|
(г. Мінск)
СУАЙЧЫННІКІ Ў ЗАМЕЖЖЫ
Гістарычна склалася так, што беларусы складаюць адну з самых раскіданых нацый у свеце, Яны жывуць у многіх краінах, уласна, на ўсіх кантынентах зямлі.
Пачнём з былога СССР, цяпер так званага блізкага замежжа. Перасяленне ў неабжытыя Сібір, на Далёкі Усход пачалося з XIX стагоддзя. У большасці выпадкаў яно было гвалтоўным, асабліва пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Тады людзей з «гарачых кропак» высялялі цэлымі вёскамі ці нават рэгіёнамі. Некаторыя пазней, прачуўшы, што ёсць многа вольнай зямлі, добрыя прыродныя багацці, у пошуках лепшай долі выязджалі самі. Як і ў першым, так і ў другім выпадку звычайна сяліліся кампактна, разам працягвалі ладзіць беларускае жыццё. Доўга захоўвалася родная мова, нацыянальныя традыцыі, народны побыт. Нават і цяпер, у перыяд інтэнсіўнай інтэграцыі, можна выявіць выразныя адзнакі беларускай самабытнасці. Пра гэта сведчаць матэрыялы нядаўніх фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, хоць па запісах у пашпартах, зробленых яшчэ ў даваенныя гады, жыхары лічацца рускімі.
Вялікі адток насельніцтва з Беларусі быў у час першай сусветнай вайны, калі наш край некалькі разоў акупавалі чужынцы. Людзі, ратуючыся, падаваліся на ўсход, многія там і заставаліся жыць. У 30-я гады рэпрэсіраваных з Беларусі ссылалі на Поўнач, у Сібір.
У пасляваенны і больш позні час працэс рассялення працягваўся. Людзей пасылалі на лесараспрацоўкі ў Карэлію, на асваенне цалінных зямель у Казахстан, на шматлікія новабудоўлі. Выпускнікоў-беларусаў, як і выпускнікоў другіх нацыянальнасцей, што заканчвалі навучальныя ўстановы ў Маскве, Ленінградзе, іншых гарадах Расіі ды і з самой Беларусі пры размеркаванні на працу нярэдка пасылалі ва ўсе куткі Саюза. Так нашы суайчыннікі апынуліся ледзьве не ў кожнай з былых саюзных рэспублік.
Даволі вялікая колькасць насельніцтва патрапіла па-за межы цяперашняй тэрыторыі рэспублікі ў выніку дзяржаўных перадзелаў, калі этнічна беларускія землі перадаваліся іншым рэспублікам і краінам, прытым без згоды і нават без ведама іх жыхароў.
У пэўнай ступені інакш складвалася далёкае замежжа нашых суродзічаў. Эміграцыя з Беларусі пачалася з канца XIX стагоддзя, затым працягвалася ў пачатку нашага веку. Асабліва вялікія эміграцыі прыпадаюць на 10-я гады. Выязджалі шматтысячнымі групамі, але звычайна не сем'ямі, а ў адзіночку. Найчасцей маладыя людзі, якім дома не хапала зямельных надзелаў, увогуле кавалка хлеба, выпраўляліся ў далёкі свет — на Захад, пераважна на Амерыканскі кантынент — у пошуках лепшай долі. Гэта былі эканамічныя эміграцыі, і людзі, што траплялі ў зусім чужое асяроддзе, з цягам часу нярэдка трацілі свой этнас, тым больш што праваслаўных беларусаў прымалі за рускіх, а католікаў — за палякаў.
Была эміграцыя і ў час першай сусветнай вайны. Тады ў заходнія краіны выехалі і прадстаўнікі культуры, навукі, палітычныя дзеячы — вельмі значны інтэлектуальны патэнцыял рэспублікі. У даваенныя гады эканамічная эміграцыя працягвалася з Заходняй Беларусі, якую акупавала Польшча.
Розныя шляхі вялі суайчыннікаў у заходнія краіны ў час другой сусветнай вайны. Адны траплялі ў палон, іншых вывозілі на прымусовыя працы ў Германію, і далёка не ўсе потым вярталіся на радзіму. Была і даволі вялікая хваля палітычнай эміграцыі — дарэчы, інтэлектуальна найбольш моцная і нацыянальна свядомая частка нашага насельніцтва.
Дзесьці на рубяжы 40—50-х гадоў эмігранты ваеннага часу рассяляліся па многіх краінах свету: хто застаўся ў Германіі, хто патрапіў у Бельгію, Францыю, Англію, іншыя краіны Заходняй Еўропы. Найбольш жа выехалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, у Канаду, Аўстралію.
Сёння ніхто не можа даць дакладную лічбу — колькі беларусаў жыве па-за межамі Бацькаўшчыны. Апошні перапіс насельніцтва, які адбыўся ў 1989 годзе на тэрыторыі былога СССР, выявіў значна больш двух мільёнаў, хоць гэты паказчык яўна заніжаны: многія этнічныя беларусы па самых розных прычынах цяпер не пачуваюць сябе такімі. Вельмі супярэчлівыя даныя і па краінах нашых суседзяў, што звязана, відаць, з палітычнымі ці якімі-небудзь іншымі амбіцыямі: то жыло каля шасцісот тысяч, то раптам стала дзесьці сто пяцьдзесят, і г.д. Няма хоць прыблізных звестак і па многіх краінах далёкага замежжа, асабліва па Паўднёвай Амерыцы, дзе асела вялікая колькасць беларусаў з эканамічных эміграцый. І наўрад ці можна будзе дакладна падлічыць усё гэта ў будучым.
Але і цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што па-за межамі нашай рэспублікі жыве, прынамсі, кожны трэці беларус. А навукоўцы мяркуюць, што калі б не шматлікія разбуральныя войны, якія знішчалі генафонд народа (у апошнюю вайну ў Беларусі, як вядома, загінуў кожны чацвёрты жыхар, у мінулым былі і такія бойкі, што насельніцтва скарачалася на трэць, а то і напалову), ды не рэпрэсіі, у выніку якіх таксама мільёны склалі галовы, ды не раскіданасць па ўсім свеце, то цяпер на этнічнай тэрыторыі Беларусі магло б жыць 25—30 мільёнаў чалавек.
Па-рознаму ідзе нацыянальнае жыццё ў замежжы. Асабліва змястоўна яно разгортваецца ў ЗША, дзе дзяржава стварыла адпаведныя ўмовы і дзе беларусы гуртуюцца ў розных аб'яднаннях, суполках, выдаюць цэлы шэраг перыядычных выданняў, іншай друкарскай прадукцыі і г.д. Актыўна дзейнічаюць беларусы ў Канадзе, Польшчы, Аўстраліі. Плённа працуюць грамадска-культурныя і навуковыя цэнтры ў Англіі, Германіі і інш.
Прыкметна ажывілася, асабліва ў апошнія гады, нацыянальнае жыццё беларусаў у блізкім замежжы. Арганізаваны суполкі, таварыствы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Літве, Латвіі, Эстоніі, якія аб'ядноўваюць вакол сябе многіх этнічна свядомых людзей. Аналагічнага характару аб'яднанні ўзніклі і ў Казахстане, на Украіне, у Малдове, шэрагу іншых былых саюзных рэспублік.
З'явілася патрэба паяднаць высілкі і намаганні ў наладжванні агульнага нацыянальнага жыцця, перш-наперш у галіне асветы, культуры, у абмене і распаўсюджванні яе здабыткаў, дзеля чаго — стварыць адпаведны каардынуючы цэнтр. Гэтую задачу і ўсклала на сябе новая грамадская арганізацыя — Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Зроблены ў абраным накірунку вельмі прыкметныя, значныя крокі. У канцы 1992 года быў праведзены Сход беларусаў блізкага замежжа, якія апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. На сходзе было ўзнята шмат балючых праблем, якія патрэбна вырашаць і кіраўніцтву рэспублікі, і ўсім нам, каб аказаць рэальную дапамогу суайчыннікам.
Летам 1993 года быў праведзены ў Мінску Першы з'езд беларусаў свету, які, без перабольшання, стаўся гістарычным. Сам час вымагае ад усіх нас духоўнага паяднання з тым, каб весці адраджэнне Беларусі і беларускасці ва ўсіх сферах жыцця, каб агульнымі сіламі змагацца з чарнобыльскай катастрофай, ладзіць лепшую будучыню, якой заслугоўвае народ.
