куломзіна, у перыяд з 1878 па 1896 год Віцебская губерня займала семнаццатае месца сярод шасцідзесяці пяці губерняў, выхадцы якіх удзельнічалі ў перасяленчым руху ў Сібір, яе доля ў міграцыйным патоку складала 1,5 працэнта (1918 душ мужчынскага полу), Гродзенская і Магілёўская губерні займалі адпаведна дваццаць восьмае і трыццаць другое месцы. Па даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года, беларусы складалі 0,2 працэнта насельніцтва Сібіры.
1896 год з'явіўся пачаткам уступлення заходніх губерняў у «большое переселение». Па падліках беларускага гісторыка П. Д. Верашчагіна, колькасць перасяленцаў з Віцебскай губерні вырасла ў 43 разы, з Гродзенскай — у 10, з Магілёўскай — больш чым у пяць, а з Мінскай — у 28 разоў. У 1903—1904 гадах заходнія губерні займалі першыя месцы па колькасці перасяленцаў у сібірскія губерні.
У цэлым з 1885 па 1914 год беларускія губерні давалі 12 працэнтаў усіх сібірскіх мігрантаў, займаючы адно з вядучых месцаў у агульным перасяленчым патоку.
Перасяленцы з заходніх губерняў належалі ў асноўным да бяднейшага сялянства, што падкрэслівалася назіральнікамі і даследчыкамі перасяленчага руху. Гэты вывад пацвярджаецца і матэрыяламі статыстычных даследаванняў перасяленчых гаспадарак Табольскай і Томскай губерняў. Так, у Тарскай акрузе Табольскай губерні, куды ў асноўным накіроўваліся беларускія перасяленцы ў межах Заходняй Сібіры, да ліку беззямельных і бяздомных на радзіме належала больш як адна трэць з іх. Разам з сялянамі перасяляліся мяшчане, збяднелыя дваране.
Умовы перасяленчага руху, асабліва да пабудовы Сібірскай чыгункі (пачатак 1890-х гадоў), былі неверагодна цяжкія. Смяротнасць у дарозе сярод усіх перасяленцаў, якія прыбылі ў Сібір у 1880—1894 гадах, складала 33 працэнты. Можна меркаваць, што працэнт смяротнасці беларускіх перасяленцаў быў яшчэ вышэйшы, бо яны належалі да найменш забяспечаных мігрантаў. Многія сем'і за дарогу «ополовинивались», гэта значыць страчвалі палову членаў сям'і або выміралі цалкам.
Не менш цяжкім было ўладкаванне на новых месцах. Можна лічыць тыповай гісторыю перасяленчага пасёлка Вазнясенскі Тарскай акругі Табольскай губерні, заселенага ў 1891—1896 гадах выхадцамі з Мінскай і Гродзенскай губерняў. Перасяленцы першыя два гады пасля прыходу «на новыя месцы» жылі як работнікі ў старажылаў, зарабляючы сродкі на абзавядзенне самастойнай гаспадаркай. На момант абследавання (1896) большасць дзяцей, якія жылі ў пасёлку, пакутавала захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракту, 20 дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў памерлі ад розных захворванняў, а ўсяго ж у пасёлку жыло 30 сем'яў перасяленцаў.
Аднак беларускія перасяленцы пераадольвалі ўсе цяжкасці на новых месцах, засноўвалі новыя пасёлкі, прыносілі ў Сібір новыя рамёствы і ўкаранялі новыя сельскагаспадарчыя культуры, гаспадарчыя і культурныя традыцыі свайго народа. Большасць выхадцаў з заходніх губерняў сяліліся ў таежных раёнах Сібіры, і беларусам належыць вялікая заслуга ў іх гаспадарчым і культурным асваенні. Між тым толькі ў Тарскай акрузе Табольскай губерні, дзе большасць «прышлага» насельніцтва складалі перасяленцы з Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў, трэцяя частка зямель, афіцыйна адведзеных пад перасяленчыя ўчасткі, прызнавалася няўдобіцай. Перасяленцам даводзілася «адваёўваць» у тайгі кожны метр зямлі і рабіць яе прыдатнай для земляробства: ссякаць векавыя дрэвы, раскарчоўваць, расчышчаць.
Цяжкасці асваення тайгі, нізкі эканамічны патэнцыял большасці перасяленцаў, недастатковая дапамога з боку ўрада прыводзілі да ўспышак эпідэмічных захворванняў. У 1909 годзе ва ўрманах Тарскай і Турынскай акруг успыхнула эпідэмія сыпнога тыфу. Цынга і «курыная слепата», якія сведчаць аб дрэнным харчаванні і нездавальняючым санітарным стане жылля, былі амаль пастаяннымі «гасцямі» перасяленчых пасёлкаў. На думку сібірскіх даследчыкаў, працэс асваення таежных прастораў быў адной з драматычных старонак у гісторыі каланізацыі Сібіры.
Ужо згадвалася, што беларускія перасяленцы ўнеслі пэўныя новаўвядзенні ў развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і рамёстваў на сваёй новай радзіме. Адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў перасяленчага руху канца XIX — пачатку XX стагоддзя А. Каўфман пісаў пра выдатнае вядзенне гаспадаркі віцебскімі перасяленцамі 1850— 1860-х гадоў — «панцырнымі баярамі», якім Табольская губерня абавязана распаўсюджаннем новых гатункаў ільну, прызнаных лепшымі ў Сібіры. Перасяленцы з Мінскай, Магілёўскай і іншых губерняў распаўсюдзілі ў раёнах пражывання саматужную вытворчасць сукна і вязаных вырабаў (шалікаў, паясоў, рукавіц).
