МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

У “Сібірскім хранографе” — і пра беларусаў таксама // Культура беларускага замежжа

Аўтар: Яновіч Л.
Кнiга: Культура беларускага замежжа. «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА». Мінск. 1998.
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Л. Яновіч

(г. Новасібірск)

У «СІБІРСКІМ ХРАНОГРАФЕ» — І ПРА БЕЛАРУСАЎ ТАКСАМА

Гісторыкі Сібіры, пачынаючы з дзяка Савы Есіпава і акадэміка Герарда Фрыдрыха Мілера і канчаючы сучаснымі даследчыкамі, асвоілі немалую колькасць самых розных крыніц пра развіццё Усходу Расіі. Але публікацыя гэтых крыніц яшчэ вельмі далёкая ад свайго завяршэння, шэраг публікацый мінулых стагоддзяў не адпавядае сённяшнім патрабаванням, многія сотні тысяч старонак дакументальных і апавядальных помнікаў гісторыі Сібіры чакаюць свайго выяўлення — яны да гэтага часу невядомыя навуцы. Пошукі ў архівах, рукапісных аддзелах музеяў і бібліятэк, а таксама археаграфічныя экспедыцыі штогод прыносяць новыя знаходкі і адкрыцці. Таму ўжо даўно ўзнікла патрэба публікацыі серыі, у рамках якой можна было б рэгулярна выдаваць даволі значны аб'ём сібірскіх крыніц Усходу Расіі.

З гэтай мэтай у 1991 годзе ў Новасібірскім Акадэм-гарадку быў створаны навукова-выдавецкі цэнтр «Сібірскі хранограф». Рэдакцыйна-выдавецкі савет цэнтра ўзначаліў акадэмік РАН М. Пакроўскі, заснавальнік школы новасібірскіх археографаў. У склад савета ўвайшлі вядучыя спецыялісты. З 1992 года «Сібірскі хранограф» пачаў выдаваць серыю «Гісторыя Сібіры. Першакрыніцы» пад кіраўніцтвам акадэміка Пакроўскага. У кнігах серыі публікуюцца самыя разнастайныя дакументальныя і апавядальныя крыніцы, якія ўтрымліваюць звесткі па гісторыі асваення рэгіёна, яго ўзаемасувязяў з цэнтрам краіны, па стварэнні і змяненні структур дзяржаўнай улады і мясцовага земскага самакіравання, матэрыялы пра гісторыка-культурныя працэсы, пра развіццё сібірскай літаратуры; значная ўвага таксама ўдзелена гісторыі сібірскай царквы, а таксама літаратурнай, гістарычнай, дагматычнай творчасці мясцовых старавераў.

Некалькі тамоў серыі прызначаны пад выданне самых старажытных сібірскіх актаў канца XVI — першай трэці XVIII стагоддзя. Больш як сем тысяч такіх актаў было скапіравана па ўказанні Г. Ф. Мілера ў час яго сібірскай экспедыцыі ў 1733—1743 гадах. Копіі гэтыя, зробленыя ў архівах розных сібірскіх гарадоў, складаюць зараз трыццаць пяць аб'ёмных тамоў, матэрыялы якіх толькі часткова ўведзены ў навуковы ўжытак у асобных разрозненых выданнях. У двух тамах нашай серыі апублікаваны складзены ў XVIII стагоддзі падрабязны вопіс усіх гэтых дакументаў з указаннем іх цяперашніх архіўных шыфраў.

Пачата сістэматычнае выданне тэкстаў сібірскіх актаў XVI—XVIII стагоддзяў са шматлікіх фондаў цэнтральных і мясцовых архіваў. У першую чаргу гэта, вядома, фонд Сібірскага прыказа, дзе лік такім актам ідзе на многія сотні тысяч. Да гэтага часу не было апублікавана і тысячнай часткі гэтага багацця. Тамы серыі, прысвечаныя гэтым актам, будуюцца па тэматычным прынцыпе. У першых двух тамах публікуюцца дакументы аб узнікненні, пачатковым этапе развіцця сібірскіх гарадоў і акты, звязаныя з дзейнасцю свецкіх органаў самакіравання ў XVII стагоддзі. Далей на чарзе найбагаты матэрыял па гісторыі міжнацыянальных адносін у Сібіры; у гэтай сферы асабліва важна ведаць прадстаўнічы, аб'ектыўны падбор тэкстаў, які сведчыць аб самых розных, падчас палярных тэндэнцыях у гістарычным развіцці.

Яшчэ адзін том старажытных сібірскіх дакументаў з фондаў Сібірскага прыказа ўтрымлівае акты і асабістыя пісьмы, якія адлюстравалі ход першага агульнасібірскага вышуку, праведзенага па ўказанні юнага Пятра Першага. Гэта была маштабная спроба барацьбы з карумпіраванасцю сібірскага апарату ўпраўлення, з незаконнай прадпрымальнасцю бюракратыі.

Змест двух іншых тамоў серыі звязаны з гісторыяй дзейнасці ў Сібіры XVII стагоддзя Рускай праваслаўнай царквы. У першым з гэтых тамоў выдадзены шырокія апісанні рухомай і нерухомай маёмасці Табольскага архірэйскага дома першай паловы XVII стагоддзя і службовая перапіска па справах царквы. Гэтыя матэрыялы ўтрымліваюць багатыя звесткі пра дынаміку царкоўнага землеўладання, пра рускае прыкладное мастацтва таго часу, пра царкоўны жывапіс, кнігі. У другім томе публікуюцца тэксты ранняй сібірскай літаратуры, напісанню ў XVII стагоддзі ў табольскім архірэйскім доме. Яны ўключаюць славуты сінодзік Ермаковым казакам (1622), галоўную крыніцу па гісторыі паходу Ермака, якая лічылася доўгі час страчанай; яшчэ выдаецца адзін з галоўных сібірскіх летапісаў — Есіпаўскі (1636); Паданне аб Абалацкой і Казанскай іконах Багародзіцы, іншыя літаратурныя помнікі.

З экспедыцыяй Г. Ф. Мілера звязаны матэрыялы яшчэ трох тамоў серыі. Акадэмік у час сваіх дзесяцігадовых вандровак па Сібіры, а таксама ў другой камчацкай экспедыцыі, рабіў дэталёвыя падарожныя апісанні, сабраўшы такім чынам унікальны матэрыял па гісторыі засялення краю, будаўніцтве першых гарадоў і астрогаў, па этнаграфіі, геаграфіі, тапаніміцы. З аднолькавай скрупулёзнасцю ён фіксаваў гісторыю, культуру, быт як рускага, так і абарыгеннага насельніцтва Сібіры. Яго лінгвістычныя матэрыялы даюць найстарадаўнія пісьмовыя фіксацыі асноўных сібірскіх моў, усё яшчэ амаль не выкарыстаныя пазнейшымі даследчыкамі. Умелая праца з мясцовымі інфарматарамі з ліку казакоў, ямшчыкоў, сялян, гараджан прывяла, напрыклад, да таго, што вучоны па шэрагу сібірскіх рэгіёнаў зафіксаваў у паўтара-два разы больш пасяленняў, чым афіцыйная статыстыка таго часу. Многія матэрыялы Г. Ф. Мілера напісаны на нямецкай мове цяжкім гатычным хуткапісам з элементамі тайнапісу, так што яны аказаліся недаступнымі не толькі для цікаўных мясцовых чыноўнікаў, але і для пазнейшых даследчыкаў. Толькі нядаўна новасібірскія вучоныя здолелі ўпэўнена дэшыфраваць гэтыя запісы знакамітага вучонага. Асаблівую цікавасць выклікаюць упершыню апублікаваныя матэрыялы Г. Ф. Мілера пра вераванні, звычаі, жыллё, харчаванне, сістэму выхавання абарыгенных народаў Сібіры.

Новасібірск — сусветна прызнаны цэнтр па вывучэнні рускага стараверства за увесь час яго існавання з сярэдзіны XVII стагоддзя і да нашых дзён. Творам народнай літаратуры, створаным у асяроддзі ўрала-сібірскіх старавераў, адводзіцца два тамы нашай серыі (у далейшым, як і для іншых тэм, магчымы працяг). Тут будуць апублікаваны творы сялянскага пісьменніка XVIII стагоддзя Мірона Галаніна, які зрабіў першую спробу ўсведамлення гісторыі стараверства на Усходзе Расіі. У ходзе новасібірскіх археаграфічных экспедыцый быў упершыню выяўлены новы жанр стараверскай літаратуры — «родословия» асобных стараверскіх згодаў. Галоўнае з гэтых «родословий», створанае ў XIX стагоддзі, будзе цалкам апублікавана. Публікуюцца таксама творы стараверскай апакаліптыкі, якія ўтрымліваюць роздум народных мысліцеляў пра лёсы светабудовы, пра перыядызацыю сусветнай гісторыі, пра Страшны суд. Апошнім часам нам сталі даступныя таксама шматлікія стараверскія творы, прысвечаныя гісторыі стараверства з пятроўскіх часоў да нашых дзён. Аўтары іх — пустынажыхары і сяляне Урала, Заходняй і Усходняй Сібіры. Гэтыя творы да самага апошняга часу былі тайнай, падпольнай літаратурай, бо яны ўтрымлівалі непрыемныя народныя ацэнкі палітыкі савецкіх улад наконт жорсткага ўціску веры, «рассяляньвання», калектывізацыі і інш. Стараверскія пісьменнікі апавядаюць пра разгром войскамі НКУС скітаў, аб катаваннях манахаў, знішчэнні старажытных кніг і ікон. Публікуюцца пастановы тайных стараверскіх сабораў аб адносінах да антыхрыставых улад, аб пагардзе да «свету Антыхрыста».

Сібір была шырока і сумна вядомая ва ўсім свеце як месца найцяжкой катаргі і ссылкі. Сібірскія катарга і ссылка аказвалі прыкметны ўплыў як на Расійскую імперыю ў цэлым, так і на Сібір. Дакументам аб жудаснай Нерчынскай катарзе (1825—1917) прысвечаны два выпускі серыі. Яны даюць звесткі аб знаходжанні на катарзе прадстаўнікоў розных рускіх партый і грамадскіх плыняў, польскіх паўстанцаў і інш. Дакументы малююць катаржны рэжым і побыт, грамадскую і навуковую дзейнасць ссыльных. Публікуюцца таксама зарубежныя пратэсты супраць рэпрэсій.

У нашай серыі мы не змаглі мінаваць такой з'явы ў грамадскім жыцці краю, якой з'яўлялася сібірскае «областничество». Марксісцкай гістарыяграфіі заўсёды было цяжка справіцца з ацэнкамі гэтага важнага руху. Адназначных ацэнак яго не можа быць і сёння. З аднаго боку — утапічныя заклікі «областников» да поўнага аддзялення Сібіры ад Расіі, а з другога — цвярозая і аб'ектыўная ацэнка «областниками» каланіяльных метадаў эксплуатацыі ўскраіны ўладамі цэнтра. Тым важней сёння шырокая публікацыя дакументаў аб «областниках». Гэтаму прысвечаны два тамы серыі. У першым з іх выдаюцца матэрыялы, звязаныя з судовым працэсам над сібірскімі «областниками» (1865—1867), калі былі арыштаваны дзесяткі ўдзельнікаў руху, уключаючы яго кіраўнікоў, вядомых вучоных Р. М. Патаніна, М. М. Ядрынцава, А. П. Шчапава. У другім томе выдаецца, бадай, галоўная манументальная праца ўсяго руху — манаграфія М. М. Ядрынцава «Сібір як калонія ў геаграфічных, этнаграфічных і гістарычных адносінах». Сённяшняму даследчыку цікавы не толькі канцэпцыі гэтай кнігі, але і вялікі фактычны матэрыял пра Сібір, сабраны Ядрынцавым.

Мяркуецца таксама выдаваць мемуары па гісторыі Сібіры, пачата падрыхтоўка да публікацыі ўспамінаў сучаснікаў пра славутага сібірскага адміністратара, генерал-губернатара Усходняй Сібіры графа М. М. Мураўёва-Амурскага, з імем якога звязана асваенне і засяленне Далёкага Усходу.

У шэрагу названых публікацый, такіх, як «Актавыя крыніцы па гісторыі Расіі і Сібіры XVI—XVIII стагоддзяў у фондах Г. Ф. Мілера. Вопісы копійных кніг» (у двух тамах), «Табольскі архірэйскі дом у XII стагоддзі», «Палітычная ссылка ў Сібіры. Нерчынская катарга», выдадзеных у серыі «Гісторыя Сібіры. Першакрыніцы», змешчаны матэрыялы, якія адлюстроўваюць жыццё беларусаў у Сібіры. У матэрыялах, якія адносяцца да XVI — XVIII стагоддзяў, утрымліваецца значная колькасць персаналій «літоўскіх людзей». Беднасць звестак, якія суправаджалі гэтыя персаналіі, не заўсёды дазваляе з дастатковай пэўнасцю гаварыць пра іх нацыянальную прыналежнасць. Для гэтага патрабуюцца дадатковыя пошукі. Цяпер па гэтых персаналіях можна адзначыць наступнае:

а) выключна прымусовы характар іх жыцця ў Сібіры;

б) дастаткова высокі сацыяльны статус, які выдзяляецца на агульным фоне культурнага ўзроўню;

в) больш высокая ступень адаптацыі.

У матэрыялах, якія адносяцца да XIX стагоддзя, знайшлі сваё адлюстраванне працэсы, звязаныя з карнай палітыкай царскага рэжыму; са стыхійнымі перасяленнямі беларусаў у Сібір у другой палове XIX стагоддзя; з арганізаваным і масавым перасяленнем беларусаў у Сібір у пачатку XX стагоддзя.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by