|
(г. Новасібірск)
БЕЛАРУСЫ СІБІРЫ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
З'яўленне першых выхадцаў з Беларусі ў Сібіры адзначана ў канцы XVI стагоддзя. Так, у Румянцаўскім летапісе . паведамляецца, што ў паходзе Ермака прымала ўдзел да 300 чалавек «літвы» . Д. Садоўнікаў лічыў, што гэтая «літва» была выкуплена Строганавымі з палону ў нагайцаў . Ёсць меркаванні, што паплечнікі Ермака Мікіта Пан і Чэркас Аляксандраў былі з «літвы» . Чэркас Аляксандраў меў яшчэ прозвішча «Корсак» (па-беларуску — каршун), характэрнае для полацкай шляхты. «Літва» прымала актыўны ўдзел у закладцы Цюмені (1583—1584), Табольска (1587), Сургута (1593), а таксама ў будаўніцтве Тары (1594) — першага кроку рускіх у глыб Азіі . Людзі «літвы» ўдзельнічалі ў разгроме войскаў хана Кучума ў 1598 годзе недалёка ад цяперашняга Новасібірска .
У Маскоўскай дзяржаве «літвой» называлі жыхароў шматнацыянальнага Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), у якім дзяржаўнай мовай была беларуская, а беларусы складалі большасць насельніцтва. У 1569 годзе ВКЛ аб'ядналася з Польскім каралеўствам у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую (РП), з якой Маскоўская дзяржава да 1795 года вяла на тэрыторыі Беларусі працяглыя войны.
Масавае перасяленне жыхароў ВКЛ у Сібір адзначана ў канцы XVI і ў XVII стагоддзі. Маскоўскі ўрад глядзеў на ссылку ў Сібір як на сродак яе засялення. П. Н. Буцінскі прагледзеў архівы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі ў Сібірскім прыказе, а таксама апублікаваныя з 1593 да 1645 года выданні гістарычных актаў і выявіў да 650 чалавек ваеннапалонных, якія былі ў гэты час «иманы на бою і в языцех» . Сярод іх была і «літва». Напрыклад, у грамаце ад 4 студзеня 1599 года верхнетурскаму ваяводу паведамлялася аб пасылцы да яго вялікай групы апальных людзей, сярод якіх была «літва» і «...быти им на Березове на житие и на «службе»...»
Н. Н. Аглаблін піша, што ў імянных «росписях» служылых, сасланых у Сібір, фігуруюць галоўным чынам ссыльныя групы «літва», або «літоўскага спіска», «...куды заносіліся беларусы, палякі, «чаркасы», немцы і інш.» Гэта былі ваеннапалонныя («вязні», «языкі»), узятыя ў працяглых войнах з РП. Так, у жніўні 1633 года ў Томск прыслалі вялікую групу «литовских людей». Большасць новапрысланых было з Беларусі, ураджэнцы «паветаў» Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага, Прапойскага і інш. Абсалютная большасць «літвы» — шляхціцы і дзеці баярскія, казакі «літоўскага спіска» — прызначалася на службу пасля прыняцця праваслаўя, астатнія — у стральцы. Яны добра ведалі ваенную справу, грамату і адразу ж прыраўноўваліся ў правах з астатнімі служылымі.
У Сібір ссылаліся і літоўскія сяляне, якія паступалі ў распараджэнне земляробаў. Так, у 1617 годзе ў Томск паслалі тры партыі літоўскіх пахалкаў (сялян): адну — колькасцю 60 чалавек, другую — 99, трэцюю — 75 чалавек, і ўсіх іх было загадана «раздать пашенным крестьянам для пашеннаго науку» . На працягу ўсяго XVII стагоддзя «служылая літва» складала значны працэнт ад усяго служылага насельніцтва гарнізонаў Сібіры ажно да Мангазеі, Енісейска, Якуцка. У Томскім гарнізоне яна складала ад 10 да 20 працэнтаў , у Кузнецкім — ад 15 да 40 працэнтаў . У ваеннай і палітычнай гісторыі Сібіры XVII стагоддзя добра вядомыя імёны Багдана Аршынскага (родам з Оршы), Якава Тухачэўскага (смаленскі шляхціц).
Гісторыкі адзначаюць пэўную ролю служылых людзей «літоўскага спіска» ў гаспадарчым і культурным развіцці Сярэдняга Прыоб'я. Яны будавалі замкі, мелі ворную зямлю. Па атласу Рэмізава (170 г.) Д. Н. Белікаў налічваў 90 рускіх паселішчаў на агромністай прасторы Томска-Кузнецкага раёна . Сярод іх знаходзіліся і паселішчы, заснаваныя служылымі людзьмі «літоўскага спіска». Так, у Сасноўскім стане яны заснавалі сёлы Балахіно, Гутава, Літвінава, Круглікава. У 1657 годзе Юрый Ядлоўскі кіраваў будаўніцтвам Сасноўскага астрога, у 1684 годзе Юрый Сабалеўскі — Уртамскага, а ў 1703 годзе Аляксей Круглікаў — Умравінскага. К канцу першай чвэрці XVIII стагоддзя «літва» прыняла актыўны ўдзел у асваенні амаль двух дзесяткаў вёсак з 200 вядомых у Томскім павеце і цалкам злілася з рускімі земляробамі .
У XVIII стагоддзі царскі ўрад прапанаваў выкарыстаць ваеннапалонных з РП для фарміравання ў Сібіры вайсковых падраздзяленняў. У 1744 годзе ў Табольску па рашэнні Сената былі сфарміраваны казацкія палкі са служылых людзей, у тым ліку і з палонных «польскіх» канфедэратаў. У 1747 годзе з гэтых часцей сфарміравалі драгунскі полк і пяхотны батальён, якія ўрад адправіў на Сібірскую і Калыванскую лініі. У 1763 годзе для аховы паўднёвых межаў Сібіры сфарміравана некалькі палкоў, у тым ліку і з пасадскіх людзей, вывезеных з РП. У 1764—1765 гадах пачалося масавае засяленне Барабінскага стэпу выхадцамі з Магілёўскай губерні. Гэта адбылося пасля таго, як царскія войскі ў 1764 годзе разарылі раён Веткі каля Гомеля і вывелі ў Барабу да 2000 так званых палякаў — старавераў . Калі ў 1763 годзе ў Каінскім павеце налічвалася 1992 мужчынскія душы, то ў 1782 — 10 245 . У 1813 годзе ў Сібір саслалі больш за сотню польскіх палонных, якія ўдзельнічалі ў паходзе на Маскву. Вясной 1814 года ў Томску была раскрыта змова польскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся пад уплывам ідэй французскай рэвалюцыі .
Падаўленне царскім урадам нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі ў 1830—1831 гадах і асабліва паўстання 1863—1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага суправаджалася масавым высяленнем беларусаў у Сібір. Там апынуліся ўраджэнцы Беларусі І. Агрызка, З. Мінейка (пазней стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі), А. Аскерка, Ф. Зянковіч, Ю. Каліноўскі, С. Грынеўскі (бацька пісьменніка Аляксандра Грына), К. Кастравіцкі (бацька беларускага паэта К. Каганца, які нарадзіўся ў Табольску), мастакі А. Альхімовіч, Ю. Бергман, пісьменнік А. Вярыга-Дарэўскі, вучоныя Б. Дыбоўскі (урач, заолаг), А. Вількіцкі (гідролаг), І. Чэрскі (геолаг, палеантолаг, географ) і тысячы іншых.
Перапісам насельніцтва 1866 года ў Каінскай акрузе зарэгістравана значная колькасць католікаў мужчын і жанчын — 2440 чалавек . З'яўленне такой вялікай колькасці католікаў у Барабе арганізатары перапісу растлумачылі наплывам «палякаў» на пасяленне пасля апошняга паўстання. Да катэгорыі «палякаў» адносілі пры гэтым не толькі этнічных палякаў, але і беларусаў-католікаў. Праваслаўныя ж беларусы перамяшаліся з рускімі.
У канцы XIX стагоддзя Беларусь уключылася ў вялікае аграрнае перасяленне. З 1896 па 1912 год з Беларусі ў Сібір добраахвотна мігрыравала 716 600 чалавек . Па даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года, у Каінскай акрузе жыло 1160 беларусаў (0,62 працэнта насельніцтва), а ў 1911 годзе тут было 1113 наяўных гаспадарак (18 працэнтаў) выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў . У 1914—1918 гадах з прыфрантавых раёнаў, у тым ліку і з Беларусі, у Томскую губерню прыбыло каля 200 тысяч бежанцаў . Праўда, многія з іх пазней вярнуліся на радзіму.
У 20—30-х гадах адзначана масавае перасяленне з Беларусі ў Сібір у сувязі з голадам і разрухай, працягвалася і аграрнае перасяленне. Засяляліся галоўным чынам землі Барабінскай і Новасібірскай акруг. Па даных перапісу насельніцтва 1926 года, у Барабінскай акрузе жыло 25 413 беларусаў, а ў Новасібірскай — 37 439. У Барабінскай акрузе беларусы складалі пераважную большасць у 56 населеных пунктах, а ў Новасібірскай — у 121. За 9 месяцаў 1928— 1929 гадоў у Сібір з Беларусі перасялілася 51 737 чалавек .
З сярэдзіны 30-х гадоў і да 1941 года характар міграцыі насельніцтва з Беларусі ў Сібір змяніўся з аграрнага на індустрыяльны ў сувязі з прамысловым і культурным развіццём гарадоў Сібіры. У гэтыя гады ў Беларусі сталінскія рэпрэсіі асабліва ўдарылі па нацыянальнай інтэлігенцыі. Так, у Новасібірскай вобласці адбываў ссылку беларускі паэт, драматург і празаік Тодар Лебяда . Беларуская паэтэса Н. Арсеннева вясной 1940 года не па сваёй волі апынулася на Новасібірскай зямлі. Прасторы Барабы натхнілі яе да напісання верша «Толькі вясной бывае неба такое сіняе, толькі вясной бываюць далі такія чыстыя...» Па даных перапісу насельніцтва 1939 года, у Новасібірскай вобласці жыло 41 713 беларусаў .
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Новасібірску на 1 снежня 1943 года налічвалася 141 тысяча эвакуіраваных людзей з Беларусі . З Мінска ў Новасібірск эвакуіравалі драматычны і яўрэйскі тэатры. Воіны-сібіракі насмерць змагаліся ў Брэсцкай крэпасці, пад Оршай, Мінскам, вызвалялі Беларусь. Звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены жыхары Новасібірскай вобласці беларусы А. А. Парцянка, П. Д. Юрчанка і інш.
У пасляваенныя гады, а таксама ў 50—80-х гадах з Беларусі працягваўся адток насельніцтва ў Сібір — у працэсе дэпартацыі, асваення цалінных зямель, арганізаваных набораў рабочых у прамысловыя раёны, размеркавання выпускнікоў ВНУ, тэхнікумаў, школ сістэмы працоўных рэзерваў, наступстваў чарнобыльскай катастрофы, службы ў Савецкай Арміі і г.д. Па даных усесаюзных перапісаў насельніцтва 1959, 1970, 1979 і 1989 гадоў, у Новасібірскай вобласці жыло адпаведна 11 684, 12 015, 11 589 і 13 137 беларусаў, што ў сярэднім складала 0,5 працэнта ад усяго насельніцтва вобласці . Па даных мікраперапісу насельніцтва 1994 года, адзначаны адток беларусаў на 25 працэнтаў у структуры нацыянальнага складу насельніцтва Новасібірскай вобласці ў параўнанні з данымі перапісу 1989 года. Толькі 266 беларусаў з тысячы лічаць сваёй роднай мовай беларускую і 27 з тысячы дома размаўляюць на беларускай мове . У той жа час у тых жа сёлах Новасібірскай вобласці, дзе жывуць пераважна выхадцы з Беларусі і іх нашчадкі, захоўваюцца асаблівасці беларускага быту, беларускай народнай культуры (фальклор, абрады і г. д.).
Сёння беларусы вобласці за тысячы вёрст ад сваёй Айчыны падтрымліваюць гонар беларуса і Беларусі. Яны ганарацца сваімі землякамі Героем Сацыялістычнай Працы, ганаровым грамадзянінам горада Новасібірска акадэмікам А. А. Трафімуком, старшынёй Прэзідыума Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, Героем Сацыялістычнай Працы, ганаровым грамадзянінам горада Новасібірска акадэмікам В. А. Капцюгом і многімі іншымі. Беларусь таксама не забывае сваіх сыноў і дачок. У 1992 годзе ў Мінску адбыўся Сход беларусаў блізкага замежжа, у 1993 — Першы з'езд беларусаў свету. Дэлегаты гэтых з'ездаў заклікалі ўсіх беларусаў да нацыянальнага яднання.
У чэрвені 1995 года ў Новасібірску адбылася сустрэча беларусаў Сібіры (Омск, Томск, Новасібірск, Барнаул, Кемерава, Новакузнецк, Краснаярск). Удзельнікі сустрэчы звярнуліся да беларусаў-землякоў са зваротам, у якім выказалі неспакой у сувязі з заняпадам беларускай традыцыйнай культуры ў Сібіры і заклікалі ствараць свае культурна-асветніцкія аб'яднанні з мэтай вывучэння, засваення, адраджэння, захавання, распаўсюджвання і развіцця беларускай культуры ў Сібіры. Расшыраецца і актывізуе работу Новасібірскае культурна-асветніцкае таварыства «Беларусы Сібіры» (зарэгістравана ў 1994 годзе). Беларусы-сібіракі пачынаюць вывучаць свае карані, гісторыю, культуру і мову. Яны заахвочваюць да гэтага сваіх дзяцей, унукаў, выхоўваюць у іх любоў і павагу да сібірскай зямлі і да зямлі сваіх продкаў.29
