|
Змест:
БЕЛАРУСЫ Ў СВЕЦЕ
- Сабалеўскі А. (г. Мінск). Суайчыннікі ў замежжы
- Нарбут А. (г. Масква). Магнацкія роды Беларусі і замежжа
- Галуза У. (г. Новасібірск). Беларусы Сібіры: гісторыя і сучаснасць
- Яновіч Л. (г. Новасібірск). У «Сібірскім хранографе» — і пра беларусаў таксама
- Люцыдарская А. (г. Новасібірск). «Служылая літва»
- Радзігіна Н. (г. Новасібірск). Вольнанародная каланізацыя Сібіры (Другая палова XIX — пачатак XX стагоддзя)
- Майнічава А. (г. Новасібірск). Беларусы ў Прыоб'і (Сярэдзіна XIX — пачатак XX стагоддзя)
- Карповіч А. (г. Рыга). Нацыянальная свядомасць беларусаў Латвіі
АДУКАЦЫЯ
- Гарэцкі Р. (г. Мінск). Культура і адукацыя беларускага замежжа
- Бабкоў А. (г. Мінск). Эвакуацыя і дзейнасць навучальных устаноў Беларусі ў Расіі ў гады першай сусветнай вайны (1915 — пачатак 1917 года)
- Лыч Л. (г. Мінск). Адукацыя як фактар кансалідацыі беларускай дыяспары
- Жучка Я. (г. Брусель). Вучоба ў Лювенскім універсітэце
МОВА, ЛІТАРАТУРА
- Анічэнка У. (г. Гомель). Праблемы нармалізацыі лексікі беларускай мовы ў замежнай і айчыннай лексікаграфіі
- Конан У. (г. Мінск). Ля вытокаў літаратурнай і навуковай журналістыкі
- Ліс А. (г. Мінск). Вяртанне да песень маладосці (Аб паэзіі Анатоля Бярозкі)
- Фёдарцава Т. (г. Мінск). Філасофскі змест духоўнасці сучаснага беларускага замежжа (На прыкладах творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, А. Салаўя)
- Званарова Л. (г. Масква). Колеравая сімволіка ў паэзіі Зінаіды Гіпіус і Наталлі Арсенневай
- Савік Л. (г.Мінск). Лёс беларускай жанчыны (Творчасць А. Саковіч)
- Юрэвіч Л. (г. Нью-Йорк). Міфалагічныя вобразы (На прыкладзе творчасці Янкі Юхнаўца)
- Паўлавец З. (г. Гомель). Вобразы-сімвалы ў трылогіі К. Акулы «Гараватка»
- Пяткевіч А. (г. Гродна). Асветніцкі кірунак творчай дзейнасці Сакрата Яновіча
КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ
- Ляонава Н. (г. Новасібірск). Песенны фальклор беларусаў Сібіры
- Фурсава А. (г. Новасібірск). Культ мядзведзя ў каляндарных звычаях і абрадах
- Ляднёва А. (г. Мінск). Нацыянальнае ў шматкультурным жыцці беларусаў далёкага замежжа
- Жук-Грышкевіч Р. (г. Таронта). Дзейнасць канадскай дыяспары
- Запруднік Я. (г. Нью-Йорк). Беларускія мастакі на чужыне — вяшчальнікі Бацькаўшчыны
- Мірачыцкі Л. (г. Мінск). Сын Літвы і Беларусі
Культура беларускага замежжа
Раздзел:
Для чытачоў, хто ўпершыню ўзяў у рукі выданне «Культура беларускага замежжа» — а такіх можа стацца пераважная большасць, — патлумачу мэты і задачы задуманай серыі, а таксама нагадаю хроніку некаторых падзей.
Падрыхтоўка гэтага выдання распачалася ў 1991 годзе — у перыяд, калі асабліва шырылася, набірала моц беларускае адраджэнне, калі панаваў вялікі імпэт, уздым духоўных сіл. Якраз тады згуртавалася хоць і не асабліва вялікая, але здольная, мабільная група навукоўцаў, якая распачала падрыхтоўку рукапісу першай кнігі. Фінансавую падтрымку аказвала наша Міністэрства культуры. Пад яго патранажам і задзейнічаў Часовы творчы калектыў, існаванне якога, згодна статутным правілам, доўжыцца да адзінаццаці месяцаў.
У 1992 годзе быў нанава створаны Часовы творчы калектыў, хоць склад яго не надта адрозніваўся ад першага, як і накірунак дзейнасці. За час яго існавання была падрыхтавана да выдання другая кніжка «Культура беларускага замежжа».
Асноўнае, што ставілі перад сабой калектывы, — пазнаёміць чытачоў з найбольш значнымі з'явамі на культурнай ніве, якую апрацоўвала беларуская дыяспара ў замежжы. Такая акцыя была асабліва важная для таго часу (актуальнасць не змяншаецца і цяпер), бо ў метраполіі мала што ведалі ці не ведалі зусім пра сапраўдную вартасць творчых набыткаў нашых далёкіх суайчыннікаў. Гэта можна сказаць і пра такіх славутых майстроў, як Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Хведар Ілляшэвіч, Мікола Куліковіч-Шчаглоў. Як гаворыцца ў такіх выпадках, пералік імёнаў можна было б доўжыць і доўжыць. Пра гэтых дзеячаў і пісалі аўтары першых выданняў. Нават быў уведзены спецыяльны раздзел «Постаці», якім адкрываюцца першыя дзве кніжкі.
У замежжы, асабліва з пасляваенных гадоў, выпускалася шмат беларускіх выданняў — газет, часопісаў, кніг, у якіх знаходзілі асвятленне самыя разнастайныя бакі нацыянальнага жыцця. У прыватнасці, публікаваліся грунтоўныя даследаванні па нашай гісторыі, культуры, змяшчаліся матэрыялы аб шматграннай дзейнасці беларускай дыяспары, даваліся ацэнкі тых ці іншых праблем, фактаў, з'яў нашай савецкай рэчаіснасці з пункту погляду, так бы мовіць, другога, замежнага, свету і г.д. Апошнім часам перыядычных выданняў, здаецца, крыху паменшала, але найбольш значныя атрымалі сталую прапіску, і цяпер цяжка ўявіць культурнае жыццё без беластоцкіх газет «Ніва» і штогодніка «Беларускі каляндар», без нью-йоркскай газеты «Беларус», штогодніка «Запісы», які рыхтуе і выдае ў Амерыцы Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Накірункі і змест перыёдыкі аналізаваліся ў спецыяльным раздзеле, які ў «Культуры беларускага замежжа» так і называўся — «Выданні».
У трэцім раздзеле змешчаны артыкулы пра асяродкі нашых эмігранцкіх суайчыннікаў, што выконваюць аб'яднаўчую, гуртавальніцкую ролю, як Кліўлендскі грамадска-асветніцкі цэнтр «Полацак», служаць распаўсюджванню ведаў пра нашу нацыянальную культуру, як кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта.
З такіх і ім падобных матэрыялаў складзены папярэднія два зборнікі. Першы з іх пабачыў свет у пачатку 1993 года. Другі рыхтаваўся да друку ў вельмі паскораным тэмпе — было вялікае памкненне выдаць яго да Першага з'езду беларусаў свету ў Мінску. Дзякуючы асаблівай рупнасці і высілкам Людмілы Пятровай, якая ў той час працавала загадчыцай рэдакцыі выдавецтва (тады яно мела назву «Навука і тэхніка»), задуманае ўдалося здзейсніць. Кніга выйшла, пабіваючы рэкорды паліграфічных магчымасцей, на пачатку ліпеня 1993 года, акурат падчас работы з'езда, і, як і першы выпуск «Культуры беларускага замежжа», была прэзентавана дэлегатам і гасцям міжнароднага форуму.
Мяркуючы па шматлікіх водгуках, праца Часовага творчага калектыву ацэньвалася станоўча, і, абнадзеены, ён намерваўся рушыць далей — прыкладна ў тым жа накірунку, натуральна, пашыраючы тэматычныя абсягі і паглыбляючыся ў змест культурна-мастацкіх з'яў. У гэтым плане аптымізмам поўніцца і прадмова да другой кнігі.
Але рэальнасць зрабіла свае папраўкі, і зусім не ў лепшы бок. Прытым пры даволі выпадковым збегу акалічнасцей: было ўзбуйнена, г.зн. рэарганізавана, Міністэрства культуры, пры якім, як адзначалася, функцыянаваў Часовы творчы калектыў, памянялася там кіраўніцтва. І яно, не зацікаўленае у далейшай працы калектыву, не заключыла, кажучы канцылярскай тэрміналогіяй, новую дамову, і ўсе спынілася. Бо без фінансавай падтрымкі падрыхтаваць калектыўную кнігу, а тым больш яе выдаць у нашых умовах практычна немагчыма.
Распачатая справа ўсё ж доўжылася, але ўжо ў іншай форме. Рэч у тым, што Першы з'езд беларусаў свету вырашыў перыядычна раз у два гады праводзіць міжнародныя навуковыя канферэнцыі, уласна, на тую ж, што і раней даследавалася, тэму і нават пад аднолькавай назвай — «Культура беларускага замежжа». Першая такая канферэнцыя адбылася ў чэрвені 1994 года. Матэрыялы яе дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны і найперш яго дырэктара прафесара Адама Мальдзіса былі падрыхтаваны да друку і апублікаваны разам з дакладамі, паведамленнямі, зробленымі на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні: традыцыі, сучасны стан, перспектывы» ў пятым выпуску выдання «Беларусіка. Albaruthenica» (1995 г.).
5—6 кастрычніка 1996 года ў Мінску прайшла Другая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Культура і адукацыя беларускага замежжа», якую, як і першую, арганізавала Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». У ёй бралі ўдзел многія навукоўцы Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Тэматыка іх дакладаў і паведамленняў вельмі шырокая і шматстайная — гэта праблемы гісторыі, адукацыі, літаратуры, мовы, культуры, асобных відаў мастацтва і т.п.
Дык вось, у аснове трэцяга выпуску «Культуры беларускага замежжа» — матэрыялы апошняй канферэнцыі. I таму ён істотна адрозніваецца ад папярэдніх кніг і па структуры і па характары аналізу тых ці іншых з'яў, і, калі хочаце, нават па танальнасці. Але, нягледзячы на пэўную стракатасць, вартасць выдання ад такой акалічнасці, лічу, не паменшылася. У зборніку, значна больш, чым папярэднія, прадстаўнічым і на аўтараў і на ахоп падзей, культурных з'яў, падаецца і асэнсоўваецца шмат цікавых малавядомых ці зусім невядомых матэрыялаў, якія закліканы мацаваць нашу гістарычную памяць, пашыраць веды пра беларусаў па-за метраполіяй, пра іх жыццёвыя і творчыя здзяйсненні.
Рукапісы дакладаў, паведамленняў, зразумела, тых, што былі прадстаўлены прамоўцамі, ці тых з іх, хто не здолеў удзельнічаць у канферэнцыі, але затым даслаў матэрыялы для публікацыі, літаратурна апрацаваныя. Рускамоўныя тэксты перакладзены, падаюцца па-беларуску. Зроблена таксама спроба тэматычна згрупаваць артыкулы, размясціць іх у пэўнай паслядоўнасці. А ахвярна ўзяліся рыхтаваць гэтую кнігу да друку супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Тэатральная творчасць».
А. САБАЛЕЎСКІ,
галоўны рэдактар часопіса «Тэатральная творчасць»
(г. Мінск)
СУАЙЧЫННІКІ Ў ЗАМЕЖЖЫ
Гістарычна склалася так, што беларусы складаюць адну з самых раскіданых нацый у свеце, Яны жывуць у многіх краінах, уласна, на ўсіх кантынентах зямлі.
Пачнём з былога СССР, цяпер так званага блізкага замежжа. Перасяленне ў неабжытыя Сібір, на Далёкі Усход пачалося з XIX стагоддзя. У большасці выпадкаў яно было гвалтоўным, асабліва пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Тады людзей з «гарачых кропак» высялялі цэлымі вёскамі ці нават рэгіёнамі. Некаторыя пазней, прачуўшы, што ёсць многа вольнай зямлі, добрыя прыродныя багацці, у пошуках лепшай долі выязджалі самі. Як і ў першым, так і ў другім выпадку звычайна сяліліся кампактна, разам працягвалі ладзіць беларускае жыццё. Доўга захоўвалася родная мова, нацыянальныя традыцыі, народны побыт. Нават і цяпер, у перыяд інтэнсіўнай інтэграцыі, можна выявіць выразныя адзнакі беларускай самабытнасці. Пра гэта сведчаць матэрыялы нядаўніх фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, хоць па запісах у пашпартах, зробленых яшчэ ў даваенныя гады, жыхары лічацца рускімі.
Вялікі адток насельніцтва з Беларусі быў у час першай сусветнай вайны, калі наш край некалькі разоў акупавалі чужынцы. Людзі, ратуючыся, падаваліся на ўсход, многія там і заставаліся жыць. У 30-я гады рэпрэсіраваных з Беларусі ссылалі на Поўнач, у Сібір.
У пасляваенны і больш позні час працэс рассялення працягваўся. Людзей пасылалі на лесараспрацоўкі ў Карэлію, на асваенне цалінных зямель у Казахстан, на шматлікія новабудоўлі. Выпускнікоў-беларусаў, як і выпускнікоў другіх нацыянальнасцей, што заканчвалі навучальныя ўстановы ў Маскве, Ленінградзе, іншых гарадах Расіі ды і з самой Беларусі пры размеркаванні на працу нярэдка пасылалі ва ўсе куткі Саюза. Так нашы суайчыннікі апынуліся ледзьве не ў кожнай з былых саюзных рэспублік.
Даволі вялікая колькасць насельніцтва патрапіла па-за межы цяперашняй тэрыторыі рэспублікі ў выніку дзяржаўных перадзелаў, калі этнічна беларускія землі перадаваліся іншым рэспублікам і краінам, прытым без згоды і нават без ведама іх жыхароў.
У пэўнай ступені інакш складвалася далёкае замежжа нашых суродзічаў. Эміграцыя з Беларусі пачалася з канца XIX стагоддзя, затым працягвалася ў пачатку нашага веку. Асабліва вялікія эміграцыі прыпадаюць на 10-я гады. Выязджалі шматтысячнымі групамі, але звычайна не сем'ямі, а ў адзіночку. Найчасцей маладыя людзі, якім дома не хапала зямельных надзелаў, увогуле кавалка хлеба, выпраўляліся ў далёкі свет — на Захад, пераважна на Амерыканскі кантынент — у пошуках лепшай долі. Гэта былі эканамічныя эміграцыі, і людзі, што траплялі ў зусім чужое асяроддзе, з цягам часу нярэдка трацілі свой этнас, тым больш што праваслаўных беларусаў прымалі за рускіх, а католікаў — за палякаў.
Была эміграцыя і ў час першай сусветнай вайны. Тады ў заходнія краіны выехалі і прадстаўнікі культуры, навукі, палітычныя дзеячы — вельмі значны інтэлектуальны патэнцыял рэспублікі. У даваенныя гады эканамічная эміграцыя працягвалася з Заходняй Беларусі, якую акупавала Польшча.
Розныя шляхі вялі суайчыннікаў у заходнія краіны ў час другой сусветнай вайны. Адны траплялі ў палон, іншых вывозілі на прымусовыя працы ў Германію, і далёка не ўсе потым вярталіся на радзіму. Была і даволі вялікая хваля палітычнай эміграцыі — дарэчы, інтэлектуальна найбольш моцная і нацыянальна свядомая частка нашага насельніцтва.
Дзесьці на рубяжы 40—50-х гадоў эмігранты ваеннага часу рассяляліся па многіх краінах свету: хто застаўся ў Германіі, хто патрапіў у Бельгію, Францыю, Англію, іншыя краіны Заходняй Еўропы. Найбольш жа выехалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, у Канаду, Аўстралію.
Сёння ніхто не можа даць дакладную лічбу — колькі беларусаў жыве па-за межамі Бацькаўшчыны. Апошні перапіс насельніцтва, які адбыўся ў 1989 годзе на тэрыторыі былога СССР, выявіў значна больш двух мільёнаў, хоць гэты паказчык яўна заніжаны: многія этнічныя беларусы па самых розных прычынах цяпер не пачуваюць сябе такімі. Вельмі супярэчлівыя даныя і па краінах нашых суседзяў, што звязана, відаць, з палітычнымі ці якімі-небудзь іншымі амбіцыямі: то жыло каля шасцісот тысяч, то раптам стала дзесьці сто пяцьдзесят, і г.д. Няма хоць прыблізных звестак і па многіх краінах далёкага замежжа, асабліва па Паўднёвай Амерыцы, дзе асела вялікая колькасць беларусаў з эканамічных эміграцый. І наўрад ці можна будзе дакладна падлічыць усё гэта ў будучым.
Але і цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што па-за межамі нашай рэспублікі жыве, прынамсі, кожны трэці беларус. А навукоўцы мяркуюць, што калі б не шматлікія разбуральныя войны, якія знішчалі генафонд народа (у апошнюю вайну ў Беларусі, як вядома, загінуў кожны чацвёрты жыхар, у мінулым былі і такія бойкі, што насельніцтва скарачалася на трэць, а то і напалову), ды не рэпрэсіі, у выніку якіх таксама мільёны склалі галовы, ды не раскіданасць па ўсім свеце, то цяпер на этнічнай тэрыторыі Беларусі магло б жыць 25—30 мільёнаў чалавек.
Па-рознаму ідзе нацыянальнае жыццё ў замежжы. Асабліва змястоўна яно разгортваецца ў ЗША, дзе дзяржава стварыла адпаведныя ўмовы і дзе беларусы гуртуюцца ў розных аб'яднаннях, суполках, выдаюць цэлы шэраг перыядычных выданняў, іншай друкарскай прадукцыі і г.д. Актыўна дзейнічаюць беларусы ў Канадзе, Польшчы, Аўстраліі. Плённа працуюць грамадска-культурныя і навуковыя цэнтры ў Англіі, Германіі і інш.
Прыкметна ажывілася, асабліва ў апошнія гады, нацыянальнае жыццё беларусаў у блізкім замежжы. Арганізаваны суполкі, таварыствы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Літве, Латвіі, Эстоніі, якія аб'ядноўваюць вакол сябе многіх этнічна свядомых людзей. Аналагічнага характару аб'яднанні ўзніклі і ў Казахстане, на Украіне, у Малдове, шэрагу іншых былых саюзных рэспублік.
З'явілася патрэба паяднаць высілкі і намаганні ў наладжванні агульнага нацыянальнага жыцця, перш-наперш у галіне асветы, культуры, у абмене і распаўсюджванні яе здабыткаў, дзеля чаго — стварыць адпаведны каардынуючы цэнтр. Гэтую задачу і ўсклала на сябе новая грамадская арганізацыя — Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Зроблены ў абраным накірунку вельмі прыкметныя, значныя крокі. У канцы 1992 года быў праведзены Сход беларусаў блізкага замежжа, якія апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. На сходзе было ўзнята шмат балючых праблем, якія патрэбна вырашаць і кіраўніцтву рэспублікі, і ўсім нам, каб аказаць рэальную дапамогу суайчыннікам.
Летам 1993 года быў праведзены ў Мінску Першы з'езд беларусаў
свету, які, без перабольшання, стаўся гістарычным. Сам час вымагае
ад усіх нас духоўнага паяднання з тым, каб весці адраджэнне Беларусі
і беларускасці ва ўсіх сферах жыцця, каб агульнымі сіламі змагацца
з чарнобыльскай катастрофай, ладзіць лепшую будучыню, якой заслугоўвае
народ.
(г. Масква)
МАГНАЦКІЯ РОДЫ БЕЛАРУСІ І ЗАМЕЖЖА
Магнаты — гэта буйныя свецкія феадальныя землеўладальнікі, члены знакамітых родаў, якія займалі вышэйшыя пасады ў дзяржаве. Фарміраванне магнацкіх латыфундый пачалося ў Вялікім княстве Літоўскім пры вялікім князю Вітаўце (каля 1352—1430 гг.). Каб умацаваць баяраў, Вітаўт раздаваў ім землі.
Каля 1440—1548 гадоў на Літве і ў Беларусі сфарміраваўся і разросся клас шляхты (дваран), а таксама сфарміраваліся і магнаты. Паводле вайсковага перапісу 1528 года, шляхта Вялікага княства Літоўскага выставіла ўсяго 19 842 конныя воіны. З іх 23 магнацкія роды ці асобныя магнаты выставілі амаль 30 працэнтаў коней. Усяго ў Вялікім княстве Літоўскім у той час было каля трынаццаці тысяч шляхецкіх фамілій, з іх шэсць тысяч чыста літоўскіх. Калі ў XIV стагоддзі пад уладай вялікага князя было 80 працэнтаў насельніцтва, то ў 1528 годзе — толькі 30, шляхце належала 65 працэнтаў і касцёлам — 5. Шляхта была моцная колькасцю, але слабая ў параўнанні з магнатамі эканамічна.
Асабліва вялікай уладай у Вялікім княстве Літоўскім карысталіся тры найбольш моцныя магнацкія, прычым не княскія, роды: Кежгайлы, Радзівілы, Гаштольды. У модзе была нават такая прымаўка: «Кароль даў, а Гаштольд узяў». Склад магнатаў Вялікага княства Літоўскага з цягам часу мяняўся, што пацвярджаюць перапісы літоўскага войска, якія праводзіліся ў 1565 і 1567 гадах. Так, з першых шасці фамілій у канцы XVII стагоддзя засталіся (і значка ўзмацніліся) толькі Радзівілы. Патухлі магутныя роды Кежгайлаў, Гаштольдаў, Алейкавічаў, Астрожскіх, Остыкаў і некаторыя іншыя.
З перадачай Польшчы Падляшша, Валыні і Падолля ў 1569 годзе асноўныя ўладанні некаторых магнатаў, у тым ліку Хадкевічаў, Сангушкаў, якія былі размешчаны на Украіне, аказаліся па-за Вялікім княствам Літоўскім.
У другой палове XVIII стагоддзя 16 магнацкіх сем'яў валодалі 30 працэнтамі ўсёй зямельнай уласнасці ў цэнтральнай і заходняй Беларусі. Самым буйным магнатам не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай быў у той час Карл (Карал-Станіслаў) Радзівіл (1733—1790), яму ў адзінаццаці паветах належала 36 000 «дымоў, гэта значыць 14 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Займаючы высокія дзяржаўныя пасады і валодаючы вялікімі багаццямі, магнаты не заўсёды імкнуліся толькі да іх прымнажэння. Звычайна ў маладосці яны атрымлівалі выдатную адукацыю ў лепшых універсітэтах Заходняй Еўропы. Затым у іх была своеасаблівая «стажыроўка» пры якім-небудзь двары, і таму яны былі добра падрыхтаваныя і да дзяржаўнай дзейнасці. Выдатна разбіраліся ў мастацтве і гаспадарчых справах. Яны часта станавіліся мецэнатамі, садзейнічалі будаўніцтву сабораў, школ, друкарняў, развіццю гандлю і рамёстваў. Стваралі культурныя цэнтры — Нясвіж і Оліка пры Мікалаю Чорным (1515—1565) і Міхаілу-Казіміру Рыбаньку (1702—1762) Радзівілах; Ружаны, Дзярэчын, Зэльва — пры Аляксандру-Міхаілу Сапегу (1730—1793); Пулавы — пры Адаму-Казіміру Чартарыйскім (1734—1823). Антоній Тызенгаўз (1733—1785) кіраваў каралеўскімі эканоміямі ў Беларусі і Літве. Па яго ініцыятыве ў Гродне былі заснаваны мануфактуры, пабудаваны комплекс Гародніца, створаны тэатр, капэла, школы, закладзены батанічны сад і г. д.
Радзівілы былі ў Беларусі першым па значэнні родам. Яны займалі ў XV—XVIII стагоддзях у Вялікім княстве Літоўскім вышэйшыя дзяржаўныя і ваенныя пасады. Трое з іх былі епіскапамі. Да XVI стагоддзя яны валодалі на Беларусі Гераненамі, Давыд-Гарадком, Клецкам, Койданавам, Копысем, Лахвай, Мірам, Нясвіжам і г.д. На Украіне — Олікай, у Польшчы — Шыдлоўцам і інш. У 1612 годзе да іх перайшло Слуцкае княства. Яны мелі сваё войска і крэпасці: Віржы, Кейданы, Любчу, Мір, Нясвіж, Слуцк. У XX стагоддзі валодалі маёнткамі ў Францыі і Італіі. Радзівілы — адзін са старэйшых родаў у Вялікім княстве Літоўскім: яны паходзяць ад легендарнага роду Даўспрунгаў.
Нясвіж вядомы з 1223 года, з 1492 года належаў Юшкам. У 1513 годзе Ганна Кішка выйшла замуж за Яна Радзівіла, і пасля яе смерці Нясвіж стаў уласнасцю Радзівілаў. Мікалай Чорны з 1547 года — князь Рымскай імперыі на Оліку і Нясвіжы, з 1550 года — канцлер Вялікага княства Літоўскага, вялікі прыхільнік кальвінізму, дабіўся для Нясвіжа розных прывілей і льгот. Пры ім у Нясвіжы была заснавана першая ў Беларусі друкарня, якая выкарыстала кірылаўскі шрыфт («Катэхізіс» — 1562 г.).
Мікалай Крыштаф-Сіротка (1549—1616) — з 1590 года ваявода трокскі, з 1604 — віленскі. У 1586 годзе ён з братамі заснаваў ардынацыі (маяраты), у тым ліку Нясвіжскую. Стаў вядомым мецэнатам, апекаваў Віленскую акадэмію, шмат падарожнічаў. Міхаіл-Казімір Рыбанька — ардынат нясвіжскі з 1744 года, ваявода віленскі і гетман Вялікага княства Літоўскага. Мецэнат, заснаваў у Нясвіжы друкарню, адкрыў кадэцкі корпус. Яго жонка Францішка-Уршуля (1705—1753) з роду князёў Вішнявецкіх стварыла Нясвіжскі прыдворны тэатр, для якога напісала 16 твораў. Тэатр працаваў у 1740—1791 гадах.
Уплыў магнатаў на фарміраванне культуры Беларусі вялікі. Аднак
часта быў значным і іх уклад у развіццё культуры і адукацыі беларускага
замежжа. На гэта ўказвае і аналіз радаслоўных 27 магнацкіх родаў
Вялікага княства Літоўскага ў «Генеологии Белоруссии» (выпуск
2—4, 1994—1996).
(г. Новасібірск)
БЕЛАРУСЫ СІБІРЫ:
ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
З'яўленне першых выхадцаў з Беларусі ў Сібіры адзначана ў канцы XVI стагоддзя. Так, у Румянцаўскім летапісе . паведамляецца, што ў паходзе Ермака прымала ўдзел да 300 чалавек «літвы» . Д. Садоўнікаў лічыў, што гэтая «літва» была выкуплена Строганавымі з палону ў нагайцаў . Ёсць меркаванні, што паплечнікі Ермака Мікіта Пан і Чэркас Аляксандраў былі з «літвы» . Чэркас Аляксандраў меў яшчэ прозвішча «Корсак» (па-беларуску — каршун), характэрнае для полацкай шляхты. «Літва» прымала актыўны ўдзел у закладцы Цюмені (1583—1584), Табольска (1587), Сургута (1593), а таксама ў будаўніцтве Тары (1594) — першага кроку рускіх у глыб Азіі . Людзі «літвы» ўдзельнічалі ў разгроме войскаў хана Кучума ў 1598 годзе недалёка ад цяперашняга Новасібірска .
У Маскоўскай дзяржаве «літвой» называлі жыхароў шматнацыянальнага Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), у якім дзяржаўнай мовай была беларуская, а беларусы складалі большасць насельніцтва. У 1569 годзе ВКЛ аб'ядналася з Польскім каралеўствам у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую (РП), з якой Маскоўская дзяржава да 1795 года вяла на тэрыторыі Беларусі працяглыя войны.
Масавае перасяленне жыхароў ВКЛ у Сібір адзначана ў канцы XVI і ў XVII стагоддзі. Маскоўскі ўрад глядзеў на ссылку ў Сібір як на сродак яе засялення. П. Н. Буцінскі прагледзеў архівы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі ў Сібірскім прыказе, а таксама апублікаваныя з 1593 да 1645 года выданні гістарычных актаў і выявіў да 650 чалавек ваеннапалонных, якія былі ў гэты час «иманы на бою і в языцех» . Сярод іх была і «літва». Напрыклад, у грамаце ад 4 студзеня 1599 года верхнетурскаму ваяводу паведамлялася аб пасылцы да яго вялікай групы апальных людзей, сярод якіх была «літва» і «...быти им на Березове на житие и на «службе»...»
Н. Н. Аглаблін піша, што ў імянных «росписях» служылых, сасланых у Сібір, фігуруюць галоўным чынам ссыльныя групы «літва», або «літоўскага спіска», «...куды заносіліся беларусы, палякі, «чаркасы», немцы і інш.» Гэта былі ваеннапалонныя («вязні», «языкі»), узятыя ў працяглых войнах з РП. Так, у жніўні 1633 года ў Томск прыслалі вялікую групу «литовских людей». Большасць новапрысланых было з Беларусі, ураджэнцы «паветаў» Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага, Прапойскага і інш. Абсалютная большасць «літвы» — шляхціцы і дзеці баярскія, казакі «літоўскага спіска» — прызначалася на службу пасля прыняцця праваслаўя, астатнія — у стральцы. Яны добра ведалі ваенную справу, грамату і адразу ж прыраўноўваліся ў правах з астатнімі служылымі.
У Сібір ссылаліся і літоўскія сяляне, якія паступалі ў распараджэнне земляробаў. Так, у 1617 годзе ў Томск паслалі тры партыі літоўскіх пахалкаў (сялян): адну — колькасцю 60 чалавек, другую — 99, трэцюю — 75 чалавек, і ўсіх іх было загадана «раздать пашенным крестьянам для пашеннаго науку» . На працягу ўсяго XVII стагоддзя «служылая літва» складала значны працэнт ад усяго служылага насельніцтва гарнізонаў Сібіры ажно да Мангазеі, Енісейска, Якуцка. У Томскім гарнізоне яна складала ад 10 да 20 працэнтаў , у Кузнецкім — ад 15 да 40 працэнтаў . У ваеннай і палітычнай гісторыі Сібіры XVII стагоддзя добра вядомыя імёны Багдана Аршынскага (родам з Оршы), Якава Тухачэўскага (смаленскі шляхціц).
Гісторыкі адзначаюць пэўную ролю служылых людзей «літоўскага спіска» ў гаспадарчым і культурным развіцці Сярэдняга Прыоб'я. Яны будавалі замкі, мелі ворную зямлю. Па атласу Рэмізава (170 г.) Д. Н. Белікаў налічваў 90 рускіх паселішчаў на агромністай прасторы Томска-Кузнецкага раёна . Сярод іх знаходзіліся і паселішчы, заснаваныя служылымі людзьмі «літоўскага спіска». Так, у Сасноўскім стане яны заснавалі сёлы Балахіно, Гутава, Літвінава, Круглікава. У 1657 годзе Юрый Ядлоўскі кіраваў будаўніцтвам Сасноўскага астрога, у 1684 годзе Юрый Сабалеўскі — Уртамскага, а ў 1703 годзе Аляксей Круглікаў — Умравінскага. К канцу першай чвэрці XVIII стагоддзя «літва» прыняла актыўны ўдзел у асваенні амаль двух дзесяткаў вёсак з 200 вядомых у Томскім павеце і цалкам злілася з рускімі земляробамі .
У XVIII стагоддзі царскі ўрад прапанаваў выкарыстаць ваеннапалонных з РП для фарміравання ў Сібіры вайсковых падраздзяленняў. У 1744 годзе ў Табольску па рашэнні Сената былі сфарміраваны казацкія палкі са служылых людзей, у тым ліку і з палонных «польскіх» канфедэратаў. У 1747 годзе з гэтых часцей сфарміравалі драгунскі полк і пяхотны батальён, якія ўрад адправіў на Сібірскую і Калыванскую лініі. У 1763 годзе для аховы паўднёвых межаў Сібіры сфарміравана некалькі палкоў, у тым ліку і з пасадскіх людзей, вывезеных з РП. У 1764—1765 гадах пачалося масавае засяленне Барабінскага стэпу выхадцамі з Магілёўскай губерні. Гэта адбылося пасля таго, як царскія войскі ў 1764 годзе разарылі раён Веткі каля Гомеля і вывелі ў Барабу да 2000 так званых палякаў — старавераў . Калі ў 1763 годзе ў Каінскім павеце налічвалася 1992 мужчынскія душы, то ў 1782 — 10 245 . У 1813 годзе ў Сібір саслалі больш за сотню польскіх палонных, якія ўдзельнічалі ў паходзе на Маскву. Вясной 1814 года ў Томску была раскрыта змова польскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся пад уплывам ідэй французскай рэвалюцыі .
Падаўленне царскім урадам нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі ў 1830—1831 гадах і асабліва паўстання 1863—1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага суправаджалася масавым высяленнем беларусаў у Сібір. Там апынуліся ўраджэнцы Беларусі І. Агрызка, З. Мінейка (пазней стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі), А. Аскерка, Ф. Зянковіч, Ю. Каліноўскі, С. Грынеўскі (бацька пісьменніка Аляксандра Грына), К. Кастравіцкі (бацька беларускага паэта К. Каганца, які нарадзіўся ў Табольску), мастакі А. Альхімовіч, Ю. Бергман, пісьменнік А. Вярыга-Дарэўскі, вучоныя Б. Дыбоўскі (урач, заолаг), А. Вількіцкі (гідролаг), І. Чэрскі (геолаг, палеантолаг, географ) і тысячы іншых.
Перапісам насельніцтва 1866 года ў Каінскай акрузе зарэгістравана значная колькасць католікаў мужчын і жанчын — 2440 чалавек . З'яўленне такой вялікай колькасці католікаў у Барабе арганізатары перапісу растлумачылі наплывам «палякаў» на пасяленне пасля апошняга паўстання. Да катэгорыі «палякаў» адносілі пры гэтым не толькі этнічных палякаў, але і беларусаў-католікаў. Праваслаўныя ж беларусы перамяшаліся з рускімі.
У канцы XIX стагоддзя Беларусь уключылася ў вялікае аграрнае перасяленне. З 1896 па 1912 год з Беларусі ў Сібір добраахвотна мігрыравала 716 600 чалавек . Па даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года, у Каінскай акрузе жыло 1160 беларусаў (0,62 працэнта насельніцтва), а ў 1911 годзе тут было 1113 наяўных гаспадарак (18 працэнтаў) выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў . У 1914—1918 гадах з прыфрантавых раёнаў, у тым ліку і з Беларусі, у Томскую губерню прыбыло каля 200 тысяч бежанцаў . Праўда, многія з іх пазней вярнуліся на радзіму.
У 20—30-х гадах адзначана масавае перасяленне з Беларусі ў Сібір у сувязі з голадам і разрухай, працягвалася і аграрнае перасяленне. Засяляліся галоўным чынам землі Барабінскай і Новасібірскай акруг. Па даных перапісу насельніцтва 1926 года, у Барабінскай акрузе жыло 25 413 беларусаў, а ў Новасібірскай — 37 439. У Барабінскай акрузе беларусы складалі пераважную большасць у 56 населеных пунктах, а ў Новасібірскай — у 121. За 9 месяцаў 1928— 1929 гадоў у Сібір з Беларусі перасялілася 51 737 чалавек .
З сярэдзіны 30-х гадоў і да 1941 года характар міграцыі насельніцтва з Беларусі ў Сібір змяніўся з аграрнага на індустрыяльны ў сувязі з прамысловым і культурным развіццём гарадоў Сібіры. У гэтыя гады ў Беларусі сталінскія рэпрэсіі асабліва ўдарылі па нацыянальнай інтэлігенцыі. Так, у Новасібірскай вобласці адбываў ссылку беларускі паэт, драматург і празаік Тодар Лебяда . Беларуская паэтэса Н. Арсеннева вясной 1940 года не па сваёй волі апынулася на Новасібірскай зямлі. Прасторы Барабы натхнілі яе да напісання верша «Толькі вясной бывае неба такое сіняе, толькі вясной бываюць далі такія чыстыя...» Па даных перапісу насельніцтва 1939 года, у Новасібірскай вобласці жыло 41 713 беларусаў .
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Новасібірску на 1 снежня 1943 года налічвалася 141 тысяча эвакуіраваных людзей з Беларусі . З Мінска ў Новасібірск эвакуіравалі драматычны і яўрэйскі тэатры. Воіны-сібіракі насмерць змагаліся ў Брэсцкай крэпасці, пад Оршай, Мінскам, вызвалялі Беларусь. Звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены жыхары Новасібірскай вобласці беларусы А. А. Парцянка, П. Д. Юрчанка і інш.
У пасляваенныя гады, а таксама ў 50—80-х гадах з Беларусі працягваўся адток насельніцтва ў Сібір — у працэсе дэпартацыі, асваення цалінных зямель, арганізаваных набораў рабочых у прамысловыя раёны, размеркавання выпускнікоў ВНУ, тэхнікумаў, школ сістэмы працоўных рэзерваў, наступстваў чарнобыльскай катастрофы, службы ў Савецкай Арміі і г.д. Па даных усесаюзных перапісаў насельніцтва 1959, 1970, 1979 і 1989 гадоў, у Новасібірскай вобласці жыло адпаведна 11 684, 12 015, 11 589 і 13 137 беларусаў, што ў сярэднім складала 0,5 працэнта ад усяго насельніцтва вобласці . Па даных мікраперапісу насельніцтва 1994 года, адзначаны адток беларусаў на 25 працэнтаў у структуры нацыянальнага складу насельніцтва Новасібірскай вобласці ў параўнанні з данымі перапісу 1989 года. Толькі 266 беларусаў з тысячы лічаць сваёй роднай мовай беларускую і 27 з тысячы дома размаўляюць на беларускай мове . У той жа час у тых жа сёлах Новасібірскай вобласці, дзе жывуць пераважна выхадцы з Беларусі і іх нашчадкі, захоўваюцца асаблівасці беларускага быту, беларускай народнай культуры (фальклор, абрады і г. д.).
Сёння беларусы вобласці за тысячы вёрст ад сваёй Айчыны падтрымліваюць гонар беларуса і Беларусі. Яны ганарацца сваімі землякамі Героем Сацыялістычнай Працы, ганаровым грамадзянінам горада Новасібірска акадэмікам А. А. Трафімуком, старшынёй Прэзідыума Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, Героем Сацыялістычнай Працы, ганаровым грамадзянінам горада Новасібірска акадэмікам В. А. Капцюгом і многімі іншымі. Беларусь таксама не забывае сваіх сыноў і дачок. У 1992 годзе ў Мінску адбыўся Сход беларусаў блізкага замежжа, у 1993 — Першы з'езд беларусаў свету. Дэлегаты гэтых з'ездаў заклікалі ўсіх беларусаў да нацыянальнага яднання.
У чэрвені 1995 года ў Новасібірску адбылася сустрэча беларусаў Сібіры (Омск, Томск, Новасібірск, Барнаул, Кемерава, Новакузнецк, Краснаярск). Удзельнікі сустрэчы звярнуліся да беларусаў-землякоў са зваротам, у якім выказалі неспакой у сувязі з заняпадам беларускай традыцыйнай культуры ў Сібіры і заклікалі ствараць свае культурна-асветніцкія аб'яднанні з мэтай вывучэння, засваення, адраджэння, захавання, распаўсюджвання і развіцця беларускай культуры ў Сібіры. Расшыраецца і актывізуе работу Новасібірскае культурна-асветніцкае таварыства «Беларусы Сібіры» (зарэгістравана ў 1994 годзе). Беларусы-сібіракі пачынаюць вывучаць свае карані, гісторыю, культуру і мову. Яны заахвочваюць да гэтага сваіх дзяцей, унукаў, выхоўваюць у іх любоў і павагу да сібірскай зямлі і да зямлі сваіх продкаў.29
(г. Новасібірск)
У «СІБІРСКІМ ХРАНОГРАФЕ» —
І ПРА БЕЛАРУСАЎ ТАКСАМА
Гісторыкі Сібіры, пачынаючы з дзяка Савы Есіпава і акадэміка Герарда Фрыдрыха Мілера і канчаючы сучаснымі даследчыкамі, асвоілі немалую колькасць самых розных крыніц пра развіццё Усходу Расіі. Але публікацыя гэтых крыніц яшчэ вельмі далёкая ад свайго завяршэння, шэраг публікацый мінулых стагоддзяў не адпавядае сённяшнім патрабаванням, многія сотні тысяч старонак дакументальных і апавядальных помнікаў гісторыі Сібіры чакаюць свайго выяўлення — яны да гэтага часу невядомыя навуцы. Пошукі ў архівах, рукапісных аддзелах музеяў і бібліятэк, а таксама археаграфічныя экспедыцыі штогод прыносяць новыя знаходкі і адкрыцці. Таму ўжо даўно ўзнікла патрэба публікацыі серыі, у рамках якой можна было б рэгулярна выдаваць даволі значны аб'ём сібірскіх крыніц Усходу Расіі.
З гэтай мэтай у 1991 годзе ў Новасібірскім Акадэм-гарадку быў створаны навукова-выдавецкі цэнтр «Сібірскі хранограф». Рэдакцыйна-выдавецкі савет цэнтра ўзначаліў акадэмік РАН М. Пакроўскі, заснавальнік школы новасібірскіх археографаў. У склад савета ўвайшлі вядучыя спецыялісты. З 1992 года «Сібірскі хранограф» пачаў выдаваць серыю «Гісторыя Сібіры. Першакрыніцы» пад кіраўніцтвам акадэміка Пакроўскага. У кнігах серыі публікуюцца самыя разнастайныя дакументальныя і апавядальныя крыніцы, якія ўтрымліваюць звесткі па гісторыі асваення рэгіёна, яго ўзаемасувязяў з цэнтрам краіны, па стварэнні і змяненні структур дзяржаўнай улады і мясцовага земскага самакіравання, матэрыялы пра гісторыка-культурныя працэсы, пра развіццё сібірскай літаратуры; значная ўвага таксама ўдзелена гісторыі сібірскай царквы, а таксама літаратурнай, гістарычнай, дагматычнай творчасці мясцовых старавераў.
Некалькі тамоў серыі прызначаны пад выданне самых старажытных сібірскіх актаў канца XVI — першай трэці XVIII стагоддзя. Больш як сем тысяч такіх актаў было скапіравана па ўказанні Г. Ф. Мілера ў час яго сібірскай экспедыцыі ў 1733—1743 гадах. Копіі гэтыя, зробленыя ў архівах розных сібірскіх гарадоў, складаюць зараз трыццаць пяць аб'ёмных тамоў, матэрыялы якіх толькі часткова ўведзены ў навуковы ўжытак у асобных разрозненых выданнях. У двух тамах нашай серыі апублікаваны складзены ў XVIII стагоддзі падрабязны вопіс усіх гэтых дакументаў з указаннем іх цяперашніх архіўных шыфраў.
Пачата сістэматычнае выданне тэкстаў сібірскіх актаў XVI—XVIII стагоддзяў са шматлікіх фондаў цэнтральных і мясцовых архіваў. У першую чаргу гэта, вядома, фонд Сібірскага прыказа, дзе лік такім актам ідзе на многія сотні тысяч. Да гэтага часу не было апублікавана і тысячнай часткі гэтага багацця. Тамы серыі, прысвечаныя гэтым актам, будуюцца па тэматычным прынцыпе. У першых двух тамах публікуюцца дакументы аб узнікненні, пачатковым этапе развіцця сібірскіх гарадоў і акты, звязаныя з дзейнасцю свецкіх органаў самакіравання ў XVII стагоддзі. Далей на чарзе найбагаты матэрыял па гісторыі міжнацыянальных адносін у Сібіры; у гэтай сферы асабліва важна ведаць прадстаўнічы, аб'ектыўны падбор тэкстаў, які сведчыць аб самых розных, падчас палярных тэндэнцыях у гістарычным развіцці.
Яшчэ адзін том старажытных сібірскіх дакументаў з фондаў Сібірскага прыказа ўтрымлівае акты і асабістыя пісьмы, якія адлюстравалі ход першага агульнасібірскага вышуку, праведзенага па ўказанні юнага Пятра Першага. Гэта была маштабная спроба барацьбы з карумпіраванасцю сібірскага апарату ўпраўлення, з незаконнай прадпрымальнасцю бюракратыі.
Змест двух іншых тамоў серыі звязаны з гісторыяй дзейнасці ў Сібіры XVII стагоддзя Рускай праваслаўнай царквы. У першым з гэтых тамоў выдадзены шырокія апісанні рухомай і нерухомай маёмасці Табольскага архірэйскага дома першай паловы XVII стагоддзя і службовая перапіска па справах царквы. Гэтыя матэрыялы ўтрымліваюць багатыя звесткі пра дынаміку царкоўнага землеўладання, пра рускае прыкладное мастацтва таго часу, пра царкоўны жывапіс, кнігі. У другім томе публікуюцца тэксты ранняй сібірскай літаратуры, напісанню ў XVII стагоддзі ў табольскім архірэйскім доме. Яны ўключаюць славуты сінодзік Ермаковым казакам (1622), галоўную крыніцу па гісторыі паходу Ермака, якая лічылася доўгі час страчанай; яшчэ выдаецца адзін з галоўных сібірскіх летапісаў — Есіпаўскі (1636); Паданне аб Абалацкой і Казанскай іконах Багародзіцы, іншыя літаратурныя помнікі.
З экспедыцыяй Г. Ф. Мілера звязаны матэрыялы яшчэ трох тамоў серыі. Акадэмік у час сваіх дзесяцігадовых вандровак па Сібіры, а таксама ў другой камчацкай экспедыцыі, рабіў дэталёвыя падарожныя апісанні, сабраўшы такім чынам унікальны матэрыял па гісторыі засялення краю, будаўніцтве першых гарадоў і астрогаў, па этнаграфіі, геаграфіі, тапаніміцы. З аднолькавай скрупулёзнасцю ён фіксаваў гісторыю, культуру, быт як рускага, так і абарыгеннага насельніцтва Сібіры. Яго лінгвістычныя матэрыялы даюць найстарадаўнія пісьмовыя фіксацыі асноўных сібірскіх моў, усё яшчэ амаль не выкарыстаныя пазнейшымі даследчыкамі. Умелая праца з мясцовымі інфарматарамі з ліку казакоў, ямшчыкоў, сялян, гараджан прывяла, напрыклад, да таго, што вучоны па шэрагу сібірскіх рэгіёнаў зафіксаваў у паўтара-два разы больш пасяленняў, чым афіцыйная статыстыка таго часу. Многія матэрыялы Г. Ф. Мілера напісаны на нямецкай мове цяжкім гатычным хуткапісам з элементамі тайнапісу, так што яны аказаліся недаступнымі не толькі для цікаўных мясцовых чыноўнікаў, але і для пазнейшых даследчыкаў. Толькі нядаўна новасібірскія вучоныя здолелі ўпэўнена дэшыфраваць гэтыя запісы знакамітага вучонага. Асаблівую цікавасць выклікаюць упершыню апублікаваныя матэрыялы Г. Ф. Мілера пра вераванні, звычаі, жыллё, харчаванне, сістэму выхавання абарыгенных народаў Сібіры.
Новасібірск — сусветна прызнаны цэнтр па вывучэнні рускага стараверства за увесь час яго існавання з сярэдзіны XVII стагоддзя і да нашых дзён. Творам народнай літаратуры, створаным у асяроддзі ўрала-сібірскіх старавераў, адводзіцца два тамы нашай серыі (у далейшым, як і для іншых тэм, магчымы працяг). Тут будуць апублікаваны творы сялянскага пісьменніка XVIII стагоддзя Мірона Галаніна, які зрабіў першую спробу ўсведамлення гісторыі стараверства на Усходзе Расіі. У ходзе новасібірскіх археаграфічных экспедыцый быў упершыню выяўлены новы жанр стараверскай літаратуры — «родословия» асобных стараверскіх згодаў. Галоўнае з гэтых «родословий», створанае ў XIX стагоддзі, будзе цалкам апублікавана. Публікуюцца таксама творы стараверскай апакаліптыкі, якія ўтрымліваюць роздум народных мысліцеляў пра лёсы светабудовы, пра перыядызацыю сусветнай гісторыі, пра Страшны суд. Апошнім часам нам сталі даступныя таксама шматлікія стараверскія творы, прысвечаныя гісторыі стараверства з пятроўскіх часоў да нашых дзён. Аўтары іх — пустынажыхары і сяляне Урала, Заходняй і Усходняй Сібіры. Гэтыя творы да самага апошняга часу былі тайнай, падпольнай літаратурай, бо яны ўтрымлівалі непрыемныя народныя ацэнкі палітыкі савецкіх улад наконт жорсткага ўціску веры, «рассяляньвання», калектывізацыі і інш. Стараверскія пісьменнікі апавядаюць пра разгром войскамі НКУС скітаў, аб катаваннях манахаў, знішчэнні старажытных кніг і ікон. Публікуюцца пастановы тайных стараверскіх сабораў аб адносінах да антыхрыставых улад, аб пагардзе да «свету Антыхрыста».
Сібір была шырока і сумна вядомая ва ўсім свеце як месца найцяжкой катаргі і ссылкі. Сібірскія катарга і ссылка аказвалі прыкметны ўплыў як на Расійскую імперыю ў цэлым, так і на Сібір. Дакументам аб жудаснай Нерчынскай катарзе (1825—1917) прысвечаны два выпускі серыі. Яны даюць звесткі аб знаходжанні на катарзе прадстаўнікоў розных рускіх партый і грамадскіх плыняў, польскіх паўстанцаў і інш. Дакументы малююць катаржны рэжым і побыт, грамадскую і навуковую дзейнасць ссыльных. Публікуюцца таксама зарубежныя пратэсты супраць рэпрэсій.
У нашай серыі мы не змаглі мінаваць такой з'явы ў грамадскім жыцці краю, якой з'яўлялася сібірскае «областничество». Марксісцкай гістарыяграфіі заўсёды было цяжка справіцца з ацэнкамі гэтага важнага руху. Адназначных ацэнак яго не можа быць і сёння. З аднаго боку — утапічныя заклікі «областников» да поўнага аддзялення Сібіры ад Расіі, а з другога — цвярозая і аб'ектыўная ацэнка «областниками» каланіяльных метадаў эксплуатацыі ўскраіны ўладамі цэнтра. Тым важней сёння шырокая публікацыя дакументаў аб «областниках». Гэтаму прысвечаны два тамы серыі. У першым з іх выдаюцца матэрыялы, звязаныя з судовым працэсам над сібірскімі «областниками» (1865—1867), калі былі арыштаваны дзесяткі ўдзельнікаў руху, уключаючы яго кіраўнікоў, вядомых вучоных Р. М. Патаніна, М. М. Ядрынцава, А. П. Шчапава. У другім томе выдаецца, бадай, галоўная манументальная праца ўсяго руху — манаграфія М. М. Ядрынцава «Сібір як калонія ў геаграфічных, этнаграфічных і гістарычных адносінах». Сённяшняму даследчыку цікавы не толькі канцэпцыі гэтай кнігі, але і вялікі фактычны матэрыял пра Сібір, сабраны Ядрынцавым.
Мяркуецца таксама выдаваць мемуары па гісторыі Сібіры, пачата падрыхтоўка да публікацыі ўспамінаў сучаснікаў пра славутага сібірскага адміністратара, генерал-губернатара Усходняй Сібіры графа М. М. Мураўёва-Амурскага, з імем якога звязана асваенне і засяленне Далёкага Усходу.
У шэрагу названых публікацый, такіх, як «Актавыя крыніцы па гісторыі Расіі і Сібіры XVI—XVIII стагоддзяў у фондах Г. Ф. Мілера. Вопісы копійных кніг» (у двух тамах), «Табольскі архірэйскі дом у XII стагоддзі», «Палітычная ссылка ў Сібіры. Нерчынская катарга», выдадзеных у серыі «Гісторыя Сібіры. Першакрыніцы», змешчаны матэрыялы, якія адлюстроўваюць жыццё беларусаў у Сібіры. У матэрыялах, якія адносяцца да XVI — XVIII стагоддзяў, утрымліваецца значная колькасць персаналій «літоўскіх людзей». Беднасць звестак, якія суправаджалі гэтыя персаналіі, не заўсёды дазваляе з дастатковай пэўнасцю гаварыць пра іх нацыянальную прыналежнасць. Для гэтага патрабуюцца дадатковыя пошукі. Цяпер па гэтых персаналіях можна адзначыць наступнае:
а) выключна прымусовы характар іх жыцця ў Сібіры;
б) дастаткова высокі сацыяльны статус, які выдзяляецца на агульным фоне культурнага ўзроўню;
в) больш высокая ступень адаптацыі.
У матэрыялах, якія адносяцца да XIX стагоддзя, знайшлі сваё адлюстраванне
працэсы, звязаныя з карнай палітыкай царскага рэжыму; са стыхійнымі
перасяленнямі беларусаў у Сібір у другой палове XIX стагоддзя;
з арганізаваным і масавым перасяленнем беларусаў у Сібір у пачатку
XX стагоддзя.
(г. Новасібірск)
«СЛУЖЫЛАЯ ЛІТВА»
За абагульненым, звычным для звестак XVII стагоддзя паняццем «літва» хаваюцца складаныя лёсы людзей паўднёва-заходніх ускраін Рускай дзяржавы, Рэчы Паспалітай і Літвы. Большасць «служылай літвы» складалі палонныя, якім жыццёвыя калізіі падрыхтавалі ролю перасяленцаў Сібіры.
Хрэстаматыйнай уяўляецца біяграфія сына баярскага (высокага ваенна-адміністрацыйнага чына ў Сібіры) Андрэя Буяноўскага, стаж службы якога ў Кузнецкім астрозе налічваў да 1678 года 13 гадоў. Шляхціц Калішскага ваяводства, А. Буяноўскі трапіў у палон пад Віцебскам, быў перавезены ў Казань, затым ва Уржум, дзе жыў 14 гадоў. Пасля А. Буяноўскі, апынуўшыся ў Маскве, «на размен не похотел идти к польскому королю» і, падаўшыся ў служылае саслоўе, накіраваўся ў Сібір.
Прадстаўнікі «служылай літвы», як правіла, былі ў кагорце «дзяцей баярскіх», якія складалі апору ваяводскай улады на месцах. Асновай для атрымання высокіх чыноў служылі ваенныя навыкі, добры ўзровень пісьменнасці, шырокі кругагляд, дасягнуты ў выніку багатага жыццёвага вопыту. «Служылая літва» ўносіла іншы, адрозны ад рускага, тып культуры. Калі для рускага насельніцтва была характэрнай традыцыя вуснай інфармацыі, дык для заходніх «іншаземцаў» — пісьмовай. Гэтае супадзенне культурных традыцый і патрэб адміністрацыйнага апарату, які фарміраваўся ў Сібіры, і вылучала «літву» на значныя ролі ў гарадах каланізуемай ускраіны.
Каланізацыя Сібіры мела сваю спецыфіку — склад новапасяленцаў быў поліэтнічным. Разам з рускімі ў ліку служылага саслоўя знаходзіліся прадстаўнікі цюркамоўных этнасаў (найперш казанскія татары), «літва», комі-зыране. Кожны, хто сумленна або фармальна пе-райшоў у праваслаўе і паважаў асноўныя каноны прынятай веры, у служылым асяроддзі лічыўся рускім. Каланісты, якія не былі этнічным маналітам, сцвярджалі на спрадвечных тэрыторыях аўтахтоннага насельніцтва не ідэю рускага ўладарства і перавагі, але царскай улады і праваслаўя.
Нягледзячы на ідэалагічную знявагу асобы царквой і дзяржавай, на сібірскай аддаленай ускраіне тым не менш дапускаліся пэўныя вольнасці, якія садзейнічалі захаванню этнічнай самасвядомасці. Вядома, што многія прадстаўнікі «служылай літвы» дома захоўвалі свае сапраўдныя імёны (Ян Валентаў, Маціас Хадзінскі, Барташ Руткоўскі і інш.), манеру паводзін, схільнасць да лацінскага алфавіту. У выніку поліэтнічны склад «служылага саслоўя» найбольш актыўнай часткі насельніцтва Сібіры, якая, па сутнасці, з'яўлялася правадніком і выканаўцам дзяржаўнай палітыкі на месцах, не дазваляў сфарміравацца антаганістычнай пазіцыі ў адносінах да карэнных этнасаў Сібіры, заснаванай на супрацьпастаўленні «мы» і «яны». Невыпадкова XVII стагоддзе не ведала паняцця «іншародзец». Таму што пры такім падыходзе кожны дзесяты, а ў некаторых гарнізонах і пяты, лічыўся чужым па крыві. У той час для чалавека іншага веравызнання, іншага ладу жыцця агульнапрынятым было вызначэнне — «іншаземец». Гэты тэрмін выключаў якія-небудзь ганьбаванні ў адносінах да людзей іншай культуры.
Набыты ў служылым асяроддзі стэрэатып успрымання «іншаземцаў»
сам па сабе распаўсюджваўся на карэнныя народы Сібіры, дазваляючы
цярпіма адносіцца да праяўленняў іншакультурных традыцый і ў выніку
захавання самабытных абарыгенных культур. У гэтым складаным, падчас
і супярэчлівым працэсе нельга недаацэньваць пазітыўную ролю «служылай
літвы».
Н. Радзігіна
(г. Новасібірск)
ВОЛЬНАНАРОДНАЯ КАЛАНІЗАЦЫЯ СІБІРЫ
Другая палова XIX — пачатак XX стагоддзя
Перасяленне сялян у шматзямельныя ўскраіны Расійскай імперыі ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя — адна з самых яркіх і драматычных старонак айчыннай гісторыі. Прычыны сялянскіх перасяленняў з Беларусі хаваліся ў асаблівасцях аграрных адносін, якія склаліся ў выніку правядзення ліберальна-буржуазных рэформ 1860-х гадоў і характарызаваліся малазямеллем і абеззямельваннем значнай часткі сельскага насельніцтва, недахопам лясных і пашавых угоддзяў, сацыяльным расслаеннем сялян. Мінскі губернатар А. І. Пятроў у звароце да міністра ўнутраных спраў Д. А. Талстога ў 1884 годзе да ліку прычын сельскагаспадарчых міграцый адносіў народжанае рэформамі імкненне сялян да асабістай незалежнасці і жаданне «снискивать средства пропитания только от собственной земли», вынікам чаго з'яўляліся раздзелы зямельных надзелаў паміж членамі сялянскіх сем'яў і драбненне зямельных участкаў, якія «делались недостаточными для пропитания их владельцев».
Самі сяляне ў прашэннях аб перасяленні вельмі часта матывавалі сваё жаданне перасяліцца немагчымасцю існавання на радзіме з-за нястачы(«по тяжкой крайности нашей») і прыгнечання. «Если есть на свете правосудие, рыба ищет глуботу, а человек, где лучше», — пісаў томскаму губернатару селянін Е. I. Вілюга з вёскі Карцінічы Полацкага павета Віцебскай губерні.
Прыгнёт у сялянскай свядомасці трактаваўся больш шырока, чым недахоп зямельных надзелаў. Жаданне «уйти от утеснения», разам з магчымай гаспадарчай самастойнасцю ва ўмовах зямельнай прасторы, мела на ўвазе і пэўную сацыяльную незалежнасць ад паноў і чыноўнікаў. У асобных выпадках бясчынствы апошніх адкрыта называліся ў якасці прычыны высялення. Так, у прашэнні 45 сялянскіх сем'яў з вёсак Белі і Локуці Нячыпараўскай воласці Гродзенскага павета Віцебскай губерні падкрэслівалася, што прычынамі, якія штурхаюць «на пересел», з'яўляюцца «крайняя нястача» і «прыгнёт» мясцовага памешчыка Крывашэіна.
Да сярэдзіны 1890-х гадоў урад перашкаджаў развіццю перасяленчага руху, прызнаючы непарушнасць пазямельнага ўладкавання сялян, устаноўленага рэформай 1861 года, і рабіў стаўку на развіццё буйных памешчыцкіх гаспадарак, для нармальнага функцыянавання якіх неабходная была тайная рабочая сіла. Заходнія губерні (Мінская, Магілёўская, Віцебская, Гродзенская) былі выключаны са сфер дзеяння законаў аб перасяленні 1881 і 1889 гадоў, якія дазвалялі перасяленне сялян з малазямельных губерняў на свой страх і рызыку. У канцы 1890-х гадоў і пачатку 1900-х адбываецца пераход да палітыкі планамернага перасялення ва ўсходнія рэгіёны краіны найбольш беднага малазямельнага сялянства, у тым ліку і беларускага. На фарміраванне пазіцый урада па перасяленні сялян з заходніх губерняў уплывала барацьба дзвюх тэндэнцый: з аднаго боку, неабходнасць высялення «лішняга» сельскага насельніцтва (прычым найбольш актыўнай часткі сялянства), з другога — імкненне захаваць у краі ўсходнеславянскі элемент у сувязі з бояззю «очистить западные земли для немецкого натиска».
Такім чынам, у 1860-х — пачатку 1890-х гадоў сялянскія перасяленні з Беларусі не заахвочваліся ўрадам. За распаўсюджванне сярод сялян інфармацыі аб вольных сібірскіх землях вінаватыя караліся фізічна ці знявольваліся ў турму, а часам караліся і адміністрацыйнай ссылкай у Сібір. Напрыклад, А. Дашкевіч, жыхар вёскі Смык-Слабада Ігуменскага павета Мінскай губерні быў прысуджаны 4 мая 1884 года да пазбаўлення правоў і ссылкі ў Сібір на пасяленне «за распространение ложных слухов о льготном переселении на Амур». Чуткі «о новых местах» разам з пісьмамі ссыльных і раней пераселеных родных ці аднасяльчан былі адной з асноўных крыніц інфармацыі пра Сібір. «Царь распорядился, чтобы все переселялись, где мало земли, а начальство удерживает и желает, чтобы мы работали панам, если желают, чтобы остались, то пускай наделяют землей, сечь не имеют права и мы этого не допустим», — так тлумачылі сяляне Ігуменскага павета забарону перасяленняў і фармулявалі свае адносіны да гэтых забаронаў.
Ёсць сведчанні, што прымяняліся войскі, каб вярнуць на радзіму сялян, якія выселіліся самавольна. Так, памочнік начальніка Магілёўскага губернскага жандарскага ўпраўлення М. М. Грамыка дакладваў 21 мая 1890 года вышэйшаму начальству аб вяртанні з дапамогай войск на ранейшае месца жыхарства і пакаранні розгамі 88 сялян Палужскай, Дубровіцкай і Брацькавіцкай воласцяў Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні за тое, што яны, «распродав свое имущество, двинулись в Сибирь», аб пакаранні розгамі 135 сялян за «одно намерение переселиться». Зазначым, што ў адным з папярэдніх данясенняў (ад 23 красавіка 1890 г.) Грамыка зафіксаваў адметнае выказванне перасяленца з вёскі Крупец Клімавіцкага павета М. Ларыёнава, які характарызаваў настрой сялян-перасяленцаў: «Если нас не пустят, мы сделаем мятеж, как в 1863 г., тогда паны желали подушить нас, а теперь мы их подушим и будем жить свободнее».
Нягледзячы на рэпрэсіўныя меры, якія прадпрымаліся мясцовымі ўладамі для стрымлівання перасяленчага руху, з 1884 па 1895 год у Сібір, згодна са справаздачамі цюменскага перасяленчага чыноўніка, перасялілася 3 605 чалавек у складзе 612 сем'яў з Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Па сведчаннях дзяржаўнага сакратара А. Куломзіна, у перыяд з 1878 па 1896 год Віцебская губерня займала семнаццатае месца сярод шасцідзесяці пяці губерняў, выхадцы якіх удзельнічалі ў перасяленчым руху ў Сібір, яе доля ў міграцыйным патоку складала 1,5 працэнта (1918 душ мужчынскага полу), Гродзенская і Магілёўская губерні займалі адпаведна дваццаць восьмае і трыццаць другое месцы. Па даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года, беларусы складалі 0,2 працэнта насельніцтва Сібіры.
1896 год з'явіўся пачаткам уступлення заходніх губерняў у «большое переселение». Па падліках беларускага гісторыка П. Д. Верашчагіна, колькасць перасяленцаў з Віцебскай губерні вырасла ў 43 разы, з Гродзенскай — у 10, з Магілёўскай — больш чым у пяць, а з Мінскай — у 28 разоў. У 1903—1904 гадах заходнія губерні займалі першыя месцы па колькасці перасяленцаў у сібірскія губерні.
У цэлым з 1885 па 1914 год беларускія губерні давалі 12 працэнтаў усіх сібірскіх мігрантаў, займаючы адно з вядучых месцаў у агульным перасяленчым патоку.
Перасяленцы з заходніх губерняў належалі ў асноўным да бяднейшага сялянства, што падкрэслівалася назіральнікамі і даследчыкамі перасяленчага руху. Гэты вывад пацвярджаецца і матэрыяламі статыстычных даследаванняў перасяленчых гаспадарак Табольскай і Томскай губерняў. Так, у Тарскай акрузе Табольскай губерні, куды ў асноўным накіроўваліся беларускія перасяленцы ў межах Заходняй Сібіры, да ліку беззямельных і бяздомных на радзіме належала больш як адна трэць з іх. Разам з сялянамі перасяляліся мяшчане, збяднелыя дваране.
Умовы перасяленчага руху, асабліва да пабудовы Сібірскай чыгункі (пачатак 1890-х гадоў), былі неверагодна цяжкія. Смяротнасць у дарозе сярод усіх перасяленцаў, якія прыбылі ў Сібір у 1880—1894 гадах, складала 33 працэнты. Можна меркаваць, што працэнт смяротнасці беларускіх перасяленцаў быў яшчэ вышэйшы, бо яны належалі да найменш забяспечаных мігрантаў. Многія сем'і за дарогу «ополовинивались», гэта значыць страчвалі палову членаў сям'і або выміралі цалкам.
Не менш цяжкім было ўладкаванне на новых месцах. Можна лічыць тыповай гісторыю перасяленчага пасёлка Вазнясенскі Тарскай акругі Табольскай губерні, заселенага ў 1891—1896 гадах выхадцамі з Мінскай і Гродзенскай губерняў. Перасяленцы першыя два гады пасля прыходу «на новыя месцы» жылі як работнікі ў старажылаў, зарабляючы сродкі на абзавядзенне самастойнай гаспадаркай. На момант абследавання (1896) большасць дзяцей, якія жылі ў пасёлку, пакутавала захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракту, 20 дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў памерлі ад розных захворванняў, а ўсяго ж у пасёлку жыло 30 сем'яў перасяленцаў.
Аднак беларускія перасяленцы пераадольвалі ўсе цяжкасці на новых месцах, засноўвалі новыя пасёлкі, прыносілі ў Сібір новыя рамёствы і ўкаранялі новыя сельскагаспадарчыя культуры, гаспадарчыя і культурныя традыцыі свайго народа. Большасць выхадцаў з заходніх губерняў сяліліся ў таежных раёнах Сібіры, і беларусам належыць вялікая заслуга ў іх гаспадарчым і культурным асваенні. Між тым толькі ў Тарскай акрузе Табольскай губерні, дзе большасць «прышлага» насельніцтва складалі перасяленцы з Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў, трэцяя частка зямель, афіцыйна адведзеных пад перасяленчыя ўчасткі, прызнавалася няўдобіцай. Перасяленцам даводзілася «адваёўваць» у тайгі кожны метр зямлі і рабіць яе прыдатнай для земляробства: ссякаць векавыя дрэвы, раскарчоўваць, расчышчаць.
Цяжкасці асваення тайгі, нізкі эканамічны патэнцыял большасці перасяленцаў, недастатковая дапамога з боку ўрада прыводзілі да ўспышак эпідэмічных захворванняў. У 1909 годзе ва ўрманах Тарскай і Турынскай акруг успыхнула эпідэмія сыпнога тыфу. Цынга і «курыная слепата», якія сведчаць аб дрэнным харчаванні і нездавальняючым санітарным стане жылля, былі амаль пастаяннымі «гасцямі» перасяленчых пасёлкаў. На думку сібірскіх даследчыкаў, працэс асваення таежных прастораў быў адной з драматычных старонак у гісторыі каланізацыі Сібіры.
Ужо згадвалася, што беларускія перасяленцы ўнеслі пэўныя новаўвядзенні ў развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і рамёстваў на сваёй новай радзіме. Адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў перасяленчага руху канца XIX — пачатку XX стагоддзя А. Каўфман пісаў пра выдатнае вядзенне гаспадаркі віцебскімі перасяленцамі 1850— 1860-х гадоў — «панцырнымі баярамі», якім Табольская губерня абавязана распаўсюджаннем новых гатункаў ільну, прызнаных лепшымі ў Сібіры. Перасяленцы з Мінскай, Магілёўскай і іншых губерняў распаўсюдзілі ў раёнах пражывання саматужную вытворчасць сукна і вязаных вырабаў (шалікаў, паясоў, рукавіц).
А. Майнічава
(г. Новасібірск)
БЕЛАРУСЫ Ў ПРЫОБ'І
Сярэдзіна XIX — пачатак XX стагоддзя
Ад характару рассялення ў значнай меры залежыць захаванне этнічных традыцый. На спецыфіку этнічнай сітуацыі ў розных рэгіёнах уплываюць розныя фактары, такія, як памеры груп, іх сацыяльны статус, час пасялення, суадносіны часовага і пастаяннага пасялення, характар рассялення і інш. Таму важна разгледзець дынаміку і колькасныя значэнні для насельніцтва Прыоб'я ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, у прыватнасці для выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, частка з якіх была этнічнымі беларусамі.
Насельніцтва рэгіёнаў Прыоб'я, напрыклад Томскай губерні, характарызавалася поліэтнічнасцю пры колькаснай перавазе ўсходніх славян. Згодна Спісу населеных месцаў Томскай губерні 1859 года, з 654 900 жыхароў усходнія славяне складалі 91,04 працэнта, сярод якіх трэцяе месца па колькасці пасля рускіх і ўкраінцаў займалі беларусы . Па дадзеных матэрыялах для вывучэння перасялення ў Сібір, якія сталі вынікам шматгадовых даследаванняў, якія праводзіліся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, у 1895 годзе ў Томскую губерню для асваення казённых земляў накіроўвалася з Віцебскай губерні 11 сем'яў (54 чалавекі), для рассялення на кабінетных землях — 5 сем'яў (21 чалавек), з Магілёўскай губерні рассельвалася на кабінетных землях 28 сем'яў (175 чалавек), з Мінскай губерні перасялілася на казённыя землі 3 сям'і (11 чалавек) .
У 1896 годзе паток перасяленцаў з беларускага эканамічнага раёна вырас. Больш за ўсё ў Томскую губерню накіроўвалася з гэтага раёна выхадцаў з Віцебскай губерні — 297 сем'яў, што складала 1833 чалавекі (на казённыя землі), і 50 сем'яў — 284 чалавекі (на кабінетныя землі). У тым жа годзе перасялілася таксама з Гродзенскай губерні 9 сем'яў (41 чалавек), з Віленскай — 9 (50 чалавек), з Магілёўскай — 139 сем'яў (803 чалавекі).
У наступным, 1897 годзе, колькасць перасяленцаў некалькі знізілася, аднак з Гродзенскай губерні перасялілася 3 сям'і (20 чалавек), з Віленскай — 10 (68 чалавек), з Магілёўскай — 82 (569 чалавек), з Віцебскай — 190 (1198 чалавек), з Мінскай — 19 сем'яў (190 чалавек).
За два гады з Томскай губерні выехала 34 сям'і беларусаў (183 чалавекі), што дае малы працэнт жадаючых памяняць новае месцажыхарства. Не ўсе, хто выязджаў з Томскай губерні, намерваліся вярнуцца на радзіму, некаторыя аселі ў іншых сібірскіх і расійскіх губернях. Прычыны ад'езду былі розныя: не ўдалося добра ўладкавацца на новым месцы, зямля аказалася неўрадлівай, дрэнна прынялі старажылы, не аказалася ў суседзях землякоў, сям'я страціла галаву сям'і, у сям'і было мала мужчын і таму цяжка было весці гаспадарку, страцілі ўсе грошы, прывезеныя на абзавядзенне гаспадаркай і г. д.
Даныя шматгадовых шырокамаштабных даследаванняў пачатку XX стагоддзя, праведзеных пад кіраўніцтвам В. Я. Нагнібяды , дазваляюць прасачыць дынаміку рассялення і ўмовы жыцця ў Томскай губерні выхадцаў з беларускага эканамічнага раёна. Большасць іх сялілася ў зоне Барабінскага стэпу, аднак немалая частка асела і ў Прыоб'і. Так, у пераходным раёне ад лесастэпавай зоны да таежнай, куцы ўваходзіла частка Томскага павета (Аляксееўская, Аяшынская, Кайлінская воласці і частка Марыінскага павета), з шасці гаспадарак беларусаў адна мела пасяўную плошчу 1—3 дзесяціны, дзве — 3—9 дзесяцін, тры — больш 9—10 дзесяцін. У таежным раёне (частка Марыінскага і Томскага паветаў) з 16 гаспадарак адна мела пасяўную плошчу да адной дзесяціны, дзве — 1—3 дзесяціны, чатыры — 3—9 дзесяцін, адна — больш 9 дзесяцін, не прыпісана было насельніцтва 8 сем'яў. У лесастэпавым раёне (Барнаульскі павет) пражывала сям'я, якая мела 3—9 дзесяцін.
Па даных 1910—1911 гадоў сярод перасяленцаў, якія перасяліліся да старажылаў, г. зн. атрымалі дазвол ад іх жыць у сёлах і надзелы зямлі для апрацоўкі, з 1904—1907 гадоў у лесастэпавым раёне жыла адна сям'я беларусаў. Для параўнання: там пражывала 54 сям'і рускіх, 24 сям'і ўкраінскіх перасяленцаў, прычым у другіх раёнах гэтыя суадносіны павышаюцца ў бок павелічэння долі беларускіх перасяленцаў. Па тых жа даных у пераходным раёне з 1893 года пражывала адна сям'я беларусаў, з 1893-1903 гадоў — дзве, з 1904-1907 гадоў — тры, з 1909—1910 гадоў (г. зн. менш трох гадоў) — адна сям'я. Больш усяго сем'яў пражывала ў таежным раёне: з 1893-1903 гадоў — дзве сям'і, з 1904-1907 гадоў — дзве, з 1908 года — адна, з 1909—1910 гадоў — тры сям'і. Можна таксама ўдакладніць, што перасяленцы з Віцебскай губерні пражывалі ў сёлах Плеса-Кудрынская (2 сям'і), Гутава (5 сем'яў), Мала-Жырава (1 сям'я), Нова-Кускова (2 сям'і), у вёсцы Караколь (12 сем'яў). Перасяленцы з Магілёўскай губерні жылі ў сяле Плеса-Кудрынская (4 сям'і), у вёсцы Новы Парос (1 сям'я), у сяле Гутава (3 сям'і). Прыехаўшыя з Віленскай губерні пасяліліся на станцыі Аяш (3 сям'і), у сяле Гутава (1 сям'я), вёсцы Тарбеева (1 сям'я). З Мінскай губерні перасялілася 1 сям'я на станцыю Аяш, 2 сям'і — у вёску Тарбеева. Неабходна таксама ўспомніць аб перасяленцах, загнаных на перасяленчыя ўчасткі, г. зн. у тыя месцы, дзе ніхто не жыў і дзе былі заснаваны новыя вёскі. У пераходным раёне Томскай губерні гэта катэгорыя перасяленцаў з беларускага эканамічнага раёна складала 34,6 працэнта ад агульнай колькасці прыехаўшых, у таежным раёне — 18,5 працэнта. Даныя аб часе пражывання ў Томскім павеце сем'яў выхадцаў з розных губерняў змешчаны ў табліцы (1 — Віленская, 2 — Віцебская, 3 — Гродзенская, 4 — Мінская, 5 — Магілёўская):
З якога года пражываюць 1 2 3 4 5
1909-1910 49 98 10 77 308
1908 63 143 13 196 563
1904-1907 98 91 29 191 314
1893-1903 114 17 2 30 22
Раней 1893 — — — — —
Пасля 1893 года перасяленцам пачалі адводзіць спецыяльныя перасяленчыя ўчасткі для асваення паселішчаў. Як відаць з табліцы, найбольш перасяленцаў прыбыло ў 1908 годзе з Магілёўскай губерні, на ранніх этапах засялення ў перыяд 1893—1903 гадоў першынствавалі выхадцы з Віленскай губерні, у 1904—1907 гадах — выхадцы з Магілёўскай губерні, захоўваючы колькасную перавагу на працягу ўсяго разглядаемага перыяду.
Даныя па этнічнай прыналежнасці сем'яў перасяленцаў, якія былі ўкаранёныя на перасяленчых участках у Томскім павеце, прыведзены ў наступнай таб
